АНТОН ТАРАС

 

"бела раніца. сонечны лёд"

войска генэрала ё

"вясна. абуджаюцца фабрыкі й заводы"

"любоў. ля кожных дзьвярэй расьце нябачнае дрэва"

людзі стагодзьдзя

лясы вызваленьня

міхалу

мой адказ фэдэрацыі

"народжаныя не ў тым месцы"

"пайшоў ясь па ваду"

"пачатак вайны"

"сьмяюцца"

"шмат песьняў было"

 

 

* * *

Бела раніца. Сонечны лёд.

На пляцы волі сабраўся народ

Дзевяць краінаў, тысячы сноў

На мокрым сьнезе — Чырвоная кроў

Я вярнуся па схілах халодных палёў

Каб адзначыць 2007-ы год.

 

* * *

Шмат песьняў было

напісана за вечар.

Што было —

завяршылася.

Маё сэрца спынілася —

зараз вольны,

а жыцьцё — дык прысьнілася.

Хтосьці здольны

перагортваць старонкі

Кнігі кратаў, зь якіх я вонкі

прасачыўся. Зло,

крывавая сеча.

Гэта там,

ну а тут —

шмат песьняў было

напісана за вечар.

 

* * *

Пачатак вайны

згублены помнік.

Калі ў пацалунку

зьліліся імпэрыі сьвету —

дзе быў ты ў гэты момант?

Агні.

Полымя плача.

Ніколі яшчэ

мы не былі гэтак блізка

ад пажару сівых гарадоў.

Гэта — паліва спадзяваньняў,

яно дорыць душы неўміручасьць.

Гэта згублены помнік.

 

* * *

Вясна.

Абуджаюцца фабрыкі й заводы.

Манахромны сьвет адлюстроўваецца ў мірклявых лужынах; уздымаецца шызы дым, брамнікі амываюць сябе,

і вецер нясе абрыўкі газэтаў у промнях сьвітанку.

На горад падае белая сетка сьвятла.

 

* * *

Сьмяюцца

Гэта — прыкмета сьмерці

Мы ж будзем жыць

у самоце

ды роспачы.

Тысячы

тысячы

зграяў лётаюць

над дахамі й пячорамі.

Гэта анёлы

маскіруюць сябе варонамі.

Дождж абдымае ружу

калі мы знаходзімся побач

каб адлюстроўвалася

у лужынах

нашая роспачнасьць.

 

* * *

Любоў.

Ля кожных дзьвярэй расьце нябачнае дрэва.

Цела кожнага чалавека

ёсьць кнігаю.

Кожны скарб мае свайго ўладара.

Чараўнікі бавяць час у падзямельлях

паламанага сну,

дзе ў люстэркавых калідорах віруе

віхура сымбаляў.

Няма іншых шляхоў, апроч

тых, што вядуць угору.

Каменьчык на пыльнай дарозе,

дзьмухаўцы, мох,

прыступкі, адбіткі, абрысы далёкіх сьценаў.

Яшчэ цёплы ружанец.

Гэта абагульняе чатыры сусьветы,

якія злучаюцца ў адзіную пляцоўку

на дне Індыйскага акіяну, дзе падводны

кароль будзіў сваю любую жонку,

асыпаючы ейны ложак процьмаю

мокрых кветак і змахваючы цень сьлязінкі

з-пад пакрытых зморшчынка-

мі й у лагодзе заплюшчаных вейкаў.

 

* * *

Пайшоў Ясь па ваду,

А тамака — вуду,

Гэткае сьвята —

Усе пляшуць,

А Ясь — дахаты.

Дала яму дыхты

Жонка.

Крычыць дзіцёнак

І бабы стогнуць.

Трэба ўжо класьціся спаць —

Няма чым сон запіваць

Хацела, дурніца, зноў да рэчкі паслаць,

А Ясь — паміраць.

“Ня плач, любая,

Нылі былі зубы,

А мёртваму — не баляць”.

Пайшоў Ясь па ваду

Злоснае вуду.

 

ВОЙСКА ГЕНЭРАЛА Ё

І.

Шлях шахцёра ў цмачыныя норы вядзе

Шлях кіроўцы мэтро — ў той жа бок, ды далей

І бяз права вяртацца. Палкоўнік Ван Лей

З генералам Ё Цзы вандраваў па вадзе

Да краінаў, дзе людзі баяцца маліцца.

ІІ.

Не бывае людзей па-за межамі сну

Таму кожную раніцу гіне сусьвет

Таму нейкія ёлупні пішуць санэты

Баязьліўцы працягваюць весьці вайну

А на ўсходзе папыхвае дымам сталіца.

ІІІ.

Часам танчыць над горадам сонечны птах

Мілагучна сьмяецца ды зьлізвае лёд

З кожнай лужыны. Зецячы гэты палёт

Адзін мужны вандроўнік забраўся на дах

Каб замерзнуць, растаяць і зноў нарадзіцца.

