Уладзімір Герасімовіч

Музеі Менска: гісторыя і сучаснасць


У музеях Менска захоўваюцца ўнікальныя каштоўнасці гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа, якія з дапамогай музейных сродкаў камунікацыі перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Шмат аб падзеях мінулых часоў могуць расказаць сучаснікам музейныя калекцыі.
На ўзнікненне, развіццё музеяў аказвае ўплыў шэраг як аб'ектыўных, так і суб'ектыўных умоў. З'яўленне музеяў, іх сацыяльныя функцыі, нутраная структура залежаць ад узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства, навукі, культуры, адукацыі, нацыянальнай самасвядомасці. У сваю чаргу, музей, валодаючы магутнымі сродкамі камунікацыі, пры дапамозе якіх адбываецца дыяхронная трансмісія культурных каштоўнасцей, здольны ўплываць на фармаванне нацыянальнай самасвядомасці.
Стварэнне музеяў у Беларусі як сацыяльных інстытутаў пачалося ў другой палове XIX ст. Да гэтага часу існавалі прыватныя калекцыі, на базе якіх ствараліся «хатнія музеі», дзе і захоўваліся значныя помнікі культуры беларускага народа. Гэтыя музеі былі недаступныя для шырокіх колаў насельніцтва, з'яўляліся здабыткам толькі прывілеяваных асобаў.
У дарэвалюцыйным Менску дзейнічала ўсяго некалькі музеяў. Так, у 1872 г. пры Менскім статыстычным камітэце быў заснаваны археолага-этнаграфічны музей. Ініцыятарам яго стварэння выступіў губернатар В.І.Чарыкаў. Да 1880 г. у фондах музея налічвалася ўжо больш за 600 прадметаў. Але, па водле пазнейшых сведчанняў, гэты музей не атрымаў свайго далейшага развіцця і ў канцы XIX ст. перастаў існаваць. Сабраныя экспанаты былі перададзены ў Віленскі музей старажытнасцей, а таксама ў Дашкаўскі і Расейскі этнаграфічныя музеі.
У канцы XIX - пачатку ХХ ст. у Беларусі пачынаюць стварацца царкоўна-археалагічныя музеі. Ініцыятарам стварэння ў Менску Царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта і музея пры ім выступіў выкладчык духоўнай семінарыі Д.В.Скрынчанка. Афіцыйнае ўрачыстае адкрыццё камітэта адбылося 13 лютага 1908 г. Праз газеты савет камітэта звярнуўся да грамадзянаў прыняць удзел у зборы для музея прадметаў старасветчыны, і ў выніку быў сабраны багаты матэрыял па гісторыі Меншчыны. У фондах музея захоўвалася 1363 экспанаты, сярод іх - прадметы этнаграфіі, нумізматыкі, геральдыкі, сфрагістыкі. Тут таксама зберагаліся вельмі рэдкія рукапісныя кнігі: Тыпікон XVI ст., Апостал XVI ст., Мінея агульная канца XVII ст., Сінапсіс XVIII ст., архіў Слуцкага Троіцкага манастыра.
У 1912 г. пры Менскім таварыстве аматараў прыроды, этнаграфіі і археалогіі створаны музей, у якім было пяць аддзелаў: гістарычны, этнаграфічны, археалагічны, прыродазнаўчы і мастацка-прамысловы. У музеі захоўваліся калекцыі этнаграфіі, археалогіі, нумізматыкі, кнігі, рукапісы, карціны ды іншыя экспанаты. На аснове сабраных калекцый у 1913 г. была праведзена мастацкая і этнаграфічная выстава.
Такім чынам, у пачатку ХХ ст. у Менску існавалі толькі два музеі, аднак і яны не паспелі разгарнуць сваю працу, таму што ў час Першай сусветнай вайны былі эвакуіраваны ў Разань.
Пасля вайны і рэвалюцыйных падзеяў на прасторах Расейскай імперыі склаліся новыя палітычныя і сацыяльна-эканамічныя ўмовы. Беларускі народ атрымаў сваю дзяржаўнасць. Актывізуецца нацыянальнае культурнае развіццё Беларусі, узнікае масавы краязнаўчы рух, разгортваецца вялікая праца па збору гісторыка-культурных каштоўнасцей, ствараюцца навуковыя і навучальныя ўстановы, адкрываюцца музеі.
Адным з першых у студзені 1919 г. пачынае работу Менскі абласны музей. Аснову яго фондаў склалі экспанаты рээвакуіраванага з Разані Менскага царкоўна-археалагічнага музея і частка этнаграфічных і археалагічных калекцый Менскага таварыства аматараў прыроды, этнаграфіі і археалогіі. Па сутнасці сваёй дзейнасці Менскі абласны музей з'яўляўся цэнтральным музеем Беларусі. У 1923 г. ён атрымаў назву «Беларускі дзяржаўны музей», а ў адпаведнасці з пастановай СНК БССР «Аб канцэнтрацыі мастацкіх і культурна-гістарычных каштоўнасцей» ад 19 лістапада 1924 г. Беларускі дзяржаўны музей і яго аддзяленні ў Віцебску і Магілеве аб'яўляліся цэнтральнымі сховішчамі музейных каштоўнасцей агульнарэспубліканскага значэння.
Гэта садзейнічала далейшаму папаўненню фондаў Беларускага дзяржаўнага музея. Экспанаты збіраліся як шляхам планавых экспедыцый, так і разавых паступленняў ад грамадзян. Мясцовыя музеі найбольш каштоўныя экспанаты, якія мелі агульнарэспубліканскае значэнне, перадавалі ў Белдзяржмузей. Вялася праца па вяртанні культурных каштоўнасцей з музеяў Расейскай Федэрацыі. Так, Беларускаму дзяржаўнаму музею Галоўнавукаю і Галоўмузеем былі перададзены збор фарфору, 25 карцін расейскіх мастакоў і каля 50 гравюр. У канцы 1927 г. у фондах музея захоўвалася больш за 30000 экспанатаў.
Ужо ў 1922 г. была створана і адчынена для наведвальнікаў пастаянная экспазіцыя. Спачатку яна складалася з чатырох аддзелаў: этнаграфічнага, гісторыка-археалагічнага, мастацкага і царкоўна-гістарычнага. Праца над пашырэннем музея працягвалася. У 1926 г. ў ім было 6 аддзелаў з адпаведнымі экспазіцыямі, а ў 1929 г. - ужо 7 аддзелаў: этнаграфічны, археалагічны, мастацкі, жыдоўскі, нумізматычны, стары Менск, царкоўны. Асаблівая ўвага надавалася этнаграфічнаму аддзелу, экспазіцыя якога адлюстроўвала традыцыйную культуру і побыт беларускага народа. Па багацці прадстаўленага матэрыялу экспазіцыя гэтага аддзела была найбольш вялікай і цікавай часткай музея. Тут экспанаваліся адзенне, ручнікі, абрусы, хатняе начынне ды інш.
Беларускі дзяржаўны музей, нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці, працягваў збіраць, апрацоўваць і захоўваць гісторыка-культурную спадчыну народа. У яго фондах была сабрана значная частка музейных калекцый рэспублікі. Сярод іх найбольшую каштоўнасць мелі рукапісныя і друкаваныя кнігі XV-XVIII стст., абразы XV-XIX стст. беларускай іканапіснай школы, карціны, беларускае нацыянальнае адзенне, калекцыі нумізматыкі Х-XVIII стст., прадметы працы і хатняга ўжытку, слуцкія паясы, узоры беларускага прыкладнога мастацтва. Музей выкарыстоўваў усе даступныя на той час формы і сродкі камунікацыі, каб азнаёміць насельніцтва са сваімі калекцыямі, распаўсюджваў веды аб гісторыка-культурнай спадчыне народа.
Такім чынам, за кароткі час існавання Беларускага дзяржаўнага музея была сабрана і папярэдне апрацавана значная колькасць музейных матэрыялаў, каштоўнейшых помнікаў гісторыі і культуры народа.
У 1920-1930-я гады ў Менску акрамя Белдзяржмузея існавалі Дом-музей І з'езда РСДРП (адчынены 14 сакавіка 1923 г.), Дзяржаўны музей рэвалюцыі (адчынены 2 мая 1926 г.) і Карцінная галерэя (заснавана ў 1939 г.). У Музеі рэвалюцыі захоўваліся дакументы пра дзейнасць народнікаў, нацыянальна-сацыялістычных арганізацый, камплекты газет, якія выходзілі ў 1917-1921 гг., іншыя каштоўныя помнікі палітычнай гісторыі. У карціннай галерэі былі сабраны калекцыі твораў беларускіх, расейскіх і замежных мастакоў, а таксама вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
На рубяжы 1920-1930-ых гадоў адбываецца змена палітыкі ў музейнай справе. Беларускія музеі, якія ўзніклі на хвалі нацыянальна-культурнага адраджэння і беларусізацыі, масавага краязнаўчага руху, не адпавядалі ўжо палітычнаму курсу кіруючых партыйных колаў. Пачалі гучаць заклікі да кардынальнага перагляду дзейнасці і рээкспазіцыі музеяў. Збор, захаванне і вывучэнне помнікаў гісторыі і культуры, і ў першую чаргу этнаграфічных матэрыялаў, лічыліся праявай «нацдэмакратызму».
На Ўсебеларускай нарадзе музейных супрацоўнікаў, якая адбылася ў 1932 г., гэтая палітыка ў музейнай справе была падтрымана. Пачалася рэарганізацыя структуры музеяў, у выніку якой былі ліквідаваны аддзелы этнаграфіі. Белдзяржмузей быў перайменаваны ў Беларускі сацыяльна-гістарычны музей. За кароткі тэрмін была праведзена рээкспазіцыя, створаны аддзелы: 1. Першабытнае дакласавае грамадства. 2. Феадалізм у Беларусі. 3. Капіталізм у Беларусі. 4. Сацыялістычнае будаўніцтва. Замест экспанатаў, якія адлюстроўвалі самабытнасць нацыянальнай культуры, экспазіцыю пачалі запаўняць лозунгамі і цытатамі, схемамі і статыстычнымі табліцамі. Спробы паказаць у экспазіцыі метадалагічныя катэгорыі - «законы марксісцка-ленінскай дыялектыкі», «вытворчыя адносіны», «класавую барацьбу» і г.д. - прывялі да таго, што нават спецыяліст не мог зразумець, што ж яна адлюстроўвае. У сярэдзіне 1930-х гадоў Белдзяржмузей знаходзіўся ў такім безгаспадарчым стане, што ў выніку было страчана шмат каштоўных экспанатаў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны фонды і архіў Беларускага дзяржаўнага музея разрабавалі цалкам. Значную частку каштоўнасцей нямецка-фашысцкія захопнікі вывезлі, астатнія знішчылі. У такім стане апынулася і Дзяржаўная карцінная галерэя. Дом-музей І з'езда РСДРП згарэў у першыя дні вайны.
Большасць экспанатаў Музея рэвалюцыі загінула ў гады нямецкай акупацыі.
Пасля вайны ўдалося знайсці і вярнуць толькі каля 15 тысяч экспанатаў Белдзяржмузея, а таксама невялікую колькасць прадметаў з калекцый Карціннай галерэі. Адкрыццё даваенных музеяў Менска, як і іншых музеяў Беларусі, зацягнулася. Так, Беларускі дзяржаўны музей не змог пачаць сваю дзейнасць і на працягу больш як 10 гадоў музейная сетка існавала без вядучага музея рэспублікі. Толькі ў 1956 г. Савет Міністраў прыняў пастанову аб будаўніцтве новага Дзяржаўнага музея БССР.
Сёння ў Менску налічваецца 12 музеяў сістэмы Міністэрства культуры: Нацыянальны музей гісторыі і культуры (былы Дзяржмузей БССР), Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Нацыянальны мастацкі музей, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі тэатра і музыкі, літаратурныя музеі Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Музей гісторыі беларускай літаратуры, Музей сучаснага беларускага мастацтва. У Менску працуе шэраг ведамасных і школьных музеяў. Сярод іх шырока вядомыя ў рэспубліцы Музей старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, Музей беларускай міліцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў, Музей гісторыі фізічнай культуры і спорту, Музей гісторыі медыцыны Беларусі ды інш.
У музеях Менска сабрана і захоўваецца чацвёртая частка музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. Зборы некаторых менскіх музеяў фармаваліся на працягу 1950-1960-ых гадоў, і кожны год папаўняюцца новымі паступленнямі.
Значныя калекцыі ў выніку карпатлівай даследчай і збіральніцкай працы супрацоўнікаў сабраны ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры. Рэгулярна накіроўваліся шматлікія гісторыка-этнаграфічныя, археалагічныя і прыродазнаўчыя экспедыцыі ў розныя куткі Беларусі, вялася праца ў буйнейшых музеях і архівах былога Савецкага Саюза. Усё гэта дазволіла на працягу адносна кароткага перыяду выявіць каштоўныя рэчавыя і пісьмовыя крыніцы, ажыццявіць камплектаванне фондаў. Сёння ў музеі захоўваюцца разнастайныя калекцыі: археалагічныя, этнаграфічныя, нумізматычныя, ваенна-гістарычныя, рукапісаў і старадрукаваных кніг, твораў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, медалёў, мемарыяльных рэчаў ды інш. Сярод археалагічных экспанатаў сабраны прадметы прыкладнога мастацтва Х-XIII стст.: завушніцы, пярсцёнкі, бранзалеты, колты, падвескі, шыйныя грыўні. Унікальным прадметам у зборы старажытных упрыгожанняў з'яўляецца залаты бранзалет XII ст., знойдзены на Менскім замчышчы.
У музеі захоўваецца больш за 80 скарбаў. Найбольш часта ў іх сустракаюцца манеты XVI-XVII стст. Адным з рэдкіх з'яўляецца манетна-рэчавы скарб першай паловы ХІ ст., знойдзены каля в. Гараўляне (Глыбоцкі раён Віцебскай вобл.). У калекцыі старадрукаваных кніг пераважаюць выданні канца XVI-XVIII стст. кірылаўскага і грамадзянскага друку, выпушчаныя вядомымі друкарнямі. Сярод рукапісных твораў найбольш цікавыя «Мінея на сакавік і красавік», напісаная ў 1521 г. у Тураве.
Захоўваюцца ў музеі багатыя этнаграфічныя калекцыі, якія адлюстроўваюць культуру і побыт народа ХІХ-ХХ стст. Шырока прадстаўлены прылады працы, прадметы хатняга начыння, посуд, узоры ткацтва, вышыўкі, вязання, вырабы з бяросты, лазы, саломкі. У зборы найбольш поўныя калекцыі народнага адзення з усіх гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў, калекцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод экспанатаў дарэвалюцыйныя выданні працаў беларускіх этнографаў і фалькларыстаў А.Багдановіча, Я.Карскага, М.Нікіфароўскага, Е.Раманава ды інш.
У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту сабраны і захоўваюцца самыя вялікія этнаграфічныя зборы ў рэспубліцы. Этнаграфічныя фонды музея пачалі фармавацца толькі з 1977 г., пасля прыняцця рашэння аб стварэнні Белдзяржмузея народнай архітэктуры і побыту. Цяпер у музеі захоўваюцца 23 этнаграфічныя калекцыі, у тым ліку народнага дойлідства, ткацтва, адзення, галаўных убораў, абутку, хатняга начыння, сельскагаспадарчых прыладаў працы і транспартных сродкаў, керамікі, музычных інструментаў і інш. Этнаграфічныя зборы адлюстроўваюць культуру і побыт асноўных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі (Паазер'е, Падняпроўе, Цэнтральная Беларусь, Панямонне, Заходняе і Ўсходняе Палессе).
Калекцыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Найбольш поўна прадстаўлены ў музеі творы беларускіх мастакоў савецкага перыяду. У фондах таксама шмат твораў расейскіх мастакоў XVIII - пачатку ХХ стст., калекцыі мастацтва Заходняй Эўропы і краін Усходу. У музеі сабрана і экспануецца вялікая калекцыя беларускага мастацтва XVI-XX стст. - абразы, старажытная драўляная скульптура, узоры беларускага народнага ткацтва, керамікі ды інш.
У Музеі старажытнабеларускай культуры захоўваюцца помнікі старажытнага мастацтва, этнаграфіі і археалогіі. Фонды яго фармаваліся на працягу 1969-1980 гг. Збіраліся экспанаты ў шматлікіх этнаграфічных і мастацтвазнаўчых экспедыцыях навуковымі супрацоўнікамі інстытута. Больш як за 20 гадоў было сабрана каля 17 000 экспанатаў. Шырока прадстаўлены этнаграфічныя матэрыялы, якія характарызуюць культуру Беларусі ХІХ - пачатку ХХ ст. Гэта калекцыя беларускага народнага касцюма (узоры наваградскага, неглюбскага, кобрынскага, маларыцкага, прылуцкага строяў), ткацкія вырабы (посцілкі, ручнікі, абрусы ды інш.), калекцыя ганчарных вырабаў, народных музычных інструментаў, прылады працы, прадметы хатняга ўжытку, слуцкія паясы, абразы, алтарныя карціны, партрэты, скульптура, старадрукі ды інш.
Літаратурныя музеі захоўваюць матэрыялы, што характарызуюць жыццё, творчасць і грамадскую дзейнасць М.Багдановіча, Я.Коласа, Я.Купалы, П.Броўкі. Калекцыі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры адлюстроўваюць развіццё літаратурнай творчасці ў Беларусі са старажытных часоў да нашых дзён. У фондах музея знаходзяцца друкаваныя «Мінея» XVII ст., выданні Полацкай, Нясвіжскай, Віленскай друкарняў XVIII-XIX стст., прыжыццёвыя выданні, асабістыя рэчы, рукапісы, арыгінальныя фотаздымкі беларускіх пісьменнікаў.
Такім чынам, у музеях Менска захоўваецца вялікая колькасць разнастайных помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, у якіх апрадмечаны працэсы дзейнасці чалавека. Яны напаўняліся духоўным зместам і пачалі служыць перадатчыкам гэтай духоўнасці іншым людзям.
Захоўваць гэтыя рэчы - значыць не толькі аберагаць іх ад знешніх разбурэнняў, але і ствараць умовы, якія дапамогуць зразумець і ацаніць сутнасць і значэнне кожнага прадмета, што ўяўляе сабой плён духоўнай творчасці.
Распрадмечванню духоўных якасцей экспанатаў садзейнічае музейная экспазіцыя - знаёмячыся з ёю, чалавек расце, развіваецца і абагачаецца духоўна. Таму з экспазіцыі неабходна выключыць выкарыстанне муляжоў, макетаў і г.д. Толькі садзейнічаючы правільнай ацэнцы творчых імкненняў духа, ствараючы магчымасці глыбокага разумення іх, усебаковага азнаямлення з імі, музей выканае задачу духоўнага абагачэння людзей.


Алексеев Я.В. Музейное дело в дореволюционной Белоруссии // Музей і развіццё гістарычнага краязнаўства. -Горадня, 1990. - С. 46.
Минская старина. - Мн., 1909. Вып. І.
Этнаграфія Беларусі: Энцыкл. - Мн., 1989.
БДА, ф. 42, воп. І, спр. 1927, л. 309.
БДА, ф. 101, воп. 1, спр. 3504, л. 52,73.
Дзяржаўны музей БССР. - Мн., 1986.
Музей старажытнабеларускай культуры. -Мн., 1983.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.