Леанід Дробаў

Мастацкае жыццё Менска на мяжы XIX-XX стагоддзяў


Пра мастацкае жыццё Менска на рубяжы XIX і XX стст. мы ведаем вельмі мала. Можа скласціся ўражанне, што яго ўвогуле не існавала. Але ж гэта не так. З развіццём капіталізму, які даў магутны штуршок для з'яўлення рабочага класа, як найбольш прагрэсіўнай часткі грамадства, актывізавалася і грамадска-палітычнае жыццё. Нібы грыбы пасля дажджу, сталі ўзнікаць культурна-асветніцкія таварыствы, якія атрымалі назву «таварыстваў прыгожых мастацтваў». Такія таварыствы ў канцы XIX ст. ўжо існавалі ў Менску, Віцебску, Мазыры, Гомелі і Магілеве і садзейнічалі развіццю літаратуры і мастацтва, выхаду перыядычных выданняў, газет і часопісаў.
Як вынікае са статутаў гэтых таварыстваў, яны павінны былі «служыць збліжэнню мясцовых дзеячаў у галіне літаратуры і мастацтва, а таксама садзейнічаць развіццю і распаўсюджанню літаратуры, адукацыі і мастацтва сярод насельніцтва»[1].
Невыпадкова таму ўжо ў канцы XIX ст. пачалі выходзіць творы на беларускай мове. На небасхіле культурнага жыцця заззялі зоркі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі ды інш. Развівалася і тэатральнае мастацтва. Узнік нацыянальны тэатр Уладзіслава Галубка. Менск пачалі наведваць тэатральныя калектывы з розных гарадоў Расеі.
На запрашэнне Менскага «Таварыства прыгожых мастацтваў» у 1899 г. у Менску была адкрыта выстава Таварыства перасоўных выставак, на якой экспанаваліся творы І.Рэпіна, Ул.Макоўскага, М.Касаткіна і інш. З ініцыятывы менскага архітэктара В.Мааса ў 1891 г. ў Менску была арганізавана выстава твораў мясцовых мастакоў, якія атрымалі мастацкую адукацыю ў Вільні, Пецярбургу і Варшаве. Выстава мела на мэце пазнаёміць аматараў мастацтва з лепшымі творамі жывапісу, каб урэшце рэшт атрымаць магчымасць для арганізацыі ў Менску мастацкай школы. Маас звяртаўся за дапамогай у Пецярбург, але яго памкненні падтрымкі не атрымалі.
У 1890-1900 гадах адзначаецца хуткі рост кадраў беларускіх мастакоў, якія атрымалі мастацкую адукацыю за межамі Беларусі. Гэтыя мастакі таксама пачалі выстаўляць свае творы ў Менску ды іншых гарадах Беларусі. Як вынікае з паведамленняў друку, у гарадах Беларусі з 1890 па 1917 г. было наладжана каля дзесяці такіх выстаў. Але найбольш выніковай ва ўсіх адносінах была выстава 1911 г., арганізаваная ў памяшканні польскага культурна-асветніцкага таварыства «Огніско» («Агеньчык») з ініцыятывы менскіх мастакоў - жывапісца Ф.Рушчыца і скульптара Я.Тышынскага. У ёй удзельнічала каля 30 прафесійных мастакоў-жывапісцаў, скульптараў. На ёй экспанаваліся творы беларускіх, расейскіх, польскіх і летувіскіх мастакоў. Свае творы паказалі менскія мастакі Ф.Рушчыц, Я.Кругер, Б.Адамовіч, Л.Альпяровіч, З.Ленскі ды інш.; палякі Я.Станіслаўскі, Т.Прушкоўскі, Л.Вычулкоўскі, С.Віткевіч; летувісы І.Калпокас, А.Жмудзінавічус; украінец І.Яроменка і інш. Выстава мела вялікі поспех, пра яе пісалі ў газетах і часопісах, наладжваліся дыскусіі паміж прыхільнікамі рэалізму і авангардыстамі.
Як ужо адзначалася, вялікая заслуга ў арганізацыі мастацкіх выставак, наогул усяго культурнага жыцця належала Фердынанду Рушчыцу, таму лічым неабходным даць кароткі біяграфічны нарыс пра мастака.
Нарадзіўся ён у 1870 г. у маёнтку Багданава Ашмянскага павета былой Віленскай губерні ў сям'і збяднелага шляхціча Эдуарда Рушчыца. Род Рушчыцаў быў са старадаўняй беларускай праваслаўнай шляхты, якая ў часы вуній, міжусобных войнаў і ціску перайшла ў каталіцызм. Дзяцінства і юнацтва жывапісца прайшло ў Менску, дзе бацька працаваў чыноўнікам на Лібава-Роменскай чыгунцы. Якім быў тагачасны Менск, мы ўжо ведаем. Тут Рушчыц паспяхова скончыў гімназію і атрымаў першыя навыкі ў выяўленчым мастацтве ад настаўніка гімназіі К.Ермакова. Потым на працягу ўсяго свайго жыцця Рушчыц з удзячнасцю і павагаю ўспамінаў гэтага чалавека, які даў свайму вучню асновы прафесіянальных ведаў, а гэта ўмагчыміла ў далейшым паступленне ў Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў.
Пасля заканчэння Менскай гімназіі Ф.Рушчыц паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, аднак кар'ера юрыста, відаць, не вабіла юнака. У 1891 г. ён падае прашэнне ў Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў аб залічэнні яго вольным слухачом Акадэміі па аддзелу жывапісу. Праз год Рушчыц становіцца акадэмістам, спачатку займаецца ў майстэрні І.Мышкіна, потым - у А.Куінджы.
У Акадэміі Ф.Рушчыц блізка сыходзіцца з А.Рыловым і іншымі вучнямі, з якімі стала сябруе. Маладыя жывапісцы, наследуючы традыцыі сваіх настаўнікаў, былі прыхільнікамі рэалістычнага жывапісу, але ў новых яго праявах, узбагачаных школай імпрэсіянізму. Займаўся Рушчыц вельмі добра. Яго каларыстычныя і жывапісныя даныя высока цаніў І.Рэпін. Вялікі мастак ужо тады ўбачыў у маладым жывапісцу талент. У яго творчасці паспяхова знітавалася лепшае з традыцыяў польскіх, расейскіх, французскіх мастакоў, не кажучы ўжо пра беларускую народную традыцыю, пра школу мастакоў менскіх і віленскіх.
Пасля сканчэння Акадэміі ў 1897 г. Рушчыц працяглы час жыве ў маёнтку Багданаў, зрэдку ездзіць па Беларусі і Расеі. У гэтыя гады ён стварае свае лепшыя творы - «Зямля» (1898), «Стары млын» (1899), «У свет» (1901), «Эмігранты» (1902) і іншыя, якія вылучаюцца прафесійным майстэрствам і яснасцю высокай думкі.
У ранніх творах Рушчыца ёсць яшчэ водбліскі творчасці такіх вялікіх жывапісцаў, як Куінджы, Рэпін («Стары млын» і іншыя), а таксама вядомай школы Станіслаўскага. Але ж нават маладыя майстры-аднагодкі вучаць лепшаму адзін аднаго. У таго ж Рушчыца можна знайсці пункты судакранання з Рыловым або Станіславам Камоцкім.
Асабліва вялікай эмацыянальнай сілы дасягае Ф.Рушчыц у пейзажы «Зямля» (Нацыянальны музей у Варшаве), напісаным па матэрыялах, сабраных у ваколіцах Багданава.
Палатно - гімн нясцерпнай і вялікай сялянскай працы. І тут ужо не заўважаеш ні арыгінальнай кампазіцыі, ні чарнаты. Усё так, як у жыцці. Зямля. Неба, пагрозна схіленае над чалавекам, над валамі, над раллёй, над моцным рухам ускінутай рукі.
Не менш значны і пейзаж «У свет» (месца знаходжання невядома). Тая ж ралля, толькі камякаватая, непабітая, з бадыллем бур'яну, бульбоўніку. Жаласна гудуць над ёю драты на слупах. І на фоне пахмурнага неба, схіліўшыся супраць ветру, супраць рэдкіх завесаў дажджу, ідуць дзве малыя, вартыя жалю постаці. Хто яны? Куды ідуць? Ад добрага жыцця не пойдзеш у свет. Што іх чакае? Нэндза, бяспраўе, беспрацоўе, марныя пошукі заробку.
Пейзаж «Эмігранты» (Дзяржаўны мастацкі музей Рэспублікі Летува) з'яўляецца нібы завяршэннем гэтай драматычнай сюіты. У тыя часы шмат бедных людзей кідала родныя землі, эміграравала ў чужыя. Часам таксама на голад і смерць. Было такое і на роднай мастаку Ашмяншчыне.
Ёсць у Рушчыца і пейзажы іншага плана, створаныя ў гэтыя гады. Мастак не мог не любавацца роднай зямлёй, яе невыказнай прыгажосцю. Дэкор, лёгкая маляўнічасць, арыгінальныя рашэнні - усё гэта захапляе мастака. Ён малюе аквамарынавую ваду між крымскіх рыфаў і скалаў, цёмную лясную ручаіну з беллю бяроз і апошнімі плямамі снегу на берагах, звычайную багданаўскую студню або надзвычай вясёлы інтэр'ер з камінным гатычным экранам і бялюткай галандскай печчу.
Можна глядзець і глядзець на «Млын», «Лясны ручай», «Берагі Вілейкі». Які апошні снег, як равуць цераз грэблю бурлівыя воды, якія прыгожыя гарбатыя мосцікі над вадой!
Асабліва цікавы ў гэтых адносінах пейзаж «Вадзяны млын». Мастак глядзіць на прыроду, якую яму трэба ўславіць, з вышыні птушынага палёту. Такі прыём дазваляе намаляваць на палатне ўсё зямное, а неба паказаць светлым адбіткам у вадзе, люстрам у зялёнай раме. Архітэктура млына і навакольныя рэчы пададзены ў нязвычным для гледача ракурсе. Каларыт карціны чымсьці нагадвае ўкраінскія пейзажы Куінджы з іх яркім нацыянальным характарам. Ф.Рушчыц імкнуўся стварыць нешта падобнае, выкарыстоўваючы беларускі матэрыял. Аднак гэта не Куінджы. Гэта Рушчыц. Ён знайшоў сябе. Вось маленькі ручай з драўлянай плацінай і вялікім млынавым колам, пакрытым зялёным аксамітавым мохам. І будынак млына надзвычай тыповы для беларускага пейзажу - прыземісты, нізкі, пад насупленай саламянай страхой. Усе ў смарагдава-зялёных і чырванаватых танах. Спалучэнне фарбаў надае непаўторную чароўнасць гэтаму надзіва прыгожаму кутку беларускай прыроды. Агульны настрой пейзажу, у адрозненне ад раней разгледжаных твораў, вельмі мажорны, у ім адчуваецца своеасаблівая лірыка і напеўнасць.
Разгледжаныя намі карціны Рушчыца экспанаваліся на выставах у Пецярбургу і Варшаве. Яны прынеслі мастаку славу выдатнага каларыста і рысавальшчыка. У 1904 г. Ф.Рушчыц быў запрошаны на пасаду прафесара жывапісу ў Кракаўскую Акадэмію мастацтваў. Тады тут былі яшчэ досыць моцныя рамантыка-рэалістычныя традыцыі, закладзеныя вядомым польскім жывапісцам Янам Матэйкам. Перагружаны выкладчыцкай работай, мастак мала працаваў творча. Таму значных палотнаў у гэтыя гады ён не стварыў. Аднак дзякуючы намаганням Рушчыца і некаторых іншых мастакоў кракаўская школа жывапісу пакінула далёка за сабой нават такую славутую школу, як варшаўская.
У 1908 г. Рушчыц вяртаецца на радзіму ў маёнтак Багданаў, дзе жыве аж да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Творчасць Рушчыца ў гэты перыяд церпіць значныя змены. Ад вялікіх філасофскіх абагульненняў, якімі былі адзначаны яго работы ранняга перыяду, ён пераходзіць да пошукаў каляровых і кампазіцыйных эфектаў. Піша інтэр'еры сваёй багданаўскай сядзібы, робіць замалёўкі і эцюды ў любёных ім куткоў прыроды. Да гэтага перыяду адносіцца стварэнне цудоўных па колеру эцюдаў «Бледнае сонца», «У пакоях», «Масток», «Зіма». Майстэрства Рушчыца-каларыста дасягае свайго найвышэйшага ўзлёту. Ён умее адным шырокім мазком стварыць адчуванне матэрыяльнасці прадметаў і прыроды, надаць ім своеасаблівы эмацыянальны настрой. Асабліва цікавы ў гэтых адносінах эцюд «Зіма».
У гэтыя ж гады Рушчыц выступае і як тэатральны дэкаратар. Ён часта наведвае Вільню, дзе афармляе спектаклі ў тэатры Мадзіеўскай. Яму належаць эскізы дэкарацый да спектакляў «Лілія Венеда», «Князь Нязломны», «Варшавянка» і інш.Кастрычніцкую рэвалюцыю Рушчыц сустракае на радзіме.
...Пасля заключэння Рыжскага дагавора Расеі з Польшчай, паводле якога Заходняя Беларусь і Заходняя Ўкраіна былі ўключаны ў склад Рэчы Паспалітай, Ф.Рушчыц некаторы час жыве ў Вільні, прымае ўдзел у аднаўленні Віленскага ўніверсітэта. Ён кіруе кафедрай жывапісу. Аднак гэтая мастацкая школа вялікага ўплыву на культурнае жыццё Заходняй Беларусі не аказвала. Значных палотнах у 20 - пачатку 30-х гадоў Ф.Рушчыц не стварыў.
Працуючы старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасці, Рушчыц часта наведвае руіны замкаў у Крэве, Міры, Лідзе ды іншых месцах Беларусі, збірае звесткі пра гістарычныя падзеі, што адбываліся там, робіць замалёўкі і эцюды. Па іх стварае некалькі запамінальных твораў. Прыцягвае ўвагу пейзаж «Крэва». У гэтым невялікім палатне не толькі высокае каларыстычнае майстэрства жывапісца, але і ўменне абагульняць, ствараць сінтэтычны вобраз роднай прыроды, сваёй гісторыі. Пейзаж з поўнай падставай можна лічыць гістарычным.
У пачатку 30-х гадоў камісія па ахове гістарычных помнікаў была ліквідавана. Ф.Рушчыц хваравіта ўспрымае гэта рашэнне польскага ўрада. Ён пакідае ўніверсітэт і канчаткова перасяляецца ў маёнтак Багданаў.
Працуецца ўжо не так лёгка. Аднак ён робіць некаторыя эцюды і замалёўкі. Так узнікла адна з апошніх яго работ, згубленых у час вайны з фашызмам. «Старыя яблыні» - шчымлівая і глыбокая алегорыя пра сваё і людское жыццё. Пераплеценыя, выгнутыя ствалы і галінкі дрэваў з асыпаным лісцем сімвалізуюць пакутнікаў, знявечаных зменлівасцю лёсу. Белыя, перакручаныя, перавітыя. Нібы ўсё жыццё цягнуліся да святла, а яго не было. Па гэтай і некаторых іншых работах апошняга перыяду можна меркаваць аб цяжкім настроі жывапісца. Пад канец свайго жыцця ён быў пазбаўлены магчымасці пісаць правай рукой. Ёсць некалькі эцюдаў і замалёвак, якія Рушчыц зрабіў левай рукой.
Памёр Рушчыц у 1936 г. у маёнтку Багданаў на Ашмяншчыне і пахаваны на мясцовых могілках. Дома ягонага, на жаль, ужо няма. Але магіла ёсць. І ў пагодлівыя дні глядзіць на яе з вышыні пяшчотнае беларускае сонца.


1. Устав Мозырского общества любителей изящных искусств 1890 г.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.