 

ЛЯСЫ ВЫЗВАЛЕНЬНЯ

УВАХОД

Ісьці на Захад —

сустрэць вясну.

Набудзем зерне, пасеем жыта.

Можа, і пераканаюцца безназоўныя

Можа, і ўбачаць:

ты абудзіўся.

ты

ідзеш вырошчваць вінаград.

І. Вуза, цела, мапа рэкаў.

Імкнемся. Цячэм.

Буйныя зоры падаюць у далоні.

Валосьсе

зьзяе й асыпаецца.

Усё размытае.

цьмянае.

палымнее.

Мужнасьць. Любоў.

Шлях прыгажосьці.

Сто разоў паўтараецца сон,

сто разоў

саграваемся.

Хто з прысутных можа

параўнаць сябе з гэтай прысутнасьцю?

ІІ. Мы ня там, мы ня тут,

ня ў крэслах з дыму,

ня ў кашляньні.

Ні воднае месца не належыць нам:

апроч хвілінаў, калі пакідаем гняздо

ці вяртаемся,

ці нясемся насуперак ветру, правальваючыся

ў непрытомнае неба —

не існуем.

Бо мы — незаўважныя.

Мы — празрыстыя птушкі.

 

ЗАВЯРШЭНЬНЕ

Шмат схаванага ў небе, шмат схаванага ў лісьці пад дрэвамі.

Але як жа знайсьці ўсё гэта? Вынаходнік

імёнаў ведае.

Лясы вызваленьня.

Зноў і зноў мы вяртаемся сюды.

Гэты шлях заўсёды будзе тым самым.

 

ЛЮДЗІ СТАГОДЗЬДЗЯ

Людзі партовага гораду забываюцца

на старажытныя паданьні й

словы састарэлых рыбацкіх філёзафаў гучаць

нібы з-пад зямлі,

якая абпалена

цішынёй

набрынялае імпэрыі розуму.

Апэрацыя на сэрцы

грамадзтва няўдалая

апэрацыя на сэрцы

грамадзтва

люстэркам расколваецца.

Няма межаў пры поўнай

адсутнасьці мёртвых.

адсутнасьці жывых.

Героі пахаваныя ў плястыкавых бамбасховішчах ля дарогі ў

Рай.

Камунікацыі рашчыняюцца ў замсьце.

Усеагульны кампутарны склероз

ня мае

правоў на рэінкарнацыю. Будучыня

завершаная.

І калі безвыходнасьць стагодзьдзя ахоплівае

прыдуманыя мною душы, з мора

выходзіць вялікі дракон

ЫЛХМАТХ.

Выратоўнік адраджае старажытныя паданьні

і ўсё паўтараецца.

 

МІХАЛУ

І.

Бяздонныя лясы,

Ваўчыныя галасы,

Палі халоднай расы,

Акрываўленыя валасы,

Сьвята голых людзей

Плямёны лясных дзяцей

Плямёны лясных людзей

Пачатак пачатку падзей

Ведаюць, ды маўчаць

Сьняць сны, ды ніколі ня сьпяць

Шукаюць шлях адшукаць

Захоўваюць права трымаць

Зоры на небе - мова

Кожная зь іх - слова

Кожная зь іх - мара

Духі неба зьбіраюць хмары

Разварушылі хмары

Зьдзейсьнілі першыя чары

На гушчары -- абшчары

Глядзяць палымяныя твары

Сёньня сьвет збудаваны

Набліжаецца восьмы ранак

Мы залізваем першыя раны

І ідзем майстраваць капканы

Мы ідзём здабываць ежу

Мы вучымся шыць адзежу

Вочы ды вусны -

Неба

Зробіцца недасягальным.

Калі назавуся Паэтам,

Замкі адчыняць

Буду

Шэптам ды плёскам у далоні

Стрэлам у карак

Сьмерці

Зьдзейсьню свае імкненьні.

Калі я свае імёны

Спалю ў праменях зьнічкі,

Сканаю ў бурштынавым моры

Зямлёю ды глінай

Слова

Надзейна схаваю ў прасторы.

 

 ***

Народжаныя не ў тым месцы,

І, можа быць, не ў той час,

Але лёс паказаў на нас,

Як ужо гэта было ня раз.

Навальніцай гучыць пакліканьне -

Быць крыніцай празрыстай рыканьнем,

Каб бязьлітасны вецер поўначы

Не парушыў шляхі прарочыя

Беларускае ночы.

 

МОЙ АДКАЗ ФЭДЭРАЦЫІ

І. Я

1. Няспынна рухацца праз шматмерны яркаасьветлены калідор у той бок, адкуль паўзе гукавая інтанацыя, сустракаючы сяброў і знаёмых, паціскаючы тысячы, мільёны рук, разрываючы сэнсавую мэмбрану, адшукваючы ў паветры сьвежыя позіркі толькі што створаных агентаў аховы, адмахваючыся стомлена ад цэментавокіх капітанаў бясконцае флятыліі журналістаў, малюючы нікому незразумелыя значкі ля дзьвяроў КПП, цалуючыся, плюючы ў столь, ванітуючы паўсюль, дзе толькі ёсьць месца думкам, і словам, і марам, і целу паэта, стомленага, магчыма - першага. Былы бог, былы маг, існае разбурэньне на шляху да праўды. Калі ў пустэчы заходзіць Сонца, ня чутна музыкі. Вокны выконваюць джаз, імправізуюць, крычаць што ёсьць моцы, скідваюць рэшткі чырвонага танаванага шкла ўніз, у натоўп, які рушыць ува ўсе бакі да межаў гораду й па галовах якога паўзе неабсяжны аксамітны зьмей, тлусты й задаволены. Нараджаецца гістэрыя, якая дзьме ў сьпіну ўцекачу. Сьмярдзючы дотык падштрухоўвае да славутасьці. Чым былі бліжэйшыя дзьверы? Уваходам у прэс-цэнтар. Нажаль. Паглынае, паглынае, ліпкі такі, бяздонны... Гукавая інтанацыя паўзе насустрач калідор пусьцее ў той момант калі зграі дасягаюць умоўных межаў асфальтавае кляакі. Чаму выбух бомбы па-замінулага не расчысьціў шлях весьнікам сьмерці? Заўсёды будуць тыя, хто застаецца. Заўсёды.

 

2. Нібыта зімовы сон маленькае чарапашкі. Крыкі сэрца хаваюцца ў нудоце празрыстае коўдры, ложак будуе высокія нябачныя сьцены зь невядомага сучасьнікам матэрыялу. Кватэра супраць, каб хтосьці выходзіў за ейныя межы, рух гадзіньніка спыняецца, мова спыняецца, роспач канцэнтруецца на мяжы зрэнак, ствараючы ўмовы дзеля ўзьнікненьня нянавісьці, якая ўжо завітвала сюды ўчора. Сон - гэта праца, наранак Cтомлены машынальна шукае сховішча ад ночы, якая непазьбежным прылівам мусіць зноўку насунуцца на сэнсарныя каналы. Нажніцы й люстэрка, валасы зь пяску, чорны аксаміт на фоне фэктыўнага ўзыхода галоўнае зоркі... час да нараджэньня. Глупыя ўмоўнасьці! Калі-небудзь дзіцячыя імкненьні зямлёю будуць ляжаць на паверхні маёй магілы. Сёньня - раніца. Праца. Праца. Уздымайцеся, Антон Вітальевіч Тарас!

 

ІІ. Фэдэрацыя

Пэўная дробная істота выпаўзае на сярэдзіну офіснага пакоя. Яе гвалтуюць. Яе б’юць. Яе абліваюць керасінам і падпальваюць. Што за людзі працуюць тут, чым займаюцца? Ці маюць яны імёны? Адрэсы? Ці здольныя яны кахаць? Сумнявацца? Пакой, напоўнены безьліччу манітораў; сынематэка сноў; нейкія ручагі; два-тры апэратары хуткае сувязі; нардычныя профілі; чыйсьці голас зь іншага боку плянэты дыктуе радкі замовы, увасабленьне моцы, увасабленьне волі, маленькі пярсьцёнак на пальцы новага героя фэдэрацыі. Глядзіце - дзіцёнак! Зь яго робяць забойцу. Падлетак! Ён падае, спатыкнуўшыся аб прыступкі свайго эгаізму. Геній! Але чаму ён у клетцы? Анёлы надта слабыя, нібы галубы ў дрыгве. Нібы я, незавершаны... Калі кінуць пачак запалак у чэраў крэматорыю, наўрад ці хто небудзь заўважыць.

 

ІІІ. Адказ

Вы знайшлі мяне, калі я быў вольны. Вы знайшлі мяне, калі я сьніў свае сны і казаў свае словы. Вы знайшлі мяне, калі я й ня думаў пра вас. 200 начэй блытаніны. 200 начэй маскіроўкі. А колькі было забітых?! Скалечаных?! Колькіх людзей вы выкінулі з майго жыцьця? Я чую, як вы варушыціся за маёй сьпіною, як вы незадаволена перагаворваецеся ў перапынках між дотыкамі маіх пальцаў да клябіятуры. Я бачу вас на прыпынках мэтро, на вуліцах, у снах, у словах. Мы дыхаем адным паветрам. Мы гутарым па адным тэлефоне, сьпім на адным ложку. Я прачынаюся ў вашых абдымках. Але прыйшоў час пакласьці канец усім непаразуменьням. За ўсіх забітых. За пачатак вайны. За замах на Бога. За мяне - абуранага. Слухайце мой адказ (правай рукою ў паветры накрэсьлю):

 

— АДРАКАЮСЯ.

— АДРАКАЮСЯ.

— АДРАКАЮСЯ.

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil