Сяргей Рыбчонак

Помнікі на каталіцкіх могілках і ў касцёлах Менска (паводле звестак 1910 г.)


31 сакавіка 1910 г. дырэктар Дэпартамента духоўных справаў іншаземных веравызнанняў звярнуўся да кіраўніка Магілеўскай рымска-каталіцкай епархіі біскупа Стэфана Дзенісевіча з лістом, дзе паведамляў аб ініцыятыве вялікага князя Мікалая Міхайлавіча Раманава, які «изволил выразить желание собрать и издать копии со всех надписей в инославных и иноверных богослужебных зданиях России, на внутренних и внешних стенах, надгробных плитах и иных местах храма, а равно на могилах помещенных на кладбище».
Дарэчы, асаблівую цікавасць, на думку князя, павінны былі мець наступныя надпісы - «касающиеся умерших духовных лиц, дворян, а равно лиц, заслуживших всеобщее уважение или получивших историческое значение». Дырэктар прасіў біскупа прыняць захады для хутчэйшага збору ўказаных звестак і адсылкі іх у Пецярбург, прычым у выпадку, калі збор матэрыялаў зацягнецца, прапанавалася дасылаць яго ў Дэпартамент часткамі.
8 красавіка 1910 г. Магілеўская кансісторыя журнальнай пастановай вызначыла: паставіць да ведама ўсіх службовых асобаў Магілеўскай архіепархіі і Менскай епархіі прадставіць у найхутчэйшы час «в Консисторию буквальные копии с выше сказанных надписей». Назіранне за зборам звестак было ўскладзена на дэканаў, між іншым, было загадана паведамляць таксама аб адсутнасці надпісаў.
Даволі хутка, у тым жа 1910 г., копіі надпісаў у двух экземплярах былі сабраныя, аднак з нейкіх прычынаў так і не былі адасланыя ў Пецярбург.
Можна меркаваць, што князь, заняты падрыхтоўкай да выдання адпаведных Пецярбургскага і іншых некропаляў, часова на іх забыўся[1]. Далей былі Першая сусветная вайна, рэвалюцыя, так і даляжалі гэтыя матэрыялы да сенняшняга дня неапублікаванымі[2].
Праблема інвентарызацыі могілак і выдання адпаведных некропаляў, яе значнасць для ўсведамлення гісторыі і культурнага развіцця нацыі - відавочная для цывілізаваных людзей яшчэ на пачатку XX ст., паступова вяртаецца і ў нашае грамадства. Можна адзначыць манаграфію Т.Чарняўскай і А.Ярашэвіча, прысвечаную Кальварыйскім могілкам (Rzymsko-katolicki cmentarz Kalwaryjski w Mińsku na Białorusi. Warszawa, 1996). Таксама сябра «Згуртавання беларускай шляхты» В.Ханецкі рыхтуе да публікацыі кнігу пра пахаванні на могілках у Раўбічах і Астрашыцкім Гарадку.
А чаму б Беларускаму таварыству аховы помнікаў не стварыць спецыяльную серыю для выдання адпаведных матэрыялаў, як гэта зрабілі іх польскія калегі з Osrodku Ochrony Zabytkowego Krajobrazu. Memento mori - справа ўдзячная.
Што ж уяўляюць сабой звесткі сабраныя ў 1910 г.? Крыху статыстыкі: усяго 154 святары даслалі допісы ў кансісторыю, з якіх 84 лісты проста паведамлялі аб адсутнасці якіх-небудзь надпісаў.
Цяжка, аднак, паверыць, што ў вядомых Полацкім, Віцебскім Св. Антонія, Слуцкім ці іншых касцёлах іх не было наогул. Хутчэй за ўсё, гэта тлумачыцца проста неразуменнем святарамі гістарычнай значнасці акцыі збору надпісаў або іх нежаданнем прыняць удзел у ініцыятыве царскіх уладаў.
З 70 станоўчых допісаў - 30 стасуюцца з месцамі ў межах сучаснай Беларусі, у тым ліку гэта - Акалоў, Давід-Гарадок, Дзядзілавічы, Капаткевічы, Каралішчавічы, Койданава, Капыль, Лагойск, Менск, Пінск, Ракаў, Уселюб па Менскай губерні, Віцебск Св. Барбары, Забялы, Загацце, Селішча па Віцебскай, Абольцы, Крычаў, Лазавіца, Люшаў, Магілеў, Свяцілавічы, Смаляны па Магілеўскай губерні, астатнія - з сучаснымі Расеяй і Латвіяй. Для аналіза намі выбрана інфармацыя па Менску, прычым усе архіўныя матэрыялы пададзены літаральна.

Св.-Траецкі Залатагорскі касцёл
(арк. 318, 322адв.- 323)
На халерных могілках паблізу Залатагорскіх могілак ёсць каменная пліта-помнік вядомага мясцовага філантропа з надпісам:
Dominik Moniuszko
6 / VII 1788 + 24 / VIII 1848
На Залатагорскіх могілках ёсць чугунны помнік вядомага абаронцы расейскай справы ў Паўночна-Заходнім краі з надпісам:
D.O.M.
Simeon Alphonsus Adolphus Makarewicz Decanus Minscensis Praelatus Capituli Vilnensis
Natus 19 die m. januarii A.D. 1820 Obiit die 12 m. octobris A.D. 1900

Менскі катэдральны касцёл Св. Марыі
(арк. 186)
У катэдральным касцёле, пабудаваным езуітамі 200 гадоў таму, з левага боку вялікага алтара пад партрэтам Папы Пія VI на драўлянай таблічцы знаходзіцца наступны надпіс:
Pius VI
Post S. Petrum 251 Papa Ecclesiae Romanae Pontifex, natus Cesanae 27.X br 1717, coronatus 15 Febr. 1775 anno Minscensis Antisticis Factor
З правага боку таго ж вялікага алтара пад партрэтам першага Менскага біскупа Дэдэркі на драўлянай таблічцы наступны надпіс:
1798 An.
Jacobus Ignatius Dederko, primus Minscensis Episcopus, Cathedralis Ecclesiae Vilnensis Senior, Luceoriensis Canonicus, Collegiatae Olicensis Infulatus Praepositus. Imperialium Insignium S.Principis Vladimiri Magnae Crucis 2do Gr., S. Annae 1ae Cl. et Ordinum Polonorum Aquilae Albae S.Stanislai Eques, Xenodochii Minscensis Sororum Miserecordiae Praeses, Delegatus Apostolicus.

Кальварыйскі касцёл
(арк. 176)
(НГАБ, ф. 1781, воп. 5, спр. 339)
Усярэдзіне касцёла знаходзяцца мармуровыя дошкі з наступнымі надпісамі:
1) Jan Damel magister sztuk pieknych w uniwersytecie Wileńskim Zm. w roku 1840 Augusta 30 dnia
2) Franciszek Słabiniewicz prefekt Gimnazium Mińskiego zm. 1854 r. Czerwca 5 dnia
Hа падножжы алтара Божай маці знаходзіцца надпіс:
3) Mateusz Lipski Biskup dyeceryi Mińskiej ur. 21 Wrzesnia 1770 roku um 21 Listopada 1839 roku
Каля сцяны касцёла знаходзяцца помнікі з надпісамі:
4) Ks.Alexander Sipajllo ur. 18 Sierpnia 1854 r. wyswięcony 1882 r. zm.28 Kwietnia 1886 r. te pamiątke poswięcają czcinajgodnejszemu proboszczowi parafijanie
5) Ks. Klemens Dobkiewicz zm. 8 Wrzesnia 1899 r., w wieku lat 62
6) Ks. Augustyn Walentynowicz magister S.Teologii ur. 1829 r. + 1898 r.
7) Ks. Jan Witkiewicz Dziekan Miński zm. 1902 r. 26 Wrzesnia mając lat 35
8) Konstanty Łopuszynski tajny sowietnik żyl lat 78 zm. 29 Listopada 1894 r.
9) Adolf Darnowski-Weryha inzynier kom. drog radca stanu żyl 88 lat. Zm. 8 Sierpnia 1904 r.
10) Romuald Żebrowski sędzia bylej Izby Kryminalnej ur. 22 Czerwca 1818 r. um.6 Listopada 1899 r.
На Кальварыйскіх могілках знаходзяцца помнікі з надпісамі:
11) Grob s.p. Ludwika Hr. de Beloni ur. w Paryżu /Newilly/ 22 / 1 1841 r. n. st. z Ludwika i Gabryeli du Puillant hrabiow de Beloni zm. w Mińsku 9 / 1 1897 r. n. st.
12) Leon-Franciszek Jelski półkownik W.R. syn Michala i Klotyldy z Moniuszkow zm. 3 pazdziernika 1901 r. wieku lat 68
13) Jan-Boleslaw Łuckiewicz b. kapitan W.R. ur. 16 maja 1831 r. zm. 4 Wrzesnia 1895 r.
14) Stefan Hrynkiewicz zaslużony nauczyciel Mińskiego Gimnazium ur. 26 Grudnia 1804 r. zm. 29 Lipca 1886 r.
15) Edmund Straszynski, inspektor Mińskiego gimnazium ur. 1816 r. zm. 1891 r.

Як бачым, надпісы маюць пэўную гістарычную цікавасць. Напрыклад, даўно вядома, што ў касцёле пахаваны славуты мастак Ян Дамель, а надмагільны надпіс адшуканы толькі зараз і можа быць адноўлены.
На жаль, святары не пазбеглі прыкрых абмылак і недакладна зразумелі пажаданне зрабіць «буквальные» копіі. Замест «Darnowski-Wieryha», безумоўна, павінна быць «Darewski-Wieryha», у гэтым жа надпісу капелан кс. Лазарэвіч, што рабіў копіі, калі мы параўнаем яе з інвентаром А.Ярашэвіча, змяніў год смерці з 1906 на 1904 і адкінуў фразу «Czesc jego pamieci» (A.Jaroszewicz, ibid., s. 183).
Несумненна, мы зацікавіліся - ці маюцца ў нашым спісе надпісы, што не пададзены ў гэтым жа інвентары. Іх адшукалася тры - №№ 11, 12 і 15, таму выснова відавочная - на могілках былі разбурэнні, падчас якіх некаторыя пахаванні загінулі.
Такім чынам, акцыя па збору надпісаў на каталіцкіх могілках і ў касцёлах, праведзеная з ініцыятывы вялікага князя М.М.Раманава ў 1910 г. уяўляе значны інтарэс для гісторыі.
Нягледзячы на магчымую недакладнасць і фрагментарнасць, сабраныя са шматлікіх куткоў Беларусі звесткі прадстаўляюць новую крыніцу для даследчыкаў, якія займаюцца гісторыяй царквы, культурай, генеалогіяй, а таксама для спецыялістаў-рэстаўратараў.


1. Саитов В.И., Модзалевский Б.Л. Московский некрополь. Т. 1-3. - М., 1907-1908.; Саитов В.И. Петербургский некрополь. Т. 1-4. СПб, 1912-1913.; Шереметевский В.В. Русский провинциальный некрополь. Т. 1. - М., 1914.; Андерсон В.М. Русский некрополь в чужих краях. Вып. 1. Пг., 1915.; Чернопятов В.И. Русский некрополь за границей. Вып. 1-3. - М., 1908-1913.
2. НГАБ, ф. 1781, воп. 5, спр. 339.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.