ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэксты


ФРАГМЭНТЫ №4
№4
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Ан Дынь Ко

ЗАЎВАГІ ПРА САМААМАЕСАМЛЕНЬНЕ
І РАЗДВОЕНАСЬЦЬ

 

тоеснасьць

Чалавек давярае той сыстэме вартасьцяў і групе, зь якімі атаесамляе сябе. Ня ведаючы ўсёй дазваньня сыстэмы й культуры, іх правілаў, чалавек дапускае, быццам нічога з таго, з чым ён знаёмы ня поўнасьцю, не супярэчнае яму. Чалавек ня ведае на сто працэнтаў, што значыць быць белым, мужчынам, украінскамоўным беларусам, грэка-каталіком, але дапускае, каб яго вызначалі й лічылі за белага, украінскамоўнага беларуса, грэка-каталіка, мужчыну неакрэсьленага сацыяльнага стану.

 

Культурная ідэнтыфікацыя чалавека звычайна разумеецца як выбар, як ягонае атаесамленьне-сябе-з пэўнай групай, супольнасьцю і, зь іншага боку, з пэўнай сыстэмай вартасьцяў, усьведамленьне сваёй адэкватнасьці ім і іхнай сабе. Слушна, але недзе шчэ прысутнічае згода, што іх правілы й вымогі апраўданыя, а таксама гатоўнасьць прыўласьціць іх і прызнаньне свайго абавязку перад імі. Чалавек апраўдвае, вызнае, верыць, гатовы быць тоесным.

 

Самаідэнтыфікацыя чалавека — гэта неабходны этап ставаньня сабой, самаспаўненьня, а адсюль элемэнт агульнай цікавасьці да сябе, свайго і да іншых.

Ці мае чалавек законнае права выбіраць тоеснасьць? Чалавек мае права цікавіцца сабой і сваім і шукаць.

Прыпусьцім, што культурная ідэнтыфікацыя — гэта сапраўды вольнае этычнае і эстэтычнае самавызначэньне, атаесамленьне з уяўнай канструкцыяй; калі гэта й прыналежнасьць, дык не біялягічная прыналежнасьць, калі гэта й абумоўленасьць, дык не канкрэтна-гістарычная абумоўленасьць; што гэта культура, то бок выбар, то бок вераваньне, то бок вера. Але ці дастаткова чалавеку паверыць, што ён беларус, украінец, заходні паляшук, берасьцеец, вялікаліцьвін, крывіч, жыд, маларос, яцьвяг, паляк, расіец, каб стаць ім? Ён ё такім і такім, бо паводзіцца, успрымае, выбірае і аддае перавагу, быццам такі й такі, але як функцыянуюць этнічныя, сацыяльныя, гістарычныя etc. абмежаваньні культурнай ідэнтыфікацыі? Ці можа чалавек-жыд успрымаць, усьведамляць і памятаць як палестынец, чалавек-хуту — як тутсі? Ці як хуту й тутсі адначасова? Мабыць, так, і шкада гэтага чалавека.

 

Наўрад ці мае сэнс казаць пра нейкую прадвызначаную чалавеку тоеснасьць, калі ня браць найбольш крайніх апазыцый: прыкладам, тоеснасьць белага/чорнага, мужчыны/жанчыны. Такім чынам, тоеснасьць украінскіх ці беларускіх тэрыторый Эўропы не наканаваная берасьцейцу заўчасу.

 

Самаідэнтыфікацыя чалавека — мэбля ягонай сьвядомасьці. Ня будзе толку, калі заваліць жыцьцёвую прастору лішняй мэбляй.

Байструк можа даказаць сваю законнасьць. Законнае дзіця лёгка пераканаць у тым, што яно — байструк. Дакуманты маюцца, прыкметаў няма. Тоеснасьць і самаатаесамленьне — пытаньні леґітымацыі.

Перад тоеснасьцю трэба скінуць шапку.

 

Культурная ідэнтыфікацыя робіць чалавека прыналежным да традыцыі з пэрcпэктывамі вечнасьці. Толькі дзівакі ідэнтыфікуюць сябе зь непэрспэктыўнымі ўзорамі.

Кожная тоеснасьць настойвае на сваім „вечным” характары („Слава Ісусу Хрысту!” — „Навекі слава!”, „Жыве Беларусь!” — „Жыве вечна!”), і гэты (часам) вульгарны (часам) фальш вымушае нас крывіць губы. Але што разумець пад вечным? Можа, панятак вечнага трэба тлумачыць ня як бясконцую працягласьць, а як бясцэнную вартасьць.

 

Пра тоеснасьць і ідэнтыфікацыю часта гавораць у мове сваяцкіх сувязяў, гэтак, нібы той піша ў патрыятычных вершах, напрыклад, Багдановіч:

 

Маці родная, Маці-Краіна!

Не усьцішыцца гэтакі боль.

Ты прабач, Ты прымі свайго сына,

За Цябе яму ўмерці дазволь!

(Максім Багдановіч, „Пагоня”)

 

Самаатаесамленьне — ці гэта прызнаньне сваёй належнасьці ці залежнасьці? Належаць — значыць, быць часткай нечага добраахвотна, давяраць папярэдняму дыскурсу. Калі ж яно ня толькі давер, але й патрэба, дык, значыць, яна набліжаецца да залежнасьці. Залежнасьць — гэта адначасова несвабода й сымбіёз. Дык што, тоеснасьць — гэта тыранія, а атаесамленьне-сябе-з — гэта абагаўленьне (нечага па-за сабой ці, хутчэй, нечага разам з сабой?) (абагаўляючы сваю сям’ю, мы абагаўляем сябе)?

Як належнасьць да сям’і/залежнасьць ад сям’і рызыкоўная рабствам і абагаўленьнем, балянсаваньнем між захапленьнямі й нянавісьцямі, такія ж стасункі ўстанаўляюцца паміж калектыўным і індывідуальным. Ці можна разарваць прыналежнасьць да сям’і? У якой ступені прыналежнасьць да групы, супольнасьці, сыстэмы ё выбарам? Чаму адны, зацяўшыся, робяць яго толькі адзін раз, раз і назаўжды, а іншыя здольныя перакідацца а перакідацца? Касмапаліты — гэта, урэшце, пантэісты.

Радасьцю тоеснасьці чалавек заўдзячвае той ілюзіі, што ён нібыта сапраўды належыць да групы ці супольнасьці, але ж яшчэ й думцы, што група і супольнасьць залежаць ад яго і ўвасабляюцца ў ім — што ён набывае значэньне.

 

Гэтак, атаесамленьне ё мэханізмам надзеі, мэтавай канструкцыяй — часткай спосабу рабіць жыцьцё шчасьлівым. Бяруцца пэўныя схемы, ідэалы й жаданьні, а таксама іншы раз пэўнае мінулае, каб выбудаваць сыстэму каардынатаў з цэнтрам у сабе (а ня недзе там). Атаесамленьне-сябе-з запэўнівае сёньняшнюю прысутнасьць, уведзенасьць чалавека ў супольнасьць, але яна таксама можа быць страхоўкай на прыстойную сьмерць, пахаваньне, суправаджэньне ў іншае быцьцё і — працяг сябе і свайго пасьля сябе, мейсца ў часе гісторыі.

Культурная тоеснасьць імкнецца падаваць сябе як трансцэндэнтнасьць: прадугледжваецца крыніца, цень ці адбітак недзе на двары. Самаатаесамленьне, стасунак з трансцэндэнтнасьцю — гэта гарантыя абароны свайго „я”, прыроды гэтага „я”, адэкватнай ягонаму зародышу, ад фальшаваньня. Яно забясьпечвае духовую, ідэалістычную патрэбу ў прычашчэньні найвышэйшага пачатку, праўдзівага імя, крыніцаў несьмяротнасьці.

 

Тоеснасьць разьвіваецца ў тым ліку й па апазыцыі: праваслаўная фармавалася, імкнучыся аддаліцца ад каталіцкай, афрыканэрская — ад нэгрыцянскай, мужчынская — ад жаночай. Аднак і ўжо сфармуляваныя тоеснасьці існуюць, так ці гэтак адпрэчваючы іншыя. Інакш яны сябе ня мысьляць.

Што далей, то латвей; што бліжэй, то весялей.

 

Культурная тоеснасьць ґрунтуецца на культуры; культурная тоеснасьць гадуецца й заахвочваецца культурай, як тля на чарэшні мурашкамі. Культура з гэтага мае.

Культура патрэбная для добрага функцыянаваньня асабістай і калектыўнай сьвядомасьці, а значыць, і для жыцьця супольнасьці. У супольнасьцях людзей зь няўпэўненай ідэнтыфікацыяй (украінцы, беларусы — нацыянальнай ідэнтыфікацыяй) прэстыж адпаведнай культуры нізкі. Аўтарытэт нацыянальнай культуры падарваны, апроч як зь нейкіх суб’ектыўных прычынаў, шчэ й таму, што ў выніку няўпэўненасьці, амбівалентнасьці нацыянальнага самаатаесамленьня, культурная тоеснасьць не ўспрымаецца як трансцэндэнтнасьць, як нешта, паэтычна кажучы, сьвятое (калянізатары навязалі думку пра сваю культуру і сваю мову як вышэйшыя, больш разьвітыя й дасканалыя, пра тое, што адно іхная тоеснасьць мае сакральны характар; прэзыдэнт Лукашэнка, як вядома, заявіў, што на сьвеце існуюць дзьве паўнавартасныя мовы: ангельская й расейская). Беларусь і Ўкраіна — з тых краінаў, дзе не ўдалося ўстанавіць інтэлякратыю.

Культурная ідэнтыфікацыя — гэта больш-менш устойлівы набор пытаньняў-выклікаў і адказаў. Прычыны яе аслабленасьці збольшага можна зьвесьці да дзьвюх: або „пытаньняў няма”, або адказы хісткія. Звычайна, глыбей за гістарычнымі й палітычнымі тлумачэньнямі стаяць фізыялягічныя, псыхаґенэтычныя або эканамічныя прычыны.

 

„Вяртаньне гістарычнай праўды”, „вяртаньне да вытокаў”, „адраджэньне спадчыны”, „пошук радаводу” былі надта моднымі словазлучэньнямі дзесяць гадоў таму, каб заставацца ў модзе да сёньня і ня зьбіць аскомы. Сплёск цікавасьці да мінулага дапамог сфармуляваць галоўнае: ніякіх адраджэньняў — досыць, нарэшце, прызнаць сябе такімі, якімі мы ё, і зацікавіцца сабой такімі.

Навошта адшкрабаць зь сябе луску? Дастаткова адмыць яе ад мулу.

Любое вызваленьне, у тым ліку й вызваленьне з каляніяльнага сну, ё сапраўдным толькі тады, калі яно суправаджаецца рэалізацыяй усьведамленай неабходнасьці адрозьніць сябе ад „не-сябе ў сабе”, свой зародыш і ўзгадаваную зь яго падсподную адэкватную тоеснасьць ад чужародных прылепаў і фальшывага выгляду, які ё нават не муляжом, а толькі адлюстраваньнем муляжу, адрозьніць ад таго, што было штучна прышчэплена дамінатарамі (калянізатарамі), прынамсі ад таго наноснага, з-за якога чалавек пакутуе, адчувае няёмкасьць, ад таго, што замінае цяпер або да чаго было цяжка прывучыцца раней, пры асвойваньні сьвету (як да гарэлкі за абедам) (прычым гэтыя рэчы вельмі лёгка пазнаюцца — як штодзённа-пабытовыя, так і мэтафізычныя).

Як вядома ці вынікае з працаў клясыкаў посткаляніяльных студыяў, паднявольная група ці супольнасьць у выніку доўгага знаходжаньня пад чужым панаваньнем пачынае атаесамляць сябе не з сваёй рэальнай і адэкватнай тоеснасьцю, а з тым фальшывым і мэтанакіравана-нэґатыўным уяўленьнем пра сябе, якое стварае пануючая група; атаесамляць сябе з адлюстраваньнем няўдалага муляжу, жахацца сябе, бегчы ад сябе, ламаць сваю натуру, ненавідзець собскі зародыш, пагарджаць сваёй падсподнай рэчаіснасьцю, спрабаваць выцесьніць яе. Што, аднак, немагчыма, бо яна ё глыбіннаю й натуральнаю — (яна ё салодкаю) — (прызнаньне, узаконьваньне яе і спаўненьне маглі б быць слушным і разборлівым спосабам шчасьлівага жыцьця); і тым самым паднявольная супольнасьць задае сабе ў сваёй тоеснасьці раскол і роспач, губіцца і стае з аднога боку няўпэўненай і пасыўнай, а з другога боку страчвае ўменьне аб’ектыўна-крытычнага погляду на сябе, аналізу сябе, і, перабываючы ў прасторы скажоных і перакручаных вымярэньняў і ўяўленьняў, дэзарыентуецца, то бок (няўпэўненасьць пагатоў дэзарыентацыя) робіцца безабароннай перад абліччам імпэрыялістычнай групы ды яе культуры.

 

Культурная тоеснасьць, якая не зьмяняецца, застыгае й памірае. Не зьмяняецца яна тады, калі робіцца чыста дэкляратыўнай, рэччу дэкаратыўнай і музэйнай.

Народныя песьні, нацыянальныя касьцюмы, ручныя рамёствы, калядкі, купальле і іншыя абрады, ручнікі й сьцягі маюць нейкі сэнс толькі пры адначасовай сталай і трывалай адаптацыі „традыцыяў да сучаснасьці”, перазагартоўцы. Этнаграфія, што пераходзіць у вывучэньне старадаўнага сялянскага ладу жыцьця, ні ў якай прыгодзе ня ўмее замяніць сацыялёгіі й сацыяграфіі. Архаіку ў сучасным грамадзтве можа выратаваць і захаваць толькі мадэрнізацыя, зьнішчаючы пераробкай — хоць гэта парадаксальна. Супраціў мадэрнізацыі быў і ё сьмерцю.

 

Слабая нацыянальная, культурная тоеснасьць мацней і адчайней чапляецца за мову як ґрунт, не рызыкуючы абапірацца адно на свае сацыяльныя, культурныя, пабытовыя праявы, і гэта справядліва.

 

На чым трымаецца тоеснасьць беларусаў?

Так званае „агульнае мінулае” — прыдумка нацыяналістаў. Так званая „агульная будучыня” — прыдумка палітыкаў. Агульнай рэлігіі не было вельмі даўно. Мова падзяляе, а не яднае, а калі й яднае, дык хутчэй прыядноўвае. Калектыўная культурная памяць зводзіцца да некалькіх зашмальцаваных імёнаў-фэтышаў і помнікаў-этыкетак. Агульныя культурна-пабытовыя звычкі й лад жыцьця засьцілі сьвятло, загарадзілі дарогу прагрэсу. Агульныя патрэбы вышэйшага парадку пасьпяхова задавальняюцца прадукцыяй іншых культураў з-па-за межаў супольнасьці. Застаюцца сьвяты, а таксама надзея на новыя агульныя, але не такія як у суседзяў, беды й варагоў (бедаў маецца, а пошук варагоў ідзе актыўна) (і захаваецца агульнае і адасобленае войска) (Божа мой, ужо спадзяюцца на войска!). Ё шчэ гімн, які граюць на пачатку і пры канцы перадачаў. Уначы. І ўсё ж, упершыню менавіта цяпер, у ХХ ст., пераважная большасьць беларусаў і ўкраінцаў вызналі сябе беларусамі і ўкраінцамі і папрызнавалі свае саманазвы: калі тоеснасьць сапраўды ё нечым такім, што выбіраюць, то першасны выбар адбыўся наноў — і гэта тут, бадай, галоўны вынік стагодзьдзя.

 

Самаатаесамленьне — гэта тое, што лучыць чалавека з самім сабою ды сваім і зь іншымі як у штадзённым жыцьці, так і мэтафізычна, а таму й палітычнае пытаньне паціху перамяшчаецца да пытаньня тоеснасьці. У цяперашнім грамадзтве зьвяржэньне адных і ўсталяваньне іншых ладаў і ўлады — не галоўнае; пераварот і рэвалюцыя нічога не зьмяняюць, адно сымулююць зьмены. „Зьмена сьвету” цяпер — гэта зьмена дачыненьня чалавека з сабой, сваім і іншымі ды стаўленьня да сябе, свайго і іншых, зьмена празь зьмяненьне ягонай ідэнтыфікацыі.

 

Тоеснасьць і ўлада.У дэмакратычным масавым грамадзтве ўлада мела б належаць тым, хто найбольш тоесны. Барацьба за ўладу можа йсьці двума шляхамі: або максымальнага прыстасаваньня і імкненьня да як мага большай адпаведнасьці тоеснасьці-ўнівэрсальнасьці, або барацьбы за зьмяненьне гэтай тоеснасьці. Барацьба за пэўную культуру ці мову — гэта, безумоўна, барацьба за ўладу. А культура — гэта ж спорт.

Раздвоены чалавек a priori застаецца па-за бортам, але дзякуючы сваёй натуры, а часам і свайму зародышу, ён разьвівае неабыякія здольнасьці да гульні, удаваньня, мімікрыі, і гэта дае яму іншы шанц.

 

Узровень злачыннасьці ў пераліку на душу насельніцтва ва ўсходніх абласьцях Беларусі прыкладна ў два разы вышэйшы, чым у заходніх 1. Патлумачыць гэта можна толькі 25 дадатковымі гадамі таталітарнай непавагі да літары закону і літары ўвогуле, да нормы. Дадзеныя пра злачыннасьць цягнуць таксама высновы пра паралелі між паўночнаамэрыканскімі і ўсходнеславянскімі тоеснасьцямі, развагі пра сындром вялікай нацыі і культ патрыятычнай сілы.

 

Думка точыць: чым кепскае зьліцьцё моваў? Кажуць, наплывам манатоннасьці і прыйсьцём сумнага стану, калі далёкае і блізкае робяцца ўзаемазаменнымі. Ну й шо?

Рэч, мабыць, у тым, што як у раўнапраўным (пры іншых роўных) змаганьні дзьвюх цэркваў перамагае больш танная, так і ў змаганьні дзьвюх культураў пры адсутнасьці пратэкцыянізму ў сучасным, масавым чалавецтве перамагае больш танная. Вось і думаюць, што сьледам за зьліцьцём моваў нівэлююцца й тоеснасьці. Думаюць, што тоеснасьць іх групы вышэйшая за ўзровень нівэлёўкі.

Дунін-Марцінкевіч у Пінску, Багушэвіч у Нежыне, Караткевіч у Кіеве... — беларусы мелі б заваліць Украіну помнікамі ўдзячнасьці. Адзін Доўнар-Запольскі, заваёўнік Берасьця, чаго варты (таксама ў Кіеве). А калі нейкая праца й вартая напісаньня, дык то параўнальная „Шаўчэнка і Дунін-Марцінкевіч”, бо кожны зь іх ё найдаўнейшым і найлепшым партрэтам зародышу свайго народу.

 

На сёньняшні момант цалкам свабодна й сьвядома (так, як польскі інтэлігент — польскай, францускі — францускай, а ўкраінскі — украінскай) літаратурнай беларускай мовай валодае відавочна меней за пяць тысячаў чалавек. Што з гэтага будзе? Лягічны адказ: будзе новая мова (беларускі адказ: нічога ня будзе).

 

Аб’ява ў менскай ґазэце: „Прадаецца катэдж у Ратамцы, .., .., .., эўрарэмонт, эўраляндшафт”. Маюцца на ўвазе нізенькія пагорачкі (ці, пабеларуску кажучы, горы) Менскай узвышанасьці, лакомы краявід, паплатная перавага пры продажы нерухомасьці.

І туды на захадзе гара, і сюды на поўначы гара, а між тымі крутымі горамі плоскі край пад размытым небам ... loca // Pallidula, rigida, nudula...

 

За моднымі й лагоднымі размовамі пра талеранцыю, дыялёг культураў захоўваецца і йдзе сабе далей зацятае, жорсткае суперніцтва, вайна культураў. Зьнянавідная рэч — талеранцыя (мыла для вяроўкі на шыю слабых). „Любоў” і „братэрства” культураў — таксама добрыя паскудзтвы.

Увогуле, апалёгія адсутнасьці пачуцьцяў і адлегласьцяў яшчэ мае быць напісаная. Любое пачуцьцё да роўных сабе, аналягічных сабе, да тых, што ў адной парадыґме, нявартае і небясьпечнае. Чалавек любіць Бога, маўчыць і робіць, што трэба — вось як было б. А аптымізм такі ж неапраўданы й бессэнсоўны, як і пэсымізм.

 

Просяць паверыць у эфэктыўнасьць міту пра Сярэднюю Эўропу, гэтай палітычна карэктнай ідэі 90-х гадоў.

Вядома (Даніэль Ґолдгаґен) 2, што аўстрыйцы, якіх было 8% ад насельніцтва Трэцяга райху, складалі 14% эсэсаўцаў і 40% ахоўнікаў у канцэнтрацыйных лягерох. Людзі кажуць, што не было больш лютых і садысцкіх акупантаў у Беларусі ў другую сусьветную, чым вугорцы і галічане (на якой мове крычалі да ўкраінцаў тыя, каго яны палілі ў Хатыні?).

Нязвыклая жорсткасьць аўстрыйцаў, вугорцаў, харватаў (Ясенавац) і галічанаў не магла быць абумоўленаю толькі міжваеннымі крыўдамі або псыхаґенэтычнымі чыньнікамі, за гэтым мусіла стаяць нешта глыбейшае. Досьвед этнічных чыстак — таксама сярэднеэўрапейскі досьвед par excellence (прычым, амаль паўсюдны). Менавіта ў сярэднеэўрапейскіх краінах найменш уратавалася жыдоў падчас Галакосту. Сама на краіны, што ў той ці іншай ступені прэтэндуюць на сярэднеэўрапейскую спадчыннасьць, прыходзіцца пераважная колькасьць мірных ахвяраў першай і другой сусьветных войнаў.

Тактычную, палітычную ці культурную актуальнасьць сярэднеэўрапейскай ідэі не аспрэчыць, але (калі зыходзіць з таго, што ідэя Сярэдняй Эўропы па сутнасьці — гэта ідэя перамешанасьці, працяглага, паўнамаштабнага суіснаваньня моваў, этнасаў і групаў з рознымі культурнымі тоеснасьцямі на адной тэрыторыі, у адных мурох) прынцыпова яна пасьля чарговага стагодзьдзя перадзелаў і перасяленьняў ня можа быць ажыцьцёўленая, і Богу дзякаваць, іначай бы ўсё закруцілася наноў і прыйшло да новых нянавісьцяў або любовяў.

 

Ё шмат харошых ідэяў, а ідэі — яны як фотамадэлькі, і крытэрыі іх хараства залежаць толькі ад моды.

Калі чыстае Хараство ўзводзіцца ў абсалют, яно дурыць галаву і патрабуе ўсё новых і новых ахвяраў. Абсалютызаваная прыгажосьць ё падступнай, нарцысычнай, дыскрымінацыйнай, бясплоднай, а галоўнае, непадкантрольнай. Няма больш здраднай ідэі, чым атаесамленьне Бога з Хараством і Дасканаласьцю. Непадкантрольнае памнажэньне хараства згубіць, зьнішчыць той сьвет, які даспадобы чалавеку. Няма збавеньня апроч убоства.

Прага хараства, гонка за хараством, індустрыя хараства, імпэрыі хараства, рэканструкцыя хараства, рэпрадукаваньне хараства, клянаваньне хараства, праліфэрацыя хараства стаяць побач з падлеткам-інвалідам.

 

Любыя пытаньні ў рэшце рэшт зводзяцца да этычных. Пытаньне пра самаатаесамленьне, клопат пра самаатаесамленьне — гэта таксама найперш вялікае этычнае пытаньне, этычнае зацікаўленьне.

Як навучыцца рацыянальна вызначаць траекторыю ідэальнага самаатаесамленьня, далёкае адхіленьне ў адзін бок ад якой вядзе да ксэнафобіі, тупасьці, падпарадкаваньня свайго „я”, жыцьця, творчасьці і працы пэўнай ідэалёгіі з кансэквэнтнымі водурам і атрафіяй адчуваньня лініі граху, а далёкае адхіленьне ў другі бок ад якой — да dйracinement, склерозу і боўтаньня на паверхні разумовых і матар’яльных рэчаіснасьцяў?

 

раздвоенасьць

Чалавек з раздвоеным ці няпоўным самаатаесамленьнем ё выказьнікам незакончанага трываньня і адказвае на пытаньне „Што рабіў?”, а ня „Што зрабіў?”. Чалавека зь непераадольна раздвоенай культурнай ідэнтыфікацыяй можна параўнаць з транссэксуалам. Парушэньне псыхічнай ідэнтыфікацыі, парушэньне фізычнай ідэнтыфікацыі. Замест усіх думак ён сам сабе думае: „Хто я?” Адказ гатовы сам сабой: „Ды я ніхто”. Двумоўе пагатоў змацняе бікультуральнасьць. Да псыхалягічных праблемаў дадаецца яшчэ моўная няўпэўненасьць. Культурная раздвоенасьць змацняецца, калі адзін яе тып накладаецца на другі — рэлігійная, сацыяльная, ґенэтычная, этнічная.

Нейкія дробязі зьбіраюцца й складаюцца пасярод чалавека як дровы ў дырчасты хісткі кострык. Ён свой у абедзьвюх культураў і адначасова чужы абедзьвюм. Ён глядзіць зь сярэдзіны, а яно аказваецца, што сузірае знадвору.

 

Калі ідэнтыфікацыя — гэта вольны (апроч крайніх выпадкаў) выбар, дык і раздвоенасьць між дзьвюма тоеснасьцямі — таксама вольны (апроч тых самых выпадкаў) выбар. Можна ж і не ўпірацца. Апроч таго, варта адрозьніваць раздваеньне самаатаесамленьня ад часовых штучных напластаваньняў, абумоўленых паняволенасьцю, падпарадкаваньнем, падаўленьнем.

А дзе-недзе аж поўна людзей з слабой ідэнтыфікацыяй.

 

Кажная з тоеснасьцяў у вялікай меры ўяўленая на патрэбу, мітычная, эфэктыўная. Сама тоеснасьць ня ё падманным самаўзьвялічваньнем, проста яна па вызначэньні мае быць зарукай жывучасьці супольнасьці, яе культуры і простых індывідаў, таму яна ў прынцыпе — добраахвотная ілюзія, падшмараваная зручнымі вытрымкамі з калектыўнай памяці. Ніводная з тоеснасьцяў не вытрымлівае параўнаньня зь ідэалам. Яе можна зьмяняць, але, на шчасьце, ня зробіш бездакорнай.

Падвойная культурная ідэнтыфікацыя ня робіць „двойчы багатым”, „двойчы шчасьлівым”, яна пазбаўляе ґрунту, не дае чалавеку паверыць у сваю прыналежнасьць да нейкай супольнасьці. Яна выстаўляе чалавека самога аднога між дзьвюх каляінаў.

А супольнасьць раздвоеных людзей — нешта хімэрнае і марнае.

Фэномэны раздвоенасьці бываюць настолькі рознымі, што ў некаторых зь іх вельмі мала агульнага ў праявах і наступствах: раздвоенасьць культурнай ідэнтыфікацыі ўкраінскамоўнага беларуса, або каталіка, які вырас у праваслаўным атачэньні, або славяніна, разрыванага між эўрапейскай тоеснасьцю і антызаходнеэўрапейскімі імпульсамі, або асобы зь меншаснай сэксуальнай арыентацыяй, або афраамэрыканца, выгадаванага ў духу адпрэчваньня і хваравітай недаацэнкі нэгрыцянскай тоеснасьці й традыцыі, або жыда, выхаванага ў айчымнай культуры, або чалавека з амбівалентнай нацыянальнай ідэнтыфікацыяй. Магчыма, ямчэй было б казаць пра ідэнтыфікацыі (рэлігійную, сацыяльную, ґенэтычную etc.), а не ідэнтыфікацыю і, адпаведна, амбівалентнасьць той ці іншай ідэнтыфікацыі.

 

Індывідуалізацыя — шлях чалавека з раздвоеным самаатаесамленьнем.

„Культываваная” раздвоенасьць — гэта, у прынцыпе, паталёгія. Зацятая бікультуральнасьць вядзе да дэпрэсіі, страты свабоды дзеі і ўпэўненасьці: чалавек ня бачыць будучыні й ня мае энэргіі, каб дзейнічаць. Чалавек з зацята раздвоенай ідэнтыфікацыяй апанаваны сваім псыхічным жыцьцём. Свае штадзённыя (пабытовыя, жыцьцёвыя, усялякія) праблемы й непакоі, што ў якога іншага чалавека былі б перафармуляваліся ў мове сацыяльнага, нацыяналістычнага etc., у чалавека з праблемамі ідэнтыфікацыі фармулююцца ў мове псыхічнага.

Калісь раздвоенасьць ідэнтыфікацыі індывіда, як правіла, вяла да марґіналізацыі. У сучасным грамадзтве ідзецца хутчэй не пра марґінальнасьць, а пра індывідуалізм такіх індывідаў, калі толькі раздвоенасьць не стае для іх зьместам жыцьця, калі яна не пераходзіць у „злаякасную”. Індывідуалізм ёсьць апазыцыяй парадку і ўсякай трансцэндэнтнасьці (а любая тоеснасьць — гэта парадак і трансцэндэнтнасьць). Сучасны індывідуалізм — гэта ня столькі перамога эгаізму над грамадзянскім пачуцьцём, колькі перанос адказнасьці і ўлады ў сярэдзіну сябе з заменаю страху на сорам. Індывідуалісту прасьцей прыстасавацца да новага вітку адчужэньня, да рэвізіі межаў грамадзкага і асабістага жыцьця, да крушэньня нацыяналістычных ідэалёгій — усяго таго, што адбываецца цяпер у Сярэдне-Ўсходняй Эўропе.

Гэтаксама як іншы чалавек можа спрабаваць дадатковай актыўнасьцю кампэнсаваць грэх страчанага часу, амаральнага ўчынку, этычнага тупіку, так павышаная актыўнасьць чалавека з раздвоенай ідэнтыфікацыяй можа кампэнсаваць падсподнае пачуцьцё віны.

Раздвоенасьць можа даваць падставу для актывізму, творчых і працоўных дасягненьняў (аднак калі сапраўды існуе прыроджаная карэляцыя між дзеяньнем і пакутай (Поль Рыкёр), то дэпрэсіі не пазьбегне ніхто: ні хітры, ні ўмелы).

 

На чыгуначнай стрэлцы сутыкнуліся дзьве пляцформы, а на іх стаіць гэты чалавек-два-ў-адным: адна нага на адной пляцформе, а другая — на другой. Стаіць прадукт сутыкненьня двух абсягаў. Любыя крокі, скіраваныя на аддаленьне дзьвюх супольнасьцяў, паглыбленьне разрыву паміж групамі, любога недурнога раздвоенага чалавека поўняць жахам: чалавек добра ўяўляе сабе, як пляцформы разьвітваюцца і коцяцца назад сваімі калеямі, а ягоныя ногі разьяжджаюцца.

 

Здаецца, хаця людзей з насамрэч раздвоенай ідэнтыфікацыяй няшмат, раздвоенасьць сапраўды ўласьціва любому чалавеку. Аднак жа ня ўсе пра гэта ведаюць. Гэтак жа як і ня ўсе, хто ведае сваё падвойнае дно, усьведамляюць трагізм гэтага (і ў выніку выглядаюць камічна).

 

Раздвоены чалавек — прафэсыйны актор штадзённага жыцьця. А хіба ж камэдыянтам лёс — быць шчасьлівымі ў Бога?

 

сублімаваная суіцыдальнасьць

Матар’яльная база ідэнтыфікацыі — тое, што ў выніку ХХ стагодзьдзя зафіксавалася ў слове „спадчына”, уваскрошаным у нас абуджанай этнічнай сьвядомасьцю і ўплывамі з Захаду, а на Захадзе пагрозай і наступам інфармацыйнага грамадзтва. Яно набыло новы сэнс калектыўнай вартасьці, атрыманай супольнасьцю ад папярэднікаў і якая мае быць захаваная — і гэта вынік стагодзьдзя, які, можна спадзявацца, будзе мець доўгатэрміновую значнасьць.

Раней эканамічнае становішча Беларусі (і часткова Ўкраіны) — найбяднейшых рэгіёнаў кантынэнту, а таксама выкарыстаньне дрэва ў якасьці асноўнага архітэктурнага матар’ялу, запазычаныя ў стэпавых народаў практыкі татальнага вядзеньня вайны — усё гэта спрыяла плыннасьці і нетрываласьці другасных культурных формаў, прыводзіла да пэрыядычных разрываў зь мінулым. Бадай і клімат, і рэльеф, і іншыя геаграфічныя асаблівасьці не маглі не паўплываць на тоеснасьць. Хісткасьць, нетрываласьць, перарыўчатасьць стасунку з быцьцём прывяла да пашырэньня на тоеснасьць жыхароў гэтых тэрыторый Эўропы і шматбаковага разгортваньня ў ёй такой уласьцівай качавым народам рысы як нестабільнасьць. Ішлося ад зьменнасьці формаў жыцьця да зьменнасьці формаў культуры, ад матар’яльнай нестабільнасьці да нестабільнасьці сьветапогляднай (у тым ліку і бацькоў-заснавальнікаў тутэйшых мадэрных нацый). Гэтая зьменнасьць утварыла свайго роду кола з аслабленасьцю самаатаесамленьня. Толькі руйнаваньне in extremis, учыненае расійскім камунізмам, якому заманулася ўсё перакруціць, сваім размахам і цынізмам зрабіла пагатоў відавочнаю неабходнасьць асэнсаваньня й леґітымацыі сэнтымэнтальнага стасунку чалавека з папярэднім: крыжамі на ростанях, асаблівым павышэньнем інтанацыі пры канцы сынтаґмаў або старым ляндшафтам зь дзьвюма вежамі царквы на гары; толькі пэўнае паслабленьне расійскага панаваньня дазволіла здаць справу зь юды разбурэньня й самаразбурэньня. Калі нацыя прагне зьменаў у тоеснасьці, пытаньне ў тым, як дамагчыся дынамізацыі гэтае эвалюцыі.

Усьведамленьне сваёй юды і крытычны аналіз сваёй тоеснасьці — магчыма, нечуваны вынік стагодзьдзя.

 

лірыка чырвонага стагодзьдзя

Фразы й радкі, якія чалавек засвойвае ў маленстве і юнацтве, уплываюць на ягоную самаідэнтыфікацыю. Менавіта дзеля гэтага, няглядзячы на рэвалюцыю маралі і крушэньне ідэалёгіяў, працягвае йсьціся пра адказнасьць настаўнікаў і мастакоў. І тут, між іншым, нельга не згадаць пра сваеасаблівае экспэрымэнтатарства „беларускай савецкай літаратуры”, асабліва пэрыяду апагею яе папулярнасьці і ўплывовасьці, што супадае з кульмінацыяй магутнасьці і прыцягальнасьці расійскага камунізму і другой сусьветнай вайной, якая стала таксама найважнейшай падзеяй у найноўшай гісторыі краіны, што літаратура й зафіксавала.

Вайна, а перадусім партызанская, лясная вайна-вольніца, партызанская рэвалюцыя, сталася сваеасаблівай мадэрнай казаччынай і момантам славы для тоеснасьці беларусаў, перавярнуўшы іх уяўленьні пра сябе, свае патэнцыі і стасунак зь іншымі і спарадзіўшы шэраг моцных імпульсаў — ацэнка іх пазытыўнасьці ці нэґатыўнасьці была б, зразумела, надта староньняй. Наступныя пакаленьні ўзгадаваліся на літаратуры й гістарыяграфіі, засяроджаных на вайне. Міталёгія нядаўнай вайны ўнесла істотныя зьмены калі не ў самую сутнасьць нацыянальна-культурнай тоеснасьці, дык у яе выгляд. Зразумела, што на гэтай хвалі спэкуляваў і каляніяльны рэжым.

Фактычна, уся гісторыя Беларусі другой паловы ХХ ст. — гэта толькі непазьбежны працяг той рэвалюцыі. Якая яшчэ бадай ня скончылася. Дзень Перамогі застаецца галоўным сьвятам летняга цыклю, Беларусь — краінай-пераможцам з старым саюзьнікам і ворагам, сьвядомасьць застаецца кіраванай тымі самымі імпульсамі. Стаіць партызанская незалежнасьць.

 

Імаралістычны і шавіністычны дрэйф пры раскрыцьці тэматыкі вайны „беларускімі савецкімі” паэтамі не азначае, што яны ў гэтай эстэтыцы пабачылі праўды і абліччы вайны. Ішлося хутчэй пра выказваньне і вызваленьне пэўных рысаў і асаблівасьцяў нацыянальнага характару (якія ўжо сюд-туд эксплюатавалі іхныя папярэднікі па беларускім нацыянальным дыскурсе ад Багушэвіча пачынаючы), пра гульню на пэўных народных ілюзіях і мітах.

Нават у шаблённых вершах на патрыятычную тэматыку і пра родную мову „беларуская савецкая літаратура” глыбока распрацоўвала дзьве тэмы, якія зьліваюцца ў адну: крыўда і адплата (пры існаваньні ў беларускай мове дзьвюх антанімічных параў: крыўда/праўда, крыўда/помста — пошук праўды ператвараецца ў пошук сытуацыі ўзаемаразьлікаў за ўсё; сваеасаблівы міленарызм загнаных і пакрыўджаных) (ідэя дараваньня, такая важная ў тоеснасьці ўсіх краёў, абнятых хрысьцянскай цывілізацыяй, здаецца, страціла сваёй прынцыповасьці ў беларускіх тэрыторыях — тут цікава згадаць пасьлятурэмную прозу Славаміра Адамовіча, надрукаваную ў „Нашай Ніве”) — тэму, што рытуальна згадвалася нават у такіх, здавалася б, адлеглых па мэце і простых па зьмесьце й форме (якія адначасова былі праграмнымі й шырока тыражаваліся: парадокс „дыдактычнай” літаратуры) вершаў кшталту Броўкавай „Роднай мовы”, што адкрывала падручнікі па беларускай мове і дзе сярод чатырох караценькіх абзацаў, якія мелі абняць усё-ўсё, адзін абвяшчае:

А вораг находзіў, бязлітасна білі,
Трываць не хацелі абразы і слёз,

І разам з Бярозаю катаў тапілі
Пціч,
      Друць,
              Сож.

 

І ў Бураўкіна ў аналягічным хрэстаматыйным вершы „Беларусі”:

Колькі вызнаў і вынес ты, краю мой мілы!
І цяпер успамін мае грудзі пячэ,
Дзе старыя акопы як пустыя магілы,
Дзе сябры пахаваць не паспелі яшчэ.
У нябыт і нядоля, і ворагі рынулі...

Кожнай нацыі хапіла за свой век пад бок і пад галаву, аднак, плачуць яны не аднолькава галосна і па розным.

 

„Беларускім партызанам” Янкі Купалы — адэкватны адказ на першабытнасьць нацызму пад формай патрыятызму.

Партызаны, партызаны, беларускія сыны,
За пакуты, за кайданы рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны!
...
Выразайце людаедаў, вырывайце з жывых жылы,
Кроў за кроў, а смерць за смерць.

Няўменьне знайсьці дакладны й моцны вобраз хаваецца за патэтыкай, даведзенай да краю буйства. Рыфмы банальныя (лясы-каласы, сілы-магілы-жылы) або выпадковыя (пабеду-следу). Фармальных прычынаў, каб трапіць у падручнікі, няма, аднак і гэты верш вучаць у школе на памяць.

Чытаньне й завучваньне такіх вершаў перадусім падсьвядома прывучае, што ўсё можа быць, раз магчыма тое, пра што гаворыцца ў творах, што, будзьце гатовыя, дзеці, у жыцьці бываюць часы й сытуацыі, калі сьціраюцца ўсякія межы паміж чалавечым і зьвярыным: „клююць сэрца, смокчуць кроў”, „сыты людскім жырам”, „выразаў ён старцам вочы, рэзаў матак і дзяцей”. Мэтафорыка замку Дракулы, спавіваючы галаву тоеснасьці, нараджае ва ўяве хімэрных монстраў. Апроч таго, яно фармуе ў сьвядомасьці й падсьвядомасьці „пачуцьцё ворага”, а калі браць канкрэтны беларускі дыскурс — яно зьмяшчае „ворага” як элемэнт сьветабудовы на захад ад уласнай тэрыторыі.

Для „беларускага савецкага” мастацтва было ўласьціва ачарненьне немцаў (той факт, напрыклад, што Хатынь палілі ўкраінцы, а ня немцы, старанна замоўчваўся — ляснулі б схемы), перабольшваньне іх жорсткасьці. Так, у фільме „Гадзіньнік спыніўся апоўначы” ґаўляйтэр Беларусі Кубэ раздае дзецям-закладнікам чакалядкі, каб яны яму ручкі цалавалі, хоць ведае, што малых вось-вось расстраляюць. Парушэньне гістарычнай праўды відавочнае, і відавочныя ягоныя мастацкія мэты ў фільме: зрабіць забойства Кубэ актам Найвышэйшае кары, катарсысам. Калі простым узьвялічваньнем сваіх подзьвігаў не абыходзілася, калі пра вайну стваралі суцэльны міт, дык супраць каго быў скіраваны гэты міт? У супэргіце з раньняе клясы „Камсамольскі білет” („Стойка трымаўся юнак на дапросе”) таксама: цалкам нерэальная сытуацыя, неканкрэтызаваны „вораг-жандар” ставіць юнака перад дылемай: або цішкам-нішкам зьніштожыць свой камсамольскі білет, або сьмерць. Зразумела, юнак без ваганьняў выбірае сьмерць. Далей ідзе цалкам нерэальнае забойства, ня простае, а такое, якое ня кожнаму паскудзе з СС прыйшло б у галаву. Для роздуму пра суадносную вартасьць жыцьця і ідэалаў не застаецца месца.

Нянавісьць да немцаў-фашыстаў, паноў-жандароў etc. — непрыязь да таго, што заходней, фактычна, да ўсяго эўрапейскага (бо ўрэшце, Эўропу для беларусаў увасаблялі, што лягічна, і дагэтуль у шырокім сэнсе ўвасабляюць Польшча й Нямеччына) (самыя паняткі „Эўропа” і „эўрапейскі” досыць цяжка акрэсьліць, але ўсё ж за імі стаіць пэўная відавочная юдэахрысьцянская, грэкарымская, рацыяналістычная і сэнсуальная традыцыя, асабліва відавочная тым, каго хочуць ад яе адбіць) (нацызм быў паразай эўрапейскіх вартасьцяў і перамогай стэпавага, азыяцкага, ірацыянальнага, што перадгадваў яшчэ Герман Гесэ ў сваім эсэ пра „рускага чалавека”; „савецкая” ж культура акрэсьлівала панятак „рускі чалавек” празь ягонае супрацьстаяньне „эўрапейскаму барбарству” й нечалавечнасьці, што выплеснуліся на ўсходнеславянскія землі) (тыя ж эфэктыўныя антыэўрапейскія інвэктывы, якімі поўная БСЛ, толькі ў іншых формах, найчасьцей у форме карыкатуры, праходзяць пункцірам праз творы Шаўчэнкі, Дастаеўскага, Талстоя, Чэхава, Гогаля — у Фанвізінскім „Брыгадзіры” пачалося і палякамі ў „Братох Карамазавых” ня скончылася) (усходнеславянскія тоеснасьці разьвіваліся у неапраўданай апазыцыі да Эўропы, ува ўпартным змаганьні ляскоўскай блыхі) (бліскучы аналіз ксэнафобіі расійскай літаратуры робіць Віктар Ерафееў 3; паралельна з культавай нянавісьцю да крыжаносцаў гістарыяграфія выхоўвала яшчэ й непрыязь да ўсяго каталіцкага, таксама заходняга і эўрапейскага). Быць усходнім славянінам, беларусам, паводле гэтых схемаў, значыць, не паддавацца Захаду, змагацца зь ім, быць адрозным ад эўрапейцаў. Але ж аўтэнтычны зародыш усходнеславянскіх тоеснасьцяў (беларускіх і ўкраінскіх тэрыторый у большай, расійскіх у меншай ступені) — эўрапейскія. Шапка тоеснасьці ўваходзіць у супярэчнасьць з зародышам ці, як казалі тыя народнікі, „прыроднай” тоеснасьцю. Антыэўрапейскі прышчэп на эўрапейскай дзічцы дае хворую шчэпу, прырэчаную на пэрыядычнае падмярзаньне (мабыць, нельга быць прыналежным да сыстэмы агульнаэўрапейскіх вартасьцяў, адмаўляючы іх паўночназаходнеэўрапейскі варыянт: другое выключае першае) (і супрацьлеглую антыэўрапейскім ідэям нацыянальную ідэалёгію няспыннай эўрапеізацыі як супраціву сьвятлу з Усходу, якая таксама можа пераходзіць у ідэфікс і абсурд).

 

Цікава, што й Панчанка, які малюе сьвет — беларускі трылер — у воку снайпэра, і Глебка —

Ноч. Халодная зямлянка.
Перастрэлка. Цішыня.
Неба, чыстае як шклянка.
Тупат быстрага каня.

(Пятро Глебка, „Пасылка”)

(конь мог быць ходкім, лётным, шпаркім, хуткім, але ў вершы ён „быстры”; гэта ня конь скача „пад сховам цемнаты”, а „сивка-бурка вещая каурка”, гэта прывід расійскай Эўропы) (адзін з наймацнейшых і выключных вершаў беларускай савецкай паэзіі; тэма — настальгія па адрэзаным лініямі фронту родным месьце — „ад сэрца напісана”, як казалі ў тыя гады; верш вылучаецца арыгінальнасьцю ў форме і матывах) (верш пра сьвет двухвымерных прадметаў і зьяваў; сьвет бясколерны, беспрыметны, зь мінімумам кваліфікатываў; сьвет вайны; раўнінны сьвет Усходняй Эўропы сярэдзіны ХХ ст.) (увогуле, начныя вобразы і радкі — нацыянальная страва беларускіх паэтаў; каляніяльная сытуацыя — сытуацыя ночы; ад Багрымава „Ой, кажане, кажане, чаму ж ня сеў ты на мяне” да Глёбусава „Засынаю, ізноў засынаю // бо надзеі ніякай ня маю // і ў жыцьці ўжо нішто не трымае”)

— і Куляшоў —

З самалётаў не зводжу вачэй
І не веру, няўжо самалёты
Проста з неба ляцяць на дзяцей,
Сеюць смерць кулямёты.

(Аркадзь Куляшоў, „Сцяг брыгады”)

 

— і Броўка:

Гляньце — сёння ў грудзях
Толькі помста адна!

(Броўка, „Спатканне”)

 

Аднаго кожны дзень я жадаю ў жыцці:
Каб за сонцам услед мне па трупах варожых
Хоць на некалькі крокаў наперад прайсці.

(Броўка, „Рана”)

і Танк — усе яны прайшлі вайну не ў акопах, і не пад немцамі, а ваенкорамі ў франтавой ґазэце.

 

кожны чацьверты

Тое, што Нямеччына за ‘44-’45 была разбурана ня меней, чым Беларусь за ‘43-’44, і тое, што беларусы самі нямала спрычыніліся да пачатку гэтай „апошняй” вайны ў ’39-’40, нікому тут не абышло. Беларусы — задоўга самыя няшчасныя. Бо ўмеюць лічыць ахвяры ў дубль. Пачалося зь лічбы ахвяраў другой сусьветнай вайны, а што дальш, то больш. Лічбы (бярозкі ў Хатыні), гэтулькі важныя для нацыянальнай тоеснасьці беларусаў, —

 

Я іду,
ты ідзеш,
а ён не ідзе, ён мёртвы.
Я пяю,
ты пяеш,
маўчыць кожны чацвёрты.
Мы ідзем,
ідзяце вы.
Грунт пад нагамі цвёрды.
Яны не ходзяць.
Нежывы
кожны чацвёрты.

(Анатоль Вярцінскі, „Паэма пра кожнага чацвёртага”)

 

людзі бедныя, неданошаныя і ня еўшы, але людзі маюць права быць такімі, бо былі войны, бо ё прычыны (Эўропа шэсьцьсот гадоў эвалюцыянуе да ўсё большага перанясеньня адказнасьці ў сярэдзіну суб’екта, суб’екта-цела ці суб’екта-супольнасьці, беларусы ж насуперак жывуць, адмаўляючыся браць на сябе адказнасьць, экстэрыярызуючы яе) (адны ганарацца, выйшаўшы з бойкі зь сінякамі, а адны ганарацца, выйшаўшы з бойкі безь сінякоў) — пра гібель кожнага другога беларуса ў вайне з швэдамі і расійцамі ў XVII ст., кожнага трэцяга ў Паўночнай вайне, кожнага пятага (карціць пачаць пісаць драбамі) — у вайне 1812 году і ў першай сусьветнай і кожнага чацьвертага ў другой сусьветнай войнах — з кансэквэнтнымі высновамі пра асаблівасьць долі й геаграфічнага становішча, пра „прахадны двор”, „скрыжаваньне шляхоў”, „мост між усходам і захадам”, пра тое, што беларусы ня самі адказныя за свой спэцыфічны матар’яльны й маральны стан, высновамі пра „варагоў” і „сяброў”, пра выключную трагічнасьць, якая абумоўлівае выключныя правы і накладае асаблівыя абавязкі, гэткі мазахісцкі мэсыянізм — гэтыя лічбы відавочна ў шмат разоў перабольшаныя (трэба было б спыніцца на мэханізмах прыпісак і разьдзьмуваньня), але працягваюць паўзьці дагары, і ўжо ня раз чуецца пра кожнага трэцяга беларуса, забітага ў другую сусьветную вайну або ў 1812 годзе або сьцьвярджаюць (у прыватнасьці, Ігар Кузьняцоў), што ад расійска-камуністычных рэпрэсій пацярпеў кожны чацьверты. Яшчэ адзін вынік стагодзьдзя — беларусы прывучыліся гуляць мілёнамі сьмерцяў як шчытом і мячом, казыром і пяцьма картамі адной масьці. Нацыя ператварыла сваіх мёртвых у мэблю свайго дому, у капітал, у „бюлетэнь” (калі паліклінічны бюлетэнь аб непрацаздольнасьці — гэта капітал) (блаславёная і збавенная ўсходнеэўрапейская паперка — „спраўка”, што вызваляе) (цяпер па звыклай схеме ў капітал ператвараецца Чарнобыль і забруджваньне земляў радыяцыяй у выніку аварыі) 4 (увогуле, „мы ў адзіночку не пражывем”).

Чалавек тут вырастае з пэўнасьцю, што ўсё магчыма, і ўсё на сьвеце ўспрымае як нармальнае. Межы магчымага і нармальнага рассунуліся да немагчымасьці. Беларусам як нет нішто будзе зноў пакласьці мілёны людзей у зямлю (— „не впервой”) (існуе стэрэатып, што ўсходнія славяне прайграюць падступнаму й хітраму Захаду ў штадзённым жыцьці, але пры гэтым ніхто не параўнаецца зь імі па ўменьні жыць, выжываць і ваяваць у экстрэмальных сытуацыях; у якасьці арґумэнтаў на карысьць гэтай тэзы прыводзяцца войны, а сама другая сусьветная вайна; з гэтай тэзы лягічна дайсьці да высновы, што адзінае выйгрышнае, а значыць выгоднае для ўсходніх славянаў становішча рэчаў — экстрэмальнае, напрыклад ваеннае) (пайграем у вайнушку: хто будзе „немцамі”?). Падругое, калі йдзецца пра пэрыядычныя галакосты, прападае разуменьне вартасьці кожнага асобнага жыцьця кожнага асобнага чалавека. Патрэцяе, хлусьня гістарыёграфаў — маці ўсіх хлусьняў. Пачацьвертае, вялізная лічба ахвяраў апошняй вайны сакралізуе гэтую падзею, ператварае ў блюзьнерства любыя спробы гістарычных ці палітычных пераацэнак, задае пэўную арыентацыю нацыянальнай сьвядомасьці; вядома, „дзела крэпкае, калі яно скроплена крывёю”. Хто наважыцца дакапацца да рэальных і канкрэтызаваных лічбаў (колькі жыдоў, колькі жыхароў іншых краінаў, колькі расійскіх ваеннапалонных, колькі ў камэрах гестапа, колькі пад савецкімі бамбёжкамі etc.)?

 

З падачы мастацтва чалавек пагарджае найважнейшай абмежавальнай праўдай: магчымае тое, што чалавек лічыць магчымым.

 

Ад веку беларусаў „білі й крыўдзілі” — гэта стала стэрэатыпам і абґрунтаваньнем пазыцыі. Крый Божа ім зноў дарвацца да магчымасьці помсьціць, бо то будзе страшная помста. Гэта будзе сэрбскі сындром, памножаны на савецкую вывучку.

 

каб сала у хаце кубламі вялося

Калі хочацца радыкальных зьменаў, паўстае пытаньне пра выдаленьне дыдактычнага курсу літаратуры з школьных праграмаў (літаратура — нестабільнасьць, мова — стабільнасьць) (асабліва калі йдзецца пра маладую нацыю зь невялікім корпусам тэкстаў, што тоіць небясьпеку ўзьнікненьня кляўстрафобіі).

 

У культурнай казаччыны і інтэрыярызаванага намадызму два наступствы: непавага да нормы (непавага да літары правілаў і законаў, „бескультурнасьць” у сэнсе схільнасьць зьмешваць знакі; філязофія „ўсё-можа-быць”, „пачуцьцё нясталасьці й нетрываласьці”, нясталасьць у поглядах, пабытовая і сьветапоглядная неахайнасьць) і ўсходнеславянская эўрапейская/антызаходнеэўрапейская раздвоенасьць („пачуцьцё ворага”ы, пакрыўджанасьць, помсьлівасьць, гістэрычнасьць, міты пра мост між захадам і ўсходам, недаацэнка сваёй культуры й традыцыі).

 

Нават перад канцом сьвету чалавек не павінен здавацца сабе не-сабой і не-сваім.

 

зьмест