epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Які?

Так. Правіла ёсць залатое,

Пісаць, пазбягаць небыліц,

Пісаць пажадана пра тое,

Вядомае што да драбніц.

 

Пісаў я пра родных і блізкіх,

Пра голад, пра жахі вайны.

Пра ўсё — ад малечай калыскі

Да сталасці, да сівізны.

 

Пра тую нялёгкую долю,

З якою злучыў усіх час,

Пра ўсё, што знаёма да болю —

Пра свет, пра дзяржаву, пра нас.

 

Адказваў па-свойму я — хто мы?

Супольнасць?

Грамадскасць?

Сям’я?

І ўсё ж больш за ўсіх мне знаёмы

Не хтосьці, не штосьці — сам я.

 

Рэальны я, не небыліца,

Я сам для сябе — не сакрэт.

Вазьму й раскладу па паліцах

Унутраны аўтапартрэт.

 

Глядзіце!

Дзівіцеся!

Вось я!

Такому — сам чорт панібрат.

Ёсць, пэўна, ўва мне і двухкоссі,

І розных пытальнікаў шмат.

 

Раптоўна пытанне паўстала,

Штурхае мой форс у бакі:

Пражыў я з сабою не мала,

А ўсё-ткі, які я? Які?

 

Харошы?.. Прыплюснуўшы вока,

Магчыма й такое сказаць.

Благі?.. Да благога далёка —

Складана мне гэта рашаць.

 

І выпала ручка ад стомы

На аркуш паперы з рукі.

Сабе нават я незнаёмы —

І зноў жа пытанне — які?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.