РАЛЯН ТАПОР

 

"вось ужо тры гады выношваю забойны раман"

"гэта я яго ўпаляваў"

"пайшоў ужо пяты тыдзень..."

 

НА СЬМЕРЦЬ РУШДЗІ


***

Пайшоў ужо пяты тыдзень, як я прымаю ўдзел у тэлегульні "Ведаю, але не скажу".
Цяжкая справа.
Пытаньне, на якое нельга адказваць, наступнае: "Як гучыць дзявочае прозьвішча тваёй маці?" На працягу першага тыдня сьвяцілі мне лямпай у вочы і білі па губах. Нічога ім не сказаў.
На другім тыдні мяне жорстка патурбавалі. Біцьцё па нырках лыжным ботам і таўчэньне па галаве. Маўчаў як магіла.
Трэці тыдзень - электроды. Яйцы пад напружаньнем. Надалей маўчу.
Чацьверты тыдзень - тапілі ў ваньне і прыпалялі цыгаркамі па ўсім целе. Не паддаюся.
Сёньня, чакаючы пачатку праграмы, пачынаю пацець. Няёмка , бо ўласна скончылі мне накладаць макіяж, а тут мусяць пачынаць знову.
Падобна што пяты тыдзень будзе страшны. Псыхічныя катаваньні, пагрозы і шантаж у дачыненьні да каханых асобаў. А калі я прабаўбачуся?
Няма нічога ж кепскага ў выкрываньні дзявочага прозьвішча маці. Няма чаго саромецца.
Так, але ў гэтым і ёсьць сэнс гульні.
На пятым тыдні чалавек пачынае думаць, што ня варта далей маўчаць. Прахінаецца прагненьнем усё распавесьці.
Авалодваю сабой. Мне хопіць сілы вытрымаць яшчэ раз. Бо калі вытрымаю да шостага тыдня - відэамагнітафон будзе мой!



***

Гэта я яго ўпаляваў. Ведаю, што некаторым гэта не спадабаецца. Ужо памеркавалі, што купяць за вызначаную ўзнагароду. Уласна да іх зьвяртаюся з тымі словамі: "Не турбуйцеся, гэта толькі гульня. Ня ў тым справа, каб забіць, а толькі каб прыняць удзел у паляваньні. Наступным разам вам больш пашанцуе. Вяртайцеся дадому".
Я не прафэсіянал. Я толькі звычайны аматар з сур'ёзнымі фінансавымі клопатамі. Падаткі вырасьлі двукротна, банкаўскі рахунак зьзяе прорвай, ня меў ужо чым заплаціць за электрычнасьць, газ, тэлефон...
Аж тут раптам абудзіўся аднойчы раніцай і прыйшла мне ў галаву паражальная думка : калі б забіў Рушдзі, мог бы неяк пратрымацца да канца месяца.
Скрэсьліць чалавечую істоту са сьпіскаў жывых за круглую суму грошаў, ці ж гэта не ў парадку? Я ня веруючы, ня чуў ніколі асаблівай крыўды да пісьменьніка, які выбіўся ў міжнародныя прамысловыя жывёлы.
Дык што ж? Ці існуе нейкая прычына, каб не скарыстацца з шанцу? Досыць мне ўжо сталовак і грамадзкага транспарту. Лятэрэі, таталізатар і гульня на скачках таксама супрацівяцца майму асабістаму пачуцьцю маральнасьці, але ці з гэтай нагоды павінен бы быў не прыняць галоўнай узнагароды?
А колькі мільёнаў мусульманаў прызнаюць мяне героем: Тапор акбар! Рымскі Папа, наколькі вядома не прыгразіў забойцы адлучэньнем ад касьцёла. Камуністы - чарговыя маральныя аўтарытэты нашай плянэты ніколі не інфармавалі, што не пададуць яму рукі.
Што ж датычыцца канцлера Аўстрыі, цяпер магу разьлічваць на ягоную сымпатыю. Карацей, так, як у маіх штодзённых клопатах я чуў сябе самотным і ўсімі пакінутым, так, занураючы рукі ў крыві гэтага асуджанага і кепскага паэты мог бы разьлічваць на прыхільнасьць усяго сьвету.
Вялікая сям'я чалавецтва гатовая прыняць мяне ў сваё ўлоньне. Упершыню сучасьнікі возьмуць на сябе адказнасьць за маю асабістую ганьбу. Што за палёгка! Што за адкупеньне віны!
Дайшоўшы да такога выніку, узяў са стала кухонны нож і пайшоў сабе пагуляць па бульвары.
Паблукаў нейкіх дзесяць хвілінаў і бач! натыкнуўся на сваю ахвяру. Ішоў за тым тыпам аж да бязьлюднага месца, там яго і замачыў. Старанна адцяў галаву, паклаў у пакет і забраў як доказ. Ведаў, што ня будзе так лёгка з атрыманьнем аплаты. Але ж за малюнкі мне таксама плоцяць з прамаруджваньнем.
Прадбачыў, што мне скажуць :
- Але ж гэты тып - бляндын! Гэта ня можа быць Рушдзі. - Добра, пафарбаваў сабе валасы. На яго месцы я таксама б так рабіў.
- А гэта яго пасьведчаньне асобы? Выдадзена на Рабэра Дзюбуа.
- Сапраўдны фальшывы пашпрат, зроблены ў Скотланд Ярдзе. Вядома, што ў Скотланд Ярдзе ўсё могуць.
- Апрача таго, паглядзеце на яго твар, ён мусіў быць малады, шмат маладзейшы ад Рушдзі.
- Уласна таму мае падвойную каштоўнасьць. Я забіў Рушдзі, яшчэ перад тым, як ён напісаў "Сатанінскаія вершы"!
Выцісну зь іх маю ўзнагароду, нягледзячы на іх несумленныя забавы.
Да вырашэньня засталася адна толькі, але вельмі важная праблема: да каго трэба зьвяртацца? У амбасаду Ірану мне ісьці страшнавата...
Але вось, ясна на тэлевізію!
Бо гэта ж тэлевізія падала ўмовы. Пэўна, маюць спэцыяльны аддзел, які займаецца ідэнтыфікацыяй рэшткаў і выплатай узнагародаў. Як пры кожным тэлевізійным конкурсе. А калі яшчэ крыху пашчасьціць, магу дадаткова выйграць відэамагнітафон.
Ка мне, радасьці жыцьця!



***

Вось ужо тры гады выношваю забойны раман.
Дзеяньне яго адбываецца ў Сэвэнах, дзе я ніколі ня быў. Маю ўжо гатовы першы сказ: "Штоночы пры сьвятле месяца прынцэса Амэлія Рошблаў цалкам голая, зь дзікім лямантам, валіць дрэвы моцнымі ўдарамі сякеры".
Гісторыя гэтая апавядае пра дзьвюх сястрычак, кожная зь якіх увасабляе лёс іншай. Ёсьць яшчэ знахар, які займаецца выкліканьнем дарожных здарэньняў. Я ўжо высьвятліў, як ён гэта робіць. Змагаючыся з аўтастрадай, якую пабудавалі насуперак волі жыхароў тутэйшых ваколіцаў, знахар калоў мапу шпількамі. Расчараваўшыся марнымі эфэктамі магічных практыкаў, гэты просты чалавек прымае іншы мэтад: пачынае скідваць на аўтамабілі гранітныя блокі. Рабуе кіроўцаў, а бабкі прагульвае зь дзьвюма сястрычкамі, зь якімім зрэшты мае палавыя кантакты. Што вам буду распавядаць: проста прыўкрасны раман.
Тоўсты раман.
Толькі б яго напісаць.
Але ўласна тут і пачынаюцца праблемы.
Губляю жаданьне.
Ня маю часу.
Напісаньне рамана, такога, як той, які выношваю пад сэрцам, гэта, паводле сьціплых рахункаў, два гады працы. Два гады, і гэта тлькі чыстай працы. Бракуе мне патрэбнага для гэтага запалу.
Надта стары ўжо я на такія штукі.
Так насамрэч цалкам мяне не цікавіць ані Амэлія, ані той здурнелы знахар. Стараўся як мог, але ніяк не змагу атаясаміцца з постацямі гэтага раману. А самі Сэвэны ўжо капаюць у мяне з вушэй. Нічога ня маю да жыхароў Сэвэнаў, мяркую, што яны нават сымпатычныя. Але ці ж павінен я пісаць пра кожнага, хто мне сымпатычны? Гэты раман пажырае маё жыцьцё. Калі пішу апавяданьне, артыкул, калі малюю чарговы малюнак, раблюся проста хворым ад пачуцьця віны. Зьяўляецца перада мной Амэлія Рошблаў, блядая ў бляску месяца, вылупляе на мяне гэтыя свае вялікія вочы крэтынкі і мармыча: "Навошта ты мяне пакінуў? Ужо не кахаеш мяне? Што цяпер са мной будзе? Ці ніколі ўжо ня ўзьнікну?" Выдаўшы жалобны стогн, пачынаю сьпяваць "Бабскае лета" - найбольш прычэплівы і зьбіты кавалак, які ведаю - каб выгнаць са сваёй галавы тую Амэлію.
Здарылася так удала, што адзін з сяброў, якому даверыў мае пакуты, параіў мне СПЛЦ: Сьвядомае Перарваньне Літаратурнай Цяжарнасьці. Даў мне добры і пэўны адрас. Дамовіўся пра тэрмін. Уся працэдура працягвалася ледзьве дваццаць шэсьць хвілінаў.
Вырвалі зь мяне зародак раману. Цяпер адчуваю сябе так добра, што нават магу пра гэта ўжо гаварыць.

Пераклад з польскай Дзьмітрыя Серабракова

 

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil