ВІНЦУК ДАЛАКОП

 

ЗГАДКІ ПАРАВОЗА

"Дэгермэтызацыя" славутага рамана Джэймса Джойса "Згадкі Фінэгана" можа прывесьці да вялікага літаратурнага скандалу

Як вядома, Джойсаў раман - гэта ці не найяскравейшы ўва ўсёй сусьветнай літаратуры прыклад гермэтычнага пісьма - мастацтва, не падуладнага асэнсаваньню альбо прынамсі ўспрыняцьцю без адмысловай расшыфроўкі. Тэкст рамана складаецца з пазбаўленых на першы погляд усялякага сэнсу спалучэньняў літараў, у якіх пры больш дэталёвым аналізе можна знайсьці кавалкі разнастайных лексэмаў, узятых як з ангельскай мовы, гэтак і зь іншых - агульная колькасьць моваў, ужытых пры напісаньні рамана, нават пры самым сьціплым падліку перавысіла 70.

Безумоўна, "Згадкі Фінэгана" адразу страшэнна спадабаліся крытыкам - гэты твор можна было далучаць да сусьветнай клясыкі, нават яго не чытаючы. З гэтай жа прычыны ён стаўся бэстсэлерам і сярод студэнтаў усяго сьвету - нават і дагэтуль навучэнцы шатляндзкіх рэальных вучэльняў, адказваючы на іспыце па літаратуры непатрабавальнаму вясковаму настаўніку, усяляк спрабуюць перавесьці тэму гутаркі з так і не прачытаных імі Дэфо ці Агаты Крысьці на "ўлюбёнага" Джойса.

Але нягледзячы ні на што, сярод дывізіяў самазваных літаратуразнаўцаў, якія прысьвячаюць свае шматстаронкавыя дысэртацыі спэкулятыўным дасьледваньням па сутнасьці так і не зразуметага імі твора, зьяўляюцца і сумленныя навукоўцы, якія займаюцца сваёй справай зусім не дзеля славы альбо матэрыяльных дывідэнтаў.

Гэтыя апошнія прыкладаюць усе намаганьні на тое, каб усё ж прачытаць і асэнсаваць славуты Джойсаў твор і пасьля зрабіць яго даступным для простых сьмяротных. І вельмі нам усім прыемна тое, што сёньня на першым месцы сярод іх неаспрэчна знаходзіцца наша зямлячка.

Ідэя заняцца гэтай няўдзячнай і неверагодна складанай працай прыйшла аўтарцы перакладу на беларускую мову першага разьдзелу "Згадак Фінэгана" Ганьне Кісьліцынай яшчэ тады, каля яна сканчала першы курс філялягічнага факультэта БДУ. З тых часоў прайшло адзінаццаць гадоў - гадоў няспыннай працы над тэкстам, якая цалкам завалодала жыцьцём сп. Ганны. Працы бадай гераічнай.

І яе вынік не прымусіў сябе чакаць. Сп. Ганьне ўдалося амаль што цалкам расшыфраваць першы разьдзел рамана, пераклаўшы адну восемдзесят першую яго частку. Ніводная з нацыянальных літаратураў ня можа ганарыцца такім бліскучым дасягненьнем. Так, камісія, утвораная пры Парыскай Акадэміі здароўя, здолела склеіць з рознамоўных кавалкаў усяго адну старонку джойсавага тэксту і яшчэ два абзацы другой. А тут - цэлых сем з паловай старонак. Далібог бліскучы вынік.

У апошнія гады гэтай працы моцна шкодзіла ня толькі падарванае здароўе сп. Ганны (дзякуючы стыпэндыі, атрыманай у Фондзе Эбэрта, перакладчыцы ўдалося купіць сабе супэрсучасныя штучныя вочы блакітнага колеру замест сапсутых натуральных), але яшчэ і пэўныя юрыдычныя праблемы. Рэч у тым, што спадкаемцы аўтарскіх правоў вядомага беларускага пісьменьніка Міхася Лынькова чамусьці заявілі пра свае прэтэнзіі на твор клясыка ірляндзкай літаратуры і патрабуюць матэрыяльнай сатысфакцыі.

Зьмяшчаем тут першыя некалькі старонак легендарнага раману. Тэкст выкладзены толькі па-беларуску і падаецца без аніякіх камэнтароў - яны занялі б занадта шмат месца ў нашым выданьні.

Ці ведаеш ты, стомлены вандроўнік, хібарку Мікалаюса?

Дзе рэйкі чыгуначныя сканчаюцца, дзе сэмафоры стромкія свае рукі да неба ўздымаюць, а мноства стрэлак не зьлічыць нікому, дзе бязьмежны прастор працяты бліскоткімі рэйкамі - там яна стаіць.

І ўдзень, і ўночы, і ў шарую гадзіну, што перад сьвітаньнем рыхтуе дарогу новаму дню, цякуць па тых рэйках цягнікі. Цякуць, калі яшчэ і сонца не ўзыйшло, і сьпіць калі яшчэ Мікалаюс. Цякуць, бо. У час, калі ўсе простыя сьмяротныя ў лепшым знаходзяцца стане з усіх, што толькі можна ўявіць: калі сьпяць яны - ўсе тыя, хто не машыніст, не кандуктар, не качагар і не абходчык шляхоў чыгуновых.

Прррррррррррррррррррррррррррррррррррр.

А цягнікі ўсё цякуць ды цякуць, не раўнуючы як нашыя расчараваньні. Цякуць яны ўзімку і ўлетку, цякуць увосені ды ўвесну. І чым бліжэй да той гадзіны, калі зімовыя сьцюжы праносяцца па белым сумленьні зямлі, тым гучней гудуць паравозы, угрызаючыся сьветлякамі сваіх вылупленых вачэй у далёкія агенчыкі сэмафораў, поўныя неспатоленай прагі да тых сэмафораў, што падказваюць нам шлях да Ітакі. Агенчыкі белыя, зялёныя, чырвоныя.

І кожны з тых паравозаў размаўляе на сваёй, толькі аднаму яму вядомай мове. Адзін так гу, што ажно жы. Шыбы ў вагонах трымцяць, іншы мае хрыплаваты, прасьцюжаны голас, а трэці, бы тая зязюля, не гудзіць, але толькі пасьвіствае. Такім таненькім, пранізьлівым галаском. Мікалаюс умеў па голасе пазнаваць любы з гэтых паравозаў - і таварных, і пасажырскіх.

І ў час, калі золкая начная цемень яшчэ ахутвала ўсё навакольле, нярэдка ён чуў гудок далёкага паравоза, потым адчуваў ягонае набліжэньне дый тармашыў сваю матулю:

- О любая маці, час ужо расплюшчыць Вам Вашыя векі, - казаў тады ён. - Пастаўце самавар, бо мой бацяня ціпа едзе з пасажырскім. У цёмнай невядомасьці начы яго я паравоза чую гул.

- Сам ты паравоз! - ня надта ветліва адквазвала на ягоны такі зварот матуля. - І з чаго гэта ты мне спаць не даеш? Бо далёка яшчэ пасажырскі, і доўга чакаць той хвіліны, калі калёс ягоных грукат напоўніць навакольле на сьвітанку.

Старая халява бота. Яна ставіць самавар. Праз трохі часу Мікалаюс чуў, як паравоз, аквечваючы ўсё сваіх калёс непераможным грукатам, уязджаў на станцыю, пастукваючы на стрэлках, як запавольваў ён сваю хаду, пакуль урэшце, назусім не супыняўся.

І Мікалаюс ведаў, ды ўсьведамляў у тую хвілю шчэ мацней, што няма нічога вечнага на гэтай зямлі. Зьмяняліся паравозы, зьмяняліся і машыністы. Але заўсёды, ні на што нягледзчы, гадзіньнік часу спыняўся, адмерваючы свае апошнія дзесяць хвілінаў. Потым на парозе зьяўляўся бацька Мікалаюса.

- А ты прачнуўся ўжо, як Сцыла шпаркі мой алень? - гукаў ён Мікалаюса, торгаючы яго за нос перапэцканымі мазутам пальцамі.

Мікалаюса на хвілю апаноўваў страх, ён хвавўся пад коўдру, толькі кончык ягонага носа тырчэў адтуль, і гукі даносіліся:

- Чшыыы... чшыы-ы-ы-чшы...

І потым, сьмеласьці набраўшы, пачынае свайго бацьку дражніць:

- Ну што, ці паспрабуеш ты мяне дагнаць? Забуксаваў, мой любы, ужо, напэўна!

...і ўжо ня будзе ён за Мікалаюсаў нос сваімі бруднымі рукамі хапацца. Сьпярша трэба вымыцца як сьлед, а потым ужо...

Бацька мыецца. Юрк з-пад коўдры. Ці важыць штосьці дарожны куфэрак? Цікава, трэба пацікавіцца.

- Ці штось вы прывезьлі, бацяня?

- А якой будзе ваша рэакцыя на адмоўны адказ?

- Што зраблю? Ды ні хера не зраблю.

Цыбаты імбрык вымаеца з куфэрка; кубак абкручаны паперай. Зайчыны хлеб. Дарожных харчэй рэшткі амаль як нашыя парэшткі. Як смачна вядома не ласунак але... чорны хлеб Мікалаюс жэр, запіхваючы яго за свае шчокі. Пімпачка нос: піііііііііііііііііііііііііііііі-ііііііііііііііііііііііііі!

Жарэ Мікалаюс той хлеб. Жарэ, нібыта памагаты машыніста... А хлебчык той бы вугаль пахне - кіславаты мазут. Сотні вёрст у мазуце ў паравозе едзе, б'ецца хлеб галавой аб сьценкі куфэрка як кураня аб сьцены яйка.

Зжэр Мікалаюс акрайчык і зайшоўся:

"Чжжжжжыжыыжыыыыжыжыжыжжыжыжыжыжжыжжжжыжжыжжыжжжыжжыж

+жыжжыжжыж!"

І потым, трохі счакаўшы:

"У-ы-у-ы-ы-уууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууу!"

уу

ыы

уууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууууу

І ляціць паравоз на ўсю моц.

Падлога дрыжыць ад пераможнага грукату. Але ж бяда ёсьць адна: не разьбегчыся тут як сьлед.

Мама дзёргае:

- Кінь ты дурня валяць. Рана яшчэ. Вось і брата пабудзіць можаш.

Дзіўныя рэчы ў тым куфэрку. Ніколі ён не бывае пустым, ніколі не бывае. І заўсёды там штосьці ёсьць новае. Ні хера сабе гаечка: медная, незвычайная. Парцалянавы ізалятар, бліскоткая трубка. Разнакаляровыя каменчыкі. А здараецца, кавалак самага звычайнага каменнага вугля. І дае яго бацька Мікалаюса:

- На табе, Мікалаюс, цацачку!

У Мікалаюса амаль што сьлёзы: цацачка знайшлася. ЫЫЫЫЫЫ! Ца-цачка, ца-цачка, ца-ца-цацачка! Дый гэтых цацачак каля дэпо колькі заўгодна.

- Глядзі, лепей глядзі, тады і ўбачыш.

Глядзі, убачыш. Гляджу. І праўда, нешта ў гэтым каменчыку ёсьць. Нібыта цэлая галінка выразаная: сьцябло, лісточкі маленькія. Веерам раскінуліся, ПРЫГАЖУНЧЫКІ ВЫ МАЕ МАЛЕНЬКІЯ. Прыгажунчыкі.

- А хто маляваў? - пытраецца Мікалаюс.

- Ніхто. Мама-прырода.

- Не хлусі. Тожа мне, памочнік машыніста. Жарцікі ўсё, жартачкі.

Мікалаюс папракае бацьку.

Бацька пачынае распавядаць. Камень гэты дрэвам быў, даўно, тысячу год таму. Дрэва зялёнае. Дрэва зялёнае і раскідзістае. Дрэва зялёнае, раскідзістае і зь лісьцікамі зялёнымі. А тут гром грыміць, навальніца, і дрэвы ўсе валяцца. Зваліцца - і трындзец. І гніюць сабе тыя дрэвы пад зямлёй.

А потым камень. Цяжкі, халодны. Камень у мяне на сэрцы. І адбіткі гэтага лісьця зялёнага ў закамянелым дрэве. Захоўваюцца тысячы год у закамянелым дрэве. А часам зьвярушкі сустракаюцца. Вось адсюль і пачынаецца гісторыя.

(пераклад з ангельскай, псэўдангельскай і інш. Ганны Кісьліцынай)

 

Безумоўна, усім нам цікавы далейшы цяг джойсавага твору. Як распавяла нам сп. Кісьліцына, першы ў сьвеце чалавек, які здолеў амаль цалкам прачытаць гэты раман, падзеі ў "Згадках Фінэгана" разгортваюцца наступным чынам.

Раман ёсьць адлюстраваньнем шляху станаўленьня асобы маладога героя Джойса Мікалаюса Дызэля - своеасаблівага спадкаемцы Стывэна Дэдала. Ягоны бацька - зацяты ірляндзкі сэпаратыст, а дзед яшчэ захоўвае да пэўнага часу толіку даверу да каралевы Вікторыі, якая ўзнагародзіла яго двума мэдалямі за ўдзел у Крымскай кампаніі супраць Расеі.

Дзяцінства Мікалаюса зьвязанае з асэнсаваньнем сваёй ролі ў рэпрэсіўным грамадзтве, збудаваным на аскарузлых кансэрватыўных каштоўнасьцях; асэнсаваньня, якое прывяло да адрачэньня ад гэтага грамадзтва. Юнака вабяць не атрыбуты патрыярхальнага жыцьця Ірляндыі на зломе стагодзьдзяў, а прыкметы новай тэхнакратычнай эры, увасобленай у рамане дзякуючы ёмістаму сымбалю паравоза. У сваіх лірычных інтэнцыях герой нават часам напоўніцу атаесаемляе сябе з гэтым знакавым для ўсяго цывілізацыйнага працэсу агрэгатам.

Ад рэдакцыі.

Безумоўна, шлях жыцьцёвага станаўленьня маладога чалавека з рабочай сям'і - тэма даволі цікавая, хаця і не зусім новая для беларускага чытача. Але нельга абмінуць увагай той факт, што за тры гады да выйсьця "Згадак", у 1936 г., усе падзеі, апісаныя ў гэтым рамане, ужо былі адлюстраваныя ў адной кнізе. І пільны чытач, відаць, даўно здагадаўся, у якой менавіта.

Пэўна, адсюль і незвычайная мова Джойса, якая літаральна пярэсьціла нэалягізмамі. Бо інакш дзіўнае падабенства паміж двума раманамі было б заўважанае не ў 2000 годзе, а нашмат раней.

Зрэшты, і ў мінулыя гады дасьледнікі пра тое-сёе здагадваліся. Напэўна, толькі "неканвэртаванасьць" беларускай літаратуры ў сусьветным культурным кантэксьце выратавала сьвет ад яшчэ аднаго вялікага літаратурнага скандалу.

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   



nihil