АДАМ ГЛЁБУС

ЗАНАТОЎКІ ВУАЕРЫСТА

Галава баксёра на амаль двумэтровым целе, плечы грузчыка, вочы, ясныя, як у сыбірскага ваўка — гэта толькі некалькі адметных рысаў Ірыны, маладой паненкі з Бабруйска, якая прысела за мой столік у кавярні Дома Літаратара. У той момант я яшчэ ня ведаў, як яе зваць і адкуль яна родам, але паненка хутка сама дапамагла ўсё гэта высьветліць, пасьля чаго распавяла мне наступную гісторыю, за праўдзівасьць якой я не магу паручыцца.

“У цягніку мы ўсю дарогу бухалі. Піва накацілі разьліўнога, а пасьля яшчэ “Яхімаўскага” ўзялі два флянцы. Калі даехалі да вакзалу, чувак з майго вагону — адзіны, хто ня быў жаўнерам з “стройбату” — сказаў, што так лёгка мы не разьвітаемся і што шкада б было такога шматабяцальнага знаёмства. Таму ён запрасіў мяне схадзіць у адзін кабак. “Казачок” — так называлася тое месца. Бар для літаратараў і ўвогуле. Сядзелі там пісьменьнікі і жэрлі горы чыпсаў. І быў сярод іх адзін такі, Славамір Адамовіч — вытанчаны, у прыгожым зялёным гальштуку. Ён адразу як вылупіцца на мяне, лыпаючы павекамі. Бо Славамір Адамовіч — гэта такі жарабец, што ніводнай не прапусьціць, а пасьля піша кніжкі пра ўсіх тых шалавак. Падумала сабе: “Калі зь ім перасплю, дык можа і пра мяне чаго ў кніжцы напіша, у гісторыю беларускай літаратуры патраплю”. Гэта мяне прыкалола.

Выпіла сотку “Стралецкай” для куражу і вырашыла падыйсьці да літаратурнага мэтра.

— Ці маглі б вы са мной пераспаць? — спыталася я, прывітаўшыся зь ім.

— Можа, спачатку кілішак, а? — адказаў ён празь якое імгненьне.

Словам, чувак зьліваў.

Схапіла яго за зялёны гальштук, моцна пацягнула, правай нагой прытаптала ягоную левую і запытала, што ён мае супраць мяне.

— Але ж не, выбачайце, — ветліва адказаў белы як крэйда Адамовіч. — Вы проста ачаравальная.

— Тады няма праблемаў, хадзем.

Падняла яго і дапамагла перайсьці прыступкі — так, што ён нават не дакрануўся да іх нагамі. Ну, і панесла яго да бліжэйшага гатэлю. А тут раптам — што за няпруха! — не заўважыла сабачага гаўна непадалёк ад крамы “Акіян”. Ляснулася, аб асфальт падрапала руку. Славамір Адамовіч таксама ляснуўся, бо ягонага гальштука я не выпускала. Адамовіча занепакоіў выгляд яго гарнітара, які моцна пацярпеў, але паводзіў ён сябе як джэнтэльмэн, асабліва калі неўзабаве яму давялося доўга тлумачыць майму прыяцелю зь цягніка, што не зьбіраўся мяне гвалтаваць.

Як толькі ён стаў на асфальт і зрабіў першы крок, я на хвілю выпусьціла яго гальштук, і Адамовіч, узмахнуўшы рукамі як тапелец, высьлізнуў да першай вольнай таксоўкі.

Паварушыла капытамі і пасьпела ўскочыць за ім у машыну.

— Едзем да цябе, ці да гатэлю?

Схапіла яго за гальштук і пацягнула.

— Нажаль, я жыву не адзін, а на пакой у гатэлі ў мяне, нажаль, няма грошай.

— Тады вазьмі мяне на лаўцы.

— Я не магу так адразу, спадарыня, я занадта аслабеў. Я павінен дбаць пра гарнітур.

Расплакаўся як дзіця.

— Ня сцы, пацан, піўка табе пастаўлю.

Мы пайшлі да іншай літарацкай кавярні “Тры саскі”. Славамір Адамовіч, трэба сказаць, выглядаў ня лепшым чынам. Аж так, што яго знаёмыя з “трох Саскоў” занепакоіліся, я чула шэпт ззаду: “Яшчэ адна бядачка, што за спакусьнік! Пэўна, працуе над новай кніжкай. Задужа працуе. Паглядзеце на ягоны твар. Страх глядзець.”

Ужо зачынялі, калі раптам да мяне прыйшла ідэя:

— А можа, паехалі ў Бабруйск? Па дарозе трахнеш мяне ў цягніку.

— Я б зь вялікім задавальненьнем, але, калі ласка, гаварыце цішэй, бо зараз Акудовіч пачуе. Акрамя таго, шкада мне, але гэта немагчыма, бо назаўтра я ўмовіўся папіць кавы з рэдактарам “Полымя”.

— Можам пайсьці да сральні на праспэкце.

— Гэта так нерамантычна, гэта адразу выклікае агіду...

— Так, нешта мне здаецца, што ты ня хочаш узяць мяне ў сваю кніжку!

Хіба занадта было з тым гальштукам. Пачаў душыцца, і калі ўжо хацела яго пацалаваць зь язычком, проста нарыгаў мне ў рот.

— Відаць, насамрэч ты перапрацаваў.

— Пусьці мой гальштук, — заенчыў ён.

...Ну, і хочаце верце, а хочаце не, дамаглася я свайго. Да самай раніцы бзыкаліся мы ў кватэры маёй сяброўкі.

— Дык напіша пра вас у сваёй наступнай кніжцы?

Ірына выцягнула з торбачкі пару аркушоў рукапісу.

— У мяне ёсьць чарнавік. Апісвае ў ім вычварным стылем, як брутальна паймеў мяне ў браме.

— І праз увесь час свайго знаёмства вы тузалі яго за гальштук? Ці ж ідучы да ложка Адам Глёбус не здымае гальштука?

— Не, здымае, але я пасьпела схапіць яго за першую рэч, што трапіла мне пад руку.

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil