МАРЫЯ БАРАДЗІНА

 

"аднойчы я пасівею"

"агоніі бялява-кіслы смак"

"лясныя духі ў ланцугах зялёных"

таледа. сьмяротны баль

 

"ВЫШЭЙ ЗА ПАЎНОЧНЫ ВЕЦЕР..."

 

***

Аднойчы я пасівею

мой дом па цаглінах расьцягнуць

жабракі без броваў

падобных на крылы сьмерці

 

Над морам

вышэй за паўночны вецер

 

мяккія крокі туману

спалохаюць сьпеў скамянелы

ноч, цяжарная галасамі

нарэшце захоча памерці

 

Над морам

вышэй за паўночны вецер

сьветлы таплец

 

Позна. Ціш набрыняла пагоняй

мой кляштар за мяне

ўсе імёны запомніць

я сыйду, каб нарэшце прачнуцца

Над морам.

 

Вышэй за паўночны вецер

 

 

***

Агоніі бялява-кіслы смак

ў сьлядах падкоў чакае свайго скону

і трызьніць, як кружляе над сабою

вяльможным выгінам далёкіх навалніц

 

мне цесна, душна ў гэтых абцугах

у вязьніцы, аплеценай дрымотным

рапсусным вінаградам, ад якога

згусае у набухлых шнарах стогн

 

павук нацэліўся заплесьці мне касу

адрезаную ў дар майму дзяцінству

у лахманах сунічных загарэлых

шкада, што я не помню кошык кос сваіх

 

сьлязіцца зрэнкай сьлюдзяны пагляд

туману аднавокага і злога

над гэтай багнай, вадкай і бяссоннай

застыла строгай чорнай чапляй ноч

 

 

***

лясныя духі ў ланцугах зялёных

на паясах, сіямскія блізьняты

у песьнях Эвы пра пачатак сьвету

ўлюбёна ўзіраюцца ў мора

 

а сонна-белы, хваліста-малочны

убор ляжыць у тысячным сьвітаньні

надзейна, як у скрынцы. Нечапаны,

цяжкі ад сьлёз пра высьненае мора

 

крыштальны сполах, тыя, хто зацята

паказвае на кодлішча вужакаў

(стан рыцарскі абняўшы ладным шалем)

далоньню у крывападцёках воску —

 

ўсе зьніклі. Праз парэзы ў сьценах

марскі кароль па-змоўніцку сьмяецца

 

 

ТАЛЕДА. СЬМЯРОТНЫ БАЛЬ

 

Таледа

і тое, чаго я ніколі ня ўспомню

сядзіць у мяне на плячы

птушкаю з доўгім пурпурным хвастом

 

мне не патрэбны той дом

які

пачынаецца толькі пад стольлю

 

Галовы

ільвіныя спачувальна ўздыхаюць

скубуць пазалоту

на грывах непаслухмяных сваіх

 

бот гішпанскі

паволі

блакітныя ногі нябёсаў сьціскае

 

калючы пагляд

спадылба карагоду сьвяточнага

аблічча схілёнае —

сам прынц крыві ў вянку з галавешак

 

колькі іх тут, за дзьвюма

сківіцамі вежаў —

масак захмеленых, змрочных

 

Анёле

Такія як ёсьць: безабаронныя.

Хочацца плакаць.

Легендамі вее. Яны ўсё чакаюць герояў

 

Мёртвы цэлы аркестр —

наглытаўся

вясельных пярсьцёнкаў

 

(публікуецца паводле: "Паміж", №1-2001)

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil