Канстанцін Кабашнікаў, Анатоль Фядосік, Таццяна Валодзіна, Антон Гурскі

Фальклорныя помнікі Менска


Фальклор буйнога горада, а такім з'яўляецца і Менск,- з'ява спецыфічная, якая істотна адрозніваецца ад вуснапаэтычнай творчасці вясковага насельніцтва і нават насельніцтва мноства невялікіх гарадоў, дзе больш-менш трывала трымаецца традыцыйная культура. Спецыфіка гэта перш за ўсё абумоўлена асаблівасцямі дэмаграфічных працэсаў, якія суправаджаюць фармаванне гарадоў, а таксама асаблівасцямі быту гарадскога насельніцтва, узроўнем адукацыі і іншымі абставінамі. Што датычыць Менска, то яму з прычыны складанай і трагічнай гісторыі цяжка, а дакладней, немагчыма было захаваць пераемнасць і адзінства фальклорных традыцыяў. Дзвесце гадоў таму назад Менск налічваў 5794 жыхары, у пачатку стагоддзя - 95922, у 1917 г. - 134500, у 1939 г. - 238800. У вайну пацярпеў і сам Менск, і яго жыхары, так што зараз фактычна пабудаваны новы двухмільённы горад, насельніцтва якога фармавалася з прадстаўнікоў розных рэгіёнаў рэспублікі, з прыбыўшых на будаўніцтва прамысловых гігантаў рабочых і спецыялістаў з розных рэспублік былога Саюза, перш за ўсё Расеі і Ўкраіны. У гэтай сітуацыі цяжка гаварыць аб існаванні ці фармаванні адзіных фальклорных традыцыяў, але духоўнае і мастацкае жыццё народа ніколі не спынялася, ён шукаў і знаходзіў адэкватныя часу і ўмовам формы яго выяўлення.
Багацце каштоўных фальклорных помнікаў горада Менска сёння вызначаецца наступнымі фактарамі: наяўнасцю сярод жыхароў горада шматлікіх носьбітаў фальклорных твораў; канцэнтрацыяй соцень тысяч запісаў народных паэтычных твораў у архівах Менска; спробамі адрадзіць святкаванне Калядаў, Вялікадня, Масленіцы, Купалля і іншых каляндарных і сямейных святаў з шырокім выкарыстаннем традыцыйных абрадаў і паэзіі; функцыянаваннем фальклорных калектываў, у рэпертуары якіх пераважае выкананне народных песень і іншых вусных паэтычных твораў.
Калі ўлічыць, што носьбітамі фальклорных традыцыяў у Менску з'яўляюцца, як правіла, людзі сталага ўзросту, большасць з якіх не былі карэннымі жыхарамі горада, а пераехалі з розных рэгіёнаў Беларусі, то можна зрабіць выснову, што помнікі Менска не могуць вызначацца адзінай адметнасцю, а ўяўляюць сабой сінтэз рэгіянальнай творчасці. Перасяленцы з Палесся, напрыклад, прынеслі творы з моўнымі і меладычнымі асаблівасцямі гэтага рэгіёна, а выхадцы з іншых рэгіёнаў захавалі пэўную спецыфіку іх родных мясцінаў.
Таму не дзіўна, што ў некаторых (хоць і нямногіх) сем'ях, як і ў мінулым, выконваецца абрад куцці - першай вялікай поснай перад Калядамі, другой - багатай, шчодрай, тлустай напярэдадні Новага года і трэцяй - поснай, галоднай, вадзяной (ад Вадохрышча). Зразумела, выканаўцы абраду куцці не надавалі ёй таго магічнага значэння, якое было характэрна ў далёкім мінулым: функцыянальнасць яе раней грунтавалася на гамеапатычнай, або імітатыўнай, магіі. Рытуальная вячэра - куцця, як і іншыя зімовыя абрады, мела практычную мэту: магічна садзейнічаць будучаму ўраджаю на палях, прыплоду ў хлявах, шчасцю і дабрабыту ў сем'ях. Цяпер жа абрады і паэтычныя творы выконваюцца па традыцыі і не ўспрымаюцца як магічныя. Традыцыйны характар маюць і хаджэнні калядоўшчыкаў са звяздой, казой, адрадзіць якія спрабуюць аматары народнай творчасці. У парках Менска амаль кожны год адбываюцца провады зімы, святкуецца Масленіца. Старыя народныя абрады і песні спалучаюцца ў іх з новымі. Не менш цікавымі з'яўляюцца веснавыя абрады: наладжваецца гуканне вясны, зрэдку - хаджэнні валачобнікаў. Моладзь не прамінае адзначыць Купалле, напоўнена вясёлымі песнямі, танцамі, жартамі са значнай доляй у іх традыцыйнай народнай творчасці. Спецыфічна беларускімі з'яўляюцца хрэсьбінныя песні, але ў Менску яны спяваюцца рэдка, як і рэдка сустракаюцца розныя радзінна-хрэсьбінныя абрады (напрыклад, замест бабінай кашы, абавязковай для хрэсьбін у мінулым, прапануецца торт або пірог). Тое ж самае характэрна і для вясельнай абраднасці: традыцыйная паэзія выкарыстоўваецца на вяселлі ў горадзе вельмі рэдка. Больш устойлівыя пахавальныя і памінальныя рытуалы. У імправізацыйных галашэннях ужываецца шмат стэрэатыпных клішэ, вобразна-выяўленчых фальклорных сродкаў для выказвання смутку ў сувязі са смерцю блізкага чалавека.
Побач з класічнымі формамі фальклору ў культурным побыце насельніцтва горада раней значнае месца займалі фалькларызаваныя творы беларускіх і расейскіх паэтаў, рэвалюцыйная паэзія, а бліжэй да нашага часу - апрацоўкі фальклорных твораў, творы самадзейных паэтаў і кампазітараў і г.д. Фальклор трывала ўвайшоў у рэпертуар мастацкай самадзейнасці, шмат калектываў якой узялі яго за аснову сваёй працы, у праграмы радыё- і тэлеперадач. Фальклор запісваюць, вывучаюць, захоўваюць, публікуюць мноства навукова-даследчых і вучэбных ўстаноў горада. Усё гэта не ўкладваецца ў звыклыя ўяўленні аб народнай творчасці як сферы традыцыйнай мастацкай культуры, выходзіць за яе межы, але адлюстроўвае вельмі істотную частку духоўнага жыцця гараджанаў.
У масавай гарадской культуры XIX - пачатку ХХ стст. прыкметнае месца займалі кірмашы і звязаныя з імі прадстаўленні батлеечнікаў, дрэсіраваных мядзведзяў, балаганных дзядоў і г.д. Прадстаўленні батлеечнікаў былі зафіксаваны ў Менску. Цікавыя звесткі аб іх пакінуў Змітрок Бядуля. Ён называе прозвішчы двух батлеечнікаў-краўцоў Муравіцкага і Дэмбіцкага, якія давалі прадстаўленні ў пачатку ХХ ст., апісаў будову батлеечнай скрынкі і лялек, пазнаёміў чытача з п'есай «Цар Ірад» і асобнымі батлеечнымі сцэнкамі - «Мацей і доктар», «Антон з казой». Адзначаючы вялікі поспех батлеечных пастановак у 1915 г., Бядуля пісаў, што «ніводная класічная драма ва ўсім свеце такога шчаслівага лёсу не ведае». У гэтым годзе было наладжана 90 прадстаўленняў батлейкі. Беларускую батлейку нават вазілі ў Маскву, дзе яе паказвалі на Ўсесаюзнай выстаўцы ў 1923 г».
У Музеі старажытнабеларускай культуры і ў Беларускім навукова-метадычным цэнтры гульні і цацкі Міністэрства адукацыі РБ захоўваюцца скрынкі батлейкі з лялькамі. У архіве Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы захоўваецца і тэкст народнай драмы «Цар Мамай», якую зафіксаваў у 1960 г. у вёсцы Бялевічы Слуцкага раёна К.Кабашнікаў.
«Цар Максіміліян» быў пастаўлены і на прафесійнай сцэне ў Беларускай дзяржаўнай студыі ў Маскве, у Калоннай зале Дома Саюзаў, і ў 1924 г. прадстаўлены на суд гледача ў Менску. П'еса прыцягвала ўвагу вострым канфліктам, непахіснасцю перакананняў аднаго з галоўных герояў - сына цара Максіміліяна. Цёпла сустракаў глядач і розныя гумарыстычныя і сатырычныя, нібы падгледжаныя з самога жыцця, сцэны батлейкі. Галоўныя персанажы - простыя людзі развітым пачуццём гумару і з пачуццём уласнай годнасці.
Са сцэны гучалі многія беларускія песні, выконваліся нацыянальныя танцы. У 1907 г. Ф.Ждановіч разам з сябрамі і аднадумцамі падрыхтаваў цікавую праграму «Беларускі кірмаш», куды былі ўключаны народныя песні. Беларускія народныя песні і танцы займалі значнае месца ў рэпертуары трупы І.Буйніцкага, якая выступала ў розных гарадах Беларусі, у тым ліку і ў Менску, а таксама ў Пецярбургу.
Сярод рабочых Беларусі былі шырока вядомыя песні «Жыццё маё нялёгкае...», «Ізмучаны, ісцерзаны» і іншыя розныя паходжаннем творы. У Менску запісаны адзін са шматлікіх варыянтаў песні «Ізмучаны, ісцерзаны»[1], у аснове якога ляжыць верш рабочага паэта Прохара Рыгоравіча Гарохава. У песні створаны вобраз рабочага першых дзесяцігоддзяў парэформавага часу, які адчувае сябе бездапаможным перад страшэннай бязлітаснай сілай капіталу, перад эксплуататарамі. Менскі варыянт захоўвае вельмі выразныя радкі, якія характарызуюць і фізічны, і маральны стан рабочага («Ізмучаны, ісцерзаны.. ідзе, як цень загробная...»), падкрэслівае характар і ўмовы працы, перадае становішча яго сям'і. У песні дзе-нідзе гучаць ноты песімізму, адчаю, безвыходнасці, што змяншае яе ідэйныя вартасці, але галоўная яе каштоўнасць - праўдзівы рэалістычны паказ лёсу мільёнаў працоўных у грамадстве, дзе пануе капітал.
Што ж датычыць непасрэдна дарэвалюцыйнага фальклорнага рэпертуару менчан, то ён спецыяльна не фіксаваўся і не вывучаўся даследнікамі. Затое вялікую пільнасць да таго, што спяваюць і пра што гавораць людзі, пастаянна праяўляла царская ахранка, якая і пакінула звесткі пра бытаванне твораў, небяспечных з яе пункту гледжання для існаваўшага ладу.
У Беларусі рознымі шляхамі распаўсюджвалася нелегальная літаратура, сярод якой значнае месца займалі рэвалюцыйныя песні і маршы, а таксама творы класікаў расейскай і беларускай літаратуры і блізкія да іх ідэйным гучаннем песні і вершы вядомых і невядомых аўтараў. Гэтыя творы нелегальна выдаваліся асобнымі зборнікамі, распаўсюджваліся ў выглядзе лістовак, друкаваліся ў газетах, перапісваліся. Найбольш актыўна названыя матэрыялы распаўсюджваліся ў буйных гарадах, у тым ліку ў Менску.
Адна з найбольш ранніх судовых справа ў падобнага кшталту - «Справа па абвінавачванню вучня Менскай духоўнай семінарыі Чысцякова І.В. у перапісцы для невядомай асобы забароненых вершаў «Расейскаму народу», «Арол», урыўка з чацвёртай главы «Што рабіць?» Чарнышэўскага, якія высмейваюць існуючы лад. Пачата 20 красавіка 1881 г., закончана 7 верасня 1883 г. на 78 лістах»[2].
Яшчэ раней, у 1879 г., была заведзена судовая справа ў сувязі з выкананнем папулярнай песні «Дубінушка»[3], напісанай паэтам-рэвалюцыянерам А.Ольхіным на аснове тэксту В.Багданава, які ў сваю чаргу арыентаваўся на народную песню. Песня была прасякнута аптымізмам, верай у вызваленні.
У справах асобага аддзела былога дэпартамента паліцыі захоўваецца рапарт начальніка Менскага губернскага жандарскага ўпраўлення ад 20 сакавіка 1905 г., у якім ён паведамляў, што ў час ператрусаў былі знойдзены розныя рэвалюцыйныя брашуры і пракламацыі, у тым ліку і брашура пад назвай «Песні рэвалюцыі»[4]. Звычайна ў падобных зборніках друкаваліся «Марсельеза», «Варшавянка», «Інтэрнацыянал». Песні і вершы рэвалюцыйнай накіраванасці друкавала газета «Северо-Западный край», якая выдавалася ў Менску ў 1902-1905 гг. Тут была надрукавана шырока вядомая ў тыя часы ў Беларусі «Рабочая песня» (1905 г., № 782), верш Я.Купалы «Мужык (15.V.1905), «Песня пролетариев», «Інтэрнацыянал» (2.XI.1905).
Праз «Северо-Западный край», «Нашу ніву», нелегальныя брашуры, лістоўкі распаўсюджваліся творы беларускіх паэтаў Ф.Багушэвіча, Цёткі, Я.Купалы, Я.Коласа, Ц.Гартнага. У 1910 г. «Наша ніва» выдала пакладзены на музыку Л.Рагоўскім верш Я.Купалы «А хто там ідзе?» Разам з нотамі ў выглядзе лістоўкі, надрукаваўшы тэкст кірыліцай і лацінскімі літарамі, што садзейнічала шырокаму распаўсюджанню твора.
Са старонак легальных і нелегальных выданняў гэтыя творы ішлі ў народ, замацоўваліся ў песенным рэпертуары менчан, у першую чаргу менскіх рабочых. Па ўспамінаў рабочых Менскага завода імя Мяснікова, рэвалюцыйныя песні сталі неад'емнай часткай маёвак, мітынгаў, сходаў. Збіраліся недалёка ад Менска, у Козыраўскім лесе, там выступалі агітатары, рабочыя спявалі «Отречемся от старого мира», «Варшавянку» і іншыя песні[4]. Гэтыя песні пэўны час яшчэ захоўваліся ў песенным рэпертуары гараджан, выконваліся на розных урачыстасцях, дэманстрацыях, маёўках.
У новы час у паўсядзённым быце менчан значнае месца займае савецкая масавая песня «Кацюша», папулярныя беларускія народныя песні («Касіў Ясь канюшыну», «Бывайце здаровы», «Ой, рэчанька, рэчанька»), а таксама разнастайныя сямейныя і каляндарныя абрадавыя песні, якія прывезлі з сабою ў Менск з розных куткоў Беларусі яго навасёлы.
У фальклорных архівах Менска шырока прадстаўлены шматтысячныя запісы паэтычных твораў зімовага, веснавога, летняга і восеньскага цыклаў беларускага земляробчага календара, сотні тысяч песень і прыпевак сямейна-абрадавай паэзіі - хрэсьбінных і вясельных, нямала пахавальных галашэнняў, а таксама шмат апісанняў абрадаў, звычаяў, народных рытуалаў. Шматтысячнымі запісамі характарызуюцца калекцыі пазаабрадавых песень, а таксама казак, легендаў, паданняў, анекдотаў, жартаў, прыказак, прымавак, загадак, прыпевак, баладаў. Параўнаўча менш захоўваецца замоваў, але і сярод іх сотні тэкстаў, якія бытавалі ў пасляваенныя гады. Багаты фальклорны архіў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, асабліва помнікамі песеннай творчасці. Вялікую каштоўнасць уяўляюць фальклорныя творы, сабраныя выкладчыкамі і студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. Багатыя прыватныя калекцыі народна-паэтычных твораў захоўваюцца ў многіх фалькларыстаў і аматараў вуснай паэзіі. Асаблівую важнасць для навукі ўяўляюць музычныя запісы фальклорных твораў, дзесяткі тысяч якіх знаходзяцца ў названых вышэй архіўных сховішчах.
З сярэдзіны 80-х гадоў ХХ ст. адчуваецца рост цікавасці розных слаёў грамадства да традыцыйнай народнай культуры. У Менску ствараюцца і актывізуюць сваю дзейнасць калектывы мастацкай самадзейнасці, арыентаваныя на народную творчасць. Асабліва важна, што сярод іх з'явіліся дзіцячыя калектывы, такія, як ансамбль «Зорачка» пры Палацы прафсаюзаў, дзіцячы фальклорны калектыў Міханавіцкай школы і іншыя, якія ў свой рэпертуар уключаюць як дзіцячы, так і «дарослы» фальклор, у прыватнасці, цікавыя ўзоры каляндарнай абрадавай паэзіі - калядкі, вяснянкі, купальскія песні ды інш. Вельмі багаты, цікавы і разнастайны фальклорны рэпертуар ансамбля «Дзіва», які працаваў на базе Менскага культасветвучылішча, фальклорных калектываў універсітэта культуры, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і іншых ВНУ, а таксама прадпрыемстваў горада.
Тэрмін «фальклор Менска» цалкам справядлівы і дакладны ў дачыненні да вуснай творчасці таго слоя насельніцтва, якое нарадзілася і пастаянна жыве ў гэтым горадзе. І такая частка менчукоў ёсць - гэта перш за ўсё дзеці. Менавіта іх сучасная (бо сам узрост носьбітаў сведчыць пра тое) творчасць ўяўляе сабой тыповы зрэз сённяшняй гарадской культуры. Ні публікацый тэкстаў, ні тым больш даследаванняў дзіцячага фальклору Менска пакуль не існуе[6], таму наступныя разважанні будуць уяўляць сабой павярхоўны агляд сучаснай дзіцячай творчасці (матэрыялам для якога паслужылі запісы ад маёй дачкі Аляксандры (1989 г.), яе сяброў і аднакласнікаў, а таксама дадзеныя архіва навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору БДУ).
Найперш адзначым, самі дзеці даволі адметна кваліфікуюць уласную творчасць - гэта «крутыя», «хілыя» песні ў адрозненне ад «нармальных» - тых, што чыталі, чулі ад дарослых і да т.п. Нельга катэгарычна сцвярджаць, што дадзеныя тэксты з'яўляюцца ўласнасцю толькі менскіх дзяцей, вядомыя яны і ў іншых гарадах і вёсках Беларусі. Неабходна падкрэсліць і расейскамоўнасць запісаных твораў.
Сучасны дзіцячы фальклор уяўляе сабой даволі складаную сістэму, у якую на роўных правах увайшлі як традыцыйныя жанры: песні, лічылкі, казкі, калыханкі, забаўлянкі, гульні, дражнілкі, прыгаворы, загадкі і інш., так і групы тэкстаў, якія пакуль не атрымалі належнага «навуковага прызнання»; жахлівыя гісторыі, міні-дыялогі, вершы-рэчытатывы і іншае.
Працягваецца працэс фармавання сюжэтна-тэматычнага складу жанраў дзіцячага фальклору ва ўсёй складанасці міжжанравых пераходаў вобразаў і матываў, якія выступаюць то самастойна, то ў якасці часткі больш аб'ёмнага твора.
Калі народная калыханка ўсё больш саступае месца літаратурнай (часцей, славутым «усталым игрушкам и книжкам»), то забаўлянка працягвае актыўна бытаваць і папаўняцца. З'явіліся, праўда, побач з добра вядомымі сарокай-варонай, што варыла дзецям кашку, казой, якая бадае непаслухмяных, і кошкай, што выйшла замуж за ката, і сучасныя прыкметы «цывілізацыі»: пры масажы спінкі дзіцяці прыгаворваюць: «столбы, столбы», - водзячы ўдоўж, «провода, провода» - пры рухах упоперак, «электричество, электричество» - ласкава «чмякаюць» цельца. Добра вядомыя і «рельсы-рельсы, шпалы-шпалы», па якіх рухаецца «поезд запоздалый».
Актыўна бытуюць дражнілкі, сярод якіх найбольш папулярныя ўніверсальныя вершыкі, г.зн. тыя, з якімі можна звяртацца да вялікай колькасці дзяцей. Традыцыйнае абыгрыванне імені альбо знешняга выгляду ўсё больш саступае месца кпінам з паводзінаў, учынкаў сяброў - прыкладам, вядомыя «Ябеда-корябеда, соленый огурец, по полу валяется, никто его не ест», «Тили-тили-тесто, жених и невеста...», «Алка-палка сигарета // Вышла замуж за шкилета. // А шкилет не полюбил, // Взял за шкирки и убил».
Архіў навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору БДУ змяшчае вялікую колькасць лічылак - невялічкіх вершаваных тэкстаў, з дапамогай якіх вызначаецца чарговасць у гульні, выбіраюцца вядучыя. Сучасная лічылка часцей сюжэтная, гэта кароткае вершаванае апавяданне, героямі якога становяцца ці знаёмыя фальклорныя чорт і ведзьма:

Ці кніжныя ўсходнія ўладары і экзатычныя жывёлы:

Сустракаюцца і зусім сучасныя, бытавыя «карцінкі» - «На кухне бабы дрались, // Тарелками кидались, // Одна забила гол, // И кончился футбол», - калі дзіцячая фантазія нечаканым супастаўленнем сваркі з футболам стварае наглядную сітуацыю і ў той жа час здзекліва смяецца з яе.
У адрозненне ад лічылак, якія не маюць аналогіі ў дарослым фальклоры, дзіцячыя вершы актыўна карыстаюцца вобразамі з рэпертуару дарослых. Іншая справа, калі тэксты часта змяняюцца ў залежнасці ад узнікшых у працэсе асіміляцыі чыста асацыятыўных, эмацыянальна афарбаваных сувязей. Папулярным у сучаснай дзіцячай аўдыторыі стала перакладванне вядомых вершаў, песень, у якіх неверагодным чынам кантамінуюцца, змешваюцца рознажанравыя, фальклорныя, літаратурныя, проста вулічна-жаргонныя матывы і вобразы.
Працягваюць бытаваць скорагаворкі («Сорока с вороной спорила, тараторила, тараторила, ворону переспорила») і маўчанкі - вершаваныя дамовы маўчаць, вядомая: «Ехали бояре, кошку потеряли...» Сэнс маўчання, як правіла, камічны, і дамова доўга не вытрымліваецца, хтосьці засмяецца да вялікай радасці іншых дзяцей. Яшчэ адзін прыклад:

Відаць, асаблівасцямі псіхікі як дарослага, так і маленькага чалавека тлумачыцца шырокае распаўсюджанне ў сучасным дзіцячым фальклоры так званых страшылак - кароткіх гісторый з закончаным сюжэтам, якія характарызуюцца жудасным, неверагодным зместам. Магчыма, страшылкі працягнулі сабой традыцыю былічак, бо гэтак жа пачынаюцца ўстаноўкай на рэальнасць падзей: «Сидела бабушка в комнате и слушала радио...» Відавочна, самаўзгадванне цалкам рэальных прадметаў, атрыбутаў - радыё няма ў казачных сюжэтах - накіроўвае на замацаванне веры ў тое, аб чым апавядае страшылка: ...а тут по радио объявляют: «Бабушка, бабушка, выключите радио, Черная Рука уже вышла из лесу». Бабушка сидит, испулагась. «Бабушка, бабушка, выключите радио, Черная Рука уже идет по вашей улице». Бабушка не двигается. «Бабушка, бабушка, выключите радио, Черная Рука уже идет по лестнице». Бабушка окаменела. «Бабушка, бабушка, выключите радио, Черная Рука подходит к вашему этажу». Бабушка еле дышит. «Бабушка, бабушка, выключите радио, Черная Рука открывает дверь в вашу квартиру». Бабушка хлоп и умерла со страху. А по радио говорят: «Мы передавали русскую народную сказку».
На думку вучоных-псіхолагаў, вытокі жахаў дзіцячых фантазій у дэфіцыце ў сучаснай дзіцячай літаратуры і выхаванні такіх эмацыянальна-эстеэтычных рысаў, як трагічнае, жахлівае, невядомае, загадкавае. Вось і даводзіцца дзецям выпрацоўваць кампенсаторныя здольнасці - ствараць жахлівыя гісторыі. Гэта тыпова гарадскі фальклор. І рэч не толькі ў атрыбутыцы, а і ў новым мысленні гарадскіх дзяцей, адмежаваных ад прыроды і праўды жыцця.
Часцей напружанне ад жахлівага не на жарт сюжэта здымаецца іранічна-«страшнай» заўвагай: «Вы слушали русскую народную сказку» (сумна, але нават такія дробязі сведчаць пра нізкую ступень нацыянальнай самаідэнтыфікацыі нашых дзяцей). Вядома страшылцы і рэдкае, нечаканае выйсце са «страшнага свету» ў свой: дзіця хапае суседа за грудзі са словамі: «Отдай мое сердце!». Звяртаючыся да фальклорных вытокаў страшылкі, найперш вылучаецца прыём паступовага звужэння вобраза, локуса: чорны востраў, чорны лес, чорны дом, стол і г.д., ды і сам вобраз нябожчыка, які на кароткі тэрмін вяртаецца ў свет жывых, з'яўляецца тыпова фальклорным, уласцівым былічкам, казкам і да т.п.
Такім чынам, жахлівыя гісторыі вельмі патрэбныя маленькаму чалавеку, бо, праходзячы праз этап яркіх перажыванняў незразумелага і дзіўнага, таемнага і такога страшнага, ён гэты страх і пераадольвае, творча пераасэнсоўвае.
Адносна новым з'яўляецца і жанр міні-дыялогаў, асноўныя рысы якога - камічнасць, іронія, гульня слоў і паняццяў, часам рыфмаванасць. Наогул, дзіця праз падобныя творы пачынае адчуваць рытм, рыфму, вучыцца карыстацца ёю, адчуваць яе стваральныя магчымасці:

Цэлую групу складаюць «тэлефонныя» міні-дыялогі, якім уласцівая шырокая асацыятыўная вобразнасць, анекдатычнасць, нечаканы камічны эфект:

Відавочна, падобныя творы з'яўляюцца своеасаблівым пераходам, прыступкай дзіцячай фантазіі да дарослай творчасці, да актыўнага ўключэння яе ў свой рэпертуар.
Даволі прадуктыўнымі з'яўляюцца малыя жанры фальклору дзяцей Менска: выслоўі, прымаўкі, прыгаворкі, жартоўныя пытанні і інш. Натуральна, тут ізноў у цэнтры ўвагі быт, часта школьны, сітуацыі гульні, вольнага часу. Найпершай крыніцай узнікнення ўстойлівых выразаў сталі дзіцячыя і дарослыя літаратурныя творы, цытаты з папулярных мультфільмаў - «рассеянный с улицы Бассейной», «работает, как папа Карло», «поели, можно и поспать. Поспали, можно и поесть», «богатенький Буратино» і многія іншыя. Вядомыя дзецям і часта імі ўжываюцца (у кампаніі аднагодкаў) грубаватыя, цынічныя выказванні, насычаныя абсцэннай лексікай. Аднак усё ж часцей гэта наіўны цынізм маленькіх «нігілістаў» - прыкладам «убийство лысого в подвале пустым мешком по голове» - адказ дзеля адказу, «я у мамы вместо швабры» - пра неахайную прычоску і г.д. Свой адбітак сучаснае гарадское асяроддзе пакінула і на спецыфіцы этыкетных выразаў: «Будь здоров, расти большой, не будь лапшой», «кто повторяет, тот в уборную ныряет», «первое слово дороже второго, второе слово слизала корова» і да т.п.
Па-за разглядам яшчэ застаюцца песні, гульні, загадкі, казкі, жарты, анекдоты і іншыя жанры і жанравыя групы дзіцячага фальклору Менска. Сёння цяжка адназначна сцвярджаць аб маральным імператыве і эстэтычных вартасцях усіх вышэйзгаданых твораў. Бяспрэчна адно: яны, як і належыць фальклору, адбілі, па-мастацку ўвасобілі навакольны свет, быт і нават палітыку. У іх - арыенціры, інтарэсы і каштоўнасці нашых дзяцей. Ужо адно толькі гэта варта самай пільнай увагі.
І зараз сярод жыхароў Менска актыўна бытуюць шматлікія творы так званых малых фальклорных жанраў - прыказкі, прымаўкі, загадкі, анекдоты, жарты. Каштоўнасць гэтай спадчыны выразна відаць на прыкладзе твораў, запісаных адным з аўтараў гэтага артыкула А.І.Гурскім ад сваёй бабулі Марыі Адольфаўны Гурскай (1894 г. нараджэння), якая жыла ў Менску з 1949 па 1976 год.
З пакалення ў пакаленне перадае народ бясцэнную эстафету - сваю вуснамоўную мастацкую творчасць. Адначасова гэта і эстафета мудрасці і аптымізму, незвычайнай здольнасці глядзець на сусвет цвяроза і разам з тым весела, здольнасць умець прастадушна, няхітра пасмяяцца над тым, што сапраўды смешна, выказаць мудрагелістую дасціпную думку разам з іроніяй, вясёлым жартам. Менавіта такім мэтам служыць вельмі папулярны сярод сельскага і гарадскога люду вуснамоўны афарыстычны жанр - прыказкі і прымаўкі. Спрадвеку нашы дзяды і бабулі выказвалі свой востры розум і сваё красамоўства прыказкамі і прымаўкамі. Не знойдзецца сталага чалавека ў народзе, хто б не карыстаўся імі, дарэчы, асабліва ў гутарковай мове.
Прыказкамі і прымаўкамі «аздабляюць» гутарку ў якасці аргумент да той ці іншай думкі ці ў якасці пераканаўчага доказу. Гэта свайго роду апеляцыя да спрасаванай вякамі народнай мудрасці, да гаспадарчага і жыццёвага вопыту селяніна: Што ўлетку нагою, тое ўзімку губою; Летні дзень год корміць; Малыя дзеці спаць не даюць, вялікія - сам не заснеш. Выснова многіх прыказак і прымавак будуецца на пільных назіраннях і добрых ведах пра з'явы прыроды, з якою непарыўна звязана працоўная дзейнасць і жыццё селяніна: Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць; З вялікага грому ды малы дождж. У афарыстычнай форме прыказкі і прымаўкі перадаюць філасофскія і маральныя погляды народа, якія ва ўсе часы адрозніваліся стрыманасцю, мужнасцю і чалавекалюбствам: Што бог роўна дзеліць - дык гэта старасць; Хто сее, а хто барануе - бог усіх параўнуе; Зняўшы галаву, па валасах не плачуць; Жыццё пражыць - не поле перайсці.
У прыказках і прымаўках народ выказвае свае погляды на паводзіны людзей з пункту гледжання этычных правілаў, засвоеных ім ад старэйшых пакаленняў. Мноства з такіх твораў гучыць у форме парад і рэкамендацый: У дасужага баляць ногі, а ў гультая - жывот; Памаўчы - за разумнага палічаць; Лепш з разумным згубіць, як з дурнем знайсці; Галодная кішка - вастрэй меча; Не прасі ў бога лёгкага жыцця, а прасі лёгкай смерці; З чужога воза сярод рэчкі злась; Адзін з'еш хоць вала - адна хвала. Менавіта прыказкі і прымаўкі выразна перадаюць адметную рысу вуснамоўнай творчасці беларусаў - непераадольнае імкненне да вострага трапнага слова, гумару, жарту: Пагуляў, як цяля на вяроўцы; Пашкадаваў воўк кабылу - пакінуў хвост і грыву.
Дакладна адлюстраваліся багаты жыццёвы вопыт народа, яго выключная назіральнасць, дасціпны розум, кемлівасць і невычарпальная фантазія ў загадках. Па сцісласці формы, лексічных і фанетычных якасцях гэты жанр вуснамоўнай творчасці падобны да прыказак і прымавак. Але семантычнае напаўненне гэтых твораў рознае.
Азадачыць слухача, выпрабаваць яго здагадлівасць, кемлівасць, падштурхнуць да лагічнага разважання, навучыць вобразнаму мастацкаму мысленню - вось функцыі загадак. Асабліва любіць народ адмыслова хітрыя, мудрагелістыя загадкі (загадкі-задачы): Чым адолець хцівага? (Грашыма); Чым адолець гордага? (Пахвальбой); Чым адолець мудрага? (Праўдай); Што за ўсё мілейшае (Сон); Што за ўсё мякчэйшае (Рука); Што за ўсё хутчэйшае? (Думка); Што век плыве і ніколі да берага не прыстане? (Воблакі).
У загадках адлюстраваўся і эстэтычны густ народа-мастака, асаблівае імкненне яго да прыгожых, маляўнічых параўнанняў. Многія загадкі цалкам будуюцца на метафары: Сярод лесу агонь гарыць (Каліна); Дзве сястрыцы сцюдзёным малачком мыюцца (Палазы ў снезе). Цікавыя па сваёй мастацкай форме загадкі, што будуюцца на супрацьстаўленні - стылёявым прыёме выключэння падобных адзнак у загадваемага: Зялёная, а не луг, белая, а не снег, кучаравая, а без валасоў (Бяроза). Сустракаюцца загадкі і ў складзе больш буйных празаічных жанраў - казках, прытчах.

Досыць папулярны і любімы ў народзе празаічны сатырычна-гумарыстычны жанр - гумарэскі-жарты. Гэта кароткія апавяданні пра камічныя паводзіны ці ўчынкі людзей, пра асобныя прыватныя з'явы, дзе часам поруч з вясёлым гумарам, жартам гучыць незласлівая сатыра. Жарту характэрны сцісласць формы, іранічны ідэйны падтэкст апавядання і нечаканасць выніку, які павінен рассмяшыць, забавіць слухача. Найбольш прыдатнай формай для жарту з'яўляецца кароткі дасціпны дыялог:

У заключэнне трэба адзначыць, што ўсе разгледжаныя намі творы малых фальклорных жанраў уяўляюць сабою сплаў вострага народнага розуму, пільнай назіральнасці, філасофскай разважлівасці і сакавітага народнага гумару.


1. АШМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 78, сп. 1, л. 21.
2. Да Менскай вобл., ф. 295, воп. 1, № 3669.
3. Тамсама, № 3365, л. 225.
4. ЦДГМ, ф. ДПОО, воп. 1905, спр. 5, ч. 30, л. 54.
5. Кабашнікаў К. Ад традыцыйнага фальклору да рэвалюцыйнай паэзіі. - Мн., 1969. - С. 167
6. Пра дзіцячую народную творчасць г. Менска напісала Т.В.Валодзіна.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.