ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

дыскусія


ФРАГМЭНТЫ №10
№10
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Адам Міцкевіч

КНІГА ЗГОДЫ

 

Істоты маюць свой пачатак перад часам й ня маюць канца. Іх колькасьць незьлічоная.

Час, прастора й лічба — ідэі, уласьцівыя духу, які набывае чалавечае аблічча. Іх няма ў істот, ніжэйшых за чалавека; існаваньне гэтых ідэяў падставова іншае і ў сьвядомасьці істотаў, вышэйшых за чалавека. Творцы й філёзафы, якія лічылі, што дух папярэднічае целу, меркавалі слушна. (Плятон, магамэтанскія й хрысьціянскія містыкі і г.д.) Але дух ня мае аніякага ўсьведамленьня свайго існаваньня й ня верыць у тое, што выйшаў зь нябыту, пакуль ня дойдзе да ўзроўню чалавека. Творцы й філёзафы, якія не маглі ўзгадаць пра сваё існаваньне да нараджэньня, слушна меркавалі, што выйшлі зь нябыту.

Дух, які ўпершыню набывае чалавечае аблічча, памятае, хаця й цьмяна, пра існаваньні папярэднія, ніжэйшыя, несьвядомыя. Ён будзе прыязным да прыроды (металу, зямлі, хмар і г.д.), да расьлін і зьвяроў. З ахвотай будзе займацца імі, як вучоны ці мастак. Але ён ня здолее скласьці аніводнага ўласнага ўяўленьня пра істотаў, вышэйшых за чалавека, пра тых, чые целы невідочныя й няўлоўныя. Такі чалавек абавязкова будзе матар’ялістам. Аднак жа ён ня будзе пазбаўлены магчымасьці існаваньня духоўнага. Часам ён прымае тэорыі, да якіх ня мае аніякае цікавасьці. Ён не вынаходзіць матар’ялістычную тэорыю самастойна. Ён бы дзіця, якое здольнае часам спасьцігнуць надта заблытаную навуковую тэорыю і якога аднак можна ўпэўніць, што яно нарадзілася з расьліны ці было вылаўленае з вады. Да гэтай катэгорыі належаць душы вучоных.

Чым вышэй узносіцца дух, тым больш адухаўляецца форма. Шкарлупінкі маюць цьвёрдую форму, зьвяры атрымоўваюць мяккае цела і пакрываюць яго адзеньнем — поўсьцю, пер’
ем і г.д., якое зьменяюць адпаведна клімату й порам году. Дух, які ўваходзіць у чалавечую сям’ю, без уласных высілкаў атрымоўвае чалавечае цела, але павінен сам навучыцца рабіць сабе адзеньне; яго адзеньне — гэта ягоныя справы. Што да духаў, якія па сьмерці пакідаюць чалавечае цела й уваходзяць у сям’ю вышэйшых істот, дык яны маюць самі стварыць сабе цела. Іхнім абліччам станецца іхняя справа.

Дух, які ўпершыню ўвасабляецца ў чалавечае цела, мае толькі чалавечыя пачуцьці й пазбаўлены памкненьняў да вышэйшых колаў і якой-кольвечы прагі заглыбленьня ва ўнутранае жыцьцё. Такі дух несьвядома выпрацоўвае сабе ўнутранае цела, няўлоўнае й невідочнае, а па сваёй форме найбольш падобнае да натуральнага чалавечага цела. Але яго форма больш дасканалая — сваёй прыгажосьцю яна пераўзыходзіць найлепшыя завершаныя статуі.

Дух, які ўпершыню пакідае (па сьмерці) цела прыроджанае і ў сваім новым абліччы ўваходзіць у краіну духаў, захоўвае ўсе свае зямныя інстынкты і прывязанасьці, як-кольвек ачышчаныя: ён імкнецца жыць з тымі, з кім жыў на зямлі, адчувае голад, мае жаданьні, жарсьці і г.д.

Такі дух як малое дзіця, што жыве сярод чужых людзей. Сярод іх ён шукае духаў сваіх памерлых бацькоў або сяброў. Ён зь цяжкасьцю набліжаецца да вышэйшых духаў, іх прысутнасьць стрымлівае й бянтэжыць яго. Ніжэйшым жа духам да яго набліжацца нельга. Ён жыве, сам пра тое ня ведаючы, пад чуйным наглядам вышэйшых духоўных сілаў, але (як было за
значана) блізкія стасункі мае толькі з тымі духамі, зь якімі быў злучаны ранейшым целам на зямлі, і з жывымі людзьмі.

Такі дух жывіцца з пэўных фізычных выпраменьваньняў, якія сыходзяць ад людзей. Але ж ён занадта слабы й ня можа сам наблізіцца да чалавека, каб “чэрпаць у ім сілы”, — як немаўля, што ня можа самое знайсьці матчыны грудзі. Чалавек мусіць учыніць акт волі, зьвязаны з суперажываньнем, каб такі дух наблізіўся да яго.

Таму малітвы, якія сям’я ўзносіць за сваіх памерлых, праўдзівыя па сваёй сутнасьці незалежна ад іх формы: ахвяры паганьцаў, католікаў і інш., камяні жыдоў. Адносна гэтага Плятон слушна зазначыў, што жывыя ўяўляюцца вельмі патрэбнымі для багоў (душаў памерлых), а містык Бёмэ (Boehme) сказаў, што “духі жывяцца з бліскавіцаў”, з бліскавіцаў пачуцьцяў, якія вырываюцца з душаў жывых, і што “дзеці мусяць жывіць сваіх бацькоў” і г.д.

Дух, які ўпершыню патрапляе ў краіну духаў, застаецца там адно да таго часу, пакуль не набудзе ўсьведамленьня свайго новага існаваньня — надта прыемнае адчуваньне ўзьняцьця на вышэйшы ўзровень і прагу там застацца. Аднак рэдка калі ён можа там застацца, хіба што ён меў бы незьлічоную колькасьць сваякоў сярод духаў і шмат сяброў на зямлі, якія дапамагалі яму пры жыцьці. Я нават ня ведаю, ці здаралася такое калі-небудзь. Зазвычай дух, які адчувае сябе занадта слабым, каб існаваць у таварыстве вышэйшых, прагне вярнуцца на зямлю і ў хуткім часе ізноў нараджаецца ў чалавечай сям’і.

Калі дух злучаецца зь целам, ён пачуваецца бязьмерна прыгаломшаным, занураецца ў стан інэрцыі, распачынае нечувана цяжкую працу, заглыбіўшыся ў яе напоўніцу, ды спрабуе бараніцца ад гвалтоўных уплываў матэрыі. Ён нагадвае чалавека, які кінуўся ў ваду зь вялікай вышыні. Высілкі, якія чалавек робіць, каб плыць і хапаць кавалкі дрэва, каб пасьля зладзіць зь іх плыт, часта адбіраюць у яго усялякую памяць пра мінулае, а калі-нікалі нават пазбаўляюць сьвядомасьці, якая вяртаецца да яго толькі на беразе. Гэта дае хаця й слабое, але усё ж разуменьне працы уцелясьнёнага духа.

Дух, які зьяўляецца на зямлі ў другі раз, розьніцца ад тых духаў, якія яшчэ не аглядалі краіны духоўнай. Ён прыносіць адтуль у сваіх неўсьвядомленых адчуваньнях цьмяны ўспамін, які ў адначасьсе ёсьць нечым накшталт рухаючай сілы. У пэўным сэнсе ён прыносіць адтуль новае ўспрыманьне. Такі дух адчувае агіду да надта спажыўных прадуктаў, да мяса й крыві; прызвычайваецца да іх толькі з часам. Крыху пасталеўшы, пачынае саромецца свайго фізычнага цела й апранацца. Прыроджаная сарамлівасьць — асноўная прыкмета духа, які ўжо пабываў у краіне духоўнай.

У пэрыяд, калі мы жывем, амаль усе людзі пражылі ўжо не адно жыцьцё, бо амаль ва ўсіх ёсьць прыроджаная сарамлівасьць.

Людзі, якія ўжо жылі ў духоўнай краіне, калі робяцца творцамі альбо філёзафамі, прымаюць духоўнасьць за сутнасную адзнаку сваёй навукі. Яны вераць і ўпарта сьцьвярджаюць, што чалавек ад пачатку жыў у раі і быў выгнаны з-за ўласнай правіны. Такім чынам яны ўважаюць асабістыя справы за справы чалавецтва. Тыя, хто стваралі й распаўсюджвалі на зямлі рэлігію й філязофію, заўжды паўставалі зь людзей такога кшталту.

Дух, які ўжо жыў у краіне духоўнай, не парывае сувязяў зь ёю. Духі, якіх ён там бачыў і зь якімі меў стасункі, набліжаюцца да яго, кіруюць ім і даюць рады. Яго абавязак — не разбураць тых стасункаў па добрай волі, і на тое яму дадзеная ўсялякая неабходная моца. Каб выканаць гэты абавязак, яму трэба толькі захоўваць сваю душу ў стане спакою, шчасьця й яснасьці, шукаць усё тое, што дапамагае душы ўвайсьці ў гэты стан і ў ім застацца. Таксама ён мае пазьбягаць усяго таго й адштурхоўваць ад сябе ўсё тое, што замінае яму, што засмучае й вярэдзіць. Гэта значыць усё, што перашкаджае далейшым стасункам са знаёмымі яму духамі. Як зьвер інстынктыўна распазнае (а інстынкт — гэта толькі згустак памяці) тое, што можа стацца спажывай, і тое, што пагражае яго жыцьцю, так і чалавек гэтага ўзроўню мае ўнутраную перасьцярогу пра небясьпекі духоўныя. Каб іх абмінуць, яму трэба толькі прыкласьці адно намаганьне, каб услухацца ў свае інстынкты, і яшчэ адно намаганьне, каб памятаць пра небясьпеку, якое пазьбегнуў.

Але мала хто пастаянны ў гэтых высілках, бо спазнае спакушэньні. Спакушэньне — гэта нішто іншае як прыцягненьне, якое стварэньне ніжэйшае выяўляе да стварэньня вышэйшага. У выніку кожная істота спазнае спакушэньні. Бо ўсе мы ўлучаныя ў сусьвет, і ніжэйшы заўсёды спакушальнік у дачыненьні да вышэйшага.

Чалавек другога ўзроўню (той, хто вярнуўся з краіны духаў) атрымоўвае ўнутраную моцу, якая дазваляе яму выяўляць свае пачуцьці вонкі й прыцягвае да яго істот ніжэйшых, найперш зьвяроў і людзей першага ўзроўню. Людзі, падрыхтаваныя да жыцьця вышэйшага, якіх ужо не задавальняе існаваньне першага ўзроўню, задзіночваюцца вакол гэтых сваіх братоў, у якіх адчуваюць сьвятло жыцьця духоўнага. Абавязак чалавека другога ўзроўню — быць прыкладам жыцьця духоўнага, што можна зрабіць толькі чэрпаючы сілы са стасункаў з духамі. Такі чалавек падобны да настаўніка, які каб выкладаць у школе, мусіць сам вучыцца ў майстроў ці вывучаць іхнія творы. Ён падобны да плыўца, які ня можа ўтрымаць на паверхні вады пацярпелага караблекрушэньне, і колькі б высілкаў ні рабіў — усе яны адно дапамагаюць не патануць самому. Калі чалавек другога ўзроўню дазваляе прывязанасьцям/прыхільнасьцям і жарсьцям людзей першага ўзроўню захапіць яго, калі не прыкладае намаганьняў на тое, каб скарыстаць моцу, прынесеную з вышыняў, — падае, грашыць. Ласьне тут і пачынаецца грэх у поўным сэнсе гэтага слова. Жыцьцё яго стаецца падвойным: ён памятае пра сувязі з духамі з вышыняў, у ім жыве няясная прага аднавіць іх; але ў той жа час ён з прыемнасьцю зноў бачыць сябе ў жыцьці ніжэйшым, у сваёй спаконвечнай айчыне, у сваім мінулым. Але ж яго блізкія з вышыняў не даюць яму супакоіцца ў гэтым прыніжэньні і чакаюць таго моманту, калі ў ім можна будзе абудзіць памяць пра жыцьцё вышэйшае. І часта бывае так, што чалавек, залішне глыбока занураны зноў у сваё мінулае, імкнецца застацца ў ім назаўжды, адхіляе ўплывы з вышыняў і зрэшты адмаўляе іх рэальнасьць. Замуроўвае вокны сваёй вязьніцы, а пасьля адмаўляе існаваньне сьвятла (Сэн-Марцін). Робіцца ліхім, сам правакуе асуджэньне. Але паколькі ён чалавек другога ўзроўню й ужо пакаштаваў жыцьця духоўнага, то ён ня можа абысьціся без ежы духоўнай, і таму вырачаны адчуваць заўсёдны голад, які ня можа спатоліць. Ён зьнішчае сваё цела і зноў вяртаецца ў краіну духаў.

Затое чалавек, які трымае сябе ў нармальным стане, які захоўвае ніці, што злучаюць яго з краінай вышэйшай, атрымоўвае з гэтай краіны словы духоўныя, неабходныя для ягонага жыцьця, і перадае іх братам ніжэйшым. Гэты дарунак, дасланы з вышыняў, завецца ласкай. І такі чалавек здольны перадаваць яе блізкім. Ласка ёсьць дзеяй, празь якую дух вышэйшы ўплывае на духаў ніжэйшых. А таму ўсе творцы й філёзафы, якія верылі, што мець стасункі з духамі — справа карысная, меркавалі слушна.

Дух, які падчас свайго другога жыцьця на зямлі не рабіў высілкаў, адпаведных свайму духоўнаму ўзроўню, і загразнуў зноў у жыцьці ніжэйшым, атрымоўвае, не усьведамляючы гэтага, цела ніжэйшае, выгляд якога вызначаецца праявамі ягонае волі. Празьмерная схільнасьць да задавальненьня свайго голаду, фізычных памкненьняў ды іншых жывёльных патрэбаў разьвівае адпаведныя часткі яго цела анармальна. Бо ён як чалавек другога ўзроўню мае творчую моцу, якая можа ператвараць арганічную прыроду. Дзіця апранае тое, што яму прапануюць, юнак перарабляе атрыманы ад бацькоў строй на свой лад ці набывае новы па сваім гусьце.

Дух ліхі (хворы), які адышоў зь зямлі з ласьне так укшталтаваным унутраным целам, зьяўляецца ў краіне духаў у выглядзе пачвары, напаўчалавека, напаўзьвера, у якога альбо не стае пэўных частак цела, альбо іх зашмат. У краіне духаў яго ўважаюць за спакушальніка й заўжды адштурхоўваюць. Такі дух мае стасункі толькі з вышэйшымі духоўнымі сіламі, якія даюць яму парады. Калі ён слухаецца гэтых парадаў, то зараз жа распачынае скурпулёзную працу па ачышчэньні: вытрымоўвае строгі пост, не прымае аніякай ежы (Hungerkur) і пазбаўляецца ад анармальна разьвітых частак цела, усмоктваючы іх у сябе да таго часу, пакуль не набудзе чалавечы выгляд. Гэта тлумачыць, чаму чалавек, які ўчыніў злачынства, часта нявечыць сам сябе ў запале й чаму лекар нярэдка змушаны адсякаць частку цела, ахопленую гангрэнай. Калі-нікалі роспач штурхае злачынцу альбо хворага да зьнявечаньня ўласнага цела.

Духоўны пост (згрызоты сумленьня), ператварэньне духоўнага цела нечувана цяжкія для духа. Перш чым падпарадкавацца, ён доўга супраціўляецца (для такіх хворых духаў час ужо існуе), працягваючы заставацца пачварай. А між тым ён адчувае патрэбу ў ежы. Духі ж жывяцца з выпраменьваньняў чалавечага цела. А пачварны дух можа набліжацца толькі да людзей свайго кшталту, якія прывабліваюць яго праз акт сваёй волі. Аднак жа людзі, нават закончаныя нягоднікі, пры набліжэньні пачварнага духа адчуваюць унутраныя сутаргі, якія мы завем жахам, падобныя да сутаргаў цела, якому пагражаюць мароз і агонь. Воля чалавека, апанаванага вусьцішшу, сьціскаецца, замыкаецца й такім чынам адступае перад духам-спакушальнікам, які ўзнаўляе свой наступ. Чалавек, страціўшы спакой і увесь час пакутуючы зь невядомае прычыны, пачынае разважаць, адкуль такое ліха. Але зразумець гэта могуць толькі людзі другога ўзроўню. Адчуваньне вусьцішы, якое зьяўляецца падчас спакушэньня, нагадвае ім тое, што зьведалі ў краіне духаў. Аднойчы распазнаўшы/усьвядоміўшы прычыну ліха, чалавек узмацняе […]

 

Пераклад з польскай мовы Сьлінкі Тацяны 

з выданьня Adam Mickiewicz. Dzieła, t.ХIII, Pisma Różne, Warszawa, 1955

 

 

зьмест