epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Боль трагедый мінулых

Ахвярам вёскі Лясіны

і ўсім спаленым лёсам

зямлі Беларускай

прысвячаю

 

Падрастае дзіця

І ляціць «тэлеграма»

У прастору жыцця —

Слова першае:

Мама!

 

Вось дзіцяці ўжо год —

Для бацькоў звышуцеха.

І глядзяць яму ў рот,

Гэта ж толькі узлёт,

Лёсу першая веха.

 

Над дзіцяцем не спяць,

Толькі б смутку не ведаў.

Вось яму — ужо пяць —

Шалянец, непаседа.

 

Ды знайшоўся той дзень,

Што пачаўся нягегла —

І бяда, нібы цень,

Хлапчука падсцярэгла.

 

Праміргалі бацькі

Той з запалкамі пачак.

Ён гуляў з імі і...

І апёк сабе пальчык.

 

Ой жа ж як запякло!

Ой жа ж плакаў уволю —

Быццам знікла святло

Ад нясцерпнага болю.

 

У чатыры шчакі

Шумна фукалі, дзьмулі.

І ўздыхалі бацькі:

— Гэта ж, Гансік, не гулі!

 

Ты ж мог дом падпаліць,

Сам, сыночак, згарэці...

Ну, лягчэй?..

— Ой баліць!

— Ах, вы ж дзеці, вы дзеці...

 

Хутка знік пухірок

І не чутна ўжо болю.

Але Ганс даў зарок —

Да агню — аніколі!

 

Ён запомніў той дзень,

Як з запалкай пазнаўся.

Дома нават агмень

Абыходзіў — баяўся...

 

Гансу — дваццаць.

Ого!

Час — як мячык з-пад біты.

Ёсць усё для яго

У Германіі сытай.

 

Ён жыве, бы ў кіно,

Сыр у масле — дый толькі.

Ён адрокся даўно

Ад дзіцячае болькі.

 

Ўжо карычневы зброд

Верхаводзіць Берлінам.

І глядзіць на усход

Фюрэр вокам звярыным.

 

*

Падрастае Сяргейка —

Вёска туліцца ў лесе.

За акном салавейка,

Як анёл з паднябесся.

 

Зранку — гульні ў пясочку,

Жмуркі па завуголлю.

Маці пела сыночку

Пра шчаслівую долю.

 

«Ой не слёзы з галінкаў,

А празрыстыя росы.

Ой расці, родны сынку,

Мой пшаніцавалосы.

 

Ой у лузе рамонкі

Прывітаюць вясёлку.

Падрастай, срэбразвонкі,

Год-другі і — у школку.

 

Будзеш мамцы уцеха,

Будзеш татку падмога.

Не пужайся — то рэха

Перуна — служкі Бога...

 

Пагрыміць і растане,

Ачуняюць абшары.

Зноўку сонейка гляне

На зямельку з-за хмары...»

 

Памылялася маці

Ў спевах сыну малому.

Ўжо гучалі пракляцці

Ўсюды гэтаму «грому».

 

Па зямлі кіпцюрыста

След крывавы і дзёрзкі,

Цень звяругі-фашыста

Набліжаўся да вёскі.

 

Да знаёмае хаты,

Да маленства Сяргейкі.

Прыгадзючылі каты

Да яго салавейкі.

 

І на шуфлік з пясочкам

Ўлезла ботам навала,

На зямлю, дзе сыночку

Маці песні спявала.

 

Паднімалі з пасцелі

І малога й старога,

Здзек чынілі, шалелі,

Зневажаючы Бога.

 

Выганялі з-пад стрэхаў

Паўраспранутых, сонных.

Крык чужынскі абрэхваў

Людцаў безабаронных.

 

Да драўлянага току

Пазганялі гаротных.

Дождж заплакаў звысоку

Ад падзей незваротных.

 

Салавейка раптоўна —

Цёх! — і змоўк вінавата.

А вяскоўцаў гвалтоўна —

Ў ток прыкладамі каты.

 

Немаўлят не мінулі

Да матуль прыхінутых.

І Сяргейку з матуляй,

І сяброў, з кім вёў гулі

Яшчэ ўчора ў закутах.

 

Гулка грукнулі дзверы,

Чуўся лязгат замочны.

Свет змяніўся на шэры,

Светлы ранак — на змрочны.

 

Людзі быццам знямелі,

Жах камком стыне ў горле:

Для чаго іх з пасцелі

Пад замок тут запёрлі?

 

Кожны думаў употай

Не аб тым, што загіне —

Немцы з’едуць, а потым

Хто ім дзверы адчыне?

 

Што рыхтуе ім злыдзень —

Кіне тут? Разняволіць?

Дзень сядзець тут ці тыдзень —

Хто ж каровак падоіць?

 

Чутна з гэтай цясноты,

Як жалобна рыкаюць —

Там жа ў нас свет работы,

Нас жа хаткі чакаюць.

 

А тым часам злачынцы —

Творцы смерці й пажараў —

Рыхтавалі «гасцінцы»

Для нявінных ахвяраў.

 

Па дарожцы знаёмай

Смерць да сцен набліжалі —

Ток абклалі саломай

І — каманда без жалю:

 

— Гансу факел! Ды будзе

Фюрэр нам у падмогу!

Нішчы гэта нялюддзе,

Набліжай перамогу!

 

Факел пыхкаў іскрыста,

Ўзняты Гансам высока.

Як на свяце, ўрачыста

Падышоў ён да току.

 

Ды раптоўна, знянацку,

Факел сплюнуў акалец.

І балюча ваяку

Зноў апёк той жа палец.

 

Ой жа ж як пеканула —

Зноў пухір нечаканы...

Пэўна, й мама адчула

Сэрцам сынаву «рану».

 

«Пашкадуй яго, бітва,

Будзь, мой сын, незабіты...»

І ляцела малітва

Аж з Германіі сытай.

 

А сынок — не ануча,

Ён арыец — не з пешак.

Факел тыцнуў рашуча

У салому, ў падстрэшак.

 

Пераможна й падлобна

Азірнуўся Іудам.

А салома жалобна

Ўзвыла полымем-жудам.

 

Запалалі ўсе сцены

Застагналі няўцешна.

І раптоўна страшэнны

Крык рвануўся з падстрэшша.

 

Зразумелі палонцы

У агністай няволі,

Што ніколі ўжо сонца

Не пабачыць ім болей.

 

Мітусіліся людзі,

Запляталіся клубам,—

Няўжо ж выйсця не будзе

З немінуемай згубы.

 

Галасілі жанчыны,

Захінаючы дзетак...

Ток, замест дамавіны,

Для старых, малалетак.

 

Людзі ў полымі, дыме

Подых смерці адчулі.

І Сяргейка між імі

На руках у матулі.

 

Як магла, захінала,

Галасіла штосілы:

— Хай адна б я сканала,

Любы, родненькі, мілы.

 

Мне б адной тут згарэці,

Толькі б ты жыў на свеце,

Мой ты срэбрагалосы,

Мой пшаніцавалосы.

 

Хай ляцеў бы да неба,

Хай бы цешыўся гуллю...

— Мамка, мамка, не трэба! —

Суцяшаў ён матулю.

 

— Мамка, мамка, трымайся...—

Дым душыў тыя словы,

Бо ў агні захлынаўся

Хлопчык пяцігадовы...

 

Шугануў дах агністы,

Завяршыў жах вялікі.

І над вёскай лясістай

Сціхлі стогны і крыкі.

 

Чорным вокам глядзела

Пляма — дым, як павейкі.

І зямля ссірацела,

І не стала Сяргейкі.

 

Яшчэ ўчора ён вольна

З сябрукамі галопіў.

А цяпер пад вуголлем

Ператвораны ў попел.

 

Тут жылі шматгалоса,

Планавалі вяселлі,

А цяпер жыцці-лёсы

У нябыт адляцелі

 

*

Час бязлітаснай плынню

Ліжа памяць жывую.

А на ўскрайку Хатыні

Салавейка сумуе.

 

За блакітнаю даллю

Тых жа бед справаздача.

І над спаленай Дальвай

Бусел клёкатам плача.

 

Над Лясінамі ціша,

Ды званы ў сэрцах чулых...

Час бязлітасна ліжа

Боль трагедый мінулых.

2010


2010

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.