КАСТУСЬ ШЫЗЫ

 

НАД РАСКІДАНЫМ ГНЯЗДОМ

Новы віток Адраджэньня: гісторыя хваробы 

Гэта пачынаецца заўсёды раптоўна. Здавалася б, яшчэ ўчора чалавек быў як чалавек, звалі яго, напрыклад, Мікітам Палычам, працаваў сабе як тое належыць. А тут раптам пераўтвараецца ён, скажам, у Юлія Цэзара...

Жудасная хвароба скасіла галаву сям'і Дзермукоў як заўсёды нечакана. Настолькі што ніхто нават не пасьпеў прасачыць крокі набліжэньня бяды. Хто б мог ведаць, да чаго можа прывесьці цікавасьць да розных арыгінальных гістарычных канцэпцыяў! Гэта было адзіным, што вылучала сьлесара трэцяга разраду Алега Дзермука - невысокага мужычка год трыццаці, цемнавалосага, з рэдзенькімі вусікамі - сярод ягоных "корашаў" на працы і ўсіх астатніх сьлесараў трэцяга разраду, якіх нямала ёсьць у гэтым сьвеце.

І вось адным пагожым восеньскім дзяньком гаспадыня пачула званок у дзьверы. Яна адразу кінулася адчыняць, ведаючы, што ў гэты час прыходзіць са сваёй працы ейны муж. Хаця сёньня яна чакала яго пазьней, бо у іх у ЖЭКу давалі прэмію, і гэтая падзея амаль заўсёды ставалася дастатковым прэцэдэнтам дзеля таго, каб мужчыны праводзілі ўвесь вечар на піўнусе за пляшкай якога "Крыжачка" і размовамі пра рыбалку.

На парозе сапраўды стаяў Алег, але "Крыжачком" ад яго і ня пахла. І гэта нават трохі насьцярожыла кабеціну. Але адказ на зададзенае звычайным тонам пытаньне: "Ну што, дурыла, малака купіў?" і ўвогуле забіў бедную жанчынку напавал:

- Мы ня ёсьць русінамі маскоўскімі, літоўскімі ці варажскімі. Мы ёсьць крывічы - вольны народ, што займае пачэснае месца ў ліку народаў Эўропы.

- Ты што, напіўся ўсё-ткі? - жонка ўсё яшчэ не разумела сутнасьці праблемы. Альбо не хацела разумець.

- Ідэя Сярэдняе Эўропы ёсьць адзінаю супрацьвагаю маскоўскае экспансіі. Гэта кажу вам я, пан Вацлаў Ластоўскі, пачынальнік нацыянальнае беларускае гістарыяграфіі.

Санітары, выкліканыя па тэлефоне руплівай цешчай, моўчкі акінулі позіркам заплаканых кабет, нібы па камандзе цяжка ўздыхнулі і прафэсыйнымі рухамі, пазбаўленымі ўсялякіх сантымэнтаў, нацягнулі на пана Вацлава мантыю Вялікага князя літоўскага, упрыгожанаю пекнымі васількамі, вышытымі рукамі простых слуцкіх дзяўчат.

- Шлях вяртаньня ў сям'ю сярэднеэўрапейскіх народаў будзе няпросты! - пачулася ўжо аднекуль зь лесьвічнай пляцоўкі.

 

* * *

- Ну што гэта такое! - справядліва абураўся загадчык шостага блёку доктар Сямёнаў. - Я, між іншага, таксама маю нейкае права на адпачынак. У рэшце рэшт, гэта не мая ж віна, што такое жыцьцё ў нас сёньня.

Было ўжо пятнаццаць на восьмую - гэта значыла, што ягоная зьмена скончылася чвэрць гадзіны таму, і на добры лад цяпер ён ужо павінен быў трэсьціся ў перапоўненым "васямнаццатым", думаючы пра тое, што ягоная жонка сёньня згатавала на вячэру. Але, як на зло, ланцужок хворых, ітак сёньня задужа вялікі, усё ніяк не спыняўся. І пакуль ягоны калега з начной зьмены не зьявіўся на працу, яму давялося іх прымаць і разьмяркоўваць па палатах.

- Так, Саныч, - паклікаў ён санітара. - А гэта хто да нас у госьці наведаўся? Калі ізноў Мікіта Міхалкоў, дык я паруплюся перадаць яго расейскім мэдыкам. Хопіць з нас сваіх ужо...

- Не, Павал Юр'евіч, гэта наш, крэўны, - ахвотна жартаваў санітар. - Бацька гістарыяграфіі беларускай. Вроцлаў... як яго там? Ластоўскі, па-мойму.

- Ага, Вроцлаў... Так і запішам пакуль што. І куды ж мы цябе накіруем, дажэнькі? Усё забіта дарэшты... Ну, хіба што ў сёмую.

- Ай не, Павал Юр'евіч, у сёмую ня трэба. Там адны цары Мікалаі сядзяць. З двума Эдзікамі Лімонавымі на пару.

- Так, дружа маеш рацыю. Палітычных баталій нам тут яшчэ толькі не хапала. Ага, вось і месцайка я знайшоў. Праўда, палата трохі перагружаная будзе, але кампанія, як той казаў, што трэба. Браты Луцкевічы, Сяргей Палуян, Аляксандар Уласаў, Цётка, Анатоль Сыс... Шкада толькі, Багдановіча на тым тыдні выпісалі. Ну, Мік Джагер з Сальвадорам Далі ня ў лік - паразумеюцца як-небудзь. Давайце яго ў пятнаццатую. Заўтра прыйду на працу і дасьледую больш дэталёва. А пакуль зь мяне досыць.

Доктар павольна ўстаў са свайго крэсла і прайшоўся па габінэце, на хаду сьцягваючы белы халат.

 

* * *

Палітычнае і грамадзянскае жыцьцё ў пятнаццатай палаце, куды быў зьмешчаны пачынальнік крыўскае нацыянальнае гістарыяграфіі, бруіла на поўную моц. Што і нядзіўна, бо менавіта там спакваля зараджаўся беларускі адраджэнскі рух - выйсьце на шырокі і вольны прастор забітага і зацуглянага народнага духу. Менавіта там узгараўся агонь зацятай барацьбы супраць спрадвечных прыгнятальнікаў, барацьбы за права "людзьмі звацца".

Але палітычная дзейнасьць у дадзеных умовах была літаральна вырачана на паўнейшае фіяска. Пасьля таго, як Аляксандар Уласаў прыляпіў на дзьверы бальнічнай сталоўкі адозву супраць царызму, пачаліся натуральныя рэпрэсіі. Пацыентаў з гэтай палаты сталі часьцей вадзіць на працэдуры, а адно з таемных паседжаньняў БСГ, што праводзілася ў навінкаўскай лазьні, было спынена зьяўленьнем санітараў.

Рабілася зразумелым, што суровыя часавыя варункі вымагаюць новых формаў барацьбы. Асаблівую ўвагу трэба было зьвярнуць на асьвету нашага краю і адраджэньне ягонай культуры. І найлепшым спосабам, у які маглі праявіць сабе адважныя змагары, было выданьне ўласнай газэты.

Першая спроба скончылася правалам. Увесь наклад рукапіснай "Нашай долі" быў сканфіскаваны рэакцыйнай уладай, а фіктыўны рэдактар гэтага выданьня Мік Джагер жорстка паплаціўся за свой адважны грамадзянскі ўчынак. Яго перавялі ў палату да Джэла Біяфра, і апошні па дваццаць разоў на дзень абзываў лідэра "ролінгаў" "клерыкальным імпэрыялістам" і кругласутачна абвінавачваў яго ў прадажнасьці за тое, што той паўдзельнічаў у бальнічным конкурсе мастацкай самадзейнасьці.

Але першая няўдача зусім ня зьбіла з панталыку сьмелых барацьбітоў. І неўзабаве робіцца другая спроба заснаваць першае на Беларусі масавае выданьне. Гэтая спроба была куды больш удалай - глаўрачу настолькі надакучыла валэндацца з насельнікамі палітычна нестабільнай пятнаццатай палаты, што ён вырашыў не прымаць аніякіх мер па ліквідацыі газэты "Наша ніва". "Хай сабе маюцца дур'ю, абы на падлогу ня пісалі", - падумаў з гэтай нагоды служка Гіпакрата.

Але ўсьведамляючы, якое ўзьдзеяньне могуць аказаць палымяныя радкі на роднай мове на неакрэплыя сьвядомасьці пацыентаў, ён не адважыўся пакінуць гэтае выданьне без кантролю і ўвёў нешта накшталт папярэдняй цэнзуры. На тое месца, дзе павінны былі зьмяшчацца заклікі байкатаваць працэдуры альбо патрабаваньні павысіць дзённую норму антыдэпрэсантаў у пяць разоў, глаўрач ціхенька ўстаўляў літаратурныя творы адной сваячаніцы, якая пісала пад мужчынскім псэўданімам Адам Глёбус. Тое, што апошні стаў адным з найактыўнейшых аўтараў газэты, сьведчыць пра жорсткасьць рэакцыйнай цэнзуры.

 

* * *

Шлях, якім прыйшлі да ідэяў Нацыянальнага Адраджэньня насельнікі пятнаццатай палаты, быў няпросты і ўва ўсіх розны. Нават сьціслае апісаньне гісторыі хваробы, якая паразіла былога падаткавага інспэктара Сяргея Дубчыкава, заняло б добрую палову нашага часопісу. Сьпярша ён проста вырашыў зьмяніць сваё прозьвішча на Луцкевіч, але на гэтым справа не спынілася. У выніку розных нэйрапературбацыяў сьвядомасьць Луцкевіча была падзеленая на дзьве часткі, дзякуючы чаму ў ёй маглі адначасова зьмяшчацца абодва слынныя дзеячы нацыянальнага Адраджэньня, што мелі гэтае прозьвішча - Іван і Антон. Дубчыкаву, на тэму хваробы якога была абароненая ўжо не адна дысэртацыя, прызначылі асобны курс лячэньня, але паколькі ўсе аднамесцавыя палаты былі занятыя, яго давялося трымаць разам з астатнімі пацыентамі.

Шлях творчага станаўленьня маладога паэта і журналіста Сяргея Палуяна быў зусім іншым. Дваццацігадовы лайдак Севяр'ян Квяцінскі меў звыклыя для свайго ўзросту праблемы - насьпяваў час апранаць вайсковыя боты. Пазьбегнуць гэтага лёсу ён вырашыў таксама звыклай для сёньняшняй моладзі мэтодай: "закасіць пад дурку". Санітары выкліканай "хуткай" засьпелі яго за досыць дзіўным заняткам расьпілоўваньня соннай артэрыі манікюрнай пілачкай.

Але паколькі ня трэба было лічыць сябе Станіслаўскім ад псыхіятрыі, каб сказаць у гэтым выпадку пераканаўчае "Ня веру!", дастаўлены ў "Навінкі" Севяр'ян небеспадстаўна клапаціўся пра свой далейшы лёс. Ён ужо амаль звыкся з тым сцэнаром падзеяў, паводле якога яму неўзабаве дадуць высьпятка пад зад і накіруюць у "будбат", калі ў ягонай распаленай галаве раптам зьявілася ратаўнічая думка. У выніку чаго беларуская літаратура папоўнілася яшчэ адной яскравай постацьцю.

 

* * *

Неўзабаве пасьля выйсьця другога нумару адноўленай "Нашай нівы" глаўрач канчаткова пераканаўся, што не нарабіў аніякага глупства, дазволіўшы сваім падапечным выяўляць сабе такім чынам. Нараканьняў на пацыентаў пятнаццатай палаты стала паступаць усё меней і меней, і групоўка былых свавольнікаў зь цягам часу стала лічыцца ў лякарні ўзорнай.

Менавіта гэта і абумовіла далейшы лёс легенды беларускай прэсы. Датацыі на мэдыцыну, і так невялікія ў апошнія часы, з кожным годам скарачаліся, у той час як колькасьць тых, дзеля каго гэтыя датацыі былі прызначаныя, узрастала ці не ў геамэтрычнай прагрэсіі. І ў выніку кіраўніцтва лякарні было змушанае пайсьці на бадай што экстраныя меры - павыпісваць тых пацыентаў, курс лячэньня якіх быў ня дужа далёкі да завяршэньня. У першую чаргу, безумоўна, гэта тычылася хворых з узорнымі паводзінамі. І ў рэшце рэшт пятнаццатая палата зьмясьціла ў сябе цэлы эскадрон выбранецкіх шыхтоў БНР, усім байцам якога па недаглядзе дзяжурнага быў пастаўлены аднолькавы дыягназ, а рэдакцыя газэты "Наша ніва" апынулася за сьценамі "Навінак".

Вацлаў Ластоўскі, Антон і Іван Луцкевічы, Аляксандар Уласаў, Сяргей Палуян і мала каму вядомы пакуль што літаратар Янка Купала (дзякуючы гераічнай працы мэдыкаў Цётка ізноў стала насіць сваё сапраўднае імя Сяргей Жупа) ў розны час былі змушаныя пакінуць гэтае месца, якое ўжо даўно стала для іх родным і якому яны прысьвяцілі столькі ўзьнёслых вершаў. Магчымасьць вяртаньня сюды была дадзеная ім толькі ненадоўга, дый і тое ў выпадку абвастрэньня. Калі хтосьці з чальцоў Рэдакцыйнай рады трапляў на які тыдзень ці два ў навінкаўскую койку, пра яго з павагай і лёгкай зайздрасцьцю казалі - паехаў у Вільню.

Зрэшты, ставіць кропку ў нашым аповедзе на гэтым месцы відавочна заўчасна - яго галоўныя героі напэўна сказалі бы, што больш дарэчным тут было б шматкроп'е.

"Наша ніва" будзе выходзіць у Менску!" - абвяшчала вялікая "шапка", што заняла ці не палову першай паласы выдадзенага па-за межамі роднай лякарні нумара газэты.

 

* * *

Антон трохі прыўзьняўся над сталом дзеля таго, каб падкруціць кнот і апёк паголеную патыліцу, незнарок дакрануўшыся ёй да гарачага жоўтага шару лямпы. Газа ўжо амаль сканчалася, і набыць яе ў цяперашнія цяжкія часы ліхалецьця было няпроста. Пры слове "карасіна" ўсе прадавачкі хлебных аддзелаў унівэрсамаў нібы змовіўшыся адварочваліся ўбок і пачыналі хіхікаць.

За вокнамі ўжо даўно распасьцёрла свае шаты халодная зімовая ноч, але браты Луцкевічы ўсё яшчэ ня клаліся спаць. Як заўсёды, у іх сёньня было шмат працы. Хуткаплыннасьць часу не дазваляла цешыцца з заслужанага адпачынку, і таму ідэолягам флягмана нацыянальнай прэсы часта даводзілася працаваць начамі напралёт.

Іван распакаваў новы ліст і вынуў адтуль некалькі ашмотачкаў паперы, выдраных з вучнёўскага сшытку, спрэс сьпярэшчаных літарамі. Падчас чытаньня ягоны суровы рот раптам скрывіўся ў прыязнае ўсьмешцы задаволенасьці.

- Вось паслухайце, пане Антоне, - урэшце прамовіў ён. - Ці не здаецца Вам, што ў гэтым вершы сканцэнтраваны ўвесь патас вольнага крывіцкага духу, які нібы вецер урываецца ў дамавіну панылай цяпершчыны і зьнішчае ўсе навязаныя нашымі ворагамі перашкоды?

Іван адкашляўся і выразна працытаваў чатыры радкі, якія яму найбольш спадабаліся:

Глядзі, мой дружа, як красіва

Па полі бегаць басіком.

Сьпяваці песьні лугавыя

І быць сапраўдным мужыком.

Але ягоны брат, відаць, не падзяляў гэтага захапленьня:

- Ведаеце, дарагі таварыш, я быў бы больш стрыманы ў ацэнцы твораў шматшаноўнага пана Пацяранскага. Пры ўсёй іх несумненнай і нават, я бы так сказаў, немінуўчай мастацкай вартасьці ёсьць і пэўныя акалічнасьці, што мяне, як бы гэта лацьвей выславіцца, трохі насьцярожваюць. Кажучы гэта, я маю на ўвеце ня толькі і ня столькі праблему адсутнасьці належнага грамадзянскага патасу, колькі... Безумоўна, няма нічога заганнага ў тым, што аўтар аддае сабе ў абдымкі Чыстае Красы, але, мне здаецца, цяпер патрэбныя трохі іншыя вершы - творы, якія сваімі карэньнямі ўпіраліся бы ў нашу цяпершчыну, але верхавінамі сягалі бы тых завоблачных прастораў вольнай думкі, куды імкне нас нікім не зацугляны дух. Патрэбныя вершы, якія маглі б знайсьці свой шлях да неабцяжараных якім-кольвечы эстэтычным досьведам душаў аматараў паэзіі. Хаця Бацькаўшчына несумненна прыме на свой алтар гэтую шматкаштоўную паэтычную ахвяру нашага вешчуна Пацяранскага.

Самая спэцыфіка іхняй працы ставалася прычынай таго, што браты вельмі часта спрачаліся паміж сабой. Але нягледзячы на тое, што іх погляды на тыя ці іншыя зьявы ў беларускай літаратуры альбо грамадзянскім жыцьці адрозьніваліся (вось і цяпер Іван прапанаваў неадкладна апублікаваць дасланыя вершы, а Антон настойваў на тым, што з гэтым можна трохі пачакаць), Луцкевічы заўсёды ўрэшце прыходзілі да кансэнсусу. Бо яны разумелі, што цяперашні цяжкі час вымагае ад іх максымальнай згуртаванасьці й самаахвярнасьці дзеля інтарэсаў супольнае справы.

 

* * *

Якуб Колас запаліў цыгарэту і моўчкі прайшоўся да вакна і назад, напяваючы пры гэтым сам сабе штось прыемнае. Недабудаваны гмах дзевяціпавярхоўкі здаваўся яму ў тую хвілю сьветлым замкам Беларускага Нацыянальнага Дому - прыбранага, бліскучага і ўпрыгожанага рамонкамі дый кактусамі.

Толькі што ў ягоным жыцьці адбылася неверагодна важная падзея. Вацлаў Ластоўскі, гэты волат нацыянальнае думкі, назваў ягоную, Коласаву, "Новую зямлю" энцыкляпэдыяй беларускага народнага жыцьця.

Але гэтая ўсхваляванасьць маладога літаратара аніяк не перадалася ягонаму страэйшаму сябру. Той па-ранейшаму сядзеў у сваім фатэлі, апусьціўшы позірк долу. Ягоную сьвядомасьць, відаць, перапаўнялі нейкія смурныя згадкі.

- Вясна прыйшла, - урэшце сказаў дзядзька Ластоўскі, страхваючы пылінкі са свайго сьвежапаголенага чэрапа і апраменьваючы твар шырокай усьмешкай. - Мусіць, хутка пара мне будзе ў Вільню паехаць.

Пры гэтых словах летуценьні ізноў ахапілі душу Якуба Коласа. Ён яшчэ ніводнага разу не бываў у нашай старадаўняй сталіцы, але быў перакананы, што гэтая Мэка вольнага крывіцкага духу неўзабаве адчыніць свае дзьверы і перад ім.

 

* * *

Цяжка перацаніць тое ўзьдзеяньне, якое аказала выданьне газэты на беларускую літаратуру. Засьведчыць гэта можна хіба пералічыўшы прозьвішчы тых слынных майстроў слова, якія дэбютавалі на ейных старонках: Якуб Колас, Максім Багдановіч, Джон Ленан, Яго Вялікасьць Людовік ІІІ, Стары Ўлас, Уладзімер Арлоў, Дантэ Аліг'еры, Хорхэ Люіс Борхес і цэлая плойма іншых. А што ўжо казаць пра беларускукю навуку...

Шматлікія дыскусіі, якія ўзьнікалі сярод чальцоў Рэдакцыйнае рады, тычыліся, сярод іншага, і пытаньняў правапісу. Вацлаў Ластоўскі пагадзіўся з прапановай выдаваць "Нашу ніву" нядаўна вернутым да жыцьця чацьвертым беларускім шрыфтам - "ерогліфіцай", што, натуральна, рабіла газэту куды больш простай для чытаньня беларускамоўным японцам, але настойваў на тым, каб мяккасьць усё адно пазначалася на пісьме адпаведным "ь". Большасьць яго не падтрымала, і дыскусіі на гэты конт не сьціхалі пару сутак.

Яшчэ адной "сякерай пад лавай" было тое, што на ўсіх рэдакцыйных нарадах Дубчыкаў патрабаваў сабе ажно два галасы - і Антона, і Івана. Гэтае дробнае непаразуменьне таксама выклікала буру спрэчак, у выніку чаго ў Вільні апынуўся ледзьве ня ўвесь склад рэдакцыі, а нехта нават даехаў і да Варшавы.

Зрэшты, ніякія ўнутрырэдакцыйныя разлады не маглі спыніць аднойчы распачатую справу.

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil