ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэксты


ФРАГМЭНТЫ №4
№4
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Кшыштаф Чыжэўскі

ВЯРТАНЬНЕ СЯРЭДНЯЙ ЭЎРОПЫ

 

Памяці не дастаткова, каб захаваць адзінства
                                                 із сваёй зямлёй,
з собскай мінуўшчынай. Патрэбна яшчэ
                                                 воля расшырэньня
гарызонтаў і ахвота перажыцьця новых прыгодаў.

Жан-Марі Дамэнак „Эўропа: выклік для культуры”

 

Здарылася гэта ў Грацы, дзе я адлякаўся на дарозе на Поўдзень. Здарылася гэта амаль на той самай лініі, якую Чэрчыль у 1946 годзе правёў ад Шчэціна да Трыесту і назваў „зялезнай заслонай”. Некалі гэтта адлякваўся Іва Андрыч, навучаючыся ўва ўнівэрсытэтах то Заґрабу, то Вены, то Кракава, то Грацу. Калісь гэта было ў парадку рэчаў, а сяньня гэта цяжка ўявіць. Гэта тут напрыканцы дваццатых гадоў XIX-га стагодзьдзя студэнт філязофіі Станка Враз, славенец, сустрэў Людэвіта Гая, харвацкага лідара Ілірыйскага Руху, і пад ягоным уплывам стаўся харвацкім пісьменьнікам. Гэта сяньня гэтаксама цяжка ўявіць. У гэтых колах, на бачынах заснаванага пасьлей у Заґрабе Врацам літаратурнага часапіса „Kolo”, бурліва абмяркоўвалася ідэя адзінства славян, ідэя стварэньня разам з братамі сэрбамі супольнае мовы, супольнае фэдэрацыі... А потым адкрыліся чарговыя карты гісторыі Сярэдняй Эўропы: Ясенавац, Вукавар... Бывалі гэтта таксама палякі. У нейкі мамэнт я навет падумаў аб каўні на вуліцы Тонэтгоф, дзе некалі можна было прыдбаць польскія часапісы, але падумку гэтую я ўборзьдзе адкінуў на карысьць сьціплае рэстарацыі з багатым мэню, як і прыстала сталіцы Стырыі.

Калі толькі я ўвыйшоў да рэстарацыі, адзін стары, кінуўшы праз вакно позірк на рэгістрацыйны нумар майго самаходу, падыйшоў да мяне і спытаўся: „Ваша зь Сярэдняй Эўропы?” У мяне мову заняло. Што за пытаньне? Тут, на самай лініі ня так даўна яшчэ існай „зялезнай заслоны”, гэты чалавек пра што ў ісьце ў мяне пытаецца? Пра прыналежнасьць да іншай Эўропы, гэтай беднай, хаатычнай, што пагражае людзём, якя жывуць у спакоі і дастатку? А можа ён мае наўвеце тое, што дзеецца ў калішняй Югаславіі? А можа антысэмітызм? Застаецца яшчэ пытаньне праваў чалавека (і жанок), нацыянальных мяншыняў (дагэтуль яшчэ ёсьць, трасца, і да таго ж вечна незадаволеныя), нястачы дысцыпліны, ляноты, п’янства, талеранцыі (але яна падцінае чыстую тоеснасьць), нацыяналізму (ну і што з таго, што на Захадзе ён таксама няблага маецца, наш значна горшы), плюралізму (дапушчэньня існаваньня чысьленых праўдаў, але ж ё адна і абсалютная), летуценнасьці, наіўнасьці, сьмяцьця і адпадаючых тынкаў на вуліцах, пэўных пахаў... Што ён мае наўвеце? Усе гэтыя думкі перапляліся ў маёй крохкай сярэднеэўрапейскай постаці перад абліччам гэтага ахайна апраненага спадара, у гэтай бездакорна чыстай гасподзе, у якой аплата вядзецца стабільнай валютай, у гэтым заможным, рупатліва парадкаваным месьце, насельнікі якога могуць лякацца адно... Я адказаў: „Еду з Польшчы. Але таксама можна, відаць, сказаць, што ... зь Сярэдняй Эўропы”. Сытуацыя троху нагадвала размову з афіцыянткай у маім местачку, калі на зробленую замову я пачуў цьвярозае: „Але гэта ёсьць у сьвініне”. Адказваючы, што ня ў гэтым рэч, я навет не прыпушчаў, наколькі вялікае расчараваньне я ёй дастаўлю. Урэшце ўсё было б ясна, калі б у нас у местачку быў хоць адзін жыд. Ну так, але тады я выкрыў толькі пэўнае хвальшывае ўяўленьне. А цяпер я ня мог запярэчыць. Я мог папраўдзе гэтага другога сказу не дадаваць, „з Польшчы” было б якраз досыць, альбо дадаць сьмела і папросту „з Эўропы”. Я адчуў, аднак, што такім парадкам я б зьлякаўся, і што гэты чалавек ведаў бы аб гэтым.

Тады запрашаю да століка. Добра часам пагаманіць зь некім аб справах істотна няважных, або баржджэй важных неістотна. Калі Ваша не абразішся, то сяньня я стаўляю, а назаўтрае — разумееш Ваша, назаўтрае — Ваша стаўляеш. Я запярэчыў, сказаўшы, што заўтра я мушу быць у Любляне, на што пачуў гэткі адказ: „Ваша нічога не зразумеў. Зрэшты, Ваша мяркуеш, што мяне няма ў Любляне?”

 

Такім чынам, гэта здарылася ў Грацы, на славенскіх мапах пазначаным як Град’ец. Дзіўная гамана. Я намаўляў яго, што Сярэдняя Эўропа — гэта адно фантом і да таго ж фантом анахранічны. Ён быў іншае думкі. У пэўны мамэнт я падумаў навет, што гэта фрустраваны анты-эўрапеец, які хапаецца „нявіннай і чыстай” Сярэдняй Эўропы толькі затым, каб супрацьстаўляць сябе эўракратам і ўніфікатарам. Калі чуюцца галасы некаторых інтэлектуалаў аб тым, як мы патрэбныя Эўропе, або аб тым, што мы адзіныя перахавалі дух і праўдзівыя вартасьці эўрапейскае спадчыны, якія ў іншых мясцох усюдых ужо загінулі, то — пры ўмове, што падобныя галасы маглі гучэць таксама і ў XIX стагодзьдзі — цяжка дзівіцца нашым рамантыкам, а таксама некаторым песьняром ідэі Сярэдняй Эўропы, што паддаліся спакусе мэсыянізму. Што да майго суразмоўцы, гэта было, аднак, толькі павярхоўнае ўражаньне, якое ўборзьдзе перарасло ў зацікаўленьне ягонай асобай.

Паколькі я здагадаўся, што перада мной заўзятар прамінулых часоў, размову я распачаў, іранічным тонам разважаючы аб хваравітай габсбурскай і ягелонскай настальгіі, аб адзінстве ў разнароднасьці, аб „сьвятой блытаніне”, аб „блуканьні, якое пасоўвае нас наперад”, аб талеранцыі, якая падобная да букету розных красак, кажная зь якіх пахне йнакш, дапаўняючыся, аднак, узаемна; аб дзіўных краінах, у якіх „прынцыпам кіраваньня была тэорыя як так, так і гэдак”, а баржджэй (беручы пад увагу наймудрэйшую мернасьць) ні так, ні гэдак, што троху пасьлей ператварылася ў я за, і навет супраць; аб гэтым ці то Ўсходзе, ці то Захадзе, што валодае „задаткамі шматпартыйнае сыстэмы і прызвычаеньнем да аднапартыйнае”; аб зьяве, што валодае „манаполіяй на няпэўнасьць”, „гарызонт” якой „надзвычай няясны”; аб краю, які навет паэты ўважалі „баржджэй за гарачкавы сон, чымся за нешта канкрэтнае”. Да таго ж усё ўхварбавана ў ружовы калёр, пад якім крыецца агрэсія, ксэнафобія і ўзбрынялая пыхаватасьць. Навет калі я перабольшваў, калі ягоныя ўспаміны былі іншымі, гэта і так прамінулы сьвет, затопленая Атлянтыда. Я прыводзіў прыклады Андрыча, Враца. Што засталося з гэтага ўсяго? Просьба прыгледзецца да паведамленьняў у сяньняшняй прэсе з калішняй Югаславіі. А ці ў вашай тэлевізіі не паказваюць рэпартажаў з сучаснай Сылезіі або Трансыльваніі?

Ён падтакваў, як бы хочучы мяне супакоіць. Так, Сярэдняй Эўропы „ўжо няма і яшчэ няма”. Ён зьвярнуў увагу, што, падобна як я, калі толькі пачынаў гаварыць аб Сярэдняй Эўропе, якга прыводзіў цытаты. А калі толькі ў далейшых ягоных выказваньнях пачалі зьяўляцца далікатныя аналёгіі, амбівалентнасьці, аўтаіранічныя дыгрэсіі, лёгкая дыстанцыя да найістатнейшых справаў, парадоксы і поліфанічныя сугалосьсі, я няўзнак пачаў адчуваць усё большую зь ім блізіню. З гэтай думкай „ужо няма і яшчэ няма” я мог не згаджацца, але ўжо само ейнае гучаньне і канструкцыя былі прыцягальнымі.

— Ваша пытаешся, што з гэтага засталося? Цывілізацыйная матэрыя. Яна запраўды вельмі панішчаная, але не да канца. Яна застаецца навочнай сьледамкай апошняй цывілізацыі гэтага кантынэнту. Потым былі ўжо толькі нацыянальныя культуры. Гэтая цывілізацыйная матэрыя застанецца апірышчам для тых, хто вырушвае ў пошуку шыршых гарызонтаў і новых прыгодаў.

— Значыцца, куды мы павінны былі б ісьці?

— Да Сярэдняй Эўропы

— Нонсэнс. Ваша кажаш як Зьбіґнеў Бжэзіньскі на лекцыі з цыклю імя Сэтан-Уотсана: „Усходняя Эўропа на шляху вяртаньня да Сярэдняй Эўропы”. Але гэта было даўно і няпраўда. Назіркам за Леапольдам Унґерам, пытаньне на сяньня: „Як выйсьці зь Сярэдняй Эўропы і ўвыйсьці ў Эўропу”. Я жыву на ўсходняй мяжы Польшчы. Гэтым часам туды прыплываюць вялікія сяродкі з Брусэлю на памежныя інвэстыцыі. Усі кажуць, што гэта павінна быць усходняя мяжа Эўрапейскага Зьвязу. Ё навет гэткія, хто, узыйшоўшы на навакольны ўзгорак, кідае позірк на Ўсход і бачыць іншы кантынэнт, які спавіла мыгла і які імкліва аддаляецца. Загэтым адзіная істотная турбота ў тым, зь якога боку гэтай „зялезнай заслоны” — авохці мне, выбачаюся — новага limes Эўропы мы апынімся. Тое самае датыкаецца новае структуры бясьпекі. Дзе Ваша хочаш знайсьці ў гэтых працэсах месца для Сярэдняй Эўропы? Можа, яна была патрэбна ў пэўны мамэнт, як часовая ідэя, што дапамагала баржджэй адарвацца ад Усходу. А цяпер? Бо ж мы ўжо блізу Захад. Для нас гэта пераходны пэрыяд, але пэрыяд кансэквэнтнага і станаўкога прылучэньня да эўрапейскіх структураў.

Цяпер, адылі, я спасьцерагаю, што калі я пачынаю гаварыць аб Эўрапейскім Зьвязе і таму падобных справах, то мова мая зьмяняецца, міжволі дысцыплінуецца, а месца цытатаў займаюць клішы.

— А калі гэты пераходны этап акажацца пэрманэнтным? Так і застаняцеся, прыгорненыя да нечага іншага, чымся вы самыя ё, у чаканьні, у чарзе, бачачы шанцы для сябе ў аслабленьні суседа. Так, быццам у сябе, але зьверненыя ў іншы бок, дзе дзеецца адаптацыя, а не стварэньне, абцяжарваньне, а не вывальненьне, дзе абвяшчаецца сцэнар на жыцьцё, напісаны некім іншым. Заўсёды ў правінцыі, бо чым ё правінцыя, як не перайманьнем чужых наўзораў.

— Ну добра — зачарпнуўшы паветра, я паволі зьбіраю сілы для далейшай палемікі пасьля гэтага ўдыру ў, што гэтта шмат гаварыць, чулае месца. — Прыгледзімся бліжэй да гэтай нашай Сярэдняй Эўропы. Што ў нас гэтта ё? Колькі канцэпцыяў, напр., Палацкага, Наўмана, Пілсудзкага, Масарыка. Усе яны аказаліся нерэальнымі. Апошняя, дысыдэнцкая, у восемдзясятых гадох адзяржала розгалас у сьвеце. Дыскусія разгарэлася пасьля зьяўленьня эсэ Мілана Кундэры „Разарваны Захад або Трагедыя Сярэдняй Эўропы”, дарма што ўперад гэтую праблему закраналі Часлаў Мілаш, Ёзэф Крутвар або аўтары, засярэджаныя наўкола рэдагаванага Ладзіславам Матэйкам часапіса „Cross Currents”. Здаецца, што ў гэты пэрыяд было дасягнута было шмат. „Усходні эўрапеец ужо мае собскае каралеўства. Яно ўзьнікае ў месцы ягонага жыцьця. Гэта каралеўства духу, але моцна ўкарэненае ў запраўднасьці. Усходні эўрапеец пасьляялцінскага пакаленьня сёньня патрапіць ужо абыйсьціся бяз культу Захаду і, шчыра кажучы, усё радзей думае аб ім, усё слабей памятае. Ён надзвычай паглынуты собскім жыцьцём — ён творыць новыя йменьні Эўропы, у сябе, на месцы”. Пекныя словы Барбары Таруньчук з „Zeszytów Literackich” 1987 году. Нешта мусіла быць збудаванае, каб на гэты конт можна было выказвацца. У гэтым жа часе ізь зьместу „Zeszytów Literackich” зьнікае рубрыка „Эўропа Цэнтру” — калі мы ўжо ў сябе і творым „новыя йменьні Эўропы”, то няма сэнсу далей імкнуцца да Сярэдняй Эўропы. Патрэбны былі, аднак, адно два гады, каб пераканацца, што гэта зусім ня так. Аказалася, што гэнае „ў сябе” — гэта адно часовае месца пабыту, што трэба згарнуць намёты і рушыць у дарогу да лепшай, нармальнай урэшце Эўропе. Справа Сярэдняй Эўропы вельмі хутка сталася анахранічнай. Выпіхнутая на бакавую каляіну, яна не пасьпявала за ходам падзеяў. Яна вярнулася да свайго ўлюблёнага стану пэўнай нерэальнасьці і перабываньня ў вакууме, да — як кажацца ў Каралеўстве Цэканіі — „актыўнага пасывізму”. Вось, напрыклад, зьявілася „Gazeta Środkowoeuropejska”, дадатак да нашай галоўнай „Gazety Wyborczej”, і — як бы гэта сказаць — троху выглядае на аднаўленьне славутай вэлясыпэднай Гонкі Міру, толькі што Ўсходні Бэрлін быў заменены Будапэштам, а побач з Прагай зьявілася Браціслава як асобная сталіца. І гэта ўсё з новага павеву. Няма Бухарэсту, Кіева, Вільні, Любляны і некалькіх яшчэ сталіц, якія імкнуцца да сярэднеэўрапейскасьці. Дарма што я буду несправядлівы што да шмат якіх цікавых тэкстаў, што там былі апублікаваныя, але мне падаецца, што ґазэта падзяляе сумны лёс т.зв. Вышаградзкай Групы. Спакусьліва было б прыраўнаць ейныя дзеяньні да слыннай Паралельнай Акцыі з „Чалавека бяз свомасьцяў” Музіля, якая „пакуль канчаткова адкладвае справу аўтэнтычнага дзеяньня да пазьнейшага заглыбленьня ў думку актыўнага пасывізму”.

— Калі ласка, калі ласка, так Ваша дапытваўся наконт таго, што засталося з гэнага сьвету. Але хай Ваша будзе ласкавы працягваць далей. Я асабліва цікаўлюся справамі, якія дзеюцца вонках „вышаградзкага кола”. Мне здаецца, што там адбываецца шмат цікавага. Зь Вільні да мяне даходзяць чуткі, што Альміс Ґрыбаўскас знайшоў урэшце падтрыманьне для ідэі выданьня часапіса пад назвай „Сярэдняя Эўропа” і ўжо зьявіўся ягоны першы нумар. Тое, што замірае ў Празе, можа, ажыве ў Вільні. Дарэчы, ці „Zeszyty Literаckie” не прывярнулі пасьлей гэтае рубрыкі „Эўропа Цэнтру”?

— Прывярнулі. Гэтаксама факт, што ідэя Сярэдняй Эўропы набыла большы разгон вонках Вышаградзкае Групы. У апошнім нумары часапіса „Ї”, выдаванага ў Львове маладой украінскай інтэлігенцыяй, вялікімі літарамі выдрукавана думка Ота фон Габсбурґа, выказаная ў размове з Алегам Заячкіўскім: „Украіна гэтаксама належыць да Сярэдняй Эўропы”. У тым жа Львове Цэнтар Гуманітарных досьледаў пры Ўнівэрсытэце імя Івана Франка ў пазамінулую восень арганізаваў канфэрэнцыю пад назвай „Новая Ўкраіна — Новая Эўропа”, падчас якой асноўным пытаньнем сталася сярэднеэўрапейская тоеснасьць. У Менску зьявіўся часапіс „Фрагмэнты” з падзагалоўкам „сярэднеэўрапейскі культурны агляд”. Калі я нядаўна езьдзіў туды на сэмінар „Другая Эўропа”, я сустрэў шмат людзёў, што былі пад магутным уражаньнем перакладзенага якраз на беларускую мову і апублікаванага ў „Фрагмэнтах” эсэ Кундэры аб трагедыі Сярэдняй Эўропы. Для адных гэта было вычуцьцё супольнасьці конаў і шанец на здабыцьцё ўтрачанае тоеснасьці, для іншых уцёкі ад Расіі. Нехта цьвяроза канстатаваў: „Гэтая ідэя можа прынесьці пазытыўныя вынікі пры ўмове, што яе ініцыятары і рэалізатары будуць ясна ўсьведамляць, што гэта вымушаная ідэя, часовая ідэя, (…) што гэта тактыка, а не стратэгія, „фізыка”, а не „мэтафізыка”. Нехта іншы падазрона паглядаў у бок Польшчы, баючыся, што за пазаркой ідэяй стаяць новыя імпэрыяльныя прэтэнзіі. На падобнай сустрэчы ў Заґрабе із староньнікамі нацыянальнага гаспадарства і нацыянальных тоеснасьцяў, якім ідэя Сярэдняй Эўропы была патрэбна для абароны гэтых вартасьцяў ад эўрапейскай уніфікацыі. Яны гэтаксама патрабавалі паведаміць сьвету, што яны — у адрозьненьне хаця б ад сэрбаў — гэта не Балканы, што яны — гэта акурат Сярэдняя Эўропа. Што я магу дадаць яшчэ? „Сярэдняя Эўропа ё супоўна расьцятай, накшталт павялічанага Балканскага Паўатоку. Дзеля таксама і гэтага цяпер няма жаднага сэнсу пасуляць якія-колечы пляны а праекты”. Не, гэта ня словы некага з аналітыкаў бягучае сытуацыі ў нашым рэгіёне. Гэдак пісаў пад канец свайго жыцьця Фрыдрых Наўман у апошнім нумары выдаванага ім самым тыднёвіка „Mittel-Europa”. Быў сьнежань 1918 году.

— Нягледзячы на гэта я, аднак, хацеў бы Вашу нешта пасуліць. Значыцца, цяпер палудзень, а пасьля, пасьля…

 

Вось жа здарылася гэта ў Ґрацы, у часе, калі частка жыхароў цешылася з прыгоды адкрыцьця музэю Арнольда Шварцэнэґера, а частка перажывала, што падчас адбыванага тут Экумэнічнага Кангрэсу ў чарговы раз быў зьбяёданы шанец сустрэчы духовых кіраўнікоў каталіцкай і праваслаўнай царквы. Мой сумоўнік працягваў свае разважаньні аб пэўным палемічным што да Паралельнай Акцыі прадпрыёмстве, якое ён назваў Сярэднеэўрапейскай Акцыяй. Гэта павінен быць супрацьлежны полюс да размавітых самітаў, сустрэчаў на высокім узроўні, стварэньня высокіх камісіяў і ўнівэрсальных канцэпцыяў. Яны маюць сваё значэньне, але далёка не дастатковае. Цяжка не згадзіцца з тымі, хто мяркуе, што ідэя Сярэдняй Эўропы ё ўтопіяй, калі бачыць у ёй магчымасьць стварэньня нейкай супольнай палітычна-эканамічна-культурнай структуры ў гэтым рэгіёне. Усялякія наднацыянальныя ініцыятывы тут слабыя і трацяць значэньне ў прыраўнаньні з падобнымі эўрапейскімі ініцыятывамі. Дужа нерэалістычнымі падаюцца намаганьні прышчапіць згары супольную ідэю пэўнага груду інтэлектуалаў, якая б была прынятая рознымі гаспадарствамі а нацыямі. Аднак усё гэта не перакрэсьлівае яшчэ самой справы Сярэдняй Эўропы, а адно паказвае, чым яна ня можа стаць, калі яна ня хоча застацца ў сфэры лятункаў, якім ніколі не наканавана зрэалізавацца. Сярэднеэўрапейская Акцыя — гэта крэацыя, а не рэстаўрацыя, гэта не хаўрусы гаспадарстваў і стратэгіі ўрадаў, а штадзённае супрацавенства паміж грамадзянамі, местамі а рэгіёнамі; гэта купцы, што таруюць новыя шляхі і прадпрыймальнікі, што прыцягваюць супольныя інвэстыцыі; гэта адкрытыя для суседзтва ўнівэрсытэты, выдавецтвы і сяродкі масавае інфармацыі; гэта інтэркультурнае ўзаемадзеяньне, школьныя праграмы зь інтэграцыйным характарам, маладзёвыя лягеры, дыскусыйныя клюбы, вандроўкі, моўныя курсы і спартовыя спадужніцтвы. Вельмі не стае гэткай пабудовы на самым нізе, арганічнай, цёплай дзеля міжнародных кантактаў і адначасна сьмелай у сваіх амбіцыях і размаху. Гэта праца як пры складаньні мазаікі, падчас чаго не паслугуюцца вялікімі вучасткамі, а малымі шкельцамі цярпліва дапасоўваюць іх да сябе. Так узьнікае разнародная цэласьць.

Нядаўна з прыгоды падрыхтаванага прэзыдэнтамі польска-ўкраінскага паяднаньня ў тэлевізыйнай перадачы „W centrum uwagi” выступілі тры запрошаныя госьці — першы рэпрэзэнтаваў серадовішчы польскіх вэтэранаў і патрабаваў сатысфакцыяў за выгубленьне польскае люднасьці на Валыні; другі прэзэнтаваў украінскую меншыню ў Польшчы і патрабаваў сатысфакцыяў за Акцыю „Вісла”. Паколькі падрыхтаваны дакумэнт павінен быў узяць у разьлік іхныя жаданьні, абодва спадары выглядалі на задаволеных. Добры настрой размовы папсаваў, адылі, трэйці з гасьцёў, які заміж таго каб суладна падкрэсьліць некалькігадовую працу, укладзеную ў падрыхтаваньне гэтага дакумэнту, ні стуль ні сьсюль выразіў перасьцярогу, што гэтае паяднаньне застанецца толькі на паперы, што насамрэч мы два апошнія гады так і праспалі, робячы вельмі няшмат, што дагэтуль не разробленыя і ня выдадзеныя адпаведныя школьныя падручнікі, што няшмат зроблена для польска-ўкраінскага паяднаньня на ўзроўні рэгіянальных супольнасьцяў і г.д. Прэзыдэнты падпісалі гэты дакумэнт, а адразу пасьля ў Пшэмысьлі была зроблена спроба заблякаваць арганізацыю фэстывалю ўкраінскае культуры, у Львове былі ўгнюшаныя могілкі „Orląt Lwowskich”, у Кіеве быў збэшчаны польскі сьцяг разам зь іншымі сьцягамі суседніх краін, у Лешні зьнішчаны памятны знак, прысьвечаны ахвярам Акцыі „Вісла”… Гэтым трэйцім госьцем у тэлевізыйнай студыі быў Багдан Скарадзіньскі. Я памеркаваў, што ягоная пазыцыя ў ісьце выражае дух Сярэднеэўрапейскай Акцыі. Гэткая акцыя ў сваёй аснове ё нечым іншым, чымся ўдзелам у справах, што йдуць пратараваным шляхам і бальшынёй успрыймаюцца як нешта відавочнае. Людзі, што бяруць у ёй удзел, не згаджаюцца зь існай візіяй сьвету, яны нецярплівыя і збунтаваныя, яны нястомна перапраўляюцца да другога, ня ведамага яшчэ берага. І такім чынам вяртаюцца да сябе.

 

Вось жа, слухаючы аповед майго сумоўніка, я пачаў дапаўняць яго сваімі собскімі дасветчаньнямі а роздумамі. Я ўсьвядоміў для сябе, што ўзглядна лёгка стацца ў іх эўрапейцам: школа дае веду аб заходнеэўрапейскай гісторыі а культуры, можна бязь цяжкасьці навучыцца ангельскае ці нямецкае мовы, у кнігарні ё кнігі Ўортан ці Эка, а да таго ж няма жаднае спапярэдлівасьці. Значна цяжэй, аднак, быць сярэднеэўрапейцам у Сэйнах і ўзнаямляцца, напрыклад, із сваімі сужыхарамі і найбліжшымі сусядамі летувісамі: у школе можна няшмат даведацца аб іхнай гісторыі, а аб культуры і наагул нічога, мовы ня вучаць як у школе, так і на курсах, у кнігарні няма кнігаў Баранаўскаса ці Венцловы, а да гэтага ўсяго дадаюцца яшчэ крыўды і спапярэдлівасьці. Ініцыюючы Сярэднеэўрапейскую Акцыю, трэба зьвярнуцца да ўзбочнага шляху, супоўна яшчэ не пратараванага. Ці рэальна гэта? Гэта пытаньне пра магчымасьць узьніку Сярэдняй Эўропы.

Стары з Ґрацу на мае непакоі адказаў чарговай цытатай із скарбніцы мудрасьці Цэканіі: „Калі існуе вычуцьцё запраўднасьці, мусіць існаваць і вычуцьцё магчымасьці”. На разьвітаньне — адчуваючы патрэбу выказаць словы спадзеву на паўторны шлях — акінуў яшчэ „пачуцьцё магчымае запраўднасьці належыць стаўляць вышэй за пачуцьцё запраўдных магчымасьцяў”.

 

З польскай мовы пераклаў Валерка Булгакаў

 

зьмест