АЛЯКСЕЙ БАЦЮКОЎ

 

беларуская кніга мёртвых

прорва

 

БЕЛАРУСКАЯ КНІГА МЁРТВЫХ

Павал Пятровiч завяршыў жыцьцё ў маленькiм пакоi на восьмым паверсе iнтэрнату на дваццаць трэцiм годзе i нарадзiўся потым пчалой у цёплым паветры. Ён скончыў свой доўгi шлях стомлены i хворы, апрануты ў чырвоную кашулю зь белым надпiсам на грудзях i пазьней нoколi не вяртаўся ўва ўспамiнах да гэтай падзеi. Яму заставалася два месяцы да чарговага дня нараджэньня. Павал у трывожным трымценьнi плыў i плыў над кветкамi. Калi кветкi скончылiся, ён заплюшчыў вочы.

Пра лёс Настасьсi Пiлiпаўнай нiчога не вядома. Яна прыйшла ўвечары з працы, сустрэла дома агромнiстую дзірку, рассьмяялася i скочыла ўнутро.

Кiроўца чацьвертага магiлеўскага таксапарку Анатоль Т. загiнуў ад пiльнасьцi прадаўшчыцы пiўнога павiлёну — калi тая выкiдала пабiтую бутэльку, ён якраз падаў на траву. Церазь некалькi хвiлiн да кiроўцы прыйшлi вiдзежы, гэта былi маленькiя лысыя каровы, якiя дражнiлi i хапалi яго за ногi. Затым мёртвы Анатоль у глыбокiх снах бачыў cваё мiнулае, якое камэнтаваў цiхi прыемны голас галоўнага мэханiка.

Чатыры дзяўчынкi ў розны час i ў розных гарадах не вярнулiся са школак i потым iх бачылi ўсiх разам у цягнiку Мiнск-Асiповiчы. Яны падыходзiлi да пасажыраў i, прыкладаючы свае далонi iм да плеч, казалi такое: "Мы Таня, Iра i дзьве Кацi, мы былi забiтыя i пахаваныя ў лесе блiзу Друцi. Мы ня можам знайсьцi сваiх бацькоў i просiм, каб вы перадалi iм, што мы iх вельмi любiм".

За смугою часу ўсе забылi пра сьмерць маленькай бабулькi ў доме №1 на вул. Фацiна ў Вiцебску. Пры жыцьцi яна любiла выглядаць на вулiцу праз вакно, зьбiрала грошы на хаўтуры, але некалькi разоў не вытрымлiвала i на ўсё сабранае купляла сабе чакаляды i доўга потым саромелася гэтай слабасьцi. Як і большасьць дарослых жанчын, пасьля сьмерцi яна нiкуды не падзелася.

Сонца адлюстравалася ў вадзе. Плынь таропка зносiла капялюш яшчэ аднаго калгасьнiка.

Мiнула восем год i ў вёсцы Мастаўляны Беластоцкага ваяводзтва зьявiўся цьмяны помнiк маладому чалавеку з мужным, адкрытым тварам i мяккiмi шляхецкiмi плячмi. Да яго нярэдка прыяжджалi школьнiкi з-за мяжы i ўскладалi кветкi. Несьмяротнымi рукамi помнiк хапаў сябе за сьцёгны, крыху прысеўшы i раскрыўшы рот. I дзецi i выпадковыя мiнакi са спачуваньнем ставіліся да жартаў нацыянальнага героя.

Вось што я нядаўна прачытаў:

“Эсюн, майстру дзэн, было 60 год, калі яна адчула набліжэньне сьмерці. Яна папрасіла некалькі манахаў скласьці ёй пахавальнае вогнішча ў двары. Рашуча сеўшы пасярод яго, яна падпаліла дровы збоку.

— О манахіня, — зароў адзін манах — ці ня горача табе?

— Толькі такому дурню, як ты, ёсьць да гэтага справа — адказала Эсюн.

Полымя ўзьнялося вышэй і яна памерла”.

Болей ня маю нічога дадаць.

Самалёт узьнімаецца над зямлёй. У салёне сядзяць тры мужчыны, яны чытаюць газэты. Празь колькі хвілінаў да іх выходзіць стуардэса і прапаноўвае адкаркаваныя бляшанкі зь півам і прадукты. Мужчыны нізка хістаюць галовамі, гаворачы:

— Дзякуй, дзякуй, дзякуй.

Затым стуардэса, усьміхнуўшыся кожнаму зь іх, вяртаецца да пачатку салёну і працягвае ўсьміхацца. Мінае пятнаццаць хвілінаў і мужчыны зноў пачынаюць чытаць газэты. У гэты час з-за сьпіны стуардэсы зьяўляецца чалавек у форме. Ён нешта шапоча дзяўчыне і разам яны сьмяюцца, хапаючыся за жываты. Чалавек у форме спрабуе нешта сказаць пасажырам, але стуардэса спыняе яго лакцём і шыпіць:

— Стой, стой.

Яна рыхтуецца нешта сказаць пасажырам, прыкрывае далоньню рот, каб не засьмяяцца, затым кажа:

— Паважаныя пасажыры. Я хачу прадставіць вам памочніка пілота, Зюкіна Аляксандра Іванавіча.

Абодва яны крывяцца са сьмеху і ўпотай паказваюць жэстамі на пасажыраў. Зюкін Аляксандр Іванавіч нарэшце выходзіць наперад і кажа:

— Я вам у піва насцаў.

Вось так здарылася, што Зюкін Аляксандр Іванавіч насцаў пасажырам у піва.

Клім Сарокін забіў сябе дзявятага лютага бягучага году амаль а дванаццатай гадзіне ночы ў ванным пакоі. Вада мякка прыняла кроў і афарбавалася ў сьветла-чырвоны колер, схаваўшы гэтым колерам бялюткае цела. Клім нерухома ляжаў у вадзе, назіраючы за сабой. Зь цягам часу ягоны позірк зьліўся зь сьвятлом, смак з вадой, слых з паветрам, а мова засталася агнём і ён стаў гаварыць:

“Спачатку я падзякую" — казаў Клім — "кожнаму жывому чалавеку за тое што ён, такі шматлікі, даў мне магчымасьць дажыць да гэтае ночы і не перапыніў шлях маёй рукі аніякім рухам ці словам. Таксама я ўдзячны сваёй маці, адзінай паважанай жанчыне, намаганьнямі якой я ніколі ня ведаў бацькі і не стамляўся думаць пра гэта. Маё асаблівае прывітаньне сябрам, калі, безумоўна, іх зацікавяць гэтыя словы. Мне болей няма чаго казаць і рабіць, акрамя як ляжаць вось так у вадзе і назіраць за сабой... Вось я ляжу... Яшчэ можна ўзгадаць суседку па лесьвічнай пляцоўцы, бо аднойчы яна не паглядзела на мяне са звыклай агідай, а проста сустрэлася вачыма са мной і адвяла позірк. Гэта было вельмі прыемна, я гатовы быў ёй так і сказаць... Я адмыслова зрабіў ваду крыху цяплейшую за тэмпературу цела і пусьціў тонкі гарачы струменчык да ног, каб зыйсьці ў цеплыні, не кранаючыся плячмі халодных сьценак... Вось, я паміраю... Мне нічога не чуваць... Сьмешна!... Маё цела пахаваюць на трэці дзень альбо спаляць... Ніхто ня ведае зараз гэтага дакладна, хіба што, мусіць, матуля — яна, напэўна, ужо думала пра гэта і на ўсялякі выпадак усё вырашыла... Мне няма чаго сумаваць, мне лёгка, я паміраю... Вось, атрымліваецца, што я цяпер ужо амаль памёр...”

Апошняя цыгарэта. Дакрануцца да кішэняў забітага Андрэй прымусіць сябе ня змог. Пстрыкнуўшы недапалкам у траву, юнак пацягнуў цела да ракі. Ногі, даўно мокрыя ад расы, часам правальваліся ў кратовыя ямы і пакідалі выразныя сьляды. Андрэй не зважаў на гэта — раніцой тут пагоняць кароў. Каўнер забітага — ніхто ня ведаў ягонага імя — раптам парваўся, і юнак з усяго маху расьцягнуўся на траве. Каб цягнуць далей, давялося ўзяцца за рукі і запэцкацца ў крыві. Ішоў ён цяпер зусім наўздагад і ледзь не закрычаў, калі нага цалкам правалілася ўніз — скелз апынуўся нечакана блізка. Цела павярнулася і паехала па схіле, заграбаючы пясок. Андрэй С. падумаў, што гэта добрая ідэя і як мага напхаў пяску пад майку забітаму і ў рукавы. Прывязваць камень ужо не было моцы. Цела лягло на самай кромцы вады і Андрэю стала млосна ссоўваць яго далей нагамі, ён асьцярожна зайшоў у раку і туўзануў цела на сябе. Цела павольна і мякка падплыло. Амаль адразу Андрэя званітавала, скурчыўшыся, ён кашляў проста на чорную куртку мерцьвяка, на свае рукі і жывот.

Адзін жаўнер пайшоў на вайну і прызвычаіўся там да цыгарэт.

Песьня мёртвага калгасьнiка:

Во стаiць мая карова,

Я з кароваю гуляю,

Я яе запамiнаю.

 

 

ПРОРВА

(Паглыбленьне ў эстэтычныя махлярствы -- мяне ніколі так не палохала ўласная прыгажосьць, я яшчэ не ведаю гэтага пачуцьця нявольнай радасьці, няволі й радасьці)

Вандроўнік:

Я запоўнены перакрэсьленымі словамі,

Я рэлігія,

Вецер выцер дахавіцу,

Лісьце ўцяла пляц.

(Некалькі гадзінаў таму я зразумеў, што заўсёды ймкнуўся да злачынства і, магчыма, я зьдзейсьню злачынства. Я не вандроўнік)

Не Вандроўнік:

Я пакінуў свае парэшткі,

Я зьдзейсьніў тое, да чаго імкнесься ты,

Я вымеў із сябе сьмецьце,

Я валодаю сваімі жаданьнямі і сваімі здольнасьцямі,

Таму што я ніколі не сумняваюся,

І я нікуды ня йду,

Я бачыў бязвольныя вочы тваіх дэманаў,

Ты ніколі не дасі ім волі.

Зьмесьцішча наступнага прапушчанага шэрагу вершаў паказвае духоўную высакароднасьць Вандроўніка й сумнеўныя этычныя арыентацыі Не Вандроўніка, даводзячы чытачу глыбіню суму й павярхоўнасьць задаволенасьці. Далей Вандроўнік запрашае Не Вандроўніка пасьнедаць.

Вандроўнік:

Даў мне Бог тваю прысутнасьць,

Гэты дар яму вярну я,

Я цябе заб'ю і хутка

З'ем і суха вытру рукі.

Такім чынам мы бачым нечаканую хібу ў паводзінах Вандроўніка і разумеем, што гэтая хіба аспрэчвае ўсю глыбокую душу такога чалавека, як ён, роўна як вернасьць ягоных поглядаў на адносіны чалавека з сусьветам.

Не Вандроўнік:

Што ж, зарэж,

Я стану ежай.

Прамоўленыя амаль прыязна, гэтыя вершаваныя радкі насамрэч самае махлярства. Не Вандроўнік відавочна прытойвае свае сапраўдныя адчуваньні.

Вандроўнік:

Станеш ежай? Лепей вежай

Стань, а я зь цябе звалюся.

І стомлены Вандроўнік, завершыўшы апошнюю фразу, і абыякавы Не Вандроўнік цягнуцца цяпер у думках насустрач адно да аднога, баючыся ўсё ж страціць праз тое прорву, што палягае між імі.

 

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil