РЫГОР ІЗМАРЦЭВІЧ

 

ЦЯЖКІ ШЛЯХ ВЯРТАНЬНЯ

Часопіс "nihil" — першае зь беларускіх выданьняў, якое атрымала доступ да нядаўна знойдзенага твора Якуба Коласа. Нажаль, культурнае жыцьцё нашае вельмі цяжка назваць багатым на падзеі. Хаця штось адметнае і выключнае раз-пораз здараецца і на Беларусі. Мяркуючы па ўсім, статус сапраўднай падзеі году, падзеі без аніякае нацяжкі, атрымае адкрыцьцё новага, раней невядомага, твору найвыдатнейшага клясыка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Здавалася б, у вывучэньні спадчыны Дзядзькі Якуба ўжо даўно пастаўленыя ўсе кропкі над "і". Колькасьць гэтых самых кропак, як, зрэшты, і іншых знакаў прыпынку ў творах Коласа даўна падлічаная шіматлікімі коласазнаўцамі, і пасьля працяглых дыскусій у гэтым пытаньні быў нарэшце дасягнуты кансэнсус. Але... Як высьветлілася, спрэчных пытаньняў адносна творчасьці песьняра таксама пакуль што не бракуе. І менавіта знойдзены твор пралье, як можна спадзявацца, на некаторыя зь іх сьвятло праўды.

Цікавы і шлях, якім тэкст Якуба Коласа патрапіў да чытача. Рэч у тым, што навукоўцы ўжо даўно ведалі, альбо, прынамсі, падазраваалі пра ягонае існаваньне, але азнаёміцца са зьместам гэтага твора раней аніяк не выпадала. І на тое былі сур`ёзныя прычыны. Ня варта траціць шмат словаў дзеля таго, каб вытлумачыць, якой трагедыяй сталася для нашага краю апошняя сусьветная вайна. Уся тэрыторыя Беларусі была акупаваная нямецка-фашыстоўскімі захопнікамі. Пад пагрозай тады апынулася захаваньне ня толькі матэрыяльных, але і гісторыка-культурных каштоўнасьцяў нашага народа. Гэта разумелі і ў абкружаным Віцебску, дзе перахоўваўся патаемны архіў клясыка. І калі вораг ужо ўваходзіў у горад, была зробленая апошняя, бадай адчайная спроба захаваць здабыткі нашай культуры ад чужынцаў. Чатыром супрацоўнікам з адмысловага аддзела НКВД было загадана праглынуць найбольш каштоўныя дакумэнты з архіву, абгорнутыя ў знакамітыя слуцкія паясы. Лёс трох афіцэраў, нажаль, згубіўся на дарогах вайны. І, трэба думаць, яны зьнеслі сваю таямніцу ў магілу, прычым у прамым, а не ў пераносным сэнсе. У жывых застаўся толькі лейтэнант Ібрагіл Сямёнавіч Дычка. Пасьля вайны ён адразу ж паведаміў аб скарбе ўнутры сябе вышэйшаму начальству. Тады ж у адпаведным ведамстве было прынятае рашэньне здабыць твор Коласа. Але работы ў "энкавэдзістаў" хапала, і таму тэкст заставаўся на сваім месцы. Калі да яго ўрэшце дайшлі рукі, высьветлілася, што апэрацыя, неабходная дзеля таго, каб выцягнуць скрутак вонкі, будзе для Ібраніла Сямёнавіча сьмяротнай. З увагі на тое, што гэты афіцэр добра заракамэндаваў сябе на баявым пасту, ягоным жыцьцём вырашылі не ахвяраваць (Хаця Дычка быў згодны нават на гэта). І таму твор Якуба Коласа стаў здабыткам беларускага літаратуразнаўства толькі цяпер, пасьля сьмерці ягонага носьбіта.

На вялікі жаль, разуменьню нядаўна знойдзенага тэксту моцна шкодзіць той стан, у якім ён патрапіў да нас. Безумоўна, рукапісы не гараць, але... У пярэчаньне некаторым модным цяпер культуралягічным канцэпцыям, нутраныя ворганы Ібрагіла Дычкі не праявілі аніякае цікаўнасьці да твора славутага клясыка. Або, калі й праявілі, дык напэўна залішнюю. І, на вялікі жаль, тэкст Якуба Коласа быў моцна папсаваны страўнікавым сокам шаноўнага вэтэрана. Таму ў ім утварыліся своеасаблівыя лякуны, узнавіць якія зьяўляецца цяпер справай гонару для беларускай навукі. Пакуль жа іх можна запоўніць хіба што пры дапамозе ўласнага ўяўленьня. Тым ня менш, прыводзім тэкст цалкам:

 

іяяяяаля сыкча до пітрубы

пііііа лііа улійія

...і

добу йююююююююў

ійюююююў кыйююююююў

ы ківо дзііі уі

амамі унані літа

пры дуду кало міліта

уркча стука імы рыта

...аіта

нопуру трыво місі

калавіць павіць тавіць равіць

...(адсутнічаюць 4 радкі)

амо дылё каро піё

сіё удо пыо ымо

... (адсутнічаюць 2 радкі)

ыдо рыдо ыы быы

муа каро сыі ыі

... іыа

быро тыр су паро дунуна

...нуна

апро кйоы парама ту

івонаматарукса ю

 

Зрэшты, нягледзячы на тыя відавочныя страты, якія прынес беларускай літаратуры хворы старэчы страўнік Ібрагіла Дычкі, значэньне знаходкі цяжка пераацаніць. Бо агульны настрой тэксту, ягоную эстэтыку цалкам можна зразумець і дзякуючы той частцы твору, якая ўсё ж дайшла да нашчадкаў паэта. І цяпер ужо можна без аніякага сумневу сьцьвярджаць, што вялікі пясьняр Беларусі, клясык нашае літаратуры праявіў сябе найперш менавіта ў эстэтыцы дадаізму.

Ускосныя зьвесткі адносна прыналежнасьці славутага сына беларускага народа да гэтай ультранігілістычнай літаратурнай плыні раз-пораз сустракаліся ў гісторыі літаратуры і дарэвалюцыйнай пэрыёдыцы, але ўсе яны былі напоўніцу праігнараваныя афіцыёзным савецкім коласазнаўствам. Дый і нядзіўна, бо мэтай апошняга было зьляпіць зь вялікага песьняра стодзішча "сялянскага паэта" ў лапцях і з характэрнымі вусікамі (хаця ўжо даўно і досыць пераканаўча было даведзена, што нават яны зьяўляюцца фікцыяй — ад юнацтва і да апошніх дзён жыцьця Дзядзька Якуб чыста галіўся). І менавіта дзякуючы шчыраваньню шматлікіх інтэрпрэтатараў савецкае эпохі знакаміты літаратар пераўтварыўся ў струпехлага дзядка-баравічка, ад вершаў якога шкаляры ды студэнты моршчыліся бы ад паху самай ліпкай зь як быццам бы ўвекавечаных ім рэаліяў вясковага жыцьця.

Але цяпер аргумэнты апошніх апалягетаў заскарузлага прасавецкага літаратуразнаўства адносна таго, быццам бы сваю прыналежнасьць да дадаізму Якуб Колас быў змушаны публічна дэкляраваць ледзьве не пад руляй пісталета небезьвядомага "камісара новага мастацтва" Зьмітрака Бядулі, якога тагачасная крытыка называла "беларускім Марынэці", выглядадаюць папросту непераканаўчымі. У подліннасьці нядаўна знойдзенага тэксту ня можа ўзьнікаць аніякіх сумневаў, і гэта даводзіць не ў апошнюю чаргу толькі што праведзены навуковы аналіз, у якім былі задзейнічаныя найноўшыя кампутарныя тэхналёгіі.

Рэзананс, які зробіць адкрыцьцё ў колах аматараў беларускай літаратуры, прадбачыць няцяжка. Але ня так і проста шмат каму зь іх будзе адмовіцца ад мінулых перакананьняў. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што некаторыя пісьменьнікі-рэалісты будуць адчайна аспрэчваць новыя адкрыцьці. Хаця... Калі прыгледзецца больш пільна да некаторых пасажаў у гісторыі беларускай літаратуры, не такія яны ўжо і новыя. Адносна мастацкіх поглядаў паэта можна знайсьці шмат ускосных сьведчаньняў у газэтах часоў ягонай маладосьці. Так, да прыкладу, легенда беларускага друку "Наша ніва" зьмясьціла ў адным са сваіх нумароў за 1913 год рэпартаж аб імпрэзе з удзелам Якуба Коласа. Паводле інфармацыі гэтага пэрыёдыка, вялікі рэзананс у бялыніцкіх калямастацкіх колах займеў літаратурны вечар паэта і ягонага славутага брата-блізьнюка* Янкі Купалы, арганізаваны віленскім сельскагаспадарчым таварыствам "Саха і молат". Калі на пачатку імпрэзы літаратары выскачылі на імправізаваную сцэну, публіка была шакаваная іхнім выглядам — з вопраткі на целах клясыкаў былі толькі вялізныя саламяныя капелюшы. Схапіўшы адзін аднаго за геніталіі, паэты сталі раўсьці дурнымі галасамі вядомую расейскую народную песьню "Во поле берёза стояла". Гэткім чынам выяўляўся пратэст супраць ініцыяванага палітыкай царскага ўраду павышэньня коштаў на ўгнаеньні.

Але тады ўзьнікае іншае пытаньне — ці можа гэты вобраз нястомнага барацьбіта за новае мастацтва спалучацца з асобай чалавека, які напісаў "Новую зямлю", "На ростанях" і мноства іншых, зусім іншых па характары твораў? Пытаньне, безумоўна, ня з простых. Некаторыя сучасныя дасьледчыкі выказваюць думку, што гэтыя шматстаронкавыя раманы былі створаныя Якубам Коласам дзеля здабыцьця грошай і ў іншых кан`юнктурных мэтах. Але, на нашую думку, ня варта вінаваціць клясыка ў залішняй прыхільнасьці да "жоўтага мэталю". Адказ крыецца зусім у іншым — у той неабсяжнай іроніі, якой, бясспрэчна, валодаў Дзядзька Якуб. І гэтай дасьціпнасьцю ён здолеў падзяліцца з усімі ахвочымі.

 

(*) Што да блізкага сваяцтва гэтых двух клясыкаў беларускае літаратуры, пытаньне гэтае пакуль што да канца ня вырашанае. І адным з канкрэтных крокаў у ягонай разьвязцы мае стаць артыкул нашага аўтара Вінцэся Пагойнага ў адным з наступных нумароў часопіса "nihil" (Заўв. рэдакцыі).

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil