Вінцук Вячорка

ПРАВАПІС


ЗЬМЕСТ

Спроба сучаснае нармалізацыі

ПРАВАПІС ГАЛОСНЫХ

Правапіс о
Правапіс э
Правапіс е, ё, я (яканьне)
Правапіс галосных у складаных словах
Прыстаўныя і ўстаўныя галосныя
Устаўныя галосныя ў зьбегах зычных

ПРАВАПІС ЗЫЧНЫХ

Правапіс мяккіх с, з, ц, дз перад мяккімі зычнымі
Падоўжаныя (падвойныя) зычныя
Правапіс спалучэньняў зычных
Прыстаўныя зычныя
Правапіс у - ў, і - й
Правапіс разьдзяляльных знакаў

АСАБЛІВАСЬЦІ ПРАВАПІСУ ЗАПАЗЫЧАНЬНЯЎ

Правапіс спалучэньняў галосных у запазычаньнях
Спалучэньні галосных на стыках кампанэнтаў складаных словаў
Перадача іншамоўнага u (правапіс у/ю ў запазычаньнях)
Спалучэньні j з галоснымі
Правапіс э, е, ё ў запазычаньнях
Правапіс і, ы ў запазычаньнях
Перадача l у запазычаньнях
Правапіс ф


Да «Беларускай палічкі».


Крыніца:
Вінцук Вячорка. Правапіс.
Часопіс «Спадчына», № 5, 1994.

© В.Вячорка, 1994.



СПРОБА СУЧАСНАЕ НАРМАЛІЗАЦЫІ

Суіснаваньне дзьвюх правапісных (а таксама граматычных, у пэўнай ступені - сынтаксавых, лексычных і вымаўленчых) традыцыяў у сучаснай беларускай літаратурнай мове (СБЛМ) - відавочны факт. На практыцы можна гаварыць пра два варыянты нашае літаратурнае мовы - клясычны (традыцыйны, «тарашкевіцу») і савецкі (ідэалягізаваны, русыфікаваны, «наркомаўку»). Функцыяваньне літаратурных моваў у двух варыянтах - не ўнікальна беларуская асаблівасьць: у літаратурных мовах Эўропы суіснаваньне варыянтаў звычайная рэч (прыкл., у грэцкай, альбанскай, нарвэскай). Там паралельныя варыянты літаратурнае мовы фармаваліся або на грунце розных дыялектаў, або на аснове даўнейшае традыцыі і сучаснае жывое народнае мовы. Але нашая сумная спэцыфіка ў тым, што падзел беларускае літаратурнае мовы на два варыянты адбыўся штучна, гвалтам. Савецкі варыянт СБЛМ зьявіўся тады, калі ўжо натуральным чынам, эвалюцыйна, паступова сфармавалася правапісна-граматычная традыцыя новае беларускае літаратурнае мовы, калі гэтая традыцыя была кадыфікаваная ў граматыках (перадусім - у «Беларускай граматыцы для школ» Браніслава Тарашкевіча, 1-е выд. - 1918, 5-е - 1929, 6-е - 1943, 7-е - 1991), дапаможніках, слоўніках.

(Пра гісторыю ўзьнікненьня двух варыянтаў правапісу й граматыкі сучаснае беларускае мовы наш часопіс пісаў у № 4, 1991 г. - Рэд.)

«Спадчына» дбае пра аўтэнтычнасьць моўнага аблічча публікаваных тэкстаў. Шматлікія матар'ялы сучасных аўтараў таксама друкуюцца Тарашкевічавым правапісам. Даўно насьпела патрэба (пра яе сьведчаць шматлікія звароты ахвочых пісаць тарашкевіцаю) падаць найбольш адметныя ў параўнаньні з афіцыйным правапісам БССР асаблівасьці сучаснага правапісу клясычнага (традыцыйнага) варыянту беларускае літаратурнае мовы.

Клясычны правапіс не застыў у сваім разьвіцьці. Тарашкевічаўскі правапіс удасканальваўся і спрашчаўся ў практычным ужытку 30-х і 40-х гадоў на Бацькаўшчыне і пасьля вайны на эміграцыі, што зафіксавана ў асноўных падручніках (Антона Лёсіка і Валянціны Пашкевіч), у жывой практыцы 80-х і асабліва 90-х гадоў, што зафіксавана на Віленскай нарадзе журналістаў і выдаўцоў - карыстальнікаў тарашкевіцы (14 чэрвеня 1992 г.).

Ніжэйпададзены тэкст - гэта адначасова і спроба апісаньня сучаснае правапіснае рэальнасьці тарашкевіцы, і падыход да праекту нарматыўнага правапіснага зводу. Аўтару відавочна, што ў гэтым кругабегу моўнага разьвіцьця нам не абысьціся без варыяцыйнасьці, у тым ліку і ў правапісе. Зрэшты, сам факт існаваньня двух правапісаў пра гэта сьведчыць.

У сваёй працы мы кіруемся наступнымі матывамі.
1. Захаваць традыцыю і па магчымасьці скасаваць разнабой ды нутраныя супярэчнасьці ў сучаснай практыцы тарашкевіцы.
2. Спрасьціць тое, што паддаецца спрашчэньню, каб клясычны правапіс быў больш канкурэнтаздольны й вымушаў да зрухаў «афіцыйны» правапіс.
3. Палегчыць будучае збліжэньне правапісаў.

Вялікая частка працы прысьвечаная правапісу запазычаньняў - аднаму з найвастрэйшых пытаньняў беларускага правапісу ва ўсе пэрыяды яго гісторыі. Памылкова атаясамліваюць аблічча клясычнага варыянту беларускае літаратурнае мовы з польскаю арыентацыяй ейных упараднікаў. Можна, зрэшты, упікнуць: маўляў, рэальна існуе і ўсходняя эўрапейская, усходне-бізантыйская лінгвістычная традыцыя, у аснове якой ляжыць грэцкая мова ў ейным сярэднявечным, канстантынопальскім, абліччы. Яно так. Але мы, беларусы, змушаныя былі засвойваць ня гэтую традыцыю непасрэдна (некалі мы былі яе носьбітамі, але незваротна страцілі гэтую ролю), а толькі ейны расейскі сурагат.

Выбіраць пэўную арыентацыю ўсё роўна трэба - нават дзеля патрэбаў практычнае транскрыпцыі (транслітарацыі). Традыцыйнае для нас - нямецка-лацінскае пасярэдніцтва. У гэтым сэнсе мы тыповы народ паўночнае часткі рэгіёну Цэнтральна-Усходняе Эўропы.

Мы змушана падыходзім да працэсу запазычваньня як да зьявы, якая паддаецца рэгуляваньню. Спадзявацца на стыхію, якая сама сабе дасьць рады, у якой сфармуюцца прыкметы пэўнае сыстэмы, ня можам. Таму мы спрабуем праграмаваць працэс запазычваньня, дакладней, яго частку - фанэтычнае й графічнае асваеньне запазычаньняў, - шмат у чым беручы мэтодыку распрацоўкі правілаў трансьлітарацыі (практычнае транскрыпцыі) уласных назоваў.

Гэта - не вычарпальны збор правілаў, а накід кантрастыўнага (у параўнаньні з савецкім) апісаньня правапісу сучаснае тарашкевіцы. Насуперак традыцыі, неправапісных (прыкл., граматычных) правілаў тут няма. Відавочная непрапарцыйнасьць у аб'ёме розных тэмаў ды прыкладаў, а таксама частковае перасячэньне тэмаў выкліканыя імкненьнем палегчыць пошук патрэбнай артаграмы. Пакуль няма артаграфічнага слоўніка, няма даведніка практычнае транскрыпцыі ўласных імёнаў. Гэтая праца - наперадзе.

Праца выконваецца ў рамках праекту Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва.


ПРАВАПІС ГАЛОСНЫХ

ПРАВАПІС О

1. Літара о, як правіла, пішацца толькі пад націскам: мора, яго, омуль.

2. У ненацісьненых складох о ў вымаўленьні й на пісьме пераходзіць у а: ахвота, каза, малако, актава, сена, алегрэта, відэа, стэрэа, ададжа, сальфэджа.

У в а г а 1. У абсалютным канцы іншамоўных нескланяльных уласных назоваў пасьля галосных о захоўваецца: Лео, Монтэвідэо, Мэдэо, Чырчэо, Эіао, Сяо (і Дэн Сяопін). Пасьля і, ы ды разьдзяляльных знакаў у гэтай пазыцыі гук [о] перадаецца літарай ё: Кіё, Рыё, Вэк'ё (гл. «Правапіс е, ё, я»).

У в а г а 2. Доўгае о ў іншамоўных уласных назовах або перадаецца падвойнаю літараю, або скарачаецца: Тоомас, Найсоо, Батыр-оол, але Ватэрлё.

3. У наступных і аднакарэнных словах захоўваецца гістарычнае чаргаваньне спалучэньняў ро, ло (пад націскам) і ры, лы (бяз націску): блохі - блыха, бровы - брыво, брод - брысьці, глотка - глытаць, гром - грымець, дровы - дрывяны, дрогкі - дрыгва, кроў - крыві, скрогат - скрыгатаць, хрост - хрысьціць.


ПРАВАПІС Э

1. Літара э ў спрадвечнабеларускіх словах пішацца толькі пад націскам: эх, рэха, на гарэ, бярэ, дражджэй.

2. У спрадвечнабеларускіх словах э не пад націскам у вымаўленьні й на пісьме пераходзіць у а: радзейшы, цана, чарга, шасьці.

3. У словах іншамоўнага паходжаньня э не пад націскам, як правіла, захоўваецца: бэнэдыктынец, дэкан, мэтро, рэкорд, сэзон, сэмэстар, чэхізм, анапэст, бізнэс, індэкс, нонсэнс, сэнсоўны, эгіда, элегія, эпапэя, андантэ.

4. У даўно асвоеных словах іншамоўнага паходжаньня э не пад націскам перадаецца праз а: адрас, аканом, галянтарэя, дакляраваць, літаратура, матар'ял (паралельна з матэрыял), равольвар, рамонт, сакратар, сакрэт, характар, шавіёт, шаўрон. Можна спрагназаваць, што гэты сьпіс будзе пашырацца і да яго далучацца словы радакцыя, чачэнец ды інш.

5. У словах іншамоўнага паходжаньня не пад націскам, як правіла, пішуцца фіналі -эр, -эль, -энт: дэбаркадэр, грэйдэр, катэр, райсфэдэр, тэстэр, сканэр; барэль, грыфэль, дросэль, кабэль, ніпэль, пудэль, штэпсэль; рэглямэнт. Але ў добра асвоеных народнаю моваю словах, а таксама пасьля шыпячых і ц ў вымаўленьні гэтых фіналяў замацоўваецца аканьне і яны пішуцца -ар, -аль, -ант: бугальтар, майстар, ровар, хедар, швэдар, ваўчар, карцар, плюнжар, розэнкройцар; гэбаль, шархубаль, шніцаль, бушаль; атрамант, лямант, парлямант.

У в а г а. Крыніца слова кампутар у беларускай мове - непасрэдна лац. computor.


ПРАВАПІС Е, Ё, Я (ЯКАНЬНЕ)

1. У першым складзе перад націскам е, ё ў спрадвечнабеларускіх словах, у тым ліку ў часьціцы не і прыназоўніку без, пераходзяць у я: зелень - зялёны, елка - ялінка, есьці - ясьце, дзевяць - дзявяты, сем - сямнаццаць, восем - васямнаццаць, мёд - мядок, ёмка - ямчэй, няпоўны, бязбацькавіч, ня пойдзе, бяз крыўды.

2. У словах іншамоўнага паходжаньня е ў першым складзе перад націскам, як правіла, захоўваецца: легальны, легенда, легітымны, лексычны, лемур, летальны. Ніколі ня пішацца пераднаціскавае я пасьля г, к, х: герой, македонскі, хеўсур.

У в а г а 1. Правіла яканьня дзейнічае для даўно асвоеных словаў іншамоўнага паходжаньня: Аляксей, Сяргей, Ягор, алябарда або галябарда, дзяжурны (лепш чарговы), каляндар, ляўкас, ляўконія, сяржант, яфрэйтар. Таксама алябастар < лац. alabastrum < гр. alabastron.

У в а г а 2. У запазычаных словах э- пачатковае захоўваецца, а э ў сярэдзіне запазычаных словаў часьцей за ўсё не памякчае папярэдняга зычнага. Таму яканьне ў падобных словах немагчымае: эпархія, Эўропа, мэдуза, мэтро, пэрыяд, сэзон.

3. У словах іншамоўнага паходжаньня ё не пад націскам, як правіла, пераходзіць у я: лёгіка - лягічны, Маён - маянэз, маёр - маярат, маярызаваць, пэрыёдыка - пэрыядызацыя, раён - раянаваць, філялёгія - філёляг, хлёр - хляраформ.

У в а г а 1. На канцы словаў іншамоўнага паходжаньня не пад націскам пішацца е альбо ё: праміле, факсыміле, аўдыё, імпрэсарыё, радыё, трыё, Вэк'ё, Осьлё.

У в а г а 2. У словах, вытворных ад двулітарных каранёў ёд і ёт, літара ё на пісьме захоўваецца незалежна ад націску й вымаўленьня: ётаваны, ётацыя, ёдаваны, ёдаваньне, ёдаформ.

4. Незалежна ад месца націску пішацца карэннае я: вязаць - прывязь, мяккі - мяккаваты, дробязь, заяц, памяць, ядро.

5. Літара я пішацца ў шэрагу канчаткаў розных часьцінаў мовы: хваляю, хваляў, хвалям, хвалямі, сіняе, сіняга, сіняй, сіняю, сінія, ходзяць.


ПРАВАПІС ГАЛОСНЫХ У СКЛАДАНЫХ СЛОВАХ

1. Складаныя словы з націскам на першым складзе другой часткі пішуцца як простыя: вадаспад, ледарэз, жыцьцярадасны, заапарк, земляробства, калянлічба, нававынайдзены, фандасховішча, шасьцьсот, васямсот, шаснаццаць, стадзённы, стагодзьдзе, статысячны, фатакопія, паліном, матагонкі.

У в а г а. Некаторыя складаныя словы з націскам на першым складзе другой часткі захоўваюць пабочны націск на першай частцы. Гэта словы на -знаўства і роднасныя: усходазнаўства, мовазнаўца, прыродазнаўчы; хімічныя тэрміны: фосфарнакіслы; словы на што-: штодзень, штогод, штонядзелі.

2. Калі ў другой частцы складанага слова націск падае не на першы склад або яна пачынаецца на ў, тады галосныя о, ё ў першай частцы пішуцца як у асобным слове: гарэхападобны, жывёлагадоўля, зоацэноз, вагонарамонтавы, стогадовы, фотарэактыў, мотакаляска, радыёмаяк, поліэфір, штотыднёвік, землеўпарадкаваньне, марозаўстойлівы, збожжаўборчы.

3. Ненацісьненае э ў першай частцы складаных словаў захоўваецца: мэтазгодна, рэдказубы, шэравокі, шэразём, крэдытаздольнасьць, тэлебачаньне.

4. У складаных словах, утвораных ад лічэбнікаў у форме роднага склону, першая частка пішацца аналягічна форме роднага склону гэтага лічэбніка: трохдзённы, чатырохтамовы, шасьцісоты, сямігодка, васьмігадовы, васьмісоты.

У в а г а 1. Словы, дзе першаю часткаю ёсьць лічэбнік адна, пішуцца як простыя: аднагадовы, адначасова, аднаразовы, аднастайны.

У в а г а 2. Частка поў- пішацца з о толькі пад націскам: поўдзень, поўнач. Не пад націскам о пераходзіць у а: паўгодзьдзе, напаўадчынены.

5. Калі слова складаецца больш як зь дзьвюх частак, кожная частка пішацца як асобна ўзятае слова: паравозавагонарамонтавы, авіяматорабудаваньне, аэрафотапрылада.

6. Злучальнымі галоснымі ў складаных словах могуць быць літары о (пад націскам: куродым, сыроватка); а (вадаспад, ільнавод); е (солекапальня, гразелякарня, усеабдымны); я (перад націскам: сваяўладны, салякоп).

У в а г а 1. Адрозьніваюць напісаньні словаў зь першаю часткаю сьвятл- і сьветл-: сьвятлааддача, сьвятлабоязь, сьвятлавод, сьвятлалюбівы і сьветлавалосы, сьветлавокі, сьветла-кары.

У в а г а 2. Адрозьніваюць напісаньні словаў зь першаю часткаю радыё- і радые- (радыя-): радыёлякацыя, радыёсувязь, радыёперадача і радыеактыўны, радыябоязь, радыетэрапія.


ПРЫСТАЎНЫЯ І ЎСТАЎНЫЯ ГАЛОСНЫЯ

1. Калі спрадвечнабеларускае слова пачынаецца на зьбег зычных гукаў, першы зь якіх - санорны л, м, р, а другі - шумны б, в, г, д, дз, ж, ш, с, у пачатку слова перад такім зьбегам вымаўляецца й пішацца прыстаўное і або а: ільгота, амшара, Амсьціслаў.

Але калі папярэдняе слова ў сказе сканчаецца на галосную літару, прыстаўныя галосныя, як правіла, не вымаўляюцца й ня пішуцца: новыя льготы, у Мсьціслаў.

У в а г а. Шмат якія назоўнікі ва ўскосных склонах могуць захоўваць каранёвы галосны й таму не патрабуюць нарашчэньня пачатным прыстаўным галосным: леў - лява, Леў Сапега - Лявом Сапегам, лоб - на лобе, мох - на моху. Але ў вытворных словах каранёвы «беглы» галосны зьнікае, і заканамерна зьяўляецца прыстаўны галосны: ільвіца, ільвянё, амшарына.

2. Пасьля слова, якое сканчаецца на зычны, і пасьля знакаў прыпынку дапушчаецца нарашчэньне прыназоўніка з (зь) прыстаўным галосным і ды ўжываньне яго ў выглядзе із (ізь) перад словам, якое пачынаецца на зьбег зычных: выхад із створанага Камітэтам становішча; ізь зьменамі дзяржаўнай арыентацыі. Але: салідарызаваўся з заяваю; у адну з нэўтральных краінаў.

Перад зьбегамі зычных, першы зь якіх з, с, ж, ш, а таксама перад займеньнікам мною прыназоўнік з (зь) можа набываць выгляд са або із: са змроку, са жнейкамі, са школы; разам са мною. Варыянт із можа ўжывацца дзеля мілагучнасьці толькі пасьля папярэдняга зычнага або знаку прыпынку: Сьцяпан ізь Вераю.


УСТАЎНЫЯ ГАЛОСНЫЯ Ў ЗЬБЕГАХ ЗЫЧНЫХ

1. У запазычаньнях на месцы -tr, -dr адпаведна вымаўленьню пішацца канцавое спалучэньне -тар, -дар: падэкатар, тэатар, фэтар, арбітар, літар, пюпітар, спэктар, цэнтар, алябастар, кадастар, растар, сэквэстар, аркестараркестра), сэмэстар, рэестар, магістар, міністар, монстар, піястар, фільтар, мэтар, пэдыятар; дэкаэдар, кадар, сыдар, алеандар, скафандар, цыліндар, Аляксандар.

У в а г а 1. Калі пры зьмене слова або ў вытворных словах зьбег зычных апынаецца перад галосным, устаўны галосны зьнікае: паводле кадастру, сто мэтраў, чатыры сэмэстры, фэтравы. Але калі пасьля зьбегу зычных -тар-, -дар- ідзе зычны, галосная ўстаўка застаецца: міністэрскі партфэль, магістарская праца.

У в а г а 2. Некаторыя з аналягічных запазычаньняў, каб унікнуць зьбегу зычных, афармляюцца ў жаночым родзе або ў рознаскланяльным тыпе мужчынскага роду: аркестра, каляндра, пілястра, пэрлямутра (ж.р.); лотра, майстра, Пётра (м.р.).

2. Канцавыя спалучэньні зычных з апошнім санорным в у беларускай мове немагчымыя, і запазычаньні з такімі канцавымі зьбегамі граматычна афармляюцца так, каб пасьля зьбегу йшоў галосны: рэзэрвы - толькі ў множным ліку (падобна як кансэрвы, прэсэрвы); расейскаму «быть в резерве» адпавядае быць рэзэрвовым; нэрвы - у форме жаночага роду нэрва; сэрвус (гіст.) - захоўваецца лацінскі канчатак (магчымае таксама афармленьне на францускі ўзор: сэрф). Спартовы й музычны тэрмін drive (па-ангельску вымаўляецца [draiv]) мэтазгодна захоўваць у лацінкавым напісаньні арыгіналу. У вытворных словах пасьля зьбегу зычных абавязкова йдзе галосны: нэрвовы, рэзэрвовы, драйвэр.

Гук в немагчымы і паміж зычнымі: «омертвлять» - зьмярцьвяць, мярцьвіць; «омертвленный» - зьмярцьвёны. Ангельскае слова interview, дзе спалучэньне [rv] знаходзіцца перад ётам, па-беларуску перадаецца інтэрвію. «Интервьюировать» - браць інтэрвію.

3. Усе іншыя канцавыя спалучэньні двух зычных, апошні зь якіх - санорны л (ль), м, н (нь), р (акрамя спалучэньняў тр, др), нягледзячы на вымаўленьне, на пісьме перадаюцца без устаўной галоснай літары: дубль, дырыжабль, канстэбль, кактэйль, ракайль, файл (існуе варыянт файля), артыкль, бінокль, спэктакль, тэнакль, матацыкл, цыкль, крэмль, бітл, джоўль (але пэрля; м'юзыкал < анг. musical);
ністагм, кадм, глябалізм, тайм, напальм, фільм, шторм, штурм, фарм-клюб, макракосм, рытм, лягарытм, шлягбаўм, як і ў спрадвечнабеларускіх словах сойм, корм, гм;
басэйн
(лепш басэн < фр. bassin), дызайн, камбайн, партвайн, гімн, керн, фірн, горн (муз.), канцэрн, нактурн, Сатурн, Лявэрнь, накдаўн, фаўн, гафн (хім.). Але спрадвечнабел. горан (у печы), дзёран;
калібр, вэрлібр,
як уласныя зубр, вепр (але кандалябра), нэгр, тыгр, эсквайр, акр, фіякр, жанр, дыназаўр, плезіязаўр, ляўр, бакаляўр (лепш традыцыйнае бакаляр), маўр, таўр, кентаўр, манэўр, сэўр, ліўр, Дуўр (лепш Дувэр, анг. Dover), Люўр, шэдэўр, шыфр.

У в а г а. Старадаўнія тапонімы на «зычны + ль» у сучаснай беларускай мове вымаўляюцца й пішуцца з устаўнымі галоснымі або іншымі фанэтычнымі зьменамі, якія дазваляюць унікнуць нехарактэрнага зьбегу фінальных зычных: Амсьціслаў, Браслаў, Заслаўе, Рослаў, Бягомель, Хатомель, Відамля, Лукам'е і пад.

Прыметнікі ад гэтых назоваў таксама ўтвараюцца безь нехарактэрных зьбегаў зычных: бягомельскі, навалукамскі, рослаўскі.

4. У канцавым зьбегу трох (і больш) зычных перад санорнымі л, р пішацца ўстаўное а: ансамбаль, мангаль, тэмбар, цыліндар. Спалучэньні трох зычных з другім зычным л, р у сярэдзіне слова таксама перадаюцца на пісьме адпаведна вымаўленьню з устаўной галоснай літарай: джэнтэльмэн, сэтэльмэнт (або сэтлемэнт), мэтардатэль, Ўімбэльдан (або Ўімбледан), табальдот. Але фільмпак, штормтрап.

У в а г а 1. Калі першая частка складанага слова сканчаецца на зьбег зычных з л, р, а другая частка пачынаецца на зычны, тады ўстаўная галосная літара зьяўляецца ў ролі злучальнай галоснай складанага слова: фільтрапрэс. Запазычаны фармант контр- перад зычнымі набывае пачатны лацінскі выгляд контра- (кантра-): кантрагайка, кантраданс, кантразахады, кантранаступ, кантрафорс; контравывед(ка), контрагульня, контракультура, контраманэўр, контрарэвалюцыя, контрарэфармацыя (часам гэты фармант можна замяніць уласным проці-: процірэйка, процізахады, проціміна). Русізмы накшталт абрэвіятуры аблпраф неабходна раскрываць: абласная рада прафсаюзу.

У в а г а 2. Спалучэньня «зычны + санорны л, р» перад суфіксам -ск- унікаюць, устаўляючы спалучэньні -ій-, -ый-, -аў- або скарачаючы колькасьць зычных: умбрыйскі, сэўраўскі, Люўраўскі, губэрскі.

5. З устаўным галосным у назоўным і вінавальным склонах пішуцца ўласныя назовы Слуцак, Полацак і пад. Але ў Полацку, слуцкі.


ДАЛЕЙ БУДЗЕ