ІЛЬЛЯ СІН

 

альдаір

карнавал на вуліцы гідраўлічнай

нобэлеўская лекцыя

 

КАРНАВАЛ НА ВУЛІЦЫ ГІДРАЎЛІЧНАЙ

Як заўжды, карнавал распачаўся трохі пазьней за дванаццатую. Зграйкі дохлых пінгвінаў павольна лёталі па-над запоўненым ласымі да відовішчаў жыхарамі места амфітэатрам. Малекулы паветра паступова пераўтвараліся ў пэтарды, і кожная зь іх выбухала й разьляталася на мноства іскрынак, суправаджаючы сваё тленьне нязносным пахам гарэлага мяса. Настрой усеагульнае хлёркавае весялосьці панаваў у тую ноч, здавалася, над усім сьветам. На вуліцах раздавалі цукраныя пернікі з выяваю прабабулі імпэратара, а ў кожным задворку можна было бачыць ужо звыклыя для жыхароў места сцэны пэдафіліі.

Скрозь невялічкія адтуліны паміж пруткамі кратаў, што ахоўвалі вокны ад зьнянацных стрэлаў жартаўнікоў, у пакой трапляла кволае зімовае паўсьвятло. Яно млява сьцялілася па падлозе, прыносячы пах гнілое паўразложанай рыбы са спэцыямі. Ванітны дзень няўхільна набліжаўся, праводзячы мяжу паміж цяпершчынай і нябытам. Пазбыцца цяжару гэтага дню, пазбыцца яго альбо ўцячы, схавацца ў асотах сну, дзе смак балотнае вады непрыемна казыча язык было бадай немагчыма. Танкі рэальнасьці рушылі ў атаку, і адступаць ужо не было куды: ён быў прыціснуты да тоўстага цаглянага мура, і цяжар ранішняга паветра з усёй моцы наваліўся на яго, няўхільна расплюшчваючы ягоныя грудзі. Прабежка на досьвітку па мікрараёне дорыць ні з чым не параўнальную потную асалоду. Маленькі ярка-чырвоны кракадзіл выпаўз праз адзін з каналізацыйных люкаў дагары падыхаць паветрам, і цяпер ягонае цельца валялася на асфальце пасярод вуліцы, працятае сутаргай і напаўзгрызенае пацукамі.

Мільгаценьне твараў, вуснаў, фрызураў суправаджала пачатак 128-ага дня карнавалу. Пасярод аграмаднай цыркавой арэны стаяў хлапец зь вялікімі, сумнымі бы пялёсткі васілька вачыма. Зь ягоных вушэй раз-пораз незаўважна для ўсіх выпархвалі фіялетавая жужалкі, імгненна пераўтвараючыся ў вялізнакрылых бліскоткіх матылёў. Вецер расьцярушваў ягоныя валасы, і завіслы ў паветры плявок у твар пераўтварыўся ў бялюткі ветразь дый паляцеў у нікуды, сарваны са шчоглы моцным штормам. Гэты чалавек зусім не зважаў на доўгія мэталёвыя жардзіны, на якія ён, як і мноства іншых падобных да яго маладых людзей быў нацяты дзеля таго, каб спатоліць сваім добра падсмажаным з цыбуляй і часныком целам бязьмежны апэтыт людзкіх масаў. Хлапец лічыў сабе індывідуалістам, і духовыя праблемы іншых яго мала хвалявалі.

Паверхам ніжэй смажылі дзяўчат. Акруглыя формы іхніх клубаў і аголеных грудзей былі нагэтулькі прывабныя, што некаторыя найбольш спрытныя жыхары места, а менавіта гандляры кветкамі і вясельным убраньнем, ужо нецярпліва рыхтавалі свае нажы ды відэльцы. Але ж пакуль што дзяўчаты толькі неяк млявавата дый жэманна перамаўляліся паміж сабой, паступова выварваючыся перад смажаньнем у гарчычным соўсе.

Як і мае быць, новы дзень уступаў у свае правы пакрысе, нібы згодна з даўно распрацаваным немаведама кім сцэнаром. Прыблізна а пятай гадзіне раніцы бязьлюдныя зьледзянелыя вуліцы былі асьветленыя фарамі першых машынаў. Жыхары прыдарожных дамоў, пабуджаныя трымценьнем і бразгатам матораў, да якога далучалася завываньне сырэнаў і рэзкія ўсхліпы стрэлаў, у страху сьцішваліся ў сваіх пакоях, намагаючыся нават ня дыхаць. Тыя, хто запаланяў гарадзкія вуліцы ў гэты час, выклікалі няўцямны, бадай жывёльны жах. Ніхто ня ведаў напэўна, што гэта былі за істоты, ніхто з жывых іх ня бачыў альбо ня быў у стане распавесьці пра ўбачанае. Казалі толькі, што гэтыя людзі маюць аднолькавыя твары, падобныя да пысаў белых мядзьведзяў, і на кожным зь іх пальцаў расьце па два пазногці. Не была дарэшты зразумелай і мэта іх зьяўленьня на ранішніх вуліцах, але гэтае веданьне, відаць, было б жахлівейшым за ўсялякія здагадкі, бо наступствы іхняй працы ліквідуюць сьнегаачышчальныя машыны, якія штодня, нават улетку, напаўняюць места скрыгатам мэталю аб асфальт а палове на шостую. І толькі рэдкія кроплі крыві на голай чорнай зямлі а палове на сёмую дазваляюць зразумець, што яшчэ гадзінай таму на вуліцах горада адбывалася нешта жахлівае.

142 дзень карнавалу быў адзначаны зьяўленьнем вялізнага чорнага крука, які матляў над горадам, засьцячы сваім ценем агні атракцыёнаў дый канторы мянялаў, пляцовак для спаборніцтва ў рукаблудстве і складаў, перапоўненых тлустай ежай. Спускаючыся долу, птах злавесна кружляў па-над бясформенай масай істоцьця людзкога тлуму, і пранізьлівыя мэталёвыя гукі, якія вырываліся зь ягонай дзюбы, раз-пораз заглушалі шум карнавалу. Бальшыня ўдзельнікаў забаваў не надала гэтаму няўцямнаму знаку аніякае ўвагі, да таго ж, шмат хто зь іх знаходзіўся ўжо ў такім стане, што папросту не заўважыў зьяўленьня крука.

Зрэшты, на тое, каб быць заўважанай, птушка і не прэтэндавала. Камянём упаўшы долу і выхапіўшы з паўп`янога натоўпу самага тоўстага і апэтытнага на выгляд грабара, які толькі быў у горадзе, яна гэтак жа імкліва ўзьнялася дагары і неўзабаве зьнікла за даляглядам.

Найбольш адметнай забавай 198 дня карнавалу стала небезьвядомая ў народзе гульня ў каменныя дроцікі. Адмыслова дзеля гэтага на гарадзкім сьметніку былі знойдзеныя некалькі дзесяткаў муміяў, адрузлых, зьмяклых і непрыгожых. Дзякуючы плённым высілкам нашых хірургаў, неўзабаве іх удалося ажывіць, адразу пасьля чаго яны былі праінструктаваныя адносна ўласнае ролі ў вечаровых забавах. Тэрмінова пабеленым, з нафарбаванымі вуснамі і прыпудранымі шчокамі муміям належыла лётаць па шматлікіх калідорах закінутага бункера агульнагарадзкога бомбасховішча, напаўняючы яго скляпеньні сваімі пранізьлівымі крыкамі. (Зрэшты, неабходна адразу адзначыць, гэта ў іх не зусім атрымалася, бо за час знаходжаньня ў зямлі галасавыя зьвязкі мумій адрузьлі й неймаверна расьцягнуліся, а ў некаторых зь іх яны ўвогуле былі выдаленыя пры муміфікаваньні, і голасна крычаць, не надрываючы горла, апошнім было вельмі і вельмі цяжка. У астатніх жа замест крыку з роту вырываўся шалёны ўсхліп, падобны да гукаў, якімі суправаджаецца расплюшваньне жалезным абцасам бота брытагаловага тушканчыка).

Пасьля таго, як бясконцыя ланцугі калідораў былі ўжо ўсьцяж напоненыя віскам ашалелых муміяў, кожнай зь якіх дзеля найлепшага выкананьня сваіх абавязкаў было выдаткавана з гарадзкой скарбніцы па 100 гр. мускатнага віна, у катакомбы сталі дапускацца і першыя ўдзельнікі паляваньня. Квіткі на гэтую забаву былі распрададзеныя ўжо за некалькі дзён да яе пачатку, і мэрыі давялося прыкласьці пэўныя намаганьні дзеля таго, каб арганізаваць новыя мейсцы паляваньня і задаволіць усіх ахвочых. Дачушыся пра тое, што паўдзельнічаць у забавах ім не выпадае з-за адсутнасьці квіткоў, 127 няўрымсьлівых аматараў стральбы па муміях скончыла жыцьцё самагубствам, а яшчэ адзін, 128-ы, зрабіў тое самае, але здолеў прынесьці процьму клопату ня толькі сабе, але й іншым. Выкінушыся са сьвяточнага дырыжаблю, ён патрапіў у клетку зь пяціхобатавым сланом. Раскіданыя па ўсім парамэтры клеткі рэшткі цела нябогі выклікалі ў слана пэўную цікаўнасьць, і таму былі ім неўзабаве зьедзеныя. А праз тое, што гэтая жывёліна спажывала апошнім годам выключна вэгэтарыянскую ежу, назаўтра ў яе здарылася нестрававаньне, дый і ўвогуле ў гэты дзень яна была не ў настроі, таму заплянаваную на вечар масавую п`есу-оргію “Хрумсьцяць костачкі хрум-хрум” давялося адкласьці да лепшага часу. І паколькі мэрыя нежартоўна дбала аб належным баўленьні вольнага часу сваіх падданых, а таксама дзеля непаўтарэньня вышэйзгаданага выпадку, новыя мейсцы для ўсіх ахвочых незабаве былі арганізаваныя. Дзеля гэтага давялося амаль удвая пашырыць плошчу бомбасховішча, ахвяраваўшы пры гэтым некалькімі жылымі дамамі і адной царквой.

Каменныя дроцікі, якія цэнтралізавана распаўсюджваліся непасрэдна перад уваходам у катакомбы, прадаваліся не раўнуючы з шалёнай хуткасьцю. Прадбачлівыя арганізатары паляваньня, заручыўшыся падтрымкай высокіх уладных структураў зь Міністэрства склепаў і каменаломняў, пачалі нарыхтоўваць дроцікі яшчэ задоўга да пачатку забаваў. Зважаючы на тое, што магла ўтварыцца пэўная нястача гэтай прадукцыі, за некалькі дзён перад паляваньнем да вырабу дроцікаў былі падключаныя ўсе прадпрыемствы з выкарыстаньнем працы інвалідаў, якіх у горадзе налічвалася ажно 857. Ускладзеныя на іх надзеі інваліды апраўдалі напоўніцу, таму ніякай нястачы зброі для паляваньня ў гэты вечар не назіралася і блізка.

Пачатак паляваньня ледзьве не азмрочыла адна даволі прыкрая, але ў той жа час і павучальная падзея. Рэч у тым, што калі першыя дроцікі ўжо знайшлі свае ахвяры, утыркнуўшыся ў мяккія вапняныя целы муміяў, у адной зь іх неспадзявана для ўсіх быў выяўлены апэндыцыт, прычым у даволі вострай форме. Лекарам, якія праводзілі мэдагляд мумій перад паляваньнем, была вынесеная строгая вымова з занясеньнем у асабістую справу, а сам нябога быў праапэраваны тэрмінова выкліканым з-за мяжы хірургам. І ўжо празь некалькі гадзінаў пасьля гэтага здавалася б безнадзейна хворая мумія была ў стане вярнуцца да сваіх пабрацімаў. Праўда, пасьля апэрацыі яна настойліва скардзілася на нясьцерпныя болі ў жываце, але належным чынам праінструктаваныя адносна падобных інцыдэнтаў абслугоўцы паляваньня пакінулі яе енкі без увагі. І зрабілі вельмі слушна: дзякуючы вышэйзгадагнаму болю ў жываце мумія стала хутчэй лётаць і гучней вішчаць (раз-пораз у яе нават атрымліваліся нішто сабе крыкі). Ідэальнейшы аб`ект для паляваньняў можна было хіба што ўявіць.

Што ж тычыцца самога паляваньня... Адкідаючы непатрэбную сьціпласьць, можна зь вялікай доляй пэўнасьці сказаць, што майстэрства нашых паляўнічых дасягнула свайго апагею. На гэты раз яны прадэманстравалі проста ашаламляльныя вынікі, і тут нельга не аддаць ім належнае. Уцякаючы ад паўсюдных трапных дроцікаў, муміі хаваліся ў самыя далёкія закуткі катакомбаў. Але і там іх насьцігалі пільныя позіркі руплівых паляўнічых. Колкія дроцікі ўтыркаліся ў струпелыя целы адзін за адным, і неўзабаве, як трапна заўважыў нейкі вэтэран паляваньня на яшчараў, які быў у складзе журы, муміі сталі падобнымі да хворых на сыфіліс дзікаабразаў. Хутка зьявіліся і першыя трафэі. Запэцканыя ссохлай згусьцелай крывёю распухлыя аграмадзіны-муміі неяк сьмешнавата і ненатуральна месьціліся на адмысловым насьце, і шумлівая дзятва, якая з усяго горада сабралася на паляваньне дзеля таго, каб маральна падтрымаць старэйшае пакаленьне, сваіх бацькоў ды дзядоў, літаральна надрывалася ад сьмеху. Дый ня дзіўна: ня кожны ж дзень можа надарыцца магчымасьць беспакарана пацягаць гэтых нерухомых бурнатых істотаў за нос і за вушы і нават пры жаданьні пакінуць некаторыя найбольш цікавыя часткі муміяў сабе на сувэніры.

Калі апошняя мумія, якой уздумалася стаіцца ў шахце закінутага каналізацыйнага люка, была ўрэшце выяўленая дый зьліквідаваная, адбылося ўрачыстае падвядзеньне вынікаў гэтага дня паляваньня. Найтрапным стралком горада быў названы Ібрусь Бырскі, які адным сваім дроцікам здолеў выбіць усе тры вокі муміі, а найбольш рэзультатыўным паляўнічым стаў Барусь Ібрскі, чые стрэлы ня толькі нанесьлі сьмяротныя раны дзевятнаццаці муміям, але й дасягнулі грудзей ды сэрца адной з удзельніцаў забаваў, заходнегвінэйскай амазонцы, закаханай у самую вялікую дый крыважэрную пачвару.

Згодна з цудоўнай старадаўняй традыцыяй, усе трафэі былі пароўну падзеленыя паміж удзельнікамі паляваньня і іхнімі сем`ямі.

 

Дзень набліжаўся, і перад вачыма пакрысе пачала паўставаць шарая пена сьвятла. Яна несла ў сабе мітусьню, тое пачуцьцё няўцямнай незадаволенасьці, якое прымушае чалавека пакідаць сваё жытло і выпраўляцца прамозглым лютаўскім ранкам у пошуках немаведама чаго. Хаця чакаць уласнае сьмерці ў хатнім цяпле нашмат ямчэй дый утульней; як вядома, трупы нейкі час яшчэ працягваюць захоўваць блізкую да пакаёвай тэмпэратуру, астываньне ж пачынаецца на некалькі хвіляў п а с ь л я, калі ўжо ўсё адно.

Як бы кантрастуючы са звычайнай запаволенасьцю ягоных першых думак насталага дня, пена поўніла пакой надзвычай хутка. Паступова яна абвалакла сваёй бруднай няіснасьцю яго ногі і няўхільна працягвала пасоўвацца далей. Неўзабаве яна дацягнулася і да шыі: дотык агіднага халоднага студня да мяккае скуры. Пена пакрысе запаўняе сабой усё; на даляглядзе, калі прыгледзецца, можна ўбачыць верхавіны паўраструшчаных гатычных вежаў і бездапаможную ваяўнічую дасканаласьць пакінутых сваімі гаспадарамі будаўнічых кранаў. Ягонае цела пакуль што боўтаецца на паверхні, але зразумела, што неўзабаве паглынутае будзе і яно. У некалькіх мэтрах ад яго з гэтае бурлівае жыжы выплывае нешта чорнае і барадатае. Калі трохі напружыць вочы, можна зразумець, што гэта гойдаецца на неабсяжных хвалях абмяклае і ўспухлае ад вільгаці бездапаможнае цельца дохлага труса.

 

Дні традыцыйнага карнавалу на вуліцы Гідраўлічнай ускалыхнулі і працаўнікоў сякеры дый бэтонамяшалкі. Напярэдадні сьвята адмыслова для ўрачыстасьцяў на камбінаце салодкага бачаньня сноў была выпушчаная новая партыя ложкаў дзеля спаралізаваных. Цяпер гэтыя людзі могуць, знаходзячыся ў стане летаргічнага сну, ня толькі наведваць кіназалі, але таксама і гуляць у даміно дый нарды з пэрсанажам пад сэрыйным нумарам ВАПРОАВ78787. Нягледзячы на тое, што ўсе ложкі зробленыя з паперы (каб, у адпаведнасьці з адпаведнымі пастановамі, не парушыць цнатлівую бязважкасьць сну), цяпер яны могуць зьмяшчаць ня толькі аднаго, але й двух, трох і нават ста пяцідзесяці чатырох кліентаў. Зьявіліся новыя мадэлі такого кшталту мэблі: ложкі двуспальныя, лётныя (прызначаныя адмыслова для экіпажу зьбітага кітайцамі пад Грунвальдам самалёту №54564), а таксама батальённыя.

На прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай зьўяленьню навінкі, галоўны тэхноляг па снах камбінату Ірввар Ырльскі падкрэсьліў, што продаж гэтых вырабаў значна палепшыць баўленьне вольнага часу спараліжаваных, у прыватнасьці, дазволіць ім жыць актыўным полавым жыцьцём. Па словах сп. Ырльскага, асабіста ён не карыстаецца новымі мадэлямі ложкаў толькі таму, што на працягу вось ужо як 876 год знаходзіцца ў стане комы. Што ж, пазычым посьпеху маладым, але шматабяцальным пачынаньням!

рух вечны бязрушнасьць ёсьць сьмерць рух сьмецьця ўздоўж стокавага рыштоку рух іншародных атамаў скрозь матэрыю цела маленькі сяміпалы хлопчык ідзе па вуліцы несучы за сьпіной яйкі жоўтага ваўкадава рух вады ў каналізацыйных сыстэмах рух крыві па артэрыях маленькі сяміпалы хлопчык ідзе па вуліцы несучы за сьпіной яйкі жоўтага ваўкадава рух сьліны ўніз па падбароддзі рух позіркаў у перапоўненым транспарце рух зялёных пачвараў па пратрухлых цагляных сьценах маленькі сяміпалы хлопчык ідзе па вуліцы несучы за сьпіной яйкі жоўтага ваўкадава рух думак рух ланцугоў рух пацукоў наверх па ножках стала маленькі сяміпалы хлопчык ідзе па вуліцы несучы за сьпіной яйкі жоўтага ваўкадава рух чорнага колеру на даляглядзе рух крыві ў каналізацыйных сыстэмах

маленькі сяміпалы хлопчык ідзе па вуліцы несучы за сьпіной яйкі жоўтага ваўкадава

“Эээээррррррррр” – за што людзі любяць самоту, дык хіба за магчымасьць пазяхаць як заўгодна і колькі заўгодна, хоць да вушэй сваю зяпу расплюшчы, усё адно ніхто не пабачыць. Кібік уцягнуў у сабе апошні глыточак саладжавае гарбаты і паставіў кубачак на шурпатае ад палупленай фарбы падваконьне. Была яшчэ толькі адзінаццатая раніцы, але вясновае сонейка ўжо пакідала на сьценах габінэту свае адімеціны. Толькі адзінаццатая раніцы... Значыць, сядзець у офісы ў чаканьні Сябія, бавячы час за ідыёцкімі кампутарнымі гульнямі наканавана як найменш гадзіны тры. І навошта яму зарымсьціла ехаць у выдавецтва менавіта сёньня? Нядзеля ж як ні як, мог бы знайсьці сабе якісь цікавейшы занятак за гэтую бязглуздую валтузьню з накладнымі. Усё адно больш як адсоткаў 6-7 ня скіне, хоць тут вышэй галавы скокні.

Кібік лянотна прыўзьняў правую руку, выцягнуў яе ва ўсю даўжыню і наўгад вадзіў па габляванай сталешніцы аж датуль, покуль не намацаў дзіўнаватую канструкцыю тэлефона. “Піі-іі”- пачулася зь нетраў пазбаўленай свайго мейсца на рычажках слухаўкі. Набраць нумар якой-небудзь прыгожай і гострай на язык знаёмай – правераны спосаб хаця б трошкі паскорыць бег часу. Калі, канешне, тая знаёмая яшчэ захоча з табой размаўляць, а ня скажа, прыкладам, што ў кухні яе чакае-не дачакаецца муж, а таму... Зрэшты, можна й не спрабаваць. Ну які ж дурань будзе сядзець у хаце па такім надвор`і?

Калі праграма 267 дня карнавалу была ўжо амаль высіляная, і людзі патроху разыходзіліся па хатах дзеля таго, каб адпачыць і належным чынам падрыхтавацца да забаваў дня заўтрашняга, у натоўпе, што згрупаваўся вакол блазна, які досыць пацешна жангляваў каровінымі косткамі, раптам зьявіўся нейкі дзіўнаваты стары. Дагэтуль ніхто з прысутных яго ня бачыў, і наўрад ці хтось ведаў, адкуль ён тут узяўся і што зь сябе ўяўляе. Дый і сам выгляд гэтага чалавека быў нейкі надта ўжо нязвыклы для тутэйшых мясьцінаў. Хударлявае ягонае цела з ног да галавы пакрываў падзёрты, запэцканы ў нешта жоўтае плед, а зь дзіравага капелюша тырчэлі два ці тры курыныя пёркі. Натыркаючыся на ўдзельнікаў карнавалу і нібы не заўважаючы іх, не адчуваючы дотыкаў сваіх кашчавых рук да іх поўных жыцьця целаў, стары ўпарта рухаўся паўз натоўп, і калі б на яго своечасова не зьвярнулі ўвагу, ён бы, відаць,працяў усё кола наскрозь і пайшоў сабе далей, вымавіўшы пры гэтым нешта накшталт: “Калі гадзіньнікі спыняюцца, месяц пачынае бегаць трусцой вакол дома, і дывановыя пакрыцьці твайго сну стаюцца такімі лёгкімі”.

Мяркуючы па ўсім, стары быў зусім не сьляпы, дый і розумам ён не асабліва і вызначаўся, калі казаў падобныя фразы ў такім недарэчным для іх мейсцы. Зрэшты, цяпер яму ўжо позна пра гэта шкадаваць, бо блазан быў нагэтулькі п`яны, што неўзабаве ён усім абрыдзеў, а вось стары выявіўся акурат тым аб`ектам, на якім можна было засяродзіць увагу.

Калі сьвярдзёлак электрычнага дрылю, выцягнутага з кішэні аднаго з прысутных, дакранулася да вачнога яблыка старога, ад ягонай фанабэрлівай флегматычнасьці не засталося й сьледа. Дзякуючы гэтаму дзядулю прымяненьне для сваёй несканчальнай энэргіі знайшлі ці ня ўсе, хто толькі хацеў. Два найсьмельшыя удзельнікі карнавалу сарвалі са старога плед, агаліўшы ягоныя брыдкія з выгляду лыткі, і кінулі яго зграйцы жанчынаў, якія адразу ж узьнялі тлум і разьдзёрлі вопратку небаракі на дробныя шматкі. Парачка малойцаў моцна ўхапілі дзядка за абедзьве рукі, у чым, зрэшты, аніякае патрэбы не было, бо агаломшаны стары зусім не супраціўляўся. Яшчэ двое сьмельчакоў гвалтам расплюшчылі нябогу вока і прытрымлівалі яго павекі каб палегчыць працу сьвідравальшчыку. З-пад сьвярдзёлка дыямэтрам 8 мм, якое павольна паглыблялася ў вока старога, выскоквалі пырскі нейкае клейкае вадкасьці. Іван Ільіч (а дрыль трымаў несумненна ён) сваю справу ведаў добра, робячы досыць простую і звыклую для яго працу надзвычай тэатральна, зь нейкім аплёмбам, што адразу было адзначана ўдзячнай публікай.

Неўзабаве справа была скончаная, і на мейсцы, дзе яшчэ зусім нядаўна красавалася вока дзядулі, зьзяла чырвоная ірваная адтуліна, а Іван Ільіч старанна праціраў перапэцканы крывёю інструмэнт пазычанай у жонкі насовачкай. Выціснуты з вачніцаў другі ворган зроку старога круціў нібы маленькую галу паміж пальцамі нейкі бамбіза ў шлёпках на басую нагу, у той час калі ягоны сябра ўгаворваў дзядулю добраахвотна яго зьесьці. Аднак прамоўленыя ласкавыя словы не знайшлі ў душы старога аніякага адказу, і публіка была змушаная перайсьці да больш рашучых мераў. Неўзабаве пасярод сутаргова сьціснутых цёмна-жоўтых зубоў небаракі зьявілася прабітая далатом шчыліна неабходных памераў, куды неўзабаве было ўрачыста апушчанае скрываўленае вока. Дзеля таго, каб стары добра перажаваў дый засвоіў страву, двое хлапцоў пачалі хутка паднымаць ды апускаць ягоную верхнюю сківіцу, і рабілі так датуль, покуль у іх не стаміліся рукі, а рэшткі даўно нячышчаных зубоў старога не былі раскрышаныя ўшчэнт.

На даляглядзе ўжо пачало віднець, і для ўсіх стала зрмазумела, што прысьпеў самы час разыходзіцца па хатах. Людзі, разьбіўшыся на супрускія пары, нясьпешнаю хадою пакідалі вуліцу Гідраўлічую, і шмат хто зь іх, ужо адыйшоўшыся на пэўную адлегласьць, абарочваўся, каб яшчэ раз акінуць позіркам мейсца нядаўніх забаваў. Дый і паглядзець, трэба сказаць, было на што. Абсалютова голы стары зь вялікімі чырвонымі пасмамі замест вачэй разгублена дый сьмешнавата матляў галавой, бясплённа торхаючыся на мейсцы і відаць ня ведаючы, куды яму належыць ісьці. Цяпер ягоная сьлепата была зусім не абразьлівай для іншых, і да таго ж непрытворнай.

 

Яна паставіла запаленую сьвечку ў пройму вакна, не баючыся і нават ня думаючы пра тое, што ейны дрыготкі вагеньчык хутка згасіць халодны студзеньскі вецер. Час сыходзіў неяк празьмерна імкліва, аж да недарэчнасьці, нібы вада ў адтуліну на дне ванны, і разглядзець твары пасажыраў зялёнага трамваю было немагчыма. Парцалянавыя словы зь цюканьнем падалі на падлогу, ажывалі і пераўтвараліся ў вялікіх сьлімакоў, надзеленых крылцамі дыстыляванай ваўчынай радасьці. У ільдзяным паўпразрыстым слоіку яна захоўвала свае ўчорашнія мроі: пранафталіненую памяць пра тое, чаго ніколі не было і што ніколі ня здарыцца. Жабы так любяць гнездаваць у маіх успамінах, падумала яна, там дататкова вільготна і для іх вельмі ўтульна.

Шкляныя аскепкі парушаных сноў угрызаюцца ў твар, расьсякаючы скуру й пакідаючы па сабе крывавыя пасмы. “Няўжо гэта канец!”-- зьдзіўляцца банальнасьці сваіх думак не было ўжо аніякае моцы. Гострыя іголкі паміж пальцамі, нязноснае валадарства роспачы, дрэвы за вокнамі паступова мяняюць адценьне, чужая вясна хай яна трошкі трошачкі няўзнак зусім непрыкметна Будзе

Гукі біцьця шклянога посуду пад акампанэмэнт маршаў і лезгінак, агучаных мноствам трубаў, клярнэтаў, трамбонаў і клявэсынаў, абвяшчалі пачатак 565 дня карнавалу. Яго ўдзельнікі, а дакладней, тыя зь іх, хто яшчэ мог рухацца, пакрысе сьцякаліся да вуліцы Гідраўлічнай, эпіцэнтра сьвята, каб прыняць удзел у масавай гульні “Утапі брата свайго”, якая была заплянаваная на той дзень. Тыя, хто самастойна рухацца ўжо ня мог, былі змушаныя перамяшчацца пры дапамозе адмыслова збудаванага дзеля абслугоўваньня ўрачыстасьцяў мэтро для інвалідаў. Карыстацца гэтым кшталтам транспарту маглі нават тыя, хто зусім ня меў грошай (а іх на той час не засталося ўжо не раўнуючы ні ў кога), бо аплата за праезд складала ўсяго 1см3 жывога чалавечага мяса, якое адразу ж на мейсцы адразалася гостра заточанымі нажніцамі ад любой з частак цела пасажыра.

Калі згодна з загадзя распрацаваным сцэнаром быў ужо самы час распачынаць забавы, здарылася нешта такое, што выклікала ва ўсіх тых, хто застаўся пасьля гэтага жывым, нейкае своеасаблівае і нават хваравітае здуменьне. Выпадак гэты быў напраўдзе незвычайны і выключны, і меркаваць аб тым можна хаця б таму, што гульні й забавы гэтага дня карнавалу давялося перапыніць на цэлыя тры гадзіны.

Справа ў тым, што нібы трапна пушчаная кімсьці страла, у горад уляцеў магутны вецер, ён, бы сьляпы разгублены волат гойсаў па вуліцах, зрываючы дахі з дамоў і перакульваючы яткі зь нясьвежым каціным мясам, ірвучы павуціньне правадоў і пазбаўляючы маскавальных апранахаў трупы людзей і жывёлаў, што ляжалі проста на хадоўнях, пакінутыя там па сканчэньні ўчорашніх і заўчорашніх забаваў. Урэшце гігантычная жэлезабэтонная калюмнада, якая згодна з задумай архітэктараў павінна была замяняць жыхарам места Пакроў Божай Маці, рухнула, расколваючыся на часткі і хаваючы пад сабой усіх тых, хто спадзяваўся знайсьці пад ёй прытулак.

На нейкі час ва ўсім горадзе зьнікла электрычнасьць, і ўдзельнікі карнавалу былі змушаныя бавіцца гульнёй у даміно пры сьвятле вогнішчаў з кніг. Тыя нешматлікія, хто ўратаваўся ад бяды, згуртаваліся на невялічкім лапіку зямлі на паўднёвай ускраіне места, вольным ад абломкаў. З-пад руінаў расьцярушаных гмахаў раз-пораз раздаваліся жаласьлівыя крыкі і стогны, і апошняе моцна замінала ўдзельнікам карнавалу бавіць свой вольны час, адчувальна псуючы ім настрой. Таму па настойлівай просьбе найбольш руплівых удзельнікаў урачыстасьцяў і згодна з распараджэньнем уладных структураў неўзабаве гэтыя енкі былі заглушаныя гучнай музыкай, якая разносілася з тэрмінова дастаўленых на пустку стакіляватавых акустычных сыстэмаў. Распачалася дыскатэка, дзе вясёлкі раструшчаных падчас навальніцы пражэктараў замянялі агні пажараў, што палымнелі над горадам. У перапынку паміж скокамі да сабраных зьвярнуўся мэр горада, які толькі што здолеў пакінуць сваё заваленае бітай цэглай бомбасховішча. Паводле ягонях словаў, ён, як і ўсе прысутныя, вельмі шкадуе аб тым, што здарылася, і прыкладзе ўсе свае намаганьні дзеля таго, каб у далейшым ніякія падобныя інцыдэнты не маглі зашкодзіць рэалізацыі заслужанага права грамадзянаў на адпачынак. Што ж тычыцца карнавалу, ніякія стыхійныя бядоцьці і катастрофы ня здолеюць перапыніць ягоны належны цяг. Таму, па словах мэра, адразу пасьля некаторых асабліва неабходных ліквідацыйных працаў, якія, паводле перакананасьці галавы горада, будуць завершаныя не пазьней як празь некалькі гадзінаў, карнавал ускалыхне места з новай сілай.

 

 

НОБЭЛЕЎСКАЯ ЛЕКЦЫЯ

Краіна, ў якой мне давялося нарадзіцца, асацыюецца ў большасьці жыхароў Вольнага Сьвету зь неабсяжнымі балотамі, квадратнымі кілямэтрамі дзікіх гаёў і вурбліскамі, своеасаблівымі істотамі, якія насяляюць гэтыя мясьціны. (Што тычыцца апошніх, дык гэта малавывучаныя покуль што сусьветнай навукай напаўлюдзі-напаўдрэвы, кожны зь якіх мае восем галоваў і тры падобныя да слановых хобаты рознае даўжыні.) Менавіта пад гэтым своеасаблівым кодавым найменьнем мая Бацькаўшчына і зафіксаваная ў аналях сусьветнае гісторыі ды культуры, і менавіта ў кантэксьце апісаных вышэй зьяваў шараговы жыхар Сярэдняе, Паўночнае дый Паўночна-Сярэдняе Эўропы ўспрымае гэтую заблякаваную шэрымі абшарамі гор невялічкую краіну.

На вялікі жаль, а зрэшты, можа, і на шчасьце, я не магу ганарыцца сваім тыповым для кожнага сярэднестатыстычнага беларуса горскім паходжаньнем. Мае продкі не былі ані бясстрашнымі мараходамі-калянізатарамі, якія далучалі да сваёй імпэрыі адну заселеную абарыгенамі выспу за іншай, ані жыхарамі падземных тунэляў. Мае дзяды дый бацькі, як і я сам, нарадзіліся і ўзгадаваліся ў пустэльні, дзе месца старадаўніх трыццаціпавярховых замкаў займаюць убогія хаціны земляробаў, збудаваныя з попелу, зьмяшанага з чалавечымі валасамі, дзе замест шыкоўных пальмаў расьце пацьвілая трава. Увогуле, мала хто з тут сабраных ведае, што значная частка беларускага народу жыве менавіта тут, у безназоўных забытых цывізацыяй пясках, якія распасьціраюцца на поўнач ад Менску і бяруць свой пачатак літаральна за некалькі кілямэтраў ад брамы нашае сталіцы. Хаця, як ні дзіўна, гэта менавіта так, і пранізьліва-глухой вобразнасьцю сваіх вершаў, іх падобнай да водара падгнілага яблыка настраёвасьцю я абавязаны менавіта самым што ні ёсьць звыклым рэаліям быцьця жыхароў пустэльні, месцу, дзе сонца ўзыходзіць двойчы на дзень, а ноч наступае раз на два тыдні, прыносячы на сваіх крылах вільгаць спаражненьняў зялёнага месяцу.

Але ж ня толькі вечны нязносны смутак зьяўляецца характэрнай онталягічнай рысай жыхароў гэтых мясьцінаў. У іх працятыя будзёнасьцю дні раз-пораз пранікае маланка радасьці ды прыемнае заспакоенасьці. На розных дыялектах нашага племені яна мае розныя найменьні, але ўсе яны абазначаюць маленькую птушачку памерам са звычайны вадаправодны шлянг — трохгаловае калібры. Мой бацька, сельскі настаўнік і прыроджаны інтэлігент, вельмі любіў са спатольна-суцішным выразам на твары назіраць за гэтымі крохкімі і амаль незямнымі істотамі, якія зьяўляліся ў нашых краёх вельмі рэдка, не часьцей як раз на год, дый і тое ўсяго толькі на некалькі дзён, калі менскія мікрараёны “Паўночны Захад” і “Паўночны Ўсход” прабіралі моцныя маразы. Гэтыя птушкі, бы поўны самаахвярнасьці Прамэтэй, прыносілі нам шчасьце, якое каштавала такога дарагога для нас іхняга жыцьця. На жаль, прадстаўнікам гэтай вельмі своеасаблівай і нязвыклай для фаўны пустэльні прыроды нябесных стварэньняў (з лаціне іхняе найменьне перакладаецца як зялёны нож) на нашай гаротнай зямлі папросту бракавала хлеба надзённага і, не знайшоўшы сабе неабходнага для пражытку харчаваньня яны неўзабаве паміралі. Намагаючыся скрасіць іхні незвычайна цяжкі й трагічны лёс, мой бацька, а неўзабаве і сястра спрабавалі працягнуць жыцьцё гэтых птушак, падкормліваючы іх кавалкамі ўласнае плоці. Але гэта мала дапамагала, і прычынай таму, відаць, быў нейкі звышсвоеасаблівы склад крыві жыхароў гэтых мясьцінаў, маласпалучальны з усімі іншымі відамі біялягічнага жыцьця на зямлі.

Трупікі гэтых маленькіх птушак настолькі лёгкія, што яны ня падаюць на зямлю, але назаўсёды застываюць у паветры (...).

 

Няма нічога дзіўнага ў тым, што вялікую ролю ў маім жыцьці заўсёды адыгрывала ежа. Яе спажываньне для мяне зьяўляецца ня толькі мэханічным паглынаньнем прусакоў і крумкачоў, якіх зазвычай забіваюць электрычным токам высакавольтных ліній, і таму асобныя ворганы іхніх целаў працягваюць трымцець ужо пасьля таго, як яны трапляюць у рот. Ежа зьяўляецца для мяне нечым большым — своеасаблівым спосабам зносінаў з навакольным сьветам, магчымасьцю глыбейшага спазнаньня рэчаіснасьці і пранікненьня некуды далей, у невядомыя абшары, падобныя да вялізнага рондаля для мыцьця бялізны, трохі паржаўленага ўжо знутры. Там было трохі волка, бо шурпатыя сьценкі гэтай судзіны заўсёды ўтрымлівалі ў сабе кроплі вільгаці. І яшчэ... Там лёталі голыя валасатыя мужыкі, лысыя і з вусамі. Ужо шматкроць пазьней я спасьцігнуў, што сапраўдная назва гэтых напаўрэальных прастораў гучыць на мове простых сьмяротных як паэзія.

Безумоўна, такія істоты, як крумкачы, былі вялікай рэдкасьцю для нашых ваколіцаў. Бо вы ж ведаеце, гэтыя птушкі любяць пяшчотнае паўднёвае сонца, і іхнія дрогкія крылцы не вытрымліваюць цяжару сьнегу, што йдзе ў нас ледзьве ня круглы год. І таму раз на два месяцы мы з братам ды сястрой, часам яшчэ прыхапіўшы з сабой цётку, выпраўляліся купляць ежу ў тыя месцы, дзе яна каштавала куды таньней, як у нашых краёх.

Помніцца, недзе на поўдні Баранавіцкага раёна быў створаны цэлы заказьнік, дзе выгадоўваліся дый набіралі вагу лепшыя на Беларусі крумкачы. Вялізныя абшары былі абгароджаныя колкім дротам, суровыя твары вартаўнікоў з адмысловага аддзелу ўнутраных войскаў МУС РБ. З усёй нашай краіны туды сьцягваліся невылечна хворыя жевёлы дый людзі — старыя сабакі з аблезнай поўсьцю, бяззубыя коні, падобныя да недагрызеных ножак курыцы бабулькі, вялікагаловыя дзеці зь дзіўнымі выразамі твараў. Зь цягам часу яны без асаблівай дапамогі паміралі, забясьпечваючы крумкачоў цэлымі тонамі падлы.

Водар у гэтыў месцах стаяў такі, што груганьнё зьляталася туды цэлымі зграямі. Ежы хапала там на ўсіх, і крумкачы, якія траплялі туды, настолькі абжыраліся, што нават развучваліся лётаць. Таму забіць гэтых птушак пры дапамозе электрычнага току не ўяўляла асаблівай праблемы.

Цельцы крумкачоў прадаваліся тут жа, на невялічкім рыначку побач з галоўным уваходам у заказьнік. Кошты на іх былі бадай самымі нізкімі ўва ўсёй Беларусі, і таму людзі нават здалёк прыязджалі туды дзеля таго, каб закупіцца ежай.

Хаця некаторыя прадпрымальныя грамадзяне, такія, як, напрыклад, мой дзядзька, спрабавалі парушыць гэтую дзяржаўную манаполію дый заняцца разьвядзеньнем крумкачоў самім. Але нічога памыснага ў іх часьцей за ўсё не атрымлівалася. Праблемаў узьнікала вельмі шмат, і тычыліся яны перадусім здабыцьця падлы, неабходнай для прынады. Да таго ж, зморшчаная рука маёй стрыечнай бабулі, прымацаваная дзядзькам на гарышчы ягонага дома, павісеўшы некалькі тыдняў, пачала вельмі моцна сьмярдзець. Нагэтулькі, што дзядзька пагадзіўся прадаць гэтую прынаду суседу, замяніўшы яе новай (калі мне ня здраджвае памяць, гэта была правая рука маёй бабулі, бо левая дасталася суседу. Хаця, магчыма, я і памыляюся, і сусед атрымаў правую руку, у той час, як дзядзька выцягнуў зь лядоўні левую). Так, зь лядоўні, бо расчлененае цела атручанай ім бабулі дзядзька паклаў у адну са сваіх лядоўняў — па-мойму, у тую, што была ў яго на другім паверсе.

Дык вось, можна толькі ўявіць, у якой роспачы быў мой дзядзька, калі пабачыў, што менавіта гэтая напаўразложаная рука, прададзеная суседу і прымацаваная да ягонага даху, прыцягнула самую пільную ўвагу вялікай крумкачовай сям`і, што пралятала міма . На сьвежае і яшчэ не дарэшты размарожанае мяса ніхто з гэтых птушак не спакусіўся.

Мой бацька быў далёкі нават ад самой думкі распачаць такія экспэрымэнты, да таго ж, як ужо было сказана вышэй, крумкачы заляталі ў нашыя краі ня так і часта, як бы нам таго ні хацелася. І таму ежу часьцей за ўсё даводзілася купляць. Хаця часам надаралася і нешта скрасьці. Але тое месца, гэтую зону пад Баранавічамі, ахоўвалі вельмі пільна. Кожны, хто трапляў туды з мэтай што-колечы сьцягнуць і быў злоўлены вартаўнікамі — дзікаватымі дзядзькамі ў зялёных барэтах і зь неверагоднага памеру бародамі, сам рабіўся прынадай для крумкачоў. Праўда, ставалася так не адразу, бо, як мы ўжо адзначалі вышэй, гэтыя птушкі аддаюць відавочную перавагу падгніламу мясу перад сьвежым.

Калі крумкачы не выкарыстоўваліся дзеля спаталеньня нашага голаду адразу пасьля набыцьця, у сырым выглядзе, калі яны не разрываліся нашымі рукамі на часткі і не запіхваліся касьцістымі пальцамі ў нашыя прагныя раты, яны траплялі на стол згатаванымі. Надзвычайна добра ўмела гатаваць гэтых птушак мая маці. Яна дарэшты закопвала іх у гарачы пясок і выконвала на тым месцы, дзе ўтваралася невялічкая горка, старадаўнія рытуальныя танцы. У выніку птушкі ажывалі і запякаліся менавіта ў такім выглядзе, што рабіла іх куды смачнейшымі.

 

Адметным пэрыядам у маім жыцьці сталіся тыя восем год, якія мне давялося прапрацаваць на заводзе. Я амаль нічога ня памятаю з тае пары, таму шаноўнае спадарства мусіць мне прабачыць пэўныя недакладнасьці і супярэчлівасьці ў гэтых маіх успамінах.

...Узгадваю вялізныя гмахі, збудаваныя зь люстэркавага шкла. У гэтым шкле заўсёды адлюстроўвалася сьвежае вясновае сонейка, а калі сонейка не было, альбо не было вясны, шкло было намазанае тоўстым слоем птушынага тлушчу. Настолькі тоўстым, што яго можна было нават сашкрэбваць, намазваць на хлеб і есьці. Наш начальнік казаў, што курыны тлушч і сонейка — гэта рэчы з аднога лягічнага шэрагу.

Цяжка мне цяпер сказаць, чым займалася тое прадпрыемства, дзе я працаваў. Магчыма, вытворчасьцю штучных вачэй, альбо... ну, ці чымсьці падобным, у гэтай жа галіне. Наш завод уваходзіў у Асацыяцыю па стварэньні новага чалавека — вялізны транснацыянальны канцэрн, асобныя аддзяленьні якога былі і ў нашай краіне.

Праўда, калі мне ня здраджвае памяць, у дзейнасьці канцэрна пэрыядычна ўзьнікалі пэўныя збоі. Бальшыня камплектуючых была, мякка кажучы, ня самае лепшае якасьці, ды і з кадрамі здараліся вялікія праблемы.

Падчас маёй працы на заводзе пэўны час мне не было дзе жыць, бо прадпрыемства знаходзілася вельмі далёка ад майго дому, а грошай на тое, каб зьняць хаця б які катушок, у мяне не ставала. Таму цэлыя два гады мне даводзілася начаваць на заводзе, у невялічкім пакойчыку, дзе захоўваліся бракаваныя кампанэнты. І таму падчас майго сну на мяне безьязыка пазіралі дзясяткі дэфэктыўных галоваў, згрувашчаныя ў вялізнай скрыні, што стаяла на падлозе каля майго ложку. Галоваў са скошанымі падбарродзьдзямі, паталягічна вялікімі губамі альбо бяз носа. Дзіравых галоваў, па тварах якіх расьцёкся глеўкі сынтэтычны мозг.

Галовам увесь час было сумна, яны ніколі ня мелі чым заняцца, дый і мне бракавала і часу і жаданьня на тое, каб хаця б нейкім чынам іх забаўляць. І можа таму ў тых позірках, якія гэтыя галовы кідалі на мяне, чыталася нейкае глухое здранцьвелае асуджэньне. Хаця чаму так? Нейкі час я ставіўся да свайго суіснаваньня ў адным пакоі з мноствам галоваў даволі лібэральна.

Некаторыя зь іх бесьперастанку лыпалі вачыма, некаторыя маглі нават трохі размаўляць. Часамі ў іх узьнікалі ўсялякія гучныя спрэчкі, напрыклад, на тэмат вольнага каханьня альбо абароны навакольнага асяродзьдзя. Бывала гэта зазвычай бліжэй да ночы, калі мне ўжо трэба было класьціся спаць каб назаўтра прыступіць да працы з новымі сіламі. Не адзін раз мне даводзілася на іх папераджальна цыкаць, прасіць і пагражаць. Галовы тады трохі суцішваліся, але ненадоўга. Іхні шэпт усё адно неверагодна раздражняў мяне.

Так было датуль, покуль я не наважыўся паскардзіцца на амаральныя паводзіны галоваў распарадчыку. Гэтаму вясёламу дзядзьку ў тую хвілю якраз не было чаго рабіць, і таму ён паставіўся да маёй скаргі надзіва ўважліва. Узяўшы нажніцы для рэзкі мэталю, распарадчык спусьціўся да мяне ў пакой і цэлую гадзіну займаўся толькі тым, што выдзіраў усім галовам языкі, суправаджаючы гэты працэс няспыннымі расповедамі пра ўраджай агурчыкаў на сваім лецішчы і нешта яшчэ такога кшталту.

Пасьля гэтага ў маім жыцьці зьявілася ўрэшце тая суладнасьць, якой мне заўсёды моцна не ставала. Але неўзабаве, паназіраўшы некалькі гадзінаў за паводзінамі галоваў, я прыйшоў да высновы, што яны працягваюць размаўляць між сабой, толькі робяць гэта цяпер пры дапамозе вачэй. Мне было надта прыкра чуць іхнюю маўклівую гутарку, гукі лыпаньня павекамі літаральна ціснулі мне на слых. Аднак прайшло цэлых паўгады перад тым, як я нарэшце наважыўся папрасіць распарадчыка павыдзёўбваць гэтым балбатлівым галовам вочы. І на гэты раз ён пагадзіўся зрабіць для мяне такую паслугу толькі за пляшку чарніла.

Апроч галоваў, у маім пакоі таксама месьціліся рукі — са зморшчанай скурай, скрыўленыя ў канвульсіях, шасьціпалыя альбо пазбаўленыя пазногцяў. Былі яшчэ часткі тулава, ногі, геніталіі і ўнутраныя ворганы. Усё гэта скарачалася, дыхала, спрабавала рухацца — адным словам, жыло, альбо імкнулася жыць, перашкаджаючы мне засяродзіцца на сваіх думках і ўспамінах. Таму і нядзіўна, што ў сваім пакоі я не заўсёды адчуваў сябе ўтульна.

Але наогул успаміны з таго часу ў мяне засталіся выключна добрыя — маладосьць, рамантыка, суцэльны аптымізм... Зь вялікай прыемнасьцю ўзгадваю цяпер майго тагачаснага сябрука Валодзьку. Ён працаваў выдзьмувальшчыкам вачэй ў нашым цэху. Добры быў работнік, працавіты — заўсёды плян перавыконваў. Рабіў па трыста вачэй удзень, па пяцьсот нават часам выходзіла... Калі б усе ставіліся да свёй працы нагэтулькі ж адказна, як гэты просты хлопец з-пад Слуцка, справа стварэньня новага чалавека ніколі б не зайшла ў той тупік, у які яна трапіла цяпер(...).

 

Цяпер зьвернемся ды пытаньня аб маіх эстэтычных густах, поглядах на паэзію і творчасьць наогул.

Варта адразу адзначыць, што паэзія для мяне — гэта свайго кшталту магія. Магія, якая пагружае нас у вобласьць патаемнага, у сьвет, нябачны для чалавечага вока. Магія, якая мае свае рытуалы.

Менавіта яны дазваляюць нам прыадчыніць для сябе вузенькія дзьверы ў гэты дзіўны сьвет. І стацца сапраўдным паэтам мне ўдалося толькі пасьля таго, як я прыдбаў у адной з камісійных крамаў сталіцы залаты зуб Гамэра.

Рытуал, які я праводзіў з гэтым зубам, быў запазычаны мной у культуры першабытнага племені фау. Падрабязна апісваць яго тут я не зьбіраюся — урэшце рэшт, кожны творца мае права на свае ўласныя сакрэты. Хтосьці выкарыстоўвае дзеля таго, каб атрымаць натхненьне гліняныя фігуркі людзей і жывёлаў, хтосьці абмяжоўваецца простымі заклёнамі, авангардысты шырока займаюцца нэкрамантыяй, а для моладзі найбольш прывабнымі падаюцца рытуальныя танцы. Адным словам, кожны шукае свой шлях.

Хаця нельга забываць і пра тое, што натхненьне, матывы ўзьнікненьня паэтычнага настрою — рэч складаная і бадай невытлумачальная. І тут заўсёды ёсьць шанец памыліцца, пра што сьведчыць хаця б прыклад аднаго майго сябра, якому замест маткі Ахматавай нейкія прайдзісьведы прадалі звычайны курыны азадак. Але ён зразумеў, што яго падманулі толькі празь нейкі час пасьля таго, як зьеў сыры кавалак мяса і тлушчу і запіў яго цялячай крывёю, як гэтага патрабаваў абраны ім рытуал таёжных зулусаў. І ў выніку эстэтыка паэтычнай творчасьці гэтага чалавека стала настолькі арыгінальнай, што ніхто на Беларусі не асьмеліўся назваць ягоныя творы вершамі. Таму гэты хлапец, дарэчы, вельмі таленавіты, быў змушаны ўладкавацца на тэлебачаньне, у праграму “Рэзананс”, калі я не памыляюся.

А які сумны вынік мела знакамітая акцыя супольнага пажыраньня трупа Цёткі, зьдзейсьненая сябрамі літаб`яднаньня “Бум-бам-літ” на Маскоўскіх могілках у ноч з 3 на 4 сакавіка 1995 году! Целы бальшыні ўдзельнікаў гэтага шабасу празь якіх некалькі месяцаў сталіся вадкімі і неўзабаве высахлі на сонцы, бо дзень тады быў пагожы, і любая вадкасьць пераўтваралася ў пару літаральна на вачах.

Таму заклікаю нашую творчую моладзь ставіцца да магічных рытуалаў, зьвязаных з паэтычным натхненьнем як мага больш асьцярожна (...). 

 З лацінскай мовы пераклаў Міхась Баярын

 

 

АЛЬДАІР

 Гэтыя кветкі распусьціліся занадта рана. Скрыгат мэталёвых рамонкаў і валошак, што раскашавалі за вакном, пранікаў у найдалёкія куточкі мозгу бы накалёная ўсёпрацінальная голка. Ад паху бэнзыну ды машыннага алею, якім поўнілася паветра, сьвярбела ў носе і рабілася да ванітнасьці млява. Нейкі час ён яшчэ спадзяваўся ўратаваць свой дом, ізаляваць свой прытулак ад прысутнасьці гэтых сьмерцядайных мэталёвых расьлінаў і ліхаманкава, з псыхапатычнай настойлівасьцю наглуха забіваў усе шчылінкі і дзіркі ў сьценах свайго жытла ватай, але неўзабаве Альдаір ня мог не зразумець, што ўсе ягоныя намаганьні марныя. Мэталёвыя кветкі, суправаджаючы свой пераможны марш па вуліцах места мерным пагрукваньнем, штосэкундна пладзіліся і множыліся, паступова запаўняючы сабой усё. Яны поўнілі сабой усё, і ўратавацца ад іхняе навязьлівае прысутнасьці было немагчыма.

Раптам недзе ўнутры альдаіравага сховішча пачулася нейкае ціхенькае пацюкваньне, трохі падобнае да гукаў старога паржавелага звону. Альдаір схаваўся ў самым надзейным і бясьпечным месцы, якое ён толькі мог уявіць, уціснуўшыся ў танюткую шчылінку ў падлозе, і перастаў дыхаць. Гэтыя пачвары могуць злавіць у прыцемках твой позірк, падумаў ён і заплюшчыў вочы, засяродзіўшыся на сузіраньні нутраных камянёў, схаваных па той бок павекаў. Невялічкі званочак радасьці адчуджана бэмцаў на адным са шматлікіх вясельных катафалкаў, што імчаліся па вуліцы. Гэтак працягвалася вельмі доўга, так доўга, што нават цяжка ўявіць... можа, колькі гадзінаў, а можа і колькі дзён. Потым сонца, сумленна адпрацаваўшы належны свой час, пачало некуды хавацца, і пыльныя чорныя фіранкі, якімі было задрапаванае жытло Альдаіра, набылі паўнату свайго звычайнага адценьня.

Вялізны сьпелы аранжык на белым, толькі што адпрасаваным абрусе... Пах малака і сена... Магчыма, гэтыя вобразы гнязьдзіліся недзе ў дзяцінстве, разам з бабульчынымі казкамі пра Сінюю Пілу і іншымі згаслымі ўспамінамі, якія зусім нечакана часам яшчэ ўсплывалі ў сьвядомасьці Альдаіра. Маці казала, што ён нарадзіўся ў строі электрамантажніка з тэлефонным кабелем у задніцы, і гэта, паводле ейных словаў, не магло ня сьведчыць пра ягоны надзвычайны й шчасьлівы лёс. І да апошняга часу ён працягваў верыць у сваю выключную зорку, зрэшты, вострыя аскепкі гэтай веры засталіся ў яго сэрцы і пагэтуль. Дзеля таго, каб уцялесьніць гэтыя свае несьвядомыя ўяўленьні, Альдаір нават прыкляпаў да столі невячкую мумію зорачкі, вытачаную напільнікам з бляшаных накрывак з-пад маянэзных слоікаў.

Аднойчы бліжэй да вечару наўзбоч ілба ў Альдаіра пачалі расьці і хутка павялічвацца ў памерах пругкія чорныя рогі. Нейкі час тое, што рабілася на ягоным абліччы, нават у немалой ступені забаўляла Альдаіра, і з апантанай усьцешанасьцю ён неаднаразова прачынаўся сярод ночы дзеля таго, каб паглядзецца ў люстэрка, якое замяняла яму калюжына бруднай вады на падлозе. Тыя перамены, што адбываліся на ягоным твары, запальвалі ў яго сэрцы агеньчык адчуваньня нейкага абнаўленьня, і менавіта гэтага ён тады яшчэ моцна прагнуў. З тае прагнасьці зьявілася і звычка выразаць лобзікавай пілой на зубах разнастайныя карункі. Да таго ж, рогі выглядалі надзвычай зухавата, і ў нейкім сэнсе нават какетліва. Так было датуль, покуль яны ня сталі згінацца пад цяжарам паветра, уторкваючыся ў галаву і працінаючы чарапную каробку наскрозь. Праз гэта неўзабаве іх давялося пэрыядычна абломваць.

Хірург: А што гэта за крупінкі ў ягоным страўніку, такія... вось, зусім невялічкага памеру?

Асыстэнт: Каліуке біяцыт, калі не памыляюся. Рэчыва досыць распаўсюджанае, адзінае што, у яго плаўкасьць вялікая. Гэтай пачвары, відаць, трэба было спажываць болей цукру.

Хірург: Не, не, даражэнькі, я пытаюся пра гэтыя чырвоныя шарыкі, ну, вось жа яны, няўжо ня бачыце?

Асыстэнт: Ведаеце, нейкі незразумелы іншародны прадмет. Утрымлівае досыць вялікую колькасьць бактэрый... Рашчапленьню не паддаецца... Праграма АгІ указвае на адсутнасьць у прадмеце атамаў рапрпапаппрыяту... Вось...

Хірург: Ня варта казаць, што навука бясьсільна, Ікл. Ідэі такога кшталту выклікаюць у мяне... гм... неразуменьне. Я нібыта паставіў перад вамі канкрэтную задачу, да таго ж, вырашэньне падобных пытаньняў знаходзіцца ў вашай кампэтэнцыі згодна п. 233334 Кодэкса, а таксама адпаведнаму параграфу ў вашым кантракце.

Асыстэнт: Не, справа ня ў гэтым, спадар Урб. Дэталёва супаставіўшы ўсе дадзеныя табліцы з наяўнымі элемэнтамі, нам удалося вызначыць, што гэтае рэчыва паводле свайго складу і аміябілентнасьці атамаў знаходзіцца недзе паміж зрьбукілам і аропаапам. Паводле папярэдніх высноваў можна нават даць яму больш канкрэтную характарыстыку. Мяркуючы па ўсім, яно ўяўляе сабой прадукт, атрыманы шляхам абцукрываньня соку і мякаці пладоў маліны звычайнай, а папросту кажучы малінавае сочыва. Праз наяўнасьць у ім нейкіх дадатковых інгрыдыентаў дадзенае рэчыва пакуль што не ўдаецца падвергнуць расчапленьню на субатамы. Аднак, прыклаўшы пэўныя намаганьні, зь цягам часу можна атрымаць станоўчы вынік.

 

Больш за ўсё на сьвеце Альдаір баяўся мух. Выразы іх твараў нагадвалі яму тыя кавалкі млявае бессэнсоўнасьці, якія часьцяком суправаджалі яго падчас бясплённых рамантычна-мастурбацыйных вандровак ці ня ў кожным сьне. Сваім жужжаньнем і сынхронным лязгатам крылцаў мухі парушалі дыстыляваную супакойлівасьць альдаіравага існаваньня, яны былі такія гаваркія і да таго ж пэрманэнтна рухаліся, і гэта не магло падабацца Альдаіру, таму іх ён у нейкім сэнсе нават баяўся. Яшчэ здалёк адчуўшы іхняе набліжэньне, Альдаір умомант ніякавеў і намагаўся схавацца ў скрыню з-пад бульбы. Ад мух ён абараняўся ўсімі падуладнымі яму спосабамі, аднак гэта зусім не зьмяншала імклівасьці іх наступу на ягоную сьвядомасьць.

Ня менш непрыемныя ўражаньні засталіся ў Альдаіра і ад нешматлікіх у ягоным жыцьці зносінаў зь людзьмі. Гэта было даволі агідна, нібы павольнае і жорсткае гвалтаваньне нованароджанага кацяня. Альдаір прамаўляў нейкія гукі, сутаргова намагаючыся зьвязаць іх паміж сабой, але гэта не выклікала ў суразмоўцаў анічога, апроч ціхога маўклівага адчуджэньня. Гукі вывальваляся з рота Альдаіра разам са сьліною і той крывавай масай, якая суправаджала яе; бы цяжкія чыгуновыя шарыкі, падкінутыя ўгару, яны адразу ж глуха падалі на зямлю, час ад часу балюча адбіваючы суразмоўцу пальцы ног, і каціліся з грукаценьнем у пошуках нейкай невядомай Альдаіру лузы, ніколі, аднак, не трапляючы ў яе, нягледзячы на шматлікія карамболі.

Ягоным улюбёным суразмоўцам была трохфаеркавая газавая пліта, што займала найбольш ганаровае месца пасярод альдаіравага жытла, для яе нават быў збудаваны адмысловы алтар. Пліта заўсёды зь нязьменнай руплівасьцю адказвала на ўсе істотныя для Альдаіра пытаньні і нават сьпявала яму на ноч прыгожую калыханку на старажытнакельцкі матыў. Дзеля таго, каб пачуць ейны танюткі пранізьлівы галасок, дастаткова было хіба трохі павярнуць адзін з кранікаў управа.

...На вялікі жаль, час няспыннага знаходжаньня Альдаіра ў ягоным бункеры адназначна вызначыць не ўяўляецца магчымым. Дый ведаеце, шаноўнае спадарства, час - гэта ўвогуле даволі ўмоўная рэч, асабліва ў тым выпадку, калі на ўвазе маецца ня што іншае, як гэтая дзіўная для ўсіх нас істота. Наўрад ці Альдаір займаўся годазьлічэньнем, хаця, зрэшты, і мог бы, каб ня быў настолькі лянотным і неруплівым. Адзінай прыкметай пераадоленьня часавых бар'ераў у нашым выпадку зьяўляўся немінучы рытуал замены шкарпэтак па меры іх няўхільнага забруджваньня. Часавая адлегласьць паміж гэтымі рытуаламі напэўна не ўстаноўленая, але акурат яна і ўяўляе сабой прыдатны для лічэньня прамежак часу. Колькасьць такіх прамежкаў можна вызначыць дзякуючы адмысловым насечкам, якія Альдаір наносіў сваім вострым кіпцюром на адзін з муроў свайго сховішча. Мяркуючы хаця б па тым, што гэтая сьцяна была спрэс сьпярэшчаная насечкамі, дамэтна зь вялікай доляй упэўненасьці сьцьвярджаць, што Альдаір правёў у сваім жытле дастаткова шмат часу.

Зрэшты, што да дакладнай колькасьці насечак працяглы час існавалі даволі супярэчлівыя меркаваньні, і гэтая тэма неаднаразова набывала сваю актуальнасьць падчас разнастайных навуковых дыскусій на канфэрэнцыях рознага ўзроўню. І толькі параўнальна нядаўна, калі амэрыканскія дасьледнікі падверглі памянёныя вышэй насечкі дэталёваму дасьледваньню, якое ўлучала і кампутарны аналіз, навукоўцы прыйшлі да кансэнсусу на глебе таго, што дакладная колькасьсць пашкоджаньняў бэтоннага мура, нанесеных менавіта Альдаірам, а ня кімсьці яшчэ, дагэтуль, на жаль, нявысьветленым, роўная 122334.

Прытохлы вецер разносіў па пакоі абрыдлыя пахі пажухлых газэтаў, і тая халадэча, што паглядала навокал са старых фатаздымкаў дазваляла адчуць на кончыку языка танюткі прысмак нябыту. У гэтым памяшканьні, падобным да вялізнай бэтоннай скрыні з-пад запалак, відавочна не ставала паветра. З кожнай хвіляй дыхаць становілася ўсё цяжэй і цяжэй, і Альдаір адчайна намагаўся расьцягнуць тыя апошнія малекулы жыцьцядайнага мэтану, што яшчэ заставаліся ў балёнах. Празь нястачу паветра ягоная некалі гладкая скура неўзабаве пакрылася луской, набыла зеленаватае адценьне і сталася шурпатай, непрымнай на дотык. Сьціснуты ў расплывістай грымасе твар Альдаіра хутка прыпадобіўся да ссохлага напаўзбуцьвелага яблыка.

Некалі Альдаір вельмі любіў гэтыя сьпелыя набрынялыя сокам плады; яны ўяўляліся яму квінтэсэнцыяй лета і цяпла, зямным увасабленьнем таго, чаго яму так не ставала. Маці часта купляла яблыкі ў бабулек на рынку, і ён цудоўна памятаў, як потым ягоныя зубы моцна ўціналіся ў чырвоныя плады, так падобныя вонкава на нейкую казачную зорку. З-пад бліскучай апэтытнай шкарупы пырскала поўная жыцьцядайнасьці сонечных промняў вадкасьць, сьцякала па падбародзьдзі тонкімі струменьчыкамі і пакідала чырвоныя плямкі на белай вопратцы Альдаіра. І ня так даўно ля аднога з муроў сваёй працятай рэзкім сьвістам мэталёвага сьвятла каморкі Альдаір знайшоў пажухлае цельца памерлага яблычка, зьмяклае, скурчанае і зжасьцьвелае. З адтуліны ў падлозе патыхала нязноснай ацэтонавай немаччу, пах тысячаў дэзынфэкцыйных сьвярдзёлкаў няўхільна пранікаў скрозь скуру, пераўтвараючы ў хлюпкі клейкі камяк апошнія ледзь жывыя жаданьні й пачуцьці, што яшчэ таіліся ў альдаіравых грудзях.

Паступова мармуровая падлога рабілася халаднейшай, і спачываць на ёй цяпер было яшчэ больш няўтульна. Значыць, мяркуючы па ўсім, зноў надыходзіў вечар. Эліпсоіднай формы галава Альдаіра, шчыльна абцягнутая цёмназялёнай гумай, на якой тырчэлі два абрубкі вушэй, з подзівам і гідлівасьцю сузірала прадмет ягонага цела - кволага і хударлявага да немагчымасьці, застыглага ў недарэчнай паставе скакунчыка, забітага электрычным токам. За час, праведзены Альдаірам тут, ягоная шыя неверагодна выцягнулася, яна была цяпер не нашмат карацейшай за сярэдніх памераў садовы шлянг для паліцьця расьлінаў і зрэдку станавілася аўтаномнай, аддзяляючыся ад засталага цела, і ненадоўга пераўтваралася ў зялейную зьмяю. Поўзала, зьвівалася і шыпела, марна намагаючыся знайсьці нейкае выкарыстаньне для свайго джала.

Альдаір любіў усё жывое, і таму ён быў вельмі ашчадлівы да тых істотаў, якіх яму даводзілася зьядаць на сьняданьне альбо вячэру. Падносячы да рота толькі што выкапанага з гурбы брыдоцьця жывога тарантула, Альдаір намагаўся як мага пяшчотней трымаць яго за ногі, каб ні ў якім разе не пашкодзіць вялікія ружовыя крылцы і не прычыніць гэтаму стварэньню лішні боль. Яму было нясьцерпна шкада ўсіх тых жукоў, макрыцаў і павукоў, якімі штодня даводзілася падхарчоўвацца, ахвяруючы іх існаваньнем дзеля таго, каб працягнуць існаваньне ўласнае. Але гэтая ежа ўяўлялася Альдаіру нагэтулькі смачнай, што адмовіцца ад яе ўжываньня ён ня мог. Асабліва ён упадабаў аваднёў, якія так прыемна хрумсьцелі на зубах, бы ўчорашняе тоўчанае шкло. Іх крылцы нагадвалі смак пакаштаванага некалі ў маленстве сонца, трохі саланаватай студзёністай масы зіхотка-жоўтага колеру, што пагойдвалася на невялічкай лыжачцы і павольна перакотвалася зь яе ў рот Альдаіра.

Зрэшты, мяркуючы па ўсім, вантробы Альдаіра становіліся для многіх праглынутых ім жамярыцаў, прыгожа кажучы, новай сфэрай бытнаваньня. Празь нейкі час пасьля харчаваньня некаторыя казюркі, дарэшты яшчэ не перавараныя, ажывалі ў страўніку Альдаіра і пачыналі рупліва дасьледаваць яго блукальні, пачуваючыся там, відаць, даволі ўтульна і ўжываючы ў якасьці ежы частачкі альдаіравых кішак. Паводле найпрыблізных падлікаў Альдаіра, у ягоным жываце сваю другую радзіму знайшлі ўжо восем макрыцаў, некалькі павукоў і нават адзін вялізны хрушч, які заўжды ў адзін і той самы час абуджаў свайго гаспадара са сну пранізьлівым пошчакам, замяняючы яму гэтым самым будзільнік.

Сотні пранізьлівых позіркаў паволі сьвідравалі кволае, пазбытае ўсякіх прыкметаў жыцьця цела Альдаіра, сьцягнутае пругкімі гумовымі рамянямі. Некаторыя з гэтых людзей застылі ў напружаных паставах вакол апэрацыйнага стала, разглядаючы асобныя часткі таго, што не бяз пэўнай нацяжкі яшчэ можна было назваць Альдаірам праз адмысловыя павелічальныя шкелцы і мікраскопы, нэрвова палілі, аб чымсьці гучна спрачаючыся, іншыя наадварот стаялі трохі воддаль ды ветліва й палюбоўна гутарылі пра нешта кшталту "Ну як вучоба ў вашай Лілі?". Памяшканьне было ўсьцяж напоўненае вакуумам электрычнага сьвятла, вастрыню якога Альдаір адчуваў амаль фізычна; у ягонае цела ўціналіся промні мноства ліхтароў, тэлевізійных пражэктараў ды нейкіх адмысловых асьвятляльных прыладаў, рыпеньне якіх нагадвала лязгат крылаў алюмінавых птушак. Усе гэтыя людзі нечага напружана чакалі. Урэшце празьвінеў званок, і ў пакоі ўсталявалася нейкая ненатуральная, урачыстая і стэрыльная цішыня. Празь імгненьне пасьля гэтага да скуры на жываце Альдаіра далікатна дакрануўся востры скальпэль.

Альдаір нават не намагаўся зразумець, дзе ён цяпер знаходзіцца, і дзеля чаго ён знаходзіцца тут. Ягоныя думкі былі такімі пляскатымі і роўнымі, што прыпадабняліся да пагабляванай дошкі кухоннага стала ў нейкай закінутай вясковай хаце, дзе сьцены пакрытыя вусьцішным пылам, а куты ўсьцяж зашытыя павутой. Ён спакойна, без аніякае цікаўнасьці назіраў за тым, як некалькі апранутых у белыя халаты паверх строгіх ангельскіх гарнітураў мужчын корпаюцца сваімі пінцэтамі ў ягоных вантробах, зрэдку нешта адтуль дастаючы і пакуючы ў плястыкавыя кантэйнэры. Неўзабаве Альдаір пачаў задыхацца, бо ягоныя лёгкія ўжо знаходзіліся ў напоўненай стэрылізацыйнай вадкасьцю прабірцы. Прабірку, пасьміхаючыся, круціў перад ягонымі вачыма паважнага выгляду чалавек сярэдніх гадоў. Пры гэтым ён няспынна казаў штосьці досыць зьдзеклівае, але ў той жа час і прыязна-павучальнае; гэтыя словы непрыемна паказытвалі распаласаваную скальпэлем вушную мэмбрану Альдаіра. У ягонай галаве раз-пораз міжвольна ўзьнікалі розныя дзіўныя думкі, запаволеныя і няскончаныя, падобныя да рыпеньня запіленай кружэлкі на старым сапсаваным прайгравальніку. І ўрэшце, калі ягонае аддзеленае ад таго, што засталося ад цела, сэрца ўжо ўважліва разглядалі людзі ў белых халатах, усе гэтыя думкі счэзьлі пад націскам найвялікшай упэўненасьці ў тым, што ягонае імя Альдаір.

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil