ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэма/тэкст


№11
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Сяргей Санько

OFF GRAMMATOLOGY

Постмадэрнізм як апатэёз матэрыялізму



У апошнія некалькі дзесяцігоддзяў адбывалася відавочнае сталенне новай сэміялягічнай парадыгмы [1], якую, паводле прыманага ў ёй базыснага экспланандуму, належыць назваць "тэкставай" [2]. Новая парадыгма была акрэсленая ў другой палове 60-х гадоў мінулага стагоддзя (найперш у працах Ж. Дэрыда, Р. Барта, Ж. Дэлёза, М. Фуко, Ю. Крысцевай і інш.) у васадах паўсталага постструктуралісцкага накірунку думкі і сталася свайго роду рэакцыяй на крызу "культуры Знака" і неапраўданае пашырэнне заснаваных на пэўным чынам інтэрпрэтаваным споцяме знака структуральных і сэміятычных (лінгвістычных) мэтадаў на ўсё поле гуманітарыстыкі [3]. Правакатыўнымі сталіся некаторыя раннія працы У. Эка канца 50-х - пачатку 60-х гадоў, у прыватнасці, "Адкрыты твор" (1962) [4]. Істотнае значэнне для станаўлення новай парадыгмы мела і рэцэпцыя кантынэнтальнай сэміялёгіяй асноўных сэміятычных ідэяў Ч.С.Пірса.

Разрыў з папярэдняй традыцыяй быў настолькі катэгарычным, што Ж. Дэрыда нават палічыў мэтазгодным назваць новаадкрыванае дыскурсыўнае поле адмысловым споцямам "граматалёгія" - "вучэнне аб пісьме" [5]. Апошняе невыпадкова, бо менавіта "пісьмо" ў новай парадыгме стала разглядацца як сапраўдная крыніца як мовы, так і знакавага фэномэна наагул і, больш за тое, як крыніца суб'ектыўнасці і культуры. На думку постструктуралістаў, "пісьмо" ўпершыню на поўную меру выяўляе "знакавасць" знака, вызваляючы яго ад улады азначaнага (дэнатата, рэфэрэнта і г. д.), ад "прысутнасці" (Ж. Дэрыда) або "рэальнасці" (Р. Барт), трансцэндэнтнай знаку як такому. "Пісьмо", разуметае максымальна агульна, не засноўваецца на гутарцы (parole, супрацьпастаўленай, паводле Ф. дэ Сасюра, мове-сістэме, langue) як поду фанэтычнага пісьма і, адпаведна, фона- і лёгацэнтрызму ўсёй заходняй інтэлектуальнай традыцыі. Пісьмо роўнапракаветна стасуецца з іншымі спосабамі азначвання: кінэматаграфічным, харэаграфічным, музычным, мастацкім, скульптурным і г. д, [6], ніводзін з якіх ня можа быць прыняты за першасны, за рэпрэзэнтант "пісьма" як такога. Самое "пісьмо" выступае граматалягічным субстытутам азначвання, хоць апошні споцям таксама актыўна выкарыстоўваецца постструктуралістамі. Яно не рэзультуецца ў "творах" (мэтафара Р. Барта) або "кнігах" (мэтафара Ж. Дэрыда), яго вынікам зьяўляюцца "тэксты" як адкрытае поле несканчанай гульні спараджэння азначальнікаў, гэта "сэрыя рухомых азначальнікаў" (Ж. Дэрыда). "Пісьмо" - гэта прынцып тэкстаспараджэння, тое, што робіць саму "вытворчасць" тэкстаў магчымай [7].

"Пісьмо" не рэгулюецца лёгікай разумення, паколькі яно "па вызначэнні" вызваленае ад прымусовай залежнасці ад значэння, ад сэнсу, яго рэгулятывам зьяўляецца лёгіка мэтаніміі, заснаваная на пераносах, асацыяцыях, узаемашчапленнях і г. д. [8] "Ітэрабільнасць" (магчымасць дакладнага паўтарэння) тэкста не зьяўляецца неабходнай уласцівасцю мовы; словы, фразы, сказы і іншыя дыскурсыўныя адзінкі могуць быць паўтораныя ў зусім іншых кантэкстах, і менавіта гэтая кантэкстуальная залежнасць "незваротна адлучае ўзровень азначальніка ад азначaнага" [9]. А таму і ня існуе нейкага аўтэнтычнага кантэксту, які гарантаваў бы адзіна слушнае разуменне сэнсу. Іначай бы існаваў нейкі прэфарматыўны сэнс, які папярэднічаў бы ў стыхіі "пісьма" тэкстаспараджэнню. Але гэта было б тое самае спанявольнае азначaнае, "прысутнасць", якое, на думку Ж. Дэрыда, скрэмпоўвае чыстую крэатыўнасць "пісьма" і ажыўляе лёгацэнтрычныя вымярэнні сёміёзысу.

Постструктуралісты эксплюатуюць сасюраўскае вызначэнне мовы-сыстэмы як сыстэмы чыстых адрозненняў "без станоўчых споцямаў", якія папярэднічалі б сыстэме [10]. Самыя споцямы зьяўляюцца вынікам сыстэмы і толькі ў яе асадах набываюць сваю значнасць. Дастасаванне ідэі Ч. С. Пірса аб "неабмежаваным сэміёзысе" дынамізавала нутрысыстэмныя дачыненні знакаў. Знакі інтэрпрэтуюцца знакамі, так што азначaным знака аказваецца іншы знак, і так (фармальна) да бясконцасці. "Канчатковы" сэнс мігціць недзе наперадзе як у прынцыпе недасягальная мэта. "У Тэксце... азначaнае бясконца адкладаецца на будучыню." [11], і, тым ня менш, значэнні пэрманэнтна выпрадукоўваюцца ў працэсе інтэрпрэтацыі з сыстэмных значнасцяў знакаў. Гэтыя значэнні функцыянуюць як квазы-сэнсы, ператвараючы знакі ў квазы-сымбалі з нібыта невычэрпнымі сэнсавымі пэрспэктывамі. Адсюль і разуменне тэкста як здзяйснення прынцыпова невыдаляльнай множнасці сэнсу, дзе розныя сэнсы не суіснуюць у прасторы аднаго тэкста, а трансцэндуюцца ім [12], забяспечваючы гэтым самым пэўнае адзінства інтэрпрэтацыйнай стратэгіі.

Там, дзе "азначaнае бясконца адкладаецца на будучыню", дзе не прадугледжваецца існаванне ніякага прэфарматыўнага зместу, там адрозненне можа быць толькі паводле хормы, фармальным адрозненнем. Адсюль падвышаная цікавасць постструктуралістаў ня толкі да (новай) літаратуры, але і да рознага кшталту фармальных сэміётык, такіх як фармальная лёгіка, матэматыка, кібэрнэтыка, сыстэмалёгія і г. д. Асабліва "інтымныя" стасункі ўсталяваліся паміж постструктуралізмам, з аднаго боку, і тэорыяй інфармацыі, паколькі ў вапошняй інфармацыя якраз і разумеецца як мера сыстэмнай разнастайнасці, г.зн. адрозненняў, з другога боку. У даследаваннях з тэорыі інфармацыі вельмі часта цытуецца афарыстычнае вызначэнне інфармацыі, дадзенае вядомым антраполягам, сацыёлягам і кібэрнэтыкам, адным з распрацоўнікаў апошняй, Грэгары Бэйтсанам, а менавіта, што інфармацыя "гэта адрозненне, якое стварае адрозненне" [13]. У такім вызначэнні, бясспрэчна, адбілася рэцэпцыя падставовых ідэяў постструктуралізму, у прыватнасці, Ж. Дэрыда. Ня менш "інтымныя" стасункі склаліся і паміж постструктуралізмам і тэорыяй сама'рганізацыі або "тэорыяй хаосу", паколькі апошняя найперш вывучае сыстэмы ў моцна нераўнаважных станах, анталягічны статус якіх шмат у чым адпавядае статусу знака з адкладзеным азначaным. Далей гэтыя кропкі перасячэння постструктуралізма з найноўшымі навуковымі накірункамі яшчэ будуць абмяркоўвацца.

Тэкст як "у-сабе-бытны" азначальнік суаднесены з іншымі азначальнікамі і вызначаецца імі. Гэтыя іншыя азначальнікі - таксама тэксты са сваёмі парадкамі трансцэндавання прасторы магчымых сэнсаў. "Тэкст чытаецца тэкстам" [14]. Гермэнэўтычны фэномэн разумення тэксту дасягаецца не заглыбленнем у яго сэнс (такога сэнсу ў ім няма па вызначэнні), а як вынік інтэрфэрэнцыі зыходнай і інтэрпрэтуючай тэкставых структураў, якая ўзмацняе адны сэнсавыя канстэляцыі і рэпрэсуе іншыя. Зрэшты, зыходна постструктуралісцкая стратэгія скіраваная ня толькі на вызваленне азначальніка ад азначaнага, але й на рэпрэсаванне сэнсу. Інтэрпрэтацыя, заснаваная на суаднесенасці тэксту як "у-сабе-бытнага" азначальніка з іншымі азначальнікамі, разгортваецца ў бясконцы інтэрпрэтацыйны поступ, "дурную (або адмоўную) бясконцасць", паводле Гегеля [15]. "Неабмежаваны сэміёзыс" у прасторы "пісьма" спараджае ілюзыю інтэрпрэтацыйнага валюнтарызму чытача-інтэрпрэтатара і яго сутворчасці ў спараджэнні тэкста - тэзыс, які звышактыўна эксплюатуецца дэканструктывізмам, у прыватнасці, яго пачынальнікам Ж. Дэрыда. У. Эка угледзіў у гэтым вельмі небяспечную тэндэнцыю, названую ім "гіпэрінтэрпрэтацыяй", і заняў у дачыненні да яе выразную крытычную пазыцыю, насуперак патасу сваіх ранніх твораў [16]. Гіпэрінтэрпрэтацыя аказваецца падманлівай, хвальшывай, ілжывай пэрспэктывай менавіта таму, што сугеруе чытачу ілюзыю свабоды, яго, можа быць, апошняй свабоды ў свеце, апанаваным лёгацэнтрычнымі структурамі "ўлады-веды". Выглядае на тое, што "ня толькі аўтар, але й тэкст ужо ня ў стане кантраляваць усе магчымыя інтэпрэтацыі; тэкст не валодае нічым, інтэрпрэтацыя - усім" [17].

Насамрэч тэкст пакідае мала свабоды як "скрыптару" - генэратару тэксту [18], так і чытачу - яго інтэрпрэтатару [19]. І першы, і другі ні ў якім выпадку ня вольныя ў дачыненні да "тэзаўрусу фрэймаў" свае культуры [20] - прынятых і па традыцыі ўспрынятых спосабаў рэпрэзэнтацыі і інтэрпрэтацыі "стандартных" эґзыстэнцыйных сытуацыяў. Таму ўсякі тэкст поўны яўных і неяўных цытатаў, рэмінэсцэнцыяў, алюзыяў і г. д., "усякі тэкст ёсць абсорбцыяй і трансфармацыяй іншага тэксту" [21], "усякі тэкст - гэта інтэр-тэкст у дачыненні да нейкага іншага тэксту" [22]. А паколькі ў "тэкставай" парадыгме лімінальна ўсякі тэкст зьяўляецца інтэртэкстам усякага іншага тэкста, то прастора "пісьма" здзяйсняецца як сплошнае гіпэртэкставае поле. Нездарма падставовыя ідэі постструктуралісцкіх і постмадэрнісцкіх аўтараў знайшлі рэзананс і падтрымку ў тэарэтыкаў гіпэртэксту і "віртуальнае рэальнасці" [23]. У сваю чаргу, постмадэрнісцкія аўтары ніколі не хавалі свайго захаплення новымі кампутарнымі тэхналёгіямі, асабліва сеткавымі, бачачы ў іх натуральнае поле для дастасавання й "вэрыфікацыі" сваіх тэорыяў. І менавіта "сетка", а не "арганізм" выступае ў "тэкставай" парадыгме мэтафараю тэксту [24]. Іншая папулярная цяпер мэтафара - "павуцінне". І ў вадным, і ў другім разе прастора "пісьма" ўяўляецца ня проста як дэцэнтраваная структура, але і як месца, куды лёгка патрапіць, ды зусім ня проста выблытацца [25]. Відаць, зусім не выпадкова, што якраз тады, калі "тэкставая" парадыгма прыходзіла да свайго самаўсведамлення, у самы "запал" "халоднай вайны", распрацоўваюцца і першыя мадэлі правобразу будучага Інтэрнэт - Arpanet [26].

"Адкладзенае на будучыню азначaнае", вынесенае за небакрай прасторы "пісьма", стварае сваеасаблівы сэнсавы сеткавы вакуўм, які як помпа зацягвае ў свае структуры "адсутнасці". Псыхіятры ўжо адзначаюць спэцыфічны новы сындром "вэбаманіі" (ад англ. web - "павуцінне"), асабліва небяспечны для дзяцей і падлеткаў з яшчэ няўстойлівай сыстэмай каштоўнасцяў і жыццёвых сэнсаў. У "сетцы" "вэбаманы" імкнуцца запоўніць душэўную незапоўненасць або спустошанасць (калі "сёрфэры" больш сталага веку) сурагатнымі квазы-сэнсамі і ананімнай камунікацыяй у "чатах" (ад англ. chat "сяброўская размова, гутарка, балбатня") або па электроннай пошце, хаваючы сваё "Я" і сваё імя за выдуманымі "нікамі" (ад англ. nick "псэўдонім (ілжэімя), познамка, пазначка, падманка", але таксама і "чорт" [27]). І гэта заканамерна, бо тэкст няцерпіць імёнаў уласных, якія кідаюць на яго цень рэфэрэнцыі, тэкст "не называе ніякіх імёнаў, больш за тое - скасоўвае нават тыя, што ўжо названы; ... ніводнае Імя не павінна прыйсці ў галаву: Імя аказваецца раздробленым, рассеяным сярод мноства разнастайных практык, расчлененым на незлічоную колькасць словаў, ніводнае з каторых не зьяўляецца Імем як такім. ... тэкст разбурае самы акт намінацыі, і вось гэтае разбурэнне якраз і родніць яго з асалодай" [28]. Так што, калі ў "знакавай" парадыгме імёны ўласныя ўспрымаліся як "нетыповыя" выпадкі знакаў (Ф. дэ Сасюр), то ў "тэкставай" парадыгме яны становяцца проста незаконнымі. "Пісьмо", у сэнсе Дэрыда, і паўстае, калі ўласныя імёны ператвараюцца ў ня-ўласныя, дэрэфэруючыся [29] ўваходжаннем ў "гульнёвыя" стасункі з рознымі сыстэмамі споцямаў, ідэяў, уяўленняў і г.д. праз алітэрацыі, анаграмы, каламбуры, параніміі, "ненавуковыя" этымалёгіі і да іх падобныя [30]. Дэрыда называе такое мэтадычнае дэрэфэраванне імені лёгікай палеаніміі - прышчапленнем да старых споцямаў новых сэнсаў праз адбочванне, адкладанне іх наяўных зместаў [31].

Перавызначаецца ў гэтай парадыгме і споцям знаку. У ім па-ранейшаму істотныя яго сыстэмныя дыфэрэнцыяльныя характарыстыкі, але значнасць знаку канстытуюецца ўжо ня толькі і ня гэтулькі ў яго дыфэрэнцыяльных судачыненнях з іншымі знакамі сыстэмы, разгляданай у ракурсе яе сынхронных статычных станаў, колькі ў судачыненні з усімі знакамі, з якімі знак можа ўтвараць злучныя дыскурсы, г. зн. - з мноствам магчымых або дапушчальных для гэтага знака тэкстаў, якія ў сваёй сулучнасці вычэрпывалі б яго значэнне. Калі скарыстаць мэтафару У. Эка, то сыстэме ў "знакавай парадыгме" адпавядаў бы "слоўнік", тады як у "тэкставай" - "энцыкляпэдыя", а дакладней было б сказаць - "энцыкляпэдыі". "Энцыкляпэдыя" сваёй "рызаматычнай" дэцэнтраванай структурай проціпастаўляецца дрэвападобнай структуры "слоўніка", які выступае мадэллю мовы як статычнай замкнёнай сыстэмы з гледзішча агульнапрынятае лінгвістыкі [32]. У мове-"слоўніку" сынхронныя дачыненні знаку з іншымі знакамі фіксаваныя й маюць тэндэнцыю да бясконцага трывання (перавага станаў над падзеямі або сынхраніі над дыяхраніяй паводле тэрміналёгіі Ф. дэ Сасюра). У мове-"энцыкляпэдыі", бясконца адчыненай для новых элемэнтаў, значэнне знака заўсёды недавызначана, бо ніколі наяўна ня дадзеная ўся сулучнасць генэруючых яго тэкстаў. Так што розніца "знакавай" і "тэкставай" пэрспэктываў мае прынцыповы, парадыгмальны характар. Апошняе часта застаецца па-за ўвагай даследнікаў і абедзве пэрспэктывы проста атаясамліваюцца або зблытваюцца [33].

Знак у "тэкставай парадыгме" цалкам пазбаўлены якога-колечы ўласнага нутранога вымярэння, яго прынцып - differance - чыстае судачыненне з іншым, якое, у сваю чаргу, таксама не ўяўляе нейкага "пазытыўнага споцяму", а толькі судачыненне з "іншым іншым" і г. д. Так што знак аказваецца бясконцым станаўленнем "іншабыту", чыстым "зне-сябе-бытам", калі скарыстаць геґелеўскую тэрміналёгію. Вызваляючы ў знаку яго патэнцыйную тэкставасць, пісьмо рэпрэсуе ў ім яго адмысловую знакавасць. Аднак геґелеўская тэрміналёгія задае неаўтэнтычную пэрспэктыву ў інтэрпрэтацыі гэтага "іншага", бо, дапасоўваючы да хормы чыстае "вонкавасці" "бытнае" вызначэнне, яна праектуе яго на сфэру "нешта", запускаючы дыялектычны працэс яго бясконцага судачынення з самым сабой і станаўлення "для-сябе-быту" і "сапраўднай бясконцасці" [34]. Такое "іншае" канстытуявалася б як нейкая ідэнтычнасць (самое - "адно"), differance жа ня ёсць ні ідэнтычнасцю ані адрозненнем паміж дзвюма якімі-колечы ідэнтычнасцямі. Як "для-сябе-бытны" знак быў бы самарэфэрэнтным "нешта", а гэта значыць, што ён выступаў бы не як знак, а як сымбаль, разбураючы самы код дыскурсу "тэкста".

Тым ня менш, зразумела, што дачыненне "вонкавасці" збяўляецца транзытыўным, сымэтрычным і (!) рэфлексыўным і таксама вядзе да разгортвання дыялектычнага працэсу станаўлення, але ня ў сфэры "нешта", а ў сфэры "іншага". Гэта магчымасць, якая была праігнараваная Геґелем, ды і не магла быць прынята ў "мэтафізіцы Абсалютнай Ідэі", бо "зне-сябе-бытнасць" магла быць толькі "зне-сябе-бытнасцю" Ідэі. Так Геґель, у прыватнасці, і вызначаў прыроду [35]. Гэта трэці шлях, шлях "нz ёсць", як характаразываў яго Пармэнід, зазначаючы, што ён вядзе да таго, што нельга ні спазнаць ані выказаць [36]. Але на гэта і скіраваныя інтэнцыі дэканструктывістаў.

Differance як працэс ёсць алягічным станаўленнем "іншага" ў сфэры "іншага" і, такім чынам, паводле А. Ф. Лосева , ёсць "мэанальным" станаўленнем або станаўленнем "мэона" [37]. "Мэон ня ёсць ні нейкай якасцю, ні колькасцю, ні хормай, ні дачыненнем, ні быццём, ні ўстойлівасцю ані рухам. Ён ёсць толькі ў дачыненні да ўсяго гэтага, і менавіта іншым ў дачыненні да ўсяго гэтага. Ён ня мае ніякай самастойнай прыроды, ён ёсць толькі момантам "іншага" ў існым, момант адрознення і адметнасці"; "Існае ёсць падстава і апошняе апірышча сэнсавага, рацыянальнага. Мэон ёсць "іншым" сцверджання, "іншым" сэнсу. Мэон ёсць, такім чынам, пачаткам ірацыянальнага". [38]. Мэон выступае як прынцып усякага станаўлення, зьіначвання, множнасці.

Каб унікнуць уплыву той самай "вечнай уласцівасці мовы" выдаваць адзінае і многае за адно і тое ж [39], Платон для такога многага самога па сабе і ніяк неакрэсленага ўвёў складанае абазначэнне "вялікае і малое" (па сутнасці, "вялікае-малое" як прынцып колькаснага параўнання існага, а не як рэальнае дачыненне паміж існымі, як прынцып адрознення [40]). Матывы зразумелыя: 1) "вялікае і малое" ня маюць рэфэрэнтам ніякае пэўнае велічыні і ніякую пэўнае колькасці, а азначаюць проста неакрэсленую множнасць, але якая, тым ня менш, можа прымаць любое акрэсленае значэнне; 2) такім чынам пазбягаецца магчымасць для мовы выказвацца пра тое як пра існасць і мысліць яго як адзінае, а значыць, і як адзінае і многае адначасна [41].

Што менавіта такім шляхам найбольш бяспечна можна падступіцца да няўлоўнага і неспазнаванага "неакрэсленага", Платон кажа ў розных месцах. Вельмі выразна гэтая пазыцыя адстойваецца ў "Тымэі": "Пачатак жа нашых новых прамоваў аб Сусвеце атрымае на гэты раз паўнейшае ад ранейшага адрозненне, бо тады мы адасаблялі два віды, а цяпер давядзецца вылучыць яшчэ і трэці. Раней дастаткова было казаць пра дзве рэчы: па-першае, пра падставовы першавобраз, які мае спасцераганае розумам і саматоеснае быццё, а па-другое, пра перайманне гэтага першавобразу, якое мае нараджэнне і бачнае. У той час мы не вылучалі трэцяга віду, знайшоўшы, што годзе й двух; але цяпер мне здаецца, што самая хада нашых развагаў прымушае нас прасвятліць і гэты від, які цмяны і цяжкі для разумення" [42]. Тут, як вядома, гаворка зайшла пра прастору і матэрыю, якія, прынамсі, Платонам мысліліся як суродныя таму самаму "неакрэсленаму". Далей у Платона ідзе насычанае мэтафорыкай і міталягічнымі вобразамі разважанне, у якім ён, па-сутнасці, упершыню і ўводзіць споцям "матэрыі", якую вобразна называе "гадавальніцай" і "успрыймальніцай" усякага нараджэння [43]. Паўтараць яго тут няма сэнсу, паколькі тое, што ўдалося Платону тут напаўспоцямна выказаць, было дастаткова рафінавана пазнейшай традыцыяй, найперш Арыстотэлем [44].

Адразу трэба зацеміць, што навіна прапанаванага Платонам падыходу была ў тым, што ён намацаў магчымасць максімальна блізка падступіцца да нябыту, якога, паводле вызначэння, быць ня можа, бо разгляданыя ім прастора і матэрыя нібы балансуюць увесь час на мяжы быцця і небыцця, тым ня менш, не пераходзячы яе. Гэта тое апошняе, што яшчэ неяк можа ўхоплівацца розумам, бо сам нябыт - цалкам выходзіць па-за межы ўсякай разумнасці, асэнсаванасці. Значыць, гэтыя "няісныя" нейкім чынам усё ж аказваюцца спрычыненыя да быцця, але так, што самыя ня могуць стаць існасцямі, будучы толькі ўмовамі магчымасці быцця іншых існасцяў. Адсюль і іх характарыстыкі: 1) чыстая патэнцыйнасць, бо актуальнасць уласцівая нечаму, так ці іначай існаму, чыстая ж актуальнасць уласціва адно самой існасці або быццю; 2) чыстае зьіначванне, дзеля якога пра ўсё, што ўзнікае, немагчыма казаць "гэта" і "тое", а толькі "вось гэткае" або "вось гэткае" [45], бо чыстая саматоеснасць ёсць азнакай толькі быцця; дзеля гэтага Арыстотэль і кажа, што матэрыя выяўляецца праз адмаўленне [46], а бясконцасць ёсць пачатак іншага [47]; 3) чыстая множнасць, ніяк не спрычыненая да адзінства; 4) чыстая безгранічнасць, бо ўсякая акрэсленасць у іх азначала б іх актуальную спрычыненасць да быцця, а яны ёсць чыстая патэнцыйнасць; і г. д.

Пры гэтым быццё і "мэон" не павінны разумецца як супрацьлегласці, па-першае, дзеля абсалютна рознага свайго анталягічнага статусу, а па-другое, дзеля таго, што іначай яны павінны былі б мысліцца як супрацьлегласці ў нейкім трэцім субстраце, якога ў гэтай мадэлі прынцыпова быць ня можа. І патэнцыйнасць, і зьіначванне, і множнасць, і безгранічнасць, і ўсё да гэтага падобнае - гэта не прэдыкаты і ня нейкія станоўчыя азначэнні. Яны хутчэй толькі паказнікі на адсутнасць рэальных прэдыкатаў. Таму Платон і казаў, што споцям "матэрыі" атрыманы на шляху, так бы мовіць, "незаконнанароджанай высновы" [48], а ўсёй клясычнай антычнай філязофіяй было прынятае разуменне матэрыі як "пазбаўленасці" [49].

Дэрыда невыпадкова надае шмат увагі аналізу платонаўскага паняцця "прастора-матэрыя" і таму спосабу, якім гэтае паняцце Платонам уводзіцца ў "Тымэі", таму што і змест яго, і спосаб яго ўвядзення вельмі блізкія да асноўнай стратэгіі самаго Дэрыда [50]. Аб матэрыі як стыхіі чыстага станаўлення, таксама як і аб differance нельга казаць на "мове існага", на мове назоўных імёнаў, якія прадугледжваюць наяўнасць рэфэрэнтаў (дэнататаў). І дэканструктывізм (як і наогул постмадэрнізм) легітымізуе "незаконнанароджаныя" хормы дыскурсаў, у прыватнасці, згаданы вышэй мэтад палеаніміі. Да мэтафары маці-матэрыі звяртаецца і Ю. Крысцева ў сваёй працы "Рэвалюцыя ў паэтычнай мове" (1974 г.) і некаторых пазнейшых [51], дапасоўваючы тое да ўзроўню "жаночага" сэміятычнага ў супрацьпастаўленні яго "мужчынскаму" сымьалічнаму роўню рэпрэзэнтацыяў, вобразаў і іншых хормаў поўнай артыкуляцыі мовы. Гэты споцям уяўляецца Крысцевай як няўяўны, невымоўны, неменаваны выток і ўмова магчымасці рэпрэзэнтацыі, азначвання, іменавання. Рэпрэсаваная ў нармальных умовах "сымбалічным" (у тэрміналёгіі Ю. Крысцевай - ласне знакавым [52]), яна, тым ня менш, прарываецца ў дыскурсы, асабліва ў паэтычныя тэксты, дзіцячыя эхалаліі і шызафрэнічныя гласаляліі, і разрывае сынтаксічную злучнасць, уносячы паліфанію і гетэраґеннасць у дачыненні да значэння і самаго азначвання, якія знішчаюць "сэнс з дапамогай бясглуздзіцы й смеху" і даюць "прагаварыцца" часткова ўтаймаваным інстынгтыўным поцягам, успрыманым "як эратычна перажываная асалода" (Ю. Крысцева, Р. Барт). Гэтымі прарывамі вызначаецца значнасць "матэрыяльных" элемэнтаў мовы (рытмаў, гукаў, мэлёдыкі і пад.). Свядомая іх эксплюатацыя (такімі, напрыклад, аўтарамі, як Малармэ, Арто, Джойс і інш.) адыграе тую ж ролю ў легітымізацыі "незаконнанароджаных" дыскурсаў, што і палеанімія ў Дэрыда.

Дэканструктывізм зьявіўся дыялектычным завершаннем пазытывісцка-матэрыялістычнай мэтафізыкі, прадуманай да рэшты ў "сэнсавым" небакраі адпаведнай анталёгіі - анталёгіі "нішто" [53]. У дэканструктывізме матэрыя-differance дасягае свайго самаўсведамлення [54] як сілы чыстай крэатыўнасці, якая ні ў сабе, ні па-за сабой ня мае ніякіх рэгулюючых прынцыпаў, ніякіх граніцаў і межаў, якія, калі і ўзнікаюць, то толькі дзеля таго, каб зноў быць разбуранымі. Такі, напрыклад, капітал, разуметы як "пэўнае грамадскае дачыненне" (К. Маркс). Гэта таксама адзін з дыскурсаў "пісьма" і прытым вызначальны ў "стане постмадэрну" (Ж.-Ф. Ліятар), гэтаксама як і дыскурс "улады-веды". Тое самае датычыць і адпаведных ім сэміётык [55]. І гістарычна яны паўставалі амаль адначасна: накапленне дадатковага прадукту, паўстанне цэнтралізаваных бюракратычных дзяржаваў і вынаходніцтва пісьмовасці як сродку татальнага ўліку і кантролю (У. І. Ленін) і "святая святых" бюракратыі. Постмадэрнізм - гэта завершанне шматтысячагадовае гісторыі "цывілізацыі пісьма" [56].

Зробленая вышэй "дэканструкцыя" падмурковага споцяму дэканструктывізму differance (а, паводле "правілаў гульні", саміх дэканструктараў ня толькі можна, але й трэба пэрманэнтна дэканструяваць, іначай закладзеная ў differance працэсуальнасць цалкам дэзактывуецца ў змярцвелых прадуктах дэканструявання) выявіла сутнасную тоеснасць постструктуралісцкага разумення "пісьма" і антычнага (найперш у платанізме і нэаплатанізме) разумення "матэрыі". Апошняя ўяўляе прынцып чыстага станаўлення, чыстага зьіначвання, да якога недапасоўныя ніякія бытныя характарыстыкі, а значыць і ніякія азначванні. Як адмыслова падкрэслівае Дэрыда, differance - гэта слова-сымулякар, паколькі яно праз прыпадабненне да гучання ў маўленні слова difference толькі нагадвае на яго, самое ім не зьяўляючыся. "Матэрыя" - катэгорыя не онтычная, бо яна ня ёсць ні нейкае існае, ні ўсё існае ў яго сулучнасці, ні тым больш нейкая субстанцыя існага, матэрыял ("тое, з чаго"), але і не анталягічная, бо яна ня ёсць ні быццё (як прынцып бывання існага), ні небыццё. Яна тоіцца на мяжы паміж бытам і нябытам. Гэта той платонаўскі "трэці род", падступіцца да якога можна толькі з дапамогай "незаконнанароджаных" дыскурсаў. Гэта чыстая паверхня без глыбіні, якая, тым ня менш, спараджае разнастайныя павярхнёвыя эфэкты як вынік карэляцыяў паміж рознымі сэрыямі адрозненняў [57]. "Матэрыя" - катэгорыя хутчэй дэзанталягічная або дыерэтычная [58]. Прэфікс дэз- (з лацін. dis-) надае словам, да якіх далучаецца, адмоўнае значэнне або ўзмацняе адмоўнае значэнне слова, паказвае на пазбаўленасць нечага або на падзеленасць, раскладзенасць на часткі, рассеянасць. Гэтае дэз- нібы зараджае існае ўсімі азнакамі "матэрыі-мэона": чыстай адмоўнасцю, пазбаўленасцю-нястачай і чыстай плюральнасцю. Гэта нешта накшталт сэміятычнага апэратара, які пераводзіць любы стан або працэс у яго хаатычны контрадпаведнік. У лацінскай мове dis- перад f пераходзіла ў dif-, якое і спараджае эксплюатаваную дэканструктывізмам сэмантыку differance.

Дэрыда небеспадстаўна супрацьпастаўляе differance рэфэрэнцыі (reference). Сэмантычны апэратар re- надае слову, да якога ён дапасоўваецца значэнне зваротнасці, паўторнасці, узноўленасці, скіраванасці назад, пэрыядычнасці (рэкурэнтнасці), цыклічнасці, узаемнасці (рэцыпракатыўнасці), рэфлексыўнасці і ўзмацняе значэнне зыходнага слова. Ён выражае зварот працэсу або дзеяння ў нейкі стан або лёкус, аднастайны, але не абавязкова тоесны зыходнаму стану або лёкусу, часта зварот у сфэру суб'екта (пачаткова - агента, таго, хто дзейнічае або выказваецца) або накіраванасць дзеяння на самога сябе [59]. Яго дзеянне падобнае да дзеяння геґелеўскага Aufhebung "здымання" з усімі магчымымі ў гэтым выпадку дыялектычнымі наступствамі. У працэсе сэміёзысу толькі re- можа выступаць сапраўдным "утаймавальнікам" dis-, у прыватнасці, задаючы "граніцы інтэрпрэтацыі" тэкста. Хаця абодва апэратары задаюць, як быццам, несумяшчальныя накірункі сэміёзысу.

І re- сапраўды "падпільноўвае" dis- у самым "інтымным" пункце апошняга - у ягоным "нідзе". Дачыненне, задаванае dis- павінна быць абсалютным, а гэта значыць, рэфлексыўным. Калі differance ня будзе таксама і сама'дрозненнем, адрозненнем ад самаго сябе, то ў адрознівальным дачыненні да сябе differance будзе выступаць як саматоеснасць, ідэнтычнасць. Аднак па вызначэнні differance ня ёсць ні ідэнтычнасцю, ні нават адрозненнем паміж ідэнтычнасцямі. Тут рэалізуецца дыялектычны працэс, адпаведны дыялектыцы "для-сябе-быту" ў "Лёгіцы" Геґеля [60], але "без пазытыўных споцямаў", паколькі бытныя характарыстыкі тут якраз нерэлевантныя. І differance можа суадносіцца з сабой толькі як бясконцае ўзнаўленне і рэпрадукаванне differance-дачыненняў, г.зн. насамрэч як redifferance - рэкурэнтнае самаўзнаўленне адрознення [61].

У кляcычнай латыні падобны збег re- і dis- у адным слове быў немагчымы, аднак сучасныя мовы, якія зазналі значны ўплыў лацінскай мовы, такія камбінацыі цалкам дапускаюць, напрыклад, англ. redistribute "пераразмяркоўваць=размяркоўваць па-новаму", rediscover "пера'дкрываць=адкрываць зноў". Але цікава, што і адваротны парадак спалучэння гэтых прэфіксаў таксама ў сучасных мовах дапушчальны: англ. disrelish "агіда < адсутнасць асалоды", disrepair "паломка, кепскі стан нечага", disrepute "кепская слава або рэпутацыя", disrespect "знявага, непашана". Так што цалкам магчымае ў гэтай мадэлі і disreferance "нерэферэнцыя, адсутнасць рэфэрэнцыі". Гэтае слова мае падвойнае значэнне: модус адсутнасці ("адкладзенасці", "адтэрмінаванасці") самой рэфэрэнцыі і рэфэрэнцыя да нейкага бытнага ў модусе яго адсутнасці. Абодва моманты, відавочна, істотныя для differance-дыялектыкі дэканструктывізму.

Такім чынам, выяўляецца інтэрімплікатыўная структура адмаўлення-сцверджання: DISREFERANCE і REDIFFERANCE. Фармальна тут выражаецца адмаўленне рэфэрэнцыі і пэрманэнтнае ўзнаўленне differance, што паслядоўна і распрацоўваеца постструктуралізмам. З гэтага фармальнага гледзішча мы атрымліваем дакладнае дыялектычнае вызначэнне сымулякра: "Сымулякр - гэта сыстэма, у якой адрознае стасуецца з адрозным праз само адрозненне" [62]. Яго сутнасць - REDIFFERANCE, "вечнае вяртанне" непадобнага, адрознага. Ж. Дэлёз вельмі дасціпна распрацоўвае гэтую анталёгію differance. Там, дзе існае зьяўляецца сымулякрам, там быццё выступае як "вечнае вяртанне". "Вечнае вяртанне - ня вынік уздзеяння Тоеснага на свет, які стаў падобным, ня вонкавы парадак, навязаны сусветнаму хаосу; на'адварот, вечнае вяртанне - нутраная тоеснасць свету і хаосу, Хаосмас", гэта сам хаос - "унікальны фантазм [сымуляцыя.- С.С.] усіх сымулякраў" [63]. Сутнасць хаосу - DISREFERANCE, нестасаванасць ні з чым як умова магчымасці самога дастасавання. Сымулякр інтэрпрэтуецца Дэлёзам як "воля да ўлады" сцвярджаць дывэрґенцыю і дэцэнтрацыю ў гэтым самасцвярджальным хаосе.

Аднак трэба памятаць, што сымулякр - гэта "ілжывы прэтэндэнт" на тое, што не ўласціва яму паводле яго "паходжання" [64] і найперш таму, што ў сымулякра ня можа быць свайго "паходжання", ґенэалёгіі, гісторыі. Яго грунт - неўгрунтаванасць, ён сам "паглынае ўсе падставы, выклікаючы ўсеагульны крах, - але крах як радасную і пазытыўную падзею, як нейкую без-грунтоўнасць" і сам засноўвае на месцы "аседлых" герархіяў і дыстрыбуцыяў рэпрэзэнтацыі "намадычныя" дыстрыбуцыі анархіі [65]. Сымулякр ня мае радзімы.

Вышэй ужо было адзначана, што постструктуралізм знаходзіцца ў даволі шчыльных стасунках з "тэорыяй хаосу" як храналягічных, так і парадыгмальных. У тэорыі дынамічных сыстэмаў эвалюцыя сыстэмы апісваецца мноствам траекторыяў фазавае прасторы. Калі сыстэма эвалюцыянуе блізу стану свае раўнавагі (каля кропкавага атрактару) або змены ў яе паводзінах маюць пэрыядычны характар (пэрыядычны атрактар), то яна можа апісвацца цалкам дэтэрміністычным чынам і яе будучае развіццё вызначаецца яе "паходжаннем" - пачатковымі ўмовамі. Аднак каля так званых "дзіўных атрактараў" паводзіны сыстэмы стаюць моцна нестабільнымі, фазавыя траекторыі разыходзяцца экспанэнцыйна, сыстэма дасягае кропкі "біфуркацыі" і, прайшоўшы праз сэрыю такіх біфуркацыяў, дасягае хаатычнага стану, калі яе далейшае развіццё ўжо ніяк не вызначаецца яе папярэднімі станамі. Усякая памяць пра "паходжанне" цалкам сціраецца. Гэты момант у эвалюцыі сыстэмы якраз адпавядае таму, што Дэлёз называе сымулякрам.

Праўда, І. Прыгожын яшчэ спадзяецца, што існуе нейкая вузкая сцяжына, крочыўшы на якую можна пазбегнуць як абсалютнага дэтэрмінізму, так і абсалютнага індэтэрмінізму, які робіць любыя спробы рацыянальнага апісання дэзанталягічнай рэальнасці проста немагчымымі. І знаходзіць яе ў стваранай ім з калегамі тэорыі дынамічнага хаосу як той мовы, на якой магчымы новы "дыялог чалавека і прыроды" [66]. Але, захоплены вынікамі, атрыманымі для адносна простых мадэльных выпадкаў, унівэрсалізуе іх зусім не бездакорна, на што звяртаецца ўвага даследнікаў [67], часам робячы двухсэнсавыя цверджанні. Так, напрыклад, маючы на ўвазе развіццё новай сынэргетычнай парадыгмы ў навуцы, ён сцвярджае, што апошняя ўжо не зводзіцца ні да матэрыялізму, ні да дэтэрмінізму, ні рэдукцыянізму [68] Але, з іншага боку, І. Прыгожын лічыць, што ""хаос" і "матэрыя" - паняцці, шчыльна ўзаемазвязаныя, паколькі дынамічны хаос ляжыць у подзе ўсіх навук, што займаюцца вывучэннем той або іншай актыўнасці рэчыва, пачынаючы з фізычнай хіміі", што "хаос і матэрыя ўступаюць ува ўзаемасувязь яшчэ і на касмалягічным узроўні, бо сам працес набыцця матэрыяй фізычнага быцця, згодна з сучасным уяўленнем, звязаны з хаосам і няўстойлівасцю", і што "страла часу", якая прадугледжваецца няўстойлівасцю квантавага вакуўму, зьяўляецца істотным момантам у вызначэннях матэрыі [69]. У прыведзеных развагах, відавочна, зблытваюцца рэчыўны і нярэчыўны модусы матэрыі, мяркуецца, што рэчыўны модус зьяўляецца вынікам уласцівых нярэчыўнаму модусу хаосу і няўстойлівасці, што апошнія ўласцівыя абодвум модусам, а значыць - і матэрыі як такой. "Філязофія нестабільнасці" - гэта ўсё ж маністычная філязофія (існаванне апрычонай пазапрыроднай сфэры суб'ектыўнасці як падставы чалавечага досведу і, у прыватнасці, досведу незваротнага часу адмаўляецца) і менавіта - матэрыялістычная філязофія.

Ж. Дэлёз больш дасціпны ў сваіх вызначэннях і ў апэраванні "лёгікай сымулякра". Ён таксама імкнецца "дэзавуяваць" гістарычна паўсталае яшчэ ў антычнасці паняцце матэрыі як таго, што магло б дыскрэдытаваць ўсякія дыскурсы "пост" дзеля яго субстанцыялісцкіх канатацыяў і нэгатыўных асацыяцыяў,што звязаныя ім у эўрапейскай культуры. І, скарыстоўваючы з канвэнцыйнасці сувязі азначальніка і азначaнага, робіць відавочную пэрвэрсыю, падмену паняццяў у васадах "асноўнага пытання філязофіі": паняцці "ідэі" і "матэрыі" ў Дэлёза па сутнасці мяняюць пазыцыі сваіх азначальнікаў. Але так патрабуюць "правілы гульні", бо, як вышэй было адзначана, матэрыя - гэта сымулякр, "ілжывы прэтэндэнт". І яна абраджаецца ў вопратку [70] Ідэі, якая Дэлёзам характарызуецца: іманэнтнай множнасцю; нязводзімасцю да "Аднолькавага" і да саматоеснасці паняцця; праблематычнасцю; віртуальнасцю; дыфэрэнцыяцыяй (вызначанасцю віртуальнага зместу); суіснаваннем дыфэрэнцыяльных сувязяў; адкрытасцю да дыфэрэнсыяцыяў (актуалізацыяў свае віртуальнасці ў розных часткавых рэалізацыях) і да г.п. [71] - усімі тымі азнакамі, якія антычнасцю прыпісваліся "матэрыі"-"мэон". На долю ж "матэрыі" ў трактоўцы Дэлёза застаецца тое, што традыцыйна адносілася да полюсу "ідэальнага". Яна, як прынцып "голага паўтору" - паўтору аднолькавага, тагасамага - аказваецца грунтом, на якім здзяйсняецца саматоеснасць паняцця (рэкурэнтнасць як под усеагульнай значнасці насамрэч ляжыць у падваліне навуковай рацыянальнасці і паняцця аб'ектыўнасці). Тут Дэлёз адным ходам шыхтуе ў адзін шэраг і рацыяналізм, і субстанцыялізм, і суб'ектывізм эўрапейскай філязафічнае традыцыі, бо кодам усіх іх аказваецца такім чынам інтэрпрэтаваная "матэрыя".

Але ў гэтым і палягае галоўная постмадэрнісцкая стратэгія - не перакульваць адносна перадзададзенай аксыялягічнай восі (ісціна і ілжа тут таксама аксыялягічныя "меры") полюсы бінарнай апазыцыі, захоўваючы саму падлежную структуру, бо гэтая працэдура са структуралісцкага струмантара, а разгойдаць, расхістаць самі полюсы апазыцыі аж да іх поўнай дэлякалізацыі, "вагізацыі" [72], дэцэнтралізацыі. Паслядоўнае пільнаванне такой стратэгіі вяло б поструктулізм да выпрацоўкі адменаў "квантавых" дыскурсаў [73]. У такіх дыскурсах можна казаць не пра структуру, утвараную пэўна адрозненымі адно ад аднаго полюсамі, а хутчэй пра дынамічную супэрпазыцыю, калі - у бінарнай сытуацыі, у прыватнасці, - стан аднаго полюсу - гэта "ён сам" + "яго іншае". Такая супэрпазыцыя характарызавалася б або "функцыяй прыналежнасці" (як у тэорыі "размытых мностваў" Задэ), або "функцыяй стану" (як у квантавай тэорыі). Паслядоўная постструктуралісцкая ўстаноўка рэалізоўвалася б як дыскурс "некаґерэнтнай супэрпазыцыі" несаматоесных віртуальных станаў.

Але ў вагульным выпадку гэтага не адбываецца, паколькі постструктуралізм - гэта ўсё ж ідэалёгія вытрывання ў апазыцыі да рознага кшталту "цэнтрызмаў" эўрапейскай традыцыі: "пісьмо" ў апазыцыі да фона- і лёгацэнтрызму, "рызома" ў апазыцыі да "дрэва", "намадызм" у апазыцыі да "аселасці", "паталёгія" ў апазыцыі да "нормы", "гарызанталь" у апазыцыі да "вэртыкалі" і г. д. Тут дарэчы прыгадаць закід Дэлёза на адрас Класоўскі: "...мы бачылі, як часта адмоўныя і вылучныя дызьюнкцыі ўсё ж існуюць у творчасці Класоўскі: паміж абменам і паўторам; паміж мовай, якая прыхаваная целам, або прывялебным целам, сфармаваным моваю; і нарэшце, паміж Боскім парадкам і парадкам Антыхрыста. Але менавіта ў парадку Бога - і толькі ў ім - дызьюнкцыя мае адмоўнае значэнне вынятку. І менавіта на другім баку - ў парадку Антыхрыста - дызьюнкцыя (адрозненне, разыходжанне, дэцэнтрацыя) як такая становіцца сцвярджальнай і сцверджанай сілай" [74]. Гэты закід захоўвае сваю моц у дачыненні да ўсіх прадстаўнікоў постструктуралізму, у тым ліку і да самаго Дэлёза. І яго творчы, і жыццёвы лёс [75] паказваюць, наколькі цяжка і невыносна выстойваць у "сценю" Бафамэта [76], які, як вядома, не адкідае сценю. "Для таго, хто абраў гэтакую стратэгію, пагроза знікнення ў масцы невыдаляльная. З большай верагоднасцю можна было меркаваць, што надыдзе такі момант у маскаваным дзеянні, калі знікне адлегласць, што аддзяляе свядомасць маскі ад самой маскі і там, дзе было рахоўнае выкананне стратэгічнага плану, акажацца... маска, за якой няма твару" [77]. Маска бяз твару - гэта ўсё тая ж паверхня без глыбіні.

М. Фуко, заўсёды менш схільны гуляць у маскі, зрабіўшы маскай саму "кінічную" праўдзівасць (бо, відаць, нішто не выклікае большага недаверу, чым проста выказаная праўда), не пераймаючыся характарызуе пазыцыю Дэлёза як "матэрыялістычную", у якой матэрыя бярэцца як такая, як чыстая "матэрыяльнасць бясцелых рэчаў" - фантазмаў, ідалаў і сымулякраў. Гэта "матэрыялізм", які прасвятляе шлях пошуку "сынгулярнага зыгзагу" эпікурэйскай і матэрыялістычнай сэрыяў. "Мёртвы Бог і садомія - вось зыходныя пункты новага мэтафізычнага эліпсысу" [78].

Апошняе - неабходная ўмова звядзення апошніх рахункаў з платанізмам, а менавіта так фармулюецца надзённая задача сучаснай філязофіі. І платанізм трэба ня проста пераўтварыць або нізрынуць, яго трэба вычварыць, пэрвэртаваць, г.зн. "далучыцца да злой упіклівасці сафістаў, брутальнасці кінікаў, аргумэнтацыі стоікаў і летуценным бачнасцям Эпікура", "дакапацца да яго найдрабнейшых дэталяў, спусціцца (дзякуючы натуральнаму поцягу гумару) аж да каранёў яго валасоў, да бруду пад пазногцямі - да тых рэчаў, якія ніколі не асвятляліся ідэяй..." [79]. Але гэтага мала. "Грэх" вычварэння павінен быць абсалютным настолькі, наколькі абсалютна Платон рэпрэзэнтуе стыхію дамінавання "Бацькі" - стыхію ўсіх рэпрэзэнтацыяў. Эдыпава "разгадка", канечне, кажучы словамі Дэлёза, дыфэрэнсыюе - актуалізуе віртуальныя дыфэрэнцыялы, іначай кажучы, вершыць лёсы, але як мэханічная непазбежнасць. Абсалютны "грэх" мусіць быць актам чыстай спантаннасці і "волі да ўлады". І "антыэдыпава" рашэнне Дэлёза - не "забойства бацькі" (нізрынанне платанізму), а садамічная сувязь з ім (вычварэнне платанізму), "Платон" у постаці падпарадкавання. Абсалютнасць жа вычварэння тут палягае ў яго траістай (множнай) інцэстуальна-гомасэксуальна-нэкрафілічнай дыфэрэнцыі. "Якаста" (маці-матэрыя) выведзеная з гульні нэгатыўнага вылучальнага дыфэрэнцыявання, з "парадку Бога". Фэміністкам такі апошні чын "фаллёгацэнтрызму" яўна зьімпанаваў, хоць - як мужчынскі чын - ён і можа выклікаць у іх пэўны недавер (як у Доны Гэрэвэй) [80].

Як яшчэ гэтыя "маленькія", "апошнія", "дэмакратычныя" чалавечкі маглі б адпомсціць арыстакрату Платону (а гісторыя філязофіі, паводле М. Фуко, пачынаецца з Арыстотэля [81] - "разначынца" з паходжання). І, кажучы словамі Заратустры Ніцшэ (ня менш за Платона вычваранага "паслядоўцамі"), "далібог, трэба быць морам, каб успрыняць у сябе ўвесь гэты бруд і нават не замуціцца!" Але, што праўда, слушнае і адваротнае: трэба быць сапраўдным балотам, каб засмоктваць у сябе чысцюткія крыніцы і ані не асветліцца. Твань - блявоціна чорта - сумесь цвёрдай зямлі і цечнай вады, ідэальная мадэль Хаосму як пачатку і канца ўсіх шызафрэнічных дыскурсаў, замяшаных на аральна-анальна-генітальнай фізыялёгіі. Але нам, тутэйшым, не прывыкаць жыць сярод твані...

OFF GRAMATOLOGY!


Зацемы

1 У наш час усталявалася практыка сынанімічнага ўжывання споцямаў "сэміётыка" (уведзены Дж. Локам і папулярызаваны Ч. С. Пірсам) і "сэміялёгія" (уведзены Ф. дэ Сасюрам) з яўнай перавагай, аддаванай першаму. Аднак я ў гэтым тэксце буду паслядоўна пільнавацца змястоўнага адрознення паміж імі ў адпаведнасці з канцэпцыяй У. Эка (Эко У. Отсутствующая структура. Введение в семиологию. СПб., 1998. С. 385-390.) і прымаць, што сэміялёгія накіраваная на вывучэнне фэномэну азначвання як гэткага, тады як рэалізацыі функцыяў азначвання ў канкрэтных знакавых сыстэмах будуць разглядацца як спакмяні (subjects) канкрэтных сэміётык, як напрыклад, сэміётыкі кіно, тэкста, моды, тэатра, кулінарыі і г. д.

2 Апроч "тэкставай" я вылучаю яшчэ тры парадыгмы - "міталягічную", "сымбалічную" і "знакавую", якія будуць абмяркоўвацца ў кампаратыўна-кантрастыўным ключы ў іншым месцы.

3 Найман Е. А. "СЦЕНА ПИСЬМА" И "МЕТАМОРФОЗА ИСТИНЫ": Ж. Деррида - Ж. Делез // Интенциональность и текстуальность.- Томск: Водолей, 1998.- С. 205.

4 Усманова А. Р. Умберто Эко: парадоксы интерпретации. - Мн.: "Пропилеи", 2000. - С. 129-143.

5 Derrida J. De la grammatologie.- Paris: Editions de Minuit, 1967.- P. 15-21, рус. перакл.: Деррида Ж. Конец книги и начало письма // Интенциональность и текстуальность.- Томск: Водолей, 1998.- С. 218-224. Р. Барт працягваў карыстацца тэрмінам "семіялогія", адно падкрэсліўшы лінгвістычную перспектыву ў падыходзе да знакавага феномена: Барт Р. Основы семиологии // Структурализм: "за" и "против". Сб. ст. М., 1975. С. 114-163.

6 Деррида Ж. Конец книги и начало письма // Интенциональность и текстуальность.- Томск: Водолей, 1998.- С. 222.

7 Lechte J. Fifty key contemporary thinkers: From structuralism to postmodernity. - London-New York: Routledge, 1994. - P. 108.

8 Барт Р. От произведения к тексту // Избранные работы: Семиотика. Поэтикнорьт67а. - М., 1989.- С. 416-417.

9 Lechte J. Fifty key contemporary thinkers: From structuralism to postmodernity. P. 109.

10 Saussure F. de. Course in General Linguistics/Trans. W. Baskin with an introd. by J. Culler.- Glasgow: Fontana/Collins, 1974.- P. 120.

11 Барт Р. От произведения к тексту. С. 416. Постструктуралісты следам за Ж. Дэрыда свядома абыгрывааюць сэнсавыя адценні лацінскага дзеяслова differo - "адкладаць, адтэрміноўваць", "адсутнічаць", "выдаляць, выцясняць", "адрозніваць" -, ад якога утвораны францускае difference і ангельскае difference "адрозненне". І ў сваёй сулучнасці ўсе гэтыя сэнсы характарызуюць спэцыфіку разумення сэміёзысу ў "тэкставай" парадыгме.

12 Барт Р. От произведения к тексту. С. 417-418. Праўда, Барт звязвае гэтую квазы-сэнсавую глыбіню з апрычонай "сымбалічнасцю" тэкста: "Тэкст цалкам сымбалічны; твор, зразуметы, успрыняты і прыняты ўва ўсёй поўні сваёй сымбалічнай прыроды, - гэта і ёсць тэкст." (Тамсама. С. 417), хоць якраз адкладзенасць азначaнага на неакрэсленую будучыню ператварае твор як тэкст у квазы-сымбалічную структуру - парадаксальную "сыстэму бяз мэты і бяз цэнтру" (С. 417).

13 Bateson G. Steps to an Ecology of Mind.- Chandler Publishing, 1972.

14 Параўн. у М. К. Мамардашвілі: "... калі існуе такі фэномэн, як асоба (у вадрозненне ад рэчы), то мы павінны прыпусціць, што гэты фэномэн і звязаная з ім філязафічная культура маюць нейкі бясконца адчынены код. Не замкнёны, складзены з канечнай (як заўгодна вялікай) колькасці элемэнтаў, а адчынены. І гэта важна, бо культуры, якія маюць такі адчынены код, выконваюць нейкі анталягічны закон, які можна сфармуляваць так: тэкст (а, дарэчы, код ёсць анталагічным тэкстам свядомасці), усякі тэкст можа чытацца толькі тэкстам" (Феноменология и ее роль в современной философии Материалы "круглого стола") // Вопросы философии.- 1988.- № 12.- С. 56.

15 Гегель Г. В. Ф. Сочинения. Т. І. Энциклопедия философских наук. Ч. 1. Логика/Пер. Б. Столпнера под ред. А. Деборина и Н. Карева; Вступ. ст. А. Деборина; изд. 3-е.- М.-Л.: Госиздат, 1930.- С. 160.

16 Eco U. The Limits of Interpretation.- Bloomington: Indiana University Press, 1990.- 295 pp.; Усманова А. Р. Умберто Эко: парадоксы интерпретации. С. 144-162.

17 Усманова А. Р. Умберто Эко: парадоксы интерпретации.. С. 144.
18Не "аўтару", бо "аўтар" арыентаваны на стварэння "твора", гл.: Барт Р. Смерть автора // Избранные работы: Семиотика. Поэтика. - М., 1989.- С. 384-391.

19 Р. Барт заўважае: "Так, сяння я цалкам магу выбраць для сябе тое або іншае пісьмо...; але рэч жа тая, што я ня здольны заставацца вольным і надалей, бо спакваля ператвараюся ў палоннага чужых або нават сваіх уласных слоў" (Барт Р. Нулевая ступень письма // Семиотика.- М.: Радуга, 1983.- С. 313.

20 Санько С. Культура як тэзаўрус фрэймаў // Штудыі з кагнітыўнай і кантрастыўнай культуралогіі.- Мн.: БГАКЦ, 1998.- С. 7-20.

21 Kristeva J. Word, Dialogue, and Novel // Desire and Language/Ed. L. S. Roudiez, trans. T. Gora et al.- New York: Columbia University Press, 1980. P. 66.

22 Барт Р. От произведения к тексту. С. 418. Гл. таксама: Barthes R. Theory of the Text // Untying The Text/Ed. R. Young.- London: Routledge, 1981.- P. 39.

23 Гл., напрыклад: Frisse M. E. From Text to Hypertext // Byte.- 1988.- Vol.13- No. 10.- P. 247-253; Landow G. P., Delany P. Hypertext, Hypermedia, and Literary Studies: The State of the Art // Hypermedia and Literary Studies/Delany P., Landow G. P., eds.- Cambridge: The Massachusetts Institute of Technology Press, 1991.- P. 3-50; Landow G. P. Hypertext 2.0: The Convergence of Contemporary Critical Theory and Technology/2nd ed.- (Parallax: Re-Visions of Culture and Society/S. G. Nichols, G. Prince, W. Steiner, Series Eds.).- Baltimore: Johns Hopkins University Press, 1997.- 384 pp.

24 Барт Р. От произведения к тексту. С. 419.

25 Параўн.: Барт Р. Нулевая ступень письма. С. 313 (цытавана вышэй). Таксама: Санько С. Тень "Большого Паука" // Компьютерные Вести.- 2001.- № 9.- С. 13; Бэнуа Ален дэ. Час сеціва // http://www.geocities.com/piarospar/ net.html (1997).

26 Brand S. Founding Father // Wired.- 2001.- Vol. 9.- № 3 на сайце: http://www.wired.com/wired/archive/9.03/baran.html

Hauben M. History of ARPANET (Behind the Net - The untold history of the ARPANET Or - The "Open" History of the ARPANET/Internet) // http://www.dei.isep.ipp.pt/docs/arpa.html.

27 Параўн. у Р. Барта: "Тэкст супрацьстаіць твору сваёй множнасцю, шатанскай [курсіў мой.- С. С.] тэкстурай, што можа пацягнуць за сабой глыбокія перамены ў чытанні..." (Барт Р. От произведения к тексту. С. 418.

28 Барт Р. Удовольствие от текста // Избранные работы: Семиотика. Поэтика. - М., 1989.- С. 498-499.

29 Тут ужытае вытворнае ад фармальна слушнага, але ня існага насамрэч дзеяслова derefer "спыняць, здымаць рэфэраванне, аднясенне, адсылку да нечага".

30 Lechte J. Fifty key contemporary thinkers: From structuralism to postmodernity. P. 109; Гурко Е. Тексты деконструкции. Деррида Ж. Differаnсе.— Томск: “Водолей”, 1999.— С. 156—158.

31 Гурко Е. Тексты деконструкции. Деррида Ж. Differаnсе. С. 20—21.

32 Eco U. Semiotics and the Philosophy of Language.— London: The Macmillan Press, 1984.— P. 46 і далей, гл. таксама: Усманова А. Р. Умберто Эко: парадоксы интерпретации.. С. 118—120.

33 Прыкладам такога пераблытвання перспектыў з'яўляецца параўнальнае даследаванне Б. Г. Нурджыева філасофіі М. Гайдэгера і Ж. Дэрыда, што адбілася і ў самой назве працы: Нуржанов Б. Г. Бытие как текст. Философия в эпоху знака (Хайдеггер и Деррида) // Историко-философский ежегодник. 1992.— М.: Наука, 1994.— С. 166—181.

34 Гегель Г. В. Ф. Сочинения. Т. І. Энциклопедия философских наук. Ч. 1. Логика. С. 160—170.

35 Гегель. Сочинения. Т. ІІ. Философия природы.— М.—Л.: Госиздат, 1934. С. 34, 41, 42 і далей.

36 Фрагменты ранних греческих философов. Ч. І. От эпических теокосмогоний до возникновения атомистики.— М., 1989.— С. 287.

37 Катэгарыяльнае адрозненне “нябыту” і “нішто” ўпершыню паслядоўна, відаць, правёў Платон. Форма першага выражае непасрэднае, аб'ектыўнае, фактычнае адмаўленне і, у прыватнасці, выкарыстоўваецца з дзеясловамі абвеснага ладу, тады як форма другога выражае адмаўленне нечага больш суб'ектыўнага, умоўнага, таго, што мяркуецца як існае: Вейсман А. Д. Греческо-русский словарь (репринт V-го издания 1899 г.).— М.: Греко-латинский кабинет Ю. А. Шичалина, 1991.— С. 909. Следам за Платонам гэтае “неакрэсленае” належыць мысліць гэтак жа чыста, як і быццё само па сабе. Зрэшты, гэтае ўдакладненне мела вялікае значэнне ў пасляплатонаўскі перыяд, і ўжо Арыстотэль адрозніваў столькі відаў няіснага, колькі ён вылучыў відаў самога існага (Аристотель. Сочинения в четырех томах. Т. 1.—М.: Мысль, 1976.— С. 354—355).

38 Лосев А. Ф. Философия имени // Из ранних произведений. С. 43.

39 Як робяць, паводле Парменіда, тыя “двухгаловыя”, для каторых “быць і не быць лічыцца за тое самае і не за тое самае і для ўсяго ёсць супроцьскіраваны шлях”: Фрагменты ранних греческих философов. Ч. І. От эпических теокосмогоний до возникновения атомистики.— М., 1989.— С. 288.

40 “…поскольку Большое и Малое, естественно, соотносят себя не с Единым, но прежде всего с различием”: Делёз Ж. Различие и повторение. СПб., 1998.— С. 45.

41 Нам падаецца, што ў гэтым пункце заўзятая крытыка Платона Арыстотэлем (Аристотель. Сочинения в четырех томах. Т. 1. С. 350—356 і інш.) усё ж не дасягае мэты, бо даволі часта грунтуецца на шматзначнасці слоў, а не на адзінстве паняцця.

42 Платон. Собрание сочинений в 4 т. Т. 3.— М.: Мысль, 1994.— С. 451.

43 Платон. Собрание сочинений. Т. 3. С. 452.

44 Розныя інтэрпрэтацыі гэтага паняцця абмяркоўваюцца ў працы: Бородай Т. Ю. О двух трактовках материи в античном платонизме // Античность как тип культуры.— М.: Наука, 1988.— С. 112—132. Платонава разуменне PfD"-“прасторы” дэталёва разглядаецца ў працы: Бородай Т. Ю. Семантика слова chora у Платона // Вопросы классической филологии. VIII. Разыскания (Dzetemata).— М.: Издательство Московского университета, 1984.— С. 58—73. Гл. таксама: Санько С. Штудыі з кагнітыўнай і кантрастыўнай культуралёгіі. С. 39—59, 97, 129—177.

45 Платон. Собрание сочинений. Т. 3. С. 452—453.

46 Аристотель. Сочинения в четырех томах. Т. 1. С. 269.

47 Аристотель. Сочинения в четырех томах. Т. 3. С. 110—111.

48 Платон. Собрание сочинений. Т. 3. С. 455.

49 Напрыклад: Аристотель. Сочинения в четырех томах. Т. 3. С. 80—81.

50 Деррида Ж. Эссе об имени /Пер. с фр. Н. А. Шматко.— СПб.: Алетейя, 1998.— 190 с. (Адзін з трох эсе зборніка называецца “Khora” і спецыяльна прысвечаны аналізу гэтага паняцця філасофіі Платона.)

51 Kristeva J. Revolution in Poetic Language /Trans. M. Waller.— New York: Columbia University Press, 1974; Кристева Ю. От одной идентичности к другой // От Я к Другому: Сб. пер. по проблемам интерсубъективности, коммуникации, диалога /Науч. ред. А. А. Михайлов; составл. Т. В. Щитцова. — Мн.: “Менск”, 1997. — С. 256—275.

52 Ю. Крысцева тут працягвае тэрміналагічную традыцыю, якая ўзыходзіць да Ч. С. Пірса, паводле якога, сімвал — гэта і ёсць канвенцыйны знак. Тады сфера семіятычнага наогул — гэта сфера азначвання з паслабленай або знятай канвенцыйнасцю. Відавочна, што наша тэрміналогія значна адрозніваецца ад той, што прынята ў пірсіянскай традыцыі, але і не з'яўляецца яе люстэркавым адбіткам.

53 Аркадьев М. Креативное время, “археписьмо” и опыт Ничто // http:// yankos.chat.ru/gum.html#BM1. Спробу дэперсаналізацыі такога досведу Нішто можна бачыць у назве нядаўняй кнігі А. Акудовіча “Мяне няма: роздумы на руінах чалавека” (Мн.: БГАКЦ, 1998.).

54 Цікава, што гэтае самаўсведамленне замацоўваецца і знакава ў часта ўжываным тэрміне “семіятычны матэрыялізм”, гл, напрыклад: Dennett D. C. Consciousness Explained.— Boston: Little Brown & Co., 1991.— P. 415—16; Caton L. The Romantic Imagination and the Postmodern Novel: Three Scenes from Don DeLillo's White Noise // http://www.auburn.edu/~catonlf/DELILLO.html

Lodge D. Nice Work.— London: Penguin, 1993.— P. 609; Hoffmeyer J. Semiotic Emergence // http://www.molbio.ku.dk/MolBioPages/abk/PersonalPages/Jesper/SemioEmergence.html

Harland R. Superstructuralism: The Philosophy of Structuralism and Post-Structuralism.— 1987.— P. 146—54; Seung T. K. Structuralism and Hermeneutics.— 1982.— P. 256—57.

55 Параўн., у прыватнасці, характэрную назву адной з ранніх (1972 г.) прац Ж. Бадрыяра “Да крытыкі палітычнай эканоміі знака” (Baudrillard J. For a Critique of the Political Economy of the Sign /Trans. C. Levin.— St. Louis: Telos Press, 1981.). Гл. таксама: Бодрийяр Ж. Система вещей /Пер. с фр. С. Зенкина.— М.: Рудомино, 1995.— 174 с.; Бодрийяр Ж. Символический обмен и смерть / Пер., вступ. ст. С. Н. Зенкина.— М.: Добросвет, 2000.— 387 с.

56 В. А. Кутырев, відаць, мае рацыю, прапануючы называць гэтую завяршальную стадыю не “постмадэрнізмам”, а “гіпермадэрнізмам” (Кутырев В. А. Пост-пред-гипер-контр-модернизм: концы и начала // Вопросы философии.— 1998.— № 5.— С. 135—143.), аднак сам ён не схільны звязваць яго паўстанне з тыпалагічнымі рысамі “пісьмовай культуры” як такой (С. 137). Натуральным вынікам и працягам развіцця мадэрнізму лічыць постмадэрнізм і А. Гідэнс: Гидденс А. Постмодерн // Философия истории.— М., 1994.

57 Делёз Ж. Логика смысла: Пер. с фр. — Фуко М. Theatrum philosophicum: Пер. с фр. — М.: Раритет, Екатеринбург: Деловая книга, 1998. — 480 с.

58 Ад лацін. diaeresis “раскладанне на часткі”, якое ад ст.-грэч. “раскладанне, падзел на часткі, разборка, адрозненне”.

59 Паходжанне і семантыку гэтага рэферэнцыйнага фарманта ў індаеўрапейскіх мовах дэталёва прааналізаваў Ю. С. Сцяпанаў: Степанов Ю. С. Латинский преверб re- и медиапассивное –r. К вопросу о происхождении индоевропейского медиопассива // Известия АН СССР. Сер. лит. и яз.— 1987.— Т. 46.— № 4; Степанов Ю. С. Индоевропейское предложение.— М.: Наука, 1989.— С. 92—105.

60 Гегель Г. В. Ф. Сочинения. Т. І. Энциклопедия философских наук. Ч. 1. Логика. С. 164—170.

61 Характэрная ў гэтым стасунку назва першай буйной працы Ж. Дэлёза “Différence et répétition” — “Адрозненне і паўтор”. Гэтая пара ў цяперашнюю эпоху мае заступіць месца ранейшай пары “тоеснага” і “рэпрэзентацыі”.

62 Делёз Ж. Различие и повторение /Пер. с фр. Н. Б. Маньковской, Э. П. Юровской; под ред. Н. Б. Маньковской.— СПб.: ТОО ТК “Петрополис”, 1998.— С. 333 і інш.

63 Тамсама. С. 357. Таксама: Делёз Ж. Логика смысла: Пер. с фр. — Фуко М. Theatrum philosophicum: Пер. с фр. — М.: Раритет, Екатеринбург: Деловая книга, 1998. — С. 342, 344—345.

64 Делёз Ж. Логика смысла. С. 329—342.

65 Тамсама. С. 342; Делёз Ж. Различие и повторение. С. 333.

66 Пригожин И., Стенгерс И. Время, хаос, квант. К решению парадокса времени /Пер. с англ. Ю. А. Данилова.— М.: Эдиториал УРСС, 2000.— 240 с.

67 Гл., напрыклад: Интервью с С. П. Курдюмовым // Вопросы философии.— 1991.— № 6.— С. 53—57.

68 Пригожин И. Философия нестабильности // Вопросы философии.— 1991.— № 6.— С. 47.

69 Пригожин И., Стенгерс И. Время, хаос, квант. К решению парадокса времени.

70 “Абраджаны” і “аголены”, паводле Дэлёза, — два контрвызначэнні “паўтора”, адпаведна, сапраўднага або “духоўнага” і “матэрыяльнага”.

71 Делёз Ж. Различие и повторение.

72 Ад лац. vagus “вандроўны, блукавы, качавы, нетрывалы, хісткі, зменлівы, беспарадкавы, расплывісты, няпэўны” (англ. vague “няясны, няпэўны, невызначны, рассеяны і г. д.”)

73 Як прыклад, гл.: French S., Krause D. Quantum Objects are Vague Objects // Sorites. 1996. No. 6. P. 21—33.

74 Делёз Ж. Логика смысла. С. 388.

75 Ж. Дэлёз скончыў жыццё самагубствам, выкінуўшыся 4 лістапада 1995 г. з вакна сваёй парыжскай кватэры, не вытрываўшы чарговага прыступу болю, выкліканага даўняй хваробай лёгкіх.

Тут дарэчы прыгадаць, наколькі тэма дыхання была істотнай для філасофіі Дэлёза: дыханні — чыстыя інтэнсіўнасці, якія ўлучаюць у сябе няроўнае і адрознае і ўсе з'яўляюцца маніфестацыямі кожнай з іх і г. д. (Делёз Ж. Логика смысла. С. 388 і інш.). 

Дыханні ўтвараюць под “сістэмы Бафамета”. У “Хістачы Фуко” адмысловец з кабалістыкі Дыяталеві параўновае крэатыўны чын Бога з неспакойным працэсам яго дыхання, што Белбо трактуе на свой манер як “Вялікую Астму Бога” (Eco U. Wahadło Foucaulta. W-wa, 1993. S. 223.), але крэатыўнасць ёсць адхіленне ад нормы (хвароба) толькі ў сістэме Бога, у сістэме “Антыхрыста” — гэта норма як сімулякр.

76 “Le Baphomet” — назва аднаго з твораў П. Класоўскі.

77 Подорога В. А. Мир без сознания (Проблема телесности в философии Ф. Ницше) // Проблема сознания в современной западной философии: Критика некоторых концепций. М., 1989. С. 32.

78 Делёз Ж. Логика смысла. — Фуко М. Theatrum philosophicum. — М., 1998. — С. 445—447.

79 Тамсама. С. 444.

80 Braidotti R. Discontinuous Becomings: Deleuze on the Becoming-woman of Philosophy // Journal of the British Society for Phenomenology. 1993. Vol. 24. No.1. P. 44—55; Nomadic Philosopher: A Conversation with Rosi Braidotti (Utrecht, The Netherlands, August 1995 with Kathleen O'Grady) // Women's Education des femmes. 1996. Vol. 12. No. 1. Р. 35—39; Haraway D. A Cyborg Manifesto: Science, Technology, and Socialist-Feminism in the Late Twentieth Century // Simians, Cyborgs and Women: The Reinvention of Nature. New York; Routledge, 1991. P. 149—181.

  

зьмест