ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

другая эўропа


ФРАГМЭНТЫ №3
№3
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Даніла Кіш (1935 — 1989)

 

Даніла Кіш, сэрбскі паэт і празаік, нарадзіўся ў Субоціцы. Памёр у Парыжы, пахаваны, паводле ўласнае волі, у Бялградзе, дзе дасюль застаецца кумірам маладых незалежных пісьменьнікаў. Сваю творчасьць прысьвяціў ахвярам дзьвюх таталітарных сыстэмаў: сталінізму і гітлерызму. У 1962 годзе ён выдаў дзьве першыя аповесьці: „Мансарда” і „Псальм 44”. Аповесьць „Сад, попел” (1965) была прысьвечаная бацьку пісьменьніка, які загінуў у Асьвенцыме. Яна распачала так званы сямейны цыкль, у які ўвайшлі том апавяданьняў „Раньнія смуткі” (1969), аповесьць „Клепсыдра” (1972), а таксама тэлевізыйная п’еса „Ноч і імгла”. Свае тэарэтычныя пагляды ў форме эсэ, інтэрвію і крытычных артыкулаў Кіш апублікаваў у тамох „Па-этыкa I”(1972) і „Па-этыка II” (1974). Том апавяданьняў „Грабніца для Барыса Давыдавіча” з падзагалоўкам „сем разьдзелаў супольнай гісторыі”(1976), які ўяўляе сабой род Борхесавай „дакумэнтальнай фікцыі”, выклікаў у Югаславіі войструю палеміку, асабліва што да права пісьменьніка вольна цытаваць і пазычаць творы ды ўспаміны іншых асобаў. Кіш прыняў выклік кансэрватыўнай, традыцыянальна настроенай часткі серадовішча бялградзкіх пісьменьнікаў (дзе пасьлей знайшоў мейсца т.зв. нацыянал-камунізм); на „скандальную афэру” ён адказаў бліскучай кнігай „Лекцыя анатоміі” (1978), якая сьведчыць пра ягонае валоданьне тэмай, палемічна-крытычны запал, пачуцьцё гумару, іроніі і лёгчыні стылю. Адзін з апошніх цалкам незалежных літаратурных вандроўнікаў, у 1979 годзе ён выехаў у Францыю, дзе жыў да канца свайго жыцьця, не парываючы, аднак, кантактаў з радзімай; ён адзінцом змагаўся за мейсца малых сярэднеэўрапейскіх літаратураў на мапе Эўропы. Быў бліскучым перакладнікам, асабліва сучаснай і клясычнай паэзіі. У 1983 годзе як X том „Збору твораў Данілы Кіша” зьявіўся зборнік апавяданьняў „Энцыкляпэдыя мёртвых”, адзначаны пасьлей прэміяй імя Андрыча. Працу над стварэньнем кнігі „Жыцьцё, літаратура” перапыніла сьмерць. Беспасярэдня перад гэтым Кіш атрымаў прэмію ймя Бруна Шульца, апошнюю ў сваім літаратурным жыцьці. Яго інтэлектуальная проза перакладзена на амаль усе заходнія мовы. Крытыка ўважае Данілу Кіша за аднаго з найвялікшых сучасных пісьменьнікаў.

 

Даніла Кіш

ГРАБНІЦА ДЛЯ БАРЫСА ДАВЫДАВІЧА

 

Памяці Леаніда Шэйкі

Гісторыя захавала яго пад прозьвішчам Ноўскі, што, без сумненьня, толькі псэўданім (дакладней кажучы, адзін зь ягоных псэўданімаў). Але тое, што адразу выклікае сумненьне, фармулюецца пытаньнем — а ці захавала яго гісторыя на самой справе? У Энцыкляпэдыі Граната і ў яе анэксе паміж дзьвесьце сорак шасьцёх аўтарызаваных біяграфіяў ды аўтабіяграфіяў вялікіх дзеячоў і ўдзельнікаў рэвалюцыі ягонага прозьвішча няма. Хопт у сваім камэнтары да згаданай энцыкляпэдыі адзначае, што тут прадстаўлены ўсе важныя асобы, і адно жалуе на „зьдзіўляючую і невытлумачальную адсутнасьць Падвойскага”. Між тым і ён нават нічым не намякае на Ноўскага, чыя роля ў рэвалюцыі, ва ўсялякім выпадку, хіба не важнейшая, чым роля першага. Гэтак, зьдзіўляючым і невытлумачальным чынам, той чалавек, які сваім палітычным прынцыпам надаў значэньне сваеасаблівай рыгарыстычнай маралі, той бязьлітасны інтэрнацыяналісты застаўся занатаваным у хроніках рэвалюцыі як асоба бяз твару й бяз голасу.

З дапамогаю гэтага тэксту, хай сабе фрагмэнтарнага й няпоўнага, я паспрабую аджывіць успаміны аб гэтай дзіўнай і супярэчлівай асобе Ноўскага. Нейкія пустоты, асабліва тыя, што датычацца найважнейшага пэрыяду ў ягоным жыцьці, пэрыяду самой рэвалюцыі й гадоў, што надышлі адразу пасьля яе, могуць быць растлумачаныя тымі ж самымі прычынамі, на якія спасылаецца згаданы камэнтатар у сувязі зь іншымі біяграфіямі: жыцьцё Ноўскага пасьля 1917 году зьліваецца з жыцьцём грамадзтва й ператвараецца ў „часьціну гісторыі”. Зь іншага боку, як кажа аб гэтым Хопт, мы ня маем права забывацца й на тое, што гэтыя біяграфіі ствараліся напрыканцы дваццатых гадоў: таму ў іх ёсьць значныя пропускі, дыскрэцыя й пасьпешлівасьць. Дадамо — перадсьмяротная пасьпешлівасьць.

Старажытныя грэкі мелі адзін годны павагі звычай: тым, хто згарэў, каго паглынулі вульканічныя кратэры ці засыпала лява, каго разьдзерлі дзікія зьвяры або зжэрлі акулы, а таксама тым, каго расшматалі сьцярвятнікі ў пустыні, будавалі на бацькаўшчыне так званыя кенатафы, пустыя грабніцы, таму што цела ёсьць агнём, вадой альбо зямлёю, а душа – альфай і амэгаю, ёй трэба ставіць сьвяцілішчы.

 

Адразу пасьля Калядаў 1885 году Другі царскі кавалерыйскі полк затрымаўся на заходнім беразе Дняпра, каб адпачыць і адсьвяткаваць Багаяўленьне. Князь Вяземскі – у чыне кавалерыйскага палкоўніка! — выцягнуў зь ледзяной вады Хрыстовы знак у выглядзе срэбнага крыжа; перад тым жаўнеры разьбілі дынамітам грубую кару лёду на працягласьці якіх дваццацёх мэтраў; вада мела колер сталі. Малады князь Вяземскі адмовіўся ад таго, каб яго перавязалі вакол стану вяроўкай. Перажагнаўшыся, паглядзеўшы ў яснае зімняе неба сваімі блакітнымі вачыма, ён скочыў у ваду. Выхад ягоны зь ледзяных віроў быў адзначаны сальваваньнем з ружжаў, а пасьля – стралянінаю шампанскіх коркаў у імправізаванай афіцэрскай кантыне, разьмешчанай у будынку школы. Жаўнеры таксама атрымалі свой сьвяточны паёк — па семдзясят грамаў расійскага каньяку — асабісты падарунак Другому кавалерыйскаму палку ад князя Вяземскага. Пілося да пасьляпалудня, а сьвяткаваньне пачалося адразу пасьля набажэнства, якое адбылося ў вясковай царкве. Адзін толькі Давыд Абрамавіч ня быў прысутны на багаслужбе. Сьцьвярджаюць, што ў гэты час ён чытаў Талмуд, лёжачы ў цёплым жолабе на стайні, што мне, з-за багацьця літаратурных асацыяцыяў, падаецца сумнеўным. Нехта з жаўнераў прыкмеціў ягоную адсутнасьць і падаўся яго шукаць. Знайшлі яго ў хлеве (па іншых зьвестках – у стайні) зь некранутаю бутэлькаю каньяку побач. Яго сілай прымусілі выпіць напой, падораны яму царскай ласкаю, потым распранулі да пояса, каб не запэцкаць уніформы, і пачалі хлыстаць бізуном. І напрыканцы, згубіўшага прытомнасьць, прывязалі да каня і выцягнулі на бераг Дняпра. На месцы, дзе быў разьбіты лёд, ужо падхапілася тонкая скарупка. Там, падтрымліваючы апярэзанымі вакол цела лейкамі, яго ськінулі ў ледзяную ваду. Калі ж нарэшце выцягнулі з вады, пасінелага і паўмёртвага, дык залілі рэшту каньяку ў рот і, трымаючы над ілбом срэбны крыж, хорам прасьпявалі: Плод чрева твоего. Надвячоркам, з высокай тэмпэратурай, яго перанесьлі із стайні да вясковага „настаўніка”, якога звалі Салямон Меламуд. Раны на сьпіне няшчаснага шарагоўца мазала рыбіным тлушчам шаснаццацёхгадовая Меламудава дачка; перад тым як адыйсьці разам із сваёй вайсковай часьцю, якая ўжо раніцой пасьпяшалася душыць нейкае паўстаньне, Давід Абрамавіч, яшчэ ў гарачцы, прысягнуў ёй, што вернецца. Абяцаньне ён выканаў. З гэтае рамантычнай сустрэчы, аўтэнтычнасьць каторай, здаецца, не выклікае сумневу, і народзіцца Барыс Давыдавіч, які ўвойдзе ў гісторыю пад назовам Ноўскі, Б.Д. Ноўскі.

У паліцэйскіх архівах Охранки занатаваныя тры гады ягонага нараджэньня — 1891, 1893, 1896. У гэтым можна ўбачыць ня толькі наступства карыстаньня фальшаванымі дакумантамі, што звычайна для рэвалюцыянэраў; справа ўладкоўвалася празь некалькі манэтак пісару ці папу – чарговы доказ карумпаванасьці чыноўніцтва.

 

У свае чатыры гады ён умеў ужо чытаць і пісаць; у дзевяць бацька павёў яго з сабою да карчмы Саратов, побач з жыдоўскім кірмашом, дзе за сталом у кутку, паблізу ад парцалянавай плявальніцы, выконваў ён сваё адвакацкае рамяство. Сюды наведваліся адслужыўшыя царскія жаўнеры з рудымі палаючымі бародамі й глыбокімі змучанымі вачыма, а таксама канвэртаваныя жыдоўскія гандляры з бліжніх бакалеяў, у доўгіх замасьленых кафтанах ды з расейскімі прозьвішчамі, якія не пасавалі іхнай сэміцкай хадзе (тры тысячы гадоў нявольніцтва й доўгая традыцыя пагромаў стварылі тую хаду, што выпрацоўвалася ў гетах). Малы Барыс Давыдавіч перапісваў іхныя скаргі, таму што быў ужо граматнейшы за свайго бацьку. Вечарамі маці, кажуць, чытала яму, сьпяваючы, Псальмы. У дзесяць год адзін стары эканом з маёнтку распавядае яму аб сялянскім паўстаньні 1846 году: цяжкую гісторыю, у якой дзе праўда, а дзе няпраўда вырашаюць бізун, шабля і шыбеніца. У трынаццаць пад уплывам Антыхрыста Салаўёва ён бяжыць з дому, але яго ў суправаджэньні паліцыянтаў вяртаюць зь нейкай далёкай станцыі. Тут адбываецца раптоўная й невытлумачальная адмена: мы знаходзім яго на кірмашы, дзе ён гандлюе пустымі бутэлькамі па дзьве капейкі, а потым прапануе кантрабандны тытунь, запалкі й цытрыны. Вядома таксама, што ягоны бацька ў гэты час падпаў пад згубны ўплыў нігілістаў і давёў сям’ю да мяжы бездані. (Некаторыя сьцьвярджаюць, што гэтаму садзейнічалі сухоты, верагодна, убачыўшы ў хваробе сымптомы нейкага каварнага, арганічнага нігілізму.)

У чатырнаццаць год ён працуе як памочнік у мясной краме, дзе рэжуць кашэр; праз паўтара году мы знаходзім яго, калі ён мые посуд і чысьціць самавары ў той самай карчме, у якой некалі перапісваў скаргі; у шаснаццаць — у арсэнале ў Паўлаградзе, дзе ён гатункуе гарматныя набоі, у сямнаццаць — у Рызе, у якасьці докера, які падчас страйкаў чытае Леаніда Андрэева ды Шэлер-Міхайлава. У той жа год ён на фабрыцы кардонак і ўпаковак „Тэадор Кібэль” працуе за дзённы заробак у пяць капеек.

 

У ягонай біяграфіі не бракуе дадзеных; але тое, што бянтэжыць, ёсьць іхная храналёгія (якую йшчэ больш ускладняюць фальшывыя імёны і галавакружнае зьмяненьне месца падзеяў). У лютым 1913 году ён у Баку, у якасьці памочніка качагара цягніка; у верасьні таго ж году — паміж кіраўнікамі страйку на фабрыцы шпалераў у Івана-Вазьнясенску; у кастрычніку — паміж арганізатарамі вулічных дэманстрацыяў у Петраградзе. Не бракуе й падрабязнасьцяў: конная паліцыя і тое, як яна разганяе дэманстрантаў шаблямі і чорнымі скуранымі бічамі, юнкерскім варыянтам нагайкі. Барыс Давыдавіч, вядомы тады пад мянушкай Безработный, пасьпявае зьбегчы праз бакавы ўваход бардэлю на вуліце Даўгарукаўскай; некалькі месяцаў ён начуе зь бяздомнымі бадзягамі ў гарадзкой лазьні, якая стаіць пад рэпарацыяй, затым яму ўдаецца ўвайсьці ў кантакт зь нейкай тэрарыстычнай групай, што рыхтуе бомбавыя акцыі; вясною 1914 году пад прозьвішчам начнога вартаўніка згаданай лазьні (Ноўскі) мы знаходзім яго з кайданамі на нагах на цяжкім шляху да галоўнай катаржнай турмы ва Ўладзіміры; хворы і з высокай тэмпэратурай ён, як у нейкім тумане, пераходзіць з этапу на этап; пасьля прыходу ў Нарым, дзе здымаюць кайданы зь ягоных схуднелых і мазольных лытак, ён пасьпявае зьбегчы ў рыбацкай барцы, якую знайшоў, бязь вёслаў, прывязаную да берагу; аддаўшы барку хуткай плыні вады, ён неўзабаве зразумеў, што стыхія прыроды, як і людзкая стыхія, не пакараецца мроям і закляцьцям: яго знайшлі ў пяцёх вярстах ніжэй, там, куды яго выкінуў вір; ён правёў некалькі гадзінаў у ледзяной вадзе, магчыма, усьведамляючы, што перажывае рэпрызу сямейнае легенды: на беразе ракі яшчэ трымалася тонкая скарупка лёду. У чэрвені пад імем Якава Маўзэра ён ізноў асуджаны на шэсьць гадоў за арганізацыю тайнага тэрарыстычнага таварыства сярод катаржнікаў; на працягу трох месяцаў у Томскай турме ён чуе крыкі й разьвітальныя словы тых, каго водзяць на сьмерць; пад ценем шыбеніцы чытае тэксты Антонія Лабрыёля аб матар’ялістычнай канцэпцыі гісторыі.

 

Зь вясны 1912 году ў Петраградзе, у сьвецкіх салёнах, дзе пачынаюць з усё большаю заклапочанасьцю гаварыць аб Распуціну, зьяўляецца адзін малады інжынэр прозьвішчам Землянікаў — у сьветлым касьцюме, пашытым па найноўшай модзе, зь цёмнай архідэяй на штрыфэлі, з элеганцкім капялюшам, зь кіем і маноклем. Прыстойных паводзінаў, з шырокімі плячыма, зь невялікай бародкаю і цёмнымі густымі валасамі, гэты дэндзі выхваляецца сваімі знаёмствамі, гаворыць аб Распуціну з усьмешкай, сьцьвярджае, што ёсьць асабістым прыяцелем Леаніда Андрэева. Далейшая гісторыя разьвіваецца па клясычнай схеме: дамы, сьпярша недаверлівыя ў адносінах з маладым хвальком, пачынаюць закідваць яго сваімі запрашэньнямі й адкрываюць у ім безумоўны шарм, асабліва, калі Землянікаў пасьпеў даказаць сапраўднасьць прынамсі адной із сваіх гісторый: Марыя Рыгораўна Папко, малжонка высокага царскага чыноўніка, убачыла яго аднойчы ў прадмесьці, калі ён, седзячы ў лякаваным фіякры, раздаваў парады, нахіліўшыся над сваімі плянамі: вестка аб тым, што Землянікаў ёсьць галоўным інжынэрам, адказным за ўсталяваньне ў Петраградзе электрычных кабэляў (вестка, якая мае і сваё гістарычнае пацьверджаньне), толькі дапамагла ягонай славе й павялічыла колькасьць запрашэньняў. Землянікаў прыяжджае ў чорным фіякры на ўмоўленыя сустрэчы, п’е шампанскае й распавядае пра венскі сьвет зь непрыхаванай сымпатыяй і зь некаторай настальгіяй, затым роўна ў дзесяць пакідае таварыства паўп’яных дамаў і сядае ў фіякр. Назаўсёды засталіся непацьверджанымі праўдападобныя падазрэньні наконт таго, што Землянікаў меў незаконную жонку (некаторыя сьцьвярджалі – і дзіця) з вышэйшых колаў; падазрэньні, якія, пэўна, і сам ён падтрымліваў з дапамогаю сваіх уставічных і неспадзяваных адыходаў роўна ў дзесяць. Між іншым, многія лічылі гэта часткаю ягонае экстраваганцыі, асабліва пасьля той вядомай эскапады, калі ён пакінуў салён Герасімавых у той момант, калі Вольга Міхайлаўна сьпявала нейкую арыю; Землянікаў паглядзеў на свой срэбны зэгарак і, на агульнае зьдзіўленьне, адышоў зь вечарыны, не дачакаўшыся канца выступу.

Нечаканыя й раптоўныя зьнікненьні Землянікава ізь сьвету й з жыцьця петраградзкіх салёнаў нікому не здаваліся дзіўнымі: вядома было, што Землянікаў у якасьці галоўнага інжынэра часта ад’яжджае за кардон; такі абавязак ня быў для яго занадта цяжкім, бо, карыстаючыся нагодай, ён мог аднавіць свой гардэроб з дапамогаю нейкіх модных дэталяў і прывезьці, разам з адпаведным падарункам, якую-небудзь новую гісторыю з элеганцкага жыцьця па-за межамі Расеі. Такім чынам, тое, что Землянікава не было на адной славутай салённай забаве восеньню 1913 году, магло выклікаць толькі шкадаваньне, тым больш, што ён пацьвердзіў быў свой прыезд тэлеграмаю. Але на гэты раз ягоная адсутнасьць доўжылася больш, чым звычайна, і таму празь некаторы час Землянікаў ужо па праве мог разглядацца як герой кароткай, сэзоннай гісторыі з жыцьця петраградзкіх салёнаў, адной з тых, што маюць сумную славу хуткага забыцьця. (Ягонае месца заняў адзін прывабны малады кадэт, які прыносіў сьвежыя зьвесткі з двара, непасрэдна з колаў, блізкіх да Распуціна, і які, у адрозьненьне ад Землянікава, ня меў аніякіх абавязкаў і заставаўся забаўляць таварыства да раніцы.) Тым большым было зьдзіўленьне, калі тая самая Марыя Рыгораўна Папко, якая, здаецца, мела звычай, падобна нейкай каралеве, аб’яжджаць горад у калясцы, выявіла на Сталыпінскай вуліцы паміж зьмерзлымі й згаладнелымі катаржанамі, што падмятаюць вуліцы, адзін твар, які падаўся ёй знаёмым. Яна падышла да гэтага чалавека і паклала яму ў руку міласьціну; без усякага сумневу, гэта быў Землянікаў.

Такім чынам, дух інжынэра Землянікава ізноў вярнуўся ў салёны і на імгненьне засланіў славу Распуціна. Пазьней няцяжка было высьветліць некаторыя факты. Землянікаў выкарыстоўваў свае частыя вандроўкі ў замежжа дзеля зусім неляяльных мэтаў: падчас ягонага апошняга вяртаньня з Бэрліну ў чорных скураных валізках пад шаўковымі кашулямі і дарагімі касьцюмамі памежная паліцыя знайшла пяцьдзясят браўнінгаў нямецкай вытворчасьці. Але тое, чаго Марыя Рыгораўна не магла ведаць і што высьветлілася празь якіх там дваццаць гадоў (гэта значыць, калі былі адкрытыя архівы Охранки, якія ўкраў амбасадар Малакоў), выклікае куды большае зьдзіўленьне – гэта тое, што Землянікаў быў арганізатарам і адным з удзельнікаў знакамітай „экспрапрыяцыі” паштовых фургонаў, калі некалькі мільёнаў рублёў трапіла ў рукі рэвалюцыянэраў; што акрамя захопленых браўнінгаў, ён тры разы перапраўляў у Расею дынаміт і зброю; што як рэдактар „Усходняй Зары”, якая друкавалася на цыгарэтнай паперы ў падпольнай друкарні, ён асабіста прывозіў у сваіх чорных валізках каўчукавыя матрыцы, дарэчы, вельмі нязручныя для маніпуляцый зь імі; што самыя сэнсацыйныя замахі за апошнія пяць-шэсьць год былі ягонаю справаю (тыя замахі лёгка адрозьніваліся ад усіх іншых — бомбы, зробленыя ў падпольнай майстэрні Землянікава, мелі такую разбуральную моц, што свае пільна вызначаныя ахвяры ператваралі ў кучу крывавага мяса і паламаных касьцей; што з-за яго фанабэрыстай манэры паводзіць сябе (без сумневу – зьімітаванай) яго ненавідзелі рабочыя, якія зь ім працавалі; што, па ўласным прызнаньні, ён марыў стварыць бомбу памерам з арэх і агромнай разбуральнай моцы (ідэал, да якога, кажуць, ён ужо быў небясьпечна блізкім); што паліцыя, пасьля замаху на губэрнатара фон Лаўніца, лічыла яго мёртвым: тры сьведкі пацьвердзілі, што галава, выстаўленая ў пасудзіне ізь сьпіртам, належала Землянікаву (патрэбна было, каб зьявіўся дэманічны Азэф і паказаў, што галава ў сьпірце, ужо крыху скурчаная, неідэнтычная з „асырыйскім чэрапам” Землянікава); што ён уцякаў два разы з турмы, а аднойчы — з катаргі: першага разу ён прабіў, разам з таварышамі, мур турэмнай камэры, а другім разам – зьнікнуў з лазьні падчас мыцьця ў вопратцы наглядчыка, які застаўся голым; што пасьля апошняга арышту яму ўдалося, пераапрануўшыся ў дробнага гандляра, перайсьці празь мяжу па вядомаму Вількамірскаму кантрабанднаму шляху; што ён жыў пад фальшывым пашпартам на імя М.В. Землянікава, а што ягонае сапраўднае імя было Барыс Давыдавіч Меламуд альбо Б.Д. Ноўскі.

 

Пасьля аднаго прыкметнага пропуску ў тых крыніцах, якімі мы карыстаемся (і пра якія ня будзем распавядаць чытачу, каб ён меў прыемнае і памылковае задавальненьне думаць, што мае справу зь гісторыяй, якая, на шчасьце пісьменьніка, роўная сіле фантазіі), мы знаходзім яго ў вар’яцкім доме ў Малінаўску побач зь небясьпечнымі шалёнцамі, адкуль ён, пераапрануўшыся ў гімназыста, уцякае на ровары ў Батум. Без сумневу, насуперак подпісам двох выбітных лекараў, ягонае шаленства было сымуляванае; разумее гэта й паліцыя, якая занесла ў свой сьпіс, як сымпатызантаў рэвалюцыянэрам, і тую пару лекараў. Далейшы ягоны шлях больш-менш вядомы: адным верасьнёўскім ранкам тысяча дзевяцьсот трынаццатага году, пад самы сьвітанак, Ноўскі ўсядае на карабель і, схаваны сярод тонаў яек, трапляе, цераз Канстантынопаль, у Парыж; тут мы знаходзім яго ў расійскай бібліятэцы на Авэню Габлен і ў музэі Гімэ, дзе ён удзень штудыюе філязофію гісторыі й рэлігіі, а ўвечары — у Ратондзе на Манпарнасе, з куфлем піва ў руцэ і „ў найлепшым капялюшы, які толькі можна было адшукаць на той час у Парыжы”. (Гэта заўвага Бруса Локарта наконт капялюша, які насіў Ноўскі, між іншым, не пазбаўленая палітычнага кантэксту: вядома, што Ноўскі быў функцыянэрам буйнога францускага прафсаюзу жыдоўскіх капялюшнікаў.) Пасьля абвяшчэньня вайны ён зьнікае з Манпарнасу, і паліцыя адшуквае яго ў вінаградніках блізу Манпэлье падчас збору ўраджаю, у абдымку з кошам сасьпелых гронак: закаваць яго ў кайданы гэтым разам не было цяжка. Ці Ноўскі сам уцёк у Бэрлін, ці быў туды высланы – нам невядома. Вядома толькі, што ў той пэрыяд пад псэўданімамі Б.Н. Дольскі, Парабэлюм, Віктар Цьвердахлебаў, Пралетарскі, Н.Л. Давыдовіч ён супрацоўнічае з сацыял-дэмакратычнай „Neue Zeitung” i „Leipziger Volkszeitung” і што піша, між іншымі справамі, свой знакаміты агляд працы Макса Шыпелы – „Гісторыя вытворчасьці цукру”. „Ён быў, — занатоўвае аўстрыйскі сацыяліст Оскар Блум, — нейкай дзіўнай мяшанкаю амаральнасьці, цынізму й спантанічнага энтузыязму ў адносінах да ідэй, кнігаў, музыкі й чалавечых істотаў. Ён здаваўся, я б сказаў, на нешта сярэдняе паміж прафэсарам і бандытам. Але інтэлектуальны бляск яго быў безумоўны. Гэты віртуоз бальшавіцкага журналізму ўмеў весьці размовы, якія былі ў той жа меры поўныя дынаміту, як і ягоныя перадавіцы”. (Гэта слова наводзіць нас на адважную думку, што О. Блум мог быць знаёмы з патаемным жыцьцём Ноўскага, калі толькі тут няма выпадковай мэтафары.) „У Бэрліне ў часе абвяшчэньня вайны, калі прызваныя пад сьцягі рабочыя выглядалі як здані, а з густога цыгарнага дыму кабарэ даносіліся пранізьлівыя жаночыя крыкі, калі гарматнае мяса спрабавала заглушыць у піве і шнапсе свой сумнеў і свой адчай, Ноўскі быў адзіны, хто ў тым эўрапейскім вар’яцкім доме не згубіў галавы і меў ясную пэрспэктыву”, — дадае Блум.

 

Аднойчы, у сьветлы восенскі дзень, у час, калі ён абедаў у салёне знакамітай альпійскай санаторыі ў Давосе, дзе лячыў свае хворыя нэрвы й слабыя лёгкія і куды наведаць яго прыехаў адзін сябра Інтэрнацыяналу, вядомы Левін, падыходзіць да іх лекар Грынвальд, швайцарац, вучань і прыяцель Юнга, аўтарытэт у сваёй галіне. Размова йдзе, па сьведчаньні згаданага Левіна, аб надвор’і (сонечны верасень), аб музыцы (у сувязі зь нядаўнім канцэртам нейкай пацыенткі), аб сьмерці (пацыентка гэтай ноччу аддала богу сваю музычную душу). Паміж мясам і айвовым кампотам, які ім прыносіць кельнэр у барвах і белых пальчатках, лекар Грынвальд, згубіўшы ніць размовы і дзеля таго толькі, каб спыніць нясьцерпнае маўчаньне, якое на момант усталявалася, кажа сваім гугнявым голасам: „У Пецярбурзе нейкая рэвалюцыя”. (Паўза.) У руцэ Левіна затрымалася лыжка; Ноўскі ўздрыгаецца, потым цягнецца рукою да сваёй цыгары. Лекар Грынвальд адчувае нейкую няўтульнасьць. Прыкладаючы ўсе стараньні, каб надаць свайму голасу як мага больш абыякавасьці, Ноўскі спрабуе сьцішыць дрыжаньне: „Прабачце, калі ласка, а дзе вы пра гэта пачулі?” Лекар Грынвальд, як быццам бы выбачаючыся, адказвае, што прачытаў пра гэтую навіну сёньня раніцай у месьце, у вітрынах тэлеграфнай агенцыі. Не чакаючы кавы, сьмяротна бледыя, Ноўскі й Левін шпарка пакідаюць салён і ад’яжджаюць на таксоўцы да места. „Я чуў як у трызьненьні, — занатоўвае Левін, — шум, які даносіўся з салёну, бой сталовага гадзіньніка, падобны на гучаньне бразготак; бачыў як у тумане нейкае сьвятло, якое засталося па-за намі й якое незваротна канала ў мінулае, як у каламутную ваду”.

 

Нейкія сьведчаньні наводзяць нас на думку, што Ноўскі, якога нёс вал народнага натхненьня і азлабленьня, прыняў вестку аб прымірэньні, насуперак усяму, як удар. Левін гаворыць аб нэрвовай крызе, а Майснэр абмінае гэты пэрыяд з пасьпешлівасьцю саўдзельніка. Здаецца, між іншым, што Ноўскі ўсё ж такі безь вялікага супраціву выпусьціў з рукі свой скарастрэльны маўзэрок, а ў знак пакаяньня, кажуць, спаліў чарцяжы сваіх фугасных бомбаў і агнямётаў, якія мелі дальнабойнасьць каля семдзесяцёх мэтраў, і перайшоў у шэрагі інтэрнацыяналістаў. Нястомнага і паўсюль прысутнага мы неўзабаве знаходзім яго паміж змагарамі за брэст-літоўскі мір; ён распаўсюджвае прапагандысцкія ўлёткі антываеннага зьместу й палымяна агітуе сярод жаўнераў, стоячы на скрынях з артылерыйскімі снарадамі, як на п’едэстале. У гэтым раптоўным і, можна сказаць, лёгкім пераўтварэньні Ноўскага вялікую ролю, здаецца, адыграла адна жанчына. У кроніках рэвалюцыі яе імя занатаванае – Зінаіда Міхайлаўна Майснэр. Вядомы Леў Мікулін, які меў няшчасьце ў яе закахацца, накрэсьлівае яе партрэт словамі, як быццам бы выразанымі на мармуры: „Прырода дала ёй усё — інтэлект, талент і прыгажосьць”.

У лютым 1918 мы бачым Ноўскага на ўрадлівых абшарах Тулы, Тамбова й Арла, на берагох Волгі і ў Харкаве, адкуль пад ягоным наглядам рухаюцца да Масквы канвоі сканфіскаванай пшаніцы. У чорнай скураной вопратцы камісара без пазначэньня чыну, у бліскучых ботах і скураным картузе, ён выпраўляе канвоі, трымаючы руку на маўзэры, пакуль апошняя баржа ня зьнікне ў туманнай далечыні. У кветні наступнага году ён апранае камуфляжную форму й робіцца вольным стралком у тыле ў Дзянікіна. Жахлівыя выбухі на паўднёва-заходнім сэктары фронту, выбухі, якія здараліся нечакана й загадкава, пакідаючы за сабой крывавую бойню, выдавалі Ноўскага, як почырк выдае характар майстра. Напрыканцы верасьня на мінаносцы Спартак, пад чырвоным сьцягам, Ноўскі адплывае ў Равэлу на разьведку; раптам мінаносец трапляе на моцную ангельскую эскадру зь сямёх лёгкіх караблёў, узброеных дваццацёхпяцёхмілімэтровымі гарматамі; мінаносец заварочвае і з дапамогаю раптоўнага й рызыкоўнага манэўра, пад пакрыцьцём ужо наступаючай ночы, пасьпявае дабрацца да Кранштату. Калі верыць сьведчаньню капітана Алімскага, за гэтае шчасьлівае збаўленьне экіпаж мінаносца хутчэй за ўсё абавязаны хітрасьці аднае жанчыны, Зінаіды Міхайлаўны Майснэр, чым прысутнасьці Ноўскага: гэта яна вяла сыгнальнымі сьцяжкамі перамовы з ангельскім капітанскім караблём.

 

Адзін ліст з тых гадоў, пісаны рукою Ноўскага, застаецца як бы адзіным аўтэнтычным сьведчаньнем каханьня, у якім рэвалюцыйны імпэт і захапленьне пачуцьцяў пераплятаюцца сувязямі таемнымі і глыбокімі:

„… Толькі я сеў на ўнівэрсытэцкую лаву, як трапіў у турму. Быў арыштаваны роўна трынаццаць разоў. З дванаццацёх гадоў, якія прайшлі пасьля майго першага арышту, больш чым палову я правёў на катарзе. Апроч таго, тры разы крочыў я па цяжкім шляху выгнаньня, шляху, які адабраў у мяне тры гады жыцьця. Падчас маіх кароткіх гадзінаў „свабоды”, я глядзеў, быццам у сінэматографы, як мільгаюць сумныя расейскія вёскі, месты, людзі й падзеі, а сам я заўсёды сьпяшаюся, на кані, на караблі, на драбах. Не існуе ложка, у якім б я спаў больш, чым месяц. Я пазнаў жах расейскага быцьця падчас доўгіх і нясьцерпных зімовых вечароў — калі блеклыя ліхтары Васілеўскага вострава ледзь мігацяць, а расейская вёска паўстае перад намі пры месячным сьвятле ў нейкім фальшывым і падманлівым харастве. Адзінай маёй пасіяй ёсьць гэтае пакутлівае, захапляючае і містэрыёзнае рамяство рэвалюцыянэра... Выбачайце, Зіна, і насеце мяне ў сваім сэрцы; гэта будзе балюча, як насіць камень у нырцы”.

 

Вясельная цырымонія адбылася дваццаць сёмага сьнежня тысяча дзевяцьсот дзевятнаццатага на мінаносцы Спартак, які стаяў на якары ў кранштацкім порце. Сьведчаньні нешматлікія і супярэчлівыя. Па адных, Зінаіда Міхайлаўна была сьмяротна бледая, „бледасьцю, якая вянчае сьмерць і красу” (Мікулін), і была больш падобная на анархістку перад расстрэлам, чым на музу рэвалюцыі, якая толькі што была на волас ад сьмерці. Мікулін кажа пра белы шлюбны вянок на Зінаідавых валасох, адзіны сымбаль старых часоў і звычаяў, а Алімскі ў сваіх успамінах — пра белую марлю, што, падобна шлюбнаму вянку, абвявала параненую галаву Майснэр. Той жа Алімскі, які ў сваіх успамінах здаецца больш аб’ектыўным, чым лірычны й шматслоўны Мікулін (але ён, можна сказаць, моўчкі абыходзіць асобу Ноўскага), сам даволі схематычна апісвае выгляд палітычнага камісара ў той інтымны момант: „Прыгожы, з суворым поглядам, па-манаску апрануты ў такі ўрачысты час, ён болей быў падобны на маладога нямецкага студэнта, што выйшаў пераможцам зь нейкай дуэлі, чым на палітычнага камісара, які толькі што вярнуўся пасьля жорсткага бою”. У астатніх дэталях усе больш-менш пагадняюцца. Карабель быў, між іншым, сьпешна аздоблены сыгнальнымі сьцяжкамі і асьветлены лямпачкамі – чырвонымі, зялёнымі, сінімі, чырвонымі. Экіпаж, які сьвяткуе адначасова вясельле й перамогу над сьмерцю, выходзіць на палубу сьвежа паголены і румяны, у поўнай зброі, як на парад. Каблаграмы, якія абвясьцілі Генштаб аб ходзе апэрацыі і шчасьлівым паратунку, прыцягнулі ўвагу афіцэраў чырвонага флёту, якія таксама прыбылі — у сініх шынэлях, пад якія апранулі белую летнюю ўніформу. Мінаносец вітае іх сьвісткамі і выкрыкамі экіпажу. Задыханы радыётэлеграфіст прыносіць на камандны пост, дзе схаваліся маладыя, нешыфраваныя дэпэшы зь віншаваньнямі ад усіх савецкіх партоў, ад Астрахані да Энзелія: „Жыве малжонства. Жыве Чырвоны флёт. Ура адважнаму экіпажу Спартака!” Рэвалюцыйны Савет Кранштату дасылае ў браніраваным аўтамабілі дзевяць скрыняў францускага шампану, які за дзень да таго, як кажуць, быў сканфіскаваны ў анархістаў. Духавы аркестар кранштацкага марскога гарнізону падымаецца па масткох на палубу, граючы маршы. З-за тэмпэратуры ў трыццаць градусаў ніжэй нуля па Цэльсію інструмэнты маюць дзіўны надтрэснуты гук, быццам бы яны зь лёду. Навокал круцяцца маторныя судзіны й патрульныя лодкі, вітаючы экіпаж сыгналамі. Суворыя тройкі чэкістаў з выцягнутымі рэвальвэрамі тры разы падымаюцца на палубу, патрабуючы дзеля бясьпекі спыніць сьвяткаваньне; тры разы яны вяртаюць рэвальвэры ў кабуры, пачуўшы прозьвішча Ноўскага, і далучаюцца да афіцэрскага хору, які выкрыквае: Горка! Горка! Пустыя бутэлі шампану ляцяць цераз палубу, як гарматныя кулі 25 мм калібру. На золку, калі сонца ў ранішнім зімнім тумане выглядае, як сьвятло далёкага пажару, адзін п’яны чэкіст вітае сальваваньнем з супрацьпаветранага кулямёту нараджэньне новага дня. Паўсюль на палубе ляжаць матросы, як мёртвыя, сярод купак разьбітага шкла, пустых бутэлек, канфэці і замёрзлых лужынаў францускага шампану, ружовага, як кроў. (Чытач, мы ўпэўнены, пазнаў няўклюдую лірыку Льва Мікуліна, вучня імажыністаў.)

Вядома, што гэты шлюб быў скасаваны пасьля васямнаццацёх месяцаў і што Зінаіда Міхайлаўна падчас адной нелегальнай паездкі ў Эўропу стала спадарожніцай жыцьця савецкага дыплямата А.Д. Карамазава. Што датычыцца кароткага шлюбу з Ноўскім, некаторыя сьведчаньні гавораць аб цяжкіх сцэнах рэўнасьці і аб палкіх прымірэньнях. Але тое, што ў прыступах рэўнасьці Ноўскі біў Зінаіду Міхайлаўну, магло быць, між іншым, і плодам аднае іншае раўнівае фантазіі – Мікуліна. У аўтабіяграфічнай кнізе Хваля за хваляй Майснэр замятае свае інтымныя ўспаміны, як быццам бы выпісваючы іх па вадзе: пуга тут зьяўляецца толькі ў сваім гістарычным і мэтафарычным кантэксьце, як біч, які бязьлітасна хлыстае па твары расійскага народу 1.

Няма, як мы ўжо казалі, магчымасьці вызначыць дакладную храналёгію жыцьця Ноўскага ў часе грамадзянскай вайны і ў тыя гады, што надышлі адразу пасьля яе. Ведаем, што на працягу 1920 году ён змагаўся супраць непакорлівых і дэспатычных эміраў у Туркестане і што паканаў іх суворасьцю і хітрасьцю, іхнай уласнай зброяй; што на працягу сьпякотнага лета 1921, якое ўвайшло ў аналы, дзякуючы інвазіі малярыйных камароў і мясных мухаў, што зьлятаюцца на кроў раямі, ён быў адказны за ліквідацыю бандыцтва ў рэгіёне Тамбова і менавіта тады паранены быў шабляй альбо нажом, праз што ягоны твар набыў суворы геройскі выраз. На кангрэсе Ўсходніх Народаў знаходзім яго за сталом прэзыдыюму, зь непрысутным выглядам, з уставічнай цыгарэткай у пажаўцелых зубох. Ягоная прамова вітаецца воплескамі, але нейкі інфарматар прыкмячае недахоп запалу і згаслы позірк таго, каго некалі называлі бальшавіцкім Гамлетам. Вядома таксама, што некаторы час ён займаў пасаду камісара палітычнага ўпраўленьня каўкаска-касьпійскага рэвалюцыйнага камітэту флёту і што быў сябрам штабу артылерыйскай сэкцыі Чырвонай Арміі, а затым дыпляматам у Афганістане і Эстоніі. Напрыканцы 1924 году ён трапляе ў Лёндан у складзе дэлегацыі, якая вядзе перамовы з пастаянна недаверлівымі ангельцамі; тады ж ён усталёўвае, па ўласнай ініцыятыве, сувязь з прадстаўнікамі трэд-юніёнаў, якія запрашаюць яго на наступны кангрэс, што мае адбыцца ў Гале.

У Казахстане, у Галоўнай Управе па камунікацыях і сувязі, — апошняя служба Ноўскага, — кажуць, што ён нудзіўся і што ў сваёй канцылярыі пачаў ізноў крэскаваць пляны і рабіць разьлікі: бомба памерам з арэх і страшэннай разбуральнай моцы, відаць, на давала яму спакою да канца жыцьця.

 

Б.Д. Ноўскі, старшыня народнага камісарыяту па сувязі і камунікацыях, быў арыштаваны ў Казахстане 23 сьнежня тысяча дзевяцьсот трыццатага ў дзьве гадзіны пасьля паўночы. Ягоны арышт быў значна менш драматычны, чым пра гэта пазьней гаварылася на Захадзе. Не было, дарэчы, па надзейным сьведчаньні ягонае сястры, аніякага ўзброенага супраціву і валтузьні на лесьвіцы. Ноўскі быў запрошаны па тэлефоне, каб як мага хутчэй прыйшоў да ўстановы. Голас быў, без сумневу, голасам чарговага інжынэра Бутэнкі. Падчас ператрусу, які працягваўся да асьмёх раніцы, былі вынесеныя ўсе ягоныя дакуманты, фотаздымкі, рукапісы, чарцяжы і пляны, а таксама большая частка ягоных кнігаў. Гэта было першым крокам да ліквідацыі Ноўскага. На падставе зусім новых дадзеных, якія ідуць ад А.Л. Рубінай, сястры Ноўскага, справа пазьней разьвівалася наступным чынам:

Ноўскі меў вочную стаўку зь вядомым Рэйнгольдам І.С. Рэйнгольд прызнаў, што шпегаваў на карысьць ангельцаў і што па іхным загадзе выконваў сабатажы ў народнай гаспадарцы. Ноўскі настойваў на сваім сьцьвярджэньні, што ня ведае й ніколі раней ня бачыў гэтага небараку з надламаным голасам і згаслымі вачыма. Пасьля таго, як прайшло 15 дзён, — час, які быў даны Ноўскаму на роздум, — яго ізноў выклікалі да сьледчых, дзе прапанавалі канапкі й цыгарэты. Ноўскі адмовіўся ад прапановы і папрасіў аловак і паперы, каб зьвярнуцца да нейкіх людзей на самым версе. Назаўтра раніцай яго вывелі з камэры й накіравалі ў Суздаль. Калі вагон з Ноўскім у той ледзяны студзенскі дзень прыбыў на станцыю, пэрон быў пусты. На запасных рэйках стаяў толькі адзін вагон для перавозкі быдла, куды й адвялі Ноўскага. Сьледчы Фядзюкін, высокі, рабаваты й непахісны, правёў тады ў вагоне каля пяцёх гадзін сам-насам з Ноўскім (дзьверы былі звонку замкнёныя), спрабуючы ўпэўніць яго ў маральным абавязку зрабіць адно-адзінае йлжывае прызнаньне. Гэтыя перамовы завершыліся няўдала. Потым надыходзяць доўгія ночы, ночы бяз дня, праведзеныя ў камэры-адзіночцы суздальскай турмы — у вільготным каменным мяшку, вядомым пад назваю псярнік. Галоўная архітэктурная каштоўнасьць яго была ў тым, што чалавек у ім адчувае сябе як бы жыўцом замураваным й таму сваю зямную істоту ўспрымае, у параўнаньні зь вечнасьцю каменя ды існасьцю, дробнаю часьцінкаю пылу ў акіяне бясчаснасьці. Ноўскі ня быў чалавекам дужага здароўя; доўгія гады катаргі ды рэвалюцыйны энтузыязм, якія сілкуюцца крывёю і залозамі, саслабілі яму лёгкія, ныркі й суставы. Ягонае цела было пакрыта скуламі, якія пад ударамі гумовых дубінак порскалі і выціскалі кроў разам з гноем. Але, здаецца, Ноўскі ад дачыненьня да каменю сваёй праўдзівай грабніцы дайшоў да некаторых мэтафізычных вывадаў, якія, без сумневу, ня надта адрозьніваліся ад тых, якія гавораць аб тым, што чалавек толькі часьцінка пылу ў акіяне бясчаснасьці, але яму гэтае ўсьведамленьне падказала й некаторыя іншыя думкі, якія архітэктары псярні не маглі прадугадаць: нішто за нішто. Чалавек, які выявіў у сваім сэрцы гэтую герэтычную й небясьпечную думку, што сьведчыць аб марнасьці ўласнага жыцьця, між тым, становіца перад апошняй дылемай: прыняць часовасьць жыцьця ў імя гэтага каштоўнага й цяжка набытага веданьня (якое выключае любую маральнасьць і якое, дарэчы, і ёсьць абсалютнай свабодай) альбо ў імя таго ж усьведамленьня перайсьці ў абдымкі небыцьця.

Зламаць Ноўскага было для Фядзюкіна пытаньнем гонару, выпрабаваньнем самага высокага градусу. І хаця ў сваёй доўгай кар’еры сьледчага яму да апошняга моманту ўдавалася крушыць праз ламаньне хрыбту волю і самых упартых, Ноўскі стаяў цяпер перад ім як нейкі від навуковай загадкі, як невядомы арганізм, які паводзіць сябе цалкам непрадказальна і нетыпова ў параўнаньні з агульнай практыкай. (Няма сумневу, што ў гэтай годнай павагі спэкуляцыі Фядзюкіна не было, улічваючы ягоную больш чым сьціплую адукацыю, нічога кніжнага, і тут няма сувязі зь ніякімі тэлеалягічнымі разважаньнямі; ён, мусіць, адчуваў сабе толькі як пачынальнік нейкай дактрыны, якую сфармуляваў зусім проста ды кожнаму чалавеку зразумела: „І камень пачне гаварыць, калі яму выб’юць зубы” 1.

 

Ноччу паміж 28 і 29 студзеня з камэры быў выведзены чалавек, які ўсё яшчэ насіў прозьвішча Ноўскі, хаця зараз гэта была толькі пустая шкарлупіна ад істоты, купка гнілога і змучанага мяса. У згаслым поглядзе Ноўскага можна было прачытаць, як адзіную прыкмету душы й жыцьця, рашэньне вытрываць, дапісаць апошнюю старонку сваёй біяграфіі па сваім жаданьні й пры поўнай сьвядомасьці, так, як пішуць тэстамант. Ён гэтую сваю думку сфармуляваў наступным чынам: „Я чалавек сталых гадоў, чаму ж бы стаў псаваць сваю біяграфію”. Але ж, пэўна, і ён зразумеў, што гэтае, хай сабе й апошняе выпрабаваньне ня ёсьць толькі завяршальнай старонкай аўтабіяграфіі, якую ён пісаў сваёю крывёю і сваімі мазгамі на працягу амаль сараку гадоў сьвядомага жыцьця, а ёсьць менавіта вынікам ягонага існаваньня, фундамэнтам, на якім усё грунтуецца, а што ўсё папярэдняе (калі яно зь ім адбывалася насамрэч) – ёсьць толькі другарадным трактатам, практыкаваньнем па матэматыцы, чыя каштоўнасьць няважная ў адносінах да канчатковай формулы, якая й надае сэнсу гэтым другарадным разьлікам.

Два ахоўнікі павялі Ноўскага, падпіраючы яго з абодвух бакоў, уніз па нейкай паўцёмнай лесьвіцы, якая сьпіральлю ўкручвалася ў глыбіню трохярусных турэмных сутарэньняў. Памяшканьне, куды яго ўвялі, было асьветлена адной толькі аголеной лямпаю, якая зьвісала із скляпеньняў. Ахоўнікі адпусьцілі яго, і ён захістаўся. Чуў, як за ім зачыніліся жалезныя дзьверы, але спачатку нічога ня мог разабраць, толькі тое сьвятло, што балюча запала яму ў прытомнасьць. Потым дзьверы йзноў адчыніліся, і тыя ж самыя ахоўнікі, на гэты раз на чале зь Фядзюкіным, увялі нейкага юнака й паставілі яго ў мэтры перад Ноўскім. Ноўскі падумаў, што справа йзноў пойдзе аб нейкай ілжывай вочнай стаўцы, адной з многіх, і ўпарта сьціснуў бяззубыя ськівіцы й з балючай напругай шырэй расплюшчыў ацёклыя павейкі, каб разгледзець юнака. Чакаў ізноў убачыць перад сабою якога-небудзь мерцьвяка з патухлым позіркам (такога, якім быў Рэйнгольд), але зь некаторым жахам, які быў блізкі да прадчуваньня, заўважыў перад сабою нечыя маладыя й жывыя вочы, поўныя чалавечага страху, цалкам чалавечага. Юнак быў аголены да пояса, і Ноўскі, зьдзіўлена жахнуўшыся перад невядомым, зразумеў, што мускулістае цела хлопца — безь ніводнага сіняка ці раны, із здаровай цёмнай скурай, якую яшчэ не схапіла вільгаць. Але, што больш за ўсё зьдзівіла і напалохала яго, гэта быў той позірк, выраз якога ён ня мог спасьцігнуць, гэтая незразумелая гульня, у якую ён апынуўся ўцягнутым, цяпер, калі ён ужо думаў, што ўсё скончана найлепшым магчымым чынам. Хіба ж мог ён прадбачыць, што яму гатуе геніяльная і д’ябальская інтуіцыя Фядзюкіна? Фядзюкін стаяў за ягонай сьпінаю, нябачны, але прысутны, нямы, з затрыманым подыхам, пакідаючы яму самому ўсё зразумець і жахнуцца ад гэтае думкі, а калі сумнеў, народжаны жахам, падкажа, што гэтага ня можа быць, у той самы момант кінуць праўду яму ў твар, праўду, цяжэйшую за выратавальную кулю, якую б Фядзюкін мог выпусьціць Ноўскаму ў патыліцу.

І калі сумнеў, народжаны жахам, падказаў Ноўскаму, што гэта немагчыма, у той самы момант пачуў ён голас Фядзюкіна: „Калі Ноўскі не прызнаецца, мы заб’ем цябе!” Твар маладога чалавека сказіўся ад спуду, і ён упаў на калені перад Ноўскім. Той закрыў вочы, але ня мог дзеля кайданоў заціснуць і вушы, каб ня чуць умольваньняў юнака, якія ўраз, нейкім цудам, пачалі руйнаваць мулкі камень ягонага рашэньня, разбураць ягоную волю. Малады чалавек благаў яго дрыжачым, зломленым голасам, абы прызнаўся дзеля ягонага жыцьця. Ноўскі выразна чуў, як ахоўнікі ўзьвялі куркі. За моцна сплюшчанымі павейкамі адначасова з пачуцьцём болю і прадчуваньнем паразы ў яго зарадзілася нянавісьць, бо ён меў даволі часу, каб падумаць і ўсьвядоміць, што Фядзюкін яго раскусіў і вырашыў зламаць там, дзе ён адчуваў сябе найбольш дужым – у ягоным эгаізьме; таму што калі ён, Ноўскі, прыйшоў да выратавальнай і небясьпечнай думкі, якая гаворыць аб марнасьці ўласнага існаваньня й пакутаў, гэта ўсё яшчэ ёсьць маральным выбарам; інтуітыўны геній Фядзюкіна спасьцігнуў гэта, а таксама й тое, што такая пазыцыя гаворыць аб выбары, які, дарэчы, не выключае маральнасьці, наадварот. Рэвальвэры, без сумневу, мелі глушыцелі, таму што Ноўскі ледзь пачуў стрэл. Калі ён адкрыў вочы, малады чалавек ляжаў перад ім у лужыне крыві, з прабітым чэрапам.

Фядзюкін не марнуе словаў, ён ведае, што Ноўскі яго зразумеў і дае знак ахоўнікам, каб яго вывелі; яны бяруць яго пад рукі. Фядзюкін пакінуў яму дваццаць чатыры гадзіны на роздум у яго добра ахоўванай камэры, дзе той зможа ізноў „пад каменным саванам” 1 умацаваць сваю маральную пазыцыю, якая спакусьліва нашэптвае яму, што біяграфія ягоная завершаная й закругленая, без дэфэктаў, дасканалая, як скульптура майстра. Назаўтра ў ноч з 29 на 30 студзеня сцэна паўтараецца: ахоўнікі адводзяць Ноўскага па сьпіральнай лесьвіцы ў глыбокае сутарэньне турмы. Ноўскі з жахам прадчувае, што гэты паўтор не выпадковы, а ёсьць часткаю пэўнага д’ябальскага пляну — кожны дзень ягонага жыцьця будзе аплочвацца жыцьцём іншага чалавека; дасканаласьць ягонае біяграфіі будзе зруйнавана, частка ягонага жыцьця (ягонага жыцьця) будзе гэтымі апошнімі старонкамі зьнявечана.

Рэжысэрыя Фядзюкіна бездакорная: тыя ж самыя мізансцэны, што і прошлай ноччу, ахоўнікі, Фядзюкін, тое ж сутарэньне, тое ж самае сьвятло, той жа самы Ноўскі – элемэнты, якіх зусім дастаткова, каб аднаму паўторанаму чыну надалося значэньне ідэнтычнасьці й немінучасьці, як немінучым ёсьць чаргаваньне дня й ночы; іншы ў пэўнай меры толькі юнак, аголены да пояса, які дрыжыць перад Ноўскім (іншы настолькі, наколькі розьняцца два дні запар, праведзеныя ў камэры). Фядзюкін, як звычайна, спрабуе пачуць у цішыні, што на момант усталёўваецца ў пакоі, наколькі сёньняшняя спакуса цяжэйшая для Ноўскага за ўчарашняю; сёньня, пакуль той стаіць вочы ў вочы зь невядомым юнаком, для ягонай маральнасьці не застаецца ні надзеі, ні сховішча ў якім-небудзь разважаньні, што б магло прыйсьці яму на дапамогу, ці ў думцы, што падказала б яму, насуперак некаторым вонкавым і выразным знакам, што ўсё гэта немагчыма; учарашняя дэманстрацыя, хуткая й эфэктыўная, паказала Ноўскаму, што такая думка нічога ня вартая, яна пагібельная. (А думка тая будзе паўставаць і заўтра, і пасьлязаўтра, і праз тры альбо дзесяць дзён, яшчэ больш бессэнсоўная, яшчэ больш немагчымая.)

Ноўскаму здалося, што ён быццам ведае маладога чалавека, які стаяў перад ім. У яго была белая хваравітая скура, якая пярэсьціла рабацінкамі, густыя цёмныя валасы і крыху касаватыя вочы; ён, напэўна, насіў акуляры, і Ноўскаму падалося, што ён бачыць у яго на пераносьсі сьлед аправы ад толькі што ськінутых акуляраў. Думка пра тое, што малады чалавек вельмі падобны на яго самога якіх-небудзь дваццаць гадоў таму, здалася яму бессэнсоўнай і ён паспрабаваў яе адкінуць, але ня мог не падумаць вобмельгам, што гэтае падабенства (калі яно сапраўднае і наўмыснае) носіць у сабе некаторую небясьпечнасьць для сьледзтва і можа быць, нейкім чынам, залічана ў памылкі й хібы фядзюкінскай рэжысэрыі. Але й Фядзюкін, із свайго боку, пэўна, зразумеў (калі толькі гэтае падабенства было наўмысным плодам пільнай сэлекцыі), што думка аб падабенстве, аб ідэнтычнасьці немінуча прывядзе Ноўскага й да асэнсаваньня сутнаснай розьніцы; гэтае падабенства павінна будзе паказаць яму на той факт, што ён забівае людзей, падобных да сябе, людзей, чыя біяграфія носіць у сабе патэнцыйнае насеньне нейкай будучай біяграфіі, пасьлядоўнай, закругленай, так падобнай на яго, але абарванай у самым пачатку, зьнішчанай па ягонай віне, можна сказаць, у зародку; ён із сваім упартым адмаўленьнем супрацоўнічаць ізь сьледзтвам будзе стаяць (ужо стаіць!) у пачатку доўгага шэрагу злачынстваў, зробленых ад ягонага імя.

Ноўскі адчувае за сваёй сьпінаю Фядзюкіна, які з затрыманым дыханьнем падпільноўвае ягоныя думкі, ягонае рашэньне, а таксама адчувае нябачную прысутнасьць ахоўнікаў, якія стаяць побач з рэвальвэрамі напашэўку, гатовыя выканаць злачынства ягонымі рукамі. Голас Фядзюкіна прагучаў спакойна, без пагрозаў, быццам бы абвяшчаючы вынікі зусім лягічнае апэрацыі: „Вы, Ісаевіч, памраце, калі Ноўскі не прызнаецца”.

Раней, чым Ноўскі змог што-небудзь вымавіць, прыдумаць хоць што, падумаць пра ганебныя ўмовы сваёй здачы, малады чалавек паглядзеў на яго сваімі падсьлепаватымі вачыма, зусім зблізку, а потым пасунуўся да яго твару й прашаптаў голасам, ад якога Ноўскі ўздрыгануўся: „Барыс Давыдавіч, не паддавайцеся сукіным дзецям!”

У тое ж імгненьне прагучалі два стрэлы, амаль адначасова й нягучна, так, як выцягваюць корак з бутэлькі шампану. Ён ня мог не адкрыць моцна сплюшчаныя павейкі, каб упэўніцца ў існаваньні свайго злачынства: ахоўнікі зноў стралялі, зблізку, у патыліцу, рулі скіраваныя ў самы чэрап; твар маладога чалавека быў непазнавальны.

Фядзюкін пакінуў склеп безь ніводнага слова, а ахоўнікі адвялі Ноўскага й пхнулі на каменную падлогу. Ноўскі праводзіць кашмарныя гадзіны ў сваёй камэры, сам-насам з пацукамі.

Назаўтра вечарам, пасьля зьмены трэцяй варты, ён папрасіў, каб яго адвялі да сьледчага.

 

Гэтай ж ноччу яго перакідваюць з каменнай нары ў турэмны шпіталь, дзе ён праводзіць у трызьненьні дзесяць дзён пад пільным наглядам ахоўнікаў і шпітальнай абслугі, якая атрымала заданьне з гэтых вартых спачуваньня рэшткаў стварыць чалавека, годнага вядомага імя. Фядзюкін, без сумневу, разумее на падставе вопыту, што нават і людзі, зробленыя зь менш трывалага матар’ялу, чым Ноўскі, атрымліваюць нейкую непрадбачаную моц у момант, калі ўжо пяройдзены ўсе межы і калі наперадзе стаіць толькі пытаньне прыстойнай сьмерці: падчас уміраньня яны спрабуюць выцягнуць ізь сьмерці найвялікшы магчымы прыбытак празь якое-небудзь упартае рашэньне, якое часьцяком, верагодна, з-за арганічнай вычарпанасьці, зводзіцца да геройскага маўчаньня; вопыт таксама адкрыў яму і той факт, што адноўленае функцыяваньне арганізму, нармалёвы кровазварот і адсутнасьць болю ствараюць у рэканваленсцэнтаў і былых кандыдатаў у сьмертнікі нейкі арганічны канфармізм, вынікам якога ёсьць – як гэта не парадаксальна — паслабленьне волі і ўсё меншая патрэба ў геройскім куражы.

Абвінавачваньне ў тым, што Ноўскі належаў да шпіёнскай сеткі, якая працавала на ангельцаў, было тымчасам адкінута, асабліва пасьля няўдалай вочнай стаўкі з Рэйнгольдам. (Гэтаму збольшага спрыялі, магчыма, і ангельскія трэд-юніёны, якія ўзьнялі ў эўрапейскай прэсе завялікі шум вакол арышту Ноўскага й спраставалі як зусім няслушныя й беспадстаўныя некаторыя з абвінавачваньняў, што зьявіліся ў афіцыйным друку: бэрлінскае рандэву зь вядомым Рычардсам, які, зразумела, падкупіў Ноўскага за трыццаць срэбнікаў як Юду, было разьбітае бясспрэчным алібі згаданага Рычардса — ён у той дзень быў на паседжаньні трэд-юніёнаў у Гале.) Гэтая няўклюдная інтэрвэнцыя трэд-юніёнаў паставіла сьледзтва перад нялёгкай задачай даказаць дакладнасьць сваіх тэзаў і разам з тым захаваць сваю рэпутацыю ў больш шырокім міжнародным пляне. Патрэбна было паправіць тое, што яшчэ можна было паправіць.

Перамовы працягваюцца ад 8 да 21 лютага. Ноўскі ўскладняе сьледзтва, спрабуючы ў сваё прызнаньне, — адзінае, што, можа быць, застанецца пасьля ягонае сьмерці — унесьці некаторыя фармулёўкі, якія змаглі б ня столькі зьмягчыць канчатковае яго падзеньне, колькі падказаць будучаму дасьледчыку праз умела сплеценыя супярэчнасьці і перабольшваньні, што суцэльны будынак гэтага прызнаньня грунтуецца на хлусьні, выцаджанай, без сумневу, праз катаваньне. Таму зь нечаканай сілай змагаецца ён за кожнае слова, за кожную фармулёўку. Фядзюкін, із свайго боку, ня менш рашучы й асьцярожны, ставіць максымальныя патрабаваньні. Два чалавекі доўгімі начамі змагаюцца зь цяжкім тэкстам прызнаньня, задыханыя і вычарпаныя, сьхіляючыся ў густым дыме цыгарэтаў над старонкамі тэксту, і кожны спрабуе ўнесьці ў іх часьціну сваёй пасіі, сваіх перакананьняў, свайго бачаньня рэчаў зь нейкага вышэйшага пункту. Бо, няма сумневу, што Фядзюкін ведае гэтак жа, як і сам Ноўскі (і дае яму гэта зразумець), што ўсё, увесь гэты тэкст прызнаньня, зьмешчаны на якіх-небудзь дзесяцёх густа надрукаваных старонках, ёсьць самай звычайнай фікцыяй, якую ён сам, Фядзюкін, склаў на працягу доўгіх начных гадзінаў, друкуючы двума пальцамі, нязграбна і павольна (любіў усё рабіць сам), спрабуючы на падставе нейкіх умоўнасьцяў зрабіць лягічныя высновы. І яго не займалі, дарэчы, ні так званыя факты, ні так званыя характары, а толькі гэтыя ўмоўнасьці ды іхнае лягічнае функцыяваньне; ягоныя падставы можна зьвесьці, у рэшце рэшт, да тых самых, якія меў раней і сам Ноўскі, калі ён, зыходзячы зь іншай схемы, ідэальнай і ідэалізаванай, загадзя адкідаў любую ўмоўнасьць. Абодва, нарэшце, я веру, дзейнічалі па прычынах, якія пераўзыходзілі эгаістычныя й вузкія мэты: Ноўскі змагаўся, каб у сваёй сьмерці, а нават і ў сваім падзеньні, захаваць годнасьць ня толькі свайго вобразу, але і вобразу рэвалюцыянэра ўвогуле, а Фядзюкін імкнуўся ў сваіх пошуках фікцый і ўмоўнасьцяў захаваць строгасьць і пасьлядоўнасьць рэвалюцыйнай справядлівасьці, а таксама тых, хто гэтую справядлівасьць спаўняе; бо няхай лепш пацерпіць так званая ісьціна толькі аднаго чалавека, толькі аднаго дробнага арганізму, чым з-за яго апынуцца пад пытаньнем вышэйшыя прынцыпы й інтарэсы. І калі потым падчас сьледзтва Фядзюкін накідваўся на свае ўпартыя ахвяры, гэта, між іншым, не было дзівацтвам нэўротыка й какаініста, як кажуць некаторыя, але ж барацьбой за ўласныя перакананьні, якія, як і яго ахвяра, ён лічыў неэгаістычнымі, недатыкальнымі й сьвятымі. Тое, што выклікала ягоную лютасьць і ягоную справядлівую нянавісьць, быў менавіта той хваравіты эгаізм абвінавачаных, іхная паталягічная патрэба даказаць сваю невінаватасьць, сваю ўласную малую ісьціну, гэтае іхнае нэўратычнае кручэньне па коле так званых фактаў, акрэсьленаму мэрыдыянамі іх уласных чарапоў, і пры гэтым іхная сьляпая ісьціна не была ў стане ўкласьціся ў сыстэму адной вышэйшай каштоўнасьці, адной вышэйшай праўды, якая патрабуе, каб ёй прыносілі ахвяры й якая не зьвяртае й ня можа зьвяртаць увагі на людзкія слабасьці. Вось чаму для Фядзюкіна рабіўся кроўным ворагам кожны, хто ня мог зразумець той просты, амаль голым вокам бачны факт, што падпісаць прызнаньне дзеля абавязку ёсьць ня толькі справай лягічнай, але ж і маральнай, дарэчы, годнай шанаваньня. Выпадак Ноўскага быў для яго вельмі ўражваючым, таму што ён цаніў яго як рэвалюцыянэра й нейкі таму час ён нават быў для яго ўзорам. У той дзень у быдлячым вагоне на запасных рэйках суздальскай станцыі ён быў падышоў да яго, ні на нішто не зважаючы, з патрэбным рэшпэктам і поўны даверу, але атрымаў расчараваньне, якое цалкам зруйнавала ў ягоных вачах міт аб адным рэвалюцыянэры: Ноўскі не зразумеў; ягоны ўласны эгаізм (які, без сумневу, вырас зь лісьлівасьці і пахвалаў) быў мацнейшым за адчуваньне абавязку.

Аднойчы раніцай напрыканцы лютага Ноўскі вяртаецца ў сваю камэру вычарпаны, але задаволены, із зрэдагаваным рукапісам свайго прызнаньня, які павінен быў вывучыць напамяць. Рукапіс паперакройваны і сьпярэшчаны папраўкамі, зробленымі чарніламі, чырвонымі, як кроў; яму здаецца, што ягонае прызнаньне настолькі цяжкое, што сьмяротнай кары яму не пазьбегчы. Ноўскі сьмяецца альбо яму толькі здаецца, што ён сьмяецца: Фядзюкін выканаў ягоны схаваны намер і падрыхтаваў завяршальны разьдзел ягонае ганаровай біяграфіі: будучыя дасьледчыкі адкрыюць пад халодным попелам гэтых бессэнсоўных абвінавачваньняў патэтыку аднаго жыцьця й пасьлядоўны канец аднае дасканалае біяграфіі.

Абвінавачваньне, дарэчы, канчаткова зрэдагаванае 27 лютага, а працэс групы сабатажнікаў плянуецца ў сярэдзіне сакавіка. На пачатку траўня, пасьля доўгіх адтэрміновак, надыходзяць рэзкія й нечаканыя зьмены ў плянах сьледзтва. Ноўскага, які вывучыў тэкст напамяць, прыводзяць на апошнюю рэпэтыцыю ў канцылярыю Фядзюкіна; той паведамляе яму, што абвінавачваньне зьмененае й дае надрукаваны тэкст новага. Стоячы між двух ахоўнікаў, Ноўскі чытае тэкст, пасьля чаго пачынае громка выць альбо яму толькі здаецца, што ён вые. Яго йзноў адцягваюць у псярнік і пакідаюць яго тут на тры дні сярод патлусьцеўшых пацукоў. Ноўскі спрабуе разьбіць галаву аб камень муроўкі; тады на яго накладаюць вар’яцкую кашулю, сатканую з моцных валокнаў, і адводзяць у шпітальны пакой. Апрытомеўшы зь мітурусаў, прычынай чаго, без сумневу, былі ін’екцыі морфію, Ноўскі просіць, каб да яго прывялі сьледчага.

 

Фядзюкін між іншым пасьпявае, вёўшы адначасова два сьледзтвы, выцягнуць прызнаньне зь нейкага Парэсьяна, які толькі праз пагрозы й абяцаньні (а, здаецца, і з дапамогаю чаркі) падпісаў заяву аб тым, што ён асабіста перадаў Ноўскаму першую суму грошай яшчэ ў траўні 1925 году, калі яны разам працавалі на фабрыцы кабэляў у Новасібірску. Тыя грошы, сьцьвярджаў Парэсьян у сваёй заяве, былі часткаю чарговай сумы, якую яны атрымлівалі з Бэрліну кожныя тры месяцы, як хабар за выгадныя зьдзелкі, якія Ноўскі праз састарэлых поглядаў Парэсьяна і Ціцельхайма ўладкоўваў для некаторых замежных фірмаў, у першую чаргу, нямецкіх і ангельскіх. Ціцельхайм, інжынэр старога гарту і зь белай казьлінай бародкай і ў пэнснэ, ніяк ня мог зразумець, навошта яму патрэбна ўцягваць у сваё прызнаньне іншых людзей, якіх ён нават і ня ведаў, але Фядзюкін ужо вынайшаў спосаб, чым яго пераканаць: пасьля доўгага адпіраньня, стары Ціцельхайм, які вырашыў, што памрэ годна, пачуў з суседняга пакою жахлівыя крыкі, у якіх пазнаў голас сваёй адзінай дачкі. Праз абяцаньне, што ёй захаваюць жыцьцё, ён прыняў усе ўмовы Фядзюкіна і падпісаў пратакол, нават яго не прачытаўшы. (Патрэбна было, каб прайшлі гады, і на дзённае сьвятло зьявілася праўда аб Ціцельхаймах: стары ў адным транзытным абозе даведаўся, выпадкова, ад нейкай абозьніцы па прозьвішчы Гінзбург, што ягоная дачка была забітая ў турэмным сутарэньні яшчэ падчас ягонага сьледзтва.)

 

У сярэдзіне траўня адбываецца вочная стаўка паміж гэтымі двума і Ноўскім. Ноўскаму здаецца, што ад Парэсьяна тхне гарэлкай; заплятаючыся, на дрэннай расійскай мове, той выплёўвае яму ў твар фантастычныя падрабязнасьці іхнага шматгадовага супрацоўніцтва. Празь яго шчырую нянавісьць да Ноўскага дайшло, што Фядзюкін у сваім мастацтве здабываць прызнаньні дасягнуў у выпадку з Парэсьянам таго ідэалу супрацоўніцтва, які зьяўляецца ягонай мэтай і задачаю кожнага прыстойнага сьледзтва: Парэсьян, без сумневу, дзякуючы творчаму генію Фядзюкіна, успрыняў умоўнасьці як жывую рэальнасьць, больш праўдзівую, чымся туман фактаў, і тыя ўмоўнасьці афарбаваў эмацыйна – раскаяньнем і нянавісьцю. Ціцельхайм, адсутны духам, з поглядам, утаропленым у нейкі далёкі мёртвы сьвет, ня можа згадаць тых падрабязнасьцяў, што сам прыводзіў у падпісаным пратаколе, і Фядзюкін вымушаны строга нагадваць яму аб правілах добрых паводзінаў; Ціцельхайм паціху прыгадвае сумы, лічбы, мейсцы і даты. Ноўскі адчувае, як ад яго высьлізгае апошні шанец на ўратаваньне: Фядзюкін падрыхтаваў для яго самую нягодную пагібель — ён памрэ як злачынца, прадаўшы сваю душу як Юда за трыццаць срэбнікаў. (Застанецца назаўсёды, між іншым, таямніцай, ці было гэта часткаю задуманага пляну Фядзюкіна альбо паўторная зьмена ў абвінавачваньнях адбылася дзякуючы заслугам таго, хто не хацеў памерці нягоднай сьмерцю.)

У гэты вечар, пасьля вочнай стаўкі, Ноўскі зноў спрабуе выканаць самагубства, каб уратаваць хоць частку легенды. Пільнае вока і сабачы слых ахоўнікаў адкрываюць нейкія сумнеўныя гукі — верагодна, дзякуючы ўздыху палёгкі, які даносіцца з камэры паміраючага: з парэзанымі венамі Ноўскага адводзяць у шпітальную камэру, дзе ён упарта рве павязкі і дзе яго мусяць карміць штучна. (І гэта будзе наступны крок да ліквідацыі Ноўскага.)

Перад такой упартасьцю Фядзюкін саступае і называе Ноўскага (на падставе ранейшага абвінавачваньня) галавою змоўніцкай групы. Пасьля асабістых вочных ставак з кожным сябрам будучага сабатажніцкага ядра, што фармуецца пад кіраўніцтвам Фядзюкіна, Ноўскі, гледзячы ў пустэчу мёртвымі, астыгматычнымі вачыма, пазнае ў нейкіх невядомых яму, перапуджаных людзях тых, зь кім ён „каваў сьмелыя пляны ўзрываньня будынкаў жыцьцёвай важнасьці для ваеннай індустрыі”. Пры гэтым ён дадае некаторыя дэталі з напамяць вывучанага сцэнарнага тэксту. Фядзюкін, які, нарэшце, адкрывае ў Ноўскім карыснага і ўмелага супрацоўніка, дае ягонаму ўласнаму інтэлекту самому згладзіць некаторыя супярэчнасьці й несупаданьні ў складаным сцэнарыі абвінавачваньня. (Ноўскі пры гэтым карыстаецца сваім шматгадовым вопытам, атрыманым на царскай катарзе й падчас змаганьняў з уважлівымі пракурорамі.)

Спакойная плынь гэтага супрацоўніцтва апынулася пад пытаньнем толькі аднойчы, напрыканцы траўня, калі Ноўскі меў вочную стаўку зь нейкім Рабіновічам І.І. Рабіновіч быў для Ноўскага нечым накшталт духоўнага мэнтара яшчэ з ранейшых паўлаградзкіх дзён, чалавекам, які, як інжынэр і адмысловец, адкрыў талент Ноўскага і ўвёў яго ў тайны вырабу выбуховага рэчыва. У нерэгулярных, але праз тое ня менш бліскучых досьледах Ноўскага роля Ісака Рабіновіча была вялікаю: ён ня толькі даваў яму парады й забясьпечваў тэхнічнай літаратурай, але няраз уратоўваў сваім умяшаньнем і рэпутацыяй, а таксама з дапамогаю вялікіх закладаў, якія ён пакідаў за маладога Ноўскага ў пракурораў. (Пякельныя вынікі некаторых выбухаў, якія ўзрушылі Петраград у 1910 годзе, выклікалі, відаць, апраўданыя сумненьні старога Рабіновіча й празь некаторы час ён аддаліўся ад свайго залішне таленавітага вучня.) За шматлікія яго паслугі, а таксама дзеля шчырай павагі, якую меў да яго, Ноўскі змог расплаціцца зь ім у дні грамадзянскай вайны, выцягнуўшы яго з рук дбайных чэкістаў, якія ў Рабіновічу ўбачылі патэнцыйнага тэрарыста й адчулі глыбокі недавер да ягонага веданьня тайны выбуховага рэчыва. Але, здаецца ўсё ж, што сувязь паміж Ноўскім і Рабіновічам насіла перадусім афэктыўны характар: старая гісторыя аб ідэальным бацьку й адшуканьні ўласных рысаў і прыхаваных мараў у асобе нейкага маладога чалавека. Ноўскі адмовіўся падпісаць частку абвінавачваньня, што тычылася Рабіновіча. (Між іншым, прысутнасьць Рабіновіча ў абвінавачваньні мела для сьледзтва асаблівую важнасьць, улічваючы ягонае паходжаньне, расу й асяродзьдзе.) Тады Фядзюкін выкарыстаў апошні сродак: дастаў з шуфляды стала справу з прызнаньнямі Парэсьяна і Ціцельхайма, справу, якая тым часам узбагацілася новымі дэталямі ад яшчэ трох удзельнікаў таго, што называлася буйным крадзяжом дзяржаўных грошай: уся гэтая тройца называе Ноўскага сваім натхняльнікам і дае такія падрабязнасьці яго характару, што ягоны рэвалюцыйны парыў зводзіцца да нахабнай прагі да грошай, а ягоная легендарная аскетычнасьць паказваецца як блюзьнерская маска і хітрасьць; некаторыя сьведчаньні закранаюць ранейшыя парыскія і петраградзкія дні Ноўскага, з выразнымі намёкамі на шыкоўнае жыцьцё маладога рэвалюцыянэра, які свае славутыя капялюшы й чырвоныя камізэлькі купляў, зразумела, за грошы, атрыманыя з тайных фондаў Охранки.

Ноўскі разумее, што выбару няма і за контрапаслугу Фядзюкіна падпісвае прызнаньне ў тым, што прафэсар Рабіновіч супрацоўнічаў зь ім у справе вырабу выбуховых рэчываў; падрабязнасьці аб відах шрапнэлі й дэтанатараў, аб разбуральнай моцы пораху, дынаміту, газы й трынітраталуёлу, аб спосабе й мейсцы вырабу д’ябальскіх машынаў ды іхнай дэструкцыйнай моцы ў пэўных умовах Ноўскі дыктуе ў пратакол сам; у адказ Фядзюкін спальвае ў вялікай жалезнай печцы ў сваёй канцылярыі на вачах у Ноўскага кампрамэтуючую справу (зараз ужо непатрэбную) аб групе злачынцаў і спэкулянтаў.

Суд над сабатажніцкай групай з дваццацёх чалавек адбываецца за зачыненымі дзьвярыма ў сярэдзіне красавіка. Па сьведчаньні вядомага Снасэрава, Ноўскі, насуперак напару заўважнай нястачы волі, гаварыў з палкасьцю, якую той прыпісаў высокай тэмпэратуры; „Гэта была найлепшая палітычная прамова, якую я ведаю”, — дадае ён не без зласьлівасьці (робячы выразны намёк на хлусьлівыя пагалоскі, быццам бы Ноўскі быў дрэнным прамоўцам: першая самая раньняя прыкмета зруйнаваньня міту пад назовам „Ноўскі”). Адзін іншы жывы ўдзельнік працэсу (Каурын) прызнае за Ноўскім, што ён, насуперак страшэнным катаваньням, якія перажыў на працягу доўгіх месяцаў сьледзтва, нічога не згубіў ад сваёй дасьціпнасьці, „якая нас усіх і пахавала”. – „Гэта быў некалі спрытны чалавек, з рухавымі й жывымі вачыма, а зараз ён валачыў ногі й меў запалыя шчокі, твар з глыбокімі вачніцамі й здаваўся часам зусім адсутным; ён падобны быў на прывід, але не на ўласны. Але ж толькі да таго моманту, як пачаў гаварыць; тады ён ізноў быў д’ябал, а не чалавек”. Патрэбна, між іншым, прызнаць, што ролю Ноўскага ў гэтым працэсе збольшага прадвызначылі трэд-юніёны й эмігранцкая прэса, сьцьвярджаючы, што за шыльдаю гэтага працэсу стаяць правакатары, якія ня маюць ніякай сувязі з рэвалюцыянэрамі; Ноўскі, такім чынам, усю забойчую моц свайго красамоўства і тэмпэрамэнту накіраваў на тое, каб разграміць тыя аргумэнты меншавікоў і трэд-юніёнаў, якія маглі б зьвесьці ягоную біяграфію й ягоны канец менавіта да таго, чаго ён больш за ўсё баяўся й супраць чаго на працягу гэтых месяцаў вёў крывавую барацьбу не на жыцьцё, а на сьмерць.

Дзяржаўны абвінавальнік В.Н. Крычэнка, майстар вялікіх спраў, запрасіў для пяцёх галоўных абвінавачаных самае цяжкое пакараньне, але, на агульнае зьдзіўленьне, як кажа Каурын, у сваёй завяршальнай прамове ён не „мяшаў з брудам Ноўскага”. (Схіляюся паверыць, што роля Ноўскага ў гэтым працэсе была набыта за такую менавіта цану.) Нейкім чынам абвінавальнік нават прызнаў, што асоба Ноўскага, насуперак усяму, захавала да канца сваю суцэльнасьць (што даказвае ягонае шчырае супрацоўніцтва ізь сьледзтвам), і назваў яго „старым рэвалюцыянэрам”, заявіўшы, што Ноўскі заўжды быў фанатыкам сваіх ідэяў і перакананьняў, якія ў адзін крытычны момант паставіў на службу контрарэвалюцыі і міжнароднай буржуазнай змове; Крычэнка спрабаваў знайсьці навуковае тлумачэньне гэтай маральнай дэвіяцыі й адкрыў яе ў дробнабуржуазным паходжаньні абвінавачанага й згубных уплывах яго частых вандровак на Захад, дзе ён больш за ўсё цікавіўся літарацкімі багатэлямі, а не палітыкай. Перад сьмерцю ў калымскім шпіталі, дзе ён ляжаў хворы на цынгу й паўсьляпы, стары Рабіновіч распавёў доктару Таўбэ аб сваёй сустрэчы з Ноўскім у калідоры суду пасьля заканчэньня працэсу. „Барыс Давыдавіч, — сказаў я яму, — баюся, што вы звар’яцелі. Вы нас усіх пахаваеце сваёй прамовай”. Ноўскі мне адказаў зь дзіўным выразам на твары, падобным на цень усьмешкі: „Ісак Ільліч, вы павінны ведаць абрады жыдоўскіх паховінаў: у момант, калі рыхтуюцца да вынасу нябожчыка з сынагогі, каб несьці яго на могілкі, адзін із слугаў Еговы нахіляецца да нябожчыка, кліча яго па імю й гучна прамаўляе: „Ведай, што ты ёсьць мёртвым!” Затым Ноўскі на імгненьне спыніўся, а потым дадаў: „Цудоўны звычай!”

Як знак удзячнасьці і, мусіць, таму, што быў упэўнены, што выцягнуў ізь сьмерці ўсё тое, што толькі можа выцягнуць жывы чалавек, Ноўскі ў сваёй завяршальнай прамове паўтарыў, што ягоныя злачынствы цалкам заслугоўваюць меры пакараньня сьмерцю і што гэта будзе справядліва, а таксама што хадайніцтва абвінавачваньня ён ня лічыць ні ў якім разе празьмерным, і што ня будзе прасіць, каб яму захавалі жыцьцё. Паколькі ён жадаў унікнуць рухомага вузла ганебнай шыбеніцы, сьмерць пад ружжовым залпам лічыў бы шчасьлівым і годным заканчэньнем; мабыць, ён адчуваў і па-за гэтым маральным кантэкстам, што нейкая вышэйшая справядлівасьць патрабуе, каб у галаву яго ўвайшлі сталь і сьвінец.

Але яго не забілі (цяжэй, відаць, выбраць сьмерць, чым жыцьцё): пакараньне для яго было зьмененае, і пасьля году, праведзенага на чорным хлебе, ён ізноў пакрочыў па цяжкім шляху выгнаньня. На пачатку 1934 пад прозьвішчам Дольскі, тым самым, якое ён насіў падчас свайго апошняга царскага зьняволеньня, мы знаходзім яго ў толькі што калянізаваным Тургаі. (Ня трэба, між іншым, у гэтай зьмене прозьвішча шукаць наказ для будучыні, прыкметы праціўленьня й выкліку: Ноўскі, здаецца, кіраваўся перадусім практычнымі прычынамі – некаторыя ягоныя асабістыя дакуманты былі ўсё яшчэ на гэтае прозьвішча.) У той жа год ён атрымлівае ад уладаў дазвол на перабываньне ў яшчэ больш занядбаным Акцюбінску, дзе ў асяродзьдзі недаверлівых каляністаў працуе ў нейкай сельскай гаспадарцы і вырошчвае цукровую рэпу. У сьнежні родная сястра атрымлівае магчымасьць наведаць яго й застае хворага: Ноўскі скардзіцца на болі ў нырках. У гэты час ён меў ужо ўстаўныя ськівіцы з зубамі зь неаксыдаванай сталі. (Цяжка казаць, ці былі зубы ягоныя выбітыя падчас сьледзтва, як гэта сьцьвярджае лекар Таўбэ.) Ноўскі не дазволіў сястры, каб яна паспрабавала хадайнічаць перад уладамі наконт ягонага пераезду ў Маскву: ён не жадаў глядзець сьвету ў вочы. „Чакаў сьмерці ў раньнія часы, — занатоўвае яна, — якія супадалі з часам ягонага арышту: тады ён камянеў, вочы яго шклянелі й ён глядзеў у кірунку дзьвярэй, якія, між іншым, не зачыняў. Калі праходзілі гадзіны тры, браў гітару ў рукі й ціха напяваў нейкія зусім незразумелыя песьні. Меў гукавыя галюцынацыі й яму мроіліся галасы й крокі ў калідоры”. (У тыя гады ў Маскве пераказваўся наступны анэкдот: „Што зараз робіць Ноўскі? — П’е чай з парэчкавым джэмам і грае на гітары „Інтэрнацыянал”. – „Але ж пад сурдзінку”, – падае на гэта нейкі зласьлівец.)

Вядома, што Ноўскі падчас жудаснай зімы 1937 году быў зноў арыштаваны й адвезены ў невядомым кірунку. У наступным годзе знаходзім ягоныя сьляды на далёкай Інсульме. Апошні ліст, напісаны ягонай рукой, мае пячатку Кемы, што паблізу ад Салавецкіх выспаў.

Працяг і канец аповеду аб Ноўскім вядомы ад Карла Фрыдрыхавіча (які памылкова называе яго Падольскі, замест Дольскі); месца падзеяў — далёкая ледзяная Поўнач, Нарыльск.

Ноўскі зьнікае з абозу таямнічым і невытлумачальным чынам падчас адной з тых страшэнных бураў, калі й вартаўнікі на вежах, і зброя, і нямецкія аўчаркі аднолькава бездапаможныя. Перачакаўшы, пакуль заціхне пурга, за ўцякачом рушылася пагоня, аддаўшыся крыважэрнаму інстынкту сваіх псоў. Тры дні абозьнікі дарэмна чакаюць у сваіх бараках загад Пастроіцца; тры дні ашалелыя, у пене аўчаркі вырываюцца із сталёвых нашыйнікаў, цягаючы зьнясіленых аблаўнікаў па глыбокіх сьнегавых заносах. На чацьверты дзень нейкі вартаўнік выкрыў яго паблізу людвісарні, зарослага барадою й падобнага на здань — ён грэўся каля вялікага катла, у якім асядае вадкі шляк. Яго акружылі й спусьцілі аўчарак. Ахоўнікі рвануліся ў кацельную, куды іх прыцягнуў вый сабакаў: уцякач стаяў на рыштаваньнях над катлом, асьветлены полымем. Адзін з найбольш руплівых вартаўнікоў пачынае падымацца па рыштаваньнях. І калі ён набліжаецца да Ноўскага, уцякач кідаецца ў кіпучую цеклую масу, ахоўнікі бачаць, як ён зьнікае перад іхнымі вачыма, як курыцца, падобны на кудзер дыму, глухі да загадаў, непакорны, вольны ад аўчарак, ад холаду, ад гарачыні, ад пакараньня й ад пакаяньня.

Гэты адважны чалавек памёр 21 лістапада 1937, у чатыры гадзіны папаўдні. Пасьля сябе пакінуў колькісь цыгарэтаў і шчотку для зубоў.

 

Напрыканцы чэрвеня 1956 лёнданская Таймс, якая па старой добрай ангельскай традыцыі, пэўна, усё яшчэ верыць у зданяў, абвесьціла, што Ноўскага бачылі ў Маскве, паблізу крамлёўскага муру. Відавочцы пазналі яго па сталёвых зубох. Гэтую вестку перадала ўся заходняя буржуазная прэса, ахвочая да плётак і сэнсацыяў.

 

З сэрбскай мовы пераклала Алена Арэшка

 

зьмест