ДЗЬМІТРЫ СЕРАБРАКОЎ

 

NIHIL І "-ІЗМЫ"

Нигилизм - м. лац. вучэньне, якое адкідае ўсё, што нельга ашчупаць

В. Ластоўскі “Маскоўска-крыўскі слоўнік”

 

0 — аркан бязь лічбы, ДУРАНЬ, вар’ят, блазен, шчогла, кракадзіл.
У сьвеце боскім – разрыў з боствам.
У сьвеце інтэлектуальным - сьлепата розуму.
У сьвеце фізычным - матэрыя.
Малюнак: сьляпы з набітай торбай за плячыма натыкаецца на руіны помніка, за якім схаваўся галодны кракадзіл з разяўленай пашчай. Гэта сымбаль чалавека маральна невідушчага, абцяжаранага памылкамі і дрэннымі ўчынкамі, раба матэрыяльнага сьвету, разьбітая стэла - згніба чалавечага чыну, кракадзіл - няўмольная фатальнасьць і непазьбежнасьць адплаты. Гэта сымбаль убогага духам, які са смуткам углядваецца ў мінулыя дні з надзеяй знайсьці там адказы на пакутлівыя пытаньні. Няспынна рухаючыся да катастрофы, чалавек не зьвяртае ўвагі на знакі спрыяльных яму сілаў і перасьцярогі сяброў.
Указаньне аркану: усякая воля, што дазваляе кіраваць сабой матэрыяльным інстынктам, адмаўляецца ад свабоды і аддае сябе адплаце сваіх аблудаў і грахоў. Ты яшчэ адкажаш за перарваную сувязь з Богам.
Мантычны сымбаль: бязгдуздзіца, глупства, вар’яцтва.
Перагорнутая карта: маруднасьць, бездапаможнасьць, пакуты ад дурноты.

Крэг. Сучасная магія. 11 лекцыяў

 

Што такое "постмадэрнізм" у беларускім кантэксьце, дзякуючы пільным намаганьням часопіса "Архэ", мы ўжо ведаем. Гэта як у тым анэкдоце пра стрыптыз: "Рацыю меў парторг — паскудзтва". Постмадэрнізм такім чынам не страшнейшы за новае слова на літару "п" (як вядома, у дзеда Талаша, было ў загашніку такое моднае слоўца "плепорцыя", якім ён час ад часу карыстаўся, каб аздобіць сваё красамоўства). Модны жаргон, што выконвае функцыю легітымацыі, робіць правамоцнай прыналежнасць да інтэлектуальнай эліты, — нярэдкая зьява ў нарацыйнай практыцы, якая сама страчвае свае былыя функцыі пераказу інфармацыі ці выяўленьня афэктыўнай звышзадачы адрасата, і набывае новыя ролі — напрыклад, камуфляжу ці сымулякру, як гумовыя танкі й фальшывыя ракетныя ўстаноўкі Хусэйна, чыёй задачай было прымусіць імпэрыялістаў марнаваць свае матэрыяльна-тэхнічныя сродкі.

Ці назва першага нумару часопісу nihil адпавядае яго зьместу і імкненьням творчай групы, якая ўзяла на сябе адказнасць за яго паўстаньне і распаўсюджаньне, ці гэта зноў прыгожае слоўца, якое ні да чаго не абавязвае, як "Полымя" без агню, "Нёман" без вады, "Калосьсе" бяз Коласа, "Беларуская думка" бяз пробліску інтэлекту (апошняе, зрэшты, ня так ужо й немагчыма: беларускі інтэлектуалізм — гэта альбо звычайны аксюмарон альбо пустая назва як "зайцаў рог" ці "квадратнае кола").

Тым хто захоча шукаць адказ на пытаньне, высьвятляючы перадусім што такое nihil і наколькі гэтае паймо адпавядае заяўленай дэклярацыі, ці наадварот, наколькі маніфэст мастацтва адпавядае культурнай сытуацыі ў Беларусі пачатку трэцяга тысячагодзьдзя, давялося б змарнаваць шмат часу гартаючы сотні старонак ёмістых і мудрагелістых твораў і ў выніку толькі павялічыць аб'ём свайго няведаньня і сумневаў, бо як усе філязафічныя і культурныя канцэпты нігіль і нігілізм за апошнія два стагодзьдзі пасьпелі абрасьці вельмі шырокімі і багатымі літаратурнымі кантэкстамі.

Можна пахваліць за стараннасьць В. Акудовіча, які пільна праштудыяваў гайдэгераўскае і ніцшэўскае гледзішчы на гэтую тэму ў адным з артыкулаў сваёй кніжкі пад тытулам "Мяне няма"; пэўныя аспэкты праблемы, адылі, былі пакінутыя ім зь вядомых прычынаў незаўважанымі ці асьветленымі недастаткова выразна.

Перш за ўсё агульным месцам хрэстаматыйнага падыходу да спробы азначэньня пайма зьяўляецца ўказанне на ягонае паходжаньне — “нігілізм” упершыню ўжыў як навуковы тэрмін Гайнрых Якабі ў сувязі з ідэалістычнай філязофіяй Ёгана Фіхтэ (Sendschreiben Fichte), а распаўсюджаньне ў эўрапейскіх інтэлектуальных колах яно атрымала дзякуючы тургенеўскай аповесці "Бацькі і дзеці". В. Акудовіч, калі ў адным сказе месьціць два такіх выразна супярэчных між сабой факты, не зважаючы на цікавасьць праблемы, сьпяшаючыся заняцца школьным рэфэраваньнем гайдэгераўскага артыкулу, проста запазычыў фармулёўку з "Философского словаря" 1991 года. Няма, зрэшты, нічога ганебнага ў цытаванні марксісцкіх слоўнікаў, калі гэта дапамагае данесьці сутнасьць досыць філязафічнага матэрыялу. Але часам Акудовіч моцна перабольшвае ў сваіх "постмадэрнісцкіх гульнях" — чаго вартая фраза пра тое, што нібыта Гайдэгер паадцінаў у Ніцшэ ўсё жывое і адкуль яна ўзялася, вось што цікава. Знаёмыя ўсім марксістам словы: "Поповщина выхолостила из Аристотеля всё живое, оставив только мертвячину" належаць менавіта Леніну і выклікаюць цэлую гаму пачуццяў — ад захапленьня мастацкай камбінаторыкай да абурэньня за такі схематычны падыход да справы. Гайдэгер не заслужыў ніякім чынам такой ганебнай мянушкі як абразальнік у некага нечага там жывога. Онталёгія мае ўласны абшар досьледу і ня трэба мяшаць божы дар зь яечняй. Ад пачатку стагодзьдзя віталізм, біялягізм, "філязофія жыцьця" былі распаўсюджаныя ў нямецкай філязофіі, але пазьней на зьмену ім прыйшла ў трыццатыя гады эпоха, якую ўвогуле няма жаданьня вызначаць, і ў гэтым кантэксьце спроба Гайдэгера зынтэрпрэтаваць Ніцшэ ў катэгорыях духу выклікае павагу да мужнасьці філёзафа, што не паддаўся спакусе мітаў расы і крыві.

Гайдэгер, між іншага, усьведамляе важнасьць пастаўленай задачы, гаворачы ў іншым месцы, што "сутнасьць нігілізму, магчыма, менавіта ў тым, што людзі не жадаюць задацца пытаньнем пра Нішто". Інтэрпрэтацыі тэкстаў Ніцшэ ніколі не былі б вычарпальнымі настолькі, каб можна было гаварыць пра вырашэньне праблемы, таму паспрабуем высьветліць толькі некалькі наступных аспэктаў справы, якая сягаючы каранямі ў даўнюю традыцыю мысьленьня надалей здаецца калі не актуальнай, то прынамсі прывабнай для штораз новых пакаленьняў няўрымсьлівых дасьледнікаў.

Якабі азначыў тэрмінам "нігілізм" ідэалістычную філязофію Фіхтэ, які з "пустога Я" выводзіў усю рэчаіснасць. Фіхтэўскі ідэалізм зыходзіў перадусім з крытыкі матэрыялізму, які, паводле Фіхтэ, няздольны перайсьці ад матэрыі да сьвядомасьці, а ідэалізм, наадварот, прыняўшы прымат сьвядомасьці, як дадзенай ад пачатку, здольны да сапраўднага разуменьня рэчаў, а менавіта "рэчы ў сабе" — прыроды. У Фіхтэ "рэч у сабе" — гэта абэрацыя нерэфлектыўнага мысьленьня, якая, нічога ня ведаючы пра дзейнасьць "прадуктыўнага ўяўленьня, прымае яго прадукты за яго самога, якое існуе само па сабе. Толькі філязафічнае мысьленьне здольна пераадолець непазьбежную ілюзію мысьленьня натуральнага і вытлумачыць, якім чынам у самім "Я" знаходзіцца "ня-Я", г. зн. тое, што, як здаецца ня можа мець месца ў гэтым "Я".

Раман Тургенева "Айцы і дзеці", які традыцыйна зьвязваюць са зьяўленьнем на расейскай сцэне нігіліста ў постаці наіўнага матэрыяліста, які верыць, што прэпарацыя жабаў важнейшая за Пушкіна, бо вядзе да праўды, і гатовага аддаць жыцьцё за ідэалы "разумнага эгаізму", што не выглядае дужа разумным, насамрэч ахоплівае значна большы спэктар нігілізмаў, уключаючы ў сябе ня толькі пазытывісцкі нігілізм дзяцей, але і ідэалістычныя мроі "бацькоў" — рамантычны лібэрал Кірсанаў павязаны з Базаравым "змовай вырачаных". Яны вырачаныя на марнасьць — так Камю ў "Чалавеку ўзбунтаваным" падае недакладную, але вельмі трапна характэрызуючую герояў цытату: "Мы прызнаем марнасьць сьвядомасьці... Гэта і ёсць нігілізм." Тургенеўскія дуэлянты ня могуць існаваць адзін без аднаго, яны дапаўняюць адзін аднаго, як сябры гэгелеўскай дыяды, як тэза і антытэза, няздольныя ў канфрантацыі даць станоўчага сынтэзу. Ex nihilo nihil fit.

У сваім сапраўдным культурна-гістарчным сэнсе Нігілізм упершыню выступіў у творах Фрыдрыха Ніцшэ. "Што азначае нігілізм? Тое, што вышэйшыя каштоўнасьці губляюць сваю каштоўнасьць. Няма мэты. Няма адказу на пытаньне "навошта?" Ніцшэ, які пазнаёміўся з тургенеўскім сюжэтам праз пасярэдніцтва Поля Буржэ, вызначыў тып такога палавіністага нігілізму як рэакцыйны — гэтаму прысьвечаныя апошнія раздзелы "Заратустры". Чарадзей, дасьледнік піявак, апошні папа, найбрыдкі чалавек, дабраахвотны жабрак— гэта алегарычныя вобразы эўрапейскага нігілізму ад спаняверанага рамантызму да яго лягічнага выніку — сацыялізму. Чарадзей "стаміўся ад сябе самога і сам прызнаў, што не вялікі, фальшываманэтчык, які жне агіду як адзіную сваю праўду". Падобна да Базарава, сьціплы духам, "калі што і спазнаў, дык гэта піяўчыны мазгі, гэта яго сьвет і яму агідныя палавіністыя духам" але ці не агіда праўда ягоная?

Апошняя спакуса Заратустры — спагада да апошніх людзей, спакуса самагубства Бога ад спагады і праз спагаду.

Адрынуць усе формы рэакцыйнага нігілізму, які вядзе да ціхага згасаньня "апошняга чалавека", эўрапейскай нірваны, у імя нігілізму актыўнага, палавіністага ў імя абсалютнага — вось, паводле Ніцшэ, апошняе выпрабаваньне на шляху таго, хто спазнае, выбар волі моцы супраць волі нябыту.

Марная зьмена каштоўнасьцяў, ці нават іх скасаваньне, марнае забойства Бога, бо яго сьвятое месца і атрыбуты застаюцца, застаецца сакральнае, боскае, нават, калі гэта толькі пустое месца і пазбаўлены атрыбутаў прэдыкат.

Няпоўны нігілізм можа быць пераадолены, але празь іншы нігілізм. Ці гэта значыць, што зьмена, якая перамагае нігілізм, — гэта адзіная поўная постаць нігілізму? Гэта ніяк не адказвае на пытаньне, чаму гэтая зьмена носіць характар менавіта нігілістычны ня толькі праз свае наступствы, але і сама празь сябе.

Зьмена, якая проста замяняе адзін нігілізм на другі, сама па сабе не зьяўляецца нігілістычнай, але тады толькі, калі маем дачыненьне з канвэрсіяй — пераўтварэньнем рэакцыйных сілаў у актыўныя, калі пераможаны "апошні чалавек", калі пяройдзены мост і працягваецца далейшы рух.

Агіда замяняецца на радасьць. "Жыцьцё — гэта крыніца асалоды, але дзе п'е набрыдзь людская, там усе крыніцы затручаныя... Я за ўсё чыстае, але не цярплю ашчэраных пашчаў і смагі нячыстых… Ці ж не агіда дала мне крылы і сілу, каб падляцець да крыніцы? Далібог, мне трэба было ўзьняцца ў вышыні, каб зноў здабыць крыніцу радасьці".

Дух павінен прайсьці празь ператварэньне ў льва, у адмаўленьне, каб прыйсьці да творчай непасрэднасьці дзіцяці.

Тэма творчай неабмежаванасьці, уседазволенасьці сталася агульным месцам дыскурсу Эўропы апошніх стагодзьдзяў, труізмам зь якога пачынаюцца і якім сканчаюцца ўсе эстэцкія разважаньні пра мастацтва. Авангарднае мастацтва нігілістычнае па сутнасьці, рэпрэсыўнае ў дачыненьні да традыцыі, у 50-я – 60-я гады сталася сымбалем прагрэсу, адзінай альтэрнатывай культуры. Аднак, калі альтэрнатыва адзіная, міжволі чуецца водар таталітарызму, што і адбылося ў рэшце рэшт у Расеі і Нямеччыне ў 30-я і 40-я. Левы інтэлектуальны істэблішмэнт і афіцыёз маюць між сабой шмат падобнага, нягледзячы на зданьнёвыя "непрымірэнчыя" супярэчнасьці. Усьведамленьне паражнечы самой сьвядомасьці праяўляецца ў найрозных сфэрах інтэлектуальнай дзейнасьці, тэма канца чалавека fin de l'homme ўлучаецца ў школьныя праграмы. Пагром культуры адылі не адбываецца зь лінейнай прастатой — цыклічнае вяртаньне традыцыі дзеля наступнага разбурэньня не нагадвае ніякага парадаку, але хутчэй хаатычныя рухі броўнаўскіх частачак. Нігілізм, як чыста практычны настрой стомленых жыхароў вялікага гораду, у якіх за сьпінай скончаная культура і больш нічога, як пісаў Шпэнглер у "Заходзе Эўропы", праяўляецца з рознай інтэнсыўнасьцю ў рэлігіі, мастацтве і палітыцы, пазбаўляючы ўсялякай каштоўнасьці ня толькі "скончаную культуру", але і яе адмаўленьне ў пасыўнай ці актыўнай яго формах.

Гаральд Блюм, амерыканскі літаратуразнаўца, у кнізе "Эўрапейскі канон і моцны аўтар" сьцьвердзіў існаваньне пэўнага трывалага фундамэнту — Канону літаратуры, на варце якога стаіць група экспэртаў — унівэрсытэцкая эліта, надзеленая правам надаваць альбо не надаваць статус мастацкага твора сумнеўным прадуктам накшталт Моны Лізы Марыса Дзюшана з прымаляванымі вусамі, альбо "Загадкі Ісідора Дзюкаса" Мэна Рэя. "Быць" для мастака значыць "быць заўважаным" — як у ідэалістычнай філязофіі Бэрклі esse est percipi. Аўтар, паводле Гаральда Блюма, павінен быць сапраўды моцным, каб яго творы атрымалі статус, як у сярэднявеччы атрымлівалі рыцарскі чын з рук каралевы. Элітам супрацьстаіць "левы экстрэмізм" фэміністак, сацыяльных і сэксуальных мяншыняў, замешаны на рэсэнтыменце да культуры і цывілізацыі.

Схема не была б жыцьцяздольнай, калі б яе нельга было абвергнуць. Прыклад Лётрэамона ня ўпісваецца ў ідэальую схему, даводзячы парадаксальнасьць мастацтва і жыцьцяздольнасьць аўтара, які ператварыў свой стыль у стылет у руцэ літаратурнага забойцы, які займаўся прэпарацыяй літаратурных жабаў, не прыкрываючыся высокімі мэтамі, як тургенеўскі герой, а проста так, дзеля задавальненьня.

 Часопіс nihil узьнік у сытуацыі калі наіўна і недарэчна разважаць пра навіню ці плягіят, маўляў, "Булыжник — оружие пролетариата", як мастацкая тэма сябе даўно высіляў і трэба паказытаць нэрвы рафінаванай публіцы нечым звышновым і незвычайным. Жабрацтва, чэргі, беспрацоўе, дзіцячая злачыннасьць, няўмольнае падаражэньне жыцьця, жорсткасьць на вуліцах, наркаманія, бязладзьдзе і анархія, існаваньне замест жыцьця выклікаюць пачуцьцё незадаволенасьці, нежаданьне падпарадкоўвацца чужой волі, сакрушальны аж да ванітаваньня нігілізм. Эстэтыка nihil’а можа нагадваць эстэтыку першай хвалі брытанскага панку, якая была нажаль і апошняй, ня вытрымаўшы пажыральнай камэрцыялізацыі, парадаксальна здольнай ператварыць нетаварнасьць у тавар, рэвалюцыйнасьць у моду. Сытуацыя падобная на сытуацыю ў Лёндане 1975-га, калі выбухнуў панк — пратэст, а таксама на шмат якія іншыя крызовыя сытуацыі, якія ў нармальных людзей выклікаюць нармальную рэакцыю. Чвэрць стагодзьдзя таму Джо Стамэр казаў: "Рок'н'рол абсалютна марны. Ніхто з нас нічога ня зьменіць. Міне колькі год і ўсе як і раней будуць калупацца ў гаўне, а ў вольны ад гэтага час пойдуць і купяць чацьвёрты ці пяты, а можа і шосты альбом Clash. Рок нічога не зьменіць. Але, пасьля таго, як я гэта сказаў, а сказаў я гэта, каб вы зразумелі, што ў мяне няма асаблівых ілюзіяў — я ўсё ж хачу паспрабаваць нешта зрабіць. Галоўная рэч, за што я змагаюся — гэта за пэрсанальную свабоду. За права выбару".

Аднак пасьля чвэрці стагодзьдзя радыкалізм лёнданскага панк-руху ў пэўных момантах падаецца нам занадта ўжо празьмерным. Siouxie два гады не жадала запісвацца, абвясьцiўшы, што ня прыйдзе плюнуць на будынак, дзе месьціцца студыя, калі ён загарыцца. А мы прыйдзем паглядзець на пажар у пэўных рэдакцыях і ўстановах. Навошта ж пазбаўляць сябе маленькіх жыцьцёвых радасьцяў?

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil