АЛЁНА БАРШЧЭЎСКАЯ

 

разьвітаньне з борхесам

сфінга

 

РАЗЬВІТАНЬНЕ З БОРХЕСАМ

Р.Ш. і іншым

З тэарэмы пра абмежаваную колькасьць магчымых выбараў Рэдфэрн выводзіць асноўную ўласцівасьць Блукальняў – здольнасьць да падваеньня, дубляваньня, паўтораў. Само існаваньне аднаго складніка абумоўлівае ўзьнікненьне шэрагу аналягічных; паводле вядомага міту, у цэнтры Блукальні зьмяшчаецца ключавы элемэнт — матрыца, згубная дасканаласьць якой ураўнаважваецца алягічнай складанасьцю Блукальні. Як правіла, Ахвяра ўваходзіць у Блукальню з мэтай перамагчы, але гіпнатычная аднастайнасьць бясконцых паваротаў, петляў і пастак паступова заварожвае яе розум — пакуль, урэшце, мройная рэальнасьць Блукальні не стаецца для Ахвяры адзінамагчымай.

Сьвятло настольнай лямпы і згорблены цень на сьцяне; хвіліны з гадзіньніка гучна валяцца на падлогу; халодны падвей варушыць фіранку.

“...Годам стварэньня Кнігі — якую многія, аднак, лічаць ня больш як мітам — традыцыйна называецца ...-ы; ёсьць і іншыя меркаваньні, напрыклад, пазыцыя Яна Рыда (пакуль што не вядома, хто з раньніх дасьледнікаў хаваўся пад гэтым псэўдонімам), які адносіў час напісаньня Кнігі да маладасьледаванай эпохі Пост; гэтую думку абвяргае аўтар славутых “Камэнтароў” – перад тым як аспрэчыць саму рэальнасьць асобы Яна Рыда; нарэшце, С.Хайзлем у сваёй манаграфіі даводзіць, што Рыд і ягоны апанэнт былі адным і тым жа чалавекам...”.

Чорныя павучкі літараў і шапаценьне пад пальцамі шурпатых старонак.

“...Навукоўцы ня маюць аніводнага цэлага асобніка сапраўднай Кнігі; верагодна, такога ўвогуле не існуе. Гэты факт спрычыніўся да ўзьнікненьня шэрагу імітацыяў, найбольш вядомая зь іх — т.зв. “Супермаркет” – іранічнае апісаньне сусьвету праз мэтафару пачварнай павуціны пераходаў, лесьвіцаў і гандлёвых аддзелаў. Зразумела, будучая Ахвяра ўваходзіць сюды з мэтай перамагчы, але гіпнатычная аднастайнасьць паваротаў паступова заварожвае яе розум — тады мройная рэальнасьць Супермаркета стаецца адзінай, што мае права быць...”.

Крытык А. не любіў такой літаратуры. Нудотны псэўданавуковы стыль, малазразумелыя алюзіі, ненатуральная квазібарочная напышлівасьць і гэткая нібыраскутая манэра, калі з-за шматлікіх агаворак канец выказваньня супярэчыў пачатку — усё гэта выклікала амаль непераадольную санлівасьць; зь іншага боку, тэкст валодаў нейкай ірацыянальнай прыцягальнасьцю — як тая рэдфэрнаўская Блукальня, куды ўваходзіць самаўпэўненая Ахвяра — каб неўзабаве зрабіцца арганічнай часткай структуры. На гэты конт маглі быць і іншыя меркаваньні... Але тут у галаву крытыка А. прыйшла ідэя, што, верагодна, пра ўсё гэта — хоць на тое і няма ніякіх доказаў — ён ужо колісь разважаў... а можа й ня толькі.

 

СФІНГА

 

Ёсць агнявая гала, скала і мая памяць. Здаецца, гала агню пасланая мне як кара — пакуль яна вісіць у небе, пакуты мае невычэрпныя; часам прыходзіць цемра і высокія зоркі — гэта іншае маё пакараньне.

Скала каляная і шурпатая; магчыма, апроч яе тут нічога няма; магчыма, нічога няма апрача сонца ці мяне самой. Ёсьць яшчэ іншыя скалы навокал, і цені, і горад ля маіх ног — тыя, што прыходзілі да мяне, называлі яго Тэбамі.

Нарэшце, я, Сфінга. Напачатку было Слова, потым сталіся гала агню ў нябёсах, скала і мой боль.

Пазьней з горада прыйшлі людзі — я ўбачыла іх спакутваныя цені і адчула спагаду да няшчасных; яны прасілі вызваліць іх ад пакараньня. Але дзеля ўласнай забавы ды каб узнагарода не падалася ім залішне даступнай, а таму малакаштоўнай, я прыдумала загадку.

Вядома ж, ніхто ня змог яе адгадаць — але я (з ласкі сваёй) выканала іх просьбу — таму скалы навокал ненадоўга зрабіліся рудымі.

Потым людзі чамусьці перасталі прыходзіць; часам я думаю, што ўсе яны былі ня больш як ілюзіяй, створанай ці то пякучым сонцам, ці то загадкавай скалой, ці то маім спакутваным розумам.

Аднак, нават калі гэта так — я жадаю новых ілюзіяў; я больш не хачу глядзець на мёртвы горад і белыя косткі сярод чорных ценяў і скалаў. Тым больш, што мая памяць — ня тая, што скіравана ў мінуласьць, а тая, што сузірае будучыню — паказала мне майго Збаўцу.

Неяк на досьвітку я ўбачу на даляглядзе незнаёмы цень, а калі агнёвая гала павісьне над галавою, чалавек спыніцца каля мяне. Вострае адчуваньне салодкай блізкасці Ахвяры й Забойцы на нейкі час прымусіць мяне зьнямець; толькі ўсьмешка, магчыма, распавядзе яму пра маю да яго нянавісьць, і пра падступныя скалы, і пра пакуты і выратаваньне.

Само сабой зразумела, што пасьля я загадаю сваю бязглуздую загадку — слова, якое ўпадзе з вуснаў Каханага, вядома ж, ня будзе правіловым адказам — але я адчую дзівосную свабоду і, нарэшце, кінуся долу. Бо памяць — завялікі для мяне цяжар і боль; бо сонца занадта гарачае; бо інакш зрабіць было б проста немагчыма.

 

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil