Паселены тут, на гары,
Як у зацішнай кватэры,
Век дажываць стары
Рэчы-пенсіянеры.
Без слухачоў, адны,
Бадзёрыя робячы міны,
Праводзяць штодзень яны
Вечар сваіх успамінаў.
Усё, што спазнаў на вяку,
Аповесць былой славы,
Прыладзіўшыся ў кутку,
Расказвае стул кульгавы.
Тыя, што маюць вагу,
Яго прасавалі да глянцу,
Пакуль не зламаў нагу
На юбілейнай гулянцы.
— Прыйшла і мая чарга,
Стала я жэрдкай без кошту...
Драўляная качарга
Газавай плітцы навошта?
А некалі — будзь здароў! —
Я шуравала ў печы
Пад вечным абстрэлам дроў,
Што мне апякалі плечы.
Слова бярэ патэфон:
Даўшы пачуццям выйсце,
Сіпіць, як парожні сіфон —
Ах, як ён грымеў калісьці!
Быў ён для часу свайго
Заслужаны запявала.
Як кажуць, пад дудку яго
Хто не скакаў, бывала?
Яго разумелі без слоў.
Але нарэшце:
— Далоў!
Годзе, ахрыплы ёлуп,—
Грымнула радыёла...
З затоенаю журбой
Каманднага рангу песні,
Што ўчора вадзілі ў бой,
Сягоння ідуць на пенсію.
Без слухачоў, адны,
Рэчы праводзяць вечар.
Пласцінка, як шар зямны,
Круціцца, круціцца вечна.