epub
 
падключыць
слоўнікі

Г.З. Жылуновіч

Раман Цішкі Гартнага «СОКІ ЦАЛІНЫ»

 

Раман Цішкі Гартнага «Сокі цаліны» — першы беларускі вялікі эпічны твор. Складаецца ён з чатырох квадраў-кніг: «Бацькава воля», «На перагібе», «Крыжавыя дарогі» і «Чырвоныя зарніцы».

Працу над першай кнігай «Бацькава воля» пісьменнік пачаў у 1914 годзе ў Пецярбурзе, першыя раздзелы трапілі ў друк на старонкі беларускай газеты «Дзянніца» (Петраград, 1 лістапада — 31 снежня 1916 г.). Чацвёртая кніга «Чырвоныя зарніцы» была закончана ў 1929 годзе.

«Сокі цаліны» Цішкі Гартнага — не проста храналагічна першы беларускі сацыяльна-бытавы раман. Гэта яшчэ і першы раман, дзе галоўным героем з’яўляецца прадстаўнік рабочага класа, а дзеянне разгортваецца пераважна ў горадзе, сярод рэвалюцыйнага пралетарыяту. Праўда, аўтарская задума прайшла значную эвалюцыю.

Раман «Сокі цаліны» быў спачатку задуманы як трылогія. 16 студзеня 1922 года Ц. Гартны ў пісьме свайму земляку і сябру М. Марозу адзначаў: «Я тут пачынаю працяг рамана «Бацькава воля». Трэба яшчэ напісаць дзве часткі, бо гэта трылогія». Ужо ў першым выданні першай часткі «Бацькава воля» (Берлін, 1922), адзначалася на тытульнай старонцы, што раман «Сокі цаліны» складаецца з трох частак.

З твора аб жыцці ў глухім местачковым закутку, дзе пануе дамастроеўская бацькава воля, раман перарос у шырокае эпічнае палатно, у якім адлюстравана нарастанне рэвалюцыйных сіл, паказана, як «новыя і новыя шэрагі ваяк выступаюць на арэну змагання за вялікія ідэі вызвалення працоўных».

Першая кніга рамана «Сокі цаліны» выйшла ў свет у пачатку 20-х гадоў, калі маладая савецкая проза рабіла першыя крокі ў напрамку шырокага эпічнага адлюстравання рэвалюцыйнай эпохі. Закончаны раман Ц. Гартнага быў тады, калі з’явіліся «Жалезны паток» А. Серафімовіча, «Разгром» А. Фадзеева, першыя кнігі «Ціхага Дона» М. Шолахава і «Блукання па пакутах» А. Талстога, якія вызначылі магістральныя шляхі развіцця і станаўлення савецкага рамана і вобраза новага чалавека. Гэтая акалічнасць, вядома, не магла не ўплываць на завяршэнне рамана «Сокі цаліны».

Пры жыцці аўтара раман выдаваўся поўнасцю двойчы: першы раз як трылогія (1922—1930), другі раз як раман у чатырох квадрах (кнігах) у 1932 годзе, том трэці і чацвёрты Збору твораў. Тады ж у 1931 годзе, рыхтуючы раман «Сокі цаліны» да гэтага апошняга прыжыццёвага выдання, Цішка Гартны перапрацаваў і дапоўніў першы варыянт кнігі «Бацькава воля».

У Дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва БССР і ў аддзеле рэдкай кнігі Дзяржаўнай бібліятэкі імя У. І. Леніна захоўваецца пачатак рукапісу 1-й кнігі рамана «Сокі цаліны» — «Бацькава воля». Гэта — два аб’ёмістыя сшыткі, пераплеценыя ў кардон і пранумараваныя.

Пры параўнанні рукапісу і кнігі выдання 1957 г.1 можна заўважыць, што ў нумарацыі раздзелаў і падзеле на часткі ёсць разыходжанні.

Рукапіс напісаны фіялетавым чарнілам і мае многа паправак алоўкам.

 

1 Выданне 1957 г. счытана з апошнім прыжыццёвым выданнем рамана 1932 г.



Тэкст падаецца паводле выдання: Гартны Ц. Збор твораў: У 4 т. Т.2. Сокі цаліны: Раман. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 463 с.: іл.
Крыніца: скан