ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэксты


ФРАГМЭНТЫ №4
№4
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Наталя Якавенка

УСХОД І ЗАХАД ВА ЎКРАІНСКІМ ПРАЧЫТАНЬНІ*

 

Геаграфічную прастору, на якой разгортвалася жыцьцё ўкраінскай супольнасьці, можна ўявіць у выглядзе велізарнага чатырохкутніка, абмежаванага з поўначы прытокамі Дняпра (з правага боку — Прыпяцьцю, зь левага Дзясной і Сэймам, які ў яе ўпадае), з захаду — плынямі Сяна і Заходняга Бугу, з поўдню — палосаю прычарнаморскіх стэпаў. Па правым баку Дняпра некалькі вялікіх рэкаў — Случ, Стыр, Гарынь, Убарць — цягнуцца ад Цэнтральнай Украіны да Прыпяці, утвараючы яе лясную, валынска-палескую палову, а ў супрацьлежны бок, нацянькі праз стэпы да Чорнага мора плывуць Днестр, Паўднёвы Буг (паводле старавечных крыніцаў — Бог) і Інгул. Па левым баку Дняпра такі самы абсяг баразьняць яго папярэчныя прытокі — Псэл, Ворскла, Самара і г.д. Такім чынам, як бачна, гідраграфічная сетка даволі выразна акрэсьлівае і вось украінскай прасторы — Дняпро, і часткі сьвету, да якіх яна разгорненая.

Аднак фізычная геаграфія не супадае з „геаграфіяй уяўленьняў” адносна восевых каардынатаў Усход/Захад, Поўнач/Поўдзень, на чым варта спыніцца падрабязьней. Найбольш супярэчлівым ва ўкраінскай сьвядомасьці зьяўляецца разуменьне Ўсходу. Так, поступ бізантыйскай цывілізацыі ў Падняпроўі прынята адзначаць як уплыў бізантыйскага ўсходу, хоць цалкам відавочна, што Бізантыя адносна Кіеву зьяўляецца ня ўсходам, а поўднем, і згаданая прасторавая арыентацыя проста апэлюе да заходнеэўрапейскай традыцыі, што абапіраецца на распад хрысьцянства на ўсходні (бізантыйскі) і заходні (рымскі) кавалкі. Гэтак жа ня ўсходам (як для Эўропы), а поўднем на працягу XV-XVIII стст. быў для Ўкраіны суседні ісламскі сьвет — Крымскі ханат і яго сатэліты — Буджацкая і Едысанская Орды, у той час як уласна Ўсход цягнуўся па Левабярэжжы Дняпра ў качовішчах усходніх нагайцаў, якія межавалі з паўднёвымі ваколіцамі Маскоўскай дзяржавы. Верагодна, не без уплыву польскай эміграцыйнай публіцыстыкі 30-50 гг. XIX ст. ва ўкраінскай думцы разуменьне Ўсходу пачало распаўсюджвацца і на Маскоўскую дзяржаву як сымболь „азыятчыны”, хоць адносна Ўкраіны маскоўскія землі былі ня ўсходам, а поўначчу.

Таксама сёньня ва ўяўленьні сярэдняга адукаванага ўкраінца жыве вельмі фантастычны вобраз Усходу, што сумяшчае ў сабе несумяшчальнае — усходнехрысьцянскую (бізантыйскую, а шырэй — міжземнаморскую) цывілізацыю, цюркска-мусульманскую культуру Асманскай імпэрыі і Крымскага ханату, запраўды стэпавы Ўсход качавых ордаў і, урэшце, шматслойную разнастайнасьць расейскай культуры ў яе старой (маскоўскай) іпастасі. Канчаткова заблытвае справу вельмі пашыраная мэтафара Вячаслава Лыпынскага, яскрава апрацаваная Іванам Лысяком-Рудніцкім, якая вызначала культурную прастору Ўкраіны як „сынтэзу між Усходам і Захадам”*, то бок паміж усходнім (грэка-бізантыйскім) і заходнім (эўрапейска-лацінскім) цывілізацыйнымі сфэрамі. Праўда, гаворачы пра Ўсход, Лысяк-Рудніцкі меў на ўвазе і Бізантыю, і „сьвет эўразыйскіх качэўнікаў”, і называў апошні „магутным стрымліваючым фактарам” у разьвіцьці ўкраінскай культуры, стыхіяй, якая „ўзьдзейнічала на ўкраінскі народ звонку, але складнікам украінскага нацыянальнага тыпу ня стала” (дарма што пачатак адмаўленьня усякіх пазытыўных момантаў у кантактах Украіны-Русі з мусульманскім Усходам быў пакладзены яшчэ сярэднявечнай царкоўнай гістарыяграфіяй і публіцыстыкай зь іх алергіяй да бусурманаў).

Несумненна, што вызначаныя Лясяком-Рудніцкім маштабы ўплываў грэка-бізантыйскага Ўсходу на духоўную традыцыю, а лацінскага Захаду — на грамадзка-палітычныя структуры Ўкраіны-Русі адпавядаюць рэчаіснасьці. Аднак, калі мы адмяжуемся ад эўрацэнтрычнага пагляду на вось Усход/Захад як вырашальную для нашага культурнага разьвіцьця і глянем вакол Украіны, то заўважым, што сыстэма прасторавых каардынатаў вельмі ўскладніцца. І калі Захад у гэтай візуальнай пэрспэктыве ня зьменіць месцазнаходжаньня, асацыюючыся з тэрыторыямі па той бок ракі Сян і Заходняга Бугу, то ад бізантыйскага Ўсходу мала што застанецца. Адыграўшы сваю гістарычную ролю і сыйшоўшы з сцэны ў XV ст. (то бок, якраз тады, калі з аморфнай „Русі” пачаў выкрышталізоўвацца ўкраінскі народ), ён ператворыцца ў тры самастойныя геакультурныя кірункі: нэабізантыйскую тэакратычна-дэспатычную Поўнач (Масква), стабільны і разьвіты мусульманскі Поўдзень (Бахчысарай і Стамбул), „запраўдны” Ўсход, а дакладней — Вялікі Стэп, што падступаў да Ўкраіны ў Дзікіх Палёх Прыазоўя і будучай Слабажаншчыны. Кажная з гэтых трох прастораў пакінула ўласны сьлед у фармаваньні аблічча Ўкраіны XV-XVIII стст., то бок якраз у пару, калі быў закладзены падмурак новай гісторыі ўкраінскага народу.

Толькі ўзяўшы пад увагу гэты, прапанаваны не з высокіх званіц заходнеэўрапейскай цывілізацыі, а арганічны — зь сярэдзіны — погляд на гістарычна-культурны кантэкст, можна, на думку аўтара гэтых радкоў, зразумець істу ўкраінскай культуры ў шырокім сэнсе — ад этнабытавых традыцый да самавыражэньня ў соцыюме і палітычных чынах. У якасьці ілюстрацыі да мэтафары „Ўкраіна між Усходам і Захадам” выдатны бізантоляг Ігар Шаўчэнка прапануе прыклад субору Сьв. Сафіі ў Кіеве — бізантыйскага збудаваньня XI ст. з напластаванымі архітэктурнымі дадаткамі ў стылі эўрапейскага барока. А ці не такою ж яскравай ілюстрацыяй да мосту „Ўкраіна—азыяцкі Поўдзень—Усход” зьяўляецца постаць сымбалю ўкраінскай нацыі — казака: галаву рыцара хрысьцянскай ідэі ўпрыгожвае старажытнабаўгарскі асяледзец, прыбраны ён у мусульманскую адзежу, а жыве сярод вайсковых рэаліяў, перанесеных беспасярэдня з качавога цюрскага стэпу. І ці не з маскоўскай Поўначы прыйшло на Ўкраіну і „старацтва” Рыгора Скаварады, і чыноўніцкая акуратнасьць слупоў Расейскай імпэрыі — Качубееў, Ґалґанаў, Безбародзькаў... (пералік можна працягваць да сёньняшняга дня, не мінуўшы і анэкдатычна славутага „хахла” савецкай арміі — ад прапаршчыка да генэрала).

Такім чынам, Украіна ня толькі, як піша Лысяк-Рудніцкі, намагалася аб’яднаць абедзьве традыцыі (грэка-бізантыйскую і заходнюю) у жывую сынтэзу (што, на яго думку, складала гістарычную місію ўкраінскага народу), але і стыхійна сынтэзавала на ўласнай тэрыторыі Ўсход і Захад, Поўнач і Поўдзень. Гэтае стракатае шматгалосьсе, сказаць больш — кантрастнае несупадзеньне цывілізацыйных арбітаў, што ўсутыч падступалі да ўкраінскай этнічнай прасторы (а палітычнымі межамі нават час ад часу яе перападзялялі), спрыяла, як не парадаксальна, захаваньню ўкраінскай нацыянальнай еднасьці. На кажны з суседніх павеваў знаходзілася антытэза (як на стэпавае казацкае кола — шляхоцкі соймік парлямэнцкага тыпу), якая не дазваляла неарганічным элемэнтам культуры абсалютызавацца ў тым ці іншым рэгіёне, аддзяляючы гэты фрагмэнт этнасу ад суцэльнага масыву. Уласна дзякуючы гэтаму, насуперак моцнай вэстэрнізацыі, засталася ўкраінскай Галічына і амаль бясьсьледна (калі размова ідзе не пра антрапалягічны тып, а пра этнічную сьвядомасьць) мінула цюркізацыя памежных земляў на поўдні Наддняпраншчыны ці русіфікацыя Чарнігава-Севершчыны*.

Можна аспрэчыць гэта тым, што кажны этнас мае свае Ўсход і Захад, Поўнач і Поўдзень, але гэта не адыгрывае істотнай ролі ў фармаваньні нацыянальнай спэцыфікі. Але сытуацыя з украінскай жыцьцёвай прасторай зьяўляецца больш складанай. Паводле гіпотэзы Яраслава Дашкевіча, тэрыторыя Ўкраіны можа быць аднесеная да так званай Вялікай мяжы — культурнага памежжа між групамі цывілізацый. Менавіта празь яе да канца XVIII ст. (то бок да прамысловых зьменаў у ляндшафце і кардынальных калянізацыйных перазасяленьняў) праходзілі, як падкрэсьлівае Дашкевіч, некалькі істотных прыродных і антрапагенных межаў: біялягічная — паміж стэпам і лесам (з прамежкавай лініяй лесастэпу), гідраграфічная — між басэйнам Чорнага і Балтыйскага мораў, сацыяльна-эканамічная — між качэўніцтвам і сталым хлебаробствам, этнаканфэсыйная — між славянамі-хрысьцянамі і цюркамі-паганцамі (пазьней мусульманамі), этнакультурная — між цывілізацыямі Захаду, то бок шырака ўзятай Эўропы, і Ўсходу — ня менш шырака ўзятай Азіі. Калі біялягічныя і гідраграфічныя несупадзеньні служылі нутраным фонам для фармаваньня неаднароднасьцяў ва ўкраінскім культурным тыпажы, то гістарычна-этнічны кантэкст, у якім адбывалася крышталізацыя этнасу, аб’ядноўваў зьменлівыя зоны палітычнага, вайсковага і культурнага ўплываў з боку носьбітаў „чыстых” культураў абагулена ўзятых „Эўропы” і „Азіі”. Бар’ер між імі і ўкраінскім субстратам, нават на розныя бакі палітычных межаў, ніколі ня быў шчыльным дзякуючы калянізацыйным міграцыям, абмену палоннымі, асыміляцыі этнічных меншасьцяў (апошняе, напрыклад, яскрава пацьвярджаецца рэгулярным — ад старавечных часоў да XVIII ст. — „усмоктваньнем” цюркскага насельніцтва калястэпавымі зонамі Ўкраіны). Асобным фэномэнам паўстае моўная сытуацыя ў старой Украіне, насельніцтва якой ніколі ня мела праблемаў ні з польскай, ні з крымска-татарскай, ні з малдаўскай, расейскай ці з турэцкай мовамі. Ня менш дзіўна аб’ядноўваліся тут і традыцыі гаспадараньня, бо ў калястэпавых зонах сталае хлебабаробства дапаўнялася качавой адгоннай жывёлагадоўляй, а сама сталасьць земляробства рэалізоўвалася ў часовых гаспадарках пасечна-хутарскага тыпу, дзе апрацоўка зямлі межавалася з разнастайнымі промысламі.

Разнастайнасьць міжэтнічных кантактаў з носьбітамі заходняй (эўрапейскай) і ўсходняй (азыяцкай) цывілізацый ператварала ўкраінскую культуру ў фантастычны суплёт у ісце пазычаных, але адначасова і арганічна засвоеных звычаяў, традыцыяў, стэрэатыпаў (ня выключана, што адсюль бяруць пачатак багата якія этнапсыхалягічныя прыкметы так званага „ўкраінскага характару”, вывучэньне якіх дагэтуль, нажаль, яшчэ ня выйшла із стадыі наіўнага дылетантызму). Наагул, цяжка не згадзіцца з думкай Яраслава Дашкевіча, што ва ўкраінскіх гуманітарных навуках пераблыталіся бакі сьвету дзякуючы фактычнай адсутнасьці этнацэнтрызму, які прадугледжвае рэканструкцыю грамадзка-палітычнай і культурнай гісторыі на подзе ўласнай, удзельна-ўкраінскай візіі геакультурнай прасторы, а ня праз прыстасаваньне яе да эўропацэнтрычных стэрэатыпаў (наколькі шкоднай для ўкраінскай навукі была прымусовая „нацяжка” да масквацэнтрызму — цяпер ужо, напэўна, можна і не нагадваць).

 

З украінскай мовы пераклаў Андрэй Скурко

 

зьмест