я ўсьміхнуўся
грымеў глухім голасам
у слоік складаў настрой-ласось
жаваў нейкую гадасьць
што вельмі нагадвала засохлую радасьць
і адчуваў набліжэньне трагедыі
што валялася трафарэтамі на тратуарах
калі мой рот раптам парваўся
на дзьве паловы яблыка
а рукі вывіхнуліся ў сьпіраль
якая выявіла партрэт каханай
я ляжаў начамі Карчом
у гэткім скурчаным выглядзе
і я зразумеў што розум крэйда
я жаваў суркоў сыркі і сушкі
нарэшце на кухні цюкнулі ў рондаль-гонг
Паветра прынесла да мяне труну-трактар
у ёй ляжалі скурчаныя трактарныя казюркі
няшчасныя цудоўныя жучкі
яны бліскалі срэбнымі плямкамі
і вусікамі Лапкі нагадвалі
зламаныя шпількі і сашчэпкі
Я адразу ператварыўся ў чэрап чарадзея
выгіны майго тулава
магічныя туман і лава
гэты новы стан падобны на славу
і я здолеў дацягнуцца
да кавы якая ўжо
курылася браткамі
побач назіраліся крыштальнай чысьціні арэшкі
і са шклопадобнай скрынкай кавалкі
запечанага шэрага хлеба
Эўрыка! Гэта — рак-корак
Няма нічога прасьцей за хатнюю
кухню і паэтычныя ліны
што аплятаюць прастору ценяў
вакол і разрываюць яе па
перыметры метрамі
Словам манжэты мініятурнага мэтро
і магма і магічныя вятры
гэта ўсё ня мара
мая сурковая хібара
Жучкі Жучкі Жучкі
Вы Вы Вы і толькі Вы
Я падышоў да балкона
дапіў сваю каву
зьеў сухога бульдога
і зваліўся
жуком
у неба
лета 1999
1.
Будзем фатаграфавацца. Будзем хавацца. Пачнем кідацца чорнымі гарбузамі. Заплюшчым вочы, выцягнем кулямёт Максім і расстраляем свае белыя жаданьні. А калі зь неба прыйдзе чалавек зь сякерай, тады гучна закрычым гукамі бубна пра нашыя магнітныя ўчынкі. Ноччу, 13 верасьня мы пойдзем у Парк імя Горкага заняцца паглынаннем італьянскай гарэлкі “ASKA”. Вырвем сабе языкі, выталупім вочы, ногі апусьцім у раку Няміга. Адчуем восеньскую прахалоду і глынем бурбалак пра рыбіны, што сноўдаюць па дне марскім. Потым запэцкаем у конскай крыві свае страўнікі, бо толькі яна выцягне з нас звычаі продкаў. Папросім прабачэння. Будзем маршаваць, махаць шаблямі. Напішам вялізны манускрыпт на перамогу парцалянавага над каштанавым. На мосьце, што ляжыць побач з паркам знойдзем сымбаль Мапа. Гіпнозам надрукуем у сваіх галовах рыфмы і сымфоніі новага часу. Але калі супраць нас прынясуць гармату, мы схаваемся. Будзем сядзець сярод жоўтых пялёсткаў і ціха крумкаць. Як жабкі.
2.
Выпаўзем зьмяюкай да цэнтральнага рэспубліканскага саркафагу. Успомнім старыя звычаі. Адкаркуем бутэльку зь сіропам вішнёвым. Натолім сябе асалодай салодкай. Зробім новы аквэдук, што будзе ахутваць дрэвы і агароджу, як павуціньне. Адным словам, упрыгожым родны горад цудам мастацтва. І вось тады націсьнем рукамі на неба, каб белы флегматык сыпануў цукру сь перцам і карыцай. Назвы вуліцаў зьменім да ценявога гуку “р” і “я”. Тады на вулках будуць блукаць усе жыхары і жыхаркі. Тады каля сьметніцаў мы паставім транспарант з цытатамі ад Кашкурэвіча. Дзядзька Фройд сядзе каля цырка і распавядзе казку пра геаграфічную заблытанасьць і недасканаласьць. Магчыма ў гэты раз супраць нас вышлюць танкавую армаду. Распачнем. Распачнем опэру пра цёцю Рагнэду. Болей нафталіна кінем на свае чырвоныя гальштукі і лакіраваныя лысіны, і таму атрымаем эпілепсічны радок. Закалоцімся. Закалоцім цьвік у сьцяну бэтонавую. Сьпілуем прозьвішчы мінулага правадыра і можа нарэшце атрымаем прафэсарскае званьне.
3.
Бо некалі я і ён боўталіся па менскіх пячорах, грызьлі макавую саломку. Супраціўляліся дэспатызму. Сьпявалі песьні па андалуску. Зрэдчас выносілі на балкон свае ныркі, каб яны супакоіліся і загадалі два словы: “Гага сар”. На ботах крэмзалі фарбай усялякія непрыстойнасьці. Начавалі на даху лекарні № 6, хацелі ператварыцца ў лятучых зьвяроў. Будавалі сваю выспу, абмазвалі яе чакалядай і варэньнем. Марылі жыць вечна. І калі загнуліся самі не заўважылі. Бо наступіла зіма.
4 лістапада 1997
* Прадстаўленае апавяданьне мае каля 15 розных варыянтаў, напісаных Юрасём Барысевічам.
* * *
валасы на ёй варушацца хвалямі
бярыце суграмадзяне за валюту
паглядзіце якія тонкія пальцы эмалевыя
пазногаць да пазногця колеру месяца лютага
можа пісаць вершы артыкулы
раманы казкі карціны-гіяцынты
можа ўпрыгожыць любым тытулам
тайна галянтна займаецца танным плягіятам
не адмовіцца дзёўбнуць па вашым носе
ну не рука а проста мініятурны лось
харчаваньня шмат не патрабуе
пляшка гарэлкі і бублік на дзень
на мінэралку бурбулістую табу
экалягічна-чыстая савецкая рука
выгадаваная на просторах Саюза уркамі
не любіць дробных дыктатараў
любіць пяшчоту
Бярыце суграмадзяне не пашкадуеце
гэта вельмі нават прадажная рука
стомленая ад адзіноты
нахабнаяворчая
зьмяя
лета 1999