БЕЗНАЗОЎНАЕ

 

СУВЯЗЬРАЗРЫЎ



1.
стварыць гамэра ня так складана як падаецца на першы погляд
патрэбны толькі выдатны густ і крыху трываньня
нажніцы знойдуцца ёсьць жа краіны нікому амаль не вядомыя
калі ўжо няма дык ніхто ўсе словы ня ведае цалкам прыгожых імён дастаткова
і безумоўна ёсьць шмат паэтаў усімі забытых ёсьць шмат архіваў
мінімум тыдзень максымум паўстагодзьдзя зойме мантаж і жыцьцё
за гэты ж час сфармуецца кола невылечна бязвокіх вар'ятаў
усе будуць думаць што гэта школа на высьпе родос ці высьпе хіос
варта ўсё гэта зрабіць таямніцай а злашча той лёзунг
усё лепшае для гамэра тады ўсё атрымаецца добра

2.
твар пасечаны лёзамі сьлёзаў як зырка як невыносна
жанчыны ў сініх хітонах вастрылі на золку косы
люстэрка дня ўзаранае шнарамі тупа ўсьміхалася
о як глынае пальчатка руку празь цёмнае шкло акуляраў
гэты кут павутою заткаў лілёвай амаль не відочнай
і сусвет прасякнуты пахам поту занік стаміўся
дыхаць пылам доля паўстанцаў шчодрасьць тыранаў
не глядзець жа на стрэлкі гадзіньніка

3.
увосень парваліся зьвязкі якія лучылі завулкі
населеныя суцэльна старымі людзьмі з сусьветам
падвечар з прыгнобленых хатак выходзілі парамі карлікі
каб на драўляных векхіх лавах паразмаўляць
пра тое чаго не стае пра грошы і пра надвор'е
было зусім відавочна што тапалёвага сьнегу
недастаткова каб узнавіць зіму

4.
зьняволены херубім крочыць па калідоры
па сценах старыя гадзіннікі маршам цякуць у вечнасьць
куты зарасьлі абразамі з майстэрствам панны арахны
пашчы людзей што колісь любілі паласавацца
заўсёды напагатове гімны сьпяваць люстэркам
сейбіт агня пакідае сьлед сярод пожняў асфальта
п'яныя ночныя пчолы над сіняй кветкай ліхтарні

5.
людзі віселі ў паветры бязважка і бестурботна
старыя сябры сустракаліся зноўку на барыкадах
муры фарбаваліся таннай пудрай жоўтай тынкоўкі
абмеркаваньне сусвету ў вузкім сямейным кодле
неяк самі сабой адпалі пытаньні пра прыйшласьць
досыць заганных звычак лічыць іх ужо бессэнсоўна
калі магчымы дык толькі ня як калькулятар

6.
надыходзіць восень буцьвее лістота ў парках
моўкнасьць засохлых руж у бутэльках ад пэпсі-колы
зялёнае паліто вісіць на гарышчы ў пыле
гаспадар памірае ніжэй паверхам
адысэі ж вяртаюцца анёлы падаюць долу
людзі ходзяць па сьметніках у пошуку нейкай ежы
што рабіць зрабіць сваё жыцьцё чыстым
вось і вясна прылятаюць чужыя птушкі
холадна неяк на скразьняку ў калідоры
хто бы сказаў якое стагодзьдзе вонках
што за дынастыя зараз пануе у Паднябёснай
тое што было модным сталася зараз смецьцем
а тое што размаўляла змоўкла цяпер навечна
парваць на кавалкі дзёньнік раскідаць па ўсім раёне
бо паўнд меў позірк што мкнуўся да далягляду

7.
сьвечкі стаяць ля вокнаў ніхто ўсё адно не прыходзіць
сьвятло ў пакоі прывабіла тысячы белых мятлікаў
штовечар яно сузірае бляды твар у люстэрку
колер якога ня здольны што-кольвек сабой нагадваць
спалі яны заўсёды і шмат чаго не заўважалі
з крана сьцякала вада са звыклым адценьнем нафты
агулам ва ўсім мястэчку адчулася млявасьць руху
пацукі ў прадчуваньні паморку сталі давацца ў знакі
павольна гулялі і дохлі проста сярод дарогі

8.
нішто ўжо не пагражае ўсё стала цяпер звычайным
так акурат цячэ па медных трубах вада
быць сеткай нафтаправодаў бліскучых недзе іржавых
гэаметрычна зламаных у пэўных патрэбных месцах

9.
на чыгуначных станцыях дзеці скачуць па рэйках нібы маленькія птахі
відарыс аляксандра засьціць лякае цень вераб'я
скалынаецца неруш паветра ад тупату у сутарэньнях
уваскрасае вада пад асфальтам
мэта жыцьця ўсіх лёзных тануць і дастаць да спода
жуда схаваная ў зарасьцях красак абрала прытулкам колер
калі пойдзе сьнег ці горш дык цела сагрэе цела
так або гэтак што-кольвек няўхільна рынецца рынай

10.
у атачэньні гукаў чужых і галасоў якія
нахабна ўрываюцца ў цёмны пакой самота
ды таму што глеба ізноў вылятае з пад ног
так унівэрсальна гучыць адповедзь на ўсе пытанні
упісаць у кантэкст і забыць іх адразу зараз
гэта выйсьце з якіх-любя тупіковых станаў

11.
іх ужо не так шмат як было раней іх ня будзе больш і магчыма зусім ня будзе
а межы краіны калісьці з усіх бакоў былі проста пляжам
іх асноўным заняткам нагодай для пыхі адвеку была вайна
і пра гэта цяпер старыя ўжо склалі мільёны казак
побач з табой незаўважна амаль увесьчасна вартуюць твой сон
у найтанных гатэлях прачнуўшыся можна пачуць як ціха гавораць
шолах крылаў анёльскіх мова апратка падобна на строі эльфійскіх князёў
бальшыні абыякава тое што згадваць ніхто іх ня будзе

12.
спазьняўся на ўсё на спатканьні і на электрацыі
хтосьці нат шкадаваў але ў бальшыні
перакошаны твар выклікаў да сябе пагарду
так пазіраў бы патрэбны яны сапраўды
гэткі ж вынік напэўна меў бы і адваротны выраз
дом ягоны стаяў у завулку свабодных навінаў плюс
састарэлых газэтаў пабітых бутэлек і вецер там жыў заўсёды
урэшце дакучылі зьдзекі стаміўся загойваць раны
узяў запальніцу й пачаў вывучаць падпалены унівэрсум

13.
уважалі сябе за пажухлае лісьце што ціха гібее паблізу чыгуначных рэек
былі нейкай сэктай і дакляравалі нэўтральнасьць сваю ўвесь час
што вельмі зьдзіўляе ўжо два стагодзьдзі краінаю не кіравалі
час марнаваўся ў шуканьні магічных расьлінаў
самотных вандроўнікаў ветліва у кабінэтах
дзяржаўных друкарняў ад іх засталіся дарэчы адны загалоўкі напрыклад
пільна глядзець на пясок і не заўважаць далягляд
паданьні гавораць нібыта сяліліся ў склепах для паскрамленьня й развагаў
і ажыўлялі слупы пагарджалі адзежай адно для забавы
гэтаму ў вёсках усе паранейшаму вераць
і з вуснаў у вусны перадаюцца схаваныя ад фалькларыстаў песьні
архівы завалены відэастужкамі незразумелага зьместу колькасна роўнымі
некалькім фондам запісы простых размоваў

14.
уварваньне анёльскага войска панішчыла час
засталася самота ў сядзібе спустошанай і апусцелай
чорных лебедзяў статак занік на паверхні става і паўстала
разуменьне таго што кіпеньне вады гэта рэч незвычайная
па шашы праляталі аўто пакідаючы ўрыўкі расейскай папсы
усе лёзы былі ўжо тупыя патрэба ў галеньні адпала
жаданьне чытаць пакрысе рашчынілася у сузіраньні
гэтак скончыўся сьвет і тое што шчэ існавала
задавальняла

15.
прадчуваючы восень знікаюць жаданні і здані вяртаюцца ў хатні спакой
на памежжы пары залатой і аржавай эпохі ў чаканьні на мытны дагляд
час запынены ў таннай кавярні ўжо колькі тыдняў на тым жа самым стале
нейкі нумар газэты бяз даты разьлітае ў шклянкі віно
акцэнтуе адсутнасьць гадо дурняў больш не знайшлося
за вокнамі сьметнік і сад дзе былы вадаграй уяўляе сабой заняпад
невычэрпнасьці пляшкі у боскай руцэ
непатрэбнай нікому забытай народам не ўсведамляючай што
ў яшчэ большай ступені ёй непатрэбны ніхто

16.
яшчэ сьпяць на зялёных пагорках дамы з жывога каменьня

17.
хлопцы гадоў па дванаццаць знайшлі на гарышчы паперы
сьпісаныя дробным накрэсам старыя чыталі увечары ўголас
дзёньнікі перад агменем рэшткі багатай калекцыі сем або пяць
абсалютна адрозных людзей і знаёмай была эфэмэрнасць жыцьця
кожны моўчкі пытаньне задаў чаму не пісаў гэтак я
праз год жа іх стосам паклалі у прыбіральні
і там іх таксама чыталі

18.
кавэнчыла проста ў парку на лаве
стаміўшыся легла нібы адпачыць заплюшчыла вочы
пах спаленай фарбы друкарскай надаў трывогу
шолахам лісьця пад ботамі сьцішыў апошнія стогны
сотнямі кветак зьляталі дадолу анёлы ў ажоўклых строях
знікненьне было незаўважным як шмат што як нараджэньне
змусіў рэчы выконваць няўласныя іх абавязкі
чысьціня цішыні азначала напэўна нешта
адкінуўшы лёс завісае шклянка вады ў падзеньні

19.
стагодзьдзі зьмянілі юначага твару рэльеф і адлегласьць паміж радкамі
толькі ўзрастала прагалы сярод успамінаў чамусьці не засмучалі
як ласьне ўспрымаў абыякава павелічэньне між атамаў вольных абшараў
падчас выпарэньня вады уважаючы гэта за звычай а не за азнаку распаду
ботаў грукат вайсковых знаёмы той самы штодня быў чуцён каля дома
часьцей загучала нічога ў адповедзь на ўсе запытаньні
цяпер назіраньні за ценямі акупавалі увагу
гульні са ртуцьцю тэмпэратуры скура ўжо не заўважала
схільнасьць да веры ў што-колечы сталася важкай праблемай

20.
апынуўшыся ўпершыню ў пакоі пазбытым вокнаў
які асьвятляецца толькі настольнай лямпай
можна доўга працягваць бясплённыя спробы вызначыць час пары
гэта здарыцца абавязкова і скончыцца усьведамленнем марнасьці і мітусьні

21.
купіўшы зямельны надзел каля лесу на ўскраіне вёскі
меркаваў збудаваць там хату каб жыць усім разам каб мець сваё
ды жонка памерла дзяцей не было былі толькі грошы
увосень кінуў зусім аднаго
надвор'е даўно сапсавалася і пад дажджом 
бадзяўся ў вайсковай накідцы па ўласнай зямлі
дзеці лякаліся ўбачыўшы скрушны травісты твар
гэтак часта бывае зьнікае адчай і рашучасьць прыходзіць на гэнае месца
зьмянілася нешта ад гэтага моманту недзе ўнутры
нешта зьмерла загасла як сьвечка без тлёну
але штось скалянела або згартавалася чэрствае сэрца насіў у грудзях
прыблізна за год скарыстаўшы ўсе сродкі застаўшыся ў нэндзе
збудаваў вялізны й незразумелы будынак і ўлазіны не адбыліся
гмах заняў усю плошчу надзела й здаваўся аднапавярховым
гаспадар памятаў што сустрэне ў глыбокім падмосці
зьехаў празь месяц амаль невядома куды засяліўшы жудой навакольле

22.
шэраг безвыніковых спатканьняў на курсах сучаснай расейскай мовы
даў магчымасьць набыць нутраны спакой
і незваротна страціць усё што значыць
мільгаць цяпер на экранах і зь першых палос газэт
даваць паказаньні суду а яшчэ праз колькі
год узгадаць той час ды позна і дастаткова цёмна
ўвечары сьнег абыякава сьцёр той сьлед
які пры жаданьні мог бы быць скарыстаным дзеля
пошуку зьніклых вестак вузкіх зарослых сьцежак
дакладна на гэтым мейсцы голас мае сарвацца
пачаць пералік фасонаў прычэсак першых міністраў 

23.
бязвокая цемра глынае шэпт галасоў
тут цягнікі не спыняюцца і сутаргова
сіляцца і паміраюць на доўгім поўразе рэек
вандроўнікам у нікуды не прадаюць квіткі
нешта нагадвае гэтая песьня колаў
сьмех ці плач тралялёначкі у бесчасоўі
парожніх таварных вагонаў

24.
узімку ў пакоі набраклым гукамі фортэп'яно
букетамі красак падважаных па куткох
абуджаецца муха і на пустым стале
голкі ўкарэлых ружаў хаваюць памяць
пра кроплю крыві што пакінуў дзявочы палец

25.
у такія часы яшчэ стомлена крочаць яны
па пажухлай траве маркотных сівых далін
баязьлівыя зіркі вандруюць на ўсхонах цясьнінаў
і доўгай здаецца дарога ў блукальні твайго лістападу
але неўнікнёна іх статкі сыходзяць хвалямі з гораў
на далоні вазёраў дзе сьпіць пяшчота вады
срэбная воўна мараў зьлятае бы першы сьнег
з рухам ляза прачнецца чырвоны ядваб самоты
і сьвітаньне сустрэне крыштальны сьмех

26.
абуджаецца птушкай высока ў нябёсах не пазнае краіны
разумее што статак далёка што крылы нясуць на поўнач
пазьней нечаканы стрэл запаўняе слых а раптоўны дотык
сэрца хоча заснуць і не пасьпявае

27.
хай гэта цябе не хвалюе ў няўтульным ціхім пакоі
ні сьлёзы на брудных сьценах ні ёдкі празрысты дотык
друзлай рукі паветра да тонкай дзіцячай скуры
і не шкада нічога ўсё тут у роўных умовах
складана звыкае да думкі пра незваротную страту
не засталося сумневаў мы больш не памрэм ніколі

28.
надвячоркам па шэрай дарозе ісьці напярэймы
той што чакае цярпліва зрушэньня цьмяных жаданьняў
у катакомбах прысадаў каб раптам заўважыць
між ліхтароў неахайна расстаўленых некім
што апынуўся нарэшце ў цэнтры суквецьця
калі сем прыгожых пялёсткаў паўстануць навокал
вецер пачне калыхаць далікатна нібы немаўлёнка
крохкую краску сатканую зь нітак нябыту
чуючы цягу электрамагнітнага кліку
згнібы зьбяруцца смактаць папяловы крывавы пылок
бліскучыя срэбныя мятлікі мабыць пасьля атрымаецца
жыць у глыбокім спакоі не прыпыняючы крокаў

29.
дванаццаты дзень лістапада забітага стомай
ад пошуку белых старых гарадзкіх муроў
якія паводле паданьня ўсё ж існавалі
нікуды не прывёў нарэшце дакладней прывёў да мэты
ў двары рассмактаныя цэнтрам або прадмесьцем
так што ў такіх краінах падвечар часьцей за ўсё
можна пабачыць як ціха ляжаць на лавах
пальчатак згубленых пары глухіх вэтэранаў Сулы
атынкаваныя блага стаяць бэтонныя стоды
закінутыя ў спакоі гранітнымі правадырамі
помнікі паражнечы самотныя пастамэнты

30.
паслухаўшы мову пачуцьцяў скеміў яны маўчаць
і ня ясна было ці памерлі зусім ці папросту сьпяць
пасажыры п'янога трамвая што возіць усіх штодня
па маршруце дадому з працы з канца у канец вакна
выкінуў свой гадзіньнік і вечна глядзеў на чужы
насьценны ручны кішэнны альбо званіў
па тэлефоне голас даваў сухі
шурпаты адповед лета гадзінаў і нуль хвілін

31.
ішлі ў тумане невядома куды і здаецца была
пад нагамі трава ужо днела і сталі відны відарысы сяла
за грудом збудаваная з дрэва старая царква і каля
смарагдовага лесу ліновішчам легла рака
зіхацела на керзавых ботах рудая раса
а позіркі падалі долу бы кроплі поту з ілба
калі парась падступна й ціхенька вакол пачала
касьцянець і згушчацца ў цагляную гліну сьцяна
убрасьнелым каменьнем спыняючы дых у грудзях
між мясенямі стыгла ў цэмэнт лімфатычная гаць

32.
здаецца гаспода бяз мэблі і без тэлефона
была бы надзейным прытулкам
на месяцы два назапашана еміны дыму
загарантаваныя гукі якія ніхто не пачуе
погляд на поле з вакна не спаткае нікога
толькі размыты адбітак уночы прымусіць
нешта прыгадваць з увагі на шнары на твары
перадусім неабходна баяцца бясьпечных лёзаў

33.
твары жухнуць патрапляючы ў люстэрка 
гразнуць рухі ў ціхім багніве адсьветаў
у вандроўцы на край сьвету за вачыма
страціў месячны праезны на тралейбус
дзе суседнія кабеты безьязыка
млява кідаюць праз вокны сьветагляды
вылаяўшы карму па-расейску
бачаць адно чыннасьць у бясчыне
рукі робяцца жаўцейшымі штодня

34.
каб заўжды так ляжаць у замшэлым жвіры
як апошняя трэска вясла ці кармы жагляра
гэльленізму на гэтым чужым узьбярэжжы
прыгадваць уласную ігліцу гледзячы ўгору
з прычыны нікому сваёй непатрэбнасьці думаць
пра тое чаму менавіта сюды заіржэлым цьвіком
тую потную хвалю прыбіла кляўцом аквілёна
моцнага доля ўжо пэўна такая вада выпараеццa

35.
увесь дзень і ўсё жыцьцё 
точыць позірк аб партрэт
ён хацеў бы жыць інакш 
ён хацеў бы быць як той
што з калматай баўны дна 
бачыць толькі гэты твар
і спавіты глеўкім шклом 
тоне ў покрыве зімы
рашчыняецца ў нутры 
папяровай глыбіні
мінаком па-за вакном

36.
выслухай вуха быцьця дзеясловы ў загадным ладзе
не без увагі ахоўвай старанна паролем файлы
абараняй ад інфэкцый на інсталяцыйным дыску
каб аднавіць аднойчы ў пільна патрэбны момант
шэраг імпэратываў яйка да куры-мамкі
не паддавайся плыням хай хоць віруюць вірам
сьцісьні рукамі глотку хісткай прамоклай глебы
высмакчы грунт карэньнем лепей застацца дрэвам
толькі б ня стацца дошкай і пакуль ёсьць чым дыхаць
рухам ня рухай цела ў вострай нястачы тлёну
задавальняйся пусткай у траншэях трахеяў
і на выпадак сьмерці вяжы за нагу катвігу
чоўна гэтай мясьціны і пажадана лінай
а не снурком сандаляў сунь у іголку нітку
пазашывай намёртва вусны ў час пацалунку

37.
праз мулкія логвы прахонных касьцістых пагоркаў
разбэрсаных шчодрай нятрапнай рукой цытраком
па лашчанай сьлінай сухмар'яў напружанай скуры даліны
разьдзёртай адзёрным вярэдзівам паркавых дрэў
крывавай крыніцай крыжляючы кволы струмень

38.
увесь рок ні на крок ні наўскос ні наўпрост
нават наадварот ні ўнутро ні ў двор
і далёка ня толькі ў кублах рыжовых ружаў
паўсюдна і пэрыядычна губляюцца яйкі мух
брудны бот на парог у праём скразьняком
празьвініць тэлефон па шчацэ канчуком
у счужэлай руцэ сынтэтычным шматком
сунься слухаўка сука у непаслухмянае вуха
ды голас паўзе павуком па ваплёнай сьцяне
каб разьбіцца апаўшы танклявым радком
гартаннымі спазмамі ў стосы папер цішыні

39.
па брукаваным стэпе на ролікавых канях
прагрукатаць замову шэптам надрукаваць
крэйдай на бесфарматных пляцавых аркушах
хай пазьлятае з дахаў аддзеліцца ад муроў
зграя бяскрылых птахаў друзлым тынкам далоў
перачытае ўголас трасянкай з памёрлых моў
шлокай надземных крокаў страляючы па галубам
зронены з горла спэрмы сівой фанэтычны фантан
скіне ўсе базы зьвестак у памяць былым багам

40.
калі гэта здараецца ўсё выглядае прыблізна
так бы мовіць бы плюнуць у непрычынёнае сэрца
зручней то бок будзе пасунуць яго на скрай вока
паскорыўшы крокі да скокаў праз собскія цені
з кішэні дастаць пакамечаны лапік паперы
што прымушае спачатку замружыць адылі заплюшчыць
сьцяжэлыя веі ў нутро галавы размыкае
трымае прыкутым яго ланцугамі да зрэнка
ў вантробах каменнае падлы ў пустэльні сталіцы
пакліч бажавольнае быдла на сьвята айчыны
выпаліць па цыгарэце і маршам рушыць па хатах
пакінуўшы попел зьлівацца з утульнай цямрэчай
на брудных прыступках шчакой прыхінуцца да поўсьці сабакі
зарумзаць каб сковыт адбіты сьцяной нарадзіўшы
рэха аднойчы паўторваў бясконца ўсё тое ж

41.
засталіся адны на засталыя дні без надзейнай рукі
прадзедаў косьці стачылі ў зямлі кальчакі
нашы нівы спавітыя колкім аржавым павоем
ірдзелі праз гэта каржавай аржанай крывёй
у тых лужынах вецер палошча бялізну аблокаў
ды зыбіць карузлыя восьці пустога ўзьмежнага зельля
драцінамі промняў сячэ пабрусьнелыя волкія скібы
і ўспадкаванае стогнаў калосьсе цалуе крамяную глебу
зьвінаючы ў кволыя косы сьцябліны сівых галасоў
вычэсвае вошы насеньня з жытнёвых густых валасоў
давай Мэльпамэна гуляй па калена ў няскошаных ценях
ляўровага жухлага сена зьбяры абярэмак тугі
па радзіме наткі павуты з гэліконскіх вяровак жальбы
пляці багавіца вянкі ды зычліва кладзі на галовы
цыганскімі загартаванымі голкамі ў крохкія скроні

42.
ніхто не схацеў там памерці ў фальшывай вясьне
першую вільгаць прасьціны асфальта ўвабралі ў сябе
крыкі зарыліся ў мову й буцьвелі ў размоўнай труне
згары ўжо валіў жоўты сьнег пасьвяжэлых газэт
на вуснах залепленых брудам пантоплі пакінулі сьлед
бамжы паскрадалі адзежу і ўсе пасыходзілі прэч
біць лынды пад горкі яблык занурыўшыся ў тывісэт 

43.
немагчымыя крокі назаўсёды сюды па нэйлёнавых нітках
танчылі пальцы музы над прорвай дэкі на лінах з жэрдкай
дамоклавым ботам над мурашынай ядвабнай стужкай
між муроў супрацьлеглых дамоў напятых нязломнай воляй
заблукаў і нязнойдзены ў гэтым лесе завочна асірацеў
згублены позірк памкнуў за чорнай каханай кропкай
ужо драўлянай і чым далей тым дубей тым болей 
што сабе на рамонку рукі нагадала ў гадоў пятнаццаць
надыйшоў лістапад у сэрцы патыхала сквасьнелай кавай
памяць залевай з вока прасіла ці можна выйсьці
і без дазволу паўзла навонкі праз нос крывёй

44.
праз брамку вакна ў птушыным кірунку паўднёвы крык
зьнічкай аб звонкі дол на аскепкі з усіх бакоў
уздоўж язджалых шляхоў у кішэнях ручай ключоў
па кожным калюжным дне каб у рэшце рэшт
недзе ў маленстве вірна ў іржавым замку адрыны
заснуць на хвіліну другую ўжо ноч у рыпучы растул дзьвярэй
павятровы вужака бяз грукату нагла ў вуха

45.
зімовыя мятлікі зь сёмага неба заціха ў спацелыя шыбы
кроплямі леташніх крылаў на\ласкаваны паркет
у чырвоным куце ўсё яшчэ дрогкімі капшукамі
трапяткія анёлы у нічыёй павуце бо так хутка цяпер
зьдзяйсьняе жаданьні занадта сумленны сьвет
але так і павінен герой пачувацца ў гульні ў тупыя нажы
на вільготнае шкло першы голад цытрынавай коскай
і нечакана праз гэта вакно надварэ айчына

46.
вось той паўночны сум надваіх у паўзмрочным доме
адарваным ад глебы так што і выйсьці страшна
у вазонах на падваконьні яшчэ засталося
крыху зямлі і вады толькі ў венах шкада на сьлёзы
хоць і вачам балюча ад штучных промняў
празрыстыя веі і сны выцякаюць вонкі
і не вяртаюцца дык перадай жа калі сустрэнеш

47.
пакаёвае тэмпэратуры духовы стан
захаваны ў спартовай скрыні з гарантыяй сорак пор
гермэтычнасьці пры выкананьні інструкцый належным чынам
і пацьверджаньні цноты плёмбаў рамонт бясплатны
гафраванай абшыўкі (300\30\50)
з высока адукаванай бясшкоднай звычкай
вагацца на крэслах зьмяняючы кут адбітку
экрана ў самога сябе памнажаючы штораз на пару
твары ўсіх тамагочі ў трохпавярховай прабірцы
на штатыве сярэдніх хваляў пара пакідаць родкрай
па вэртыкалі тым часам будзе прыгатаваная
сумесь славутых і дужых з памыямі сёмага неба
густа прысыпаць морскім жвірам і спажываць
праз паўтараста дзён угноены ураджай

48.
на чырвоных лядах пустэльна і ў крышталёвы склеп
кропля за кропляй падэшвы па ўсходах але спачатку
рыпеньне працэсара сталася целам і кроўю мачыліся
бэнзакалёнкі яшчэ месяцамі пасьля пастухі быцьця
валуны зь невядомых нырак знайшоўшы зьбіралі ў памяць
таламу ледавіку адной левай паўкулі хапіла бы
для трэйцяга ерусаліма пад новым морам чарговы транш
на віцьцё гаспадаркі ў куце з умовай вольнага доступу да ўвахода
з парашутам празь сетку прадуктаў дзіцячага сілкаваньня
гуказапісам шэпту палонных ног у ноч перамогі
спрацоўвае пульт дыстанцыйнай улады ў перадапошняй руцэ
восьмага збаўцы абмагляваныя чорнай памадай вусны
раптовым кідком у калысцы людзтва стрэнуцца ў пацалунку
зь лёзамі скрыўленых гвозьдзікаў на закаржэлай клюмбе сьляды
павука сансары блукаюць каля нумаральных люстраў
дзе з труны эхнатон у скамечаным пінжаку

49.
на прарэджаны пунктавым градам высокай дакладнасьці растр
плошчы прайгранага рагнарока ў адным з жыдоўскіх аулаў
вясёлкавым потам мыючы скуру кухонных шыбаў
дзень пры дні марудней але дыхаць вольным паветрам
прадаўшы каня на сусьветным рынку дзіцячых часьцінак цела
для перасадкі гарматнага мяса ў бардэлі разьвітай краіны
за пах сачавіцавай кашы ў эгіпецкіх казанах
ды ў шпітальнай палаце адроджаны сьвёрбам ампутаваных нашчадкаў
множным шолахам зьвілістых нораў за флейтай радыёзводак
лініі фронта паўзуць у начной цішыні на ўсход
з караблёў варожай эскадры выйшлай у постпрастору

50.
з пагрозай зноў раздваіцца ў люстэрках пажухлых вокнаў
камянём не зусім натуральнай паставы поўнай прасторы і часу
на дэталёвыя досьледы стэпаў зроку ў бок гарадоў-пабрацімаў
сьпешна ў крыжовым маршы фалянгі шчыльных радкоў
левай кульгаючы срэбнымі ботамі цяжка рыпяць
у бяздонную даль зрынаючы пырскі белае сьліны
з усьмешкай да болю напятых цяціваў ўздагон байструкам чарапахі
зачатым на сене ў сацтабары ад двухгаловага цмока
паралельнаму браваму сьвету і сонечнай хірасіме
з гараскопам надвор'я на вечнасьць з мужыцкага нумару праўды
вэтэраны паўстаньня чырвоных павязак зь нястачай у-на рукаве
раскрыжаваных рыдлёвак партыя для правядзеньня раскопаў
зьдзірванелай памяткі дзён на левабярэжжы сьцішанай пантарэі

51.
праз край рога грааля найперш мяса-малочны выраб
і вышэй і вышэй ясным сокалам у крэматорны комін
а сьледам рукой ратая заваблены ў чыстае поле
падступова чарвівым карэньнем з расшчэру кратовай пячоры
недасьпелы малодшы атожылак днеючы ў хуткім прытулку
пад грукат сямёркі валоў распавіты і зронены ў ясьлі
пад босыя боты бляяць залацістымі стромнямі брагі
з гарла чабана тры гады ў сто дваццаць разьбітных ночваў

52.
за здароўе вялікага князя ахвярных казлоў і ягнят малых
горка сподам угору нажаль і аб дол на аскепкі нашчасьце
маладзіцы ўдавіцца ў глыбокім двары васільковым вянком
варажыць там у цёплых гушчарах затканых алтарнай імглою
разблытваюць гордыеў саван гнюсы да апошняй крыві
сутаргова прыносяць штозмроку дары змагары да зары
а сёньня наш нерат злавіў шкляную ажоўклую рыбу
зь сівой трохвалосай бородкай і шчасным лістом у вантробах
калі можна ня пі зь мяне шэры сын знойдзе выйсьце рогам

53.
рог выбіваюць з радзімай посьцілкі зноў капыты
забыўшы на стому з забруджанай дошкі пытлююць цьвікі
насеньня зь іржавых разораў рашуча стэрыльнымі абцугамі
мімабег ва ўрачыстым нахіле разьняўшы сьсінелы корх
новыя рукі ў гумовых пальчатках уздымуць штандар зьмярканьня
разьдзёршы заслону разам з экранам надвое ў канцэртнай бажніцы
юр'я трохі цішэй зьвіні залатымі ключамі
у музэйным зацьменьні скрозь сон зьмярцьвелай аховы
ўжо чуюць глухія запоры апошні кідок у надземны праход
нагрэты падзеньнем каменчык кліча ўгару наноў

54.
паветрана-морскі дэсант на няпэўную сушу з загадам
длубіць у бясплодных скалах для васкаванага пер'я труну
з назапашаным выйсьцем на сцэну пабочнай німфы
у сьмярдзючым сівым масхалаце сушыць легендарныя крылы
на дроце тубыльных вушэй віхлястым крокам на сувязь
пад падабраным дарогай лагінам у верны сэрвэр
з праверкай рэха лічылка зьвера на чысты-брудны
тай падпаўзай хто ў тры шклянкі гуляй выбірай каравай
хто авечка з таўром хто сабака з суком хто пастух зь бізуном
на спатканьне з разумнай ткачыхай ўсур'ёз у сыры андэграўнд
каб на трэйцюю ноч прымусіць ракам узножыць зь мёртвых

55.
ніткай прашамацеўшы ў мінулае сэрцу вушка
памяншальна-ласкальны канчатак узьведзены ў куб
шчылінным рэхам адказ можа толькі пачуўся fuck me
шматпакутна слупом перамогі ў касьцістыя чорныя лоні
перацалункамі ўскрытыя нізка схіліўшы галовы
на міжнародны ўзровень перад багатадасьведчанай пусткай
нязгасна фаерцы эльма спаміж сінявокіх балот
шумеў на астрожных мурах без наркозу сьсінелы чарот
пад садовым бэнзасьцізорыкам невыпадковую шыю згінаў
адвакатам вадарасьлінаў эх скручаны ў панскую дудку

56.
ды так зайграй па гарбах пісягамі аб лепшай долі
над дубовай калыскай шапэна залпам будзільніка ў памяць
з руляў паўсоннай сырынгі ў сардэчны знак запрашэньня
у дзень высьпяткам выбітых брамаў наведаць зімовы вырай
змагарнай дарогай вантробы траянскай вазьніцы
жывы друз на гандлёвай паліцы ўпаўстане пытаньнем
ці ня знойдзецца там і цяпер прыпаліць ад грамніцы
ў бюро рытуальных паслугаў скрадзены зьніч
карным павоем нясьпешна аброс цяжарны барак
не данес у крывавых муках яйка ў падвогненны човен

57.
пакуль на баль пасьля балю ў непрасаваных сукенках
зьбіраецца пазачасовы ўрад за круглым сталом
гукаюць вясну ды шукаюць пантофлі на замкавых сходах
змораным вартай апсарам на твар задзіраюць шынэлі
гвардзейцы гамэра штыхамі друкуюць дэкрэт
пра час разбрукоўваць прастору гасаннай увышкі
кантужаны перадваенны аркестар анёлаў
забыўся ня толькі на колькасьць нотаў прастэсту
у лігу злучаных хмараў наперадзе хвалі джыхада

58.
зусім як даўней папяловы пэгас мэталёвай арды
павадыр каштоўнага пылу цераз альпійскія пожні
церазь бясцэнныя межы цякло валачобнае войска
валілася кладкамі смагі на беражыстыя рэкі
ярам пад сьцягам гары ў госьці на слаўнага пана
з мэтай выведкі боем са здрадлівым спорам
дакладнага месцазнаходжаньня качкі ў куфэрку сена

59.
граблямі пяшчотна варушаць пасьцель камісары каханьня
заклаўшы пад стосы матрацаў гарох запаволенай дзеі
па сьціжме прыгноблены шэраг мэнадаў у пыльных шаломах
на канчаткова падвоены спод сямейнае шахты
загрукацела часьцей працятае сэрца гадзіннай стралой
чарнаскураны оле лукое зірнуў і ў наша вакно
на зручныя скроні ў аптычны прыцэл зацьвярдзелы галосны доўгі
 

 

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil