ЎІЛЬЯМ БАРОЎЗ

  

ЭЛЕКТРОННАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ

У "НЯБАЧНЫМ ПАКАЛЕНЬНІ", упершыню надрукаваным у IT і Лос-Анджэлескай Free Press у 1966, а потым перадрукаваным у THE JOB, я разглядаю патэнцыял тысячаў людзей з партатыўнымі і стацыянарнымі магнітафонамі, паведамленьні, што передаюцца туды-сюды нібы з дапамогай сыгнальных бубнаў; пародыі на прамову прэзыдэнта, якая праносіцца ўгору й долу па гаўбцах, улятае й вылятае з вокнаў, праходзіць скрозь сьцены, у судовыя двары, падхопліваецца сабакамі, судовымі выканаўцамі, якія мармычуць сабе пад нос, рухам транспарту па раз-пораз прадзіманых ветрам вуліцах, разносіцца вакол паркаў і футбольных палёў. Ілюзія – зброя рэвалюцыі:

РАСПУСКАНЬНЕ ПЛЁТАК

Паспрабуйце выпусьціць дзесяць апэратараў з рупліва падрыхтаванымі запісамі на вуліцу ў гадзіну пік, і вы ўпэўніцеся, наколькі хутка разьлятаюцца словы. Людзі ня будуць ведаць, дзе яны гэта чулі, але яны гэта пачуюць.

ДЫСКРЭДЫТАЦЫЯ АПАНЭНТАЎ

Вазьміце запіс Ўолесавай прамовы, устаўце туды заіканьне, перханьне, чханьне, ікаўку, рыканьне, выгукі ад болю, страхатлівае скуголеньне, апаплектычнае лапатаньне, сьлінапусканьне, лухту, ідыёцкі шум, сэксуальныя і жывёльныя спэцэфэкты і прайграйце гэта на вуліцах, на станцыях мэтро, у парках, на палітычных сходах.

ЯК ПЕРАДАВАЯ ЗБРОЯ ДЗЕЛЯ ЎТВАРЭНЬНЯ Й ПАШЫРЭНЬНЯ БЯЗЛАДЗЬДЗЯ

У гэтай апэрацыі няма нічога містычнага. Гукавыя эфэкты паўстаньня могуць спрычыніць сапраўднае паўстаньне ў рэвалюцыйнай сытуацыі. ЗАПІСАНЫЯ ПАЛІЦЭЙСКІЯ СЬВІСТКІ ВЫКЛІЧУЦЬ КОПАЎ. УЛУЧАЕМ ЗАПІСЫ СТРЭЛАЎ, І ЯНЫ ДАСТАЮЦЬ СВАЮ ЗБРОЮ.

“БОЖА МОЙ, ЯНЫ НАС ЗАБІВАЮЦЬ”

Пазьней гвардзеец казаў: “Я чуў і бачыў, як падае мой сябрук, ягоны твар быў у крыві (як высьветлілася, у яго пацэлілі камянём з проца), і я падумаў, гэта пачалося”. КРЫВАВАЯ СЕРАДА. АГАЛОМШАНАЯ АМЕРЫКА НАЛІЧЫЛА 23 ТРУПЫ І 32 ПАРАНЕНЫХ, 6 ЗЬ ЯКІХ — СЬМЯРОТНА.

Вось вам прыклад рэвалюцыйнай сытуацыі. Дэманстрантаў заклікалі выступаць мірна, паліцыя і гвардзейцы іх стрымвалі. Дзесяць магнітафонаў, схаваныя пад палітонамі апэратараў, узнаўленьне і запіс кантралююца гузікамі ля каўнераў. У іх ужо маюцца запісы бунтаў у Чыкага, Парыжы, Мэхіка, Кэнту (Агаё). Калі яны зраўнаюць узровень гуку сваіх магнітафонаў з гукамі навакольля, іх ня знойдуць. Паліцыя змагаецца з дэманстрантамі. Апэратары сыходзяцца ў адну кропку. Улучаюць чыкаскі запіс, узнаўляюць, пераходзяць да іншых гарачых кропак, запісваюць, і ўзнаўляюць, рухаюцца туды-сюды. Атмасфэра завастраецца, стогне павалены коп. Пранізьлівы хор запісаных парасячых віскаў і парадыйных стогнаў.

Ці змаглі б вы спыніць бязладзьдзе, запісаўшы найспакайнейшага копа і найбольш разважлівага дэманстранта? Магчыма! Адылі нашмат лягчэй стварыць праблему, чым яе разьвязаць. Гэта толькі прыклад таго, як нарэзка на магнітафоне ператвараецца ў зброю. Вы бачыце, што апэратары на хаду робяць нарэзкі. Яны мяшаюць запісы Чыкага, Мэхіка, Кэнта з рэальнымі гукавымі эфэктамі ў адвольным парадку. Гэта й завецца нарэзкай.

ЯК ДАЛЬНАБОЙНАЯ ЗБРОЯ ДЗЕЛЯ ЗБЛЫТВАНЬНЯ Й РАЗРЫВАНЬНЯ АСАЦЫЯТЫЎНЫХ ЛІНІЯЎ, ПРАКЛАДЗЕНЫХ СРОДКАМІ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ

Кантроль над СМІ залежыць ад пракладваньня асацыятыўных лініяў. Калі гэтыя лініі абрываюцца, разрываецца асацыятыўная сувязь.

“Учора прэзідэнт Джонсан уварваўся ў шыкоўную кватэру за 26 міляў ад Сайгона і злавіў на мушку трох дзевак”.

Вы можаце разлучыць сакрэтныя лініі СМІ і ў зьмененым стане выпусьціць іх на вуліцу з дапамогай магнітафонаў. Разгледзім сакрэтную лінію штодзённай прэсы. Яна ўзьнікае з ранішняй прэсай, мільёны людзей чытаюць адны і тыя самыя словы. Вядома, рознымі спосабамі. Рух за ўхваленьне дзеяньняў спадара Калахана, накіраваных на забарону Паўднёва-афрыканскага крыкетнага тура, сапсаваў палкоўніку сняданак. Тая ці іншая рэакцыя на газэтны сьвет ці нябачаныя на ўласныя вочы падзеі стаецца складнікам вашай рэчаіснасьці. Вы заўважыце, што гэты працэс увесь час падпадае пад выпадковыя накладкі. Што вы пабачылі ў Грын-парку, калі адарваліся ад PEOPLE? Хто патэлефанаваў вам, калі вы чыталі свой ліст у TIMES? Што вы чыталі, калі вашая жонка разьбіла талерку на кухні? Нерэчаісны сьвет газэтаў зьяўляецца адначасова цалкам рэчаісным, паколькі ўсё гэта сапраўды адбываецца. Сакрэтныя лініі EVENING NEWS, тэлебачаньня. Засяродзьцеся на мільёнах людзей, якія адначасна глядзяць Джэса Джэймса або Вірджыніяна. Міжнародная сакрэтная лінія штотыднёвага часопіса з навінамі, якія заўжды датуюцца наступным тыднем. Ці не заўважылі вы, што ўбачыць сябе на вокладцы TIME – гэта тое самае, што цалавацца са сьмерцю? Мадам Нгу была там, калі яе мужа забілі, і яе ўрад распаўся. Фэрвурд быў на вокладцы TIME, калі сатанінскі стужкавы чарвяк загадаў скараць яго сьмерцю праз такога самага пасыльнага. Чытаў Біблію, сачыў за сабой, ня меў кепскіх звычак, вам знаёмы гэты тып людзей. Стары і надзейны, чыталі пра такіх.

 

Перамешвайце гісторыі навінаў, тэлеспэктаклі, цытаты зь біржаў, аб’явы і выплёсквайце зьмененую сакрэтную лінію на вуліцы.

Падпольная прэса зараз зьяўляецца адзінай магчымасьцю дзейснага адпору ўсё большай моцы і ўсё больш складаным мэтадам,якімі карыстаюцца афіцыйныя СМІ дзеля падману, скажэньня, няправільнага цытаваньня, пакідаданьня па-за ўвагай як АД ПАЧАТКУ сьмешнага альбо простага ігнараваньня й выкасоўваньня з рэчаіснасьці: датаў, кнігаў, адкрыцьцяў, палічаных шкоднымі для афіцыйных інтарэсаў.

Я мяркую, што падпольная прэса можа нашмат дзейсьней выконваць гэтыя функцыі з дапамогай нарэзак. Напрыклад, падрыхтуйце нарэзкі найпачварных рэакцыйных сьцьвярджэньняў, якія вы можаце знайсьці, і атачыце іх найпачварнымі выявамі. Цяпер падмацуйце ўсё гэта лухтой, слінапусканьнем, жывёльнымі выгукамі і выпусьціце на сакрэтную лінію з дапамогай магнітафонаў. Дадавайце старонку бязладзьдзя да кожнага транскрыбаванага магнітафоннага запісу радыё- і тэле-навінаў. Выпусьціце запісы на сакрэтную лінію, перш чым газеты трапяць на стэнды. Дзіўна бачыць газэтны загаловак, які ўвесь час круціцца ў тваёй галаве. Падпольная прэса можа дадаваць сакрэтную лінію да сваіх папсовых мэлёдыяў і прадастаўляць унікальны рэклямны сэрвіс. Сумясьціце назву прадукта з папсовым матыўчыкам, устаўце рэклямныя дэвізы і назвы сугучных прадуктаў – кошты імгненна ўзьлятуць. Кожны, хто сумняваецца, што гэтыя мэтады працуюць, можа праверыць іх на практыцы. Апісаныя тут мэтады ўжываюцца агентамі ЦРУ ды спэцслужбамі іншых краінаў... Дзесяць гадоў таму яны рабілі сыстэматычныя вулічныя запісы ўва ўсіх раёнах Парыжу. Я прыгадваю голас аднаго амэрыканца ў Танжэры, пакой, поўны магнітафонаў, і дзіўныя гукі за сьцяной. Сачыў за сабой, здароўкаўся са мной у вітальні. У пакой той нікога ніколі не пускалі, нават пакаёўку. Вядома ж, ёсьць шмат тэхнічных распрацовак накшталт мікрафонаў, празь якія можна весьці просты запіс з далёкіх адлегласьцяў. Калі мяшаеш рык кабана з малітоўным заклікам, няварта разгульваць каля рынка з партатыўным магнітафонам.

Артыкул Рычарда К. Фрэнча ў NEW SCIENTIST ад 4 чэрвеня 1970 г., старонка 470, пад назваю “Электронныя мастацтвы разрыву камунікацыяў”, дае ключ да больш дакладных тэхнічных інструкцыяў.

У 1968 г., з дапамогай Яна Зомэрвіля і Антонія Бэлча я ўзяў невялікі кавалак запіса ўласнага голасу і разрэзаў на кавалкі даўжынёй у адну дваццацьчацьвертую сэкунды (давялося рабіць гэта на кінастужцы, паколькі яна мае большы памер і яе лягчэй злучаць) – і памяняў парадак кавалкаў запісанага маўленьня. Арыгінальныя словы немагчыма разабраць, але ўзьнікаюць новыя, голас прысутнічае, і вы можаце адразу ж пазнаць, хто гаварыў. Інтанацыя голасу таксама захоўваецца. Калі тон сяброўскі, варожы, сэксуальны, паэтычны, саркастычны, безжыцьцёвы, адчайны, гэта будзе відавочна і ў зьмененай пасьлядоўнасьці.

Тым часам я яшчэ не ўсьведамляў, што карыстаюся мэтадам, які існаваў з 1881 году... Цытую артыкул спадара Фрэнча... “Праекты скрэмблераў маўленьня ўзыходзяць да 1881 года, менавіта тады ўзьнікла жаданьне зрабіць тэлефонныя і радыйныя перамовы неразборлівымі для трэцяга боку..." Паведамленьне зашыфроўваецца ў працэсе перадачы і потым расшыфроўваецца на другім канцы. Існуе шмат скрэмблерных прыстасаваньняў, якія працуюць на розных прынцыпах... “яшчэ адно прыстасаваньне, якое выкарыстоўвалася пад час вайны, — гэта скрэмблер з часавым падзелам. Сыгнал падзяляўся на складнікі даўжынёй 0,05 см. Гэтыя складнікі групаваліся ў новай пасьлядоўнасьці. Уявіце сабе запіс голасу на магнітнай стужцы, якая разразаецца на часткі даўжынёй 0,2 см і кавалкі якой камбінуюцца ў новай пасьлядоўнасьці. Гэта ажыцьцяўляецца практычна і дае добрае ўяўленьне пра тое, як выглядаюць гукі маўленьня, калі зашыфроўваюцца такім чынам”.

Я зрабіў гэта ў 1968 годзе. Гэта пашырэньне мэтаду нарэзак. Найпрасьцейшая тэхніка нарэзкі: разрэзаць старонку згары долу і справа налева на чатыры часткі. Першую частку сумясьціць з чацьвертай, трэцюю – з другой у новай пасьлядоўнасьці. Працягваючы такім чынам, можна разьбіць старонку на ўсё меншыя складнікі ў новых пасьлядоўнасьцях.

Першапачатковай мэтай скрэмблерных прыстасаваньняў было зрабіць паведамленьне неразборлівым для трэцяга боку, што ня ведае скрэмблернага коду. Маўленчыя скрэмблеры можна ўжываць таксама для навязваньня масавага кантролю над думкамі. Разгледзім чалавечае цела і нэрвовую сыстэму як дэскрэмблерныя прыстасаваньні. Звычайны вірус, накшталт прастуднага герпесу, можа падштурхнуць суб’екта да расшыфроўкі паведамленьняў. Такія наркотыкі як ЛСД або Dim-N таксама могуць выступаць у ролі дэскрэмблерных прыладаў. Больш за тое, СМІ могуць дасылаць людзям скрэмбляваныя вэрсіі аднаго і таго самага набору інфармацыі. Памятайце: калі чалавечая нэрвовая сыстэма расшыфроўвае скрэмбляванае паведамленьне, суб’екту здаецца, што гэта ягоныя ўласныя ідэі, якія толькі што прыйшлі яму ў галаву.

Вазьміце картку, любую картку. У большасьці выпадкаў ён не запасочыць яе вонкавага паходжаньня. Напрыклад, возьмем чытача газеты, які ўспрымае скрэмбляванае паведамленьне некрытычна і мяркуе, што гэта ягоныя ўласныя ідэі, да якіх ён дайшоў самастойна. Зь іншага боку, суб’ект можа здагадвацца або запасочваць вонкавае паходжаньне галасоў, якія літаральна вылупліваюцца ў яго галаве. Тады мы маем клясычны сындром паранаідальнага псыхозу. Суб’ект чуе галасы. Кожнага можна прымусіць чуць галасы з дапамогай скрэмблінгу. Няцяжка ўзьдзейнічаць на яго праз скрэмбляванае паведамленьне, любую частку якога можна зрабіць разборлівай. Можна зрабіць гэта з дапамогай вулічных магнітафонаў, магнітолы ў машыне, адрамантаваных радыёпрымальнікаў і тэлевізараў. Калі магчыма, у ягоным уласным доме. Калі не, то ў бары ці рэстарацыі, якія ён зазвычай наведвае. Калі ён з сабой не гаворыць, то хутка пачне. Вы праслухоўваеце ягоную кватэру. Цяпер ён сапраўды вар’яцее, чуючы свой голас з радыё- і тэле-перадачаў ці пасярод размоваў мінакоў. Адчуваеце, наколькі гэта лёгка? Памятайце: частка скрэмбляванага паведамленьня неразборлівая, а тон ён успрымае ў любым выпадку. Варожыя галасы белых, расшыфраваныя мурынам, будуць актывавацца кожны раз, калі белыя будуць яму пагражаць або прыніжаць яго. Дзеля працягу досьледа вы можаце выкарыстоўваць запісы знаёмых яму галасоў. Вы можаце настроіць яго супраць ягоных сяброў з дапамогай варожых скрэмбляваных паведамленьняў голасам сябра. Гэта будзе актываваць усе ягоныя спрэчкі з дадзеным сябрам. Вы можаце прымусіць яго любіць сваіх ворагаў сяброўскімі скрэмбляванымі паведамленьнямі голасам ворага.

Зь іншага боку, галасы могуць быць сяброўскімі і супакойваць. Зараз ён працуе на ЦРУ, ГПУ ці на каго заўгодна, і гэта ягоныя загады. Цяпер у іх ёсьць агент, у якога няма інфармацыі, якую ён мог бы выдаць і якому ня трэба плаціць. І ён цалкам падкантрольны. Калі ён не выконвае загады, можна пакараць яго варожымі галасамі. Не, ”яны” не багі і не супэртэхнікі з космасу. Проста тэхнікі, якія карыстаюцца шырокавядомым абсталяваньнем і мэтадамі, якія можа прадубляваць кожны, хто можа купіць такое абсталяваньне і ўмее на ім працаваць. Каб пабачыць, як скрэмблерная тэхніка можа працаваць на масавым узроўні, уявіце, што часопіс з навінамі, накшталт TIME, выпусьціў цэлы выпуск за тыдзень да публікацыі і запоўніў яго навінамі, пабудаванымі на прадказаньнях, якія маюць пэўны кірунак, без стварэньня немагчымых фактаў, падтрымліваючы нашых хлопцаў у любой сытуацыі і прадказваючы камуністам як мага больш паразаў і ахвяраў, цэлы выпуск TIME, складзены з тэндэнцыйных прадказаньняў будучых падзеяў. Цяпер уявіце, як гэта скрэмблюецца праз СМІ.

Зь мінімальным абсталяваньнем вы можаце зрабіць тое самае ў меншым абыйме. Вам патрэбны скрэмблер, тэлевізар, радыё, дзьве відэакамэры, пірацкая радыёстанцыя і просьценькая фотастудыя з рэквізытам і акторамі. Для пачатку вы скрэмблюеце навіны і распаўсюджваеце іх усімі магчымымі спосабамі праз радыёстанцыю і вулічныя магнітафоны. Вы камбінуеце фальшывыя рэпартажы з дапамогай відэакамэры. Мэхіка пойдзе як бунт у Сайгоне, для Чылі можаце выкарыстаць Лёнданскія здымкі. Ніхто не адрозьніць. Пажары, землятрусы, аварыі самалётаў могуць быць перамешчаныя ў іншыя мясьціны. Напрыклад, аварыя ў Таронта, 108 трупаў. Перанясіце аварыю з Барсэлёны ў Таронта, а аварыю ў Таронта – у Барселёну. І скрэмблюйце свае сфабрыкаваныя навіны з сапраўднымі выпускамі.

У вас нават ёсьць перавага над вашым супраціўнікам. Ён павінен хаваць свае дзеяньні. А ў вас такой патрэбы няма. Насамрэч, вы можаце нават афішаваць той факт, што вы пішаце навіны на будучыню і стараецеся зрабіць так, каб яны адбыліся з дапамогай агульнадаступных мэтадаў. І гэта робіць вас самога НАВІНОЙ. І тэлезнакамітасьцю, калі вы гэта правільна разыграеце. Вам патрэбны як мага большы наклад для вашых камбінаваных відэастужак. Мэтадам нарэзкі можна патапіць СМІ ў татальнай ілюзіі.

Фальшывыя навіны скасавалі землятрус у Сан-Францыска і выбух у Галіфаксе як газетныя дудкі, і сумневы, якія выплеснуліся за межы закону, пашырыліся і помсьліва паглынулі ўсе факты гісторыі.

Спадар Фрэнч завяршае свой артыкул... “Выкарыстаньне сучасных інтэгральных мікрасхемаў дазволіць нагэтулькі зьнізіць кошт маўленчых скрэмблераў, што іх змогуць прыдбаць звычайныя жыхары. Коды і шыфры заўжды былі прыцягальнымі для большасьці людзей, я думаю, тое самае будзе і са скрэмблерамі...”

Шырокараспаўсюджана меркаваньне, што маўленьне павінна ўсьведамляцца, каб ствараць той ці іншы эфэкт. Раньнія экспэрымэнты з падсьвядомымі ўявамі паказалі адваротнае. На аснове скрэмблераў можна стварыць шмат дасьледчыцкіх праектаў. Мы ўсе бачылі экспэрымэнты, калі нехта чуў свой голас у запісе празь некалькі сэкундаў. У хуткім часе ён ня мог працягваць гаварыць. Ці будзе скрэмбляванае маўленьне мець той самы эфэкт? Да якіх межаў мова працуе як дэскрэблер ува ўмовах канфлікту або-або? У якой ступені тон голасу навязвае слухачу пасьлядоўнасьць расшыфроўкі?

Мноства камбінаваных стужкаў станецца забавай, і ў гэтай сфэры выкарыстаньне мэтодыкі нарэзак мае вялікую будучыню. Уявіце поп-фэст накшталт Фан Сіты, прызначаны на 24-26 ліпеня 1970 г. у Эклздэн-Коман, Пэтчынгу, пад Уорсінгам, Сасэкс. Фэставае асяродзьдзе складаецца з аўтапарка і кэмпінга, рок-аўдыторыі, вёскі з балаганам і кінатэатрам, вялікага лесу. Пэўная колькасьць магнітафонаў усталяваная на дрэвах і ў вёсцы. Як мага болей, каб ахапіць гукам увесь фэст. У магнітафонах – стужкі з папярэдне запісаным матэрыялам: музыка, навіны, перадачы, запісы зь іншых фэстаў, і г. д. Увесь час некаторыя магнітафоны ўзнаўляюць, іншыя запісваюць. Адны манітафоны запісваюць натоўп, а іншыя прайграюць запіс на розных адлегласьцях. Гэта ўразаецца ў натоўп, які чуе свае галасы. Узнаўленьне, перамотка і запіс могуць кантралявацца з дапамогай электронікі. Або апэратарам, які вызначае патрэбныя інтэрвалы ўзнаўленьня, запісу і перамоткі. Эфэкт можа быць шматкроць узмоцнены вялікай колькасьцю наведнікаў фэсту з партатыўнымі магнітафонамі, якія ўзнаўляюць і запісваюць, пакуль тыя ходзяць туды-сюды. Мы можам пайсьці яшчэ далей з дапамогай праекцыйных экранаў і відэакамэраў. Частка матэрыялу рыхтуецца загадзя, сэкс-фільмы, здымкі іншых фэстў ды іншыя матэрыялы камбінуюцца з тэлеперадачамі і здымкамі натоўпу. Вядома, і сам рок-фэст будзе выводзіцца ў нарэзаным выглядзе на экраны, тысячы фанатаў з партатыўнымі магнітафонамі, якія запісваюць і ўзнаўляюць, сьпявак зможа кіраваць запісам і ўзнаўленьнем. Падрыхтуйце пляцоўку для актораў-падарожнікаў, жанглёраў, вучоных жывёлаў, утаймавальнікаў зьмеяў, сьпевакоў, музыкаў і ўстаўце гэтыя сцэны. Фільмы і стужкі з фэсту, складзеныя з найлепшага матэрыялу, могуць ужывацца на іншых фэстах.

Прыносьце любое паведамленьне, музыку, размову, якія вы хочаце распаўсюдзіць, каб кожны змог забраць з сабою кавалак вашага запісу.

Дасьледніцкі праект: вызначыць, у якой ступені расшыфроўваюцца скрэмбляваныя паведамленьні, якія чуюць паддосьледныя. Самыя простыя экспэрымэнты складаюцца з прайграваньня паддосьледнаму скрэмбляваных паведамленьняў. Паведамленьне можа ўтрымліваць простыя каманды. Ці мае скрэмбляванае паведамленьне нейкую камандную каштоўнасьць, якую можна было б параўнаць з пост-гіпнатычным наданьнем? Ці ўспрымаецца фактычны зьмест паведамленьня? Ці адрозьніваецца ўзровень успрымальнасьці ў паддосьледных? Ці зьяўляюцца скрэмбляваныя паведамленьні з голасам паддосьледнага больш эфэктыўнымі, чым паведамленьні іншымі галасамі? Ці расшыфроўваюць канкрэтныя суб’екты паведамленьне з пэўным голасам лягчэй за іншыя? Ці ўзмацняецца сіла паведамленьня з дапамогай скрэмблінгу як словаў, так і ўяваў на відэастужцы? Цяпер возьмем, напрыклад, відэастужку з заднастаеным эмацыйным зьместам. Скажам, нашай мэтай зьяўляецца выклікаць страх. Для гэтага скарыстаем усе мінулыя здымкі суб’екта ў стане страху, якія мы зможам сабраць ці зьняць. Скамбінуем са страшнымі словамі й выявамі, пагрозамі, і г. д. Усё гэта прайграецца і ў любым выпадку сапсуе яму настрой. Цяпер давайце заскрэмблюем гэта і пабачым, ці зможам мы атрымаць мацнейшы эфэкт. Крывяны ціск, сардэчны рытм і выпраменьваньне мозгу паддосьледнага падчас прайграваньня рэгіструюцца.

Яго твар фатаграфуецца і ўвесь час паказваецца яму на экране. Фактычна, скрэмблінг стужкі можа адбывацца двума спосабамі. Гэта можа быць апэрацыя абсалютна выпадковага характару, накшталт выцягваньня кавалкаў з капелюша, і ў такім выпадку некалькі пасьлядоўных складнікаў могуць узьнікаць разам, у выніку чаго ўзьнікае пазнавальная выява зь неразборлівых словам. Абодва мэтады могуць ужывацца ў розных прамежках. Рэгістрацыя крывянога ціску, сардэчнага рытму і мазгавога выпраменьваньня пакажа апэратару, які матэрыял правакуе наймацнейшую рэакцыю і павінен быць адзначаны. Памятайце, паддосьледны ўвесь час бачыць свой твар, які фатаграфуецца. Як кажуць праныры, самае страшнае – бачыць страх на ўласным абліччы. Калі ж паддосьледны пачынае занадта нэрвавацца, у нас напагатове мірныя спакойныя стужкі.

Цяпер возьмем сэксуальную стужку: яна складаецца з сэксуальнай сцэны, згулянай ідэальным для паддосьледнага сэксуальным аб’ектам і яго ідэальнай уявай. Нават пры нескрэмбляваным паказе гэта можа быць вельмі ўзбуджальным. На выпрацоўку скрэмбляванай стужкі ідзе некалькі секундаў, а потым? Ці змогуць скрэмбляваныя сэксуальныя стужкі так паўплываць на рэакцыі паддосьледнага і яго мазгі, каб выклікаць спантанны аргазм? Ці можна гэта перанесьці на іншыя цялесныя функцыі? Сакрэтны мікрафон у туалеце запісвае калавыдзяленьне і пуканіну. Усё гэта камбінуецца з галасамі суворых нянек, якія загадваюць яму схадзіць па-вялікаму, і юны лібэрал кладзе ў порткі проста пад Статуяй Свабоды. Ці могуць стужкі з чханьнем, сьмехам, ікаўкай, перханьнем, выклікаць чханьне, сьмех, ікаўку і перханьне?

У якой ступені скрэмбляваныя стужкі могуць выклікаць фізычныя захворваньні? Возьмем, напрыклад, агучаныя каляровыя здымкі прасьцюжанага паддосьледнага. Пазьней, калі ён будзе цалкам здаровы, мы гэткім самым чынам здымаем яго ў здаровым выглядзе. Цяпер камбінуем здымкі з прастудай са здымкамі цяперашняга стану. Зараз паспрабуем скарыстаць некаторыя фразы спадара Хабарда, якія, паводле ягоных словаў, самі па сабе могуць выклікаць хваробу. Быць табой, быць мной, быць тут, быць там, быць целам, быць целамі, быць зараз, быць у мінулым. Цяпер мы скрэмблюем гэта ўсё разам і паказваем суб’екту. Ці зможа прагляд і праслухоўваньне гэтага запісу, нарэзанага зь наймалых складнікаў, мець вынікам прастуду? Калі такая прастудная стужка сапраўды выклікае захворваньне прастудай, то, магчыма, мы толькі актывізавалі схаваны вірус. Вядома, шмат якія вірусы знаходзяцца ў целе ў схаваным стане і могуць быць актывізаваныя. Тое самае мы можам паспрабаваць з герпесам, гепатытам, памятаючы, што мы хутчэй за ўсё актывуем схаваны вірус, і ні ў якім разе не ствараем лябараторны вірус. Але ў пэўнай сытуацыі мы можам гэта зрабіць. Ці не зьяўляецца ў такім разе вірус проста маленькімі складнікам гуку і ўявы? Памятайце, што адзіная ўява, якая мае вірус, гэта той выгляд і гукавое суправаджэньне, якія вам можна навязаць. Жоўтыя вочы пры жаўтусе, восьпіны пры восьпе і г. д. узьнікаюць супроць вашай волі. Тое самае датычыць скрэмбляванага слова і ўявы, да расшыфроўкі якіх вас можа падштурхнуць вірус. Вазьміце картку, любую картку. Гэта не азначае, што яна ўтрымлівае вірус. Мажліва, каб сканструяваць лабараторны вірус, нам спатрэбяцца група відэа- і гукаапэратараў ды яшчэ біяхімік у дадатак. Я цытую INTERNATIONAL PARIS TRIBUNE, артыкул пра сынтэтычны ген, пад назваю “Доктар Нар Джорд Харана стварыў сынтэтычны ген.”

“Гэта пачатак канца”, – такой была імгненная рэакцыя навуковага аташэ аднаго з вялікіх Вашынгтонскіх консульстваў. “Калі вы можаце ствараць гены, вы ў хуткім часе зможаце ствараць вірусы, ад якіх ня будзе ніякага паратунку. Для гэтага спатрэбіцца толькі невялікая лябараторыя. Калі гэта можна зрабіць, нехта гэта зробіць”... Напрыклад, можна стварыць вірус сьмерці, які будзе ўключаць зашыфраванае сьмяротнае паведамленьне. Няма сумневу, што тэхнічныя дэталі будуць даволі складанымі, але, мажліва, каманда відэа- і гукаапэратараў разам зь біяхімікамі дасьць нам адказ.

Цяпер паўстае пытаньне, ці могуць ужывацца скрэмблерныя мэтады для распаўсюджаньня карысных і прыемных паведамленьняў. Магчыма. Зь іншага боку, скрэмбляваныя словы і стужкі дзейнічаюць на чалавека як вірус, навязваючы яму нешта супроць ягонай волі. Лепей было б вызначыць, як старыя мадэлі ўспрыняцьця могуць быць зьмененыя, каб чалавек мог сам ствараць спантанную мадэль.

NEW SCIENTIST, 2 ліпеня 1970 ... Тэорыя апэратыўнай памяці сьцьвярджае існаваньне сямісэкунднага часовага “буфэру”, празь які інфармацыя праходзіць перад тым, як патрапіць у галоўнае абыймо памяці: удар па галаве сьцірае памяць пра гэты часавы прамежак, зьнішчаючы зьмесьціва буфэру. Дэдалус заўважыў, што адчуваньне цяперашняга часу таксама пакрывае толькі гэты прамежак, і прапанаваў наступную гіпотэзу: нашыя сэнсарныя дадзеныя запісваюцца на бясконцую часавую пятлю зь сямісэкунднай затрымкай (для апрацоўкі) перад сьціраньнем. У гэты час мазгі рэдагуюць, асэнсоўваюць і вызначаюць ключавыя рысы для захаваньня. Дзіўнае адчуваньне ДЭЖА ВЮ, што “цяпер” ужо адбывалася, ўзьнікае з-за кароткай памылкі сьціраньня, у выніку якой мы сутыкаемся з ужо захаванымі ў памяці дадзенымі. Просты экспэрымэнт прадэманструе працэс сьціраньня ў дзеяньні. Ствараючы вулічныя запісы і праслухоўваючы іх, вы пачуеце рэчы, якіх вы не памятаеце, часам сказаныя гучным чыстым голасам, хутчэй за ўсё даволі блізка ад вас. Разам з тым, вы можаце не прыгадаць гэтага нават праслухоўваючы запіс. Гук быў сцёрты ў адпаведнасьці з аўтаматычнай мадэльлю ўспрыманьня. Гэта азначае, што гуляючы па вуліцы вы заўважаеце і захоўваеце ў памяці тое, што было ўспрынятае з нашмат большай падборкі дадзеных, якая потым была сьцёртая з памяці. У чалавека, які выйшаў на шпацыр, шыльды і людзі паўзь якіх ён прайшоў, сьціраюцца з памяці і перастаюць існаваць. Цяпер, каб зрабіць гэты працэс сьвядомым і падкантрольным, учыніце наступнае:

Прайдзіце па гарадзкім квартале з відэакамэрай і здыміце ўсё што ўбачыце, рухаючы камэру такім чынам, каб яна як мага дакладней пераймала кірунак вашага погляду. Рэч у тым, каб зрабіць камэру вашымі вачыма і выбіраць тое, што вашыя вочы выбіраюць з бачнай вам выявы. Тым самым часам, здыміце вуліцу ў шырокім ракурсе з шэрагу нерухомых пазыцыяў. Вуліца, зьнятая апэратарам, — гэта ягонае ўспрыманьне вуліцы. Яно адрозьніваецца ад вуліцы, бачнай у шырокім ракурсу. Шмат што насамрэч прапускаецца. Цяпер вы можаце зрабіць здымкі згодна зь нейкім папярэднім плянам – напрыклад, зьняць сьпярша адзін бок вуліцы, а потым другі. Такім чынам вы парушаеце аўтаматычную мадэль успрыманьня. Вы таксама можаце здымаць згодна з каляровымі мадэлямі ўспрыманьня – здымаць спачатку ўсё зялёнае, потым блакітнае, чырвонае, і г.д. Некалькі апэратараў робяць гэта і потым сумяшчаюць свае запісы адзін з адным, а таксама са здымкамі шырокага ракурсу. Гэта можа навучыць індывіда бачыць усё з шырэйшага гледзішча, ігнараваць і сьціраць тыя ці іншыя рэчы паводле ўласнага жаданьня.

Цяпер праверым усё гэта на кантрольных суб’ектах. Нам не спатрэбіцца вельмі складанае абсталяваньне. Я распавёў, як гэта можа працаваць са зваротнай сувязьзю ад кішэчніка да мазгоў і відэаздымкамі паддосьледнага, які глядзіць запіс, проста каб паказаць аптымальную эфэктыўнасьць.

Вы можаце пачаць з двух магнітафонаў. Найпростай прыладай для скрэмблінгу могуць стацца нажніцы і матэрыял для склейкі. Вы можаце пачаць скрэмбляваць словы, ствараць любыя запісы і назіраць эфэкт на сабе і сваіх сябрах. Наступным крокам будзе гукавы фільм, а потым – відэакамэра. Вядома ж, вынікі індывідуальных экспэрымэнтаў могуць прывесьці да масавых экспэрымэнтаў, масавых запісаў страху, бунту і г.д. Магчымасьці для экспэрымэнтаў тут проста бясконцыя, а я ўсяго толькі зрабіў некалькі простых дапушчэньняў.

“Вірус характарызуецца і абмяжоўваецца абавязковым вузавым паразытызмам. Усе вірусы павінны паразытаваць на жывых вузах для ўзнаўленьня. Для ўсіх вірусаў інфэкцыйны круг складаецца з пранікненьня ў носьбіта, ўнутрывузавага ўзнаўленьня і выйсьця з арганізму носьбіта дзеля распачыну новага кругу ў сьвежым носьбіце”. Я цытую “Мэханізмы віруснай інфэкцыі” прафэсара Ўілсана Сміта. У дзікім выглядзе вірусы ня вызначаліся вялікай прыстасоўнасьцю. Некаторыя вірусы пагарэлі, паколькі былі на ўсе 100% сьмяротнымі і ў іх не заставалася запасаў вадкасьці. Кожны вірусны штам цьвёрда запраграмаваны на дакладнае паражэньне пэўных тканак. Калі атака выяўляецца няўдалай, вірус не атрымлівае новага носьбіта. Тады, вядома, адбываюцца вірусныя мутацыі, і вірус грыпу выявіўся дастаткова гнуткім у гэтым дачыненьні. Увогуле, гэта паўтарэньне адной і той самай мэтодыкі пранікненьня, і калі яна блякуецца нейкім целам або рэчывам накшталт інтэрфэрона, атака правальваецца. У цэлым, вірус – дастаткова тупы арганізм. Цяпер мы можам падумаць за вірус і вынайсьці альтэрнатыўныя мэтады пранікненьня. Напрыклад, носьбіт адначасова атакуецца дапаможным вірусам, які запэўнівае носьбіта, што ўсё ў парадку, і вірусам страху і болю. Такім чынам, зараз вірус выкарыстоўвае старую мэтодыку “ліхога і добрага копаў”.

Мы разгледзелі магчымасьць актывацыі або стварэньня віруса зь вельмі маленькіх часьцінак гука і ўявы. Калі так, то вірусы можна вырабляць на замову ў лябараторыях. Але каб спробы былі эфэктыўнымі, нам спатрэбіцца сапраўдны вірус. А сапраўдны вірус, што гэта? Новыя вірусы час ад часу ўзьнікаюць, але адкуль? Добра, давайце пагледзім, як мы можам вывесьці новы вірус. Мы вызначаем сымптомы нашага вірусу і вырабляем скрэмбляваную стужку. Успрымальныя суб’екты, якія маюць некаторыя з пажаданых сымптомаў, скрэмблююцца ў новыя стужкі, пакуль мы не выскрэмблюем вірус. Вірус нараджаецца, калі ён можа ўзнаўляцца ў носьбіце і пераходзіць на іншага носьбіта. Магчыма таксама, што пад лябараторным кантролем можна ўтаймаваць вірус і прымусіць прыносіць карысьць. Уявіце, напрыклад, сэксуальны вірус. Ён нагэтулькі ўзбуджае сэксуальныя цэнтры ў задніх аддзелах мозгу, што паддосьледны вар’яцее ад сэксуальнай цягі, усе астатнія думкі вылучаюцца. Паркі, поўныя голых людзей, якія ходзяць па вялікай і малой патрэбе, крычаць і эякулююць у сэксуальным запале. Такім чынам, гэты вірус можа прынесьці шмат шкоды, разбураючы ўсе абмежаваньні, і скончыцца выснагай, кавэнчаньнем і сьмерцю.

Паспрабуем зрабіць тое самае з запісамі. Арганізуем фэст сэкс-фільмаў. 100 000 людзей прыносяць свае скрэмбляваныя сэкс-стужкі. Усё спраектавана на вялікія экраны, над галовамі натоўпу чутнае мармытаньне, часам стужка запавольваецца, каб можна было паглядзець некалькі сэкундаў, потым зноў стаецца неразрознай, зноў запавольваецца. У хуткім часе гэтыя запісы прымусяць усіх распрануцца. Ахоўнікі распранаюцца. ДАВАЙ ПРЫКІНЕМСЯ ЦЫВІЛЬНЫМІ. Усё гэта можа скончыцца вялікім бязладзьдзем, але тыя, хто выжыве аправяцца ад шаленства. Невялікая група аднадумцаў са сваімі запісамі зьбіраюцца разам і ўвесь працэс кантралюецца. А тое, што ўсякі можа зрабіць такія запісы, ужо само па сабе зьяўляецца абмежавальным фактарам.

Вось спадар Харт, які хоча інфікаваць усіх сваёй уявай і ператварыць іх у сябе, таму ён сябе скрэмблюе і выплёсквае сябе ў пошуках годнай судзіны. Калі нехта ведае тэхніку скрэмблінгу, ён можа наштампаваць сабе дастаткова стабільных копіяў, гэта можа зрабіць хто заўгодна. Гэткім самым чынам можна шукваць сабе сэксуальных партнэраў.

Калі вы хочаце, можаце выскрэмбляваць сябе, запісаўшы кожны стары жарт, пук, чвяканьне, чых і бурчаньне страўніка. А не спрацуе вашая штука – то лепей адразу ўцякаць. Калі кожны будзе займацца такімі рэчамі, то для ўсёй плянэты будзе лепей супакоіцца. Скрэмблінг – дэмакратычны шлях, які дае поўнае грамадзкае прадстаўніцтва. Гэта амерыканскі шлях.

Я выказаў меркаваньне, што вірус можа быць створаны на замову ў лябараторыі з наймалых складнікаў гуку і ўявы. Сам такі прэпарат не зьяўляецца біялягічна чынным, але ён можа актываваць або нават ствараць вірус ува ўспрымальных суб’ектах. Ахайна падрыхтаваная жаўтушная стужка можа актываваць або стварыць вірус жаўтухі ў печані, асабліва калі апошняя і так ужо пашкоджаная. Апэратар насамрэч спрычыняе вірусную рэвалюцыю ў вузах. Паколькі ладунак выпадзеньня атакуе ўспрымальных суб’ектаў у момант слабасьці, вызваленьне гэтай сілы можа супасьці з віруснай атакай. Фразы рэактыўнага розуму таксама могуць паспрыяць вызначэньню ўспрымальных да віруснай атакі суб’ектаў.

Вы пабачыце, што скрэмбляванае маўленьне ўжо мае шмат якія ўласьцівасьці віруса. Калі яно ўспрымаецца і расшыфроўваецца, гэта адбываецца прымусова, супроць волі суб’екта. Вірус павінен нагадваць пра сваю прысутнасьць. Ці герпес з высыпкаю ў паўгрошыка велічынёй, ці шаленства з пакутлівымі спазмамі – вірус нагадвае вам пра сваю непажаданую прысутнасьць. “Я ТУТ”.

Тое самае адбываецца са скрэмбляванымі словамі ды ўявамі. Складнікі расшыфроўваюцца прымусова, прад’яўляючы суб’екту пэўныя словы і ўявы. Гэтае прад’яўленьне паўтараецца, раздражняе пэўныя ворганы і прамежкавыя тканкі. Вузы, раздражнёныя такім чынам, могуць празь нейкі прамежак часу выпрацаваць складнікі біялягічнага вірусу. Цяпер у нас ёсьць новы вірус, зь якім мы можам трымаць сувязь, і суб’ект сапраўды можа прыйсьці ў дастатковы адчай, каб уступіць у зносіны з тым, што выбухае ў ягоным нутры. Ён абцяжараны. Ці можа гэты цяжар быць добрым і прыгожым? Ці магчыма стварыць вірус, які б распаўсюджваў спакой і разважлівасьць? Вірус павінен паразытаваць на носьбіце, каб выжыць. Ён выкарыстоўвае вузавы матэрыял носьбіта для самаўзнаўленьня. У бальшыні выпадкаў гэта шкодна для носьбіта. Вірус пранікае хітрасьцю і падтрымлівае сябе сілай. Няпрошаны госьць, які робіць цябе брыдкім на позірк, ніколі ня можа быць добрым або прыгожым. Больш таго, гэта той госьць, які крок за крокам і слова за словам паўтарае сябе.

Памятайце пра круг жыцьця віруса... Пранікненьне ў вузу або актывацыя ў ёй, узнаўленьне ў вузе, уцёкі з носьбіта дзеля інфікаваньня новага носьбіта. Гэтае інфікаваньне можа адбывацца шмат якімі спосабамі, і тыя, хто адчувае сябе абцяжараным новым вірусам, звычайна выкарыстоўваюць мэтад драбавіка, каб пакрыць шырокі спектар шляхоў інфэкцыі... Перхайце, чхайце, плюйце і пукайце з усякай нагоды, захоўвайце лайно, брулі, макрату, струпы, потнае адзеньне і ўсе іншыя выдзяленьні для вывадненьні. Складаная сумесь пылу можа быць ненавязьліва ўскалыхнутая кавальскімі мяхамі ў мэтро, выкінутая з вокнаў у мяшках, распыленыая з дапамогай крапіла для расьлінаў... Увесь час насіце з сабой асартымэнт распаўсюднікаў інфэкцыі... вошы, нуда, клапы, маленькі птушатнік камароў і кусачых мух, напоўненых вашай кроўю... Мне гэта не здаецца прыгожым.

Вядомы толькі адзін выпадак станноўчага віруснага ўплыву, які прынес карысьць рэдкаму віду аўстралійскіх мышэй. Зь іншага боку, калі вірус не выклікае ніякіх шкодных сымптомаў, мы ніякім чынам ня можам пераканацца ў яго наяўнасьці, як гэта адбываецца з схаванымі віруснымі інфэкцыямі. Была прапанаваная гіпотэза, што жоўтая раса зьявілася ў выніку жаўтухападобнага віруса, што спрычыніў сталую мутацыю, якая не абавязкова была разбуральнай і перадавалася генэтычна. Тое самае можа быць і са словам. Слова само па сабе можа быць вірусам, які атрымаў сталы статус у носьбіце. Аднак, ніводзін зь вядомых вірусаў сучаснасьці ня дзейнічае такім чынам, таму пытаньне карыснага віруса застаецца адкрытым. Ці ня лепей было б засяродзіцца на абароне супраць усіх вірусаў?

Рон Хабард, заснавальнік Саенталёгіі, сьцьвярджае, што пэўныя словы ды іх камбінацыі могуць выклікаць сур’ёзныя захворваньні і разумовыя парушэньні. Я магу прэтэндаваць на пэўныя навыкі ў прафэсіі пісьменьніка, але я не магу гарантаваць, што абзац, які я напішу, зробіць некага фізычна хворым. Калі заява спадара Хабарда апраўданая, то гэта можа стацца аб’ектам для далейшых экспэрымэнтаў, і мы зь лёгкасьцю зможам праверыць яе праўдзівасьць. Спадар Хабард абгрунтоўвае ўласьцівую слову моц тэорыяй энграмаў. Энграму можна вызначыць як слова, гук або ўяву, запісаныя суб’ектам у момант болю ці непрытомнасьці. Некаторыя з гэтых матэрыялаў могуць супакойваць: “Я думаю, усё будзе добра”. Гэта, паводле Хабарда, энграма-хаўрусьнік. Такія энграмы такія ж кепскія, як варожыя і балявыя энграмы. Любая частка запісу, якая потым прайграецца суб’екту, будзе актываваць боль ад апэрацыі, у яго можа разьвіцца галаўны боль альбо дэпрэсія, неспакой або напружаньне. Хабардаву тэорыю вельмі лёгка праверыць экспэрымэнтальна. Вазьміце дзесяць суб’ектаў, узьдзейнічайце на іх болем, які будзе суправаджацца пэўнымі словамі, гукамі і ўявамі. Вы можаце самі разгуляць невялічкія нарысы.

“Хутчэй, сястра, пакуль я не згубіў майго маленькага нігера,” — галёкае паўднёваамерыканскі хірург, і мясістая белая рука падае на кволае чорнае плячо. “Так, зь ім усё будзе добра. Ён выжыве.”

“Была б мая воля, я б пакінуў гэтых жывёлаў падыхаць на апэрацыйным стале”.

“У вас няма такога права, затое ў вас ёсьць прафэсійны абавязак, мы павінны рабіць усё магчымае, каб ратаваць чалавечыя жыцьці”.

І гэтак далей.

Гэта круты коп і коп-прыкаліст. Энграма-хаўрусьнік неэфэктыўная без болевай энграмы, гэтак сама як і рука добрага копа на вашым плячы, яго мяккі пераканаўчы голас у вашым вуху – насамрэч саладжавае нішто бяз доўбня крутога копа. У якой ступені словы, запісаныя пад час мэдычнай страты сьвядомасьці, могуць узгадвацца пад гіпнозам і з дапамогай саенталягічнага працэсу? Ці не ўзмацняецца эфэкт скрэмблінгам матэрыяла, болю і хаўрусьніка, у вельмі кароткіх інтэрвалах? Можа падацца, што скрэмбляваная энграмная выява ледзь не вывальвае перад суб’ектам сцэну апэрацыі. Спадар Хабард прапанаваў сваю вэрсію таго, што ён называе рэактыўным розумам. Гэта вельмі падобна да Фройдавага "Яно", разнастайнасьць убудаванага мэханізму самазьнішчэньня. Як уяўляе спадар Хабард, гэта складаецца з набору даволі простых фразаў. Ён сьцьвярджае, што чытаньне ці слуханьне гэтых фразаў можа выклікаць захворваньні, і выстаўляе гэта як прычыну, з-за якой ён ня можа апублікаваць свае матэрыялы. Можа, ён гаворыць, што гэта чароўныя словы? Фактычна, праклёны? У такім разе яны могуць стацца даволі небясьпечнай зброяй, калі іх сумясьціць з уяўным аўдыявідэазапісам. Тут праяўляецца магія, якая ператварае чалавека ў сьвіньню. Быць жывёлай: адзінокае рохканьне, плёханьне, віскі і сьлінапусканьне над сьмецьцем. Быць жывёламі: шматтысячны сьвінячы хор. Урэжце гэта ў свае відэаздымкі паліцыі, прайграйце гэта ім і пабачыце, ці будзе нейкая рэакцыя ў гэтага рэактыўнага розуму.

Цяпер іншае. Быць целам, вядома ж, прыцягальным целам, стварыце адпаведныя адзнакі. І дадайце прыгожую сымфонію цела, рытмічны грукат сэрца, задаволенае бурчаньне страўніка. Быць целам: запісы і выявы агідных, старых, хворых целаў, якія пукаюць, адпраўляюць вялікія і малыя патрэбы, стогнуць, паміраюць. Рабіць усё: чалавек у брудным пакоі, завалены неаплачанымі рахункамі, неадказанымі лістамі, падскоквае, пачынае пісаць лісты і мыць талеркі. Нарэшце валіцца на крэсла, па-ідыёцку мармыча, бездапаможна разглядаючы навакольны вэрхал. Каманды рэактыўнага розуму таксама могуць ужывацца дзеля павелічэньня эфэктыўнасьці стужак выкліку хваробаў. Праектуючы мінулы герпес на твар суб’екта і прайграваючы яму запіс мінулай хваробы, вы можаце сказаць: быць мной, быць табой, быць тут, быць там, быць целам, прысутнічаць, адсутнічаць. У якой ступені гэтыя скрэмбляваныя фразы рэактыўнага розуму могуць выклікаць сымптомы разладу ў кантрольных паддосьледных дабравольцаў? Што ж да Хабардавай заявы наконт рэактыўнага розуму, толькі дасьледаваньне можа даць нам адказ.

Рэактыўны розум – артэфакт, вынайдзены дзеля таго, каб на масавым узроўні абмяжоўваць і падманваць людзей. Дзеля таго, каб мець гэты эфэкт, ён павінен быць шырока імплянтаваны. Гэта можна ажыцьцявіць з дапамогай сучаснага электроннага абсталяваньня і мэтадаў, апісаных у дадзеным трактаце. Рэактыўны розум складаецца з камандаў, якія здаюцца бяскрыўднымі і фактычна непазьбежнымі... Быць целам... але маюць страшэнныя наступствы.

Вось колькі ўзораў экранных эфэктаў рэактыўнага розуму...

Са згасаньнем сьвятла ў кіназалі яскравае сьвятло зьяўлецца справа ад экрана. Экран сьвятлее.

Быць нікім... На экране цень лесьвіцы і жаўнер, якога спапяліў выбух у Хірасіме

Быць усімі... Вулічныя натоўпы, бунты, паніка

Быць мной... Прыгожыя дзяўчына і хлопец паказваюць на сябе

Быць табой... Яны паказваюць на аўдыторыю

Агідныя ведзьмы і старыя, леправатыя, ідыёты, мармычучы паказваюць на саміх сябе і гледачоў падчас гучаньня словаў...

Быць мной

Быць табой

Каманда 5... Быць сабой

Каманда 6... Быць іншымі

На экране афіцэр з аддзелу наркотыкаў зьвяртаецца да шкаляроў, перад ім раскладзеныя шпрыцы, гашышныя люлькі, дозы гераіну, гашыш, ЛСД.

Афіцэр: “Пяць палётаў пад кайфам могуць быць прыемнымі і хвалюючымі...”

На экране маладыя наркоты... “Я нарэшце стаўся самім сабой”

І гэтак далей. Шчаслівыя галюны... Быць сабой...№ 5...

Афіцэр: “ШОСТЫ ДАКЛАДНА АДАРВЕ ВАМ ГАЛАВУ”

На здымках – чалавек, які страляе сабе ў рот з драбавіка...

Афіцэр: “Зь 15 гадоў і дасюль я ведаю, што вы можаце скончыць сваё жыццё ўва ўласных ванітах...”

Быць жывёлай... Самотны Воўк-скаўт...

Быць жывёламі: ён далучаецца да іншых ваўкоў-скаўтаў, якія гуляюць, сьмяюцца, крычаць

Быць жывёлай... Жывёльныя і пачварныя чалавечыя паводзіны... Скандалы, агідныя сцэны паглынаньня ежы і сэксу

Быць жывёламі... Кароваў, авечак і сьвіньняў вядуць на рэзьню.

Быць целам

Быць целамі

Прыгожае цела... склешчаная ў каханьні пара... Прамотваецца ўперад-назад і пракручваецца ў сямісекунднай часавай пятлі колькі разоў... скрэмблюйце на рознай хутксасьці... Гледачы павінны зразумець, што быць целам — гэта быць целамі

...Цела існуе адно дзеля таго, каб быць іншымі целамі

Быць целам... Сцэны і запісы сьмерці... скрэмблінг апошніх словаў

Быць целам... Від на могілкі...

Зрабіць гэта зараз... Пара абдымаецца ўсё гарачэй і гарачэй

Зрабіць гэта зараз... Цэля сьмяротнікаў... Вырачанага гуляе той самы актор, што і каханка... Яго выводзяць ахоўнікі, ён крычыць і супраціўляецца. Уразаецца перад і пасьля, паміж сэксуальнай сцэнай і чалавекам, якога вядуць на пакараньне. Пара ў сэксуальнай сцэне дасягае аргазму, у той час як вырачанага вешаюць, садзяць на электрычнае крэсла, труцяць газам, душаць гаротай, расстрэльваюць зь пісталета

Зрабіць гэта пазьней... Парачка распадаецца... Нехта хоча выйсьці пад’есьці і паглядзець шоў ці яшчэ нешта... Яны адзяюць капелюшы...

Зрабіць гэта пазьней... Злавесныя твары ў Пэнтагоне. Стратэгія ўжо распрацоўваецца... Што ж, ВОСЬ ЯНО... У гэты эпізод уразаюцца сцэны сэксу і выкананьня прысуду, настае кульмінацыя: аргазм, ядравы выбух... Вырачаны каханак выжыў, але атрымаў жахлівыя апёкі.

Зрабіць гэта пазьней... Эпізод шпацыру 1920 года на “Сонечны бок вуліцы”... Расчараваны генэрал паварочваецца ад тэлефона, каб сказаць, што прэзыдэнт распачаў інтэнсыўныя перамовы з Расеяй і Кітаем на самым высокім узроўні... Вырачаны атрымлівае яшчэ адну адтэрміноўку.

Быць жывёлай... Адзін лемінг засяроджана жарэ лішайнік...

Быць жывёламі... Статкі лемінгаў віруюць адзін вакол другога, гістэрыя нарастае... Плойма лемінгаў-тапельцаў перад нечым маленькім прыгожым катэджам на фінскім возеры, дзе ён мэтадычна праходзіць усе сэксуальныя позы са сваёй сяброўкай. Яны прачынаюцца ад смуроду мёртвых лемінгаў

Быць жывёлай... Маленькага хлопчыка садзяць на гаршчок.

Быць жывёлінай... Толькі што павешаны чалавек. Доктар падыходзіць са стэтаскопам.

Ляжаць... Нясуць цела зь пятлёй вакол шыі... Голыя трупы на стале патолягаанатама... Труп хаваюць у яме для вапны.

Стаяць... Узьняты чэляс

Ляжаць... Белы адпальвае мурыну геніталіі літавальнай лямпай... У кіназалі цямнее, застаецца толькі літавальная лямпа ў левым куце экрана

Прысутнічаць

Адсутнічаць

Прысутнічаць... Хлопчык мастурбуе перад сэксуальнымі выявамі... Урэзка ў твар белага, які адпальвае мурыну геніталіі літавальнай лямпай

Адсутнічаць... Сэксуальныя фантазіі хлопчыка... Чорныя трупы з адпаленымі геніталіямі, кішкі вывальваюцца з жыватоў

Прысутнічаць... Хлопчык у захапленьні глядзіць стрыптыз... Чалавек стаіць пад шыбеніцай

Прысутнічаць... Сэксуальныя фантазіі хлопчыка... “Я абвяшчаю гэтага чалавека мёртвым”.

Прысутнічаць... Хлопец сьвішча дзяўчыне на вуліцы... Чалавечае цела трасецца на электрычным крэсьле, валасы на нагах патрэскваюць блакітным агнём

Адсутнічаць... Хлопец бачыць сябе ў ложку зь дзяўчынай... Чалавек падае ў дыме, які ідзе з-пад седала крэсла, зь ягонага роту сьцякае сьліна...

У кінатэатры запальваецца сьвятло. У небе над Хірасімай ляціць самалёт... Маленькі хлопчык выпадае

Прысутнічаць... Самалёт, пілёт, новы амэрыканскі сьцяг...

Адсутнічаць... сьвятло ў кінатэатры гасне, на экране зьяўляецца ядравы грыб

Тут мы бачым звычайных мужчынаў і жанчынаў, якія ходзяць па сваіх штодзённых справах, на працы і дэманстрацыі... Мэтро, вуліцы, аўтобусы, цягнікі, аэрапарты, станцыі, пачакальні, дамы, кватэры, рэстарацыі, офісы, заводы... усе працуюць, ядуць, гуляюць, спраўляюць свае патрэбы, займаюцца каханьнем

Хор галасоў уразаецца ў фразу рэактыўнага розуму

Стаяць

Ляжаць

Элеватары, аэрапарты, лесьвіцы

Прысутнічаць

Адсутнічаць

Вулічыныя знакі, дзьвярныя знакі, людзей сьпераду чаргі прапускаюць у рэстарацыі і тэатры

Быць сабой

Быць іншымі

Мытнікі правяраюць пашпарты, чалавек прад’яўляе ў банку дакумэнты, каб атрымаць наяўныя грошы па чэку

Прысутнічаць

Адсутнічаць

Людзі глядзяць фільмы, чытаюць, глядзяць тэлевізар...

Сумесь гэтых гукавых і відэастужак прайграецца ў сямісэкунднай пятлі бязь зьменаў з пару хвілінаў

Цяпер урэжце выявы жахаў

Стаяць

Ляжаць

Элеватары, аэрапарты, лесьвіцы, павешаньні, кастрацыі

Прысутнічаць

Адсутнічаць

Дзьвярныя знакі, апэрацыйныя... доктар кідае ў судзіну скрываўленыя міндаліны, адэноіды, апэндыкс

Прысутнічаць

Адсутнічаць

Людзі глядзяць фільм... этэрная маска, галава кружыцца ад этэру... трыкутнікі, сфэры, простакутнікі, прызмы, крыкі аддаляюцца і набліжаюцца ў рэгулярнай пасьлядоўнасьці... крык аддаляецца, два крыкі аддаляюцца, чатыры крыкі аддаляюцца

Крык сьпераду аддаляецца, два крыкі па баках аддаляюцца. Тры крыкі зьлева, справа і па цэнтры аддаляюцца, чатыры крыкі справа, зьлева, па цэнтры аддаляюцца

Адзін крык набліжаецца, два крыкі набліжаюцца, тры крыкі набліжаюцца, чатыры крыкі набліжаюцца... сьпіралі сьвятла... круцяцца хутчэй і хутчэй, немаўля зьядаюць пацукі, павешаньні, электрычныя крэслы, кастрацыі...

Рэактыўны розум можна ўразаць ў найзвычайныя сцэны, пакрываючы плянэту смогам стаху...

Рэактыўны розум – гэта ўбудаваная электронная паліцыя, узброеная схаванымі пагрозамі. Ты ня хочаш быць кемлівым ваўчанём? Добра, тады быдлам на рэзьні, мясам на гачку.

Гэта настальгічная рэканструкцыя старамодных мэтадаў Мая. Кепскіх работнікаў зь няправільнымі думкамі да сьмерці катавалі ў пакоі пад пірамідай... Маладому работніку далі моцны галюцынаген і сэксуальны стымулятар... Яго распранаюць дагала і жыўцом здымаюць скуру... Багі болю вызіраюць з бруду старадаўніх часоў... Птушка Ўаб стаіць тут, крычыць, умываючыся ў ягоных дзікіх блакітных вачах. Засталыя — вышэй за пас – крабы, яны шчоўкаюць клюшнямі ў экстазе, прыскокваюць у пародыі на чалавека, якога ў гэты час сьвяжуюць. Пісары займаюцца нарысамі... Цяпер яго замацоўваюць рамянямі да сэгмэнтаванай медзяной шматножніцы і пяшчотна кладуць на ложак з распаленага вугля... У хуткім часе сьвятары дастануць мяккае мяса з абалонкі з дапамогай сваіх залатых клюшняў... Вось яшчэ адзін юнак, пасаджаны на палю ў мурашніку, ягоныя вочы і геніталіі намазаныя мёдам... Астатніх зь вялізарным цяжарам на сьпінах павольна працягваюць праз драўляныя жалабы з абсыдыянавымі келамі... Сьвятары – майстры болю, страху і сьмерці... Чыніць правільна... падпарадкоўвацца... Учыніць няправільнае? Толькі прысутнасьць сьвятара і колькі банальных словаў...

Сьвятары вынайшылі і ўсталявалі гермэтычны сьвет, дзе яны былі аксыяматычнымі кантралёрамі. Такім чынам яны сталіся Багамі, якія кантралююць вядомы нам сьвет працоўных. Яны сталі Страхам і Болем, Сьмерцю і Часам. Зрабіўшы супраціў уяўна немагчымым, яны не прадугледзелі плян дзеяньняў на гэты выпадак. Ёсьць доказы, што ў некаторых мясцовасьцях гэтая сыстэма кантролю была зруйнаваная яшчэ да прыйсьця Белага Бога. Былі знойдзеныя перакуленыя і пашкоджаныя стэлы, нямыя доказы рэвалюцыі працоўных. Як гэта здарылася? Гісторыя рэвалюцыйных рухаў паказвае, што яны звычайна праводзяцца выгнанцамі з паноўнай клясы. Гішпанскае панаваньне ў Паўднёвай Амэрыцы было скінутае гішпанскімі рэвалюцыянэрамі. Французаў вытурылі з Алжыру алжырцы, якія атрымалі францускую адукацыю. Магчыма, адзін выгнанец з Багоў-сьвятароў і зарганізаваў рэвалюцыю...

Багі-сьвятары ў бажніцы. Яны вельмі павольна рухаюцца, іх твары разбураюцца часам і хваробамі. Кальчакі-чужаеды разьядаюць ім цела. Яны робяць падлікі для сьвятых кнігаў.

“400 000 000 гадоў таму ў гэтым годзе адбылася трагічная падзея....”

Вапняковыя чарапы дажджом лятуць цераз порцік. Юны Бог Маісу вядзе паўстанцаў, у той час як яны штурмуюць бажніцу і выцягваюць адтуль сьвятароў. Яны раскладаюць вялізнае вогнішча, кідаюць туды сьвятароў, а сьледам за імі іх сьвятарныя кнігі. Час згінаецца і зьвіваецца. Старыя Багі, якія ўсплылі на паверхню з старадаўных глыбіняў часу, выбухаюць у небе... Спадар Харт стаіць там, пазіраючы на разьбітую стэлу... “Як жа гэта здарылася?”

Яго кантрольная сыстэма павінна быць абсалютнай і ахопліваць увесь сьвет. Бо такая кантрольная сістэма больш уразьлівая да вонкавых атак, чым нутраных паўстаньняў... Вось біскуп Луанда паліць сьвятарныя кнігі. Каб зразумець, што адбываецца, уявіце сабе, што на нашую плянэту нападаюць хамы з космасу...

“Давайце сюды бульдозэры. Зьнішчым усю гэтую дрэнь...” Формулы ўсіх прыродазнаўчых навукаў, кнігі, карціны, з волі лёсу ўсё гэта звалена ў вялікую кучу і спалена. І ўсё. Ніхто пра гэта ніколі ня чуў.

Тры кодэксы перажылі вандалізм Біскупа Луанды, ды й тыя абгарэлі па краях.

Няма ніякага спосабу даведацца, ці ў нас тут былі санэты, Мона Ліза, або рэшткі каталёга Сіэз Роўбэк, пасьля таго як стары сусьвет быў спалены. Уся цывілізацыя ператварылася ў дым...

Калі гішпанцы прыбылі, яны знайшлі Маянскіх арыстакратаў у гамаках. Ладна, час растлумачыць ім сапраўдны стан рэчаў. Пяцярых злоўленых рабацяг лягчаюць на пні. Целы, якія сьцякаюць крывёй, равуць і галосяць, скідваюцца ў гурбу...

“А цяпер адчуйце гэта сваімі яйцамі. Мы хочам, каб тут была гурба золата, як мага хутчэй. Так сказаў Белы Бог”.

Цяпер разгледзім чалавечы голас як зброю. У якой ступені просты чалавечы голас можа паўтараць тыя эфэкты, якіх можна дасягнуць з дапамогай магнітафона? Вельмі лёгка перамясьціць месца гукаўтварэньня, стараючыся гаварыць з замкнёным ротам. Вы таксама можаце навучыцца гаварыць наадварот, што вельмі цяжка. Я бачыў людзей, якія паўтараюць тое што ты сказаў і сканчаюць фразу разам з табой. Гэтая штука можа вельмі зьбянтэжыць, асабліва калі практыкуецца на вялікай колькасьці людзей падчас перадвыбарчай гонкі. Ці магчыма фактычна скрэмбляваць маўленьне? Стварыўшы новую мову, можна вынайсьці дальнабойную біялягічную зброю. Насамрэч, такая мова ўжо існуе. Гэта хінская, татальная мова, што бліжэй падыходзіць да шматузроўневай структуры досьведу, з пісьмовасьцю, якая разьвілася з гіерогліфаў, шчыльней зьвязанай з аб’ектамі ды сфэрамі апісаньня. Спакой, уласьцівы хінянам, без сумневу зьяўляецца вынікам таго, што іхная мова была структураваная для аптымізацыі разумовай дзейнасьці. Я заўважыў, што хіняне, дзе б яны ні былі, захоўваюць сваю мову і пісьмовасьць, у той час як іншыя народы губляюць сваю мову за два пакаленьні. Мэта гэтага праекту – стварыць такую мову, у якой пэўныя падманы, успадкаваныя ўсімі заходнімі мовамі, будзе немагчыма сфармуляваць. Падманы, якія будуць узьнікаць з гэтых першапачатковых, таксама будуць выдаленыя з прапанаванай мовы.

Гэта БЫЦЬ ТОЕСНАСЬЦЮ. Ты ёсьць жывёла. Ты ёсьць цела. Чым бы ты цяпер ні быў, ты не “жывёла” і ня “цела”, паколькі гэта толькі слоўныя цэтлікі. Гэтае БЫЦЬ тоеснасьцю заўсёды задае захаваньне нейкай сталай умовы ці ўмоваў. Такім і заставацца. Тым самым часам называньне прадугледжвае выкарыстаньне “БЫЦЬ” тоеснасьці. Бяз гэтай формулы можна абысьціся ў гіерагліфічных мовах накшталт стараэгіпскай, дзе “быць” фактычна часта апускаецца. Няма патрэбы гаварыць, што сонца ЁСЬЦЬ у небе, дастаткова сказаць “у небе”. Дзеяслоў БЫЦЬ можа быць лёгка апушчаны ў любых мовах, і пасьлядоўнікі Каржыбскага рабілі гэта, абмяжоўваючы ўжываньне дзеяслова ТО ВЕ ў ангельскай. Аднак, цяжка зрабіць ангельскую мову чыстай адвольна вылучаючы адтуль ідэі, якія застаюцца ў сіле да таго часу, пакуль выкарыстоўваецца нязьмененая мова.

АЗНАЧАЛЬНЫ АРТЫКЛЬ ТНЕ. ТНЕ ўтрымлівае імплікацыю адзінага: “THE God, THE universe, THE right, THE wrong” (АДЗІНЫ Бог, АДЗІНЫ сусьвет, АДЗІНАЕ правільнае, АДЗІНАЕ няправільнае). Калі ёсьць яшчэ іншы аб’ект таго самага роду, тады “THAT universe, THAT way” (ТОЙ сусьвет, ТОЙ шлях), а не “THE universe, THE way” (АДЗІНЫ сусьвет, АДЗІНЫ шлях). Азначальны артыкль ТНЕ будзе выдалены, яго месца зойме неазначальны артыкль А.

УСЯ КАНЦЭПЦЫЯ EITHER/OR (або/або). Правільнае або няправільнае, фізычнае або разумовае, уся канцэпцыя АБО будзе выдаленая з мовы і замененая супастаўленьнем, І. У нейкай ступені гэта адбываецца ў кожнай выяўнай мове, там дзьве ідэі стаяць літаральна побач. Пдманы, успадкаваныя ангельскай ды іншымі заходнімі альфабэтнымі мовамі, надаюць камандам рэактыўнага розуму іх калясальную моц у гэтых мовах. Возьмем, напрыклад, БЫЦЬ тоеснасьцю. Калі я кажу быць мной, быць табой, быць сабой, быць іншымі – чым бы мяне не заклікалі быць ці не казалі, што я нечым зьяўляюся – я ня слоўны цэтлік “сябе”. Слова БЫЦЬ у ангельскай мове ўтрымлівае, гэтак сама як і вірус, сваё закадаванае паведамленьне разбурэньня, строгі загад сталага стану. Быць целам, быць жывёлай. Калі вы разумееце сувязь паміж штурманам і яго караблём, вы можаце зразумець руйнавальную сілу каманды быць целам. Калі пілёту кажуць быць самалётам, хто ж будзе кіраваць самалётам?

Быць тоеснасьцю, замацоўваючы жорсткі і сталы стан, вельмі ўмацавалася мытным і пашпартным кантролем пасьля Першай сусьветнай вайны. Хто б вы ні былі, вы – гэта не набор слоўных цэтлікаў у вашым пашпарце, гэта ня болей вы, чым слова ”сябе”. Такім чынам, вы павінны быць напагатове, каб давесьці, што вы – гэта тое, чым вы не зьяўляецеся. Шмат падманаў успадкавана з катэгарычным азначальным артыклем THE. THE now (АДЗІНЫ цяперашні момант), THE past (АДЗІНАЕ мінулае), THE time (АДЗІНЫ час), THE space (АДЗІНАЯ прастора), THE energy (АДЗІНАЯ энергія), THE matter (АДЗІНАЯ матэрыя), THE universe (АДЗІНЫ сусьвет). Азначальны артыкль ТНЕ ўтрымлівае імплікаванае адмаўленьне існаваньня іншага. ТНЕ замыкае вас у ТНЕ і адмаўляе іншыя магчымасьці. Калі іншыя сусьветы магчымыя, тады ТНЕ universe (АДЗІНЫ сусьвет) ператвараецца ў А universe (АДЗІН З сусьветаў). Многія з камандаў рэактыўнага розуму фактычна зьяўляюцца супярэчнымі і бяруць сваю сілу з Арыстотэлеўскай канцэпцыі або/або. Рабіць усё, не рабіць нічога, мець усё, ня мець нічога, заставацца ўнізе, заставацца наверсе, заставацца ўнутры, заставацца звонку, заставацца прысутным, заставацца адсутным. Гэта, фактычна, або/або прапановы. Нічога не рабіць АБО рабіць усё, мець усё АБО нічога, прысутнічаць АБО адсутнічаць. Або/або цяжэй сфармуляваць у пісьмовай мове і можна цалкам выдаліць з гутарковай мовы. Увесь рэактыўны розум можа быць фактычна зьведзены да трох маленькіх словаў – to be “THE” (быць “АДЗІНЫМ”). Гэта значыць, быць тым, чым ты не зьяўляесься, слоўнымі фармулёўкамі.

Я часта казаў пра слова і ўяву як пра вірусы, ці рэчы, што дзейнічаюць як вірус, і гэта не алегарычнае параўнаньне. Высьветліцца, што падман складовых заходніх моваў – насамрэч сапраўдныя вірусныя мэханізмы. Гэтае БЫЦЬ тоеснасьцю – мэта віруса – ВЫЖЫЦЬ. Выжыць за кошт любых наступстваў для носьбіта. БЫЦЬ жывёлай, быць целам. Быць целам жывёлы, на якое можа напасьці вірус. Быць жывёламі, быць целамі. Быць жывёльнымі целамі, каб вірус мог перамяшчацца з аднаго цела ў другое. Заставацца прысутным як жывёльнае цела, заставацца адсутным як антыцела або супраціў забраньню цела.

Катэгарыйнае ТНЕ – таксама вірусны мэханізм, які замыкае вас у АДЗІНЫМ вірусным сусьвеце. АБО/АБО – другая вірусная формула. Заўжды – АБО вы АБО вірус. АБО/АБО. Гэта фактычна, канфліктная формула, архетыпічны вірусны мэханізм. Прапанаваная мова зьнішчыць гэтыя вірусныя мэханізмы і зробіць іх немагчымымі для фармуляваньня з дапамогай моўных сродкаў. Гэтая мова будзе танальнай, накшталт хінскай, яна таксама будзе мець гіерагліфічную пісьмовасьць, насколькі магчыма набліжаную да выяўленчай, ня будучы, аднак, грувасткай або надта цяжкой для пісьма. Гэтая мова зробіць магчымым маўчаньне. Калі носьбіт мовы ня будзе размаўляць, ён зможа карыстацца маўклівымі ўявамі пісьмовай, уяўнай і сымвалічнай мовы.

Тут я апісаў некаторыя віды зброі і тактыкі вядзеньні гульні ў вайну. Зброя, што зьмяняе сьвядомасьць, можа распачаць гэтую гульню ў вайну. Усе гульні варожыя. Увогуле, існуе толькі адна гульня цяпер і давеку. Спадар Хабард кажа, што Саенталёгія – гульня, дзе ўсе выйграюць. Няма такіх гульняў, дзе ўсе перамагаюць. Гэта сутнасьць любой гульні, перамога і параза... Вэрсальская Дамова... Гітлер танчыць Акупацыйную Джыгу... Ваенныя злачынцы вісяць у Нюрнбэргу... У гэтай гульні ёсьць правіла: ня можа быць канчатковай перамогі, паколькі гэта будзе азначаць канец гульні ў вайну. Тым ня менш, кожны гулец павінен верыць у канчатковую перамогу, імкнуцца да яе з усёй моцы. Перад абліччам жахлівага сну канчатковай паразы ў яго няма іншага выбару. Таму ўсе тэхналёгіі з усё большай эфэктыўнасьцю вырабляюць больш і больш зброі ўсёагульнага зьнішчэня, пакуль у нас ня зьявіцца ядравая бомба, якая зможа скончыць гульню сьмерцю ўсіх гульцоў. Крута адарвемся. І ўсе гульцы, баязьлівыя дурні, вырашаюць захаваць гульню. Яны зьбіраюцца за круглым сталом і складаюць плян тэрміновай дэзактывацыі і паступовага зьнішэньня ўсіх відаў ядравай зброі. Навошта спыняцца на гэтым? Ці не занадта разбуральнымі зьяўляюцца звычайныя бомбы, калі яны ёсьць ува ўсіх? Давайце перавядзем стрэлкі ваеннага гадзіньніка назад у 1917 год:

 

Паліце ў хатах агмяні,

Палайце сэрцы у крыві

Назад чакае шлях даўгі ...

 

Да Амэрыканскай

Цывільнай

Вайны...

 

“Ён вызваліў сьмяротную маланку вастрыя свайго мяча”. Ягоная сьмяротная маланка не каштавала так шмат у тыя часы. Дык давайце зэканомім на абаронным бюджэце, вярнуўшыся да крамянёвых стрэльбаў, кнотавых замкоў, мячоў, панцыраў, лукаў і стрэлаў, дзідаў, каменных сякераў і доўбняў. Навошта на гэтым спыняцца? Чаму б не адгадаваць зубы і кіпцюры, атрутныя іклы, джалы, шыпы, голкі, дзюбы, прысмочкі, сьмярдзючыя залозы і не змагацца ў гэтым брудзе?

Вось да чаго прывядзе гэтая рэвалюцыя. Канец гульні. Новыя гульні? Ня будзе ніякіх новых гульняў адгэтуль і давеку.

 

КАНЕЦ ГУЛЬНІ Ў ВАЙНУ.

 

Пераклад з ангельскай Алега Жлуткі

 burroughs.zip

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil