epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Крыж

Звон
Вар’яцтва
Чыстка
Кланірванне


На званіцы высокай —

амаль што да неба,

Над зямлёю узнёсся

і ззяў пазалотай

Ратавальны, адвечны,

святы, ачышчальны,

Неабходны палацам,

дамам і хацінам.

 

Буйны вецер сцішаў

перад ім сваю сілу,

Абміналі з пашанаю

хмары-аблокі,

Не краналі яго

перуны-бліскавіцы,

Трапяталі на ім

бесклапотныя промні.

 

З самых дальніх куткоў —

неабсяжных прастораў

Быў ён кожнаму бачны,

для кожнага значны,

Быў святлом для душы,

быў святыняй для сэрца,

Быў апошняй надзеяй

у багне пакутаў.

 

Час праходзіў —

ішлі праз вякі пакаленні,

То сціхала зямля,

то стагнала ад болю,

А над часам, над лёсамі

Крыж уздымаўся,

З веку ў век асяняючы

Боскую волю.

 

Звон

Ён гучаў са званіцы

на кожнае свята,

Запрашаў на малебен

старога й малога.

І настолькі быў голас

яго мілагучны,

Што душа адгукалася

светлым пачуццем.

 

Атуляў ён зямлю

векавым перазвонам,

Запаўняла гучанне

паветра да неба,

Быццам Бог самаручна

з вышынь недасяжных

Разліваў над зямлёю

чароўныя гукі.

 

Са званіцы, бывала,

гучаў ён трывожна,

І на веча склікаў,

і на думную раду,

Ён яднаў прыхаджан

у магутную сілу...

Храм без Звону —

нібыта дзяржава без мовы.

 

Вар’яцтва

Кастрычніцкая смута

Крышыла ўсё, раўла:

— Рэлігія — атрута!

Знішчаць!

Паліць датла!

 

Узняўся сцяг чырвоны,

З трыбуны чуўся крык:

— Няма вышэй закону,

Чым пралетарскі штык!

 

Кастрычніцкая бура,

Віхор сляпых ідэй —

Знішчала дыктатура

І веру, і людзей.

 

*

Ішоў усхвалявана

З усіх бакоў народ...

Да велічнага Храма

Збіралі ўсіх на сход.

 

Збіралі, як на свята,

Пад чырванню сцягоў,

Збівалі «горб» дашчаты —

Трыбуну рэвбагоў.

 

Паміж людзьмі ціхутка

(Ад іх не уцячы)

Збіралі «факты», чуткі

Рупліўцы-стукачы.

 

Туляліся, як цені,

Нібыта жахі-сны,

У скураным адзенні

Чэкісты-груганы.

 

Знайшліся й актывісты —

Усплыў усякі бруд.

Нібыта дух нячысты

Укараніўся тут.

 

Не Звон збіраў на веча,

Як год ці век назад,

А нечаканы нечы

Пагрозлівы загад.

 

У нейкім перапудзе

Акамянеў прыход,

Не разумелі людзі:

З якой нагоды сход?

 

Васіль спытаў Міхала,

Зірнуўшы па баках:

— Адкуль чужых нагнала

Пры зброі, пры штыках?

 

Міхал усхвалявана

Камечыў бараду:

— Ой, на душы пагана...

Ой, чую, брат, бяду...

 

Шаптаўся і маліўся

Не, не прыход — прыгон,

А Храм не адчыніўся,

Маўчаў трывожна Звон.

 

Нарэшце на трыбуну

Пайшоў рэвкамітэт

І ботаў стук табунны

Загрукацеў услед.

 

Галоўны, пры нагане,

Ужо з уступных слоў

Памножыў хваляванне

Сагнаных жыхароў.

 

Галоўны, пры нагане,

Узняў уверх кулак:

— Увага, грамадзяне!

Вось наш мандат і сцяг!

 

Мандат наш — у законе,

Ён справіўся з царом.

Так лупянуў па троне,

Што стаў гаспадаром.

 

Мандат наш — працавіты,

Бо ён без лішніх слоў

Даб’е ўсіх недабітых

Буржуяў, кулакоў.

 

У ім — і рэвзаконы,

У ім — і рэвзагад.

Абудзіць лад ваш сонны

Рэвалюцыйны лад!..

 

Васіль спытаў нанова:

— Што гэта за прыпеў?

У іх найперш за слова

Наперад лезе «рэв».

 

Міхал сваё кумекаў:

Такога й не прысніць,

Ужо не знойдзеш лекаў,

Каб боль душы спыніць.

 

Міхал, як у тумане,

Замармытаў услых:

— Чужынцаў пры нагане

Тут больш, чым нас усіх.

 

Быць буры пасля ветру,

Пазносіць стрэхі з хат,

Зірні, брат, як паветра

Сячэ кулак-мандат...

 

*

Далейшыя падзеі —

Жах! Як у бездань крок...

І згас прамень надзеі,

І лёг на сэрцы змрок.

 

Трос кулаком аратар:

— Хто вас круціў у рог?

Буржуй! Эксплуататар!

Збудуем ім астрог!

 

Дык вось! — сказаў ён строга,—

Мы вас без лішніх слоў

Прымусім жыць без бога,

Прагонім чад з галоў!

 

І тут, як па загаду,

Чужынцы ў Храм пайшлі —

Дзікунскі штурм-асаду

Званіцы пачалі.

 

З’явіліся драбіны,

Вяроўкі, тапары,

І толькі хруст звярыны

Чуваць быў угары.

 

Крышылі Крыж са смакам,

Вяршыню Храма — пік.

— Далоў яго! К сабакам! —

Натхняў з трыбуны крык...

 

Свой баль спраўляла ліха.

А вернікаў прыход

Стаяў і плакаў ціха —

Шаптаў малітву рот.

 

Нарэшце Крыж хіснуўся

(Бывай, прастор-абсяг...)

І стогн людзей пачуўся,

І кожны здрыгануўся —

Лунаў над Храмам сцяг.

 

Чырвоны (Мо крывавы?),

А што пад ім? Астрог?..

У маладой дзяржавы

Не меў пашаны Бог.

 

— Бязбожнікі! Злачынцы! —

Міхал шаптаў праклён,—

Крыж збілі са званіцы,

За ім скідаюць Звон.

 

...Звон мілагучны, зычны

Быў чуцен шмат вякоў.

І вось ён, час трагічны —

Час рэвбальшавікоў...

 

Палёт апошні... Скруха...

Удар... Уздрыг зямлі...

І толькі сэрцы глуха

Ад болю загулі.

 

І пырснулі асколкі —

Дзынн... Дзынн... і звон патух.

І дзень няўтульны, золкі

Знямеў, аслеп, аглух.

 

Акамянелі людзі,

Замёрлі, як у сне:

Няўжо ж канца не будзе

Бязбожнай сумятне?

 

Стаяць, аслупянелі —

Безабароннасць, жах!

Галоўнае, што мелі,

Знішчаюць на вачах.

 

Знішчаюць нават веру

Святое — па баку...

О не! Няма даверу

Мандату-кулаку!

 

*

Памёрлі спадзяванні,

Зноў жах зірнуў ваўком:

Чужынцы, нібы здані,

Пайшлі ў Храм ланцугом.

 

Бітком у Храм налезлі

Пад мацюкі услых,

Адтуль іконы неслі,

Шпурлялі ў гразь святых.

 

Звалілі іх у кучу —

Апошні час настаў...

І вось агонь пякучы

Па іх затрапятаў.

 

Узвіўся вінавата,

Ды дзецца дзе агню,

Калі запалка ката

Паліла і радню?

 

Дым катам лез у вочы,

Дым катаў паглынуў...

Раптоўна крык жаночы

Па слыху разануў:

 

— Не дам! Сама загіну!

Спалю жыццё сваё!

Не! Боскай маці й сыну

Не дам згарэць! Звяр’ё!..

 

Агонь апальваў рукі,

І валасы, і твар,

Але яна без гуку

З іконы стрэсла жар.

 

Схапіла, як жывую,

І цісне да грудзей.

І гэтак уціхую

Пайшла з ёй да людзей.

 

— Куды?! — і штык халодны —

Да сэрца дабрыні.

— Назад! Замест іконы

Згарыш сама ў агні!

 

Назад! Да д’ябла ў госці! —

Глушыў жанчыну крык...

Але з трыбуны хтосьці

Спыніў халодны штык.

 

— Адставіць! Гной, нарывы

Ускрыем, ды не тут.

У нас ёсць справядлівы

Рэвалюцыйны суд!

 

Судзіць ён здольны строга,

Наставіць сінякоў,

Не будзе болей Бога

Апроч бальшавікоў!

 

*

Пакуль рэвкамісары

Чынілі свой пагром,

Святы айцец Захарый

Сядзеў за алтаром.

 

Цяпер гэта — «кутузка».

І вось, пасля ўсяго,

Як кажуць, «на закуску»

І вывелі яго.

 

З трыбуны «балаганіў»

Прамоўца-вузкалоб:

— Вось той, хто вас дурманіў!

Вось ён, душы мікроб!

 

Прыход нібы прачнуўся

Ад жаху-нематы,

Трывожны гул пачуўся:

— Айцец... Айцец святы...

 

Святар стаяў ля Храма —

Твар збіты, ў сіняках.

І, як прысуд рэвкама —

Вяроўка на руках.

 

З трыбуны крыкнуў строга

Знаёмы вузкалоб:

— Чаму ж не клічаш Бога

Перад расстрэлам, поп?!.

 

Святар расправіў грудзі

І выдыхнуў, як мог:

— Шануйце веру, людзі!

Ёсць Бог! І з намі Бог!

 

Чыстка

Бег час...

Прыйшла нядзеля —

Дзень вольны завітаў.

Міхал, нібы з пахмелля,

Хадзіў, стагнаў, крактаў.

 

То — з хаты,

То — у хату,

То сяк, то так — паўдня.

Нібыта ў вушы вату

Запхнулі...

Цішыня!

 

Знік звон...

Маўчыць званіца...

Прайшоў праз Храм пагром.

Прыходзіцца маліцца

Ля абразоў.

Тайком.

 

Міхал для жонкі кінуў

У дзверы — на хаду:

— Во сум, каб ён загінуў!

Да Васіля пайду...

 

Васіль жыў недалёка,

Праз некалькі двароў...

— Прыйшоў праветрыць вока.

Здароў, Васіль!

— Здароў!

 

Міхал свой боль даверыў

Суседу: — Быць бядзе!

Ішоў, вачам не верыў —

Нікога! Анідзе!

 

Ты помніш, брат, па святах —

Кіпіць, гудзе жыццё!

Цяпер — усе па хатах...

Ёсць у людзей чуццё!

 

Васіль, дыхнуўшы цяжка,

Сказаў, каб сум адбіць:

— А можа трэснем пляшку?

Давай... А што рабіць...

 

І пацякла гаворка,

Сябры — як спарышы.

І стала двойчы горка

У роце, на душы.

 

*

Ці ладзіў хто інтрыгу?

Ці лёс скруціўся сам?

Паклікалі Ядвігу

Чагосьці у рэвкам.

 

Рэвкам...

А калі гэтак —

Дагледзела кароў,

Пакінула двух дзетак

На мужа і свякроў.

 

— Бывай, Алесь, Анютка! —

І цмок іх у шчаку,—

Не крыўдзі іх, я хутка! —

Сказала мужыку.

 

— Ты ж для мяне — апора,

Няхай спрыяе Бог!

Я хутка! — і бадзёра

Ступіла за парог.

 

У кабінеце важна

Сядзеў той «рэвзакон».

— Я рэвупаўнаважаны! —

Сказаў скрозь зубы ён.

 

Жанчыне закаціўся

У горла жах клубком:

«Дык гэта ж ён хваліўся

Мандатам-кулаком.

 

З трыбуны ім кувалдзіў,

Крышыў і Крыж, і Звон...

Здаецца, сон мой спраўдзіў

Пра груганоў, варон...»

 

— Ну? Як нарыў? Турбуе?

Аблегчым, пусцім гной!..

Ядвіга гэта чуе

Ці не?.. Сцяна сцяной...

 

Свае ледзь чуе словы,

Як праз туман плыве...

— Які нарыў? Пра што вы?

Пачуўся крык суровы:

— Нарыў, што ў галаве!

 

Нарыў, што ў думках носіш,

Ён надта ўжо свярбіць!

Нічога, піць папросіш,

Ды слёзы будзеш піць!

 

— За што? Віна якая? —

Ядвіга ў плач.— Ці ж я...

Але чэкіст спыняе:

— У чым віна твая?!

 

Твой дом — кулацкі, сыты,

А побач — жабракі.

Ты — вораг недабіты,

Прайшлі твае дзянькі!

 

Ядвізе стала жудка,

Надзеі промнік гас...

«Алесечка, Анютка,

Ці дасць Бог бачыць вас?..»

 

— Кажы! Нашто ікону

З агню цягнула? Га?

Пайшла супраць закону?

Што, па цару туга?

 

— Яшчэ што прыпляціце! —

Не ўмоўк Ядвізін рот,—

Гарэла маці з дзіцем...

Сама я маці... Вот...

 

— Няхай кляла цара бы,

Абрэхваў нас твой крык!..

— Дык баба ж я! А ў бабы

Пярвей мазгоў — язык.

 

— Та-а-к...

І зявок працяжны

Пачуўся з-за стала.

Спытаў упаўнаважаны:

— Ну што? Рэвкам кляла?

 

Ішла супраць закону?

— Дык я ж...

— Заткні свой рот!

Напомніць пра ікону?

Што? Бунтаваць народ?

 

Ты хто? Нарыў! Балячка!

Аджыўшага багаж!

Каровы дзве — кулачка!

Ёсць думкі — вораг наш!

 

— Дык я ж... Дык я...

— Не веру! —

Скрывіўся «рэвзакон»,—

На, падпішы паперу,

І скончым пустазвон!..

 

Жанчыну агарнула

Надзея... Без прадмоў

Ядвіга крэмзанула.

— Ну, а цяпер... дамоў?

 

— Дамоў?! З такой паперай?

З ёй — толькі на клады!

Глынеш ты поўнай мерай

Турэмнай баланды.

 

Ядвіга з табурэткі

Ускочыла:

— О не!

Мяне чакаюць дзеткі!

Сям’я! Дазвольце мне...

 

— Сям’я? Не-е! Ты, а потым

Займёмся і сям’ёй.

Там, за калючым дротам,

Шмат месца — хопіць ёй!

 

*

Рэвкам стаў перайначваць

Усё на новы лад.

Каб лепей «раскулачваць»,

Стварылі прадатрад.

 

— Буржуяў недабітых

Пад корань! Пусцім кроў!..—

І трэслі працавітых

Сумленных жыхароў.

 

Знішчалі перашкоды,

Праз лёсы — напралом.

Цягнуліся падводы

З награбленым дабром.

 

Мяхі з мукой і збожжам

Згружалі ў Храм — у склад.

— Прымай дарункі, божа! —

Жахлівы чуўся жарт.

 

Васіль у гэтым «складзе»

З вінтоўкай, са свістком,

Як кажуць, пры парадзе —

Служыў вартаўніком.

 

Кляў лёс, падзей аблогу:

— Служу бальшавікам...

Я тут маліўся Богу,

Цяпер вось — пацукам...

 

Калі ж раптоўна «ў госці»

Паклікалі ў рэвкам,

Сказаў: — Наблытаў хтосьці!

Нашто ім дзірка ў мосце?

Што я забыўся там?

 

Прыйшоў і — прама ў рукі

Спрыяльнасці самой.

— Ну, як сям’я? Унукі?

Як праца? Як настрой?..

 

Васіль вушам не верыў,

Заззяў і пасмялеў:

«А я душу ашчэрыў

Супраць прыстаўкі “рэв”...

 

А я — на крайчык лавы,

Рашыў, што мне — канец!

А ён такі ласкавы,

Як той святы айцец...»

 

— Жыву я...

— Ды не трэба!

Мы ведаем пра ўсё:

Ты маеш, апроч хлеба,

Карову, парасё.

 

Далі табе работу,

У хаце — цераз край...

— Я ж не шкадую поту!

— Мы бачым. Спажывай!

 

Скажы... А ты ж не можаш

Унукаў не любіць?..

Таму — нам дапаможаш...

— Я вам? А што зрабіць?

 

— Ды так... Амаль нічога...

Мазгамі варушы!

І раптам кінуў строга:

— На! Гэта падпішы!

 

Васіль вачамі «бэкаў»,

А сэрцам піў адчай.

Чытаючы, кумекаў:

«Дык вось ён, долу край!..

 

А я раскрыў хлябала,

Грэў байкамі душу...

Я ж загублю Міхала,

Ледзь толькі падпішу».

 

— Не! Як вас — пан? Таварыш?

Такога не было!

— Глядзі! Зашмат гутарыш!

Сам лезеш у сіло!..

 

— Міхал не зваў да зброі!

Міхал не плёў інтрыг!..

А кат сядзеў і мроіў,

Зяхаючы.

Услых.

 

— Ну што?

Дачку і сына,

І жонак — круць ці верць —

Сустрэне дамавіна...

Тады — і ўнукам смерць.

 

Усё, што меў — насмарку.

Што? Пшык — на старасць год?

Апішам гаспадарку,

Ды і цябе — ў расход...

 

Васіль збялеў, затросся,

Дыханне заняло,

Язык з зубамі зросся,

У галаве гуло.

 

«Ласкавы» ткнуў паперу:

— На! Не жартую я!

Вось зараз і праверу —

Каго шкадуеш? Хеўру?

Ці даражэй сям’я?

 

— Сям’я!..

Васіль абвіснуў

І падпісаў прысуд...

Чэкіст вачамі бліснуў,

Ён «з’еў сабаку» тут.

 

Калі Васіль рухава

З рэвкама «ногі нёс»,

«Ласкавы» неласкава

Прамармытаў пад нос:

 

— Эх, прастата якая!

«Здаў кроў» — і будзь здароў?

Не! Гэтак не бывае!

Кот мыш не адпускае

Надоўга з кіпцюроў!

 

*

Наводзілі «парадак»

На бальшавіцкі лад,

Такі, каб і нашчадак

Аглядваўся назад.

 

Людзей з пасцелі бралі,

На працы, на бягу,

Нявечылі, каралі —

Адныя — паміралі,

Другія — у чаргу.

 

«Прасеяных», бязвінных —

Бітком у цягнікі,

І хуценька, няспынна,

Штоноч — на Салаўкі.

 

Цялятнікі-вагоны —

Не родны дом — каюк.

Хто не дажыў да зоны —

Ляцелі пад адхоны,

Як хлам, пад колаў стук.

 

Скідалі трупы тлустым,

Пражэрлівым ваўкам.

І тыя вылі з густам

Хвалу бальшавікам.

 

Не! Тым не «білі ў ладкі»,

Хто будаваў, араў,

А тым, хто без аглядкі

Страляў, знішчаў, караў...

 

Раздолле вам, свабода,

Магільныя крыжы!

За крыж — узнагарода!

— Ёсць ворагі народа?

Не спі!

Чакай!

Дрыжы!

 

*

Міхал жыў не багата —

Які там багацей?

На дзве паловы хата —

Сабе і для дзяцей.

 

Хляўчук ды варывенька,

Кароўка, парсюкі...

«Багацце» мераў жменькай,

А пот — у дзве рукі.

 

Меў «грэх» — сказаць мог прама,

Што, як і для чаго.

І стукачы ля Храма

Падслухалі яго.

 

Вось і «статут варожы».

Таму такіх, як ён:

«Знайсці! Злавіць! Знічтожыць!» —

Заклікваў рэвзакон.

 

Не з прынцыпаў маралі,

А каб было страшней,

Міхала ноччу бралі —

Злачынцам змрок радней.

 

Загрукацелі ў дзверы,

Вінтоўкі — круць з плячэй.

Звярыныя намеры

Свяціліся з вачэй.

 

Прыклад бесцырымонны

Штурхаў і біў яго.

Людзей скруцілі сонных

Усіх, да аднаго.

 

Міхал пачуў раптоўна,

Хоць жах грыз да касцей,

Як за сцяной гвалтоўна

Знявольвалі дзяцей.

 

Да сэрца даляталі

Жаночы крык і плач...

З нявінных кроў смакталі,

Каб чырванеў кумач.

 

Міхал стагнаў: — Вар’яты!

Злачынцы! Груганы!

У чым я вінаваты?

А жонка? А сыны?

 

Хоць бабам дайце волю!..

А крык, як ад сцяны —

Ні жалю, ані болю

Не ведалі яны.

 

*

Ёсць супадзенні-з’явы,

Іх не мінуць ніяк:

Папаўся той «ласкавы»,

Як на кручок шчупак.

 

Яму й не вінаваты

Сябе «разаблачаў»,

Ён шмат упёк за краты,

Ды значна больш знішчаў.

 

Выслужваўся рэвкаму,

Са скуры лез, не спаў.

І трапіў сам у яму,

Што для другіх капаў.

 

На допыце пазнаўся

З тым, чым другіх губіў —

І сам ва ўсім прызнаўся,

Чаго і не рабіў.

 

І вось ён пад канвоем

Ішоў і боль глытаў,

А следчы ўслед героем

Глядзеў і мармытаў:

 

— Эх, прастата якая!

Піў кроў — і будзь здароў?

Не! Гэтак не бывае!

Кот мыш не адпускае

Надоўга з кіпцюроў.

 

Кланірванне

Мы ўсе — прагрэсу сведкі.

Навука прэ ўгару...

Авечцы з яе клеткі

Зварганілі сястру!

 

— Дзве кроплі!

— Як блізняты!

— Вось гэта дык сястра!

— Звышцудам лік пачаты!

— Сенсацыя!

— Ура!..

 

Мы моўчкі неўзлюбілі

Сенсацыі чужой.

Так. Адкрыццё ж зрабілі

Не ў нас, а за мяжой.

 

Якое кураслепства!

У нас не менш ідэй!

Авечкі дзве — не кепска,

А як наконт людзей?

 

Нам ёсць чым ганарыцца

І скажам, нібы тост:

— Адстала, заграніца!

Пардон, падцісні хвост!

 

Падумаеш, там нейкі

Авечы эмбрыён!

Вы — з клеткі. Мы — з ячэйкі.

Вы — дзве? Луска! Капейкі!

Мы — не адзін мільён!

 

Падумаеш, жывёла!

Навука ў нас свая:

У нас — ячэйка школа,

Ячэйка камсамола,

Ячэйка — і партшкола,

Ячэйка — і сям’я.

 

Людзей, як пад капірку,

Размножваў палітплан.

— Ах, ты не «за»?

І дзірку

Рабіў у лбе наган.

 

І вось ужо ў калонах,

У шэсцях шматмільённых,

На зборышчах чырвоных,

На з’ездах — толькі «за».

 

Мы — «за!»...

Згасілі спрэчкі

Семдзесят год турмы.

Як тыя дзве авечкі,

Аднолькавыя мы.

 

За «я» — каралі люта,

Натоўп — замест людзей...

Кастрычніцкая смута,

Віхор сляпых ідэй...

 

— Дык гэта ўсё ў мінулым!

— О не! Яшчэ раз не!

Мы думаем «агулам»

І сёння...

«Мы» — ў цане.

 

Жыве той час прадажны,

Гудзе той вечны бой,

Не сціх той стогн працяжны...

І цень чырвонасцяжны

Мы бачым над сабой.


1994

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.