ІЛЬЛЯ СІН

 

Першапачаткова гэты тэкст, створаны немаведама кім і калі, хутчэй за ўсё прызначаўся для адной спецыялізаванай па турыстычнай тэматыцы газэты, але, мяркуючы па ўсім, у такім амплуа ён наўрад ці калі-кольвечы будзе запатрабаваны. Пагатоў, беларускае літаратуразнаўства пакуль так і не здолела не толькі з той ці іншай пэўнасьцю праясьніць час і кантэкст ягонага стварэньня, але ж таксама і адказаць на куды больш актуальнае з прагматычнага пункту гледжаньня пытаньне што да месцазнаходжаньня апісанага ніжэй гораду, пабываць у якім, відаць, знойдзецца ня мала ахвочых.

Зрэшты, як сьведчыць легенда, самому аўтару тэкста належыць такое выслоўе: “Нью-Бабілон можа знаходзіцца толькі ўнутры нас, і зьехаць адтуль – гэта значыць у нечым перамагчы сябе”.

 

NEW-BABILON FOREVER

гэтыя белыя ружовашчокія чарвячкі гнездавалі ў яго ўнутры, часам трапляючы вонкі разам зь ягонымі сьлязьмі і сьліной. Малюткія стварэньні, бы ў абалонцы зашытыя ў кропельках, што раз-пораз выпадалі зь яго і застывалі на белай паверхні стала. Ён адчуваў, як унутры яны шкрабуцца паўз яго, уяўляючы сваё сэрца спрэс спавітым і працятым гэтымі неспакойнымі істотамі. Сэрца ў ячэйках і дзюрачках, як, зрэшты, і ныркі, напэўна. Мазгі таксама ў дзюрачках, але што ўжо з гэтым паробіш?

Самы час для мяне распачынаць свой аповед. Цяпер мне, вядома, хацелася б, каб наогул не было пра што гаварыць, але… На стале акурат перада мной ляжыць від на жыхарства ў Нью-Бабілоне – тэрмін дзеяньня якога, дарэчы, яшчэ ня сконьчыўся, – і гэта безапэляцыйна сьведчыць пра адваротнае.

 

1. МЯРЗОТА І ЗАПУСЬЦЕНЬНЕ

1

Мы патрапілі ў гэты горад увечары, калі сонца ўжо зайшло і на вуліцах паўсюдна палалі вогнішчы ды феерверкі, расьсейваючы шараваты змрок, што нібы створаны зь серы туман зацягнуў места. Было лета – такое нясьцерпнае і бясконцае, што ад яго рупіла кудысьці схавацца. Нашыя верблюды дужа стаміліся ад доўгай дарогі праз пустэльню, і таму мы зножыліся ды пакінуўшы іх у нейкага шынкара, пайшлі блукаць па зусім не знаёмым тады яшчэ для нас месьце.

І цяпер нібыта з танюткага ільду перада мною вымалёўваюцца абрысы Нью-Бабілёну. Вялікія замкавыя вежы, крамы і ўпрыгожаныя залатым неонам рэкламаў бажніцы невядомых багоў. Яшчэ хвіля – і чуюцца гукі тысячаў труб. Места літаральна поўнілася імі, і часам здавалася, нібы яны пераўтвараюцца ў адзіны нясьцерпны шум у вушах магутнасьцю ў сотні дэцыбэлаў.

Тады мы яшчэ не прызвычаіліся да нашэньня амулету шчасьця, і той водар прэласьці і падгарэлага мяса, што панаваў у горадзе, меў незразумелую пакуль для нас крыніцу. Нейкім няўцямным чынам ён нават зьвязваўся намі з процьмай тушак дохлых катоў, разложаных, змяшаных з брудам і цвільлю, пераўтвораных у цвіль, што яшчэ мае пакуль пэўныя абрысы. Як растлумачыў наш гід (мы нават і самі не завўважылі, як да нашай кампаніі далучыўся гэты вабны хлопец), жыхары гораду перакананыя ў тым, што гэтыя цельцы прыносяць ім шчасьце і таму пакідаюць іх у самых ганаровых кутах свайго дому – там, дзе некалі віселі абразы.

Да ўсяго, быў яшчэ і пах нейкіх кветак. Іх тут навучыліся разводзіць амаль такія духмяныя, як парфума.

Мы дайшлі да скрыжаваньня, дзе, прытуліўшыся да газетнага шапіку, мірна паміраў якісьці савецкі ваеннапалонны, адзін з тых, каго тутэйшыя навукоўцы выкарысталі для досьледаў па вырошчваньні сухапутных піраній. Амаль што поўная адсутнасць скуры на гэтым чалавеку рабіла яго падобным да героя мультсерыялу пра тэлепузікаў. Бо мяса ў нас у людзей таксама, як вядома, чырвонае.

Я згадаў, што ў мяне скончыліся цыгарэты, і мы прыпыніліся каля шапіка. Мужчына, які купляў перад намі, надзіва доўга выбіраў прэзерватыў, правяраючы вастрыню танюткай десяцісантыметровай іголкі, якая, амаль нябачная нават зблізку, знаходзілася на самым ягоным канцы і, відаць, павінна была апраўдваць дзіўнаватую для такой прадукцыі назву “Сюрпрызы каханьня”. Тапаліны пух кружляў у паветры – тут ён быў нейкі надта ўжо нязносны.

Раптам побач з ваеннапалонным спыніўся мікраўтобус, і адтуль выпархнула некалькі вясёлых хлопцаў, адзін з якіх трымаў у руцэ відэакамеру, а іншыя вокаймгненна расставілі навокал пару пражэктараў.

Як распавёў наш добраахвотны гід, дзяржава была настолькі міласьцівая да бедака, што не адмовіла ў выкананьні яго апошняй просьбы і задаволіла ўласьцівыя для ягонага цяперашняга стану душэўныя патрэбы, даслаўшы ў патрэбны час і ў патрэбнае месца -- тое, адкуль ён меўся пайсьці іншым, ніж мы, шляхам, здымачную групу разам зь вядучым папулярнай тэлепрамы. Бо, паводле мясцовых звычаяў, шчасьлівым лічыцца тая інсцэніроўка адыходу ў іншы сьвет, калі ейны галоўны ўдзельнік пасьпявае даць інтэрв’ю.

-- Ну як, вам не халодна? – заразліва пасьміхаючыся, спытаў вядучы. – Рыбкі не какаюць?

Твар ваеннапалоннага ажно расплыўся ў задаволенай усьмешцы:

-- Ой, дзеткі, вы ж толькі глядзіце, каб капустка ў палях не папрэла.

-- Ф Їв®у­  Їа з­губп бпத ­®зл,  Ўг¤¦ ­л ­Ґ©Єх? – запытаў добразычлівы хлопец.

-- Ґ§а §г-¬Ґ“л¬ инЇв ¬. џ­  в Єб ¬  ­п бЇ “ . фе­хп бЄалў у“Ґ­лп иЇх“м, -- гэтак жа дабрадушна адказаў дзядзька.

(Ягоныя вочы, ягоныя страшныя вочы, поўныя яшчэ больш пакутлівай за любыя пакуты невядомасьцю. Пекла, дзе тваё джала? Ды вось тут.

Трапіць у аналы гісторыі ды застацца ў памяці, застацца ў нейкіх аналах – гэта тое самае, што трапіць у рай, калі ня верыш у Бога. Быць зафіксаваным на якім-кольвечы носбіце інфармацыі, пакінуць па сябе памяць. Застацца.)

 

3

Бліжэй да ночы людзей на вуліцах значна паболела. І наш гід зазначыў, што, відаць, гэта выклікана нейкім чарговым гарадскім сьвятам, якімі тут сканчаўся ці ня кожны нават працоўны дзень .

Людзі сноўдаліся туды-сюды, часам спыняючыся каля піўных шапікаў, каб трохі падзаправіцца. Міма нас прайшло нешта каля палутара соцень маладых і прывабных дзяўчат, апранутых у неверагодна празрыстыя сукенкі, якія рабілі іхнія гнуткія і сакавітыя целы даступнымі для сузіраньня ўсіх і кожнага. Яны трымалі ў руках арфы і, напэўна, рыхтаваліся запоўніць горад сваёй чароўнай музыкай.

Дзеля гэтага такі спэцыфічны аркестр раз..на адмысловым памосьце. Рэжысёр сьвята вельмі доўга расстаўляў дзяўчат па сваіх месцах, і падрыхтоўка скончылася хіба праз цэлую гадзіну.

-- Ітак, апошнія моманты перад гэтым… Перад гэтым самым неверагодным у жыцці чалавецтва сьвятам… -- завёўся ягоны тамада, апрануты ў элегантны чырвона-зялёны сурдут. – Ну, Васенька, па-адрыхтуйся! І вы, мае кветачкі, давайце таксама. Сёньня трэба, каб усё было прыгожа.

Запахла бензинам. Як высьветлілася, у кожнай з дзяўчатаў была з сабой пластмасавая бутэлечка з гэтым рэчывам, і цяпер яны пралілі яго на свае сукенкі і валасы.

Дырыжор папераджальна ўзняў руку з палачкай, і гэта было знакам для дзявочага аркестру.

Чароўныя гукі арфы адразу ўспенілі паветра, напоўніўшы яго папулярнай у той час поп-мелодыяй, спецыяльна дзеля такога выпадку перакладзенай для такога складу выканаўцаў. Недзе хвіліне на трэцяй у гэтую музыку раптам уварваўся подых агню, які патыхнуў ажно з трох розных месцаў.

(І ўсё-такі малайчынка той, хто так усё задумаў, чуўся з гэтай нагоды задаволены хрыплы бас аднекуль з натоўпу. Дужа мудрагеліста атрымалася, зусім не адразу, ня тое што летась. – Ай, весялей, каб па адной, -- тут жа адказалі яму)

Сукенкі разгараліся імгенна; тыя дзяўчаты, якім давялося стаць жывой паходняй, адразу кідалі граць і сьціналіся ў жудасным крыку – што, мяркуючы па ўсім, дужа расчароўвала рэжысёра сьвята і шмат каго з публікі, хаця і троху весяліла.

Гістэрыя, якая ахапіла натоўп у тыя хвілі, была папросту невыказнай. Гукі арфаў самых трывалых з удзельніцаў сьвята, што яшчэ толькі прадчувалі ўласную сьмерць, але не паспелі паўдзельнічаць у гэтым працэсе ўласнаручна, спляталіся з поўнымі нясьцерпнага болю крыкамі, а тыя, у сваю чаргу, -- са сьмехам, апладысьментамі і фрывольнымі каментарамі, якія даносіліся з боку публікі. І з кожнай хвіляй музыкі было ўсё меней і меней, у той час як усяго астатняга – наадварот.

Праз дзесяць хвілінаў забава скончылася, бо апошняе дзявочае цела было пераўтворанае ў попел, сярод якога, калі прыгледзецца, можна было ўбачыць дзіўныя фігуры са струпехлых абгарэлых костак. Але перад гэтым у сумрачным вечаровым небе на нейкіх пару секундаў зазьзяў выкладзены з вогненных целаў надпіс: “NEW-BABILON FOREVER!”.

 

7

Бачыш, Лінда, мы так і засталіся па розныя бакі павуціньня нечых валасоў, якое і тады падзяляла нас, звісаючы сеткай са столі: у тым разбітым тэлефон-аўтамаце, што стаяў у выгаралай падчас апошняга пажару частцы гораду спасярод дзіравых вачніцаў чорных дамоў. І цяпер я не магу ганарыцца тым, што меў каханьне з несумненна самай абаяльнай жыхаркай Нью-Бабілёну, як зрэшты і ты не займела гэтага досьведу з “нетутэйшым” хлопцам.

Тым вечарам шкло танюткай крынічкай цурчэла з твайго рота; гэта былі малюткія каляровыя шкельцы, накшталт раструшчаных ботам елачных цацак, і промні пражэктараў, якія дзіўным чынам даляталі нават сюды, зіхацілі іх і прымушалі асьвечваць іржавыя сьцены зробленага з тоўстай бляхі прастакутніка тэлефоннай будкі пробліскамі кволых вясёлак.

Нашае маўчаньне, пры ўсёй ягонай недвухсэнсоўнай інтымнасьці, было ня менш поўнае пакутаў, як маглі бы імі поўніцца нейкія словы альбо дзея. І нічога не змяніла тое, што пасьля мы доўга і гучна смяяліся і да ўпаду танчылі на нейкай вулічнай дыскатэцы, лоўка ўвёртваючыся ад наканечнікаў цэп-машыны і стрэлаў катапультаў, якімі забаўлялі тых, хто пасьля іх заставаўся жывым, ня дужа ўмелыя мясцовыя ды-джэі, а потым змывалі з вопраткі чужую крывю ў найбліжэйшым “МакДональдсе”. Я ўсё разумеў, Лінда, і мне здавалася, што ты ўсё разумела таксама – адзіная сярод усіх. Але мне было дужа цяжка адчуць твой боль – хаця б таму, што добра выпіўшы вашага цудоўнага віна, я ўжо амаль забыўся на свой.

Нейкім дзіўным чынам я ўсё ж такі зўехаў адтуль, і мой амулет адабралі на мяжы суровыя мытнікі, нізавошта не дазволіўшы пакінуць яго сябе на памяць. Таму для мяне ўсё гэта скончылася, і я магу цяпер доўга аддавацца нязмушаным успамінам, зацямняючы тое, што мне хацелася бы забыць і праясняючы прыемныя мне моманты. Хутка я зраблю касьметычную аперацыю, якая дарэшты выдаліць паленую скуру на маім запясьці, і тады ўсё наогул забудзецца, пераўтварыўшыся ў дзіўны сон.

Ты ж засталася: я ня ведаў, якімі словамі выказаць сваю прапанову з`ехаць адтуль, і таму нават не наважыўся яе вымавіць.

Я бачу, як ты выходзіш са свайго ўтульнага доміка, што стаіць у добрым раёне на ўскраіне места, апранаеш вельмі мілы аранжавы капялюшык, папраўляючы кароткім плаўным рухам бялявыя валасы. Зьлёгку пасміхаючыся, праводзіш памадай па танюткіх губках і нясьпешна скіроўваешся ў краму, каб купіць там кока-колы і лёдава.

Ты заўсёды ганарылася тым, што ўмела здавацца нармалёвай дзяўчынай і магла добра пачуваць сябе, скажам, у кампаніі сваіх аднагрупнікаў з каледжу. І калі на цябе нападала штосьці… ня тое, нязменна знаходзілася даволі сродкаў, каб зрабіць сваю ненармальнасць легітымнай. Апроч таго, вашыя касмtтычныя фабрыкі славяцца сваімі крэмамі ды дэзадарантамі, здатнымі ў адно імгненьне зніштожыць непрыемны пах смаленай скуры.

Але ж як гэта ўсё магло зменшыць твой боль, Лінда? Бо, ізноў жа, ты была адзінай, хто разумеў, што гэты боль абсалютна рэальны, а ўсё астатняе – не. Хто б табе што ні казаў.

І цяпер ты засталася ў іншай краіне – краіне, якая, спадзяюся, ніколі нt будзе маёй. Туды, дзе ёсьць ты, наўрад ці можна адправіць e-mail – зрэшты, мы, вядома ж, не абмяняліся адрасамі.

Я буду за цябе маліцца. Цяпер я гэта магу.

 

9

У айчыннай прэсе амаль ня пішуць пра нацыянальную культуру самагубстваў, распаўсюджаную ў гэтых мясьцінах. І мне дужа прыемна быць першым сярод тых, хто паведаміць нашае грамадскасьці, што жыхары такога несумненна высокацывілізаванага гораду, як Нью-Бабілён, здолелі пераўтварыць гэты звычайны экзыстэнцыйны акт у сапраўды выбітную падзею, не пазбаўленую эстэтызму, уласьцівага бадай усяму іх быту.

Пра апошняе сьведчыць хаця б той уражвальны набор неверагодна прыгожых ды вынаходліва зробленых аксесуараў, неабходных для развітаньня з жыцьцём, што можна сустрэць у невялічкіх сувенірных крамках, якіх ёсьць процьма на цэнтральных вуліцах гораду.

Толькі каляровых матузкоў для шыбенікаў я налічыў у адной краме нешта каля трох тысячаў. І якіх там толькі не было! Бірузовыя, блакітна-зялёныя, ружовыя, урэшце, колеру хакі – спецыяльна для прыхільнікаў сучаснай культуры.

У суседняй вітрыне выстаўленыя перадсмяротныя запіскі. Як мне сказалі, апошнія пару год стала модна не пісаць іх самім, а карыстацца ўжо гатовымі – тым больш, можна пайсьці ў краму і абраць тую, якая табе больш даспадобы. І, мушу адзначыць, ёсьць з чаго выбіраць.

Для людзей простых, пераважна сталага веку, ня схільных да асаблівага антуражу ў вырашэньні сваіх асабістых справаў, прызначаныя гэтыя поўныя лёгкага гумару радкі з дзіцячай лічылкі:

Раз-два тры-чатыры-пяць,
Зайчык выйшаў пагуляць.
Ну а мне п...ц…

Моладзь, вядома ж, абірае іншыя, больш мудрагелістыя пасланьні: напрыклад, урыўкі з песень папулярных у гэтай краіне “Бэкстрыт бойз” і “Мэрлін Мэнсан” альбо анархісцкія лозунгі.

Безумоўна, творчы падыход характарызуе і выбар месца здзяйсненьня апошняга ў гэтым жыцці ўчынку. Пэўны час процьма вісячых тулаваў, што кожнага вечару з`яўлялася на гарадзкіх дрэвах ды ліхтарах, трохі надавала жыхарам Нью-Бабілёну клопатаў, але дзякуючы мудраму рашэньню мясцовых уладаў усе праблемы неўзабаве былі вырашаныя. Пару год таму да целаў шыбенікаў, якімі спрэс усеяная цэнтральная вуліца места, сталі чапляць рэкламныя плакаты розных фірмаў, а на сьвяты іх нязменна ўпрыгожваюць зіхоткімі каляровымі гірляндамі.

Вуліцы, дзе павешаных найбольш, штодня стаюцца улюбёным месцам для дзелавых рандэву, а штовечар -- спатканьняў закаханых. Ну і, вядома, такая гарадская адметнасць аніяк ня можа не прыцягваць увагу турыстаў

Вось яшчэ адзін адказ на пытаньне, як можна эфектыўна палепшыць выгляд свайго гораду, пры гэтым забяспечыўшы ягоны бюджэт дадатковымі паступленьнямі.

 

12

Шпацыр уздоўж чыгуначных шляхоў: вясновы цёплы надвячорак, сьцятае пахам прагарэлага мазуту паветра, чорны бацькаў сурдут, ужо моцна з`едзены мольлю, растрапаныя валасы трапляюць у вочы: здаецца, і вочы ўжо таксама пахнуць мазутам.

Ты ведаеш што-небудзь пра яе? Ці ты ведаеш? Ты бачыла калі-кольвечы… гэтую? Дзеці яшчэ малююць яе з касой.

Палі гумовых жаданьняў: аголеныя гумовыя людзі з рознакаляровымі малаточкамі. Людзі сьляпыя, але яны хочуць кусіць

Перад вачыма ў яе суцэльная няпэўнасьць. Часам нешта клейкае, і ёй здаецца, што яшчэ хвіля, і яна зваліцца ў вантробы каменаломні, поўныя зіхоткага чырвонага кіпеня, саладжавага на смак, як тыя цукеркі, каробку якіх яны колісь у незваротным дзяцінстве куплялі з сяброўкай у складчыну. Але цераз імгненьне ўсё тыя ж рэйкі і вясновы надвячорак.

Вершнік канца: я бачыла яго ў сьне, ён амаль такі, як па тэлевізары, і рожкі яшчэ на ім ёсць я выйшла насустрач табе о вершнік канца як нявеста са сьвечкай у руках

Вар’яцкая стомленасць. Хочацца ўпасьці ў гэтую мокрую, выцвелую яшчэ немаведама ў якім годзе да Раства Хрыстовага траву, утыркнуцца ў яе тварам, набіць ёю рот, аддаць ёй сваё дыханьне.

Сонца адбіваецца ад паверхняў рэек, яшчэ не дарэшты пакрытых іржой. Тут ужо даўно ня ходзяць цягнікі, і таму пануе надзвычайны спакой. Напэўна, можна нават птушак пачуць, але яна іх ня чуе нешта.

Над вёскай узвіліся ў неба колькі дымкоў. Яна адна. Брудныя валасы склейваюцца ў камяк і ўжо ці не перашкаджаюць дыхаць.

Прадчуваньні канца ўсяго з`явіліся ўпершыню бадай яшчэ ў дзяцінстве. Гэтая непаўторная ўпэўненасць у нявечнасьці сьвету, што прыходзіць як тать ночью, гэтая заварожанасць нябытам.

Сёмачка трымаў у руцэ вавёрку з толькі што адсечанымі вушамі. Як ні дзіўна, яна яшчэ дыхала і нават, здавалася, нешта сьпявала на матыў Тоні Брэкстан. Потым ён засунуў яе ў электрамясарубку, і гэтыя спевы зьмяшалітся з рыпеньнем маторчыка. Рудая воўна абкручвалася вакол вінта і перашкаджала працаваць машыне. Яны абмазалі свае твары крывёю – яшчэ цёплаю, перамяшанаю з вантробамі. Елі сырое мяса, мяса з ахвярніка якойсьці Невядомасьці, ахвярніка той жудаснай пустэчы, якая ўрэшце паглынула іх і пераўтварыла іхнія блакітныя вочы ў бурду накшталт напою “Крыжачок”. Напэўна, яны былі шчасьлівыя ў тыя імгненьні. Але ж як хутка яны скончыліся!

Але дзеля чаго? Яна адна

bullshit невымоўнасць………………………………………………………..

……………………………………………………………………………………………………………………………………………….час, калі крывавіць маўчаньне, кавалкі нейкіх гострых механізмаў выпархваюць з рота і ўрэшце ўсё ў крыві

…Літаральна ў метры над ягонай галавой узвышалася тоўстая корка ільду, а дзесяцісантыметровая адлегласць паміж ёй і паверхняй вады была ўсьцяж запоўненая пісягамі мёртвых рыбак. Ужо два месяцы гэтаму касманаўту даводзілася блукаць тут, і за такі вялікі час скафандр зусім набрыняў вадой ды ацяжэў. І якога, цікава, чэлеса яго сюды занесла? Як ні як, ён быў Гагарынам, і згодна з усімі ўяўленьнямі пра здаровы сэнс меўся быць зусім у іншым месцы, ніж бэтанаванае дно Камсамольскага возера.

Нічога не застаецца. Такое ўражаньне, быццам яна ўжо даўно скончылася.

слова авель перакладаецца як подых ветру

 

2. УЦЁКІ

хвіліны нясьцерпнага болю: хвіліны, што пераўтвараюцца ў гадзіны спустошанай смагі, а гадзіны -- ў гады Халакосту. Тое, што я не магу апісаць, тое, дзе мастацтва нівэлюецца, як распадаюцца пры награваньні малекулы.

Тады, аголены, я коўзаўся па роўных квадраціках ходніку, ліжучы ягоную шурпатую ды чамусьці, як мне падалося, трохі саладкаватую паверхню, пускаючы пену з вачэй і скуголячы бы сабака. Мне вельмі карцела ўкусіць за лытку прадавачку піцы, чыя вазок з грукатаньнем тысячаў калясніцаў пракаціўся міма, але нават і з гэтым анічога не атрымалася. Кароткім і трапным ударам нагі прадавачка адштурхнула мяне, выгукнуўшы пры гэтым: “Малады чылавек, ну шо вы пазваляіце?”. Давялося кусаць сябе, але было нясмачна.

Боль працінаў мяне наскрозь, ён не даваў мне дыхаць, у маёй грудной клетцы разьмясьцілася малюткая пячурка-буржуйка, расколеная дазваньня, з якой раз-пораз выпархвалі зіхоткія іскаркі, і якісьці дзед Яўхім варушыў галаўні, злёгку пасьміхаючыся сябе ў вусы і глыбока зацягваючыся беламорынай.

Наўпрост нада мною, у метры ад зямлі, прамінула шасьцідзесяцігадовая цяжарная прастытутка; яна адразу ж і разрадзілася, і з ейнага жывата вываліўся брудны чыгуновы бегемоцік; ён пляснуўся на асфальт, балюча падрапаўшы мне скуру на патыліцы -- чаго я, зрэшты, нават і не адчуў.

Менавіта ў адзін з такіх момантаў (а тады я ні на каліва не сумняваўся, што ён быў тоесны вечнасьці) Ён напаткаў мяне

І тая радасьць, якой надзяліў мяне Ісус, была куды мацнейшай за жудасны боль. Невымоўная радасць

…вы не паверыце, але гэта сапраўды здарылася са мной – літаральна за гадзіну да таго, як я напісаў прачытаныя вамі толькі што радкі.

 

* * *

Хай, сябры, пасьля музычнай паўзы з вамі па-ранейшаму DJ Нафтызін і ачаравальная Ы. Працягваем наш хіт-парад анекдотаў за гэты месяц, зроблены разам з “Бабілонкай”. Дык вось, на шостым месцы… на шостым… Ведаеце, пасьля таго выпадку, як адзін мой сябрук стаў займацца каханьнем са сваёй марской сьвінкай, у ягонай (чуеш) … (гм. Га-га!)… сяброўкі (і чаму яны, казлы, блін, не зрабілі аборт? Пакармілі бы гэтай хернёй лепш сабакаў.) зьявілася ажно шэсць…

-- Васенька, а твая мама ўмее бляваць носам?

…ажно шэсьць…

… Я табе зараз блевану, мля…

…шэсьць дзяцей, якія сёньня прэтэндуюць на жылплошчу… Дык вось, на шостым месяцы, на шостым месцы… Вельмі і вельмі неблагі анекдот, дасланы адной нашай чытачкай:

грэх гэта сьмерць

а сьмерць гэта сон

СПІЦЕ СПАКОЙНА!

грэх гэта жудасны сон. Гэта сон, які яшчэ больш жудасны за рэчаіснасць. Васьмігадовую Крысьціну, канешне ж, не папярэдзілі, што ейны дом неўзабаве загарыцца разам з усімі ягонымі жыхарамі, і яна, пасміхаючыся, заснула ў сваім утульным дзіцячым пакойчыку, лашчачы ў дрымоце ўяўнае кацяня.

і вось гмах створаны з гумы гарыць гараць гумовыя валасы і пальчыкі з манікюрам на пазногцях чыесьці спіцы ўсё яшчэ працінаюць расплаўленую падгарэлую сьлізкасьць з шыпеньнем плавяцца нашыя чыгуновыя сьлёзы метал тут перастае быць нават хутчэй ніж выпараецца падчас крэмацыі тлушч у складках вуснаў тут сканчаецца збуцьвелы кожны рух гараць рухаючыся сьпяшаючы да метро натоўпы гумовых целаў плавяцца і губляюць форму ім не хапіла імгненьня на тое каб усьвядоміць што

Шапік, што стаяў каля прыпынку, фірмовая крама “Сіменс”, каля якой мы калісьці ўпершыню паглядзелі адно адному ў вочы… усё пераўтвараецца ў адзіны суцэльны бясформены камяк створаны з цеплаватае азызлае клейкасьці. Гумовы калабок будзе каціцца торгаеш сутаргава дзьверы, нібыта ня памятаючы, як сам іх з вечара і зачыніў

скрозь цела прадзіраюцца парцалянавыя вожыкі – такія дробненькія шурпатыя шноўдаюцца шкрабуцца шабе

 

СТОП! дык няхай гэты сон скончыцца. Няхай зламаецца той агідны да немагчымасьці зонд, што ўсё глыбей і глыбей трапляе ўнутар мяне. І я насычу гэты горад праклёнамі, на кожнай ягонай сьцяне будзе красаваць спешна выведзены спрэевай фарбай надпіс:

NEW-BABILON IS DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD AND DEAD

Чэрвень сёлета быў неверагодна сонечным, і ўжо недзе а десятай раніцы ад сьвяціла аддзяліўся маленькі зайчык-русак, асьцярожна спусьціўся па фіранках на падлогу Крысьцінавага пакойчыку і лёгенька паторкаў дзяўчо за плечыка. Крысьціна прамурлыкала штось, пацягнулася і тут жа расплюшчыла вочы. Але зайчык ужо паспеў схавацца – напэўна, ён хуценька шугануў пад ложак. Крысьціне нават здалося, быццам яна бачыла, як на ймгненьне прамільгнуў перад вачыма ягоны хвосьцік.

Яна нават і ня ведала, што за ноч гумовы горад згарэў.

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil