ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

даль-агляды


ФРАГМЭНТЫ №4
№4
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


ДУХ І ЛІТЕРА. КИЇВ, НАЦІОНАЛЬНИЙ УНІВЕРСІТЕТ "КІЄВО-МОГІЛЯНЬСКА АКАДЕМІЯ", ФАКТ, 1997. —464 С.

 

Рубрыкі першага, здвоенага нумару гэтага вытрыманага ў традыцыйным духу інтэлектуальнага выданьня (абвешчанага як квартальнік) наступныя: Украіна сёньня; у ценю імпэрыяў; француская думка: права сілы ці сіла права; кіеўскае кола. Ці ня самай цікавай, аднак, уяўляецца апошняя з рубрык — бібліяграфія, у якой зьмешчаны рэцэнзіі на 41 украінска-, ангельска-, француска-, расейска- і польскамоўную публікацыю аўтарства найчытэльнейшых украінскіх інтэлектуалаў, што стварае „партрэт у люстрах” украінскае думкі й яе зацікаўленьняў.

У літары і ў духу выданьне шмат запазычвае з францускіх інтэлектуальных часопісаў, у прыватнасьці, з L’Esprit. Яно апублікавана пры частковай падтрымцы Францускага інстытуту ва Ўкраіне і нарадзілася ў Цэнтры эўрапейскіх гуманітарных досьледаў НАУКМА, які друкуе шмат працаў францускай думкі.

Пра намеры й палітычную карэктнасьць выданьня сьведчаць імёны перакладных аўтараў першага нумару. Сымона Вэй (L’Enracinement з прадмовамі Томаса Эліёта й Канстантына Сігава), Жорж Бэрнанос (ягонага антыфашысцкага пэрыяду), Блез Паскаль (фрагмэнт з „Думак”, заўвагі „Пра справядлівасьць”), Эманюэль Левінас і Поль Рыкёр. Беларусам, звыклым да буйства, усё гэта трохі нават нечакана („Крыніца” ў сваім першым нумары друкавала Ніцшэ, а „Фрагмэнты” — Гайдэґера).

Сярод публікацыяў нумару грунтоўны артыкул Рамана Шпарлюка „Падзеньне царскай імпэрыі і СССР: расійскае пытаньне й празьмернае пашырэньне імпэрыі” з пазбаўленым эмацыйнай староннасьці аналізам эвалюцыі і накідам пэрспэктываў расійскай імпэрскай супольнасьці; пераклад тэксту Ігара Шаўчэнкі, які разьвівае шырока культываваны міт пра „Ўкраіну паміж Усходам і Захадам”; пераклад старога (1971 год) тэксту Аляксандра Шмэмана „Плённы віхор” пра крызу, зьвязаную з „аўтакефаліяй” Праваслаўнай Цэрквы ў Амэрыцы, актуальнага ў кантэксьце сучаснага працягу пошукаў „іншага праваслаўя” і далёкі/блізкі па тэматыцы пераклад урыўку з кнігі Хрыстаса Янараса „Неразрыўная філязофія” з матывамі дачыненьняў філязофіі й праваслаўя (файны спэктар, улічваючы пратэстантызм Рыкёра, містыцызм Вэй, юдаіку Левінаса і каталіцкасьць Бэрнаноса).

Першы нумар „Духу і Літери” засьведчыў таксама пачатак (незваротнай?) эманцыпацыі расійскамоўнай інтэлектуальнай Украіны ва ўкраінскі нацыянальны дыскурс, што азначае паступовую нутраную інтэграцыю посткаляніяльнага ўкраінскага грамадзтва, сваеасаблівы трыюмф украінскіх нацыянал-лібэральных інтэлектуалаў.

Пачынаецца выданьне з матар’ялаў міждысцыплінарнага сэмінару імя Лысяка-Рудніцкага („Інтэлектуальная свабода ў сёньняшняй Украіне”, „Грамадзкія ролі інтэлігенцыі”, „Сацыяльная напружанасьць ва ўкраінскім грамадзтве”), дзе вядомыя ўкраінскія інтэлектуалы разважаюць на зададзеныя тэмы, дэманструючы палкасьць паўднёвага тэмпэрамэнту і даказваючы той разрыў, які за некалькі гадоў утварыўся між сёньняшнім украінскім мысьленьнем і тымі спробамі мысьленьня, пра якія йшлося шчэ пару гадоў таму.

Выданьне „Дух і Літера” рэдагуюць Канстантын Сігаў („Дух і Літера” прапануе чытачу разам церабіць шлях да таго абшару, на якім дазваньня зьнікаюць ізаляцыя й раскол між „навукамі пра дух” і „навукамі пра літару”, — кажа ён у прадмове да выданьня), Леанід Фінбэрг („Патрэбны дыялёг на ўзроўні аналітычных, канцэптуальных тэкстаў”), Вадым Скураціўскі („Часопіс ад самога свайго дэбюту мае паяднаць незьлічоныя „марфалягічныя тэхнікі” сучаснае думкі — і інтуіцыю яе загадкавых пад-муркаў”) і Мыкола Р’ябчук („Яна [дзяржава] ужо й так нямала спрыяе ўкраінскай культуры: ня садзіць творцаў у астрог, не перасьледуе іх ні за тэксты, ні за гутаркі, ні за самвыдат, ні за тамвыдат, не цэнзуруе нікога й не цкуе, словам, паводзіць сябе нашмат шляхетней ад усіх ранейшых дзяржаваў, у якіх украінцам выпала жыць. А ўсё іншае няхай і далей залежыць ад нас саміх”).

 

А.Д.

зьмест