ЖАН БАДРЫЯР

 

ПРЭЦЭСІЯ СЫМУЛЯКРАЎ

 

СТРАТЭГІЯ РЭАЛЬНАГА

Немагчымасьць перавынаходжаньня абсалютнага ўзроўню рэальнага і немагчымасьць інсцэнаваньня ілюзіі - зьявы аднаго парадку. Ілюзія немагчымая, бо немагчымае ўжо само рэальнае. Гэтым самым ставіцца цалкам палітычная праблема пародыі, гіпэрсымуляцыі ці агрэсыўнай сымуляцыі.

Напрыклад, цікава было б пабачыць, ці будзе апарат здушэньня рэагаваць на сымуляванае рабаўніцтва гэтак жа жорстка, як ён рэагуе на сапраўднае. Бо апошняе ўсяго толькі парушае парадак рэчаў, права маёмасьці, у той час як першае нападае на сам прынцып рэальнасьці. Парушэньне і гвалт - рэчы менш сур'ёзныя, бо аспрэчваюць толькі разьмеркаваньне рэальнага. Сымуляцыя ж - рэч нашмат больш небясьпечная, бо, незалежна ад свайго аб'екта, заўсёды пакідае магчымасьць для дапушчэньня, што як сам лад, так і закон можа быць усяго толькі сымуляцыяй.

Але складанасьць прапарцыйна залежыць ад небясьпекі. Як "падрабіць" гвалт такім чынам, каб яго "падробленасьць" можна было яшчэ і праверыць? Возьмемся, напрыклад, сымуляваць крадзеж у супэрмаркеце: як пераканаць службу бясьпекі, што гэта сымуляваны крадзеж? Няма "аб'ектыўнай" розьніцы: і гэсты, і знакі такія ж самыя, як і ў выпадку сапраўднага крадзяжа; шалі знакаў не схіляюцца ні ў адзін ні ў другі бок. З гледзішча ўсталяванага парадку яны заўжды належаць да ладу рэальнага.

Арганізуем фальшывае абрабаваньне банка. Спраўдзім, што наша зброя бясшкодная, і вазьмем найбольш надзейнага закладніка, каб ніводны чалавек не апынуўся ў небясьпецы (інакш гэта зноў будзе звычайным злачынствам). Запатрабуем выкуп, і зробім гэта так, каб апэрацыя выклікала як мага больш гармідару - карацей, будзем трымацца як найбліжэй да "праўды", каб праверыць рэакцыю апарата на дасканалы сымулякр. Нічога ў нас з гэтага не атрымаецца: сетка штучных знакаў неразрыўна зьмяшаецца з рэальнымі элемэнтамі (палісмэн сапраўды стрэліць у злодзеяў; кліент банка страціць прытомнасьць і памрэ ад разрыва сэрца; нам сапраўды заплоцяць выкуп), карацей, мы міжволі імгненна зноў апынемся ў рэальным, адна з функцыяў якога - спыняць усе спробы сымуляцыі, зводзячы ўсё адно да рэальнага, то бок да самога ўсталяванага парадку, яшчэ перад тым, як у гульню ўступаюць розныя ўстановы і юстыцыя.

У гэтай немагчымасьці выдзяленьня працэсу сымуляцыі трэба бачыць дзеяньне ладу, які ня бачыць і не разумее нічога акрамя рэальнага, бо ні ў якай іншай прасторы ён функцыяваць ня можа. Сымуляцыя абрaзы будзе пакараная альбо менш жостка (бо ня мае "наступстваў") альбо як абраза судовай сыстэмы (прыкладам, калі яна выклікае "бязмэтную" паліцэйскую апэрацыю) - але ніколі ня будзе пакараная як сымуляцыя, паколькі якраз яна і робіць немагчымай эквіваленцыю з рэальным, а гэтым самым робіць немагчымым і здушэньне. Улада ніколі не прымае выклік сымуляцыі. Як можна пакараць сымуляцыю законапаслухмянасьці? Адылі, яна нагэтулькі ж важная як і сымуляцыя злачынства. Пародыя робіць падпарадкаваньне і парушэньне раўназначнымі, і гэта найбольш сур'ёзнае злачынства, бо яна выдаляе розьніцу, на якой грунтуецца закон. Усталяваны парадак ня можа нічога з гэтым зрабіць, бо закон ёсьць сымулякрам другога парадку, у той час як дзеяньне сымуляцыі адбываецца ў трэйцім парадку, па той бок праўды і маны, па той бок эквіваленцыі, па той бок рацыянальных разрозьненьняў, ад якіх залежаць уся сацыяльнасьць і ўлада. Слабіна ладу ў нястачы рэальнага.

Акурат з гэтай прычыны лад заўсёды абірае рэальнае. Сумняваючыся, ён заўсёды аддае перавагу гэтай гіпотэзе (акурат як у войску для яго зручней лічыць сымулянта сапраўдным вар'ятам). Але справа ўсё больш і больш ускладняецца, бо практычна немагчыма выдзяліць ня толькі працэс сымуляцыі - сіла інэрцыі навакольнай рэальнасьці робіць аднолькава праўдзівым і адваротнае (сама гэтая перакручанасьць ёсьць часткай апарату сымуляцыі і нямогласьці ўлады): цяпер немагчыма выдзяліць і працэс рэальнага, або спраўдзіць яго.

Так атрымліваецца, што ўсе абрабаваньні, угоны самалётаў і іншыя парушэньні ёсьць цяпер у нейкім сэнсе сымуляванымі парушэньнямі, загадзя расшыфраванымі і ўлучанымі ў рытуалы мэдыяў, дзе ўжо чакаюць іх рэпрэзэнтацыі і магчымых наступстваў. Карацей, яны функцыянуюць як група знакаў, прызначаных выключна для свайго ўзнаўленьня як знакаў, а зусім не для іх "рэальнай" мэты. Але ад гэтага яны ня робяцца бясшкоднымі. Наадварот, гэта гіпэррэальныя падзеі, пазбытыя спэцыфічнага зьместу і мэты, што неабмежавана рэфрагуюць адна адну (акурат як так званыя гістарычныя падзеі: страйкі, дэманстрацыі, крызы і інш.) (5). У гэтым сэнсе яны непадуладныя ладу, што ўзьдзейнічае толькі на рэальнае і рацыянальнае, на прычыны і вынікі; яны непадуладныя рэфэрэнцыйнаму ладу, што пануе толькі над рэфэрэнцыйнасьцю; яны непадуладныя ўладзе, што пануе толькі над дэтэрмінаваным сьветам, але нічога ня можа зрабіць супраць гэтага неабмежаванага ўзнаўленьня сымуляцыі, супраць гэтай туманнасьці, чыё дзеяньне ўжо больш не падпарадкоўваецца законам прыцягненьня рэальнасьці. Улада сканчаецца, раззброеная гэтай прасторай, і стаецца сымуляцыяй улады (адлучаная ад сваіх мэтаў і задачаў, і яна знаходзіць прызначэньне ў стварэньні эфэктаў улады і ў масавай сымуляцыі).

Апошняя зброя ўлады, адзіная стратэгія яе рэванша - зрабіць новую ін'екцыю рэальнага і рэфэрэнцыйнага паўсюль, каб пераканаць нас у рэальнасьці сацыяльнасьці, у важнасьці эканомікі, у канчатковасьці вытворчасьці. Дзеля гэтага яна аддае перавагу дыскурсу крызы, і - чаму не? - дыскурсу жаданьня. "Скіроўвайце вашыя жаданьні ў рэальнасьць!" - асноўны лёзунг улады ў нерэфэрэнцыйным сьвеце, дзе нават зблытанасьць прынцыпа рэальнасьці і прынцыпа жаданьня менш небясьпечная чым зараза гіпэррэальнасьці. Так улада застаецца хаця бы сярод прынцыпаў, а спаміж іх улада заўсёды мае рацыю.

Гіпэррэальнасьць і сымуляцыя адстрашальныя для ўсякіх прынцыпаў і аб'ектыўнасьцяў. Яны зьвяртаюць супраць улады яе ўласную зброю, зь якой яна доўгі час карыстала. Бо ў рэшце рэшт, цягам усёй сваёй гісторыі капітал сілкаваўся дэструктураваньнем усяго рэфэрэнцыйнага, усёй чалавечай аб'ектыўнасьці, разбураючы ўсе ідэальныя разрозьненьні паміж праўдай і маной, дабром і ліхам, каб усталяваць радыкальны закон эквіваленцыі і абмену, жалезны закон сваёй улады. Капітал першы паставіў у гэтай гульні на адстрашэньне, абстракцыю, разлучэньне, дэтэрытарызацыю і інш. І калі гэта ён выгадаваў рэальнасьць і прынцып рэальнасьці, ён быў і тым, хто зьліквідаваў іх праз вынішчэньне ўсякага кошту ўжытку, усякай рэальнай эквіваленцыі вытворчасьці і багацьця, разумеючы гэта ў тым самым сэнсе, які мы мелі наўвеце, гаворачы пра нерэальнасьць ставак і ўсемагутнасьць маніпуляцыі. Але сёньня тая ж самая лёгіка нават зь яшчэ большым імпэтам працуе супраць капітала. І як толькі ён выказвае жаданьне змагацца з гэтай згубнай сьпіральлю, ахоўваючы апошнюю яскарку рэальнасьці, каб распаліць ад яе апошнюю яскарку ўлады, дык пачынае адно памнажаць знакі ды паскарае гульню сымуляцыі.

Пакуль гістарычная пагроза ўладзе зыходзіла з рэальнага, яна рабіла стаўку на адстрашэньне і сымуляцыю, расшчапляючы ўсе супярэчнасьці шляхам вырабу эквівалентных знакаў. Сёньня, калі небясьпека (рашчыніцца ў гульні знакаў) зыходзіць ад сымуляцыі, улада ставіць на рэальнае, на крызу, на ўзнаўленьне вырабу штучнасьці, сацыяльнасьці і палітычнасьці. Для яе гэта пытаньне жыцьця і сьмерці. Але запозна.

Адсюль уласьцівая нашаму часу гістэрыя вытворчасьці і ўзнаўленьня рэальнага. Іншая вытворчасьць, характэрная для залатога веку палітычнай эканоміі - вытворчасьць коштаў і тавараў - ніколі ня мела гэткага размаху. Чаго дамагаюцца ўсе грамадзтвы, працягваючы вытворчасьць і перавытворчасьць, дык гэта аднаўленьня рэальнага, якое ад іх уцякае. Вось чаму сама "матэрыяльная" вытворчасьць сёньня гіпэррэальная. Яна захоўвае ўсе рысы, увесь дыскурс традыцыйнай вытворчасьці, але зьяўляецца ўжо толькі яе зьніжанай рэфракцыяй (такім чынам гіпэррэалісты ўмацоўваюць рэальнасьць, якая пагубляла ў галюцынацыйным падабенстве ўвесь свой сэнс і шарм, усю сваю глыбіню і энэргію рэпрэзэнтацыі). Гіпэррэалізм сымуляцыі тлумачыцца паўсюдным галюцынацыйным падабенствам рэальнага да сябе самога.

Сама ўлада доўгі час займалася адно вытворчасьцю знакаў свайго падабенства. І ў той жа час, у гульню ўлучаецца іншая фігура ўлады: калектыўны попыт на знак улады - сьвятарны хаўрус, што яднаецца вакол яе зьнікненьня. Вакол яго гуртуецца ўвесь сьвет, у большай ці меншай ступені наляканы прокрышам палітыкі. І напрыканцы гульні ўлада ператвараецца ў крытычнае ачмурэньне ўлады - ачмурэньне сваёй сьмерцю і яе пераадоленьнем - што тым больш узрастае, чым менш улады застаецца. Калі яна зьнікла цалкам, мы лягічна апынаемся ў галюцынацыі ўлады: ідэя, навязьлівасьць якой паўсюдна відавочная, выліваецца нарэшце ў кампульсію вызваленьня ад яе (ніхто яе больш не жадае, і кожны перакладае яе цяжар на некага іншага) ды ў панічную настальгію з нагоды яе страты. Мэлянхолія грамадзтваў без улады: яна ўжо выклікала аднойчы фашызм, гэты перадазьняк моцнай рэфэрэнцыйнасьці ў грамадзтве, якое ўсё ніяк ня можа скончыць свой траўр.

З аслабленьнем палітычнай сфэры прэзыдэнт пачынае ўсё больш і больш прыпадабняцца да Лялькі Ўлады, правадыра прымітыўных грамадзтваў (Клястр).

Усе папярэднія прэзыдэнты плоцяць і працягваюць плаціць за забойства Кэнэды, як нібы гэта яны яго замовілі - і, калі не фактычна, дык мэтафарычна так яно і ёсьць. Яны павінны трымацца ў ценю гэтай заганы і саўдзелу ў сваім сымуляваным забойстве. Бо цяпер яно можа быць толькі сымуляваным. Абодва прэзыдэнты, Джонсан і Форд, былі аб'ектамі няўдалых замахаў, якія, калі не інсцэнавала, дык прынамсі ажыцьцявіла сымуляцыя. Кэнэды забілі, бо ён нешта ўвасабляў: палітычнасьць, палітычную субстанцыю; усе наступныя прэзыдэнты - толькі карыкатуры і сфабрыкаваныя фільмы. Дзіўнае супадзеньне: твары Джонсана, Ніксана, Форда, нагадваюць пысы малпаў - малпы ўлады.

Сьмерць не абсалютны крытэр, але ў гэтым выпадку мае значэньне: эра Джэймса Дына, Мэрылін Манро, і Кэнэды, што сапраўды памёрлі проста таму, што мелі мітычнае вымярэньне, якое мае наўвеце сьмерць (не з рамантычных меркаваньняў, а згодна з падставовым прынцыпам перакрута і абмена) - гэтая эра ўжо мінула. Надышла эра забойства, якое ажыцьцяўляе сымуляцыя, і агульнай эстэтыкі сымуляцыі - алібі забойства - алегарычнага ўваскрашэньня сьмерці, якая патрэбна толькі дзеля таго, каб санкцыянаваць інстытут улады, безь якога яна ўжо ня мае ніякай субстанцыі ці аўтаномнай рэальнасьці.

Увага засяроджваецца на гэтых інсцэнаваных забойствах прэзыдэнтаў таму, што яны сыгналізуюць статус усёй адмоўнасьці на Захадзе: палітычнай апазыцыі, "левых", крытычнага дыскурсу, і інш. - таго сымулякральнага кантрасту, якім улада спрабуе зламаць заганнае кола свайго неіснаваньня, сваёй падставовай безадказнасьці, сваёй "падважанасьці". Курс улады свабодны, як і курс грошай, мовы, тэорыі. Толькі крытыцызм і адмоўнасьць усё яшчэ ахоўваюць фантом рэальнасьці ўлады. Калі яны аслабнуць з той ці іншай прычыны, у яе не застанецца ніякага іншага выйсьця апрача іх штучнага ўваскрашэньня і галюцынаваньня.

Гэтак, прыкладам, гішпанскія паканьні дагэтуль стымулююць заходнюю лібэральную дэмакратыю і паміраючую сыстэму дэмакратычных каштоўнасьцяў. Сьвежая кроў, але наколькі яе хопіць? Зьвячэньне ўлады нястрымна прагрэсуе: гэты працэс паскараецца ня так "рэвалюцыйнымі сіламі" (хутчэй наадварот), як самой сыстэмай, што гвалтуе свае ўласныя структуры, анулёўваючы ўсе субстанцыі і канчатковасьці. Ня трэба супрацьстаяць гэтаму працэсу, спрабуючы канфрантаваць з сыстэмай і разбураць яе, бо напаўмёртвая сыстэма, пазбаўленая права ўласнасьці на сваю сьмерць, толькі гэтага ад нас і чакае: што мы вернем сыстэме яе сьмерць і рэанімуем яе сваёй адмоўнасьцю. Канец рэвалюцыйнай практыкі, канец дыялектыкі. Дзіўна, што Ніксан, ня варты нават сьмерці ад рукі наймізэрнай і неўраўнаважанай асобы (і хаця замахі на прэзыдэнтаў мабыць сапраўды ўчыняюць неўраўнаважаныя тыпы, гэта нічога не зьмяняе: схільнасьць левых да выкрываньня правых змоваў толькі стварае фальшывую праблему - функцыя несьці сьмерць уладзе (сваімі прароцтвамі і інш.), ад прымітыўных грамадзтваў да цяперашняга, заўжды ўскладалася на вар'ятаў, бажавольных, або нэўротыкаў, якія выконваюць сацыяльную функцыю ня менш падставовую, чым функцыя прэзыдэнтаў), быў адылі рытуальна забіты Ўвотэргэйтам. Ўвотэргэйт - гэта ўсё яшчэ мэханізм рытуальнага забойства ўлады (што да гэтага, дык амэрыканскі інстытут прэзыдэнцтва выклікае нашмат больш хваляваньняў, чым эўрапейскія: ён атачае сябе ўсёй жорсткасьцю і перыпетыйнасьцю прымітыўных уладаў ды іх дзікунскіх рытуалаў). Але вось імпічмэнт - ужо не крывадушнае забойства: ён адбываецца канстытуцыйным чынам. Незважаючы на гэта, Ніксан дасягнуў таго, пра што марыць усякая ўлада: каб яе ўспрымалі дастаткова сур'ёзна, каб паставіць групу ў дастаткова сьмяротную небясьпеку, каб аднойчы яе вызвалілі ад сваіх абавязкаў, дэнансавалі і зьліквідавалі. Ужо Форд ня меў для гэтага нават зручнай нагоды: ён, сымулякр памёрлай улады, мог адно акумулёўваць супраць сябе знакі вяртаньня шляхам забойства - ад якога ён быў фактычна імунізаваны сваёй нямогласьцю, якая даводзіла яго да шаленства.

У адрозьненьне ад прымітыўнага абрада, у якім прадбачылася афіцыйная і ахвярная сьмерць караля (караля ці правадыра няма без наканаваньня яго ахвяраваньня), мадэрная палітычная ўяўнасьць рухаецца ў кірунку як мага даўжэйшага адцягваньня і ўтойваньня сьмерці галавы дзяржавы. Гэтая навязьлівая ідэя назапашвалася яшчэ ад эры рэвалюцыяў і харызматычных лідэраў: Гітлер, Франка, Мао, ня маючы магчымасьці "легітымаваць" сваіх спадкаемцаў і ніякай іншай спадчыннай пераемнасьці ўлады, былі вымушаны працягваць сваё жыцьцё бясконца - народны міт ніяк не жадае прызнаць іх мёртвымі. Гэтым займаліся і фараоны: ля ўлады заўсёды была адна і тая ж асоба, што кожнага разу ўцелясьнялася ў наступнага фараона.

Выглядае ўсё так, нібыта Мао ці Франка ўжо некалькі разоў паміралі і замяняліся сваімі двайнікамі. З палітычнага гледзішча тая акалічнасьць, ці застаецца галава дзяржавы тым самым ці замяняецца некім іншым, нічога істотна не зьмяняе, калі яны падобныя адно да аднаго. Цяпер галава дзяржавы - няважна хто менавіта - гэта толькі сымулякр самога сябе, і толькі гэта дае яму ўладу і становішча кіраўніка. Ніхто не падорыць сваё права выбару і сваю адданасьць рэальнай асобе. У вернасьці прысягаюць яе двайніку, у той час як яна сама адпачатку ўжо мёртвая. Гэты міт - нішто іншае як тлумачэньне заўсёднай, і прыгэтым зманлівай, неабходнасьці ахвярнай сьмерці караля.

Мы ўсё яшчэ ў тым самым стане: ніводны соцыюм ня ведае, як справіць трызну па рэальнасьці, уладзе і страчанай сацыяльнасьці. Штучна ажыўляючы іх, мы спрабуем уцячы ад гэтага факта. І гэткае становішча дае несумнеўную перавагу сацыялізму. Як са сьмерці Бога паўстае рэлігія, так празь непрадбачаны паварот падзеяў і іронію, але ўжо не іронію гісторыі, са сьмерці сацыяльнага паўстае сацыялізм. Фальшывае прыйсьце, памылковае здарэньне, незразумелае вяртаньне да лёгікі прычыны. Як той факт, што ўлады ўжо па сутнасьці не існуе, апрача як для таго, каб хаваць, што ніякай улады ўжо няма. Сымуляцыя можа працягвацца бясконца, бо яна - у адрозьненьні ад "праўдзівай" улады, якая зьяўляецца, або зьяўлялася, структурай, стратэгіяй, сілавымі дачыненьнямі, стаўкай у гульні - адно аб'ект сацыяльнага попыту, а як аб'ект закона прапановы і попыту яна ўжо не зьяўляецца суб'ектам гвалта і сьмерці. Цалкам ачышчаная ад палітычнага вымярэньня, яна, як і любы іншы тавар, залежыць ад масавай вытворчасьці і спажываньня. Яе яскарка згасла, засталася толькі фікцыя палітычнага ўнівэрсуму.

Тое самае і з працай. Яскарка вытворчасьці згасла, жорсткасьці яе ставак больш няма. Увесь сьвет дагэтуль вырабляе, прычым усё больш і больш, але праца няўлоўна сталася нечым іншым: патрэбай (як яе ідэальна уяўляў сабе Маркс, але ня ў тым самым сэнсе), такім самым аб'ектам сацыяльнага "попыту", як і вольны час, да якога яна прыраўнаная ў штодзённым жыцьці. Попыт дакладна прапарцыйны нястачы стаўкі ў працоўным працэсе (6). Праца паўтарае лёс улады: сцэнар працы працягвае існаваць, адно каб схаваць, што рэальнасьці працы, рэальнасьці вытворчасьці, ужо няма. Як і рэальнасьці страйка, што зьяўляецца ўжо не спыненьнем працы, а яе адваротным полюсам у рытуальным адзначэньні сацыяльнага календара. Выглядае ўсё так, нібыта кожная асоба, абвясьціўшы страйк, "акупавала" сваё працоўнае месца і аднавіла вытворчасьць, як звычайны "штрэйкбрэхер", дакладна ў тых самых умовах, як і раней, увесь гэты час абвяшчаючы (і насамрэч ажыцьцяўляючы) пэрманэнтны страйк.

І гэта не навуковая фантастыка: справа ў дыбляваньні працэсу працы. І ў дубляваньні працэсу страйкаваньня - сткрайкаваньне інкарпараванае ў працу, як старэньне - ў рэчы, як крыза - ў вытворчасьць. Няма ні страйку, ні працы, але ёсьць і тое і другое, што можна выразіць крыху інакш: магія працы, tromp l'oeil, сцэнадрама (калі не сказаць мэлядрама) вытворчасьці, калектыўная драматургія на пустой сцэне сацыяльнага.

Справа ўжо не ў ідэалёгіі працы - традыцыйнай этыцы, што зацямняе рэальны працэс вытворчасьці і "аб'ектыўны" працэс эксплюатацыі - а ў сцэнары працы. Гэтаксама справа ўжо не ў ідэалёгіі ўлады, а ў сцэнары ўлады. Ідэалёгія адно адпавядае зьвячэньню рэальнасьці праз знакі; сымуляцыя адпавядае кароткаму замыканьню рэальнасьці і яе дубляваньню праз знакі. Заўсёдная мэта ідэалягічнага аналізу - ў аднаўленьні аб'ектыўнага працэсу, яго заўсёдная фальшывая праблема - ў жаданьні аднавіць праўду, якую хавае сымулякр.

Вось чаму ўлада напрыканцы апынаецца ў суладзьдзі з ідэалягічнымі дыскурсамі і дыскурсамі ідэалёгіі. Таму што гэтыя дыскурсы праўды дужа прыдатныя для супраціву сьмяротнаму подыху сымуляцыі, асабліва калі яны рэвалюцыйныя.

 

КАНЕЦ ПАНАПТЫКОНА

Экспэрымэнт амэрыканскага Тэлебачаньня Праўды, праведзены на сям'і Лаўдаў у 1971 годзе ўсё яшчэ адсылае да ідэалёгіі жыцьцёвага досьведу - эксгумацыі рэальнага ў сваёй падставовай банальнасьці і радыкальнай аўтэнтычнасьці: сем месяцаў бесьперапыннай здымкі, трыста гадзінаў няспыннай простай трансляцыі без усякіх сцэнароў, суцэльная адысэя сям'і зь яе драмамі, радасьцямі, нечаканасьцямі - карацей, "грубы" гістарычны дакумэнт, і "найвялікшае тэлевізыйнае відовішча, параўнальнае, у маштабах нашага штодзённага жыцьця, хіба з пасадкай нашай ракеты на месяцы". Але справа ўскладняецца, бо напрацягу фільма сям'я развалілася: здарылася крыза, Лаўды разьдзяліліся і г.д. Адсюль невырашальная супярэчнасьць: ці вінавата ў гэтым тэлебачаньне? Як бы ўсё абярнулася, калі б там не было тэлебачаньня?

Адылі цікавейшай падаецца ілюзія, што Лаўдаў здымалі так, як нібы там не было тэлебачаньня. Прад'юсэр трыюмфаваў, кажучы: "Яны жылі так, як калі б нас там не было." Абсурдная, парадаксальная формула - ні праўдзівая, ні фальшывая: утапічная. Дваццаць мільёнаў гледачоў былі зачараваныя гэтай утопіяй, гэтым парадоксам нашмат больш, чым "вычварнай" асалодай згвалтаваньня чыёйсьці прыватнасьці. Сутнасьць досьведу "праўды" не ў чарах вычварэньня, але ў нейкім скалынаньні ад рэальнага або ад эстэтыкі гіпэррэальнага, у скалынаньні ад галавакрыжнай і фальшывай дакладнасьці, у скалынаньні ад адначасовага аддаленьня і ўзбуйненьня, ад скажэньня маштабаў і звышпразрыстасьці. Асалода ад збытку сэнсу, калі грэбля знаку змываецца паводкай значэньня: кут камэры ўзвышае неазначaнае. Ты бачыш там тое, чым рэальнае ніколі не было (але "як калі б ты быў там"), без усякай аддаленасьці, якая дае нам прастору пэрспэктывы і глыбіню бачаньня (але "больш рэальнае за прыроду"). Асалода ў мікраскапічнай сымуляцыі, якая дазваляе рэальнаму ўвайсьці ўсярэдзіну гіпэррэальнага. (Штосьці падобнае адбываецца ў выпадку порна, якое зачароўвае больш на мэтафізычным, чым на эратычным узроўні.)

Акрамя таго, гэтая сям'я адпачатку ўжо была гіпэррэальнай паводле самой прыроды выбару: тыповая ідэальная амэрыканская сям'я, дом у Каліфорніі, тры гаражы, пяць дзяцей, запэўнены сацыяльны і прафэсыйны статус, дэкаратыўная хатняя гаспадыня, стабільная сярэдняя кляса. Гэта статыстычная дасканаласьць, што выракае сябе на сьмерць. Ідэальная гераіня амэрыканскага спосабу жыцьця, абраная як старажытныя ахвяры для славы і сьмерці ў полымі мэдыі, мадэрнага фатуму. Бо нябёсны агонь больш ня падае на разбэшчаныя гарады, замест гэтага жыцьцёвая рэальнасьць павялічваецца лінзай камэры, і нібы лязэрам працінаецца ёй, выконваючы сьмяротны прысуд. "Лаўды: звычайная сям'я, што згадзілася аддаць сябе ў рукі тэлебачаньня і прыняць ад іх сьмерць," - скажа рэжысэр. Такім чынам, гэта пытаньне ахвярнага працэсу, ахвярнага відовішча, ахвяраванага дваццаці мільёнам амэрыканцаў. Лігургічная драма масавага грамадзтва.

Тэлебачаньне Праўды. Да праўды гэтай сям'і ці да праўды тэлебачаньня адсылае гэты тэрмін, знакаміты сваёй двухсэнсоўнасьцю? Фактычна, гэта тэлебачаньне выконвае ролю праўды, праўда Лаўдаў - гэта тэлебачаньне. Праўда - гэта тэлебачаньне. Гэта ўжо не люстраная праўда люстэрка, ня праўда пэрспэктывы ў панаптычнай сыстэме нагляду, але маніпулятыўная праўда тэсту, што гучыць і пытае, праўда лязэра, што дакранаецца і працінае, праўда кампутарнай гульні ў карты, што захоўвае вашыя ўлюбёныя пасьлядоўнасьці, праўда генэтычнага коду, што кантралюе вашыя сувязі, праўда сукрацьцяў, што інфармуюць ваш пачуцьцёвы ўнівэрсум. У імя гэтай праўды сям'я Лаўдаў была прэзэнтаваная тэлебачаньнем, і ў гэтым сэнсе яна была раўназначнай сьмяротнаму выраку (ці справа ўсё яшчэ ў праўдзе?).

Канец панаптычнай сыстэмы. Вока тэлебачаньня перастала быць крыніцай абсалютнага нагляду, ідэал кантролю перастаў быць ідэалам празрыстасьці. Адылі ён усё яшчэ мае наўвеце аб'ектыўную прастору (прастору Рэнэсанса) і ўсемагатнасьць дэспатычнага нагляду. Ён усё яшчэ застаецца, калі не сыстэмай зьняволеньня, дык прынамсі сыстэмай нанясеньня мясцовасьці на мапу. Ён гуляе больш няўлоўна, але заўжды вонкава, на супрацьстаўленьні: бачыць і быць бачным, нават калі цэнтральны панаптычны пункт ужо невідушчы.

Яшчэ крыху пра Лаўдаў. "Гэта ўжо ня вы глядзіце тэлебачаньне, гэта тэлебачаньне глядзіць вас (ужывую)", або зноў: "Гэта ня вы ўжо слухаеце 'Бяз панікі!', гэта 'Бяз панікі!' слухае вас" - зрух ад панаптычнага мэханізму нагляда ("Дысцыпліна і Пакараньне") да сыстэмы адстрашэньня, у якой касуецца разрозьненьне паміж пасыўным і актыўным. Больш няма ніякага імпэратыву падпарадкаваньня мадэлі ці воклічу наглядчыка "Вы мадэлі!" "Вы бальшыня!" Тут праходзіць вадападзел гіпэррэальнай сацыяльнасьці, у якой рэальнае зьмешваецца з мадэльлю, як у статыстычнай апэрацыі, а ў выпадку мэдыі - як у апэрацыі з Лаўдамі. Гэта апошняя стадыя, нашых, сацыяльных дачыненьняў, якія ўжо перасталі быць дачыненьнямі перакананьня (клясычны век прапаганды, ідэалёгіі, публічнасьці і інш.), і ператварыліся ў дачыненьні адстрашэньня: "Вы інфармацыя. Вы сацыяльнасьць. Вы падзея. Вы маеце на ўвазе. Вы маеце слова, і г.д." Адбыўся перакрут, які ўнемагчыміў лякалізацыю адзінай інстанцыі мадэлі, улады, нагляду, самой мэдыі, бо вы адпачатку заўжды апынаецеся па другі бок. Больш няма ніякага суб'екта, ніякага цэнтральнага пункту нагляду, ніякага цэнтра ці пэрфэрыі: чыстае ці цыркулярнае скрыўленьне. Больш няма ніякага гвалту ці нагляду: толькі "інфармацыя", затоеная злоба, ланцуговая рэакцыя, павольная імплёзія, і сымулякры прасторы, якая зноў дапускае да гульні эфэкт рэальнага.

Мы сьведкі канца пэрспэктывальнай і панаптычнай прасторы (якая застаецца маральнай гіпотэзай, зьвязанай з усімі клясычнымі аналізамі "аб'ектыўнай сутнасьці" ўлады), і скасаваньня самой відовішчавасьці. Тэлебачаньне, напрыклад у выпадку Лаўдаў, ужо не відовішчавая мэдыя. Мы жывем ужо не ў грамадзтве відовішча, пра якое гаварылі сытуаністы, і не ўва ўласьцівых яму кшталтах адчужэньня і здушэньня. Мэдыя як такая ўжо не паддаецца ідэнтыфікацыі, і зьмяшэньне мэдыі з пасланьнем (МакЛюэн) (7) ёсьць першай вялікай формулай гэтай новай эпохі. Мэдыя ўжо не існуе ў літаральным сэнсе: яна няўлоўная, рашчыненая і дыфрагаваная ў рэальным, і нельга ўжо нават сказаць, што мэдыя рэагуе на яго ўплывы.

Гэтая вірусная, эндэмічная, хранічная, трывожная прысутнасьць мэдыі нагадвае мяшанку, зь якой немагчыма выдзяліць яе эфэкты - спэктралізаваныя, як рэклямныя лязэрныя скульптуры ў пустой, адфільтраванай мэдыяй, прасторы падзеі. Рашчыненьне тэлебачаньня ў жыцьці, рашчыненьне жыцьця ў тэлебачаньні - неразрозная хімічная рошчына: мы ўсе Лаўды, вырачаныя не на ўварваньне, ціск, гвалт і шантаж мэдыі і мадэляў, а на іх індукцыю і інфільтрацыю, на іх безразборную жорсткасьць.

Але трэба яшчэ глянуць і на адваротны варыянт, што навязьліва прапаноўваецца дыскурсам: справа ні ў паморку, ні ў віруснай інфэкцыі. Замест гэтага трэба думаць пра мэдыі так, як нібы яны знаходзяцца на вонкавай арбіце, як пра генэтычны код, што скіроўвае мутацыю рэальнага ў гіпэррэальнае, падобна як іншы мікрамалекулярны код кантралюе пераход з рэпрэзэнтатыўнай сфэры сэнсу ў генэтычную сфэру праграмаванага сыгналу.

Пад сумнеў пастаўлены ўвесь традыцыйны сьвет прычыннасьці: пэрспэктывальны дэтэрмінісцкі мэтад, "актыўны" крытычны мэтад, аналітычны мэтад - разрорзьненьне паміж прычынай і наступствам, паміж актыўным і пасыўным, паміж суб'ектам і аб'ектам, паміж мэтамі і сродкамі. У гэтым сэнсе, сьцьвярджаючы, што: тэлебачаньне глядзіць нас, тэлебачаньне адчужае нас, тэлебачаньне маніпулюе намі, тэлебачаньне інфармуе нас..., мы застаемся залежнымі ад аналітычнай канцэпцыі мэдыяў, ад вонкавага, актыўнага і эфэктыўнага, пасярэдніка, ад "пэрспэктывальнай" інфармацыі з даляглядам зьнікаючай кропкі рэальнага і сэнсу.

Цяпер жа, трэба ўявіць тэлебачаньне ўздоўж лініяў ДНК, як эфэкт зьнікненьня супрацьлеглых полюсаў вызначэньня, выкліканы ядравым ушчыльненьнем і сьцісканьнем старой палярнай схемы, якая заўсёды захоўвала мінімальную дыстанцыю паміж прычынай і наступствам, паміж суб'ектам і аб'ектам: менавіта сэнсавую аддаленасьць, прамежак, розьніцу, найменшы магчымы інтэрвал (РРЕР!), нескарачальны пад страхам паглынаньня выпадковым і нявызначаным працэсам, чый дыскурс ужо ня здольны за яго адказваць, будучы вызначаным ладам.

І вось гэты прамежак зьнікае ў працэсе генэтычнага кадаваньня, нявызначанасьць якога - справа ня так малекулярнай выпадковасьці, як простага і яснага скасаваньня дачыненьня. У працэсе малекулярнага кантролю, які "ідзе" ад ядра ДНК да "субстанцыі", якую ён "інфармуе", ужо няма ніякага скрыжаваньня эфэкта, энэргіі, вызначэньня, пасланьня. "Лад, сыгнал, імпульс, пасланьне": усё гэта спрабуе зрабіць рэч зразумелай для нас, але зразумелай паводле аналёгіі, зваротна перапісваючы яе ў тэрмінах надпіса, вэктара, дэкадаваньня, вымярэньня, пра якое мы нічога ня ведаем - гэта ўжо нават не "вымярэньне", а калі вымярэньне, дык мабыць чацьвертае (якое, адылі, у Айнштайнавай рэальнасьці вызначаецца паглынаньнем адасобленых полюсаў прасторы і часу). Фактычна, увесь гэты працэс можна зразумець толькі ў яго адмоўнай форме: нішто больш не адасабляе адзін полюс ад другога, іх канец і пачатак супадаюць; адбываецца нешта накшталт іх узаемнага ўшчыльненьня, дзівоснае сьцісканьне, прокрыш і ўзаемнае разбурэньне двух традыцыйных полюсаў: імплёзія - паглынаньне прамянёвага мэтаду прычыннасьці і дыфэрэнцыйнага мэтаду вызначэньня, іх станоўчых і адмоўных ладункаў - імплёзія сэнсу. Вось тут пачынаецца сымуляцыя.

Паўсюдна, ува ўсіх сфэрах - палітычнай, біялягічнай, псыхалягічнай, мэдыяльнай - разрозьненьне паміж гэтымі двума палюсамі ўжо ня можа захоўвацца, і кідаецца ў сымуляцыю, а як сьлед у абсалютную маніпуляцыю - не ў пасыўнасьць, але ў неразрозьненьне актыўнага і пасыўнага. ДНК ажыцьцяўляе гэтае выпадковае зьвядзеньне на ўзроўні жовога рэчыва. Тэлебачаньне ў выпадку Лаўдаў таксама асягае гэты неабмежаваны ліміт, калі будучы сам-насам з тэлебачаньнем, яны і пасыўныя і актыўныя ў той самай меры, што і жывая субстанцыя, будучы сам-насам з малекулярным кодам. І тут і там аднолькавая туманнасьць, яе складнікі немагчыма расшыфраваць, як немагчыма расшыфраваць і яе праўду.

 

АРБІТАЛЬНАЕ І ЯДРАВАЕ

Верхаваньне сымуляцыі: ядравае. Адылі, раўнавага страху - нішто іншае як відовішчавы бок сыстэмы адстрашэньня, якая знутра няўлоўна пранікла ўва ўсе шчыліны штодзённасьці. Ядравая "падважанасьць" патрэбна толькі дзеля таго, каб урачыста ўзаконіць трывіялізаваную сыстэму адстрашэньня, якая знайшла прысельле ў самым сэрцы мэдыяў, гвалту без наступстваў, якім апанаваны ўвесь сьвет, і выпадковага апарату ўсіх магчымых выбараў, якія робяцца за нас. Кожная дробязь у нашых паводзінах рэгулюецца нэўтралізаванымі абыякавымі эквівалентнымі знакамі, чыя агульная сума роўная нулю. Такімі самымі знакамі рэгулюцца "стратэгіі гульняў" (але сапраўднае зраўнаньне крыецца недзе ў іншым мейсцы, і невядомай у ім зьяўляецца якраз зьменлівая сымуляцыі, якая надае гіпэррэальную форму самому атамнаму арсэналу, сымулякру, які пануе над усім і зводзіць увесь падзейны "фонавы ўзровень" адно да эфэмэрных сцэнароў, якія ператвараюць жыцьцё ў выжываньне - нават ня ў поліс страхаваньня жыцьця: у пратэрмінаваны поліс, які ўжо ня мае ніякай каштоўнасьці).

Нашыя жыцьці паралізуе ня простая пагроза атамнага разбурэньня, але адстрашэньне, ад якога яны захварэлі на леўкемію. І гэтае адстрашэньне зыходзіць з таго факту, што нават рэальнае атамнае сутыкненьне загадзя запабегнута - запабегнута як магчымасьць рэальнага ў знакавай сыстэме. Увесь сьвет робіць выгляд, што верыць у рэальнасьць гэтай пагрозы (што можна было б яшчэ зразумець з гледзішча войска: на кон пастаўлена важнасьць яго практыкаваньняў і сур'ёзнасьць дыскурса ягонай "стратэгіі", але менавіта на гэтым узроўні няма ніякай стратэгічнай стаўкі). Уся арыгінальнасьць сытуацыі ў неверагоднасьці разбурэньня.

Адстрашэньне запабягае вайну - архаічны гвалт экспансыўных сыстэмаў. Але адстрашэньне cамо па сабе - гэта нэўтральны, імплязыўны гвалт мэтастабільных ці абарачальных сыстэмаў. Адстрашэньне ня мае ўжо ні суб'екта, ні ворага, ні стратэгіі - гэта плянэтарная структура анігіляцыі ставак. Атамная вайна, як і Траянская Вайна, не абдудзецца. Рызыка атамнага разбурэньня служыць толькі прэтэкстам для ўсталяваньня праз сафістыкацыю зброі (якая да такой ступені пераўзыходзіць усякую магчымую аб'ектыўнасьць, што зьяўляецца сымптомам мізэрнасьці сваёй нагоды) сусьветнай сыстэмы бясьпекі, сусьветнай сыстэмы запабяганьня і кантролю, чый адстрашальны эфэкт увогуле прызначаны не для атамнага сутыкненьня (якое ніколі і не разглядалася як рэальна магчымае, за выняткам, без сумневу, самай пачатковай стадыі халоднай вайны, калі яно ўсё яшчэ засмучала ядравы апарат умоўнай вайной), а хутчэй для нейкай, нашмат большай верагоднай, рэальнай падзеі, для нечага, што магло бы стацца падзеяй у агульнай сыстэме, і гэтым парушыла б яе раўнавагу.

Адстрашэньне - не стратэгія, яно цыркулюе і абменьваецца паміж ядравымі пратаганістамі, акурат як міжнародны капітал у арбітальнай зоне валютнай спэкуляцыі - яе ваганьняў дастаткова, каб кантраляваць усе глябальныя абмены. Гэтаксама грошай разбурэньня (што маюць ня большую рэфэрэнцыю да рэальнага разбурэньня, чым вагальны капітал да рэальнай вытворчасьці), якія цыркулююць на ядравай арбіце, дастаткова, каб кантраляваць увесь гвалт і ўсе патэнцыйныя канфлікты ўва ўсім сьвеце.

Што крыецца ў ценю гэтага мэханізма, з прэтэкстам найвялікшай, "аб'ектыўнай" пагрозы ды з удзячнасьцю ядраваму дамоклаву мячу, дык гэта дасканаласьць найлепшай сыстэмы кантролю, якая калі-колечы існавала, і ўсё большая залежнасьць усёй плянэты ад гэтай гіпэрмадэлі бясьпекі.

Тое самае адбываецца і зь мірнымі ядравымі электрастанцыямі. Замірэньне ня робіць разрозьненьняў між цывільным і вайсковым: паўсюль, дзе паймо бясьпекі стаецца ўсемагутным, паўсюль, дзе норма замяняе стары арсэнал законаў і гвалту (уключаючы вайну), расьце гэтая сыстэма адстрашэньня, і вакол яе расьце гістарычная, сацыяльная, і палітычная пустэльня. Велізарная інвалюцыя прымушае кожны канфлікт, кожную канчатковасьць, кожную канфрантацыю згортвацца прапарцыйна гэтаму шантажу, які перапыняе, нэўтралізуе і замарожвае іх усіх. Ніводны бунт, ніводная гісторыя ня можа разгортвацца адпаведна сваёй уласнай лёгіцы пад страхам анігіляцыі. Немагчымая ніякая стратэгія, і любое завастрэньне - толькі юнацкая гульня ў параўнаньні з рэгулярным войскам. Палітычная стаўка памёрла, засталіся адно сымулякры канфліктаў і ашчадна рэестраваных ставак.

"Касьмічныя гонкі" адыгрывалі амаль тую самую ролю, што і ядравае завастрэньне. Вось чаму касьмічныя праграмы маглі з такой лёгкасьцю замяніць яго ў 1960-х (Кэнэды-Хрушчоў), і канкурэнтна разьвіваліся як форма "мірнага суіснаваньня". Бо што, у рэшце рэшт, зьяўляецца функцыяй касьмічнай праграмы, месяцовага спаборніцтва і запуску сатэлітаў, калі не ўсталяваньне мадэлі ўнівэрсальнай гравітацыі, а месяцовы модуль ёсьць дасканалым эмбрыёнам яе сатэлізацыі. Запраграмаваны мікракосм, дзе нішто не пакінута на волю выпадка. Траекторыя, энэргія, зьлічэньне, псыхалёгія, асяродзьдзе - нічога нельга пакінуць выпадковасьцям, гэта татальны ўнівэрсум нормы - Закон перастаў існаваць, законам сталася апэрацыйная неад'емнасьць кожнай дэталі. Унівэрсум, ачышчаны ад усякай сэнсавай пагрозы, гаспадарства асэптыкі і бязважкасьці - гэтая дасканаласьць зачароўвае. Захапленьне натоўпаў не было адказам на падзею пасадкі на Месяцы або засланьня чалавека ў космас (гэта хутчэй было б зьдзяйсьненьнем райнейшай мары), мы былі агаломшаныя хутчэй дасканаласьцю праграмаваньня і тэхнічнай маніпуляцыі, неадпрэчным цудам запраграмаванага разгортваньня падзеі. Зачараваньне верхаваньнем нормы, панаваньнем над магчымасьцямі і дасканалым авалоданьнем верагоднасьцю. Галавакружэньне мадэлі, лучнай з мадэльлю сьмерці, але пазбытай страху й невядомасьці. Бо калі закон са сваёй аўрай парушэньня, калі лад са сваёй аўрай жорствасьці, усё яшчэ поркаецца з вычварнай ўяўнасьцю, норма прыцягвае, зачароўвае, агаломшвае, і закручвае кожную ўяўнасьць у сьпіраль. Ня трэба шмат фантазіяў наконт падрабязнасьці праграмы, адно яе бачаньне спараджае галавакружэньне. Галавакружэньне сусьвету бязь месячных.

Гэтая мадэль праграмавальнай непахібнасьці, максімума бясьпекі і адстрашэньня, і сёньня кантралюе сацыяльную прастору. Там і ляжыць сапраўдная радыёактыўная вопадзь: падрабязная апэрацыя тэхналёгіі служыць мадэльлю для падрабязнай апэрацыі сацыяльнасьці. Тут таксама нічога ні застанецца на волю выпадка, і больш за тое, у гэтым сутнасьць сацыялізацыі, якая распачалася шмат стагодзьдзяў таму, але цяпер увайшла ў фазу свайго паскоранага разьвіцьця, і імкліва набліжаецца да мяжы. Верылі, што гэтая мяжа будзе эксплязыўнай (рэвалюцыя), але яна ў момант транслявалася ў адваротны, імплязыўны, працэс: агульнае адстрашэньне выпадка, нечаканасьці, папярэчнасьці, канчатковасьці, супярэчнасьці, разрыва, напругі ў сацыяльнасьці, асьвечанай нормай, вырачанай на апісальную празрыстасьць інфармацыйных мэханізмаў. Фактычна, прасторавыя і ядравыя мадэлі ня маюць сваіх уласных мэтаў: ні адкрыцьця Месяца, ні ваеннай і стратэгічнай зьверхнасьці. Іх рацыя - быць мадэлямі сымуляцыі, мадэльнымі вэктарамі сыстэмы плянэтарнага кантролю (дзе несвабодныя нават звышулады гэтага сцэнара - сатэлізаваны ўвесь сьвет) (8).

Супраціў відавочнасьці: сатэлізаваны - але зусім ня так, як уяўляецца. Дзякуючы арбітальнаму ўпісаньню прасторавага аб'екту гэта сама плянэта Зямля стаецца сатэлітам, гэта зямны прынцып рэальнасьці робіцца экс-цэнтрычным, гіпэррэальным і неазначальным. Дзякуючы арбітальнаму пацьверджаньню сыстэмы кантролю як мірнага суіснаваньня ўсе зямныя мікрасыстэмы сатэлізуюцца і страчваюць аўтаномію. Уся энэргія, усе падзеі паглынаюцца гэтай экс-цэнтрычнай гравітацыяй, усё кандэнсуецца і імплязуе ў адзіную мікрамадэль кантролю (арбітальны сатэліт), як у іншым, біялягічным, вымярэньні, усё наадварот сыходзіцца ў адзін пункт і імплязуе ў малекулярную мікрамадэль генэтычнага коду. Паміж імі, у гэтым раздваеньні ядравага і генэтычнага, і адначасовым прыняцьці двух падставовых кодаў адстрашэньня, паглынаецца ўсякі прынцып сэнсу і немагчымае ніякае разгортваньне рэальнасьці.

Гэта выдатна ілюструецца адначасовасьцю дзьвюх падзеяў у ліпені 1975 году: злучэньня ў космасе двух, амэрыканскага і савецкага, сатэлітаў, верхаваньня мірнага суіснаваньня - і адмовы кітайцаў ад ідэаграматычнага пісьма на карысьць лацінскага альфабэту. Апошняе азначае "арбітальнае" пацьверджаньне абстрактнай і мадэлізаванай знакавай сыстэмы, якая паглыне ўсе ўнікальныя формы і стылі пісьма. Сатэлізацыя мовы: сродак, які выкарысталі кітайцы для ўваходу ў сыстэму мірнага суіснаваньня, быў напісаны на іх нябёсах дакладна ў той самы момант злучэньнем двух сатэлітаў. Арбітальны палёт Вялікай Двойкі - нэўтралізацыя і гамагенізацыя ўсіх засталых на Зямлі.

І ўсё ж такі, насуперак адстрашэньню арбітальнай уладай - ядравым ці малекулярным кодам - падзеі працягваюцца на фонавым узроўні, няшчасьці здараюцца нават часьцей, абумоўленыя глябальным працэсам сумежнасьці і адначасовасьці дадзеных. Але яны ўжо няўлоўна згубілі ўсякі сэнс, стаўшыся адно эфэктам падваеньня сымуляцыі ў яе верхаваньні. Найлепшым узорам можа паслужыць напэўна вайна ў Віетнаме, бо адбывалася на скрыжаваньні максымальных гістарычных і "рэвалюцыйных" ставак і ўсталяваньня гэтага адстрашальнага аўтарытэта. Які сэнс мела гэтая вайна, і ці не было яе разгортваньне толькі сродкам урачыста ўзаконіць канец гісторыі вырашальнай і кульмінацыйнай падзеяй нашай эры?

Чаму гэтая вайна, такая цяжкая, такая даўгая і такая жорсткая, сьціхла за пару дзён, быццам начараваная?

Чаму амэрыканская параза (найвялікшая няўдача ў гісторыі ЗША) не атрымала нутраной аддачы ў Амэрыцы? Калі б яна сапраўды азначала паразу плянэтарнай стратэгіі Злучаных Штатаў, дык мусіла б тады цалкам падарваць іх нутраную раўнавагу і ўсю амэрыканскую палітычную сыстэму. Нічога падобнага ня здарылася.

Замест гэтага адбылося нешта іншае. Гэтая вайна, па сутнасьці, была вырашальным эпізодам мірнага суіснаваньня. Гэты пэрыяд якраз і адзначаны далучэньнем Кітая да мірнага суіснаваньня. Ненападзеньне Кітая было дасягнута і замацавана, пасьля многіх гадоў яго вучнёўства глябальнаму modus vivendi, зрухам ад глябальнай рэвалюцыйнай стратэгіі да стратэгіі падзелу сфэраў уплыву, пераходам ад радыкальнай альтэрнатывы да палітычнага чаргаваньня ў сыстэме, цяпер ужо ладна адрэгуляванай (нармалізацыя дачыненьняў Пэкіна й Вашнгтона): гэта і было пастаўлена на кон у Віетнамскай вайне, і ў гэтым сэнсе, хоць ЗША выкінулі зь Віетнама, даўшы пад зад нагой, яны такі выйгралі вайну.

І вайна скончылася "спантанна", калі яе "задача" была дасягнута. Вось чаму яе так лёгка "прытупілі" і супынілі.

Такі самы адвод узброеных сілаў назіраўся і на полі сечы. Вайна працягвалася датуль, пакуль не былі зьліквілаваныя элемэнты, яшчэ ня зьведзеныя да здаровай палітыкі і дысцыпліны ўлады, хаця бы камуністычнай. Калі ўрэшце вайна патрапіла ў рукі рэгулярных войскаў на Поўначы і і выйшла з пад кантролю войска супраціву, яе можна было спыняць: яна выканала свае задачы. Стаўка такім чынам рабілася на палітычную зьмену. Як толькі віетнамцы пацьвердзілі, што яны ўжо ня носьбіты заразы непрадказальнага разбурэньня, ад іх можна было адчапіцца. Тое, што там застаўся камуністычны парадак, было ўрэшце ня так істотна: ён спраўдзіў сябе, яму можна было давяраць. У ліквідацыі "дзікіх" і архаічных дакапіталістычных структураў ён нават больш эфэктыўны за капіталізм.

Паводле таго самага сцэнару праходзіла і Алжырская вайна.

Іншы аспэкт гэтай вайны і ўсіх цяперашніх войнаў: па той бок збройнага гвалту і забойчай варажнечы двух супернікаў - якая падавалася справай жыцьця і сьмерці, і так і разыгрывалася (інакш ніколі людзі не ішлі бы на сьмерць такой колькасьцю і з такім імпэтам) - па той бок гэтага сымулякра змаганьня да сьмерці і жорсткіх глябальных ставак, абодва супернікі былі фундамэнтальна салідарнымі супраць нечага іншага, безназоўнага. І аб'ектыўнай мэтай, аднолькава істотнай для абодвух супернікаў, было яго поўная зьнішчэньне. Плямённыя, грамадавыя, дакапіталістычныя структуры, усе сымбалічныя формы абмена, мовы, арганізацыі - усё гэта мусіла быць скасаваным. Усё гэта і было аб'ектам забойства ў гэтай вайне - і сама вайна, зь яе неад'емным відовішчавым апаратам сьмерці, зьяўлялася нічым іншым як працэсам тэрарыстычнай рацыяналізацыі сацыяльнага - забойства, у выніку якога будзе набыта сацыяльнасьць. Хто б яго не ўчыніў, камуністы ці капіталісты. Асноўная складанасьць - падзел працы паміж двума супернікамі (тут яны ішлі на велізарныя ахвяры) - трывала аж да самага канца перафармаваньня і акліматызацыі сацыяльных дачыненьняў.

"Паўночным віетнамцам параілі паспачуваць лівідацыі амэрыканскай прысутнасьці, каб захаваць свой твар."

Той самы сцэнар: надзвычай суворая бамбардыроўка Ханоя. Хай той факт, што абараняць яе проста немагчыма, не схавае ад нас іншы факт: яна была ўсяго толькі сымулякрам, што меў на мэце даць магчымасьць віетнамцам зрабіць выгляд пошукаў кампрамісу, а Ніксану - прымусіць амэрыканцаў праглынуць адыход іх войскаў. Гульню ўжо выйгралі, не засталося ніякіх ставак, акрамя прыстойнасьці канчатковага дэмантажу.

Маралісты вайны, захавальнікі высокіх воінскіх каштоўнасьцяў не павінны дужа ніякавець ад гэтага: вайна ня робіцца менш жорсткай ад таго, што яна ўсяго толькі сымулякр - пакуты гарматнага мяса тыя самыя, і мёртвыя як і раней заслугоўваюць тых самых пашанаў, як і пабітыя ў іншых войнах. Пастаўленая задача ўжо зьдзейсьнена, так жа як задачы мапаваньня мясцовасьці і дысцыплінарнай сацыяльнасьці. Чаго ўжо няма, дык гэта суперніцтва супернікаў, рэальнасьці варожых рацыяў, ідэалягічнай важнасьці вайны. А таксама рэальнасьці перамогі і паразы, бо вайна - гэта працэс, які трыюмфуе задоўга да іх зьяўленьня.

Ува ўсякім разе, замірэньне (або адстрашэньне), якое сёньня пануе, стаіць па той бок вайны і міру, яго сутнасьць у тым, што і вайна і мір у кожны момант раўназначныя. "Вайна - гэта мір" - сказаў Орўэл. Тут тое самае, два адасобленыя полюсы імплязуюць адно ў аднога, або перапрацоўваюць адно аднаго - адначасовасьць супярэчнасьцяў, якая зьяўляецца адначасова пародыяй на кожную дыялектыку і яе канцом. Можна цалкам абмінуць праўду вайны: яна ў тым, што вайна закончылася задоўга да таго, як распачалася, што мэта вайны крылася ў сэрцы самой вайны, і што яна мабыць ніколі не распачыналася. Шмат якія іншыя падзеі (нафтавая крыза, і інш.) ніколі не пачыналіся, ніколі не існавалі, толькі хіба як штучныя здарэньні - абстрактныя і эрзацныя артэфакты гісторыі, катастрофы і крызы, патрэбныя толькі для захаваньня пад гіпнозам гістарычнай спадчыны. Мэдыя і афіцыйны новы сэрвіс патрэбныя тут, адно каб захоўваць ілюзію актуальнасьці, рэальнасьці ставак і аб'ектыўнасьці фактаў. Усе падзеі трэба чытаць ззаду наперад, інакш робіцца вядома (як у выпадку з камуністамі "ля ўлады" ў Італіі: рэтра, пасьмяротнае вынаходжаньне гулагаў і савецкіх дысыдэнтаў як найбольш сучаснае адкрыцьцё, зробленае нябожчыцай-этналёгіяй, накшталт страчанай "розьніцы" дзікуноў), што гэтыя рэчы зьвіліся запозна, з гістарычным спазьненьнем, па сьпіралі спазьненьня; што яны ўжо даўным даўна страцілі свой сэнс і ажываюць толькі ад штучнага ўзбуджэньня знакаў; што ўсе гэтыя падзеі сьледуюць адна за адной без усякай лёгікі, найсупярэчліва раўназначныя адна адной і глыбока абыякавыя да сваіх наступстваў (але гэта таму, што ад іх нічога не застаецца: яны цалкам высільваюцца ў відовішчавай прамоцыі). Ад усіх "кінахронік" застаецца злавеснае ўражаньне адначасова кітча, рэтра і порна - усе гэта, несумнеўна, ведаюць і ніхто не ўспрымае іх сур'ёзна. Рэальнасьць сымуляцыі невыносная - больш жорсткая за тэатар жорсткасьці Арто, які ўсё яшчэ застаецца спробай стварыць драматургію жыцьця, апошнім дыхам ідэальнасьці цела, крыві і гвалту ў сыстэме, якая ўжо прыбрала іх прэч, бяскроўна паглынуўшы ўсе стаўкі. Нам паказалі фокус. Уся драматургія, і нават усё сапраўднае пісьмо жорсткасьці, зьніклі. Сымуляцыя - пан, і мы маем права толькі на рэтра, фантомы, парадыйную рэабілітацыю ўсёй страчанай рэфэрэнцыйнасьці. Усё дагэтуль разгортваецца вакол нас у халодным сьвятле адстрашэньня (уключаючы Арто, які, як і ўсе засталыя, мае права на сваё ўваскрашэньне, на паўторнае існаваньне ў якасьці рэфэрэнцыяла жорсткасьці).

Таму распаўсюджаньне ядравай зброі не павялічвае пагрозы ні атамнага сутыкненьня, ні выпадковага няшчаснага здарэньня - яна захаваецца да таго часу, пакуль "юныя" ўлады змогуць знайсьці для яе неадстрашальнае, "рэальнае" скарыстаньне (як амэрыканцы ў Хірасіме - але толькі яны і мелі права на "кошт ужытку" бомбы, усе засталыя, што атрымалі яе пасьля, будуць адстрашаныя ад яе ўжываньня ўжо самім фактам валоданьня ёю). Уваход у атамны клюб, так прыўкрасна названы, дужа хутка сканчае (як стварэньне прафсаюзаў у працоўным сьвеце) зь любымі схілеьнасьцямі да гвалтоўнага нападу. Адказнасьць, кантроль, цэнзура, сама-адстрашэньне заўсёды ўзрастаюць хутчэй, чым у нашым распараджэньні зьяўляюцца сілы ці зброя: гэта таямніца сацыяльнага ладу. Такім чынам сама магчымасьць паралізаваць усю краіну, націснуўшы на пару клябішаў, гарантуе, што электрыкі і мэханікі ніколі не яе скарыстаюць. Увесь міт пра татальны рэвалюцыйны страйк рассыпаецца ў той самы момант, калі зьяўляюцца сродкі яго ажыцьцяўленьня - і менавіта таму, што сродкі даступныя. У гэтым складаецца ўвесь працэс адстрашэньня.

Цалкам верагодна, што аднойчы мы ўбачым, як ядравыя ўлады экспартуюць атамныя рэактары, зброю, і бомбы па ўсёй шырыні зямной кулі. Кантроль праз пагрозу будзе заменены больш эфэктыўнай стратэгіяй замірэньня праз бомбу і валоданьне бомбай. "Маленькія" ўлады, зь верай, што набываюць сваю незалежную сілу змаганьня, будуць набываць вірус адстрашэньня, свайго ўласнага адстрашэньня. Гэта ўжо адбываецца з атамнымі рэактарамі, якія мы ім паслалі: такая колькасьць нэўтронных бомбаў выдаляе ўсякую гістарычную крыўду, і ўсякую рызыку выбуха. У гэтым сэнсе, ядравае паўсюль распачынае паскораны працэс імплёзіі, яна замарожвае ўсё вакол сябе і паглынае ўсю жывую энэргію.

Ядравасьць зьяўляецца адначасова верхаваньнем усёй наяўнай энэргіі і найвялікшай ступеньню кантролю за энэргетычнай сыстэмай. Ахова і кантроль узрастае ў простай прапорцыі да (і несумнеўна нават хутчэй) вызваленьня патэнцыяльных магчымасьцяў. Гэта ўжо было апорыяй мадэрнай рэвалюцыі. Цяпер гэта абсалютны парадокс ядравага. Энэргіі замарожваюцца сваім уласным агнём, адстрашваючы саміх сябе. Цяжка нават уявіць, што за праект, што за ўлада, што за стратэгія, што за суб'ект мог бы існаваць па-за гэтым адмежаваньнем, па-за гэтай велізарнай перасычанасьцю сыстэмы сваімі ўласнымі сіламі, цяпер ужо нэўтралізаванымі, бескарыснымі, незразумелымі, невыбуховымі - за выняткам магчымасьці выбуха ўсярэдзіну, або імплёзіі, дзе ўсе энэргіі скасуюцца ў катастрафічным працэсе (у літаральным сэнсе, то бок у сэнсе вяртаньня ўсяго цыкла да найменшага пункту, вяртаньня энэргіяў да найменшага парога).

 

ЗАЦЕМЫ

(5) Узятыя разам, энэргетычная крыза і экалягічная мізансцэна, самі па сабе зьяўляюцца фільмамі-катастрофамі, зьнятыя ў тым самым стылі (і за той самы кошт), што сучасныя галівудзкія хіты. Няма сэнсу старанна інтэрпрэтоўваць гэтыя фільмы ў тэрмінах іх дачыненьня да "аб'ектыўнай" сацыяльнай крызы ці нават да "аб'ектыўнага" фантома катастрофы. У іншым сэнсе трэба сказаць, што сама сацыяльнасьць у сучасным дыскурсе арганізуецца паводле сцэнара фільма-катастрофы. (Сf. M. Makarius, "La strategie de la catastrophe" [Стратэгія катастрофы], 115.) (назад)

(6) Гэтаму кволаму ўкладаньню ў працу адпавядае паралельны заняпад укладаньня ў спажываньне. Бывай, кошт ужытку і прэстыж аўтамабіля, бывайце, амурныя дыскурсы з простым і ясным супрацьстаўленьнем аб'екта асалоды аб'екту працы. Настаў час іншага дыскурса, дыскурса працы як аб'екта спажываньня, што дамагаецца актыўнага, абгрунтаванага, пурытанскага новага ўкладаньня, да якога спрабуюць адаптавацца характарыстыкі аўтамабіляў (ужывае менш газу, сочыць за вашай бясьпекай, не перавышае дазволеную хуткасьць і інш.). Стаўка ўзнаўляецца празь перамяшчэньне двух гэтых полюсаў. Праца стаецца аб'ектам патрэбы, машына стаецца аб'ектам працы. Няма лепшага доказу адсутнасьці дыфэрэнцыяцыі сярод усіх ставак. Тая самая сьлізкасьць паміж "правам" голасу і "абавязкам" удзелу ў выбарах, што сыгналізуе "бяспраўе" палітычнай сфэры. (назад)

(7) Зьмяшэньне мэдыі і пасланьня - гэта натуральны вынік зьмяшэньня адпраўніка і атрымальніка, што ўрачыста ўзаконьвае зьнікненьне ўсіх дваістых, палярных структураў, якія фармавалі дыскурсыўную арганізацыю мовы, зьнікненьне ўсякай вызначанай артыкуляцыі сэнсу, адлюстраванай знакамітай сеткай функцыяў Якабсона. Тое, што дыскурс "цыркулюе", трэба ўспрымаць літаральна: то бок ён ужо не ідзе ад аднаго пункта да другога, але перасякае цыкл, які без разрозьненьняў улучае пазыцыі адпраўніка і атрымальніка, якія цяпер не паддаюцца лякалізацыі як гэткія. Такім чынам, няма інстанцыі ўлады, няма інстанцыі адпраўленьня - улада гэта нешта, што цыркулюе, і чыю крыніцу ўжо нельга лякалізаваць, гэта цыкл, у якім пазыцыі пануючага і апанаванага абменьваюцца ў бясконцай абарачальнасьці, гэта канец улады ў яе клясычным вызначэньні. Цыркулярызацыя ўлады, ведаў, дысурсу кладзе канец усякай лякалізацыі інстанцыяў і полюсаў. У самой псыхааналітычнай інтэрпрэтацыі "улада" інтэрпрэтатара паходзіць ня зь нейкай вонкавай інстанцыі, але ад самога інтэрпрэтаванага. Гэта зьмяняе ўсё, бо ў традыцыйных уладароў заўсёды можна запытацца, адкуль яны яе ўзялі. Хто зрабіў цябе князям? Кароль. Хто зрабіў цябе каралём? Бог. Толькі Бог не адказвае. Але на пытаньне: хто зрабіў цябе псыхааналітыкам? аналітык таксама можа адказаць: Вы. Так праз адваротную сымуляцыю выяўляецца пераход ад "аналізаванага" да "аналізатара", ад пасыўнага да актыўнага, які проста апісвае сьпіральны эфэкт перарушэньня полюсаў, эфэкт цыркулярнасьці, у якой улада губляецца, рашчыняецца, рассмоктваецца ў дасканалай маніпуляцыі (належачы ўжо не да ладу ўказальнай улады ці нагляду, але да ладу прамацваньня і замены). Бачна, што цыркулярнасць дзяржавы\сям'і, запэўнена ваганьнем і мэтастазай рэгуляваньня вобразаў сацыяльнага і прыватнага. (J. Donzelot, La police des familles [Ахова сям'і].

Цяпер немагчыма задаць усім вядомыя пытаньні: "Зь якой пазыцыі вы прамаўляеце?" - "Адкуль вы гэта ведаеце?" "Адкуль вы бярэце вашую ўладу?" - не пачуўшы адразу ў адказ: "Але гэта з вас я прамаўляю" - маючы наўвеце, што гэта вы гаворыце, вы ведаеце, і вы ўлада. Велізарная цыркумвалюцыя, кругазварот маўленьня, падобны на бясконцы шантаж і адстрашэньне суб'екта, неабходнага для гаворкі, што пакідае яго без адказу на пытаньне, якое ён ставіць, непазьбежна адказваючы: але гэта вы адказ, або: вашае пытаньне - гэта ўжо і адказ, і інш. - суцэльная сафістыкацыя і перабіваньне маўленьня, змушаная споведзь пад выглядам свабоды выяўленьня, што ловіць суб'ект у яго ўласным запытаньні, прэцэсія адказа пытаньню (тут палягае сапраўдны гвалт інтэрпрэтацыі, так жа як сьвядомае несьвядомага ці несьвядомае кіраваньне маўленьнем).

У гэтым сымулякры інвэрсіі ці інвалюцыі полюсаў, у гэтай хітрай прыхватцы крыецца таямніца ўсяго дыскурсу маніпуляцыі. Такім чынам, сёньня ўва ўсіх сфэрах сакрэт любой новай улады крыецца ў зьнішчэньні сцэны ўлады, у дапушчэньні ўсіх магчымых словаў, з чаго і вынікае гэта фантастычная маўклівая бальшыня, уласьцівая нашаму часу - у палітычнай сфэры ўсё гэта пачынаецца несумнеўна з дэмакратычнага сымулякра, які насёньня зьяўляецца заменай улады Бога ўладай, якая мае сваёй крыніцай людзей, заменай улады як эманацыі уладай як рэпрэзэнтацыяй. Анты-капэрніканская рэвалюцыя: зьнікненьне трансцэндэнтальнай інстанцыі, улады і веды засталіся бяз сонца і сьветача - усё зь людзей зыходзіць і ўсё да іх вяртаецца. Якраз з гэтага велічнага кругазвароту і паўстае, ад сцэнара масавай права голасу да сёньняшніх фантомаў апытаньняў грамадзкай думкі, ўнівэрсальны сымулякр маніпуляцыі. (назад)

(8) Парадокс: усе бомбы чыстыя: адзінае іх забруджваньне - гэта сыстэма бясьпекі і кантролю, якую яны выпраменьваюць датуль, пакуль ня выбухнуць. (назад)

* Панаптыкон - круглая вязьніца з памяшканьнем наглядчыка ў цэнтры. (назад)

* PPEP - акронім "найменшага магчымага інтэрвала" (plus petit escart possible). (назад)

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil