epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Як і мы

Іду па вёсцы, часам зруйнаванай,

Ледзь пазнаю мне родную зямлю.

Я сам не ўсім прыемны і жаданы,

Трывайце, я вам хутка саступлю,

 

Як саступілі Юрка, Тодар, Федзя,

Дзям’ян, Настася, Зося — у свой час.

Дзе сёння ўсе яны? Ў мінулым недзе,

Агонь жыцця іх тут гарэў — і згас.

 

Мне колісь тут пашчасціла жыць з імі,

І тое «колісь» сёння, быццам міг.

Яны мільгнулі лёсамі сваімі,

А хто тут перад імі жыў? Й да іх?

 

Растрэсліся яны ў жыцці-галопе,

Скандэнсаваліся ў бяскроўнае «жылі».

Вось так і мы ў гадоў калейдаскопе

З адзінак ператворымся ў нулі.

 

Мы ператворымся ў былога цені,

Ў нішто, бо памяць — кволы абярэг.

Адноўленыя прыйдуць пакаленні —

Ці ж зацікавіць леташні іх снег?

 

А могілкі? Яны, як кот-бяздомнік,

Дагляд за імі ёсць — «жывуць» яны.

Ці хто хоць бачыў стогадовы помнік?

Ці недзе крыж ёсць гэткай даўніны?

 

Пераканацца каб, сюды прыедзьце

Праз пяцьдзесят гадоў, альбо праз сто.

Нас час з жыцця здзімае, нібы смецце,

Як парушынку з горнага плато.

 

За векам век гадоў вірлівых зграя

Тасуе, як калоду картаў нас,

Лістае, абязлічвае, сцірае,

За векам век — і не апошні раз.

 

Нас у палон бяруць забавы, справы,

Квітненне вёснаў, халады зімы.

О, колькі у зямлі людзей цікавых,

Вясёлых, мудрых, розных — як і мы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.