ІЛЬЛЯ СІН

 

ПОПЕЛПОПЕЛПОПЕЛ

 

(Ulysses mortum est)

Спазнайце праўду, і яна зробіць вас вольнымі

Сьвяты Ян

 

Прысьвячаецца Дыктатару: se la vi

 

Дарога была спрэс усеяная цельцамі дохлых купідончыкаў, і раз-пораз яны са сьмешным гукам, падобным да выхаду кішэчных газаў, лопаліся пад коламі грузавіка.

Самотная бляклая фара высьвечвала бясконцыя зарасьці безуважнага да ўсяго гольля. Машына ледзьве прадзіралася скрозь яго.

-- Ай-ёпцькэдрэнефень, -- вылаяўся кіроўца перад тым, як уключыць бліжняе сьвятло.

-- Зараз прыедзем, -- супакоіў яго пасажыр. – Там выгрузішся, разьвернешся – і гамон.

-- Ды дзе ўжо, ёкэрэбэрэ! – дзядзька пачухаў патыліцу. – Во, мля, глядзі, ёпт…

І сапраўды, калі прыгледзецца, можна было заўважыць, што ствалы дрэваў усьцяж пакрытыя тонкімі курынымі лапкамі. Яны расьлі аднекуль з-пад кары -- як і усё жывое, цягнучыся ў бок неба.

-- Во, можа майму сабачку такіх надраць? – узрадаваўся кіроўца. – Калі ты пачакаеш…

-- Думаю, ня варта, -- чакаць пасажыру відавочна не хацелася. – Пагатоў, твой сабачка іх усё адно есьці ня будзе. Яны гумовыя.

Каму, як не Ф было ня ведаць, што ўвесь антураж Лесу Татальнай Свабоды вырабляўся з гумы ці плястыліну! Да гэтай справы часта падключалі школьнікаў пачатковых клясаў вобласьці – асабліва пасьля таго, калі якое стыхійнае бядоцьце прыносіла значныя разбурэньні ляснога масіву.

-- Ну і як там у вас? – пытаньне кіроўцы перапыніла маўчаньне, што дагэтуль трывала некалькі хвілінаў.

-- Дзе? У Атлянтыдзе?

-- У Гаўнаідзе, мля. Ясная справа…

-- Ну нічога так, перабіваемся. Толькі вось заробак ужо два месяцы ня плоцюць. Я там наладчыкам па мармуры. Статуяў у нас многа, мля…

-- З буем?

-- Ды ўсякіх. Ну добра, тармазьні.

-- Што, тут выгружаць будзем?

-- Тут, тут. Тармазьні.

Машына зь віскатам прыпынілася проста пасярод бруднай каляіны. Вакол быў такі самы лес, як і паўсюль. І тое, што менавіта недзе ў ягоных нетрах тоіцца патрэбнае месца, гэты невялічкі люк, прыкрыты насьпех зьбітымі паміж сабой дошкамі, Ф адчуваў бадай інтуітыўна.

Кіроўца адкрыў зацягнуты брэзэнтам кодаб грузавіка і цяжка пыхкаючы, залез туды.

-- На, трымай давай, мля, -- крыкнуў ён пасажыру, падцягваючы ўжо відавочна ня новую крэсла-канапу да краю кодаба. – Давай, цягні… цягні… на сябе…

-- А што, у вас там з мэбляй бяда, што ты яе за хераву тучу кілометраў цягнеш? – запытаў ён, калі канапа ўжо была выгружаная.

-- Ну так, ёсьць троху. У крамах ложкі толькі мармуровыя стаяць, ці з чугуна і пад золата. Для статуяў дык зашыбісь будзе, а з жаной на такой ня дужа каб… Аж срака адвальваецца.

-- Зр-разумела.

Ф уключыў ліхтарык і, рассоўваючы нагамі хмызы, вырушыў на пошукі ўваходу ў сваю краіну.

Раптам пад ягоным ботам нешта бдзынькнула, і ён адразу ж спалохана адзёрнуў нагу, не прамінуўшы вылаяцца. Але гэта быў усяго толькі мэханічны кажан – звычайны насельнік такіх мясьцінаў. Імкліва ўзьняўшыся на самую высокую галіну найбліжэйшага дрэва, ён заверашчаў з добра адчувальным кітайскім акцэнтам: “Добр’і дз’ень, пач’інаем ранішнюю гімнасьсіку…”.

Ф. яшчэ раз вылаяўся і пасунуўся далей.

-- Ну што, дзе ты там застраў, -- вадзіла ўжо, мяркуючы па ўсім, пачаў непакоіцца.

-- Зараз, зараз, -- не азіраючыся, адказаў Ф.

Ага, вось і яно! Акурат Ружовыя брамы. Адсюль на вуліцу Вечнага Вызваленьня, там пяць прыпынкаў на трамваі… Ці, калі што, можна якога кентаўра злавіць. Або як яны там у Атлянтыдзе называюцца?

Ай, трэба ж яшчэ й мэблю давесьці!

Памацаўшы рукамі клейкую плястыкавую глебу, мужчына ўрэшце знайшоў тое, што яму было патрэбна. Кругляк з добра счарнелых ужо дошак закрываў люк дыямэтрам мэтра паўтара.

-- Слухай, нейкім тут гаўном заваняла! – кіроўца, што пасунуўся ўсьлед за ім і цяпер стаяў трохі наводдаль, прыкрыў ніжнюю частку твару рукавом бруднай целагрэйкі.

-- А тое ж, мля. Ты што, хацеў, каб тут цябе гогаль-могалем ваняла?

І сапраўды, ад прыгожага, але фатальнага павароту сюжэту Атлянтыду выратавала толькі адная акалічнасьць, чамусьці праігнараваная як стваральнікамі гэтага міфа, гэтак і далейшымі ягонымі распаўсюднікамі. Можа, менавіта дзякуючы ёй гэты кантынэнт так і ня быў знойдзены ўсімі ахвочымі яго адшукаць, якіх мільёны былі за ўсе тыя стагодзьдзі. Бо каму ж надта закарціць сноўдацца па бясконцых сутарэньнях менскай каналізацыі?

-- Ну добра, дзякуй, што давез, -- Ф пацягнуўся ў заднюю кішэню кітайскай курткі, дзе ў яго ляжаў гаманец. – На, трымай. Па пяць баксаў у вас, так? Я “вушастымі”.

Ён адлічыў патрэбную колькасьць зашмальцаваных паперак, працягнуў іх кіроўцу, а рэшту запхнуў назад у гаманец. Трэба было яшчэ купіць для жонкі штонікі з начосам, што ён бачыў сёньня ў Гуме. Акурат бы хапіла.

-- Ну-ць, дружышча, шчасьліва дабрацца!

Вадзіла махнуў на разьвітаньне рукой і пакракваючы палез назад у кабіну. Старэнькі матор завёўся ня зь першае спробы, і кіроўца пашкадаваў, што наогул яго прыглушыў.

…На нейкую хвілю галава Ф. яшчэ раз паказалася па-над брунатнай паверхняй, але потым ногі патрапілі ў адзін з “падводных” віроў ды пайшлі ўніз, цягнучы за сабой і ўсё цела.

 

 

 

 

Мы настолькі мала ведаем пра небыцьцё, што кожнага разу рызыкуем памыліцца, ужываючы гэтае слова. Адное можна сказаць напэўна – яно цалкам прыдатнае дзеля таго, каб адкусваць вушы ў жоўценькіх парцалянавых вожыкаў, што стаяць на начным століку маёй бабулі.

 

 

Яна: Дзе я, там (ці гэта мне так толькі здаецца?) няма ані сьмерці, ані Ўваскрасеньня. Бясконцыя пустыя дамы; яны цацачныя, і ты ведаеш, што за зробленымі з расфарбаванай плястмасы вокнамі анічога няма, але… Часам усё адно там пачуваецца самотна і… проста страшна.

Гучыць радыё. У цацачным горадзе ёсьць ажно чатыры FM-станцыі.

Я: Мне вельмі шкада, што ў гэтых намаляваных на вялізных кавалках картону кавярнях не прадаюць сапраўднае кавы. Я крыху нават з такой нагоды разгублены. Ці трэба было ўсё гэта ствараць, каб цяпер мець настолькі банальныя клопаты?

Яна: Мой горад напханы паперай. Яна такая… зьмяклая ўжо крышачку і, здаецца, трохі падмоклая. Тут вельмі вільготна. Зусім ня той клімат, у якім я калі-кольвечы хацела бы апынуцца.

3рп6рне87а909роолж- р7??* 0нкггшгш677шкшеннг

Яна: Калі мы толькі прыехалі, гэты сабачка, узьняўшы заднюю лапку, стаяў непадалёк ад левага краю ходніка на рагу вуліц Чыпаліна і Папялушкі. Я гэта добра памятаю, бо тады я на хвілю спынілася, каб яго пагладзіць, і ён ветла лізнуў мне руку. А потым… А потым ён апынуўся мэтрах так у дзесяці ад таго месца, амаль што на самай плошчы. Можа, яго хтосьці туды перасунуў? Пагатоў, ён зусім лёгкі.

Я: …тады я адчуваў сябе нейкім големам, якому, па-за яго воляй, уклалі ў рот некалькі словаў – здаецца, гэта былі “індывідуальнае адзінства пэрцэпцыі”. Прамаўляць іх тут, на бязьлюдным беразе невялічкага азярца, ледзьве-ледзьве асьвечанага першымі пробліскамі золку, было ну як мінімум недарэчна.

Яна: І раптам у шыбіне (менавіта ў самім шле) адчынілася… як быццам невялічкая шуфлядка, таксама празрыстая і таксама са шкла. З вакна на кухні выйшаў гномік, ён пасадзіў на маёй левай назе малюткае каўчукавае дрэўца, а потым папісаў, і яно падрасло.

 

 

 

Масла на патэльні пачало шквурчэць, і ён выліў на яе два яечкі, па сваіх памерах не нашмат большыя за добрыя гарэхі. У маленькім тэлевізары “Гарызонт”, што стаяў на лядоўні, нейкая цыцкастая эстрадная дзеўка сьпевамі прызнавалася ў каханьні зусім безуважнаму да ўсяго рызэншнаўцэру.

Ц зрабіў гук трохі цішэй і паглядзеў у вакно. Акурат у гэты момант фортка з грукатам расчынілася ад моцнага парыву ветру. Ён сутаргава павёў плячыма, працяты наскрозь халодным кастрычніцкім паветрам.

-- М-да, пахаладала ўжо, -- сказаў Ц сам сабе. – Мусіць, і зіма блізка.

Да таго ж, яшчэ і дожджык накропваў нейкі паскудненькі, а дарэшты шэрае неба не прадвяшчала аніякіх зьменаў да лепшага. Таму ён вырашыў сёньня ўпершыню апрануць скуранку замест звычайнага для восені цёмна-зялёнага плашчу.

Яйкі ўжо былі гатовыя, і абхапіўшы ручку бруднаватай анучай, ён пацягнуў патэльню на сябе, адарваўшы яе ад запаленай фаеркі. Як назло, аніякай падстаўкі пад рукой не было, і Ц прыпячатаў сваім сьняданкам згорнутую ў некалькі разоў “Спортивную панораму”.

-- Нічога, у нас таксама неблагія парашуты робяць, -- чамусьці падумалася яму, калі жоўты яечны ручай раптам перакрочыў шлях прыгажуням-лыжніцам, -- вядома, як тканіны не шкадуюць. Хаця прычым тут парашуты?

Хто яго ведае? Аднак трэба неяк ўжо й выбірацца на працу. А, сапраўды, галоўнае не забыць. Бо ж учора так і было.

Паставіўшы зэдлік у патрэбнае месца, Ц ускараскаўся на яго і пачаў корпацца ў антрасолях. Урэшце ён знайшоў тое, што шукаў – праўда, давялося па-хуткаму сьцерці назапашаны за апошнія дзень і ноч невялічкі слой пылу.

Адкаркаваўшы кляпан, Ц узяўся за справу, часам пазіраючы на гадзіньнік, каб раптам не завазіцца. Калі не патрапіш да прахадной роўна ў восем, бяз выкліку на кавёр да Міхалыча не абыйсьціся, а гэта такая рэч, што… ну яго ў дупу. І таму дужыя губыц надзьмуваліся й зьдзьмуваліся як сапраўдныя горны.

Вынікі ягоных стараньняў не прымусілі сябе чакаць. Неўзабаве, зь невялікімі перапынкамі, патрэбнымі дзеля таго, каб перавесьці дых, перад ім адзін за адным паўсталі гумовыя дзеці – хлопчык і дзяўчынка, адному 9, а другой 12 гадоў.

Парэпаўшы іх за ранцы, Ц адправіў дзяцей у школу, наказаўшы ня браць больш шніцэляў у тамтэйшай сталоўцы (бо мяса як кот нассаў, а каштуюць даражэй за сасіску з хлебам). Пасьля гэтага ён надзьмуў жонку. Пакуль Ц апранаў свой будзёны шэранькі пінжачок ды расчэсваўся, яна пасьпела памыць за яго посуд і таксама выправілася на працу.

Перад самым сваім сыходам з дому ён надзьмуў яшчэ і маленькага сабачку – ці то балёначку, ці то гэткага… напаўтэр’ерчыка.

-- Ну, Тузік, застаешся цяпер за галоўнага. Глядзі, беражы хату! – сказаў Ц, ужо рыхтуючыся зачыніць за сабой дзьверы.

 

Цемра. Пяць гадзінаў раніцы. Нідзе.

(жаночы голас) Калі па вечарох я крыху выпіваю, дык потым заўсёды плачу. Людзі гэта заўважаюць, і пакуль адзін суцяшае мяне, астатнія намагаюцца прашмыгнуць у прыбіральню, дзе я працую, не заплаціўшы. Потым яны мяняюцца месцамі, і мяне пачынае суцяшаць іншы, а той, што суцяшаў папярэдне, праскоквае ўнутар і робіць свае справы.

(жаночы голас) Калі мне было год дваццаць, мяне пачала непакоіць невялічкая бародаўка на самым носе. Хаця сястра й казала, што мужчынам гэта можа на’т падабацца. Я рабіла ў мястэчку кухарам у сталоўцы, калі пазнаёмілася зь ім. Памятаю, неяк уночы мы залезьлі на дах нейкага закінутага зыгурату. І тады ён адкрыў рот і вынуў адтуль такую фарфоравую вутку. Мне яна вельмі панаравілася, і я доўга сьмяялася тады.

(мужчынскі голас) Маё імя Ян, я папярэднічаў прыйсьцю Збаўцы на гэтую зямлю. Пару тысячаў гадоў таму я жыў тамсама, дзе й вы. Цяпер я – гэта сьвятло, бо Бог – гэта сьвятло, а я ў Богу. Праўда-праўда. Але я па-ранейшаму жыву сярод вас, ведайце. У мяне няма свайго болю, але я адчуваю ваш боль. А бародаўку на носе можна зьвесьці, ёсьць у сталіцы паліклініка такая.

(жаночы голас) Пад маімі нагамі крышыўся сьнег, я бачыла, што ён быў зроблены з малюткіх шкляных капсуляў, яны, напэўна, сапсавалі мне ўсе падэшвы. Нібыта чагосьці шукаючы, я брыла ўздоўж руінаў бязьлюднага стадыёну – міжволі ўглядаючыся ў ашчэраныя твары паржаўленых скакуноў ды гімнастаў. Было трохі вусьцішна ды яшчэ… трохі мулка, але я перажывала акурат такі стан, калі гэтага нават хацелася. Я адключыла мабільнік, каб ня быць засьпетай зьнянацку – тут, пасярод ночы, стоячы на прыцярушаным сьнегам разьбітым асфальце. Было ціха. Але раптам… гэтыя стогны, што ішлі нібыта зь нетраў. Мае зубы ўмомант сутаргава зьвяліся, і я адразу зьніякавела ад нечаканай здагадкі.

(дзіцячы голас) Мне сьнілася, быццам бы я іду па ягоным хвасьце. У сьне дрэвы жоўценькія, лімонавы пах даносіцца з ноздраў гэтага забітага зьвера. Мне было зусім нястрашна. Але потым я прачнулася. Была ноч. З вуліцы пачулася, як грамыхае трамвай. Чамусьці мае рукі зьліпліся, нібы я ўпэцкалася ў сочыва. Я паспрабавала аддзерці іх адна адной, але анічога не атрымалася. Тады я стала дзерці яшчэ, і раптам у мяне на руках трэснула скура, адвалілася і ўпала на дыванок каля ложку, разам зь мясам. Рукі расьцярушыліся ўшчэнт. Я хацела зварухнуцца, але не магла. Маё цела рассыпалася на вачох – як той плюшавы бобік, якога мы з мамай знайшлі на гарышчы на лецішчы ў калюжыне вады. Я не магла наважыцца да яго дакрануцца – бо ён быў мёртвы. А цяпер я. Я хацела заскавытаць ад болю, але не змагла. Усё расплывалася.

(мужчынскі голас) Драць масла на тарачцы – гэта неэканамічна ды, таксама супярэчыць пэўным агульнаісным эстэтычным нарматывам. Пагатоў, у дадзеным кантэксьце ўсё ўжо настулькі дыфузавала, што дэфрагмэнтацыя дыскурсу робіцца галоўным альхімічным заняткам учорашніх трубадураў.

(мужчынскі голас) Хррррппррррррррххххрррррррррппррррррххррхрхрхрррпрррррррррпррррррррпрррррррпррррррпррхррххрррррххррххххрххррррррррпррррррхпрхппрпрпрпрпрпррпрппрпрпрпрпржапрлюзірпрпрпрпррппппрррррррпрпрппрпрпррпрррррпрпррррпрпррррррпррпррпррррп фарррррррррпррррпррр (ягоны ўладальнік сьпіць)

 

-- Чакай, я зараз, -- сказала яна і, прыхапіўшы кайстрачку, рушыла ў прыбіральню.

Ізноў… Колькі ўжо можна… Ізноў зь цябе пачынае выцякаць гэтая дрэнь. Трэба нешта закапаць туды…

І калі ў яе зьявілася гэтая сарамлівасьць, думаў ён. Яны сядзелі ў прыстойнай маленькай рэстарацыі з джазам і афіцыянтамі ў крыштальна белых кашулях, што са сваёй анахранічнай паслужлівасьцю выглядалі на актораў падчас экранізацыі якога старадаўняга раману. Менш як напалову выпітая пляшка “Мэрлё” – як, зрэшты, і недаедзеная салята ў талерках – красамоўна сьведчыла аб тым, што вечар яшчэ далёкі ад заканчэньня.

Сапраўды, як прыстойная дзеўчына, яна не магла сябе дазволіць смаркацца за сталом. Лепш ужо адысьціся куды сьлед. Ды і рукі потым варта памыць, а тое гэты пах…

Адчыніўшы дзьверы, на якіх красавала аголеная прыгажуня, яна заскочыла ўнутар, пераканалася, што не парушыць гукамі сваго носу нічый спакой і тут жа паднесла да гэтай мілай маленькай прылады ўжо выцягненую загадзя папяровую насоўку.

Тоўсты слой сылікатнага клею імгненна прамачыў сурвэтку наскрозь. Яна ледзьве не сапсавала свой даўгі пазногаць, аддзіраючы пальцы ад зьлепленай паперы. У гэты момант ёй нібыта пачулася, як рыпяць ейныя ногі. Уключыўшы ваду і

Чуеш, нешта ламаецца?

отнага, дзеля таго, каб

галава гораду сёньня сустрэўся з прадстаўнікамі

набываючы яшчэ, вы атрымліваеце

…здавалася, статуя складаецца адное з даўжэзных гіпсавых ног. Прынамсі, калі ляжыш на падлозе, больш анічога не відно. Голы, ён зьвіў сябе гнёздачка акурат паміж гэтых крохкіх белых канцовасьцяў, і менавіта тут, сынхранізуючы свае рухі зь нейкімі там касьмічнымі хвалямі, ён несупынна зьвіваўся ды курчыўся, намагаючыся прыйсьці ў прытомнасьць. Усё гэта мела небагата плёну – хіба што шурпатыя бэтанаваныя муры патроху пакрываліся кропелькамі поту, які сыходзіў ад ягонага даўно нямытага цела.

(Я ёсьць скала, сказаў Ён. Але рнавеу3ва4н3ае43н2аке42шлак52лшак53л5рп5ап5рапркпрпакпркпкеапкркрно8ўўд)

ухапіцца за гэты сьлізкі валун, што напаўтырчэў спасярод вады, удалося хіба з трэцяга разу. Ч ужо думаў было, працягнуўшы свае адчайныя акрабатычныя практыкаваньні, ускараскацца на яго ды стаць нагамі, каб хаця б трохі адпачыць, але як толькі ён паспрабаваў гэта зрабіць, валун рэзка падскочыў, заверашчаў і, не ўздымаючыся над вадой ні на каліва, паляцеў узждоўж паверхні і неўзабаве схаваўся за даляглядам.

Толькі цяпер ён заўважыў, што прынятае ім за камень насамрэч было апранутай у мокрыя плаўкі дупай якогасьці мёртвага дзядзькі, што мерна пагойдваўся сябе на невялікай глыбіні тварам долу, пакуль яго гэтак нахабна не патурбавалі. Пырскі, якія ляцелі з-пад ягоных дыстрафічных курыных крыльцаў, што карыкатурна тырчэлі паабапал набрынялага тлушчам цела, сягалі й да твару Ч, павялічваючы ягонае расчараваньне.

…было халодна, і мама спаліла ў печцы пару манэкенаў, нават тую цётку, што казала, быццам яна цяжарная. Хату адразу напоўніла прыемнае цяпло, а верашчаньне бедакоў перакрывалі гукі старэнькага чорна-белага тэлевізара, па якім акурат перадавалі прагноз надвор’я.

Калі яны яшчэ не дарэшты пераўтварыліся ў попел, мама сунула ў печку чыгунок з бульбай.

-- Нельга, каб дабро прападала, -- сказала яна з гэтэй нагоды, пачэсваючы патыліцу.

 

 

У гэтую хвілю ты чуеш ціхенькае бэмцаньне званочкаў на шыях кароваў. З прыемнасьцю думаеш, што яны анічога не абазначаюць.

 

 

 

Момант вяртаньня, з гіпэртрафаванай уважлівасьцю апісаны ўсімі гамэрамі. Што здараецца, калі ягоныя ногі перакрочваюць родны парог, а вочы прыязьліва адлюстроўваюць бляск бабілёнскіх зорак на тварах аголеных баб з “Плэйбою”, якія ўсьміхаюцца з налепленых калісьці на сьцяну каляндарыкаў за немаведама які год?

Хібарка рушыцца, як толькі ягонае цела апускаецца на ложак, у якім было ўбачана столькі грэшных сноў. Па той прычыне, што:

іmperium nihil est

(дванаццацігадовае дзяўчо што ідзе па залітай сонцам вясковай)

іmperium nihil est

(вуліцы трымае ў руцэ жбанок малака стаіць)

іmperium nihil est

(лета мора ўпіваецца ў маё распрастанае цела лагодныя)

іmperium nihil est

(хвалі гайдаюцца ля мяне пасьля цырымоніі)

іmperium nihil est

(ўзьняцьця дзяржаўнага сьцягу адбыўся ўрачысты прыём на ўсходзе)

іmperium nihil est

(нашай краіны месьцяцца тарфяныя балоты дужа)

іmperium nihil est

(багатыя нафтай быць мастаком гэта значыць)

іmperium nihil est

(перадусім адчуваць адказнасьць за)

іmperium nihil est

(чуеш нешта ламаецца)

іmperium nihil est

(пасмачкі попелу ў ейных вачах )

(чуеш нешта ламаецца)

(чуеш нешта ламаецца)

(чуеш нешта ламаецца)

(чуеш нешта ламаецца)

(чуеш нешта ламаецца)

(чуеш нешта ламаецца)

(чуеш нешта ламаецца)

(чуеш нешта ламаецца)

(чуеш нешта ламаецца)

(чуеш нешта ламаецца)

(чуеш нешта ламаецца)

(чуеш нешта ламаецца)

(чуеш нешта ламаецца)

(чуеш нешта ламаецца)

(чуеш нешта ламаецца)

(чуеш нешта ламаецца)

 

Тое, чым ты валодаў – нішто, і тваё шчасьце, калі табе ўдалося своечасова вынесьці ўласны анус з-пад развалінаў гэтага дома.

 

* * *

замест усяго гэтага хай будзе цішыня

Божа будзь побач са мною калі я ўрэшце прачнуся

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil