Трыпціх
Просты будзь, як калыханка маці.
Дбайны будзь, як сейбіт і ратай.
Нават калі ўсё на свеце страціў —
заклінаю: гэта не аддай!
Васіль Зуёнак
Мой продак далёкі,
хто ты?
Ні паставы тваёй,
ні аблічча...
Ды бачу:
корань-руку
працягвае дрэва,
якому сотні гадоў...
З пясчанага ўзгорка —
спрасаваных стагоддзяў —
той корань павіс нада мною,
такі пакручасты,
у жылах увесь,
у мазалях-бугрынах...
І я зразумеў,
я выгукнуў:
«Дзень добры,
мой продак далёкі!
Цябе я пазнаў
з тых глыбокіх пластоў...
Ты быў ратаем
на гэтай зямлі:
такіх мазалёў
ні ў кога не знойдзеш.
Не з панскага роду.
Абмеццем не стаў ты.
Ты сеяў і жаў.
Ты сеяў надзею,
а яву зжынаў —
мізэрнае жыта
з крывёй напалам.
Які ты настойлівы быў!
Штогод —
кругазварот,
штогод —
круг пякельны...
А ў сэрцы вера,
вялікая вера,
як сонца,
ўставала:
«Не толькі сеяць,—
жаць буду!»
Жаць! Жаць! Жаць!
Жыць! Жыць! Жыць! —
серп паўтараў адно,
як малітву штодзень гаспадар...
...Таму не маглі
продкі назваць
селішча —
вёску ў полі маю —
інакш, як
Жацерава.
Маланкі над вёскай...
Маланкі над полем...
То накрыж,
то проста,
як дзіды,
ляцяць...
Да роднага поля
хінецца калоссе,
як дзеці да маці ў хвіліну бяды.
Маланкі жагнаюць...
...— Завуць як?
— Жывіцкі Ігнат.
— Даўно тут жывеш?
— З дня нараджэння.
— Чаму не ваюеш?
— Бязногі,
з пратэзам, бач, я.
Яшчэ з грамадзянскай...
— Ну, вось што...
Нам, партызанам,
патрэбен хлеб.
Там раненыя
паміраюць сябры...
Вунь поле жытное...
Чыё яно будзе?
— Маё.
Жывіцкае —
так называюць у вёсцы
— Сажнеш каласы...
— Фашысты пільнуюць.
— Як цемень надыдзе.
Тайком...
Штоноч па снапку...
Тут рызыка трэба...
— Ну, што ж...
...Штоноч — па снапку!
Штоноч —
па снапку!
Паўзком на калені...
На шостую ноч
фашысты злавілі...
— Ві гайсэн...
Звать как?
— Жывіцкі Ігнат.
— Ест хто ты?
— Жывіцкі.
Ад слова «жывучы».
— Ты ест партызанэн!
— Я ёсць чалавек,
што народжаны жыць!
Жывіцкі.
Жывіцкі Ігнат!
Паставілі каты
спіной да калосся...
Маланкамі ў сэрца
чэргі ўпіліся...
Ігнат паваліўся,
як каліўца жыта...
...Устала калоссе
насустрач маланкам...
Паверыла поле
ў сілу сваю.
Перапёлка прысніла,
што жыта не стала —
не калоссе шуміць,
а шамрэе папар,
удавее зямля...
І не крыкнеш,
не клікнеш нікога:
— Жаць пара!
— Жаць пара!
— Жаць пара!
А крычала ж яна
тут спрадвеку,
у жыце,
калі жнівень даспелы
прыходзіў з сярпом
пакланіцца ў пояс
калоссям жытнёвым...
...Лета... Час жніўны...
Над хатаю —
чуйная тэлеантэна.
Здаецца, што гэтая
тэлеантэна
рэха злавіла
розных часоў —
з’яднала ў дыханне
адно:
«...не з панскага роду...
Ты сеяў і жаў...
Ты сеяў надзею,
а яву зжынаў —
мізэрнае жыта
з крывёй напалам.
А ў сэрцы вера,
як сонца,
ўставала:
— Не толькі сеяць,—
жаць буду!
...Таму не маглі
продкі назваць
селішча —
вёску ў полі...
інакш, як
Жацерава...»
«...Ігнат паваліўся,
як каліўца жыта...»
«...і не крыкнеш,
не клікнеш нікога:
— Жаць пара!
— Жаць пара!
— Жаць пара!»
...Перапёлка сон сніла,
у жыце даспелым,
і світанак над полем
валошкай сінеў...