epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Бранеўскі

Песня аб вайне грамадзянскай

Уступ да паэмы


З польскай — У. Бранеўскага

 

 

Уступ да паэмы

О, глянь! праз небны шлях панура

Цяжкім галопам прад віхурай

Ўцякае войска хмар разбіта,

Надходзіць дзень з развеўным світам,

А сонца — вой з злацістай каскай —

Стрэл першы выпускае бляску.

 

А долам, краем гарызонту,

З імглы ўсплывае цёмны контур.

Як прывід, з жудкімі вачыма,

Безуладны ў мгле, скаваны ў дыме,

Як човен сонных акіянаў,

Абліты пенай вадатканай,

Плыве, ўзрастае, нібы з цеста,

Ў каменны, просты вобраз места.

 

Не раз, не раз, о, плыў я гэтак

Вянкамі дымнымі адзеты.

Каменнай, нерухомай явай

Над спячай Прагай і Варшавай.

І мае словы вырасталі,

Як карабель імглісты з сталі,

Як места простае з камення,

Як ноч бяссонная з цярпення,

Раслі ў паходзе гэты словы

Штодзень ясней, штодзень сталёвей.

Я іх у вулічным чуў груку,

Я чуў жывое сэрца бруку,

Той шум балесны і фатальны,

Той крык на пляцы Тэатральным,

І плюск крыві ля сцен цагляных,

І подых бітых, катаваных,

Чуў сэрца места зблізка — й сёння

Рву словы з бруку, хай гамоняць!

 

Я знаю, што бег колаў кажа,

Чым вуліца дрыжыць пад сажай,

Як з фабрык вострых сірэн свісты

У шыбы ўдараць світам мглістым,

Як пойдуць людзі ў світ шарэгам

Праз места злых, чырвоных цэгел,

З праклятым лёсам, з цвёрдай доляй

У мглу, ў лянівы дым над Воляй...

 

Ў фабрычнай празвінеўшы нетры,

Завіснуць молаты ў паветры

І рынуць разам з дзікім рэзам,

Сплятуцца іскрамі з жалезам,

Пад гнётам сілы без палёгкі.

Націскам рук, уздымам лёгкіх;

Разгону трэба, ўдараў верных

Крутым трансмісьям і шасцерням,

Націску трэба цвёрдым шынам,

Хай бліснуць сталяй цёмна-сіняй,

Хай мкнуцца смела, проста ў светы,

Вязучы для мастоў шкілеты,

З агню хай вырве стальны розум

Стальныя сэрцы паравозам,

Махавікам, турбінам — спіцы,

Перуназводы — бліскавіцам,

Вуглі і дымы — печным грудзям,

А гордасць і магутнасць — людзям!

 

Ў фабрычным склепе жару поўна,

Ў фабрычным склепе труд бязмоўны,

Машыны, з гону ашалеўшы,

Глядзяцца ў сцены, дух запершы,

Б’юць лапамі навослеп, хутка,

Зубамі давяць, грозяць рухам,

Дрыжаць і пружацца ў варотнях,

І мусяць свой разгон усотніць,

І — сільныя — угнуцца прад сілай,

Бы ўсцяж грымела, бы ўсцяж біла

Грукотам молатаў распетых

Жалезнае права ўсясвету.

Штодня ў змаганні, ў незабаўцы

На машын горлах млеюць пальцы,

Штодня, з’яданы печаў пеклам,

Крывёй заліты вочы блекнуць,

Штодня ў змаганні трэба падаць,

Спеў заглушыць, забыцца радасць;

Высяцца комінаў чалесні

Над чалавечым шчасцем, песняй

І дымы сноўдаюць жалобай

Каменным местам — жывым гробам...

Ў машынным груку — ніжай, вышай,

Ці чуеш песню — громка, цішай,

Прыціхла... Зноў тут... цісне ціскам,

Для вуш — далёка, для сэрц — блізка...

Нічога... гэта сталь сыкоча,

А ў сыку сталі — шорах мрочны;

Чуваць яе ў такарнях, гутах...

Як полымя, паўзе раскута,

Плыве, як воды, ціха, глуха,

Як вецер, круціцца ў падмухах,—

Аж раптам з цемры рукі ўздойме,

Аж раптам дзверы ўсе паломе,

Над вуліцамі завагніцца,

Крывой, чырвонай бліскавіцай!

 

О песня гневу! Смела выплынь!

Рві грудзі подыхам ахрыплым,

І вейні, вейні па-над клумам

Шырокіх, вольных крылляў шумам,

Над гоманам машын і местаў

Ўздымай сваіх крылоў шалестам

Выдзёрты з цела сэрцы сонных;

Ты — стравай жыўнай слоў штодзённых,

Крывавым світам ў ночы дзеях,

О песня гневу — ты надзеяй

Вей, пралятай над маім краем

расцвітай зялёным маем,

Віхром плыві над шляхам польным,

Дзе сэрцу — смела, вочам — вольна,

Збажовым шнурам, борам, Віслай,

Над ворным полем блісні іскрай,

Ідзі да фабрык, гут мазольных,

Як громы, крыкні: — Ўстаньце вольны!

Удар у молат: — Рвіце краты!

Удар сэрцамі: — Дзень расплаты!

….........................................................

Як цяжка сёння пець мне з вамі,

Як баляць грудзі пад славамі,

Але калісь з слёз, пакуль высхнуць,

Я песню радасную высню

І тое, што любіў там з болем,

На сэрцы вашы ляжа доляй,

Як кветкі першых дзён маёвых...

Але гнеў сёння ў маіх словах,

І калі йду да вас са спевам,

То каб уплесці сваім гневам

У адно сэрца сэрц мільёны

І ў лёс піргнуць — як гром натхнёны.

 

1927


1927

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў: У 9 т. - Т. 6. Паэмы, пераклады. - Мн.: Маст. літ., 1999. -430 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан