***
што рабіць мне бязь сьвету аблічча пытаньняў было б
там дзе быць ані ймгненьне ня доўжыцца й кожнае зь іх
павяртае ў нікуды ў нябыт неадбытага
і бяз хвалі ў каторай канец канцоў
целы й цені гуртом захлынуцца
што рабіць мне было б бязь цішы бездані ўздыхаў бяз дыху
апантаных уратаваньнем ці там каханьнем
бязь неба што паўстае
расьцярушыўшы ўнізе ўласны цяжар
што рабіць мне было б штось было б як учора альбо
нават сёньня з каюты сваёй выглядаць адзіноты
так далёкі жыцьцю муляцца й памыляцца
на пляцы паяцаў
безгалосы ў безьлічгалосьсі
зачыненых разам са мной
***
зьніадкуль у скляпеньні сонца зь нябёс
і раз-пораз старыя чуваць галасы
тагасьвеччыны
й пакрыёма ў знаёмае сьветліні
якая заліла была паплавы ля Энны крывёй
расьлінаў што плоцяй няўрымснай квітнелі
ізноў залатыя часы
як раней
і розгалас згас пакрысе
Атропас і Празэрпіна
чароўны сумнеў пустаты
ірта невыразны абрыс
***
неспадзеву нідзе, так ва ўсіх добрых дзетак
незацяжкі цяг, незацяглы цяжар, забыцьцё
сьпіну гне за быцьцё
дзьве тры блакітныя хусткі ў сэрцы ўрэшце адмерлыя куткі
спакуса запозьняя напрыканцы
дажджу на сутоньні
ў жніўні
у ёй нішто
й ніхто не
стогне
***
ў нейкім месцы нейкага дня
нібы некаторая рэч
чэрап апошні ратунак
ад таго cпанадворку
маўляў бочка з ільдом на дне
пагляд на любую пагрозу
пазіраючы пазяхае
нічога такога больш
гэтак нейкага дня
нібы некаторая рэч
жыцьця не сама па сабе
***
на шкле
пустым адно яна
прытулілася
суплёт цягліцаў чорных
мацае ашалелая крылцы склеіла
перабітыя ногі рот смокча звычка
расшывае блакіт удрузг аб нябачнае
вагаюцца ў яе ўваччу з маім вялікім пальцам разам
мора й спакойнае неба
пераклаў з ангельскай Максім Шчур