АЛЯКСАНДР РАПЕКА

 

4800010101 — КУПЛЯЙЦЕ БЕЛАРУСКАЕ

Мы прызвычаіліся да рэчаў, якія маюць імёны, і гэтаксама мы прызвычаіліся да імёнаў, якія азначаюць рэчы. Імя азначае рэч, рэпрэзэнтуе яе. Імя для нас знак, гук ці графічная выява. Традыцыя заходняй філязофіі звычайна зьмяшчае паміж імём-знакам і рэчамі аб'екты мысьленьня, якія ёсьць буфэрам паміж вонкавым (тым, што ня ёсьць "я") і сярэдзінным сьветам (тым, што ёсць "я). Гэты аб'ект ёсьць своеасаблівы мэнтальны канструкт, які належыць нярэчавай рэчаіснасьці. Ён рэпрэзэнтуе рэч для нашага розуму, уводзіць яе ў наш суб'ектыўны сьвет, здымае супярэчлівасьць паміж зьнешнім-чужым і сярэдзінным-сваім.

Мы лічым, што мова экспрэсыўная і кожнае ейнае слова - экспрэсыўнае, гэта значыць кожнае слова ці сказ - пра нешта. Мова інтэнцыйная. Яе інтэнцыйнасьць звычайна вырашаецца праз ідэю, што слова (ці сказ) зьвязана з пэўнай канцэпцыяй (за выключэньнем хіба што займеньнікаў). Імя прадстаўляе канцэпцыю. Прычым гэтую думку падзяляюць і аналітычная філязофія, і сэміётыка (гл., напрыклад, Сасюра ці Пірса). З гэтай ідэі й пачынаецца размова пра зьмест, а рэч ператвараецца ў паняцьце.

Арыстотэль зрабіў вялікую ласку людзям тым, што вызначыў правілы, па якіх можна хутка й лёгка будаваць катэгорыі - правілы фармальнай логікі. Сёньня мы ня бачым асаблівай таямніцы ў тым, каб надаць рэчы якое-небудзь імя. З часоў Арыстотэля імя рэчы значыць бадай тое ж, што й вызначэньне месца рэчы ў таксаноміі катэгорыяў. Найлепшым прыкладам сувязі паміж створаным імём і таксаноміяй зьяўляецца біялягічная клясыфікацыя, дзе ймя (відавая назва) жывёлы ці расьліны дакладна адлюстроўвае ейнае мейсца ў таксаноміі: род ды відавое адрозненьне - canis canis -лясны воўк. Імя рэчы ёсьць адбітак таго, што розум адрозьнівае яго ад усяго астатняга - выдзяляе сярод навакольнага сьвету. Такім чынам, наданае імя гаворыць аб тым, што мы аддзяляем рэчы ці, згодна з Сасюрам, разьбіваем ды артыкулюем. З аднаго боку, імя зьбірае рэчы ў катэгорыю. З другога - імя вызначае і выдзяляе: калі мы называем імя, яно вызначае катэгорыю, тое месца, якое вольна займаць рэч, і па найменьні мы ведаем гэта месца.

Сабраць і падзяліць патрабуе ад нас фармальная лёгіка, але гэта павінна быць зроблена старанна, без памылак, каб рэч не магла трапіць больш чым у адну катэгорыю. Імя сталася назвай катэгорыі, вызначэньнем канцэпцыі.

Таямнічыя Формы Плятона набылі структуру, але гэта ня надта зьмяніла іхнюю сутнасьць. Калі Плятон лічыў, што рэчы сьвету ёсць адбіткамі ідэальных Формаў, над якімі мы, аднак, ня маем улады, то Арыстотэль навучыў нас будаваць ідэальныя катэгорыі. У той час, як мы ня мелі дакладных сродкаў, якія б дазвалялі ўбачыць Формы па за рэчамі, Арыстотэль даў нам мэтад і ўладу вырашаць, ці можа рэч быць суаднесенай з катэгорыяй.

Тыя правілы лёгікі, якія сфармуляваў Арыстотэль, прыйшліся нагэтулькі даспадобы эўрапейскім філёзафам, што Расэл прапанаваў разглядаць нават уласныя імёны людзей як скарочаныя апісаньні, па якіх мы маглі б вызначыць асобу сярод астатніх. Гэткім чынам уласнае ймя таксама ператваралася (з мэтай уніфікацыі аб'ектаў мысьленьня) у катэгорыю, хаця й драбнейшую.

Імя - гэта метка, штрых-код. Дарэмна мы пужаемся Апакаліпсу. Усё носіць на сабе штрых-код свайго ймя аж з часоў Старажытнай Грэцыі.

Вось ідзе 40 - немец, зроблена ў Нямеччыне. І вам нікуды не падзецца ад таго, што вы немец ці амэрыканец, ці беларус. Усе ведаюць, што такое "немец", што значыць гэтае слова, што зьмяшчае гэтая катэгорыя. Гэтае імя ёсьць вызначэньнем, асабістым кодам, які адразу ставіць чалавека на пэўнае месца сярод засталага сьвету (ну проста як на бутэльцы зь півам, хіба што тэрміна вартасьці няма). Гэтая метка даецца вам пры нараджэньні ды на ўсё жыцьцё. Зьмяняць яе нельга.

Паспрабуйце сказаць, што вы не беларус, а, хай сабе, мэксыканец. Вас абвінавацяць у тысячы грахоў, будуць тыркаць пальцам, казаць пра вашыя сьветлыя валасы, сьмяяцца й лічыць вар'ятам.

Штрых-код свайго імя зьняць нельга. Мэксыканец мусіць нарадзіцца ў Мэксыцы. На ваша ймя вялікія й малыя краіны маюць усе правы, а іхныя жыхары ставяцца як да найвялікшай заваёвы. Калі вы будзеце ўсё адно настойваць, што вы не беларус, а мэксыканец, разумныя людзі ды філёзафы растлумачаць вам, што гэта немагчыма, бо ніводзін зь іх так ня робіць, ды ўвогуле гэта забаронена аксыёмамі лёгікі:

1) рэч мусіць заставацца ідэнтычнай самой сабе і

2) выказваньне можа быць ці то праўдным, ці то няпраўдным, але трэцяга няма. Таму, калі вы беларус, то ўжо аніяк не мэксыканец. А не мэксыканец вы таму, што аніколі ім не былі. А потым вам з гонарам вернуць ваш ранейшы штрых-код. І зноўку вы станецеся беларусам.

Калі вам не даспадобы ймя, якое ёсьць штрых-кодам вашай прыналежнасьці да пэўнае клясы, паспрабуйце даць імя рэчы, напрыклад асадкі, якое б вызначала яе, але пазьбягала акту клясыфікацыі зь яе катэгорыямі ды "per genus et differentiam". Вам застаецца хіба што назваць вашу асадку Джонам Смітам 55. Але гэта ня будзе ейным вызначэньнем, а будзе ўласным імём.

Яшчэ вы можаце пасварыцца з гэтым сьветам ды ўвогуле адмовіцца насіць імя. Вы можаце адмовіцца быць і беларусам, і мэксыканцам (трасца зь ім!), а застацца тым, які пасьміхаецца. Вы можаце адмовіцца ўвогуле насіць хоць нейкая імя - адмовіцца быць чалавекам, каб не супрацьпастаўляць сябе з жывеламі ці расьлінамі. Але аднаго вашага жаданьня будзе мала. Прачнуўшыся зранку, вы зноўку ўбачыце на сабе штрых-код імя. Гэта можа быць "звышмудры" альбо "блазан", але код будзе, і якая вам розьніца, якія лічбы будуць на ім пасьля 48 - зроблена ў Беларусі - ці то беларускі звышмудры, ці то беларускі блазан. Выйсьці за межы - гэта яшчэ ня значыць быць вольным ад межаў. Калі вы не жадаеце знаходзіцца ў каморы сваёй катэгорыі, людзі выдзеляць для вас новую, але не пакінуць бясхатнікам.

Можа гэта і добра, бо сьвет навокал робіцца зразумелым, утульным для нашага розуму, дзе кожная рэч адразу вызначаецца сваім паняцьцем ды штрых-кодам свайго імя. Для кожнай рэчы адведзена месца ў таксаноміі, якая будуецца лёгка й хутка. Тое, што вы беларус, прадстаўляе вас. Быць беларусам - адпавядаць канцэпцыі беларуса. Дзень добры, беларус. Наша канцэпцыя вітае вашую.

Больш за тое, сьвет робіцца ня толькі зразумелым, але й стабільным. Клясычная лёгіка гарантуе нам права (своеасаблівае libertum rationale) называть рэч той самай. Падзяляючы, мы набываем сабе права лічыць рэчы падобнымі, падобнымі ў тым, што яны належаць да адной каморкі-катэгорыі. Чалавек заўсёды чалавек, беларус заўсёды ёсць беларус. Х'юм увёў гэтую мару стабільнасьці ажно ў свой знакаміты прынцып уніфарматнасці прыроды.

Мы можам весьці размову пра онталёгію, а можам і адмаўляць яе, як Дэрыда, але гэта не зьмяняе агульнага малюнку, таму што размовы пра онталёгію датычаць праблемы рэферэнта, які ўключаецца ў імя, гэта значыць таго, што там, у сьвете, адпавядае нашай канцэпцыі. Ці баліць вам ад таго, што ўласна ляжыць у аснове немагчымасьці назваць сябе мэксыканцам: ці то асэнсаваны вопыт быцьця, ці то сэнсара-маторныя функцыі, ці то сама рэчаіснасьць як яна ёсьць.

Імя, зьвязанае з канцэпцыяй, робіць мову абмежаванай. Абмежаванай той таксаноміяй катэгорый, якая існуе на дадзены момант. Гэтыя межы называюць культурай. Мы можам лічыць гэтыя межы непахіснымі (клясычны варыянт) ці гістарычнымі, ці функцыяняльна абумоўленымі, але я ня бачу ў руцэ з прыстасаваньнем, якое ставіць налепкі, Культуры, як нечага звышкаштоўнага, набыткам чаго трэба ганарыцца. Дэканструкцыя - сон. Калі я чую пра дэканструкцыю, я бачу лічбы. 48 - беларуская дэканструкцыя. Межам усе роўна, бачыце вы іх ці не.

Над розумам пануе Схема.

Адно мэтафара супрацьстаіць схеме, як шляху мысьленьня. Таму яе так старанна гоняць з навукі й таксама спрабуюць хоць неяк заклікаць да парадку, прымусіць пагадзіцца быць ці то параўнаньнем, ці то аналёгіяй. Ці можам мы ў нашай культуры дазволіць сабе думкі, якія не прызнаюць межаў? Што станецца з нашым стабільным сьветам, нашымі ўтульнымі каморкамі для думак? Імя, якое ня ёсць штрых-кодам, - гэта веданьне без клясыфікацыі. Гэта веданьне па-за лёгікай. Гэта вызначэньне без катэгорыі. Не дастаткова адмовіцца ад фармальнай лёгікі, каб пазбавіцца штрых-кода свайго ймя, сваёй каморкі-катэгорыі. Але той, хто здолеў зразумець іншую лёгіку ды ўбачыць празь яе людзей ды сьвет, ведае пачуцьцё моманту пераходу - пачуцьцё моманту выхаду па-за межы.

 

P.S.

********

Птушкі не прызнаюць межаў.

Межы не прызнаюць птушак.

"Хто ты?" - пыталіся ў Хрыста.

"Я сын Божы" - казаў Хрыстос.

. . . . . .

 

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil