ГІ ДЭБОР

 

 ДАСКАНАЛАЕ АДАСАБЛЕНЬНЕ

 

Цяпер, несумнеўна, перавага аддаецца знаку перад азначаным, копіі перад арыгіналам, выяве перад рэчаіснасьцю, выгляду перад існасьцю… мана ўшаноўваецца як сьвятыня —праўда ўважаецца за ганьбу. І сьвятарнасьці тым болей, чым меней праўды і больш маны, таму найвялікшая мана стаецца найвялікшай сьвятыняй.

Фоербах. Прадмова да другога выданьня "Існасьці хрысьціянства"

 

1.

У грамадзтвах, дзе пераважае навачасны спосаб вытворчасьці, жыцьцё спрэс зьяўляецца велізарным нагрувашчаньнем відовішчаў. Усё, што раней проста пражывалася, цяпер выстаўляецца напаказ.

 

2.

Уявы, адарваныя ад усякіх праяваў жыцьця, зьліваюцца ўв агульную плынь, дзе ўжо нельга ўзнавіць цэласьць гэтага жыцьця. Рэчаіснасьць, разгляданая па частках, ува ўсёй сваёй суцэльнасьці разгортваецца ў асобны зданьнёвы сьвет, аб'ект простага сузіраньня. Раздрабненьне ўяваў сьвету вершыцца паўстаньнем сьвету самастойнай уявы, дзе хлус схлусіў самому сабе. Відовішча ж наагул, як сапраўдны перакрут жыцьця - гэта самастойнае рушэньне нежыцьця.

 

3.

Відовішча адначасова зьяўляецца ўсім грамадзтвам, ягонай часткай і сродкам дасягненьня аднастайнасьці. Відовішча як частка грамадзтва - гэта асобны ягоны сэктар, на якім засяроджана ўсё ўгляданьне і ўсьведамленьне. Ужо праз сваю асобнасьць гэты сэктар робіцца агульнай падставай падману зроку і аблуды сьвядомасьці, а дасягнутая ім аднастайнасьць - нішто іншае як афіцыйная мова ўсеагульнага адасабленьня.

 

4.

Відовішча - ня збор уяваў, але ўзаеміны людзей, апасродкаваныя ўявамі.

 

5.

Відовішча нельга разумець як скажэньне відочнага сьвету, як вынік тэхнікі масавага памнажэньня ўяваў. Гэта хутчэй урэчаісьнены, унаяўлены, выяўлены матэрыяльна абраз сьвету (Weltanschauung). Гэта сьветагляд, які стаўся сьветам.

 

6.

Відовішча ў сваёй суцэльнасьці - гэта адначасова і вынік, і мэта наяўнага спосабу вытворчасьці. Гэта не давесак да рэчаіснага сьвету і не яго дадатковая аздоба. Відовішча - гэта сэрца нерэчаіснасьці рэчаіснага грамадзтва. Ува ўсіх сваіх формах, такіх як інфармацыя ці прапаганда, рэкляма ці простае спажываньне забаваў, відовішча - гэта наяўная мадэль паноўнага ладу грамадзкага жыцьця. Гэта ўсюдыпрысутнае пацьверджаньне выбару, ужо зробленага цягам вытворчасьці і наступнага спажываньня вырабаў. Як форма, так і зьмест відовішча зьяўляюцца поўным апраўданьнем існай сыстэмы і ейных мэтаў. Відовішча - гэта яшчэ і заўсёдная прысутнасьць апраўданьня, паколькі яно займае блізу ўвесь час, што пражываецца вонках навачаснай вытворчасьці.

 

7.

Адасабленьне - неад'емная частка адзінства сьвету, частка глябальнага грамадзкага чыну, расьцятага на рэчаіснасьць і ўяву. Грамадзкае жыцьцё, у супрацьстаўленьні да якога існуе самастойнае відовішча, - гэта адначасова і тая рэчаісная цэласьць, што зьмяшчае відовішча ў сабе. Але росьцін усярэдзіне гэтай цэласьці зьмяняе яе нагэтулькі, што расьцятасьць выяўляецца ўжо мэтай яе існаваньня. Мова відовішча складаецца са знакаў паноўнай вытворчасьці, якія ў той самы час і зьяўляюцца канчатковай мэтай гэтай вытворчасьці.

 

8.

Нельга адцягнена супрацьстаўляць відовішча чыннай грамадзкай дзейнасьці: падставай гэткага падзелу ёсьць адно гэты самы падзел. Відовішча, што перакручвае рэчаіснасьць, насамрэч зьяўляецца вырабам. Сузіраньне відовішча пранікае ў перажываную рэчаіснасьць, якая, засвойваючы відовішчавы лад, робіць яго адзінаісным. Аб'ектыўная рэчаіснасьць прысутнічае абапал. Усякі сэнс такім чынам толькі абарочваецца сваёй супрацьлегласьцю: рэчаіснасьць адбываецца ў відовішчы, а відовішча - гэта рэчаіснасьць. Гэткае зваротнае адчужэньне - існасьць і апірышча цяперашняга грамадзтва.

 

9.

Праўда ў дашчэнту пераніцаваным сьвеце - толькі адно з абліччаў маны.

 

10.

Паймо відовішча задзіночвае і тлумачыць вялікую разнастайнасьць наяўных зьяваў. Разнастайнасьць і адрознасьць - праявы сацыяльна арганізаванай явы, сама сапраўднасьць якой павінна спраўджвацца. Відовішча, зь ягонага ўласнага гледзішча, - і ёсьць гэтае спраўджаньне зьявы, спраўджаньне ўсяго чалавечага жыцьця, то бок жыцьця грамадзкага - як простай зьявы. Але, спасьцігаючы праўду відовішча, крытычны погляд выкрывае яго як віднае адмаўленьне жыцьця, як адмаўленьне жыцьця, якое сталася відным.

 

11.

Каб апісаць відовішча, яго ўтварэньне, дзеяньне і сілы, скіраваныя на яго разбурэньне, неабходна штучна разрозьніць пэўныя непадзельныя складнікі. Падчас разгляду відовішча гаворка ў нейкай меры ідзе на мове самой відовішчавасьці, у тым сэнсе, што рух адбываецца праз мэтадалягічны абсяг таго самага грамадзтва, што выяўляецца ў відовішчы. Але відовішча - гэта нішто іншае, як сэнс усёй дзейнасьці грамадзка-эканамічнай фармацыі, яе спосаб бавіць час. Гэта рух гісторыі, у які мы патрапілі.

 

12.

Відовішча ўдае на нешта звышстаноўчае, неаспрэчнае і недасяжнае. Яно сьцьвярджае адно: "Усё, што зьяўляецца, - добра, усё, што добра, - зьяўляецца". Стаўленьне, якога яно вымагае, - гэта прынцыпова пасыўнае прыманьне, фактычна ўжо забясьпечанае ягоным спосабам без-адказнага зьяўленьня, ягонай манаполіяй на зьяву.

 

13.

Падставовая таўталягічнасьць відовішча вынікае папросту з таго, што ягоныя мэты зьяўляюцца адначасова ягонымі сродкамі. Сонца відовішча ніколі не заходзіць над валадарствам навачаснай пасыўнасьці. Яно ахінае ўсю паверхню сусьвету і бясконца купаецца ў промнях уласнае славы.

 

14.

Грамадзтва, угрунтаванае ў навачаснай прамысловасьці, зьяўляецца не выпадкова ці павярхоўна, але падставова відовішчавым. У відовішчы, у гэтай уяве паноўнага эканамічнага ладу, вынік - нішто, разьвіцьцё - усё. Мэтай відовішча ёсьць толькі яно само.

 

15.

Як неабходная аздоба ўсіх сёньняшніх вырабаў, як агульны выклад рацыянальнасьці сыстэмы, як перадавы сэктар эканомікі, што наўпрост вызначае абрысы ўсё большай безьлічы ўяваў-рэчаў, відовішча - гэта асноўная прадукцыя сёньняшняга грамадзтва.

 

16.

Відовішча падпарадкоўвае сабе людзей да той самай мяжы, да якой іх ужо бязьмежна падпарадкавала эканоміка. Гэта ня больш як самамэтнае эканамічнае разьвіцьцё. Гэта праўдзівае зьлюстраваньне вытворчасьці рэчаў і ўдаваньне аб'ектыўнасьці вытворцаў.

 

17.

Першая ступень панаваньня эканомікі над грамадзкім жыцьцём штурхнула вызначэньне ўсякай чалавечай рэалізацыі да падзеньня быцьця ў іманьне. Цяперашняя ступень суцэльнага захопу грамадзкага жыцьця назапашанымі вынікамі эканамічнае дзейнасьці вядзе да ўсеагульнага спаўзаньня йманьня ў зьяўленьне, зь якога ўсякае сапраўднае іманьне павінна сіляць свой беспасярэдні прэстыж і канчатковую функцыю. Прыгэтым усякая індывідуальная рэчаіснасьць ператварылася ў рэчаіснасьць грамадзкую, наўпрост абмежаваную грамадзкай уладай і залежную ад яе. Ёй дазволена зьяўляцца акурат нагэтулькі, наколькі яе няма.

 

18.

Калі звычайныя ўявы падмяняюць рэчаісны сьвет, яны набываюць рэчаіснае існаваньне і стаюцца рухальнай сілай гіпнатычных паводзінаў. Змушаючы бачыць сьвет праз пасярэдніцтва розных адмысловых сродкаў (а наўпрост успрымацца ён больш ня можа), відовішча натуральным чынам прызначае зрок найбольш упрывілеяваным з чалавечых пачуцьцяў, якім для іншых эпохаў быў дотык; гэтае найадцягненае, найтаямнічае пачуцьцё адпавядае ўсеагульнай адцягненасьці сёньняшняга грамадзтва. Але відовішча ня тоесна простаму ўгляданьню, нават спалучанаму з услухоўваньнем. Гэта тое, што ўнікае чалавечага ўплыву, тое, што ўнікае перагляду і выпраўленьня чалавечай працай. Яно супрацьлеглае дыялёгу. Паўсюль, дзе паказ здабывае незалежнасьць, відовішча займаецца самаўзнаўленьнем.

 

19.

Відовішча ўспадкоўвае ўсе слабіны заходняга філязафічнага праекту, нацэленага на асэнсаваньне чыну ў межах катэгорыяў бачаньня; нават больш за тое, яно грунтуецца ў няспынным пашырэньні чыста тэхнічнай рацыянальнасьці, што вырастае з гэтага мысьленьня. Відовішча не рэчаісьніць філязофію, яно філязофіць рэчаіснасьць. Жыцьцё кожнага канкрэтнага чалавека было зрынута ў розумувідочны сусьвет.

 

20.

Сама філязофія, як улада адасобленага мысьленьня й мысьленьне адасобленай улады, ніколі ня здолела б заняць месца тэалёгіі. Відовішча - гэта матэрыяльная ўзбудова рэлігійнай маны. Відовішчавая тэхналёгія не разьвеяла тыя рэлігійныя хмары, куды людзі зьмясьцілі ўласную ўладу, адвязаную ад сябе; відовішча адно прывязала яе да зямнога грунту. Найзвычайнае зямное жыцьцё такім чынам стаецца змрочным і душным. Яно ўжо не імкнецца ў нябёсы, але песьціць у сабе поўнае самаадмаўленьне, свой уласны зданьнёвы вырай. Відовішча - гэта тэхнічнае ўрэчаісьненьне выгнаньня чалавечай улады па-за сьвет; гэта адасабленьне, зьдзейсьненае ў нутры чалавека.

 

21.

Наколькі неабходнасьць мроіцца грамадзтву, нагэтулькі мроі стаюцца неабходнасьцю. Відовішча - жахлівы сон зьняволенага навачаснага грамадзтва, якое ў рэшце рэшт выяўляе толькі адно - жаданьне сьніць. Відовішча вартуе сон.

 

22.

Тое, што дзейсная ўлада навачаснага грамадзтва, адасобіўшыся, збудавала незалежнае валадарства ў відовішчы, можа тлумачыцца толькі тым, што яна не адзіная і самасупярэчная дзейсная ўлада.

 

23.

Карані відовішча сягаюць у найстарэйшы з усіх падзелаў - падзел улады. Адсюль відовішча - гэта выдзелены род дзейнасьці, што прамаўляе за ўсіх засталых. Гэта дыпляматычнае прадстаўніцтва гіерархічнага грамадзтва ў самім сабе, дзе ўсякае іншае самапрадстаўленьне забаронена. Найноўшае тут - адначасна і найстарадаўняе.

 

24.

Відовішча - гэта няспыннае маўленьне існага ладу пра самога сябе, яго маналягічнае самаўсхваленьне. Відовішча - гэта аўтапартрэт улады эпохі таталітарага справаваньня ўмовамі існаваньня. Бачнасьць фэтышысцкіх, чыста рэчавых відовішчавых дачыненьняў утойвае іх міжасабовасьць і міжклясавасьць: другая натура зь яе неўнікнёнымі законам нібыта пануе ў нашым асяродзьдзі. Але відовішча не зьяўляецца неабходным вынікам зданьнёва натуральнага тэхнічнага разьвіцьця. Наадварот: грамадзтва відовішча - гэта форма, якая сама абірае свой тэхнічны зьмест. Калі відовішча, узятае ў вузкім сэнсе "mass media", яго найбольш яскравай і павярхоўнай праявы, нібыта пранікае ў грамадзтва ў выглядзе простага абсталяваньня, дык гэта далёка не нэўтральнае абсталяваньне, але акурат той неабходны сродак, выдатна прыстасаваны для яго суцэльнага самарушэньня. Калі грамадзкія патрэбы эпохі, у межах якой разьвіваецца гэткая тэхніка, могуць задавальняцца толькі празь яе пасярэдніцтва, калі кіраваньне грамадзтвам і ўсе ўзаеміны людзей ужо ня могуць адбывацца без пасярэдніцтва гэтай улады імгненных зносінаў, дык гэта таму, што гэтыя "зносіны" па сутнасьці аднабаковыя. Засяроджаньне гэткіх "зносінаў" такім чынам назапашвае ў руках кіраўніцтва існай сыстэмы сродкі захаваньня акурат таго самага кіраўніцтва. Усеагульны відовішчавы распадзел неад'емны ад навачаснай Дзяржавы, той агульнай формы распадзелу ў грамадзтве, што паўстала ў выніку падзелу грамадзкай працы як прылада клясавага панаваньня.

 

25.

Адасабленьне - альфа і омэга відовішча. З устанаваньня грамадзкага падзелу працы і ўтварэньня клясаў паўстала першае ўсьвячэньне сузіраньня, той мітавы строй, у які ад самага пачатку ўбіраецца ўсякая ўлада. Усьвечанасьць сталася апраўданьнем сьветнага й быцьцёвага ладу, адпаведнага выгодам паноў; яна патлумачыла і прыўкрасіла чыннасьць, немагчымую для грамады. Такім чынам уся адасобленая ўлада ўжо ад пачатку была відовішчавай, але ўсеагульная адданасьць гэтай нерухомай уяве азначала толькі агульную згоду на ўяўнае захаваньне нішчымніцы рэчаіснай грамадзкай дзейнасьці, што ўсё яшчэ адчувалася бальшынёй як адзіная ўмова існаваньня. Навачаснае відовішча, наадварот, выяўляе магчымую для грамадзтва чыннасьць, але магчымае ў гэтай выяве цалкам адваротнае дазволенаму. Відовішча зьберагае несьвядомасьць цягам сапраўднага зьмяненьня ўмоваў існаваньня. Яно стварае сябе само і ўсталёўвае ўласныя законы: зусім як сьвятарнае быцьцё. Яно паказвае сябе такім як ёсьць: адасобленая ўлада, чыё самамэтнае разьвіцьцё грунтуецца ў павелічэньне вырабленьня празь няспыннае дасканаленьне падзелу працы ў кірунку ўсё большага раздрабненьня рухаў цела і іх наступнага падпарадкаваньня незалежнаму рушэньню машынаў дзеля далейшага пашырэньня рынку. Усякая лучнасьць, усякае крытычнае ўспрыманьне рашчыняюцца ў гэтай плыні, хаця задзіночаньне сілаў, сілкаваных адасабленьнем, яшчэ не адбылося.

 

26.

З усеагульным адасабленьнем работніка ад вынікаў ягонай працы страчваецца ўсякая магчымасьць адзінага бачаньня зробленай працы і наўпростых зносінаў спаміж вытворцаў. Разам з паступовым назапашаньнем адасобленых вырабаў і засяроджаньнем цягу вытворчасьці адзінства і зносіны стаюцца прывілеем кіраўніцтва сыстэмы. Зь перамогі эканамічнай сыстэмы адасабленьня вынікае пралетарызацыя сьвету.

 

27.

Дзякуючы перамозе адасобленай вытворчасьці як вытворчасьці адасобленага падставовы досьвед, зьвязаны ў першабытных грамадах з выкананьнем галоўнага жыцьцёвага прызначэньня, на хвалі разьвіцьця сыстэмы пакрысе ссоўваецца ў непрацоўны час, бязьдзейнасьць. Але гэтая бязьдзейнасьць ніяк не вызваляецца ад вытворчай дзейнасьці: яна залежыць ад яе ды, не зважаючы на цяжкасьці, захоплена падпарадкоўваецца патрабаваньням і вынікам вытворчасьці; сама бязьдзейнасьць - гэта выраб вытворчай рацыянальнасьці. Свабоды няма бязь дзейнасьці, а ніякай дзейнасьці ў межах відовішча няма, бо ўсю рэчаісную дзейнасьць ужо паглынула складаньне гэтага выніковага стану. Таму цяперашняя "свабода ад працы", павелічэньне вольнага часу - гэта ні ў якім разе ані свабода ў працы, ані свабода ад створанага гэтай працай сьвету. Ад падпарадкаваньня вынікам працы ніводнае дзеяньне, змарнаванае ў ёй, ня вернецца.

 

28.

Угрунтаваная ў замкнёнасьці эканамічная сыстэма - гэта колазваротная вытворчасьць замкнёнасьці. Замыканьне ёсьць аснова тэхналёгіі і вынік тэхналягічнага працэсу. Усе рэчы, асабліва вылучаныя відовішчавай сыстэмай, ад тэлевізара да аўто, зьяўляюцца адначасова зброяй сталага ўзмацненьня замкнёнасьці "самотных натоўпаў". Відовішча ўвесь час напаўняе ўласныя цьверджаньні ўсё больш пэўным зьместам.

 

29.

Відовішча паходзіць са страты адзінства сьвету, і велізарнае пашырэньне навачаснага відовішча выяўляе суцэльнасьць гэтай страты: адцягненасьць усёй адмысловай працы й агульная адцягненасьць усёй вытворчасьці дасканала перадаюцца відовішчам, адцягненасьць якога і ёсьць яго спосаб наяўнасьці. У відовішчы ўсяму сьвету прад'яўляецца адна частка сьвету, вышэйшая за яго. Відовішча - усяго толькі супольная мова гэтага адасабленьня. Гледачоў злучае толькі іх аднабаковае стаўленьне да цэнтру, якое ўмацоўвае іх замкнёнасьць. Відовішча ўзьядноўвае адасобленых, але ўзьядноўвае іх адасобленымі.

 

30.

Адчужэньне гледача на карысьць сузіранага аб’екту (які насамрэч ёсьць толькі вынік ягонай уласнай несьвядомай дзейнасьці), выяўляецца наступным чынам: чым больш ён сузірае, тым менш жыве, чым больш ён засвойвае паноўныя ўявы патрэбаў, тым менш разумее ўласнае існаваньне і свае жаданьні. Вонкавасьць відовішча ў дачыненьні да чыннага чалавека выяўляецца ў тым, што ягоныя ўласныя ўчынкі належаць ужо не яму, а некаму іншаму, які іх яму прад'яўляе. Глядач нідзе не пачуваецца ў сваёй хаце, бо відовішча паўсюль.

 

31.

Работнік не вырабляе сябе: ён вырабляе незалежную ўладу. Посьпех гэтай вытворчасьці, яе збытак, вяртаюцца да вытворцы ў выглядзе збытку зьняўласьненьня. З назапашаньнем адчужаных вынікаў ягонай працы ўвесь час і ўся прастора ягонага сьвету ператвараюцца для яго ў замежжа. Відовішча - мапа ягонага новага сьвету, мапа, што цалкам пакрывае ўсю яго тэрыторыю. Наша страчаная ўлада цяпер паказвае нам усю сваю магуту.

 

32.

Відовішча ў межах грамадзтва адпавядае пэўнаму заводу па вытворчасьці адчужэньня. Эканамічны рост - гэта рост перадусім гэтай галіны прамысловай вытворчасьці. Пры самамэтным росьце эканомікі ўзрастае адно тое самае адчужэньне, да якога сягаюць яе карані.

 

33.

Адасоблены ад вынікаў сваёй працы, чалавек сам вырабляе ўсе драбніцы свайго сьвету з усё большым і большым запалам, апынаючыся ў выніку ў сьвеце, усё больш і больш ад яго адасобленым. І чым больш ягонае жыцьцё вырабляецца ім самім, тым больш ягонага жыцьця адасабляецца ад яго.

 

34.

Відовішча - гэта капітал на той ступені назапашаньня, калі ён стаецца ўявай.

 

Пераклад з ангельскай Тацяны Сьлінкі

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil