ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

даль-агляды


ФРАГМЭНТЫ №3
№3
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Ї

(№ 8, 1996;  № 9, 1997)

 

Восьмы нумар львоўскага незалежнага культуралягiчнага часопiса цалкам прысьвечаны асэнсаваньню складаных i супярэчлiвых украiнска-габрайскiх дачыненьняў. Тая сукупнасьць праблемаў, што паўстае перад украiнскiмi iнтэлектуаламi ў гэтым кантэксьце, большай часткай супадае i зь беларуска-габрайскiм праблемным полем, i таму добра нам знаёмая. Некалi бальшыня эўрапейскага габрайства жыла на тэрыторыi Рэчы Паспалiтай — пераважна на Ўкраiне i ў Беларусi. Гiстарычны лёс гэтых народаў у нечым вельмi падобны: кожны зь iх пэўнага часу страцiў сваю дзяржаўнасьць, i рознымi спосабамi дамагаўся яе аднаўленьня. Але i ўкраiнцы й беларусы жылi на сваёй зямлi, у той час як габраi былi расьсеяныя ў выгнаньнi. Заўсёды iснавала пэўная мяжа памiж „габрайствам i чалавецтвам” (М. Бубэр), для эўрапейцаў габраi былi „дзiўным народцам” (Э. Рэнан), да якога немагчыма ставiцца аб’ектыўна. Яны былi й ёсьць iнакшымi й iншымi, а гэта бянтэжыць i выклiкае цiкаўнасьць. Разуменьне гэтай „iншасьцi” ёсьць першай умовай прасьвятленьня таго кола пытаньняў, што ўзьнiкаюць у гэтым разглядзе.

„Яшчэ адзiн аспэкт, што, безумоўна, патрабуе асэнсаваньня. Часта мы трактуем габраяў як гасьцей на нашай зямлi, як чужынцаў. Але гiсторыя габраяў у гэтай частцы Ўсходняй Эўропы налiчвае ўжо тысячу гадоў. Калi тысячу гадоў жывеш тут, дык цябе ўжо годзе трактаваць госьцем. А кiм тады?” — гэта цытата з рэдакцыйнага артыкула; i ўсё гэта збольшага актуальна й для нас. Як i сама праблема назвы народу, зь якiм „мы” жывем поруч тысячу гадоў: жыды, габраi, яўрэi. Рэдакцыя часопiса аддала перавагу акадэмiчнай лексэме „гебреї„, каб унiкнуць пабочных эфэктаў абмеркаваньня гэтага пытаньня.

 

Гэты нумар „Ї” адразу выклiкаў у мяне аналёгii з „жыдоўскiмi нумарамi” „Нашай Нiвы”. Ёсьць нейкая лучнасьць на ўзроўнi духу, патасу, пэўнай магii дыскурсу памiж гэтымi культурнымi фэномэнамi. Першая беларуская газэта з рысункамi была заснаваная й адноўленая ў Вiльнi, якую ўжо неаднаразова параўноўвалi з Львовам. Але калi гэта „нашанiўства”, дык „нашанiўства” на вельмi высокiм узроўнi. У Беларусi дагэтуль усё мысьленьне адбываецца досыць сынкрэтычна. Няма выразнай спэцыялiзацыi, дыфэрэнцыяцыi й разгалiнаванасьцi дыскурсаў. На Ўкраiне, дзе iснуе некалькi культуралягiчных, фiлязафiчных, сацыялягiчных часопiсаў, такой праблемы фактычна няма. Адылi, праблема Беларусi ёсьць барзьдзей фiнансавай, i моцна залежыць ад разьвiцьця палiтычнай сытуацыi.

 

Але iснуе шэраг уласна ўкраiнскiх складанасьцяў у дачыненьнях з габраямi, ад якiх (нашчасьце? нажаль? а цi сапраўды?) пазбаўленая беларуская гiстарычная й культурная сьвядомасьць. Прыкладам, у нас зусiм не гучыць тэма „беларускага антысэмiтызму” альбо абвiнавачаньне ў „антыбеларускiх настроях жыдоўскага насельнiцтва”, хоць, калi пашукаць, можна знайсьцi для гэтага ўсе падставы. (Будзем уважаць гэта за калектыўнае несьвядомае.) На Ўкраiне гэтая дыскусiя разгортваецца досыць шырока. Гэтай праблеме прысьвечаны тэкст Мiраслава Марыновiча „Ўкраiнска-габрайскiя дачыненьнi ў сьвятле канфлiкталёгii” i два гiстарычныя нарысы: Яраслава Грыцака „Ўкраiнцы ў антыгабрайскiх акцыях у гады другой сусьветнай вайны” i Тараса Андрусяка „Украiнска-жыдоўская перадвыбарчая каалiцыя 1907-га году”. Фактычна, да гэтай жа тэмы прымыкаюць артыкулы Ўладзiмера (Зеева) Жабацiнскага, аднаго зь лiдэраў i заснавальнiкаў сыянiзму, якi быў iнiцыятарам стварэньня габрайскай жандармэрыi пры войску УНР.

 

Большая частка зьмешчаных у часопiсе тэкстаў — пераклады габрайскiх мысьляроў i пiсьменьнiкаў — закранаюць праблематыку, амаль „унiвэрсальную” для ўсяе Эўропы. У артыкуле Ёсэфа Мележа-Марджаеўскага „Тысячагадовая несумяшчальнасьць” выкрываюцца шмат якiя ўжо традыцыйныя для культуралёгii iлюзii наконт гэльленiзму як эпохi сынтэзу антычнай i старагабрайскай культураў. Тэкст прафэсара Шмуэля Ноаха Айзэнштата „Габрайская гiсторыя як гiсторыя габрайскiх цывiлiзацыяў”, што зьяўляецца ўступам да цэлай кнiгi, прысьвечанай гэтай праблеме, абгрунтоўвае дамэтнасьць цывiлiзацыйнага падыходу да вывучэньня габрайскага гiстарычнага досьведу.

Вельмi iстотнай ёсьць нiзка тэкстаў на тэму канцэпцыi „абранасьцi” i зьвязаных зь ёй маральных i этычных праблемаў. Прыкладам, iзраiльскi культуроляг В. Росман параўноўвае кiтайскi й габрайскi тыпы „абранасьцi”. Але найцiкавейшай, вiдаць, ёсьць праца Тадэвуша Жыхевiча „Богаабраны народ?”, што разгортваецца як малiтва, пасьля як спрэчка, а часам як гандляваньне з Богам.

 

„Цывiлiзацыя чаканьня” Тараса Возьняка — гэта эсхаталягiчны тэкст пра перадпарогавы эсхаталягiна-чакальны характар гэльлена-юдэа-хрысьцiянскай цывiлiзацыi, якi ёсьць, мусiць, найбольш амбiтным (без адзiнага адмоўнага адценьня) тэкстам гэтага нумару.

 

Апроч уласна культуралягiчных i фiлязафiчных тэкстаў, у „Ї” зьмешчаны, як звычайна, выдатныя пераклады зь Ёзэфа Бродзкага, Осiпа Мандэльштама, Франца Кафкi, Паўля Цэляна, Аляксандра Вернiка. Дарэчы, наколькi я ведаю, усе спробы перакласьцi Бродзкага й Мандэльштама на беларускую пакуль што сканчалiся няўдачна.

..........

Асноўная тэма дзявятага нумару „Ї”, якi пераўзыходзiць паводле памеру ўсе папярэднiя, фармулюецца так: „Сярэдняя Эўропа. Аўстрыя пасьля Аўстрыi”. Колькасьць бачынаў (176) згадваецца тут не бяз дай прычыны, бо ладна ўплывае ўвогуле на яго ўспрыймо. Адразу ж заўважаюцца дзьве iстотныя рысы гэтага нумару, што могуць у нечым зьмянiць „гiсторыю” часопiсу.

Па-першае, лiтаратура рэзка пачала ледзь не пераважаць над уласна культуралёгiяй. Пераклады Райнэра Марыi Рыльке, Ґеорґа Тракля, Робэрта Музiля, Паўля Цэляна, Бруна Шульца, Фрыца Рытэра фон Гэрцманоўскага-Арлянда, Розы Аўслендэр, Гэльмута Айзэндле, Анджэя Браўна, Аляксандра Рода Рода, Штэфана Цвайґа займаюць амаль палову яго абыйма.

Па-другое, адбылося адыйсьцё (барзьдзей за ўсё часовае) ад тэматычнага прынцыпу структураваньня выданьня да, калi гэтак можна сказаць, „прадстаўнiчага”. Фактычна, пад адным дахам суiснуюць прынамсi дзьве тэмы, i сувязь памiж iмi часта досыць умоўная. Першая, заманiфэставаная на вокладцы, сумяшчаецца з другой, якую можна акрэсьлiць перакладамi Марцiна Гайдэґера („Мова”) й Ганса Ґеорґа Ґадамэра („Паэзiя й пунктуацыя”) ды лiтаратураведнiцкiмi тэкстамi Iвана Лучука, Iвана Сэнатаровiча, Тараса Лучука й iнш. Назваць яе можна прыкладна так: „Фiлязафiчная паэтыка й лiтаратураведа”.

На асноведзi вышэйпамянёных дыскурсыўных падзеяў галоўная тэма гэтага нумару апынаецца ўжо ў меншынi.

 

У краiнах Сярэдняй Эўропы другая сусьветная вайна толькi цяпер наблiжаецца да канца. Ёсьць вялiкая рызыка, што ў Беларусi гэты стан закансэрвуецца на яшчэ большы тэрмiн. Разам з заканчэньнем гэтай вайны зруйнавалiся штучныя межы, вызначаныя сфэрамi ўплыву так званых звышдзяржаваў. Шмат хто разглядае цяперашняе ажыўленьне дыскусiяў пра гэты арэал як вынiк пэўнага вяртаньня ў „перадваенны сьвет”.

Сярэдняя Эўропа — гэта твор, якi ствараецца цяпер, гэта мадэрны праект, якi шукае свайго зьдзяйсьненьня ў постмадэрнiстычных умовах. Гэта твор, што ствараецца сярэднеэўрапейскай лiтаратурай, якая пiшацца цяпер па ўсёй плянэце, палiтычнымi балтыцка-чарнаморскiмi „змовамi” i акурат тымi дыскусiямi, што разгортваюцца вакол гэтага спакмяня.

Адылi, гаворка пра Сярэднюю Эўропу нiколi не ўнiкае спакусы яе гiстарычнай і праз гэта геаграфiчнай ідэнтыфікацыі. (У iншых умовах такое памкненьне ёсьць натуральным і абгрунтаваным.) Безумоўна, большай часткай гiстарычныя штудыі гэтага поля ёсьць спробай знайсьцi пэўныя „культурныя архетыпы”, што злучаюць Другую Эўропу ў нейкую цэласьць. Але, з другога боку, заўсёды існуе небясьпека, што гэта робіцца для спрашчэньня разуменьня і ўвядзеньня новых штучных межаў (маўляў, вось мапа, на ёй пазначаны сярэднеэўрапейскiя краiны, усё засталае — Захад i Ўсход).

Адну з магчымасьцяў гэткага гiстарычнага й геаграфiчнага судапасаваньня стварае тэарызацыя т.зв. постаўстрыйскай культурна-палiтычнай прасторы. З вышэйменаванай прычыны такая пастаноўка пытаньня ёсьць досыць рызыкоўнай справай. Цi ўнiкае гэтых пастак той дыскурс, што разгортваецца на бачынах „Ї”? Даць адназначную адповедзь на гэта няпроста, бо, з аднаго боку, нельга сказаць нешта „праўдзiвае” пра ўсе зьмешчаныя працы адначасна. Зь iншага боку, для мяне сумнеўна, што ў падобнай дыскусii iх увогуле магчыма пазьбегнуць. Сумнеўна, што iмпэрыя ў якiм-любя выглядзе (постімпэрыя, вiртуальная iмпэрыя) можа быць формай iснаваньня Сярэдняе Эўропы.

 

Несумнеўна цiкавы тэкст — інтэрвію з Ота фон Габсбургам пад загалоўкам „Украiна таксама належыць да Сярэдняй Эўропы”. Гэты чалавек — старэйшы сын апошняга імпэратара Аўстра-Вугорскай манархіі — у 1961-м годзе зрокся ад тытулу манарха й пасаду, быў абраны прэзыдэнтам Панэўрапейскага Хаўрусу, а ў 1991-м годзе дэпутатам Эўрапейскага парляманту, дзе працуе й дагэтуль.

Галiчына ёсьць вiдавочным злучвом памiж пост-Аўстрыяй i Ўкраінай. Гэта той топас, дзе фактычна й пачалася Ўкраіна й ейная нацыянальная ідэя. Праз гэта можна было б радыкалiзаваць дыскусiю пра лучнасьць усёй украiнскай культуры зь сярэднеэўрапейскiм арэалам. Адылі, толькі некалькi досыць „памяркоўных” артыкулаў прысьвечаны гэтай тэме: „Амнэзія й гіпэртрафія міту Галічыны” Івана Галавэрсы, „Пра адну спробу лацiнiзацыi ўкраінскага пісьма” Віктара Майсэенкі, вышэйзгаданая гутарка, i пэўным чынам яе закранае тэкст Тараса Возьняка „Прасторава-часавы лёкус міталягемы Ерусаліму”. Ад гэтай рубрыкi мысьленьня ад „Ї” можна было б чакаць i большага. (Гэта часткова кампэнсуецца 1-м нумарам, якi выйшаў у1995-годзе, „неабвешчанай” тэмай якога было de facto „галічанства”. Да таго ж, украiнскiя інтэлектуалы часта вельмi неахвотна ўлучаюцца ў падобныя спрэчкi, што нiбыта пагражаюць цэласьцi краiны. І пэўныя падставы ў гэтых страхаў такi ёсьць.)

Шэраг тэкстаў, зьмешчаных у гэтым нумары, закранаюць праблематыку ўласна Аўстрыi i судапасаваньня яе зь Сярэдняй або Заходняй Эўропай: „Аўстрыя ў Эўропе, або наколькi заходняй ёсьць другая рэспубліка” Кляўса Леґевi, „Маўленьне й спазнаньне сьвету” Гэльмута Айзэндле й iнш.

 

Сярэднеэўрапейскiя гарады — гэта вельмі ўнiкальныя й непаўторныя культурныя зьявы, якiя, не зважаючы на ўсе адрозьненьнi, маюць нейкую лучнасьць памiж сабой. Варта адзначыць тэксты Розы Аўслендэр „Успамiны пра адно места”, Кшыштафа Чыжэўскага „Забытая мэтраполiя на памежжы манархii Габсбургаў”, Анджэя Вiнцэнза „Кракаў — места сярэдзiннае” (дарэчы, адзiны тэкст, дзе згадваецца Беларусь) i „Шматмоўная Швайцарыя — мадэль для Эўропы?” Урса Альтэрмата, якiя прысьвечаны разгляду якраз гэтых сярэднеэўрапейскiх „прасторава-часавых лёкусаў”.

Апрача пералiчаных вышэй працаў сярэднеэўрапейскую тэматыку ўздымаюць артыкулы Антаніна Ліема, Эдґара Марына, Вацлава Чыгака, Славамiра Вятра i Эргарда Бусэка.

Такiм парадкам, не зважаючы на ўзглядныя хiбы, дзявяты нумар „Ї” атрымаўся цiкавым i зьмястоўным.

 

 М.Б.

 

зьмест