ОКТАВІО ПАС

 

СУЦЭЛЬНЫ ВЕЦЕР

 

Цяперашняе непарушнае

Горы яны з косткі яны са сьнегу

вось тут яны адпачатку

Вецер нарадзіўся без узросту

толькі што

як сьвятло й таксама як пыл

Млын разгалосься

кірмаш карагод сланечны

званочкі рухавікі прыймачы

каменнакапытныя шэрыя восьлікі

сьпеваў і скаргаў спляценьне

ў гандлярскіх вусах і бародах

зіхценьне звыш кавадламі раскрышанае

У правалах зацішшаў

выбухваюць

дзіцячыя крыкі

Прынцы ў рызманах

на беразе рэчкі разьюшанай

моляцца мочацца мэдытуюць

Цяперашняе непарушнае

Дзьверы года прыадчыняюцца

дзень выскоквае

агат

Птушка якая ўпала

Паміж вуліцамі Монталямбэр і Бак

гэта дзяўчо каторае

затрымалася

па-над залевай позіркаў

Калі вада гэта вагонь

полымя

Пасярэдзіне круглай гадзіны

асьлепленай

гнядое жарабятка

Сьціжма порскавак

праўдзівая дзяўчынка

між зданямі будынкаў і людзей

Сузірае струмень відавочнасьцяў

я ўгледзеў цераз несапраўднасьць сваіх рухаў

 

я ўзяў яе за руку

разам мы перасеклі

ўсе чатыры прасторы ўсе тры часы

адлюстраваньняў нетрывалыя сялібы

й вярнуліся ў дзень пачатку

 

Цяперашняе непарушнае

21-га чэрвеня

сёньня пачынаецца лета

Дзьве ці тры птушкі

ствараюць у думках сад

Ты чытаеш і ясі сьліву

на чырвоным матрацы

аголеная

бы віно ў шкляным гарлачы

Вялікі палёт крумкачоў

У Санта Дамінго браты нашыя паміраюць

Каб быў які парк вас пэўна тут не было б

Мы чухаем сабе локці

У садох свае восеньскае сядзібы

Тыпу-Султан пасадзіў якабінскае дрэва

потым раздаў кавалачкі шкла

ўсім палонным ангельскім афіцэрам

і загадаў ім зрабіць сабе абразаньне

а тое што абрэзалі зьесьці

Стагодзьдзе

запалала і ў нашых краёх

З гэтаю паходняй

у абсмаленых руках

ці ўздымуць сабораў і пірамідаў дойліды

ў вышыні свае празрыстыя будынкі?

 

Цяперашняе непарушнае

Сьпіць сонца залюлянае між тваіх грудзей

Чырвоны матрац счарнеў і пульсуе

Плянэта не каштоўнасьць не

садавіна

ты завесься фінік

Дацыя

замак выйдзі калі патрапіш

пунсовая пляма

на камяні ўкамянелая

Галерэі тэрасы лесьвіцы

неашаляваныя шлюбныя залі

 

скарпіёнавы

Рэха паўтораньняў

эратычны продаж гадзіньнікаў

бясчасьсе

Ты абыходзіш

пахмурныя дворыкі пад няўмольным сутоньнем

дзіравае покрыва на тваіх плячох недаткнёных

Калі вагонь гэта вада

ты ейная чысьцюткая кропля

праўдзівая дзяўчынка

празрыстасьць гэтага сьвету

 

Цяперашняе непарушнае

Вяршыні

пасяканыя сонцы

скамянелая жоўтая навальніца

Драпае вецер

бачыць балюча

Неба яшчэ адна бездань высока высока

Горла Салянгскай пратокі

чорная хмара па-над чорнай скалою

Крывавы кулак скаланае

каменныя дзьверы

Толькі ў вады чалавечасьць

у гэтых цясьнінах самоты

Толькі вочы твае з чалавечай вады

Ўнізе

ў надзьмутым прасьцягу

жарсьць цябе ахінае сваім чорным двукрыльлем

Твае вочы расплюшчыш заплюшчыш

зіхоткія жывыя стварэньні

Унізе

распаленая цясьніна

абрынутая хваля руйнуецца

твае ногі ўрасхон

белы скачок

пена нашых пакінутых целаў

 

Цяперашняе непарушнае

Пустэльнік паліваў магілку сьвятога

ягоная барада была бялейшая за аблокі

Насупраць шаўкавіцы

на ўзбоччы воднай стромы

ты паўтарыла маё ймя

роскід складоў

Падлетак зь зялёнымі вачыма

падараваў табе гранат

на тым беразе Аму-Дар’і

дыміліся расейскія хаткі

Гук узбэцкае флейты

быццам іншая рэчка нябачная й значна чысьцейшая

На баркасе боцман петрыў кураняты

Краіна — адкрытая далонь

чые рысы

знакі нейкага зламанага альфабэту

Каровіны шкілеты ў даліне

Бактрыя

расьцярушаная статуя

я падабраў з пылу некалькі ймёнаў

Гэтымі складамі што ўпалі

зернем папяловага гранату

клянуся быць зямлёю і ветрам

віхурным

па-над тваімі косткамі

 

Цяперашняе непарушнае

Ноч уваходзіць зь безьліччу сваіх дрэваў

ноч жамяры электрычнай шаўковых драпежнікаў

ноч траваў распасьцертых па-над памерлымі

зьліцьцё водаў якія прыходзяць здалёк

мармытаньні

сусьветы пазбаўляюцца зерня

валіцца сьвет

загарэлася зернейка

кожнае слова пульсуе

Я чую тваё біцьцё ў цемры

загадка ў форме пясочнага гадзіньніка

сьпіць кабета

Прастора прасторы жывёльныя

Anima mundi

матчыная матэрыя

несупынна сябе выракаецца

несупыннае паданьне ў ейныя пустыя вантробы

Anima mundi

маці вандроўных радоў

сонечных і людзкіх

Прасторы зьяжджаюць

цяперашняе непарушнае

 

 На самай вяршыні сьвету лашчацца

Шыва з Парваці

Што ні пяшчота стагодзьдзе

што чалавеку што богу

прыблізна той самы час

бездань той самай жарсьці

Лагор

рака чырвоная чорныя чаўны

паміж двух тамарындаў дзяўчынка басаножка

і ейны погляд бяз часу

Аднолькавае біцьцё

сьмерці й нараджэньня

Паміж небам і зямлёй у паветры

некалькі тых таполяў

сьвятло бруіцца а не трымценьне лісьця

уніз ці ўгору?

 

Цяперашняе непарушнае

Ідзе дождж у маім дзяцінстве

ідзе дождж у запаленым садзе

крамнёвыя кветкі дымістыя дрэвы

У пялёстку смакоўніцы ты кіруеш

па маім твары

Дождж цябе ня мочыць

ты полымя вады

вагню празрыстая кропля

што заліла мае павекі

Я бачу церазь несапраўднасьць сваіх учынкаў

той самы дзень што пачынаецца

Прастора рушыць

сьвет выдзірае карані свае

Ня больш за сьвітаньне целы нашыя важаць

на ложку

 

пераклаў з гішпанскай Максім Шчур

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil