Праз сорак гадоў да мяне перайшла пахавальная дзядзькі Міколы, малодшага брата майго бацькі.
Перайшла пахаванка...
Да мяне...
Да мяне,
што не бачыў вайны
(Хоць не раз
ад яе і мае
узрываліся сны).
Перайшла ад бабулі
і ад дзядзькоў —
вецер носіць імёны
маіх сваякоў...
Бабка Наста...
Мой бацька Іван...
Дзядзькі мае —
Юзік, Алесь,
Канстанцін...
Перад вамі —
я ўвесь...
Перад вашымі ранамі,
перад вашымі шрамамі —
іх памяць не згладзіць
за тысячу год...
Вы жылі за сябе
(Вам выпала шчасце),
Вы жылі
за яго...
Не стала і вас...
Мой настаў час
жыць за вас...
З перапіскі з сябрам маленства, які жыве ў Калінінградскай вобласці.
З майго ліста...
«Ці сніцца табе
хутар Польны?
Калосіцца сёння
поле —
хаджу праз яго
на Нёман.
Помніш бабулю Насту
і сад у чырвоных вішнях?
Буйныя вішні ў далонях бабулі...
І слёзы яе —
як гэтыя вішні...
Вішні мы бралі з бабуліных рук,
са слязамі яе
не ведалі,
што рабіць...
Толькі адно паўтаралі:
«Не плачце...
Мы падрасцем —
Канька-Гарбунка забрытаем —
любімы наш конік маленства!
Памчымся ў далёкія далі —
і знойдзем,
мы знойдзем
яго...»
Я прызываўся на тэрміновую
службу з таго ж райваенкамата,
што і дзядзька Мікола на фронт,—
Стаўбцоўскага...
...Стаю навабранцам
стрыжаным...
Разам з усімі...
Вось-вось павязуць цягнікі
нас —
памахаюць галінкай,
як маці рукою,
бярозы,
асіны...
А мне ўсё здаецца —
гэта не я,
а ты...
Стаю ў шарэнзе
на той жа зямлі,
на месцы тым...
І адчуванне —
нібыта чакаюць мяне
франты...
І думка:
«А што,
калі раптам?..
Ці змог бы я так?»
Ну, вось і каманда:
«Ма-арш!»
Сэрца тахкае —
«Так! Так!»
нагам у такт...
...Загінуў 11 красавіка 1945 года.
З пахавальнай дзядзькі Міколы
Жыву...
Жыць няпроста...
Пачынаю з твайго
узросту.
Дваццаць восем...—
гукнула зязюля,
і паставіла кропку
куля.
Не дайшоў...
Аднаго толькі кроку
не хапіла —
пілотка ў аблокі!..
Як жа вы падкасіліся,
ногі,
за хвіліну
да Дня Перамогі?
Я тым крокам
ступаю,
ступаю...
Нараджаюся і паміраю...
Паўтараю яго бясконца —
з узыходу
да захаду сонца.
І хвілінаю той
я жыву за цябе —
іду ў бой...
...Пахаваны: сяло Трутэнаў,
12 км на поўнач ад Кенігсберга...
З пахавальнай дзядзькі
З ліста сябра:
«...Трутэнаў —
Мядзведзеўка сёння...
І абеліск,
якіх шмат
на радзіннай зямлі...
І братняя,
над якою стаю я,
душу апякае маю.
І я не пляменнік,
здаецца,
а брат —
не толькі
яму,
ўсім палёгшым братам,
што спяць
у зямных курганах...»
У амерыканскім штаце Нью-Джэрсі многія гады жыў нейкі Джон Аўджэй — ён жа Іван Аўдзей,
які ў перыяд фашысцкай акупацыі быў «мэрам» горада Стоўбцы. Па загаду Аўдзея былі знішчаны сотні жыхароў Стоўбцаў.
З газет
Я пачну не са здрадніка...
Я пачну —
з яго брата:
на рагу ў гарадку
у садку была хата.
Быццам плот не высокі,
быццам хата, як хата.
Але людзі цураліся
родзіча-ката.
Вечна жыў тут адзін —
ані жонкі, дзяцей.
І далі яму імя
«Няшчасны Аўдзей».
Гэта мо шкадаванне —
горш за катаванне.
Гэта страшная,
страшная
кара,
калі нават права
не маеш на мару,
што брату
даруюць.
Забудуць,
адпусцяцца
людзі...
Так і счэзнуў...
А калі паміраў,
сказаў:
«Я пажыў бы яшчэ,
каб не брат...»
Пасля выкрыцця нацысцкага памагатага міністэрства юстыцыі ЗША
прапанавала Аўдзею пакінуць Амерыку.
У лютым 1984 года Аўдзей выехаў у Заходнюю Германію.
З газет
Раз’язджаеш,
як свацця тая,
па свеце,
з той розніцай,
што прымусова...
Сасватаны ты
навекі са смеццем —
такім, як і сам.
Хоць доўга,
але часова
прытулак даваў
«дзядзька Сэм».
На месцы яго,
ды яго мне ўладу —
даўно б я каленкам
паддаў табе ззаду...
Табе,
«землячку»,
што без роду і дому...
Буяй над табою
бур’ян ды дзядоўнік,
і то не з радзіннай,
не з роднай зямелькі,
а з той,
чужыннай,
скуль шлях табе
толькі адзіны —
у пельку...
Табе шле гэты праклён
з-пад абеліска
ён,
мой дзядзька,
яшчэ — мой родны раён...
На ўзгорку,
у цэнтры яго гарадка
ёсць помнік
і стэлы з імёнамі...
Там Вечны агонь
б'ецца сэрцамі тых,
хто ўпаў на зямлі раёна...
У Бухенвальдзе,
Хатыні
стаў я,
на Піскароўскім блакадным...
Там сеялі смерць
масцітыя каты...
А як зразумець
корань здрады?
Адкуль вырастае?
Дзе гэтае поле?
Крыніца,
што поіць
яго?
Няма!
Не было іх ніколі!
Ёсць проста пухліна
на целе зямлі —
яе вырываю з тым коранем...
Над брацкай магілай, дзе пахаваны мой дзядзька Мікола.
Ну, вось і сустрэча...
Праз час і праз далі.
Маўчым...
Ты
і я...
А душа спавядаецца...
Жыву за цябе...
У свеце маім —
ты павер —
не лягчэй,
хоць груз і не гне так плячэй,
ды цісне ўнутры, з грудзей:
душа ў наступленні
штодзень...
За праўду, сумленне
іду я ў бой,
дакладней, не я адзін,—
мы з табой.
Ідзём разам з ротай,
а больш — з цэлым фронтам.
Маленькае зло
і вялікае зло
пазіцыі —
бачыш? —
здало...
Перамогі нашай
паходня свеціць
на ўсіх кантынентах,
ва ўсім белым свеце...
На землях далёкіх
у бронзе і камені
пасталі Іваны,
Алёшы
вякамі...
Былінную сілу
душы іх зачэрпаў
герой маіх дзён —
Коля Чэпік...
І так будзе вечна,
так будзе заўсёды...
Атожылкі мы
высокага дрэва —
народа.