ЗЬ НЯБЁСАЎ ВЯЛІКІХ ДА ВЯЛІКІХ ГЛЫБІНЬ…

 

Зь Нябёсаў Вялікіх да Вялікіх Глыбінь задумы зьвярнула,

Багіня зь Нябёсаў Вялікіх да Вялікіх Глыбінь задумы зьвярнула,

Інана* зь Нябёсаў Вялікіх да Вялікіх Глыбінь задумы зьвярнула,

Спадарыня наша зямлю і нябёсы пакінула, ў нетры зямныя сыходзіць яна,

Інана зямлю і нябёсы пакінула ў нетры зямныя сыходзіць яна, 5

Жраца ўладу пакінула, жрыцы ўладу пакінула ў нетры зямныя сыходзіць яна,

Ва Уруку храм Эану пакінула ў нетры зямныя сыходзіць яна,

У Бадцітбары Эмушкаламу пакінула ў нетры зямныя сыходзіць яна,

У Забаламе Гігуну пакінула ў нетры зямныя сыходзіць яна,

У Адабе Эшару пакінула ў нетры зямныя сыходзіць яна, 10

У Ніпуры Барадургару пакінула ў нетры зямныя сыходзіць яна,

У Кішы Хурсангкаламу пакінула ў нетры зямныя сыходзіць яна,

У Акадзе Эульмаш* пакінула ў нетры зямныя сыходзіць яна.

Свае таемныя сілы – іх сем – назьбірала яна*.

Сіл назьбірала заціснула ў руцэ. 15

Таемныя сілы склала ля ног.

На яе галаве – Эдэна вянок, "Шугур".

На яе чале – лента на лоб "Прывабнасьць ілба".

У ейных руках – знакі ўладарства й суда.

Каралі блакітныя шыю абнялі*. 20

Двайная падвеска ўпрыгожвае грудзі.

Залатыя запясьці зьвіваюць рукі,

Ахінутыя грудзі сеткаю "Да мяне мужчыны, да мяне",

Ахінутыя сьцёгны навязьзю, апраткай улады,

Прыціраньнем "Прыйдзі, прыйдзі" падведзены вочы, 25

Інана ў падземнае царства ідзе,

Пасол Ніншубур* зь ёю побач ідзе,

Сьветлая Інана кажа Ніншубуру:

"Ганец мой, ганец!

Вястун маіх слоў мілажальных! 30

Вястун маіх слоў міласэрных!

Калі я сыйду ў падземны ў сьвет,

Калі я ўвайду ў падземны ў сьвет,

На пахавальных пагорках заплач пра мяне,

У доме сабраньняў у бубны забi, 35

Храмы багоў абыйдзі пра мяне,

Твар свой разьдзірай, рот разьдзяры,

Цела зрань дзеля мяне,

Рызьзё, нiбы бядак, дзеля мяне апранi!

Ва Экур*, храм Энлiля, аднютка ўвайдзi, 40

Калi ва Экур, храм Энлiля ты ўвойдзеш,

Перад Энлiлем заплач:

"Бацька Энлiль, не дай тваёй дочцы загiнуць у сьвеце падземным!

Сьветламу срэбру твайму прахам пакрыцца не дай у тым сьвеце падземным!

Ды не расколе твой цудны блакiт гранiльшчык у сьвеце падземным! 45

Ды не зламае самшыт твой цясьляр у тым сьвеце падземным!

Двойчы ўладарцы загiнуць ня дай у тым сьвеце падземным!"

I як толькі Энлiль на гэтыя словы не адгукнецца*, кроч ва Ур!

У горадзе Ур, ва Эмудкаламе*,

Ва Экiшнугаль, да Наны ўвайшоўшы, 50

Да Наны заплач:

"Бацька Нана, не дай тваёй дочцы загiнуць у сьвеце падземным!

Сьветламу срэбру твайму прахам пакрыцца не дай у тым сьвеце падземным!

Ды не расколе твой цудны блакiт гранiльшчык у сьвеце падземным!

Ды не зламае самшыт твой цясьляр у тым сьвеце падземным! 55

Двойчы ўладарцы загiнуць не дай у тым сьвеце падземным!"

I калi Нана на гэтыя словы не адгукнецца, кроч ва Эрэду!

Калi ва Эрэду ты ў храм Энкi ўвойдзеш,

Да Энкi заплач:

"Бацька Энкi, не дай тваёй дочцы загiнуць у сьвеце падземным! 60

Сьветламу срэбру твайму прахам пакрыцца не дай у тым сьвеце падземным!

Ды не расколе твой цудны блакiт гранiльшчык у сьвеце падземным!

Ды не зламае самшыт твой цясьляр у тым сьвеце падземным!

Двойчы ўладарцы загiнуць не дай у тым сьвеце падземным!"

Бацька Энкi, магутны ды мудры, 65

Тр`авы жыцьця ды воды жыцьця ведае ён,

Ён i ажывiць мяне!"

Інана ў царства падземнае йдзе.

Ніншубуру, паслу гаворыць свайму:

“Ідзі, ды вяртайся, Ніншубур! 70

Маіх наказаў не забывай!”

Інана да палаца, у блакітнае гары, падыходзіць,

Да брамы падземнага царства сьпяшаецца, нема крычыць,

“Адчыняй, брамнік, палац, адчыняй!

Палац адчыняй, Нэці*, адчыняй, і ўвайду я да адзінай маёй!” 75

Нэці, брамнік галоўны ўладарства,

Сьветлай Інане адказвае:

“Хто жа ты, хто?”

“Я – зорка сонечнага ўзыходу!"

"Калі ты – зорка сонечнага ўзыходу, 80

Навошта прыйшла да “Краіны без вяртаньня”?

А сэрца тваё як на шлях кіравала цябе, вяртаньня зь якога няма?”

Сьветлая Інана адказвае яму:

Да вялікае ўладарніцы Эрэшкігаль*,

Бо мёртвы Гугальана*, муж яе, – 85

Пахавальныя травы яму успаліць,

Пахавальнае піва яму ўспіць.Сапраўды так, сапраўды так!”

Нэці, брамнік галоўны ўладарства

Сьветлай Інане адказвае:

“Пачакай, о, Інана, пра цябе спавяду 90

Я спадарыні Эрэшкігаль, пра цябе спавяду, пра цябе далажу!

Спадарыні Эрэшкігаль пра цябе спавяду, пра цябе далажу!”

Нэці, брамнік галоўны ўладарства

Да Эрэшкігаль, спадарыні ўласнае, кажа, прыйшоўшы:

“О, спадарыня! Там дзева! 95

Багам падабенства і ў [постаць] і ў веліч

[Ля] брамы [“Краіны без вяртання”]

..................................................................

У Эане [пакінула ўладарства сваё].

Свае таемныя сілы – іх сем – назьбірала.

Сілы назьбірала – заціснула ў руцэ. 100

Таемныя сілы паклала ля ног,

На ейным чале – вянок Эдэна, “Шугур”.

На ейным чале -- лента на лоб "Прывабнасьць ілба".

У ейных руках – знакі ўладарства й суда.

Каралі блакітныя шыю абнялі. 105

Двайная падвеска ўпрыгожвае грудзі.

Запясьці залатыя зьвіваюць рукі,

Ахінутыя грудзі сеткаю "Да мяне мужчыны, да мяне",

Ахінутыя сьцёгны навязьзю, апраткай улады,

Прыціраньнем "Прыйдзі,прыйдзі" падведзены вочы." 110

Эрэшкiгаль ударыла сябе па клубах,

Зьмянiлася ў твары, схапiла сваю галаву.

Нэцi, галоўнаму брамнiку царства, наказы дае:

"О, Нэцi, галоўны вартоўнiк ўладарства,

Што я скажу ды не пераступiш! 115

Падземнага царства сем зруш ты засавак,

Палацу Ганзiра*, [што перад падземным уладарствам] першы, браму расчынi!

I яе, калi яна ўвойдзе

I, схiлiўшыся, наблiзiцца, [я сустрэну сама."]

Нэцi, галоўны вартоўнiк ўладарства, 120

Словы спадарынi сла[вiць.]

Падземнага свету сем зрушыў засавак,

Палацу Ганзiра, што перад сьветам падземным першы, браму расчынiў.

Сьветлай Iнане кажа так:

"Увойдзi, Iнана!" 125

I ў яе, калi яна ўвайшла,

Вянок Эдэна, "Шугур", зьняў з галавы.

"Што гэта, што?"

"Скарыся, Iнана, усемагутныя законы падземнага сьвету!

Iнана, у часе падземных абрадаў маўчы!" 130

I калi ўвайшла ў другiя вароты,

Знакi ўладарства й суду забраў у яе.

"Што гэта, што?"

"Скарыся, Iнана, усемагутныя законы падземнага сьвету!

Iнана, у часе падземных абрадаў маўчы!" 135

I калi яна ўвайшла ў трэцюю браму,

Каралi блакiтныя з шыi ён зьняў.

"Што гэта, што?"

"Скарыся, Iнана, усемагутныя законы падземнага сьвету!

Iнана, у часе падземных абрадаў маўчы!" 140

I калi ў чацвертую браму ўвайшла,

Двайную падвеску з грудзяў ёй зьняў.

"Што гэта, што?"

"Скарыся, Iнана, усемагутныя законы падземнага сьвету!

Iнана, у часе падземных абрадаў маўчы!" 145

I калi ў пятую браму ўвайшла,

Залатыя запясьцi з рук яе зьняў.

"Што гэта, што?"

"Скарыся, Iнана, усемагутныя законы падземнага сьвету!

Iнана, у часе падземных абрадаў маўчы!" 150

I калi ў шостую браму ўвайшла,

Сетку "Да мяне, мужчыны, да мяне" з грудзяў ёй зьняў.

"Што гэта, што?"

"Скарыся, Iнана, усемагутныя законы падземнага сьвету!

Iнана, у часе падземных абрадаў маўчы!" 155

I калi ў сёмую браму ўвайшла,

Павязку, апратка ўладарынь, з клубоў зьняў.

"Што гэта, што?"

"Скарыся, Iнана, усемагутныя законы падземнага сьвету!

Iнана, у часе падземных абрадаў маўчы!" 160

I яна ўвайшла i, схiлiўшыся, наблiзiлася.

Cястра яе скочыла з трону 161а

Затым зноў сядае на трон.

Сем судзьдзяў-анунакаў перад ёю суд учыняюць.

На Інану зірнула – позірк яе сьмерць!

Слова вымавіла – праклёну крык! 165

Тую, што ўвайшла, абярнула ў труп.

Труп павесіла на крук,

Калі прайшло тры дні й тры начы,

Ніншубур, яе пасол,

Вястун словаў міласэрных яе, 170

Вястун словаў хуткакрылых яе,

На пагорках пахавальных заплакаў аб ёй,

У доме сабранняў у бубен забіў,

Храмы багоў дзеля яе абышоў,

Твар свой разьдзіраў, рот разьдзіраў, 175

Цела зраніў дзеля яе,

Рызьзё, нібы бядак, апрануў,

Ва Экур, храм Энліля, аднютка пайшоў,

Калі ва Экур, храм Энліля, увайшоў,

Перад Энлілем зароў: 180

"Бацька Энліль! Не дай тваёй дочцы загiнуць у сьвеце падземным!

Сьветламу срэбру твайму прахам пакрыцца не дай у тым сьвеце падземным!

Ды не расколе твой цудны блакiт гранiльшчык у сьвеце падземным!

Ды не зламае самшыт твой цясьляр у тым сьвеце падземным!

Двойчы ўладарцы загiнуць ня дай у тым сьвеце падземным!" 185

Бацька Энліль Ніншубуру адказвае:

"Дачка мая Вялікіх Нябёсаў пажадала, Вялікіх Глыбінь пажадала,

Падземнага сьвету ўсемагутныя законы, адвечныя яму паднашэньні,

Хто ж тут аб ёй скажа, за яе прамовіць слова?"

Бацька Энліль на маленьні яго не адгукнуўся, і ва Ур ён пайшоў. 190

Ва Уры, ва Эмудкаламе,

Ва Экішнугаль да Наны ўвайшоўшы,

Перад Нанай зароў:

"Бацька Нана, не дай тваёй дочцы загiнуць у сьвеце падземным!

Сьветламу срэбру твайму прахам пакрыцца не дай у тым сьвеце падземным! 195

Ды не расколе твой цудны блакiт гранiльшчык у сьвеце падземным!

Ды не зламае самшыт твой цясьляр у тым сьвеце падземным!

Двойчы ўладарцы загiнуць ня дай у тым сьвеце падземным!"

Бацька Нана Ніншубуру адказвае:

"Дачка мая Вялікіх Нябёсаў пажадала, Вялікіх Глыбінь пажадала, 200

Падземнага сьвету ўсемагутныя законы, адвечныя яму паднашэньні,

Хто ж тут аб ёй скажа, за яе прамовіць слова?"

Бацька Нана на маленьні яго не адгукнуўся і ва Эрэду ён пайшоў.

Ва Эрэду, да бога Энкі ўвайшоўшы,

Перад Энкі зароў: 205

"Бацька Энкі, , не дай тваёй дочцы загiнуць у сьвеце падземным!

Сьветламу срэбру твайму прахам пакрыцца не дай у тым сьвеце падземным!

Ды не расколе твой цудны блакiт гранiльшчык у свеце падземным!

Ды не зламае самшыт твой цясьляр у тым сьвеце падземным!

Двойчы ўладарцы загiнуць ня дай у тым сьвеце падземным!" 210

Бацька Энкі Ніншубуру адказвае:

"Дачка мая! Што зь ёю здарылася? Я ў трывозе!

Інана! Што зь ёю здарылася? Я ў трывозе!

Уладарыня краін! Што зь ёю здарылася? Я ў трывозе!

Жрыца нябёсаў! Што зь ёю здарылася? Я ў трывозе!" 215

З-пад пазногцяў сваіх бруду дастаў, кургара зрабіў.

З-пад пазногцяў сваіх, фарбаваных чырвоным, бруду дастаў, гала[тура] зрабіў*.

Кургару тр`авы жыцьця [даў].

Галатуру воды жыцьця [даў].

Бацька Энкі мовіць кургару і галатуру: 220

"Крочце, у падземны сьвет ідзіце!

Блізу варотаў падземных, нібы мухі, лётайце,

Блізу восі варотаў, нібы зьмеі війцеся!

Маць-нарадзіха ў пакутах народзін*

Эрэшкігаль ляжыць і прагне! 225

Яе белыя сьцёгны не прыхаваныя адзеньнем,

Яе грудзі, нібы чашы, не прыхаваныя нічым,

Яе голас нібы звонкая медзь зьвініць,

Распушчаныя косы, нібы цыбуля,

І калі яна скажа: "Але, улоньне маё!" 230

"О ты, [што прагнеш,] спадарыня нашая, але ўлоньне тваё!" – [так ёй скажыце!]

І калі яна скажа:["Але], о твар мой!"

["О ты, што прагнеш], спадарыня нашая, але, о твар твой!" – так ёй скажыце!

["Хто вы], адкуль?"

["Ад майго] ўлоньня – да твайго ўлоньня, ад майго твару, – [да твайго твару!" – так ёй скажыце!] 235

["Калі вы багі] – надзя[лю] Словам,

[Калі вы людзі] – ўзнагароджу [Лёсам!"]*

[Душою нябёсаў, душою зямлі] яе заклян[іце],

[Душою нетраў яе закл]яніце!

Ваду ракі вам дадуць – а вы не бярыце! 240

Зерне палёў вам дадуць – а вы не бярыце!

"Труп з крука аддай!" – кажыце!

І адзін – травой жыцьця, і другі – вадой жыцьця яе цела дакраніце –

Паўстане Інана!"

Галатур і кургар словы Энкі ўслаўляюць. 245

Блізу падземных варотаў, нібы мухі, лётаюць.

Блізу восі варотаў, нібы зьмеі віюцца.

[Маці-нара]дзіха ў пакутах народзін,

[Эрэшкі]галь ляжыць і прагне.

[Яе белыя сьцёгны] не прыхаваныя адзеньнем, 250

[Яе грудзі, як] чашы, не прыхаваныя нічым.

І калі застагнала ["Але], улоньне маё!"

"О ты, што прагнеш, спадарыня нашая, але, улоньне тваё!" – яны сказалі.

І калі застагнала ["Але], о твар мой!"

"О ты, што прагнеш, спадарыня нашая, але, о твар твой!" – яны сказалі. 255

"Хто вы, адкуль?

Вы сказалі:"Ад майго ўлоньня – да твайго ўлоньня!" Вы сказалі:"Ад майго твару – да твайго твару!"

Калі вы багі – надзялю вас Словам!

Калі вы людзі – ўзнагароджу Лёсам!"

Душою нябёсаў, душою зямлі яе заклялі! 260

[Душою нетраў яе заклялі!]

Ваду ракі ім даюць – а яны не бяруць!

Зерне палёў ім даюць – а яны не бяруць!

"Труп з крука аддай!" – сказалі.

Сьветлая Эрэшкігаль кургару і галатуру адказвае: 265

"Цела гэтае -- вашай гаспадыні!"

"Цела гэтае нашай гаспадыні, сапраўды, аддай!" -- яны сказалі!

Труп з крука яны ўзялі.

І адзін – травой жыцьця і другі – вадой жыцьця яе цела дакранулі.

Інана ўстае. 270

Інана з падземнага сьвету выходзіць.

Анунакі яе хапаюць.

"Хто з тых, хто спускаўся ў падземны сьвет выходзіў цэлы са сьвету падземнага?

Калі Інана пакіне "Краіну без вяртаньня",

За галаву галаву няхай пакіне!" 275

Інана з падземнага сьвету выходзіць.

І малыя дэманы "гала"*, як вострыя стрэлы,

І вялікія дэманы "гала", як лес са сьцягоў,

З усіх бакоў яе абкружаюць.

Той, хто перад ёю, – не ганец, але жазло ў ягонай руцэ. 280

Той, хто за ёю – не ганец, але зброя ў яго на баку.

Яны, што за ёю ідуць,

Яны, што за Інанай ідуць,

Ня ведаюць голаду, ня ведаюць смагі,

Мукі прасейнай не ядуць, 285

Вады праточнай яны не піюць,

З абдымкаў чалавека вырываюць жонку,

Ад грудзяў кармільцы адрываюць дзіцё.

Інана з падземнага сьвету выходзіць.

Інана з падземнага сьвету выйшла. 290

І пасол Ніншубур да яе ног упаў.

У пыл паваліўся, рызьзём апрануты.

Дэманы сьветлай Інане прамаўляюць:

"Што ж, Інана, вяртайся ў свой горад, а яго мы захопім!"

Сьветлая Інана дэманам адказвае: 295

"Вястун маіх слоў міласэрных,

Вястун маіх слоў хуткакрылых,

Мае наказы не пераступаў,

Мае загады не забываў.

На пагорках пахавальных плакаў пра мяне, 300

У доме сабраньняў у бубны ён біў,

Храмы багоў дзеля мяне абышоў,

Твар свой разадраў, рот разадраў,

Цела зраніў дзеля мяне,

Рызьзё, нібы бядак, апрануў, 305

Быў ва Экуры, доме Энліля,

Быў ва Уры, доме Наны,

Быў ва Эрэду, доме Энкі,

Ён вярнуў мне жыцьцё!"

"Што ж, пойдзем ва Уму, у Зікгуршагу пойдзем!" 310

І вось ва Уме, у Зікгуршазе,

Бог Шара* да ног яе ўпаў,

У пыл паваліўся, рызьзём апрануты.

Дэманы сьветлай Інане сказалі:

"Што ж, Інана, вяртайся ў свой горад, а яго мы захопім!" 315

Светлая Інана дэманам адказвае

"Песьні [сьпяваў] мне мой Шара,

Падстрыгаў мне пазногці, расчэсваў кучары.

Пакіньце яго, не бярыце яго!"

"Што ж, пойдзем у Бадцібіру, ва Эмушкаламу пойдзем!" 320

У Бадцібіры, ва Эмушкаламе,

Бог Лулаль* да ног яе ўпаў.

У пыл паваліўся, рызьзём апрануты.

Дэманы сьветлай Інане сказалі:

"Што ж, Інана, вяртайся ў свой горад, а яго мы захопім!" 325

Сьветлая Інана дэманам адказвае:

"Бог Лулаль, вялікі князь! Са мною справа, са мною зьлева!

Пакіньце яго, не бярыце яго!"

Тады пайшлі ў Хашхургулэдэну, у Кулабэ!"

Зь ёю ў Хашхургуладэнэ, у Кулабэ ідуць сьлед у сьлед. 330

Думузі*, у вопратцы ўлады у царскіх пакоях на троне сядзіць.

Дэманы – "гала" схапілі яго.

Сямёра іх – ягоныя грудзі парвалі, ягоную кроў пралілі,

Сямёра іх – нібы ў ашаленьні напалі на яго,

Пастушаю флейту, жалейку разьбілі ў яго на вачах! 335

Яна на яго паглядзела – позірк яе сьмерць!

Закрычала яна – гнеў у яе словах,

Крык выдала – праклёну крык:

"Яго, хапайце яго!"

Сьветлая Інана пастуха Думузі аддала ім у рукі. 340

А яны, тыя, што за ёю ішлі,

Тыя, што за Думузі ішлі,

Ня ведаюць голаду, ня ведаюць смагі,

Муку прасейную не ядуць,

Ваду праточную не піюць, 345

Радасьцяў улоньню жонкі не даюць,

Мілых дзетак не цалуюць яны,

Сабе сыноў не нараджаюць яны,

Нявестак ад свёкраў зводзяць яны!

Думузі плача, пазелянеў! 350

"Я да Уты на нябёсы ў ашаленьні плачу!

О Уту, швагер ты мой, а я твой зяць!

У храм тваёй маці я масла насіў,

У храм Нінгаль малако насіў!

У лапы яшчаркі рукі мае ператвары, 355

У лапы яшчаркі ногі мае ператвары!

Ад дэманаў маіх высьлізну я, яны не ўцягнуць мяне!"

[І Уту ўчуў яго маленьні,

Нібы ласку, даў ён міласьць,

У лапы яшчаркі рукі яго ператварыў, 360

У лапы яшчаркі ногі яго ператварыў,

Ён ад дэманаў усьлізнуў, не ўцягнулі яны яго.]

.....................................................................

[У пагоні за ім абыходзяць] краіны,

Месца схаваньня [шукаюць] яго, 365

[Дэманы] машуць [рукамі],

[Разяўленыя пашчы] зыходзяцца [крыкам]

.....................................................................

МАЛЫЯ ДЭМАНЫ АДКРЫВАЮЦЬ ПАШЧЫ,ВЯЛІКІМ ДЭМАНАМ МОВЯЦЬ СЛОВА*

(...)

А дэманы -- "гала" шукаюць Думузі, абкружаюць яго. (47)

Малыя дэманы вялікім дэманам кажуць слова:

"Дэманы без-роду-без-племя, без бацькі-маці, без сястры-брата, без жонкі-сына!

Вялікае войска, у часе закату жах сее хто ў сьвеце! (50)

Вы, дэманы, чалавека ха[пае] хто!

Дабрыні-міласэрнасці вы ня ведаеце, радасьцяў сэрца вы ня ведаеце!

А ну, пойдзем! На ягоныя жахі, на ягоную душу, на ягонае здароў'е хто хоча паглядзець?

Да сябра яго мы не пойдзем, да швагра яго мы не пойдзем,

Да Гешцінаны* за пастухом пойдзем!" (55)

Дэманы размахваюць рукамі, шукаюць Думузі.

Разяўленыя пашчы зыходзяцца крыкам.

Дэманы да Гешцінаны зьявіліся.

"Дзе брат твой, скажы?" – пытаюцца, а яна маўчыць.

Набліжаецца неба, сплывае зямля, а яна маўчыць. (60)

Зямля набліжаецца, неба ламаецца, а яна маўчыць!

Смалу на ўлоньне вылілі ёй, а яна маўчыць!*

Думузі ў доме Гешцінаны дэманы не знайшлі.

[Малыя] дэманы вя[лікім дэманам] такое кажуць:

"А ну, пойдзем у свяшчэнны загон!" (65)

Знайшлі Думузі ў [свяшчэнным загоне.]

Абкружылі яго,[схап]ілі яго! Адшукалі яго і пабачылі!

На юнака з крыкамі накінуліся, сякерай агромністай на зямлю зрынулі!

Чэрава нажамі распаролі яму, са ўсіх бакоў абкружылі яго!

Сястра за брата [да ахвяраваньня гатовая], [птушкаю вакол брата] кружляе. (70)

"О брат мой! На вялікія пакуты за цябе пайду! Мошкай зьлячу!

.............................................................

Дзева Інана [так вырашае].............. ІІІ

Па прысуду Інаны так сталася. VI

[Дзева Інана] горка рыдае. VII

"Герой мой сышоў, [загублены!] VIII

Як зараз [лёс вырашаць?] IX

Твой тэрмін -- палова году, тваёй сястры -- палова году! X

[Дзень твой] ды прыйдзе, і ў дзень гэты [вернешся!] XI

Дзень тваёй сястры прыйдзе, і ў дзень гэты яна [вернецца!"] XII

Светлая Інана за сваю галаву аддала галаву Думузі! XIII

Светлая Эрэшкігаль! XIV

Добрая песьня ў гонар табе! XV

 

 

ЗАЎВАГІ

Прадстаўляю Вам пераклад шумерскае паэмы канца ІІІ - пачатку ІІ тыс. г. да н. э. невядомага аўтара, "ЗЬ НЯБЁСАЎ ВЯЛІКІХ ДА ВЯЛІКІХ ГЛЫБІНЬ… ". Пераклад быў зроблены з выкарыстаньнем расейскамоўных тэкстаў, зьмешчаных у кн. "Поэзия и проза Древнего Востока", і англамоўнага тэксту "Dumuzi and Gectinana" (Babilonia and Ancient Near Eastern Texts/  http://www.piney.com/Bablndex.html ).

Заўвагі: прадстаўлены тэкст захоўвае агульнапрынятыя нормы пазначэньня спрэчных і недакладных частак квадратнымі дужкамі -- у выпадках, калі дадзены ўчастак страчаны ці прапушчаны, але зьмест яго не выклікае сумневу -- і курсівам, калі правільнасьць перакладу выклікае сумнеў. Разьбіўка вядзецца, як і ў арыгінале, па строках. Заўвагі зробленыя па наступных крыніцах: "Поэзия и проза Древнего Востока". М.,1973г., "Литература Древнего Востока"M.,1962г., Беларуская Энцыклапедыя, т.7, Sumerian Mitology FAQ http://pubpages.unh.edu/`cbsiren/sumer.faq.html#An

 

*3стр. Інана (Інін, Нінана,пазней у Вавілоніі Іштар) – галоўнае жаночае боства шумерскай міталёгіі, багіня ўрадлівасьці, цялеснага каханьня і разладу.

7-13 Храм Эану ва Уруку, Бадцібар і інш – сем галоўных храмаў сямі гарадоў Месапатаміі, якія Інана пакідае адначасова.

14 В.Афанасьевай належыцыь меркаваньне, што, магчыма, сем таемных сілаў ("ме") Інаны зьвязаныя з магічным абрадам апрананьня сямі прадметаў, які даваў ёй гэтыя сілы. Далей Інана страчвае сілы, праходзячы сем варотаў падземнага царства і з'яўляецца перад Эрэшкігаль (гл. заўвагу да стр. 84) аголенаю і бездапаможнай. "Ме" – адно з самых складаных шумерскіх паняцьцяў. Гэта магутныя сілы, якія кіруюць працэсам разьвіцьця сьвету; яны маглі ўвасабляцца ў нейкім прадмеце, захоўваючы пры гэтым свае нябачныя якасьці.

17-19 Эдэн – "пустая зямля", стэп – азначэньне падземнага сьвету."Шугур" – культавая навязь з калосьсяў і гальля, альбо каштоўнага мэталу. "Прывабнасьць ілба" магла быць і навязьзю і прычоскай. Знакі ўладарства й суду (букв.) "лінейка для вымярэньня з лазурыту" і "вяроўка для вымярэньня".

27 Ніншубур дарадца і пасол Інаны (некаторыя дасьледчыкі мяркуюць, што першапачаткова – жаночае боства ці гермафрадыт).

40 Экур горад у Паўднёвай Месапатаміі.Энліль – бог паветра, сын багіні зямлі Кі і бога нябёсаў Ан, стваральнік расьлін і жывёл, бацька бога луны Наны ( Ану), дачкой якога зьяўлялася Інана. Яны двое і Энкі (Эа), бог падземных вод і культавых пабудоў – вярхоўныя боствы шумераў. Пагэтаму пазьней да ўсіх трох зьвяртаюцца як да бацькоў Інаны.

48 Тут больш лягічным было б "Калі Энліль не адгукнецца", але справа ў тым, што ўсе дзеючыя асобы загадзя ведаюць усе падзеі і галоўным для іх зьяўляецца дакладнае выкананьне рытуалу.

49 Эмудкалам – верагодна, свяшчэнная акруга блізу горада Ур, альбо храм у ім. Экішнугаль – храм Наны.

75 Нэці– вартаўнiк падземнага царства.

84 Эрэшкігаль – гаспадыня падземнага царства, сястра Iнаны.

85 Гугальяна – магчыма, адно з імёнаў мужа гаспадыні падземнага царства, бога Нэргала.

117Ганзір – у іншых тэкстах – адна з назваў падземнага царства, у гэтай паэме выкарыстоўваецца як назва ўваходу ў яго, магчыма, атаясамлявалася зь нейкім канкрэтным храмам ці месцам.

216,217Кургар і галатур фантастычныя істоты культу Інаны. Кургар – магчыма, еўнух і блазен; галатур – "маленькі (карлік) - спявак."

224 Прычынау хваробы Эрэшкiгаль, якая нiбы адчувае родавыя пакуты, даследчыкi зьвязваюць са сьмерцю яе сястры Iнаны, якая сiмвалiзавала сабой урадлiвасьць. У акадскай вэрсыi паэмы назiраецца такая сувязь: пасьля сыходу Іштар у падземнае царства, на зямлi спыняецца нараджэньне дзяцей, але пачынаецца ў пекле.

236,237Надзяленьне Словам і Лёсам у шумерскай міталёгіі – абяцаньне вышэйшай узнагароды. Слова тут – магічная субстанцыя кшталту душы.

276"Гала" дэманы падземнага царства, якія ажыцьцяўляюць ягоныя законы.

311Ума – горад на р. Тыгр. Зікгуршага – храм у гэтым горадзе. Шара – невызначаны бог, магчыма, сын і / альбо каханак Інаны.

323Бадцібіра – горад у Паўднёвай Месапатаміі, Эмушкалама – ягоны галоўны храм, бог Лулаль апякун гораду.

333 Хашхургулэдэну – горад у Паўднёвай Месапатаміі, Кулабэ – ягоны галоўны храм, Думузі – муж Інаны, бог жывёлагадоўлі.

"Малыя дэманы…" iснуе як самастойны тэкст, якi разглядаецца даследчыкамi як варыянт асноўнай версii мiфу i змешчаны тут дзеля таго, каб лепей раскрыць iдэю паэмы. Падаецца прыкладна з сярэдзiны – пачатак тэксту распавядае пра ўцёкi Думузi ад дэманаў.

(55) Гешцінана – сястра Думузі.

(60-63) Маецца таксама iншы варыянт перакладу гэтага месца:

…Яны паразiлi яе ўлоньне хваробай скуры, але яна не вымавiла нiводнага слова.

Яны разадралi ёй твар, але яна не вымавiла нiводнага слова,

Яны (…) скуру яе грудзяў , але яна не вымавiла нiводнага слова…

Насычанасьць твору дробнымі дэталямі і паўторамі сьведчыць аб захаваньні аўтарамі народных традыцый (падобныя рэфрэны былі зьвязаныя з рытмамі песень і скокаў), выкарыстоўвалася дзеля выкліканьня ў слухача веры ў магічную моц слова і, безумоўна, дзеля таго, каб як мага ўзмацніць уплыў на эмоцыі слухача. У першых 13-ці строках твору разьвіваецца адна думка -- Iнана сыходзiць у падземнае царства. Гэты прыём дазваляў таксама слухачу лепей запомнiць дзеяньне, а спеваку – настроіцца на песьню. Асаблiвую эмацыйнасьць надае вялiкая колькасьць прамых зваротаў, нярэдка без тлумачэньня, кiм што казалася i каму – што дазволiла даследчыкам дапусьцiць думку, што слухачы ведалi i, магчыма, бачылi, каму належаць словы.

Што ж датычыць уласна паэмы, то мы мусiм разгледзець некалькi аспектаў, якiя патлумачылi б чытачу сэнс твору.

З разьвiцьцём земляробства i жывёлагадоўлi ў шумераў, як i ў шматлiкiх iншых народаў, што праходзiлi гэты этап, шырока распаўсюджваюцца вобразы памiраючых i ўваскрасаючых багоў – у прадстаўленай паэме зьмена пораў году сімвалічна адлюстроўваецца рашэньнем Інаны:

Твой тэрмін – палова году, тваёй сястры – палова году!

[Дзень твой] ды прыйдзе, і ў дзень гэты [вернешся!]

Дзень тваёй сястры прыйдзе, і ў дзень гэты яна [вернецца!"].

Таксама замацоўваюцца характэрныя для суседскай абшчыны сельскагаспадарчыя культы ўрадлiвасьцi з iх эратычнымi абрадамi, якiя сiмвалiзавалi перадачу зямлi полавай патэнцыi чалавека (Iнана нярэдка ў iншых тэкстах мае характарыстыку "нябесная распусьнiца", а жрыцы яе культу ўдзельнiчалi ў абрадах "сьвяшчэнных шлюбаў", як гэта вядома з вавiлонскай традыцыi пакланеньня Iштар) i чалавечымi ахвярапрынашэньнямi – тут вызначым iдэю захаваньня раўнавагi памiж сьветам жывых i сьветам мёртвых: калi памнажаецца сярод жывых, мусiць памножыцца сярод мёртвых. Драматычнасьць шумерскай паэмы ў дадзеным выпадку павялічваецца тым, што заменай Інане становіцца яе муж, а Думузі ад вечнага знаходжаньня ў "краіне без вяртаньня" у сваю чаргу выратоўвае сястра. Інана выступае тут у досыць жорсткім вобразе, які не перашкаджаў, аднак, шумерскім паэтам ствараць своеасаблівыя "плачы" Інаны па мужу.

Дададзім, што, як адбітак абшчыннай культуры першабытнага перыяду, твор выдатна адлюстроўвае характар гэтай культуры – галоўную ролю тут іграе рытуал, а не этычныя палажэньні, уся ягоная ідэя зьвернутая да агульных уяўленьняў аб характары касьмічных і прыродных зьяваў: незваротнасьць зьменаў і непадуладнасьць лёсу ані волі чалавека, ані волі багоў – толькі "падземнага сьвету ўсемагутны законы".

 

Пераклад, заўвагі – Аляксей Бацюкоў.

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil