ЖАН БАДРЫЯР

 

ПРА НІГІЛІЗМ

Нігілізм больш ня ўбіраецца ў змрочныя, шпэнглераўска-вагнэрыянскія, куродымна fin-de-siecle'евыя строі. Ён больш ня жывіцца ані з weltschauung дэкадансу, ані з таго радыкалізму мэтафізікі, які спарадзіла сьмерць Бога і ўсе яе наступствы. Сучасны нігілізм распушчаецца ў празрыстасьць. Але ён у нечым больш радыкальны, больш скрайні за свае папярэднія гістарычныя формы, бо ягоная празрыстасьць, ягоная няпэўнасьць непарушна сыстэмная, яна абапіраецца на ёмістую тэарэтычную базу — базу, якая па-ранейшаму стварае відочнасьць досьледаў. Калі памёр Бог, то сьмерць ягоную хаця-б было каму засьведчыць: быў Ніцшэ — вялікі нігіліст як перад абліччам Вечнасьці, гэтак і перад яе парэшткамі. Але сёньня гавораць, што Бог не памёр — ён проста сышоў у звышрэчаіснасьць [hyperreality]. І перад абліччам гэтай суцэльнай падманнай празрыстасьці, перад тварам сымулякру (маўляў, сьвет дзейсьніцца — матар'яльна ці ідэальна — у звышрэчаіснасьці) ужо няма Бога-мысьліўцы, Бога-філёзафа, які-б засьведчыў ягоную ўласную (Ніцшэвую) сьмерць.

Сусьвет і ўсе мы зь ім разам жыўцом патрапілі ў прастору падманнасьці, у згубнае, нават ня згубнае — проста абыякавае "дафеністычнае" здраньцьвеньне. І нейкім дзіўным чынам нігілізм ужо цалкам увасабляецца не ў разбурэньні, а ў гэтай падманнасьці ды здраньцьвеньні. Зь дзейнага, неўтаймоўнага прывіда, зь міту, з падмосткаў вялікага тэатру, якім калісь быў нігілізм, ён ператварыўся ў празрыстае — ілжыва празрыстае — функцыянаваньне рэчаў. Што-ж тады застаецца ад магчымага нігілізму ў мысьленьні? Якія новыя відалі могуць разгарнуцца там, дзе нават калі ты кідаеш выклік і ставіш на Нішто, на Сьмерць, партыю можна згуляць наноў?

Мы разглядаем ранейшыя формы нігілізму ў новым ключы (што, нясумнеўна, зусім не вырашае пытаньня):

Ягонай першай магутнай праявай стаўся рамантызм: разам з рэвалюцыяй, зьдзейсьненай асьветніцтвам, ён адпавядае разбурэньню сыстэмы зьнешніх формаў.

Ягонай другой магутнай праявай сталіся сюррэалізм, дадаізм, абсурдызм, палітычны нігілізм: яны адпавядаюць разбурэньню сыстэмы значэньняў.

І калі першая праява — гэта ўсё-ж эстэтычная форма нігілізму, якую можна назваць дэндызмам, дык другая — яго палітычная, гістарычная мэтафізічная форма - можа называцца тэрарызмам.

Абедзьве гэтыя формы нас альбо зусім не датычацца, альбо датычацца толькі часткова. Нігілізм у празрыстасьці ўжо ані эстэтычны, ані палітычны. Ён больш ня жывіцца ані тым, што разбурае зьнешнія формы, ані тым, што залівае апошнія вугельчыкі значэньня, ані тым, што накладае апошнія мазкі на карціну чагось апакаліптычнага. Зрэшты, няма больш ніякага апакаліпсісу. (Яго хіба што па-ранейшаму імкнецца адбіць адно спарадычны тэрарызм-нігілізм, але і той ужо не палітычны, яму застаўся адзіны спосаб самавыяўленьня й адначасова самазьнікненьня — СМІ. А сёньняшнія СМІ, у сваю чаргу, — гэта ня сцэна, на якой разыгрываецца нейкі спэктакль, а стужка, перфакарта; і мы ўжо нават і не гледачы, а проста атрымальнікі [інфармацыі].) Апакаліпсіс скончыўся, і нам цяпер застаўся толькі наступ нэўтральнасьці, ейных формаў, ды яшчэ абыякавасьці, "дафенізму". Я пакідаю адкрытым пытаньне, ці можа там унутры месьціцца якая-кольвек рамантыка, эстэтыка нэўтральнасьці. На маю думку, не: усяго толькі й застаецца, што счараванасьць пустымі, абыякавымі, "дафеністычнымі" формамі, счараванасьць дзеяньнем той самай сыстэмы, што нас нішчыць. І вось, ув адрозьненьне ад спакусы, якую зьвязвалі са зьнешнімі формамі, і ўв адрозьненьне ад дыялектычнага мысьленьня, якое зьвязвалі са значэньнем, счараванасьць — par excellence нігілістычнае пачуцьцё, пачуцьцё, адпаведнае самазьнікненьню. Мы счараваныя ўсімі формамі зьнікненьня, у тым ліку й нашага ўласнага. Мэлянхолія ды счараванасьць — такі наш агульны стан у эпоху міжвольнай празрыстасьці.

Я — нігіліст.

Я сузіраю, прызнаю, прымаю татальнае, суцэльнае разбурэньне (і спакусу) зьнешніх формаў, што былі служкамі значэньня (выяўленьня, гісторыі, крытычнага асэнсаваньня і г. д.) Гэтае разбурэньне было асновапалеглай, вызначальнай падзеяй ХІХ стагодзьдзя. Дашчэнту разбурыць зьнешнія формы, зьняць чараваньне і расчараваць сьвет, кінуць яго на літасьць бязьлітаснай гісторыі, бязьлітаснай інтэрпрэтацыі — вось яна, сапраўдная рэвалюцыя ХІХ стагодзьдзя, рэвалюцыя мадэрну.

Я сузіраю, прызнаю, прымаю й асэнсоўваю другую, постмадэрную, рэвалюцыю — рэвалюцыю ХХ стагодзьдзя — татальнае, суцэльнае разбурэньне значэньня, роўнае разбурэньню зьнешніх формаў. Хто ўздыме меч значэньня, ад значэньня й загіне.

Пуста на падмостках дыялектычнага, крытычнага мысьленьня. Падмосткаў больш няма. Як няма і тэрапіі значэньня, ці тэрапіі значэньнем, бо самая тэрапія сталася часткай усеагульнай "дафенізацыі", калі сьцьвярджаецца абыякавасьць, сьціраецца розьніца паміж усім і ўся.

Падмосткі самога аналітычнага асэнсаваньня страцілі былую трываласьць. Асэнсаваньне набывае характар выпадковасьці, спарадычнасьці, калі тэорыі цякуць-гайдаюцца-пераліваюцца, як вада (фактычна, немагчымы й нігілізм, бо ён усё-ж хоць і адчайная, але пэўна акрэсьленая тэорыя, выява канца, скону, weltanschauung катастрофы) (1).

Магчыма, у тым, што значэньне спрэс закоўваецца ў лёд, вырашальную ролю адыгрывае сам працэс асэнсаваньня. Так, розныя тэорыі спраборнічаюць між сабою на ўзроўні значэньня. Але ўсё гэта абсалютова другаснае ў параўнаньні з тым хаўрусам, які яны ўтвараюць, расьсякаючы [значэньне] ільдзяным лязом чатырохузроўневага аналізу, распушчаючы яго ў празрыстасьць. Трэба дакладна ўсьведамляць, што, як-бы ні йшло асэнсаваньне, яно йдзе толькі ў адным накірунку, з адной мэтай — каб закаваць значэньне ў лёд, яно спрыяе наступу сымулякраў, наступу абыякавых, "дафеністычных" формаў. Пустэльня расьце.

Значэньне разрастаецца й разьлятаецца на ашмёткі ў сродках масавай інфармацыі. Сацыяльнасьць разрастаецца й разьлятаецца на ашмёткі ў масах. Мэта паскарэньня сыстэмы - разрастаньне масаў. Энэргетычны тупік. Кропка здраньцьвеньня.

Перанасычанаму сьвету — наканаваньне здраньцьвеласьці. Праявы нярухомасьці паскараюцца (калі гэтак можна сказаць). Разрастаюцца ўшыркі, як пухліны, здраньцьвелыя формы, і іх разрастаньне спыняе, падмяняе сабою сапраўдны рост. У гэтым, дарэчы, і разгадка гіпэртэліі [hypertelie] — таго, што выходзіць за ўласны скрай. І мы самі падобным чынам разбураем усё акрэсьленае, канчатковае: мы йдзем далей і далей, заходзім занадта далёка ў адным накірунку — і прыходзім да разбурэньня значэньня праз падманнасьць, праз гіпэрпадманнасьць, гіпэртэлію. Праз звышканчатковасьць [hyperfinality] адмаўляць свой уласны скрай (згадайце хаця-б ракападобных ці статуі з выспы Пасхі) — ці ня ў гэтым крыецца таксама й гідкая таямніца раку? Рэванш разрастаньня — над ростам, рэванш руху — над нярухомасьцю.

І самі масы патрапілі ў пастку татальнага здраньцьвеньня праз паскарэньне. Яны й ёсьць той пухлінай, якая разрастаецца, зжырае і тым самым нішчыць усялякі сапраўдны рост і ўсялякае дадатковае значэньне. Яны і ёсьць тым ланцугом, у якім нейкая пачвара канчатковасьці, акрэсьленасьці зрабіла кароткае замыканьне.

Сёньня нас захапляе, прычароўвае менавіта гэтая кропка здраньцьвеньня, нярухомасьці ды тое, што адбываецца вакол яе (а таму бывай, някідкая прывабнасьць дыялектыкі). І калі аддаваць перавагу гэтай кропцы здраньцьвеньня, а таксама ўсьведамляць непарушнасьць сыстэмаў, ідучы да канца, адкуль няма шляху назад, — значыць быць нігілістам, тады я — нігіліст.

І калі быць нігілістам — значыць быць апантаным ужо не стварэньнем, а зьнікненьнем, тады я — нігіліст. Зьнікненьне, няпэўнасьць, неакрэсьленасьць, разрастаньне ўнутры, разьятранасьць Verschwindens. Транспалітыка сталася яшчэ адной, дадатковай сфэрай зьнікненьня (рэчаіснасьці, значэньня, падмосткаў, гісторыі, сацыяльнасьці, асобы). Праўду казаўшы, ужо амаль што не стаіць пытаньне пра нігілізм: у зьнікненьні, у пустых, спарадычных, абыякавых формах не засталося нават патасу, патэтыкі нігілізму — тае мітычнае энэргіі, што дасюль складае моц нігілізму й радыкалізму, таго мітычнага адмаўленьня, напружанага прадчуваньня. Нігілізм — гэта нават ужо не расчараванасьць зь яе спакушальнай ды настальгічнай, таксама счараванай, танальнасьцю. Гэта проста зьнікненьне.

Сьляды гэтага радыкалізму зьнікненьня (разам з настальгічным выкарыстаньнем дыялектыкі) заўважныя ўжо ў Адарно ды Бэньяміна. Па-першае, менавіта таму, што ў іх прысутнічае настальгія дыялектыкі, а самая вытанчаная дыялектыка, бясспрэчна, заўсёды будзе настальгічнай. Але на больш глыбокім узроўні ў Бэньяміна й Адарно чуецца іншая танальнасьць — танальнасьць мэлянхоліі, засмучанасьці самой сыстэмай, мэлянхоліі нявылечнай і вышэйшай за любую дыялектыку. І сёньня праз кплівую празрыстасьць формаў вакол нас усім авалодвае, усё падпарадкоўвае гэтая мэлянхолія сыстэмнасьці. Яна-то й робіцца нашым вызначальным пачуцьцём.

Гэта ўжо ня скруха ці цьмяная маркота душы ў fin-de-siecle. Гэта ўжо і не нігілізм, бо ён у пэўным сэньсе імкнецца праз разбурэньне, праз жарснае абурэньне (ressentimenti (2)) усталяваць раўнавагу. Не, мэлянхолія — гэта вызначальнае пачуцьцё ў функцыйных сыстэмах, у сучасных сыстэмах падманнасьці, праграмных ды інфармацыйных сыстэмах. Мэлянхолія — неад'емная рыса зьнікненьня значэньня, калі значэньне ўлятучваецца ў апэрацыйных сыстэмах. І ўсе мы занураныя ў мэлянхолію...

Мэлянхолія — гэта абрыдлівае расчараваньне, тыповае для нашых перанасычаных сыстэмаў. Надзея ўраўнаважыць Дабро й Ліха, сапраўднае й ілжывае, надзея насамрэч на двубой зь іншымі каштоўнасьцямі няменшага парадку, як і — на больш высокім узроўні — надзея на суадносіны й спаборніцтва сілаў ув адзін цудоўны дзень памёрла. Сыстэма занадта моцная. Яна й пануе. Усюды й заўсёды.

І супраць гэтага панаваньня сыстэмы можна ўздымаць і ўзьвялічваць зваблівасьць жарсьці, можна займацца рэвалюцыйнай мікралёгіяй банальнасьці, узносіць малекулярны рух і нават выступаць у абарону кулінарыі. Усё гэтае не вырашае, ня здымае надзённую неабходнасьць выпрабоўваць сыстэму пры дзённым сьвятле.

Тут можа даць рады адно тэрарызм.

Ён і ёсьць тым збоем, той рыскай, што перакрэсьлівае ўсё астатняе, як адзіная іранічная ўсьмешка перакрэсьлівае ўвесь ланцуг разважаньняў, а адзіны сполах непадпарадкаваньня раба перакрэсьлівае ўсю ўладу гаспадара і ўсю ягоную асалоду ад улады.

Чым больш жорсткая ў сваім панаваньні сыстэма, тым больш уражвае найдрабнейшы яе збой. Выклік, нават самы найменшы, выяўляе сабою разрыў ланцуга. І сёньня на падмостках палітыкі, споўненых нігілізмам і расчараванасьцю, адзінае, што можа адбыцца, - гэтыя збоі, гэтыя павароты назад, дзе нічога няма. Толькі яны й падштурхоўваюць уяўленьне.

Калі быць нігілістам — значыць у панаваньні сыстэмнасьці праводзіць гэтую радыкалісцкую рыску кпінаў і гвалту да самага яе нясьцерпнага скраю, тады я — нігіліст. Калі быць нігілістам —значыць кідаць сыстэме выклік, на які яна здатная адказаць адно ўласнай сьмерцю, тады я — нігіліст-тэрарыст, які трымае мысьленьне, як іншыя трымаюць у рукох зброю. Нам застаўся адзіны сродак: ня праўда, а гвалт у мысьленьні.

Але гэта ўтапічнае пачуцьцё: у шляху нігіліста было-б нейкае хараство, калі-б заставаўся яшчэ які-кольвек радыкалізм, гэтаксама, як меў-бы прывабнасьць шлях тэрарыста, калі-б сьмерць (у тым ліку і ягоная ўласная) яшчэ мела якое-небудзь значэньне.

Але вось тут-то і крыецца ўся бязвыходнасьць становішча, бо дзейнаму радыкалісцкаму нігілізму сыстэма супрацьпастаўляе свой уласны — нігілізм нэўтралізаваньня. Нігілізм уласьцівы й самой сыстэме, у тым сэньсе, што яна сваёй моцай пераплаўляе ўсё, у тым ліку й тое, што яе адпрэчвае, у абыякавасьць, у "дафенізм".

У гэтай сыстэме самая сьмерць зазьзяла бляскам сваёй адсутнасьці. (Згадайце буйныя тэракты апошніх гадоў: абыякавасьць адмятае сьмерць. І тут-то тэрарызм робіцца міжвольным хаўрусьнікам сыстэмы: ня ў палітычным пляне, а ў тым, што ён таксама робіць свой унёсак у насаджэньне ды паскарэньне абыякавасьці.)

Для сьмерці — ані рытуальнай, ані гвалтоўнай — ужо не засталося падмосткаў — ані прывідных, ані палітычных, — каб напоўніцу выявіць сябе, цалкам згуляць сваю ролю. Тут перамогу атрымлівае іншы нігілізм, іншы тэрарызм — сыстэмы.

Няма больш падмосткаў, няма нават той кроплі падману пачуцьцяў, якая магла-б надаць падзеям моц рэчаіснасьці. Як няма ані інтэлектуальнае, ані палітычнае салідарнасьці: што нам да Чылі, да людзей, якія пайшлі на дно разам з караблём, да тэрактаў у Балёньні, да Польшчы? Экран тэлевізіі нішчыць іх усіх. Мы жывем у эпоху падзеяў без наступстваў (і тэорыяў бяз вынікаў).

Значэньню больш няма на што спадзявацца. І, вядома, гэта добра: значэньне небясьсьмяротнае. Але застаецца тое, над чым значэньне сьцьвярджала сваё прывіднае панаваньне, застаецца тое, што значэньне імкнулася зьнішчыць, каб усталяваць уладу асьветніцтва, — застаюцца зьнешнія формы. Яны несьмяротныя, непадуладныя нігілізму значэньня ці нават бяззначнасьці.

І тут пачынаецца спакушэньне.

 

ЗАЦЕМЫ

(1) Ёсьць культуры, у якіх няма іншых вобразаў, іншых уяўленьняў, апроч як пра уласны пачатак, культуры, у якіх няма вобразаў уласнага скону. Ёсьць культуры, апанаваныя і тым, і другім... Магчымыя яшчэ два тыпы: культуры, якія ня маюць іншых вобразаў, апроч як пра свой уласны скон (як нашая, нігілістычная, культура), і тыя, што ня маюць ужо ніякіх вобразаў, ніякіх уяўленьняў - ані пра пачатак, ані пра скон (як тая, што насоўваецца, спарадычная, культура). (назад)

(2) Параўнайце з 'ressentiment' - словам, якое спрэс ужывае Ніцшэ ў "Так сказаў Заратустра". (заўвага перакл. з фр.) (назад)

 

Пераклад з ангельскай мовы

V.K., Тацяны Сьлінкі

а таксама Жана Бадрыяра, 

Ігара Бабкова, 

Шэйлы Фарыя Глэйзэр 

і Фрыдрыха Ніцшэ

(публікуецца паводле: "Паміж", №1-2001)

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil