ЮРАСЬ БАРЫСЕВІЧ

 

 ЖЫВЫЯ ПОМНІКІ


Культ зямлі ў патрыётаў і адраджэнцаў зьнітаваны ня толькі зь яе ўрадлівасьцю, але і з парэшткамі продкаў, якія яе апладняюць. Звычайна мы адчуваем прысутнасьць нябожчыкаў у зямлі пад нагамі толькі на сваёй радзіме, але, па сутнасьці, брацкай магілай зьяўляецца ўся паверхня плянэты, у тым ліку і мы самі.

Пераважную частку нашага існаваньня ў чалавекападобнай форме мы ня гэтулькі жывём, колькі выконваем функцыю надмагільных помнікаў папярэднім пакаленьням. Часам жудасна бачыць усе гэтыя модна ці абы-як апранутыя статуі, што шпацыруюць па вуліцах, стаяць у чэргах або едуць у цягніку мэтро з адных могілак да іншых. Скамянеласьць чужога жыцьця ня ўражвае нас толькі таму, што і мы самі звычайна пазіраем на сьвет вачыма нябожчыкаў. У кожным чалавеку жывуць тысячы трупаў, прычым шмат хто з насельнікаў нутраных могілак - гэта ён сам у сваіх ранейшых узростах, звычках і нязьдзейсных марах. Мы нараджаемся і паміраем на працягу ўсяго жыцьця і нават пасьля яго, аднак па старой халдэйскай традыцыі сьвяткуем дзень нараджэньня (і сьмерці ў парядэднім узросьце) толькі раз на год у адзін і той самы дзень. Хутчэй за ўсё, дні нараджэньня прыдумалі астролягі, каб зручней было складаць гараскопы спачатку для цароў, а цяпер і для падпісчыкаў бульварных выданьняў.

У адрозьненьне ад жывёлы, чалавек ня здольны ні канчаткова нарадзіцца, ні дарэшты памерці. Праз нас працягваюць нараджацца і паміраць нашыя продкі (у тым ліку героі мастацкіх твораў і старажытных мітаў), а мы, са сайго боку, падсьвядома жывем і мярцьвеем празь іх у замагільным гаспадарстве. Чалавецтва існуе адразу ўва ўсіх сваіх пакаленьнях. Усе мы, былыя, будучыя і цяперашнія выканаўцы роляў жывых і нябожчыкаў, належым ня так фізычнаму сьвету прыроды, як мэтафізычнаму сьвету культуры, дзе бег часу вымяраецца не гадамі, а вечнасьцямі.

Культурны пласт плянэты, у якім мы жывем ад сьмерці да сьмерці, невымерна шырэйшы за тыя некалькі мэтраў глебы, у якіх звычайна корпаюцца архэолягі і шукальнікі скарбаў. Нават у фізычным пляне ён ужо вырас да ваколземнай арбіты, а неўзабаве павінен дасягнуць межаў Сонечнай сыстэмы (на Месяц і на Марс сваё сьмецьце чалавек ужо закінуў). Цікава адзначыць, што патрыярх сучаснай касманаўтыкі Канстанцін Цыялкоўскі, помнік якому стаіць на варце каля менскага плянэтарыя, зрабіў свае вынаходзтвы ў галіне ракетнай дынамікі і распрацаваў тэорыю міжплянэтных падарожжаў пад уплывам рэлігійнага філёзафа Мікалая Фёдарава, аўтара праекта канчатковага ажыўленьня ўсіх пакаленьняў нябожчыкаў, пачынаючы зь першага чалавека. Цыялкоўскі ўсьвядоміў, што ў выпадку посьпеху гэтай грандыёзнай задумы месца на Зямлі новым людзям не застанецца і трэба будзе перасяліць іх у космас.

Але і ў небе людзей пахавана ня менш, чым у глебе. Пра гэта сьведчыць, напрыклад, пашыраны ў шмат якіх народаў культ зорак, зь якіх нам сьвецяць душы продкаў. Тую ж ідэю ўнебаўзяцьця нябожчыка адлюстроўвае звычай спальваньня трупа, які імкліва ператвараецца ў дым і расчыняецца ў паветры. Зараастрыйцы будавалі адмысловыя "вежы маўчаньня", у якіх пакідалі трупы на пажытак птушкам. Як мага бліжэй да неба - на галінах дрэваў або на высокім памосьце - хавалі нябожчыкаў і індэйцы.

Можна закапаць чалавека ў неба і ў выглядзе помніка на месцкім пляцы: калі зірнуць на яго зблізу - лінія далягляду не дасягае нават падэшваў статуі (здалёк звычайна здаецца, што помніку зямля - па калена). Разгледзець рысы твару скульптуры на фоне сьветлага неба амаль немагчыма, мы бачым толькі скамянелы цень: ён падобны да кожнага з нас.

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil