МАКСІМ ШЧУР

 

"растуліся, небасхілу батычэліева ракавіна"

трышчан і іжота

 

ТРЫШЧАН І ІЖОТА

Сьцізорык-матыль гадзіньніка

цікуе

цацка ў дзіцячых пальцах

з аднаго на другі па руцэ

перабягае інсэкта

ратуецца

варушыць вусамі ў шклянцы

 

Тым часам зьнікае сонца

магчыма ўжо назаўсёды

 

Прыйсьці са спазьненьнем

Сцэна

 

Засяродзіцца на заслоне

гатычным паркане

аргане

не

Чырвоным моры

Бруіцца мур пісуара

Разыдзіцеся

Хвалі

 

Дырыжор з хварасьцінай што лічыць сэкунды

да старту

ў яме братэрскай магіле аркестра

скончыліся прыколы

вушы

напагатове

чорныя матылі пасядалі на месцы

арбалеты скрыпак

напятая сьмерцю арфа

кантрабасы фаготы клярнэты віялянчэлі

заплечныя стрэльбы варты

аркебузы трамбонаў

тарчы мядзяных талерак

сьляпы дзіцячы бінокаль

бонгаў ці там літаўраў

засада

зважай

 

За мной

рыцары хрысьціянства

старая гвардыя

 

дадаізм

додэкафонія

 

Мэню Інструкцыя Лібрэта

ўсё напісанае вэрлібрам

празаічная паэзія

вершаваная проза

тэкст спаўзае быццам

тэкстыль

абрус са стала

тэкст

стыль

факс

туалетны папірус

 

Трышчан ён жа

Дон Жуан ён жа

Фігаро ён жа

дзед Піхто ён жа

тоўсты

гаворыць старая спадарыня

апошняя хто бачыў у труне Каруза

тоўсты як гніда

гаворыць яна з асалодай

мружыцца быццам снайпэр

у аптычны прыцэл мікраскопа

каторы яна трымае нібыта чэлес

Фарынэлі

 

Вялізная лямпіна

мэдуза пад стольлю

сьмяротны нумар

 

Голас лупіць далёка

быццам вада са шлянгу

тоўстым струменем

вельмі прыгожа

змывае накрэмзанае на пяску

які сэнс так крычаць

калі зразумець усё роўна нельга

 

што хацеў гэты Вагнэр

 

у антракце пасьпець напіцца

будзе другі пэрыяд

Зноў поўны буфет знаёмых

Дайце мне калі ласка сто грамаў

напою сьмерці

Дзякую

Якая смачная ў іх гарэлка

Якая прыгожая дзяўчынка

Адно што вар'яцкія кошты

рыфма магла б быць "пошты"

адылі верш

ён белы

папера чорная

попел

Не

трэба вяртацца ў залю

нешта мяне пацягнула

на прыгожае

Мабыць

бармэн пераблытаў напоі

 

лепей ужо Кармэн

чатыры дзеі

але

чатыры гадзіны гэта

Зьдзек

гэта ў Звышчалавечых сілах

блёкбастэр

Нічога ж такога

не адбылося

й не адбудзецца

Ведаеце чым скончыцца?

Будзе ўвесь час вось такая

разумная рамантычная

музыка

крытыка практычнага розуму

потым яго заб'юць

Іжота абдыме цела

пакуль яшчэ цёплае

цела каханага

ў каторым пачуцьце яшчэ не астыла

яна яшчэ не разумее

што абдымаецца зь мерцьвяком

потым цяпло неўзабаве

сыдзе

нібыта вада ў пясок

і больш ніколі ня вернецца

Трышчан да сваёй Іжоты

 

* * *

Растуліся, небасхілу Батычэліева ракавіна,

пазаклейваная стужкамі заплесьнелай зямлі!

На замшэлым паднябеньні смак — нібы пасьля гляка віна,

мора й неба нерасьцятымі ночы вуснамі былі;

 

але годзе: нараджайся, разрывай пляцэнту зрокавую,

лі распаленым жалезам на эмалевы блакіт,

лі гарачаю й нявіннаю крывёю на падкоркавую

месяцовую пустэльню, выпаўзай, страшыдла-кіт!

 

Даражэйшая за золата, найбуйнейшая між пэрлінамі,

табе машуць, бы на вуліцы сябру рыбіны хвасты:

мы былі і застанемся назаўсёды тваймі вернікамі,

вырваць з пальцаў цемры мячык гэты можаш толькі ты:

 

дык паўстань, як Фінн, яшчэ раз, зьдзейсьні намаганьне волатава,

вымкні зь цемры на паверхню, вырві парасткі жуды —

быццам хто лінуў бэнзыну ды шпурнуў кактэйлем Молатава

па чырвонай дывановай стужцы ўпоперак вады.

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil