Вераніка Ярмалінская

Дом, дзе нарадзілася «Ідылія»


Дзевятнаццатае стагоддзе прынята лічыць этапным у тэатральнай гісторыі Беларусі. Менавіта ў гэты час у Беларусі атрымаў пашырэнне расейскі тэатр, з'явіліся першыя ўкраінскія гастрольныя групы, а ў пачатку ХХ ст. пашырылася дзейнасць беларускіх самадзейных тэатральных калектываў. Для тэатральных пастановак першыя прыватныя антэпрэнёры выкарыстоўвалі памяшканні былых прыватных тэатраў (Горадня, Ружаны, Слонім, Шклоў), будынкі ратуш і залы пры езуіцкіх калегіях, дзе калісьці адбываліся школьныя прадстаўленні. Узнікла неабходнасць у рэстаўрацыі ці пабудове памяшкання для Менскага гарадскога тэатра. І такія звесткі мы знаходзім у публікацыях У. Сыракомлі. Ён пісаў, што ў 1825 г. адзін з будынкаў на плошчы Высокага рынку быў «адрэстаўрыраваны» пад гарадскі тэатр[1]. Спачатку гэта быў жылы дом.
Уладальнікі тэатра мяняліся даволі часта. Мяркуючы па фотаздымках XIX стагоддзя, гэта быў даволі вялікі будынак у стылі класіцызму, які галоўным фасадам выходзіў на плошчу. Па водле апісання А.Смародскага (80-я гады XIX ст.), у тэатры было 13 ложаў у бельэтажы і 10 у бенуары, а ў партэры і на галерэі магло размясціцца 320 чалавек[2]. Трохпавярховы, прамавугольны ў першапачатковым плане будынак быў накрыты двухсхільным дахам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад з цэнтральным рызалітам падзелены карнізным поясам на два ярусы (ніжні быў апрацаваны рустам). Рызаліт з шырокай праязной аркай аформлены шасцікалонным порцікам, завершаным трохкутным франтонам з лучковым акном у тымпане.
Рытм фасадаў ствараўся прамавугольнымі аконнымі праёмамі і паўцыркульнымі нішамі. Двухсветлавая тэатральная зала, якая налічвала больш за 300 месцаў (як ужо адзначана вышэй), знаходзілася на другім паверсе. Менавіта ў гэтым памяшканні ў свой час працаваў са сваёй трупай вядомы польскі акцёр і рэжысёр К.Скібінскі.
30 траўня 1835 г. тэатр згарэў. К.Скібінскі разарыўся. Пасля пажару будынак гарадскога тэатра быў адбудаваны і для прадстаўлення выкарыстоўваліся дэкарацыі і касцюмы хатняга тэатра Тышкевічаў з Плешчаніц.
У памяшканні Менскага гарадскога тэатра акрамя спектакляў даваліся балы і маскарады, наладжваліся аматарскія канцэрты. Асвятленне было слабым: ліхтары на авансцэне і свечачная люстра. У ложах і на сцэне панаваў прыцемак. І толькі калі паказваліся фантастычныя меладрамы і жывыя карціны, усё асвечвалася бенгальскімі агнямі. Утульная сцэна была неглыбокай, з невялікім прасцэніумам. Святло кідала ад акцёраў на дэкарацыі доўгія цені. Не было фае, буфета. Іх замянялі калідор і лесвіцы, дзе стаялі гандляры і прапаноўвалі гледачам спелыя яблыкі, слівы, грушы ды іншыя прысмакі і ласункі.
Што датычыць тэатральнай тэхнікі, то ў тыя гады яна была даволі прымітыўнай. Да прыкладу, у Ратушным тэатры быў люк у падлозе сцэны, блок для падымання дэкарацый пад каласнікі, машына для грому - і ўсё. Бадай, адзінае, што садзейнічала поспеху многіх спектакляў, - маляўніча напісаныя дэкарацыі мастака І.Кураткевіча. Але спецыяльна напісаныя для спектакляў дэкарацыі былі незвычайнай рэдкасцю. На сцэнах Беларусі ў пачатку 60-х гадоў XIX ст. пераважалі тыповыя павільёны, выпісаныя з берлінскіх майстэрань. Выключэнне складала Горадня, дзе спектаклі ішлі ў памяшканні былога тэатра А.Тызенгаўза.
Выдатнай з'явай стала прэм'ера 9 лютага 1852 г. на сцэне Менскага гарадскога тэатра першай беларускай оперы «Ідылія» («Сялянка» С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага, лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча). Пра складаныя сітуацыі, звязаныя з першай пастаноўкай «Сялянкі», паведамляе А.Паўловіч.
Афіша, заказаная да прэм'еры, з'явілася на тыя часы «першай і апошняй абвесткай аб ужыванні на сцэне беларускай мовы»[3]. Друкаванне яе з нейкіх прычынаў затрымалася, і таму не паспелі загадзя расклеіць. У той дзень, на які была назначана прэм'ера - 9 лютага 1852 г. - прыйшоў вусны, а затым і пісьмовы загад аб забароне спектакляў на «простонародном языке».
Але, паколькі мясцовыя ўлады папярэдне ўжо далі дазвол на пастаноўку, то спектакль у прызначаны дзень быў паказаны. Пра расклейку афішаў не магло ўжо ісці і размовы: іх намерваліся знішчыць. І тады Авяр'ян Васільеў, які ў тэатры Дуніна-Марцінкевіча выконваў абавязкі адміністратара, разам з Ляўданскім, адным з таленавітых акцёраў трупы, разнеслі афішы па знаёмых і блізкіх, запрашаючы іх у тэатр. Вестка аб забароне, па водле ўспамінаў А.Паўловіча, хутка разнеслася па Менску, і дзякуючы гэтаму збор быў небывалы.
Карэспандэнт «Дзённіка варшаўскага», які пісаў справаздачу пра пастаноўку на другі дзень пасля прэм'еры, заўважыў: «Ніхто не стане адмаўляць здольнасцей Дуніна-Марцінкевіча як у галіне драматургіі, так і паэтыкі, і калі б яго творы былі пастаўлены на вялікай сцэне, ад гэтага, бясспрэчна, была б карысць як для тэатра, так і для аўтара»[4].
Спектакль ішоў, як было сказана ў афішы, «з музыкаю Манюшкі, Кжыжаноўскага і іншых». Той жа карэспандэнт «Дзённіка варшаўскага» выказвае шкадаванне, што С.Манюшка «не меў часу напісаць яе поўнасцю». Меркаваць пра музыку фактычна немагчыма, таму што клавіры яе не захаваліся.
«Сялянка» аднесена да опернага мастацтва. У такой тэрміналогіі яна і захавалася ў крытычнай літаратуры. І ўсё ж «Сялянка» В.Дуніна-Марцінкевіча не звычайнае опернае лібрэта. У ёй, вядома, ёсць шмат элементаў ад опернага мастацтва: хоры, арыі, дуэты, квартэты. Акрамя вакальных нумароў ёсць і танцавальныя. Але відавочна і тое, што «Сялянка» не змяшчаецца ў оперныя рамкі, што ў ёй нямала сцэн, прытым вельмі важных, напісаных як для драматургічнага твора. У гэтым сэнсе беларуская «Сялянка» вельмі нагадвае ўкраінскую «Наталку-Палтаўку» І.Катлярэўскага, якую можна ставіць і ў оперным тэатры, і ў драматычным і да якой часцей за ўсё звяртаюцца музычна-драматычныя калектывы. Абодва гэтыя творы можна па праву лічыць музычна-драматычным відам мастацтва, а калі больш дакладна - оперна-драматычнымі творамі з камедыйным ухілам.
Прэм'ера «Сялянкі» 9 лютага 1852 г. прайшла з вялікім поспехам. Як адзначала тагачасная крытыка, спектакль атрымаўся яскравы, маляўнічы і пакінуў моцнае ўражанне. Відовішча пачыналася масавай сцэнай - на падмостках выступаў хор, які дапамог стварыць атмасферу жыццёвай верагоднасці.
Як і ў самім творы, у пастаноўцы оперныя эпізоды перамяжоўваліся са сцэнамі драматычнага плана. Узрушанасць, узнёсласць, лірычная споведзь герояў перадаваліся праз дуэты, квартэты, арыі, хор сялян. А больш «зямныя» сцэны іграліся як драматычныя - з дыялогамі і маналогамі персанажаў. Такія пераходы былі лагічна апраўданымі, таму оперныя і драматычныя эпізоды арганічна спалучаліся, складалі адзінае мастацкае палатно.
Шматколерным, відовішчным быў фінал першай дзеі. Як і пачатак, ён быў масавы - выступалі хор, асноўныя персанажы. Вялікае ўражанне рабілі ўзнёсла, па-майстэрску выкананыя народныя песні «Як пайшоў жа наш каваль, наш каваль...», «Я цяцерку злавіў, ух я...», народны танец «Мяцеліца».
Сваім майстэрскім выкананнем вылучаўся В.Дунін-Марцінкевіч. «Вельмі добра, - пісаў карэспандэнт «Дзённіка варшаўскага», - выглядаў сам аўтар у ролі Навума Прыгаворкі і ў танцы «Мяцеліца», які ўсе ўдзельнікі і ўдзельніцы выконвалі вельмі ўмела». Цудоўныя артыстычныя здольнасці аўтара «Ідыліі» аднадушна адзначылі і іншыя відавочцы яго выступленняў. Ролю ж Навума Прыгаворкі, ён, відаць, і пісаў спецыяльна для сябе, з улікам уласнай акцёрскай індывідуальнасці. Прысадзісты, крыху грузнаваты і сутулаваты, ён быў энергічны, рухавы на сцэне. Яго герою імпанавала дасціпнасць, тонкае, вострае адчуванне гумару, заўсёдная вынаходлівасць. Навум Прыгаворка на сцэне быў душой пастаноўкі, яе асноўнай і накіроўваючай сілай.
У спектаклі таксама ўдзельнічалі дзве дачкі Дуніна-Марцінкевіча, добра вядомыя сваімі музычнымі здольнасцямі, якія выконвалі ролі сялянак. Гэты факт сведчыць пра тое, што намаганні Дуніна-Марцінкевіча на тэатральнай ніве падтрымлівала і яго сям'я.
У трупе Дуніна-Марцінкевіча вылучаўся Ляўданскі, як піша А.Паўловіч, - «артыст на ўсе амплуа». Ён меў незвычайную, проста фенаменальную памяць. Досыць яму было перад выступленнем прачытаць тэкст адзін раз, і ўсе заставалася ў галаве. Ён помніў кожнае слова і мала пільнаваўся суфлёра. Да таго ж ён быў высокі, статны, вельмі рухавы, прыгожы, меў добрае вымаўленне, і ўсё гэта рабіла яго жаданым госцем на сяброўскай вечарыне і дасканалым артыстам на сцэне. Ролі сабе ён не выбіраў, але ў кожнай быў удалым выканаўцам, на сваім месцы.
Сярод акцёраў трупы вылучаліся таксама Канстанцін Кжыжаноўскі, Лопат, Кабылінскі, Прушынскі. На жаль, звесткі пра акцёрскі склад трупы, як і пра іх сцэнічныя работы, засталіся вельмі скупыя. Вядома, што першае прадстаўленне «Ідыліі» давалася на карысць бедных. Калектыў як бы падкрэсліваў свой дэмакратычны, народны кірунак дзейнасці. І падкрэсліваў менавіта першым прадстаўленнем.
Далейшы сцэнічны лёс спектакля. і акцёрскай трупы склаўся вельмі драматычна. Як адзначалася вышэй, спецыяльным распараджэннем катэгарычна забаранялася даваць прадстаўленне на «простонародном языке», і таму адкрытых паказаў, як 9 лютага 1852 г., больш ужо не было. Тым не менш калектыў настойліва працягваў працаваць. Спектаклі, зразумела, без такой вялікай масоўкі, як на прэм'еры, арганізоўваліся ў Менску на кватэрах прыватных асобаў. Яны паказваліся ў дамах Свіды, Лапіцкай, Ляўданскага, самога Дуніна-Марцінкевіча. Афішы пісаліся ад рукі, і распаўсюджвалі іх праз знаёмых па менскіх кватэрах.
«Сялянку» паказвалі не толькі ў Менску, але і ў Бабруйску, Слуцку, Глуску. Пастаноўкі ішлі і ў 1852 г. і значна пазней. Прынамсі, вядомы прадстаўленні 1855 г. І ўсюды спектакль карыстаўся нязменным поспехам. Ён набыў, можна сказаць, народнае прызнанне.
Што ж датычыць дома нараджэння славутай «Ідыліі» («Сялянкі»), то, на жаль, ён не захаваўся да нашых дзён. Будынак Менскага гарадскога тэатра пасля пажару 1884 г. быў перабудаваны. У 1885 г. разабраны рызаліт, зменена планіроўка. Галоўны фасад атрымаў новае пластычнае вырашэнне. З 1895 г. ён вядомы як будынак банка[5]. У 1920-1930-я гады быў дабудаваны чацвёрты паверх, але знесены ў 1984 г.
У гісторыі тэатральнага мастацтва Беларусі Менскі гарадскі тэатр назаўсёды застанецца ўтульным, чароўным домам, дзе нарадзілася і мела вялікі поспех першая беларуская опера.


1. Syrokomla W.L. Minsk - «Teka Wilenska», 1857. № 1. - С. 176.
2. «Памятная кніжка Мінскай губерніі на 1891 г.». - С. 83-84.
3. «Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі». Т. 1. - С. 194.
4. Александровіч С., Александровіч В. Беларуская літаратура ХХ ст.: «Хрэстаматыя крытычных матэрыялаў». - С.59.
5. Энцыклапедычны даведнік «Архітэктура Беларусі». - Мн., 1993 г.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.