ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэксты


ФРАГМЭНТЫ №4
№4
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Валянтын Саладоўнык

УКРАІНСКІ ШОЎ-БІЗНЭС НА ПОСТСАВЕЦКІМ РЫНКУ

 

У 1994 годзе на вуліцах Кіева гандаль аўдыяпрадукцыяй ужо ішоў поўнаю хадою. Сотні зыркіх магнітафонных касэтаў (радзей кампакт-дыскаў) ужо запаланілі вэстыбюлі станцыяў мэтро, падземныя пераходы, вітрыны камэрцыйных кіёскаў. У адных „бодках” дамінавалі заходнія поп-і рок-зоркі, у іншых — расейскія. Дарэмна было шукаць сярод гэтага стракатага тавару магнітаальбомы ўкраінскіх выканаўцаў, ну апрача хіба што касэтаў Сафіі Ратару з расійскамоўным рэпэртуарам.

Асабліва зацятыя, што праўда, маглі надыбаць на хлопцаў, якія гандлявалі рознаю ўкраінскаю атрыбутыкаю: сіня-жоўтымі сьцяжкамі, значкамі з трызубцамі і, для разнастайнасьці, бедненька аформленымі магнітафоннымі касэтамі. На аднэй зь іх — шматок паперы зь невыразным надпісам друкарскаю машынкаю „Сучасна українська естрада”. Вось і ўся інфармацыя, вось і ўвесь „дызайн”.

Украінскі (расейскі, беларускі) музычны шоў-бізнэс нараджаўся не на пустым месцы. Падмуркам былі адпаведныя, і далёка не роўнавялікія, сэгмэнты „советской эстрады” — гэтага фэномэну камуністычнай звышдзяржавы, у якім як у люстры адбіліся ейныя прыярытэты: асабліва моўна-культурныя. Адсюль далёка ня роўныя стартавыя ўмовы для нацыянальных шоў-бізнэсаў новых незалежных дзяржаваў.

Праўда, моўна-культурная палітыка, як і стаўленьне да „масавай культуры” не былі нязьменныя на працягу ўсяго часу йснаваньня СССР і „хісталіся разам зь лініяй партыі”. Для ўкраінскай эстрады аднолькава спрыяльнымі былі як часы хрушчоўскае „адлегі”, так і „раньнябрэжнеўскі пэрыяд” (да сярэдзіны 70-х гадоў). Прычым да 1972 году вышэйшым партыйным кіраўніком на Ўкраіне быў П. Ю. Шэлест, якога пасьля зьняцьця з пасады вінавалі, калі й не ўва „ўкраінскім нацыяналізьме”, то прынамся ў недастаткова энэргічнай барацьбе з гэтай „варожай” зьявай.

У гэтыя гады зьявілася нізка папулярных украінскіх песьняў Платона Майбарады, Ігара Шамо, Аляксандра Білаша, Сьцяпана Сабадаша... Дакуль украінская эстрадная песьня хінулася да стылю й традыцыі песьні народнай, рамансу, вальсу, найвядомейшымі эстраднымі сьпевакамі былі знаныя опэрныя сьпевакі — Зьмітро Гнацюк, Мікола Кандрацюк, Юры Гуляеў, Канстантын Агнявой, Дыяна Петрыненка... У іх выкананьні песьні „Марічка”, „Черемшина”, „Київський вальс”, Києве мій” былі папулярнымі ня толькі на Ўкраіне.

Пачатак 70-х гадоў азначыўся беспрэцэдэнтным уздымам папулярнасьці ўкраінскае песьні, зьвязаным зь імем тады яшчэ „самадзейнага” маладога кампазытара Валадзімера Івасюка і выканаўцаў яго песень — Назарыя Ярэмчука, Васіля Зінкевіча, якія спачатку сьпявалі ў ансамблі „Смерічка”, заснаваным Ляўком Дуткіўскім, і юнай Сафіі Ратару. Цікава, што ўсе гэтыя людзі родам з букавінскага краю: найменшай сярод абласьцёў Украіны — Чарнавецкай вобласьці.

На тэлеэкране зьяўляецца музычны фільм „Червона рута”, да якога ўвыйшлі папулярныя песьні кампазытараў з Карпацкага краю.

Песьні Валадзімера Івасюка „Червона рута” і „Водограй” стаюцца пераможцамі ўсесаюзных тэлефэстываляў „Песьня-71” і „Песьня-72”. Іх слухаюць і сьпяваюць на ўсёй тэрыторыі СССР. Песьні кампазытара гучаць у выкананьні Сафіі Ратару на міжнародным песенным фэстывалі „Сопат” у 1974 і 1977 гадох. На якісь час зьяўляецца сваеасаблівая „ўсесаюзная мода” на ўкраінскую песьню. Украінамоўныя песьні мелі ў сваім рэпэртуары папулярныя ў тыя часы „Самоцветы”, некаторыя іншыя групы й сьпевакі з Расеі.

Паказальна, што на пачатак 70-х гадоў прыпадае й нечуваны ўзьлёт беларускай эстрады. „Песьняры” сталі папулярнымі зь беларускамоўным рэпэртуарам. „Белая Русь ты мая” гучэла, як гімн. Пад „Александрыну” ці „Алесю” танчылі старшаклясьнікі а студэнты Кіева, Масквы і, напэўна, Уладзівастока. А песьня „Касіў Ясь канюшыну” навет патрапіла ў найпапулярнейшы мультфільм „Ну, погоди!”

Гэты пэрыяд быў выняткавым. Яго асаблівасьць палягала ў тым, што пры захаваньні расейскае дамінанты ў радзкай „масавакультурнай прасторы”, мелі свае „нішы” й магчымасьці часам узьнімацца на маскоўскі „алімп” таксама ўкраінская, беларуская, іншыя „пэрыфэрыйныя” культуры.

Але часы зьмяняліся... Усё часьцей гучэла прапагандысцкая тэза пра „новую историческую общность — советский народ”. Яна навет патрапіла ў прэамбулу „брэжнеўскай” канстытуцыі СССР, прынятай у 1977 годзе. Ідэолягі суслаўскай генэрацыі выдатна (трэба аддаць ім належнае) разумелі, што ўплыў масавае маладзёвае культуры на фармаваньне нацыянальнага сьведам’я, эстэтычных густаў і духовых упадабаньняў моладзі, ды й людзёў старэйшых паводле веку, калясальны.

Пачалі дзеяць закулісныя мэханізмы, так характэрныя для грамадзтва таталітарных традыцыяў і „тэлефоннага права”. Ладзяцца правакацыі, пашыраюцца чуткі.

Паволі зьмяняецца рэпэртуар „Песьняроў”. У ім зьяўляюцца „Московские окна”, „Вологда”, „Берёзовый сок” і яшчэ два дзесяткі песьняў на мове братняга народу. І песьні харошыя й лінія правільная. Адылі беларуская песьня пэўны час яшчэ не зьнікае з усесаюзнага этару. Апрыч „Песьняроў” яе сьпяваюць „Верасы” і „Сябры”...

Прыціхала патроху ўкраінская песьня. У траўні 1979 году трагічна загінуў папярэдня адлічаны з кансэрваторыі і ўжо напаўапальны Валадзімер Івасюк. Хаця тое, што сталася, больш было падобна да забойства, але афіцыйна абвясьцілі — самагубства. На хаўтуры прыходзіць „не рэкамэндавалі” — асабліва студэнтам. Паставіць помнік на магіле — забаранілі.

Да недасьветчаных грамадзянаў даходзілі адно глухія чуткі пра хвалі палітычных арыштаў, але кажны адчуваў, што за „празьмерную” любосьць да Ўкраіны можна паплаціцца.

А жыцьцё працягвалася... Шырокія народныя масы захоплена слухалі голас Алы Пуґачовай і новы, ужо пераважна расейскамоўны рэпэртуар Сафіі Ратару. Мэханізм канцэнтрацыі лепшых эстрадных сілаў у Маскве працаваў бездакорна. Там былі лепшыя ўмовы для творчасьці. Сталічныя цэнзары былі ня так стродкія, як мясцовыя перастрахавальнікі. Больш шанцаў было патрапіць у папулярныя праграмы Цэнтральнага тэлебачаньня. Без магутнае тэлевізыйнае „раскруткі” ўжо і ў тыя „дашоўбізнэсавыя” часы няма чаго было й летуцець пра вялікую папулярнасьць. А ўкраінскае тэлебачаньне было толькі бледым сьценем маскоўскага. Асталая тэхнічная база, вельмі абмежаваныя фінансавыя магчымасьці, дадатковы цэнзурны прэс абумаўлялі нізкі рэйтынг „собскага” тэлебачаньня на Ўкраіне. Таму шлях да славы пралягаў толькі праз Маскву.

Шмат выхадняў з Украіны ў розныя часы сталіся зоркамі расейскае эстрады. Сярод іх Аляксандар Вярцінскі, Клаўдзія Шульжэнка, Леанід Уцёсаў, Марк Бэрнэс, Язэп Кабзон, Валер Лявонцеў, Ігар Крутой, кабарэ-дуэт „Акадэмія”, Тацяна Аўсіенка, Валер Мэладзэ, Наталя Каралёва й ці мала іншых.

Зьмена сацыяльна-палітычнае сытуацыі, якую прынесла ґарбачоўская „перабудова”, застала ўкраінскую эстраду ці не ў найцяжшым становішчы за апошнія 20-30 гадоў. Яшчэ працягваў сьпяваць Назары Ярэмчук, якога неўзабаве забрала хвароба. Гучэў голас і Васіля Зінкевіча і некалькіх іншых эстрадных сьпевакоў, што набылі папулярнасьць 10-15 гадоў таму. Мелі яны шанавальнікаў — пераважна сярод равесьнікаў — 30-40 гадовых. Даплыў моладзі ўва ўкраінскае эстраднае мастацтва практычна прыпыніўся — так спрацавала сыстэма. І рэйтынг украінскае песьні сярод маладых, якія глядзелі пераважна „Астанкіна” й рэдка калі згадвалі, што ё яшчэ і ўкраінскае тэлебачаньне — быў значна ніжшым, чымся ў „лепшыя часы”, і працягваў падаць.

Не выпадкова, калі павеялі вятры ўкраінскага нацыянальнага адраджэньня, першы фэстываль украінскай сучаснай песьні ды папулярнай музыкі „Червона рута-89” стаўся падзеяй ня толькі мастацкаю, а й палітычнаю. Ён засьветчыў, што сучасная ўкраінская песьня ё, што яна разнажанравая й рознастылёвая, што ўва ўкраінскую эстраду прыходзіць таленавітая моладзь.

Адылі, хаця „Червона рута-89” расьцьвіла несанкцыянаванымі сіня-жоўтымі сьцягамі й Тарас Петрыненка, карыстаючыся магчымасьцямі простага этару, прасьпяваў не прадугледжаную праграмаю песьню пра Народны рух, які тады ледзь ставаў на ногі, заатакаваны афіцыйнымі мас-мэдыя, паводле арганізацыйна-фінансавых адзнакаў фэстываль больш нагадваў камсамольска-маладзёвую імпрэзу, а не акцыю шоў-бізнэсу. З выхадам на тэлебачаньне, тады яшчэ не камэрцыялізаванае, пры наяўнасьці афіцыйнага дазволу, не было праблемаў. Пра запамарочныя цэны за кажную хвіліну тэлевізыйнага этару ў прайм-тайм ня йшлося. Не дакучала й плата за арэнду залі ці стадыёну, за сьвятло, гук. Усе гэтыя праблемы зьявіліся потым.

Цікава, што ўжо створанае на той час супольнае ўкраінска-канадзкае прадпрыемства „Кобза” выпусьціла некалькі сьціпла аформленых магнітаальбомаў ляўрэатаў фэстывалю на імпартных касэтах. Але на імпартныя касэты былі сусьветныя цэны ў далярах, у той час, як на прадукты харчаваньня й рэчы першай неабходнасьці яшчэ зьберагаліся цэны значна ніжэйшыя за сусьветныя. Выходзіла так, што за тыя грошы, якія трэба было заплаціць за касэту, можна было тыдзень пражыць. Дзеля таго што ў Канадзе ні такіх суадносінаў цэнаў, ні такіх нізкіх даходаў, як на Ўкраіне, не было, фірме выгадней было ар’ентавацца на ўкраінскую дыяспару за акіянам.

За „Червонаю рутаю-89” былі „Червона рута-91” і „Червона рута-93”. Яны, а таксама іншыя фэстывалі й конкурсы, якіх стала ці мала, выводзілі на арбіту маладых таленавітых і амбітных выканаўцаў. Але ўкраінскі шоў-бізнэс усё яшчэ быў у зародкавым стане.

Магутны заходні шоў-бізнэс яшчэ мала цікавіўся бедненькім і малацывілізаваным украінскім рынкам, а вось расейскі — уважаў яго цалком сваім і небеспадстаўна. Хто-любя з двух-трох дзесяткоў маскоўскіх поп-зорак мог прыехаць да Кіева з сольным канцэртам, заплаціць немалую суму за арэнду найпрэстыжнейшай залі палацу „Україна” і ўстанавіць такую цану квіткоў, якая б забясьпечвала мінімум некалькі тысяч даляраў прыбытку за кажны канцэрт. Спонсараў — тут на Ўкраіне, сярод узгадаваных „Астанкіна” бізнэсоўцаў — маскоўскім „зоркам” таксама было знайсьці значна прасьцей, чымся юным украінскім „зорачкам”. Праўда, бальшыня ўкраінскіх сьпевакоў старшага пакаленьня мела падобныя праблемы.

У 1994 годзе навет найпапулярнейшыя ўкраінскія эстрадныя выканаўцы маглі разьлічваць на ганарар за сольны канцэрт хіба што ў 100 даляраў. Пра сольныя канцэрты ў палацы „Україна” ці Палацы спорту й ня мроілася. Праўда, можна было падняцца на гэтыя сцэны ў нейкіх вялікіх зборных канцэртах, часткава прафінансаваных дзяржаваю. Звычайна на дарагія відэакліпы й тэлевэрсіі канцэртаў таксама не было грошай.

Такім чынам, станаўленьне ўкраінскага шоў-бізнэсу прыпадае на 1994-1997 гады. За гэты час адбылося некалькі важных узаемазьвязаных падзеяў:

1.Прайшоў дастатковы час для таго, каб мілёны ўкраінскіх грамадзянаў (асабліва маладых) пазбыліся, прынамся часткава, правінцыйна-каляніяльных комплексаў непаўнавартасьці.

2. Зь вялікімі цяжкасьцямі, але адбылося першаснае назапашваньне капіталу ў шоў-бізнэсе. Частка айчынных прадпрыймальнікаў усьвядоміла пэрспэктыўнасьць укладаньня грошай у гэты спэцыфічны від айчыннай вытворчасьці.

3. Адбылася стабілізацыя нацыянальнае валюты.

4. Цэны на ўсе віды тавараў дабліжыліся да сусьветных, але значна ўзрасьлі даходы ў даляравым вылічэньні. Таму тое, што й цяпер і раней куплялася ў асноўным за даляры (музычныя інструмэнты, гукаўзмацняльная а сьвятлатэхнічная апаратура для сцэны) сталася ўзглядна танным.

5. Створана інфраструктура музычнага шоў-бізнэсу ў выглядзе мастацкіх агенцыяў, прад’юсарскіх цэнтраў, фірмаў гуказапісу, прадукаваньня відэакліпаў, тэхнічнага забесьпячэньня канцэртаў. Сярод іх найвядомейшыя: мастацкая агенцыя „Територія „А”, прад’юсарская агенцыя „NOVA”, карпарацыя „Єврошоу”, „Музична біржа”, музычная фірма із „сваім” фэстывалем „Таврійські ігри”, украінска-брытанскае СП „Комора”.

6. Істотна павысілася канкурэнтаздольнасьць украінскага тэлебачаньня. Рэйтынг дзяржаўных і прыватных тэлекампаніяў пададзены ў табліцы.

 

Табліца

Рэйтынг папулярнасьці праграмаў тэлебачаньня ў м. Кіеў паводле вынікаў апытаньня на замову Нацыянальнае рады з пытаньняў тэлебачаньня й радыё (ліпень 1997 г.).

№ п/п

тэлерадыёкампанія

тэлеканал

аддаюць
перавагу, %

1.

ІНТЭР (СП з ОРТ)

УТ-3

23,1

2.

Студія "1+1"

УТ-2

22,5

3.

ICTV

32

11,3

4.

TET

30

9,1

5.

Національна ТК Україні

УТ-1

8,0

6.

"Київ"

30

4,3

7.

ЮТАР

37

3,2

8.

Тоніс

25

2,6

9.

ТВ-Табачук

7

2,6

10.

НАРТ

25

2,4

11.

Гравіс

35

2,3

12.

Київська державнаТРК

УТ-3

1,6

13.

Народне телебачання України

7

1,0

7. Зьявілася значная колькасьць папулярных тэлеперадачаў. Відэакліпы й канцэртныя выступы ўкраінскіх выканаўцаў можна глядзець у тэлепраграмах:

„Музика на „Інтерканалі” („Інтер”, УТ-3)

„Пісня року” („Студія 1+1”, УТ-2)

„Доброго ранку, країно!” („Студія 1+1”, УТ-2)

„Сніданок меломана” (УТ-2)

Хіт-парад „Території „А” (ІСТV)

„Національний хіт-парад” (УТ-1)

Фант-лото „Надія” (УТ-1)

„Пісня дня” (ТЕТ, 30 канал)

„Музична погода” („Київ”, 30 канал)

„Хіт-фабрика” (СТБ, 50 канал)

Усяго музычных тэлепраграмаў на агульнанацыянальных і міжрэгіянальных тэлеканалах больш трох дзесяткоў. Іхная пэрыядычнасьць ад некалькіх выпускаў на дзень да двух на месяц.

8. Склалася сетка музычных праграмаў на трох дзяржаўных радыёканалах („Шлягер”, „Хіт-парад „12-2” і г.д. ). Апрыч таго, зьявіліся дзесяткі недзяржаўных музычных радыёстанцыяў, што працуюць у FM-дыяпазоне й карыстаюцца ўзрастаючай папулярнасьцяй.

Узрост папулярнасьці абумовіў і ўзрост даходаў. Цяпер ужо за сольны канцэрт 10-15 найпапулярнейшых сьпевакоў Украіны адзержваюць ганарар не 100 $, як 3 гады таму, а, паводле інфармацыі ґазэты „Україна молода” (21. 10. 97), 800-3000$. Гэта, хаця і менш, чымся маюць найпапулярнейшыя расейскія калегі, але не на парадак. Таму запрашэньне ў Расею ці іншую дзяржаву для працы „на другіх ролях” сталася не такім прываблівым, як у недалёкім мінулым.

Цяпер ужо Кіеў стаўся цэнтрам канцэнтрацыі ўкраінскіх талентаў. Найпапулярнейшыя сьпевакі Ўкраіны Аляксандар Панамар’ёў і Юрка Юрчанка, нядаўныя жыхары м. Хмяльніцкага. Найпапулярнейшыя поп-гурты „Аквавіта” і „Скрябін” прыбылі да Кіева адпаведна з Кіраваграду й Львоўскае вобласьці. Сярод найпапулярнейшых сьпявачак ё „даўныя” кіеўлянкі, як Ірына Білык ці Таісія Павалій. А Вольга Юнакова й Ані Лорак сталіся ведамымі, яшчэ калі жылі адпаведна ў Львове й Чарнаўцох.

Паволі зьмяняецца айчынны аўдыярынак. Цяпер ужо ў творчым даробку ўкраінскіх эстрадных выканаўцаў ё як найменш паўтысячы магнітафонных касэтаў (з больш прыстойным дызайнам) і зь дзьве сотні кампакт-дыскаў. Але на кажную сотню магнітаальбомаў, што ё ў продажы у шматлікіх шапіках, прыпадае ўсяго 10-15, запісаных украінскімі выканаўцамі. Асобныя магнітаальбомы — „З ранку до ночі” Аляксандра Панамар’ёва, „Так просто” Ірыны Білык, „Ла-ла-ла” Наталі Магілеўскай, „Привокзальная” Гаріка Крычэўскага разышліся мілённымі накладамі („Киевские ведомости” — 21.11 97). Больш дзесяцёх выканаўцаў маюць агульны наклад сваіх магнітаальбомаў, які набліжаецца да мілёну. На аўдыярынку Ўкраіны насьпяваюць „рэвалюцыйныя” зьмены ў сувязі з уводжаньнем з 1 студзеня 1998 году новых правілаў гандлю аўдыя-і відэапрадукцыяю. Адзін з аргумэнтаў на карысьць актуальнасьці ўводжаньня новых правілаў гандлю — неабходнасьць барацьбы з працьвітаючым на гэтым рынку „пірацтвам”.

Нясьпеласьць украінскага шоў-бізнэсу праяўляецца ў тым, што асноўны даход яго дзяячы маюць не ад рэалізацыі аўдыяпрадукцыі, як на Захадзе, а ад канцэртаў. Збольшага грошы зарабляюцца ў несупынных гасьцінах па местах Украіны. Гасьцінныя туры папярэдня рэклямуюцца ў тэлебачаньні а радыё. Асаблівую актыўнасьць праяўляе мастацкая агенцыя „Територія „А”, якая двойчы на дзень выходзіць у этар на недзяржаўным тэлеканале „ICTV” і адзін раз — на другой агульнанацыянальнай радыёпраграме „Промінь”, а таксама мае тыднёвік „Музичний тиждень „Території „А”. Дадзеныя пра гасьціны, іншая актуальная інфармацыя публікуецца ў штамесячным бюлетэні „Шоў-бізнэс”, а таксама ў часапісе „Галас”. Часапіс „Галас” — музычнае ўкраінскае выданьне, разьлічанае на маладзёвую аўдыторыю. Яно мае высокую якасьць каляровага друку й прадаецца ў камплекце з магнітафоннаю касэтаю ў арыгінальнай пакоўцы.

Гады тры-чатыры таму значная цікавасьць да ўкраінскае сучаснае песьні была толькі ў заходніх і, часткава, паўночных і цэнтральных абласьцёх Украіны, дзе пераважае ўкраінамоўнае насельніцтва. Цяпер канцэрты маладых украінскіх „зорак” (ім збольшага па 18-30 гадоў) зьбіраюць некалькітысячныя аўдыторыі і ў Адэсе, Данецку ці Сэвастопалі.

Сваеасаблівым „атэстатам сьпеласьці” для папулярнага выканаўца ё аншляг на сольным канцэрце у Кіеве ў палацы „Україна”. Ня больш дзесяцёх украінскіх выканаўцаў на сяньня здольныя на такое. Адылі сольны канцэрт у менш прэстыжнай залі (тысячы на паўтары), але ў Кіеве, таксама ўважаецца этапным.

Аднак у рэгіёнах ё свае высакарэйтынгавыя сцэны. Так, прэстыжнымі ўважаюцца сольныя канцэрты ў залях Львоўскага й Адэскага опэрных тэатраў, ведамных сваёю красою.

Што да мовы песьняў украінскіх выканаўцаў, то ў цэлым пераважае ўкраінская. Напрыклад, з дваццацёх песьняў, якія паводле ведамак ґазэты „Киевские ведомости” (5. 12. 97) былі найпапулярнейшымі ў лістападзе 1997 году, васямнаццаць — на ўкраінскай мове. Аднак гэты паказьнік вызначаны паводле вынікаў апытаньня, а не, скажам, паводле абыйма рэалізацыі аўдыякасэт. Дарэчы, досыць пашыранаю ё практыка, калі адзін і тэй жа выканавец адначасова або зь невялікім прамежкам часу выпускае дзьве касэты — адна ўкраінскаю, другая — расейскаю мовамі (Мікола Гнацюк, „Аква віта”, „Каріна Плай”). Ё папулярныя выканаўцы, якія сьпяваюць вылучна або пераважна на ўкраінскай мове (Ірына Білык, Аляксандар Панамар’ёў, Юрка Юрчанка, Таісія Павалій, Руслана Лыжычка, гурты „Скрябін” ці „Фантом-2”). Аднак ё нямала ўкраінскіх выканаўцаў, што сьпяваюць пераважна або толькі на расейскай мове. Гэта й Гарык Крычэўскі, і Наталя Магілеўская, гурты „Табула Раса” і „Грин Грей”. Ангельская мова на эстрадзе Ўкраіны, у адрозьненьне ад шмат якіх краінаў Эўропы, не набыла значнага пашырэньня. Хаця, безумоўна, касэты й кампакт-дыскі англамоўных сусьветных „зорак” вельмі папулярныя.

Вось жа на нацыянальным рынку ўкраінскі шоў-бізнэс цяпер ужо мае сваю нішу, хаця навет сяньня рэйтынг расейскага шоў-бізнэсу сярод бальшыні месцкае моладзі Ўкраіны вышэйшы, чымся айчыннага. Але й „свае” поп-і рок-зоркі маюць мілёны „фанаў”.

Што да выхаду на рынкі йншых краінаў, хаця б у межах СНД, то тут пэрспэктывы ня надта бліскучыя. Фэстываль „Славянскі базар” для ўкраінскага шоў-бізнэсу ё аднэю зь небагатых магчымасьцяў „засьвяціцца” ў беларускім і расейскім тэлеэтары. Як ведама, на гэтым фэстывалі здабыткі Ўкраіны найвялікшыя з усіх краінаў-удзельніц: гран-пры Таісіі Павалій (1993 г.) і Русланы Лыжычкі (1996 г.), першыя прэміі Алексы Бэрэста (1992 г.) і Наталі Магілеўскай (1995 г.), другая прэмія Аляксандра Панамар’ёва (1994г.) і трэйцяя — Інэш (1997 г.).

Зь іншых міжнародных здабыткаў можна згадаць гран-пры Ані Лорак на тэлеконкурсе „Утренняя звезда” (Масква) і конкурсе „Apple Music-96” у Ню-Ёрку, прызы ФІДОФ на фэстывалі „Голас Азіі” Ірыны Шынкарук і Алы Паповай.

І ўсё ж украінская эстрада для бальшыні грамадзянаў Беларусі, Расеі ці Казахстану асацыюецца пераважна зь іменьнямі Сафіі Ратару а Міколы Гнацюка, ведамных яшчэ з часоў СССР. У беларускім і, асабліва, расейскамоўным тэле-і радыёэтары ўкраінскія выканаўцы ё пакуль яшчэ рэдкімі гасьцямі. Таму навет сярод грамадзянаў гэтых краін, якія любяць украінскае мастацтва, склаўся пэўны песенны імідж (ці стэрэатып) Украіны, які трэба абавязкова ўлічваць для пасьпяховага выхаду на гэтыя рынкі.

Дзяячы расейскага шоў-бізнэсу пасьпяхова разьмяшчаюць свае відэакліпы на ўкраінскіх тэлеканалах, што спрыяе ўзросту папулярнасьці на Ўкраіне расейскіх зорак. Беларускія маладыя выканаўцы на Ўкраіне малаведамыя. Добра ведаюць, з даўных часоў, адно „Песьняроў”, Аляксандра Ціхановіча і Ядзьвігу Паплаўскую.

Вось жа посьпех украінскага (і беларускага) шоў-бізнэсу за межамі сваіх дзяржаваў магчымы толькі ў разе рэгулярнага разьмяшчэньня фанаграмаў, відэакліпаў і тэлевэрсіяў канцэртаў на папулярных радыё- і тэлеканалах іншых краінаў. Толькі ўзаемны выхад на рынкі масавае культурнае прадукцыі можа забясьпечыць стварэньне адзінае, і не асымэтрычнае, культурнае прасторы, спрыяць зацьвярджэньню дэ-факта, а не адно дэ-юрэ, раўнапраўных стасункаў між дзяржавамі.

 

З украінскай мовы пераклалі Іна Паскаль і Валерка Булгакаў

 

зьмест