ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэкст/топас: фрагмэнты „культуры”


ФРАГМЭНТЫ №4
№5
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Ян Дрэўноўскі

УЛАДА Й АПАЗЫЦЫЯ

спроба інтэрпрэтацыі палітычнай гісторыі пасьляваеннай Польшчы

(Дыскусійны артыкул)

 

Студэнтам “Лётаючага ўнівэрсытэту”

Уступ

Дагэтуль няма належна апрацаванай гісторыі пасьляваеннай Польшчы. Шмат фактаў мы яшчэ і цяпер ня ведаем. Для пацьвярджэньня іншых нестае ймаверных крыніц. Да вялікай часткі існых матар’ялаў з розных прычын дасюль няма доступу. Шмат страчанага ўжо нельга вярнуць, бо матар’ялы гінуць або мэтаскіравана зьнішчаюцца. Гісторыкаў чакае вельмі цяжкая задача, якая з кожным годам стаецца ўсё цяжэйшай.

Існуе, аднак, і іншы бок гэтай праблемы. Гісторыя -- гэта ня толькі назапашваньне фактаў, але і іх інтэрпрэтацыя. Паколькі гісторыя не была напісана, няма таксама і ейнай інтэрпрэтацыі. Агульнавядомыя факты часам разумеюць па-рознаму, вельмі часта скажона, а іх значэньне нярэдка нават мэтанакіравана прымяншаецца або фальшуецца. Памылковая інтэрпрэтацыя, якая некрытычна паўтараецца даўжэйшы час, прыціраецца да фактаў і з часам можа стаць „бясспрэчнай” ацэнкай асобных падзеяў, а пасьля і цэлых гістарычных эпохаў. Я мяркую, што гэткая небясьпека існуе вельмі выразна, калі гаворка йдзе аб гісторыі пасьляваеннай Польшчы.

Усякая інтэрпрэтацыя гістарычных фактаў зьяўляецца дыскусійнай. Але каб гэтая дыскусія была магчымай, трэба сфармуляваць нейкую інтэрпрэтацыю і пакончыць зь недагаворваньнем. Толькі тады мы зможам зрабіць высновы для нашай палітыкі на будучыню.

Гэта якраз тая задача, якую я стаўляю сабе ў гэтым нарысе. Я хачу недвузначна сфармуляваць інтэрпрэтацыю тых некалькіх этапаў разьвіцьця, празь якія праходзіла пасьляваенная Польшча, і крызысаў, зьвязаных зь пераходам ад аднаго этапу да наступнага. У прыватнасьці, я пастараюся выявіць памылковасьць некаторых „агульнапрынятых” паглядаў, а калі пагляды не супадаюць, то паўтару тыя зь іх, якія мне падаюцца слушнымі.

Я ўсьведамляю, што мая інтэрпрэтацыя можа выклікаць розныя думкі. Але ў такім выпадку яна таксама можа даць пачатак дыскусіі, якая заўсёды бывае карыснай.

 

1. Сытуацыя ў Польшы пасьля вайны: стужзень-чэрвень 1945

Канец вайны засьпеў краіну ў роспачнай сытуацыі. Яе можна сьцісла вызначыць у некалькіх пунктах:

(1) Страты ў людзях. Ня толькі крывавыя страты палеглымі й забітымі, але й страты, выкліканыя адсутнасьцю ваеннапалонных, выселеных і ўцёклых, якія не вярнуліся ў краіну. Страты ўсіх гэтых катэгорый закранулі перадусім малодшае пакаленьне, інтэлігенцыю і мужчын. Найбольш пацярпела сталіца краіны Варшава. Нацыя была пазбаўлена значнай часткі свайго найбольш актыўнага элемэнту.

(2) Псыхічная высілянасьць доўгатрывалай акупацыяй і жудасьцямі, якія яе суправаджалі.

(3) Шок ад панесенай паразы. Пачуцьцё, што апрача беспрэцэдэнтных ахвяраў Польшча страціла незалежнасьць.

(4) Скрайняе згаленьне насельніцтва. У стане скрайняй галечы апынулася насельніцтва Варшавы і высяленцы зь Нямеччыны й Савецкага Саюзу. Жыхары гарадоў былі ў горшай сытуацыі, чымся жыхары вёскі, а інтэлігенцыя ў горшай, чымся прамысловыя работнікі.

(5) Адсутнасьць палітычнага кіраўніцтва 1. Дзейны на працягу ўсёй акупацыі кіраўнічы асяродак перастаў існаваць разам з паразай варшаўскага паўстаньня. 19 студзеня 1945 году была распушчана АК. Адноўленае палітычнае кіраўніцтва было зноў абезгалоўлена арыштам „шаснаццаці”. Намаганьні аднавіць кіраўніцтва Падпольнай Польшчы, зьдзейсьненыя з рашучасьцю й ахвярнасьцю, не маглі ўжо кампэнсаваць панесеныя страты. Праз пэўны час гэтыя спробы былі, зрэшты, спыненыя. Прадстаўніцтва лёнданскага ўраду было згорнутае 1 ліпеня 1945 году. Польскае грамадзтва, зьнясіленае, самотнае й безабароннае перад тэрорам савецкага НКВД і „польскага” UB, пакладалася толькі на ўласны інстынкт.

Магло здавацца, што ў гэтых умовах аніякая апазыцыя навязанаму рэжыму не магчымая, што пасьля непазьбежнага зьліквідаваньня яшчэ дзейных лясных аддзелаў у Польшчы заваладарыць савецкі парадак. На гэта, безумоўна, разьлічвалі Саветы й Польская Рабочая партыя. Адбылося, аднак, інакш. Першы разьдзел гісторыі польскай апазыцыі савецкаму рэжыму быў адкрыты якраз тады.

 

2. Палітычныя альтэрнатывы

Пасьля заканчэньня вайны, ува ўмовах, створаных Ялцінскай дамовай, польская палітыка мела перад сабой у якасьці выбару тры шляхі:

(1) Узброены супраціў Саветам і іх упаўнаважаным.

(2) Пасыўная бязьдзейнасьць і чаканьне трэцяй сусьветнай вайны, якая б прынесла Польшчы вызваленьне звонку.

(3) Арганізацыя палітычнай апазыцыі навязанаму Польшчы ладу.

Выбар паміж гэтымі трыма шляхамі мусіў, безумоўна, залежаць ад прынятай ацэнкі актуальнай сытуацыі і пэрспэктываў на будучыню.

Нягледзячы на тое, што аналіз гэтых канцэпцый трыццацігадовай даўніны не паверне хаду падзяў назад, варта яго зьдзейсьніць, бо праўдзівы позірк на мінуўшчыну дазволіць нам лепей зразумець пытаньні, перад якімі мы стаім цяпер.

Выбар першай канцэпцыі азначаў скіроўваньне АК супраць Савецкага Саюзу і яго калябарантаў „люблінскіх” палякаў або стварэньне з гэтай мэтай новай арганізацыі, якая б пераняла традыцыю АК і пачала ўзброеную барацьбу з новым акупантам 2 . Ён таксама азначаў заклік грамадзтва да татальнага байкоту новай „рэчаіснасьці” і, такім чынам, да заняцьця да Саветаў такой пазыцыі, якую яно займала да Нямеччыны ў гады акупацыі.

Аднак існавалі вельмі спаважныя аргумэнты супраць такой палітыкі. Польскае грамадзтва пасьля гадоў акупацыі было надзвычай высілена і маральна, і фізычна. Яно чакала канца вайны як канца сваіх пакутаў. Заклікаць да далейшай барацьбы без магчымасьці сказаць, як доўга яна будзе весьціся, -- гэта было б злоўжываньнем маральных сілаў грамадзтва й магло пагражаць маральным надломам.

Узброеная барацьба пацягнула б за сабой далейшыя страты на полі бітвы і, безумоўна, таксама арышты й дэпартацыі. Пасьля стратаў, панесеных падчас акупацыі, гэта пагражала проста фізычнай ліквідацыяй усіх актыўных сілаў нацыі.

Нельга таксама было разьлічваць на якую-колечы падтрымку дагэтулешніх хаўрусьнікаў. Узброены супраціў Саветам ня толькі не атрымаў бы прызнаньня ў ангельцаў і амэрыканцаў, але й немінуча сутыкнуўся бы з супрацьдзеяньнем і рэпрэсіямі як скіраваны супраць патэнцыйнага саюзьніка ў вайне зь Японіяй.

На практыцы палітыку ўзброенага супраціву пэўны час рэалізоўвалі „лясныя аддзелы”. Аднак яны ня мелі падтрымкі звонку й іхную барацьбу бальшыня грамадзтва ў Польшчы лічыла безнадзейнай. Пры гэткіх умовах узброенаму супраціву давялося згаснуць.

Гэта ўсё выдатна ўсьведамлялі як ў Польшчы, так і ў польскіх асяродках у Лёндане, і таму палітыка ўзброенага супраціву Саветам нідзе ня мела спаважных прыхільнікаў. Тады гэта была разважная і рэалістычная пазыцыя, і такой яе трэба прызнаць.

Другая канцэпцыя палягала ў прызнаньні існай сытуацыі нетрывалай і ў разьліку на пачатак трэцяй сусьветнай вайны паміж Савецкім Саюзам і яго нядаўнымі хаўрусьнікамі.

Практычная дзейнасьць бальшыні польскіх асяродкаў на Захадзе рэалізоўвала якраз гэтую канцэпцыю. Якраз зь яе вынікала імкненьне затрымаць на Захадзе пэўны корпус узброеных сілаў і павялічыць яго палякамі, выселенымі ў заходнюю частку Нямеччыны, і як найбольшай колькасьцю ўцекачоў. З гэтай канцэпцыі крынічыла таксама ідэя пра невяртаньне на Радзіму, каб не памяншаць сілаў, што меліся зарганізавацца на Захадзе дзеля вызваленьня Польшчы. З увагі на меркаваную кароткатрываласьць існай сытуацыі прызнавалася непатрэбным арганізоўваць якую-колечы апазыцыю ў Польшчы і падстаўляць насельніцтва Польшчы пад рэпрэсіі з боку савецкага акупанта. Задача вярнуць незалежнасьць аддавалася ў поўную кампэтэнцыю палітычных асяродкаў, што існавалі на Захадзе, і рэгулярнай польскай арміі, якая б выступіла на баку заходніх дзяржаваў.

Пасьля столькіх гадоў ужо няма ніякага сумневу, што канцэпцыя трэцяй сусьветнай вайны была абсалютна ўтапічнай, што гэта быў тыповы прыклад wishful thinking. Але трэба нагадаць, што й тады не было ніякіх перадумоваў для яе прыняцьця. Досыць было чытаць прэсу й размаўляць зь людзьмі на Захадзе, каб пераканацца, што ніводная з заходніх дзяржаваў не імкнецца да трэцяй вайны і не рыхтуецца да яе.

Аднак гэтая канцэпцыя прадвызначыла затрыманьне на Захадзе бальшыні тых палякаў, што знаходзіліся вонках Польшчы ў момант заканчэньня вайны. Яна дала пачатак масавай незалежніцкай эміграцыі, расьцярушанай па ўсім сьвеце. Уяўленьне, што якраз эміграцыя павінна адыграць галоўную ролю ў некалі маючым адбыцца вызваленьні Польшчы, мела, аднак, адзін вельмі непажаданы насьледак: яно выклікала зьмяншэньне зацікаўленьня мэтраполіяй, што неўзабаве прывяло да таго, што эміграцыя перастала арыентавацца ў тым, што ў Польшчы дзяялася й дзеецца.

Трэцяя палітычная канцэпцыя палягала ў тым, каб прыступіць да легальнай апазыцыі паноўнаму ў Польшчы рэжыму. З увагі на прынцыповае адмаўленьне ад узброенай барацьбы і адсутнасьць шанцаў на трэцюю сусьветную вайну гэта быў адзіны шлях палітыкі, які даваў магчымасьці дзейнічаць на тэрыторыі Польшчы. Да яго прыняцьця схілялі й нашыя заходнія хаўрусьнікі. Спрэчкі й рознагалосьсі на гэты тэмат агульнавядомыя, і няма патрэбы да іх вяртацца. Зразумелыя таксама палітычныя й пачуцьцёвыя засьцярогі, якія трэба было пераадолець перад прыняцьцём рашэньня ў гэтай справе. Не беспрычынна існавалі таксама сумневы ў дзейснасьці гэткай палітыкі. Таксама варта нагадаць, што па сутнасьці гаворка йшла аб рашэньні ці спрабаваць стварыць легальную апазыцыю, ці застацца ў бязьдзейнасьці. Ці выкарыстаць існуючы шанец, хоць няпэўны, ці адкінуць яго нават бяз спробы. Спробу гэтую, як вядома, зрабіў Мікалайчык.

 

3. Першая апазыцыя: ліпень 1945 — люты 1948

а) Пачатак апазыцыі й пачатак аднаўленьня

27 траўня 1945 году была выдадзеная адозва Ўпаўнаважанага Ўраду і Прадстаўніка Ўзброеных Сілаў у Польшчы, якая заклікала закончыць узброеную барацьбу і прыступіць да працы над аднаўленьнем краіны 3 . 27 чэрвеня 1945 г. у Польшчу прыехаў Мікалайчык і заняў пасаду віцэ-прэм’ера, распачынаючы палітыку легальнай апазыцыі. Ён адразу атрымаў спантанную і паўсюдную падтрымку ўсёй нацыі 4. Ён ня толькі стаў кіраўніком партыі (PSL), якая ўзначаліла легальную апазыцыю, але зрабіўся сымбалем супраціву Саветам. Зь яго ўваходам ува ўрад грамадзтва зьвязвала надзеі на падтрымку заходніх хаўрусьнікаў і на магчымасьць утрыманьня незалежнасьці, нягледзячы на прыналежнасьць Польшчы да савецкай зоны ўплыву.

Падтрымка Мікалайчыка была натуральным вынікам таго, што польскае грамадзтва ў цэлым было настроена супраць новай улады, устаноўленай Саветамі і Польскай Рабочай партыяй. Гэта гістарычны факт вялікага значэньня, які паноўны рэжым у Польшчы заўсёды стараўся стаіць і сфальшаваць.

Надзеі, абуджаныя прыездам Мікалайчыка, сталі імпульсам, каб паўсюдна распачаць працу над адбудовай. Зьявілася вера, што нягледзячы на ўсё можна будзе арганізаваць у Польшчы нейкае нармальнае жыцьцё. І сапраўды, у шмат якіх галінах неўзабаве адбыліся сур’ёзныя пазытыўныя зьмены, выкліканыя тым, што да працы прыступілі кваліфікаваныя работнікі.

Ня трэба, аднак, думаць, што гэтая стваральная праца азначала перамену грамадзкай думкі ў кірунку падтрымкі рэжыму (дарма што афіцыйная прапаганда якраз так намагалася гэта падаць). Настрой грамадзтва можна было б выказаць наступным чынам: „Нягледзячы на савецкі рэжым у Польшчы, яе трэба адбудаваць. Толькі мы можам гэта зрабіць. Трэба старацца, каб нам у гэтым найменш перашкаджалі”.

Гэтую стваральную працу ў рамках „існай рэчаіснасьці” ўлада палічыла, безумоўна, за карысную для сябе зьмену. Яна, бясспрэчна, азначала, што польскае грамадзтва адышло ад альтэрнатывы ўзброенага супраціву. Зь іншага боку, яна мела для ўлады і нэгатыўныя насьледкі. Шмат галін жыцьця (адміністрацыя, эканоміка, культура) фактычна былі апанаваныя людзьмі з традыцыйна польскай пазыцыяй, якія, праўда, адкрыта не супрацьстаўлялі сябе ўладзе, але мелі сваю ўласную думку аб шмат якіх справах і на практыцы дзейнічалі па сваім сумленьні. З прычыны слабасьці ўласнага апарату партыя мусіла пакуль зносіць такі стан рэчаў.

б) Шматпартыйнасьць: уявы і сапраўднасьць

Лад, уведзены ў Польшчы Саветамі, прадугледжваў існаваньне некалькіх палітычных партый. Гэта была ўяўная і часовая саступка Саветаў перад заходнімі хаўрусьнікамі — яшчэ адзін спосаб схаваць сапраўдную сутнасьць накінутага Польшчы ладу. Аднак у момант абуджэньня апазыцыі ў Польшчы існаваньне партый набыло асаблівае значэньне. Як іх роля, так і матывы, дзеля якіх людзі ўступалі ў іх, заслугоўваюць увагі 5 .

Сярод існых тады шасьці палітычных партый 6  трэба вылучыць тры катэгорыі. Першая — гэта Польская Рабочая партыя (PPR) i SL. У гэтых дзьвюх партыях сытуацыя была абсалютна ясная. PPR была прадстаўніком Саветаў у Польшчы, а SL — філіяй PPR на абшары вёскі. Другая катэгорыя — гэта Польская сацыялістычная партыя, Дэмакратычная партыя і Партыя працы, усе тры ў прынцыпе супрацоўнічалі з PPR. Трэцяя — гэта PSL, яўна апазыцыйная партыя.

 

***

У PSL уступалі тыя, хто наважваўся на яўную апазыцыйную дзейнасьць. Магло б здавацца, што ўдзел Мікалайчыка ўва ўрадзе азначаў, што яго партыя належыць да кіруючай бальшыні, а не да апазыцыі. Прынцыпы, абавязковыя для парлямэнтарнай сыстэмы, ня мелі, аднак, ніякага значэньня ў сытуацыі, якая існавала тады ў Польшчы. Мікалайчык сапраўды быў віцэ-прэм’ерам, але яго партыя стала асяродкам, вакол якога сканцэнтраваліся ўсе сілы, скіраваныя супраць рэжыму, улучна нават з рэшткамі нелегальнага ўзброенага руху супраціву. З пачатку Мікалайчык паставіў сабе задачу стварыць і ачоліць палітычную апазыцыю. На рэфэрэндуме ў чэрвені 1946 году і выбарах ў студзені 1947 г. PSL заняла пазыцыю, адрозную ад Польскай рабочай партыі і іншых падпарадкаваных ёй партый. Мы ніколі не даведаемся пра сапраўдныя вынікі рэфэрэндуму і выбараў. Пануе, аднак, паўсюль перакананьне, што вынікі абодвух галасаваньняў былі сфальшаваныя і што ў сутнасьці PSL выйграла ў абодвух выпадках са значным адрывам.

 

***

Партыя працы была ўнутрана разьяднанай. Караль Попель, кіраўнік партыі, займаў блізкую да Мікалайчыка пазыцыю, але ў кіраўнічых структурах партыі меў стаўленікаў Польскай Рабочай партыі, якія рабілі немагчымай палітычную дзейнасьць у адпаведнасьці з гэткай арыентацыяй. Попелю давялося саступіць, а пасьля яму дазволілі выехаць за мяжу. Партыя працы падпарадкавалася тады дырэктывам Польскай Рабочай партыі і неўзабаве была ліквідаваная (зьяднана з Дэмакратычнай партыяй).

Польская сацыялістычная партыя і Дэмакратычная партыя з самага пачатку абвясьцілі пра сваё супрацоўніцтва з Польскай Рабочай партыяй, але для большай пэўнасьці Польская Рабочая партыя забясьпечыла сабе ўва ўсіх гэтых партыях непасрэдны ўплыў шляхам засылкі на пэўную колькасьць ключавых пасадаў сваіх людзей. Або проста польскія камуністы „камандзіраваліся” на працу ў іншых партыях (т.зв. „wtyczki”), або дзеячаў гэтых партый нейкім чынам схілялі, каб яны інтарэсы камуністаў ставілі вышэй за інтарэсы сваёй партыі.

Матывы ўступленьня ў гэтыя партыі былі пераважна апартуністычныя. Людзі хацелі знайсьці паратунак ад нестабільнасьці, атрымаць працу, даброты, напрыклад, жытло або прапіску і магчымасьць дасягнуць якога-ніякага ўзроўню жыцьця для сябе і сям’і. Гэта была саступка маральна і фізычна вычарпаных людзей перад абліччам варункаў, у якіх людзі апынуліся, і імкненьне да нейкай нармалізацыі жыцьця пасьля жудасьцяў, якія давялося перажыць. Але трэба заўважыць яшчэ адно: у рашэньні ўступіць у адну з гэтых трох палітычных партый быў заключаны палітычны матыў: неўступленьне ў PPR, якая, да таго ж, давала ўсе гэтыя даброты яшчэ ў большай ступені. Уступаючы, гаварылі сабе: „Неяк трэба ўладзіцца ў гэтай „рэчаіснасьці”, але ня хочацца ідэнтыфікавацца з стаўленікамі Саветаў”.

Неўзабаве палітычныя насьледкі разьвіцьця гэтых трох партый сталі відавочнымі. Партыйныя арганізацыі пачалі дужэць і дарма што супрацоўнічалі зь існымі на пэўнай тэрыторыі арганізацыямі камуністаў, у канкрэтных выпадках паміж імі і PPR пачалі зьяўляцца адрозьненьні й спрэчкі.Тры партыі, якія стваралі для ладу фасад шматпартыйнасьці і якія па сутнасьці былі задуманы як дзейныя пад рознымі назвамі філіі PPR, хутка пачалі набываць непажаданы для рэжыму характар. Яны станавіліся свайго роду апазыцыйнымі партыямі. PPR захавала над імі пэўны кантроль на цэнтральным узроўні, але ў арганізацыях ніжэйшага ўзроўню і тэрытарыяльных арганізацыях было шмат апазыцыйнага элемэнту, што прыводзіла да ўсё больш яўных і ўсё больш вострых канфліктаў з PPR. Дзеля таго што гэтыя партыі часта валодалі лепшымі спэцыялістамі, чымся камуністы, у розных абсягах дзяржаўнай і эканамічнай адміністрацыі пачала вымалёўвацца іхная фактычная перавага над PPR. Дайшло ўрэшце да таго, што некаторыя адзінкі адміністрацыі станавіліся сфэрай уплыву партый, якія былі схільныя праводзіць сваю ўласную палітыку, адрозную ад PPR. Пры такіх умовах уступленьне ў гэтыя партыі станавілася сродкам рэалізацыі канцэпцыі адбудовы, супрацьлежнай савецкім канцэпцыям PPR 7.

Я ня ведаю падрабязнасьцяў гэтага працэсу ў Партыі працы і ў Дэмакратычнай партыі, хаця і не сумняюся, што ў агульных рысах ён праходзіў акурат так. Але я ведаю іх у дачыненьні да Польскай сацыялістычнай партыі (PPS), якая сярод гэтых трох партый была найбольш шматлікай і з многіх прычын найважнейшай. У эміграцыйнай літаратуры гэтая партыя акрэсьлена як „канцэсійная PPS”. Гэты прыніжальны прыметнік мае на мэце падкрэсьліць, што гэта фракцыя PPS, якая пайшла на супрацоўніцтва з PPR у адрозьненьне ад сапраўднай PPS, існаваньне якой у сацыялістычнай Польшчы было забаронена. Можна згадзіцца з слушнасьцю такой тэрміналёгіі, але адначасна трэба памятаць, што пераход да палітыкі легальнай апазыцыі азначаў таксама выкарыстаньне магчымасьцяў, якія давала існаваньне шматпартыйнасьці. Дзейнічаючы пад шыльдай PPS, можна было супрацьдзейнічаць уплывам PPR. На цэнтральным узроўні найбольшым посьпехам PPS было стварэньне і кіраваньне Цэнтральнай службай плянаваньня, якая засяродзіла экспэртаў, зусім чужых савецкім мэтадам кіраваньня эканомікай. ЦСП стварыла ўласную канцэпцыю эканамічнай мадэлі Польшчы, устанавіла ўласныя мэтады плянаваньня і ў адпаведнасьці зь ім падрыхтавала першы трохгадовы Плян эканамічнай адбудовы. На тэрытарыяльным узроўні PPS дасягнула сур’ёзных уплываў і таму можна сказаць, што функцыявала там як апазыцыйная партыя.

 

***

PPR была носьбітам саветызацыі. SL было атожылкам PPR у сельскай мясцовасьці, якое мела за адмысловую задачу выцясьненьне PSL. Ніводная з гэтых партый апазыцыянэраў, безумоўна, не прыцягвала.

Таму той, хто уступаў у PPR з жаданьнем актыўна дзейнічаць, дэкляраваў сябе як прыхільнік саветызацыі Польшчы. Гэта цяжкі закід, але, тым ня менш, апраўданы. Таму, даючы ацэнку тых часоў, трэба сфармуляваць яго зусім выразна. Бо цяжка сабе было б сабе ўявіць, што нехта уступаў у PPR, бо шчыра верыў, быццам PPR забясьпечыць Польшчы незалежнасьць, грамадзкую справядлівасьць і дабрабыт. Усе ведалі, што PPR — гэта савецкая агентура, а мільёны сьведкаў гаварылі праўду аб тым, якая жудасная савецкая сыстэма і якая варожая яна Польшчы і палякам. Не выпадае таксама сур’ёзна ставіцца да цьверджаньняў, што ў PPR уступалі, перасьледуючы валенродзкія мэты 8 .

Трэба прызнаць, што бальшыня тых, хто ўступаў у PPR, кіравалася не палітычнымі мэтамі, а звычайным апартунізмам. Яны не імкнуліся да саветызацыі Польшчы, але таксама не жадалі ёй супрацьстаяць. Ім рупіла „ўладкавацца”, накшталт бальшыні з тых, хто ўступаў у іншыя партыі, з той толькі розьніцай, што, уступаючы ў PPR, яны чакалі большых прывілеяў і ня мелі сумневаў, якія ўстрымлівалі іншых ад ідэнтыфікацыі з галоўнай сілай саветызацыі Польшчы.

Для некаторых катэгорый з тых, хто ўступаў у PPR, існавалі зьмякчальныя акалічнасьці. Імкнучыся дайсьці да правільнай ацэнкі гэтай важнай справы, трэба прывесьці гэтыя акалічнасьці.

Найбольш пераконлівае апраўданьне мелі жаўнеры Арміі Людовай. Уступленьне ў баявую вайсковую арганізацыю ў час акупацыі часта бывае выпадковай справай: яно вынікала з магчымасьці навязаць кантакт зь першай-лепшай адзінкай, што вядзе барацьбу зь немцамі. Таму нельга асуджаць некага ў тым, што ён быў сябрам Арміі Людовай. Такім чынам, алоўцы амаль аўтаматычна ўступілі ў PPR і ім індывідуальна было цяжка парушыць такую завядзёнку.

Іншым магчымым апраўданьнем магло быць палітычнае невуцтва і недальнабачнасьць. Апраўданьне гэтае можа тычыцца вельмі маладых, прымітыўных людзей, якія не разумелі, што вакол іх дзеецца, і далі завэрбаваць сябе новай уладзе.

Але ў канцавым рахунку важна ня тое, ці застаўся нехта беспартыйным, ці ўступіў у партыю і ў якую, а тое, як ён сябе паводзіў. Ці выконваў свае абавязкі такім чынам, які быў карысны для польскага грамадзтва, для польскай культуры і эканомікі, ці ўсё ж стаў інструмэнтам паняволеньня палякаў ды саветызацыі польскай культуры і эканомікі. Падзел не праходзіў тут у адпаведнасьці з партыйнай прыналежнасьцю. Былі нават актывісты PPR (праўда, вельмі нешматлікія), якія як палякі і як людзі паводзілі сябе прыстойна, і былі, у сваю чаргу, беспартыйныя, дзейнасьць якіх была нікчэмнай і надзвычай шкоднай. Паводле гэткай дзейнасьці трэба і ацэньваць людзей. Партыйная прыналежнасьць дае толькі зыходны пункт для ацэнкі.

в) Разгром апазыцыі

Стварэньне і ўзмацненьне апазыцыі не прайшло незаўважаным для савецкіх акупантаў і іх стаўленікаў у кіраўніцтве PPR. Яны пастанавілі прыступіць да супрацьдзеяньня. Гэта ў часе супала са зьменай савецкай міжнароднай палітыкі. Савецкі Саюз перастаў захоўваць хоць якую бачнасьць, што ён паважае дамовы, заключаныя із сваімі ранейшымі хаўрусьнікамі і прыступіў да канчатковай саветызацыі дзяржаваў т.зв. народнай дэмакратыі. Адмова ад пляну Маршала, ізаляцыя Бэрліну, ціск на Югаславію запачаткавалі новы этап. Усё гэта агульнавядома.

PPR і кіраваная ёй служба бясьпекі UB абвастрылі перадусім сваю барацьбу з PSL. Яна праводзілася ня толькі палітычнымі сродкамі, але і перадусім коштам паліцэйскіх рэпрэсій, а таксама калектыўнага і індывідуальнага тэрору. Ратуючы сабе жыцьцё, уцёк за мяжу Мікалайчык (у лістападзе 1947), што закончыла існаваньне PSL як апазыцыйнай партыі. Стала ясна, што спроба правядзеньня легальнай апазыцыйнай дзейнасьці ў Польшчы пацярпела паразу. Але гэта было не прычынай, каб не праводзіць яе зусім. Гэта была адзіная палітыка, якая мела пэўныя шанцы на посьпех, а ейнай альтэрнатывай была поўная пасыўнасьць. Мікалайчык праводзіў гэтую палітыку з усёй адвагай і рашучасьцю.

Зусім не выпадае меркаваць, што гэтая палітыка была зусім няплённай. Само ўзьнікненьне арганізаванай апазыцыі і яе дзейнасьць на працягу двух гадоў дазволіла агоўтацца пасьля панесенай паразы. Прынесла кароткі пэрыяд адносна нармальнага жыцьця. Гэта павялічыла адпорнасьць на ўдары, якія пасьля нанёс сталінізм. Каб жа гэтага пэрыяду не было, ломка грамадзтва магла б быць яшчэ больш глыбокай і цяжкай для выпраўленьня 9 .

Пасьля разгрому PSL, PPR прыступіла да зьнішчэньня апазыцыі, якая вытварылася ў іншых партыях. Т.зв. Працэс Цэнтральнай службы плянаваньня (люты 1948) паклаў канец уплывам PPS у кіраваньні эканомікай і ліквідаваў польскую мадэль і канцэпцыю эканамічнага плянаваньня 10. Неўзабаве PSL, PPS і Партыя працы перасталі існаваць. Дэмакратычная партыя была паддадзена грунтоўнай ачыстцы і цалкам падпарадкаваная PPR. Гэты крок у дачыненьні да партый быў надзвычай важным, паколькі ліквідаваў цэнтры палітычнай думкі і дзейнасьці, незалежнай ад PPR. Ён закрануў таксама маладзёвыя арганізацыі, зьвязаныя ідэйна з партыямі, а таксама непалітычныя арганізацыі, напрыклад, гарцэрства, робячы немагчымым існаваньне якой-колечы ідэйнай або палітычнай арганізацыі, якая б не быда пад строгім кантролем PPR.

Наступ PPR (са сьнежня 1948 г. называнай Польскай Аб’яднанай рабочай партыяй — PZPR) не абмежаваўся толькі ліквідацыяй арганізаванай палітычнай апазыцыі. Ён быў накіраваны таксама супраць усіх праяваў польскага жыцьця, і перадусім супраць людзей, якія не захацелі быць інструмэнтам саветызацыі. У Польшчы распачаўся пэрыяд сталінізму.

 

4. Сталінізм: сакавік 1948 – чэрвень 1956

а) Сутнасьць і мэты саветызму-сталінізму

Мы называем саветызмам грамадзка-эканамічную фармацыю, якая ўзьнікла ў Савецкім Саюзе 11  як вынік выраджэньня сацыялізму. Сталінізм — гэта спэцыфічная форма саветызму, створаная пад кіраўніцтвам Сталіна. Гэта найвышэйшая, імпэрыялістычная форма саветызму, у якой рысы гэтай фармацыі выступаюць асабліва выразна. Роля, якую саветызм адыграў у Польшчы, многія гады ўтойвалася і фальшавалася. І таму часта нават яго праціўнікі не разумеюць яго цалкам. Дзеля гэтага трэба недвузначна вытлумачыць, чым гэты лад ёсьць і чым ня ёсьць, і якія былі вынікі навязваньня яго Польшчы.

Перадусім трэба ўсьвядоміць, што саветызм ёсьць таталітарным ладам, у якім дыктатарская ўлада ажыцьцяўляецца клясай партыйных апаратчыкаў згодна з уласнымі інтарэсамі. Камуністычная партыя ёсьць галоўным органам ажыцьцяўленьня гэтай улады.

Саветызм, апрача гэтага, ёсьць імпэрыялістычным ладам. Ён служыць расшырэньню дамінацыі Савецкага Саюзу на іншыя краіны. Аб’ектам яго экспансіі якраз і стала Польшча пад канец вайны.

Тым ня менш, саветызм ня ёсьць, насуперак таму, што гаворыць яго афіцыйная дактрына, ладам, які дзейнічае ў імя інтарэсаў людзей працы і супраць інтарэсаў капіталістаў. Капіталістаў, праўда, чакае нацыяналізацыя, але на людзей працы спадае ярмо эксплюатацыі, цяжэйшай, чымся пры капіталізьме, перад якой яны ня маюць абароны.

Каб устанавіць у Польшчы саветызм, савецкая ўлада пачала татальную атаку на ўсё, што польскае. Гэта была імпэрыялістычная палітыка, якая мела на мэце ўзалежніць Польшчу і зьнішчыць яе палітычную, культурную і эканамічную адметнасьць. Унутры краіны Саветы далі ўладу і прывілеі сваім стаўленікам з PPR, і ўвесь польскі народ, усе яго клясы, зрабілі аб’ектам уціску і эксплюатацыі.

Гэта — простая і відавочная праўда аб гэных часох. Дзіўна, як рэдка яна фармулюецца ў яснай і недвузначнай форме. Але ніхто, хто быў тады ў Польшчы, ня можа сьцьвярджаць, што гэтага не разумеў. Довадаў было ажно занадта, каб кожны адчуў гэта на ўласнай скуры.

Першая спроба саветызацыі Польшчы адбылася неўзабаве пасьля акупацыі краіны савецкай арміяй у студзені 1945, але пэрыяд гэты доўжыўся толькі да канца чэрвеня гэтага году. У паноўным тады хаосе і пры ўсё яшчэ ня скончанай вайне сыстэме не ўдалося адразу надаць усіх рысаў, уласьцівых саветызму. У выніку вяртаньня ў краіну Мікалайчыка ўзьнікла сытуацыя, пры якой савецкае ўварваньне набыло іншыя формы, і нават троху было згорнута. Безумоўна, і надалей у Польшчы доўжылася савецкая дамінацыя, але існавала таксама апазыцыя і такія формы культурнага і эканамічнага жыцьця, якіх саветызм ня зносіў на дух.

Наступная атака саветызму, гэтым разам у яго клясычнай сталінскай іпастасі, пачалася ў Польшчы з разгрому PSL на пачатку 1948 году. Яе мэтай было ўзмацненьне ўлады Савецкага Саюзу над Польшчай і канчатковае ўстанаўленьне ў ёй савецкай сыстэмы.

Гэтую палітыку рэалізавала партыя, сьпярша PPR, а пасьля PZPR. Яна паставіла сабе дзьве папярэднія задачы, якія былі пакліканы ачысьціць поле для саветызацыі Польшчы.

Першая задача — гэта перапыненьне кантынуальнасьці нацыянальнай традыцыі, і перадусім яе найглыбейшай плыні: традыцыі барацьбы за незалежнасьць.

Другая — гэта ломка маральнай пазыцыі палякаў і прымушэньне іх да ляяльнасьці.

Кожная з гэтых задач заслугоўвае больш падрабязнага разгляду.

б) Зьнішчэньне нацыянальнай традыцыі

Палітыка пазбаўленьня кантынуальнасьці нацыянальнай традыцыі азначала фальшаваньне гісторыі і зьнішчэньне арганізацыйных інстытутаў і формаў, якія былі вырабамі і носьбітамі гэтай традыцыі.

Фальшаваньне гісторыі было распачата з найноўшых падзеяў. Нацыі, якая калектыўна адкінула якія-колечы змовы з акупантам, пачалі намаўляць, што яе гераічная падпольная барацьба ўяўляла сабой калябарацыю зь Нямеччынай. Зьневажальная мана ў дачыненьні да АК зьдзіўляла сваім нахабствам, бо паўтаралася перад мільёнамі непасрэдных сьведкаў, якія бачылі дзейнасьць АК ці нават бралі ў ёй удзел. Слынны плякат з надпісам „АК -- зацяты аплот рэакцыі” гаворыць больш аб стаўленьні PPR да гісторыі і польскай традыцыі і да палякаў увогуле, чымся ўсё, што напісана на гэтую тэму 12 .

Зьнеслаўлялася ці замоўчвалася барацьба польскіх узброеных сілаў на Захадзе. Кіраўнікі гэтых войскаў былі дэманстрацыйна пазбаўлены польскага грамадзянства. Іншым пэрыядам, гісторыю якога заўзята фальшавалі, былі два дзесяцігодзьдзі Незалежнай Польшчы. Паступова адбываўся таксама адкат далей у мінуўшчыну і фальшавалася гісторыя бітваў за незалежнасьць у XIX стагодзьдзі, а пасьля таксама і пэрыяду падзелаў і казацкіх ды швэдзкіх войнаў. Усё працавала для таго, каб маладыя палякі ня ведалі гістарычных фактаў, якія б маглі стаць зыходным пунктам для новага незалежніцкага руху.

Наступнай мэтай палітыкі спыненьня традыцыі было зьнішчэньне інстытутаў, якія рэпрэзэнтавалі польскую традыцыю. Паказальная як грунтоўнасць, так і заўзятасць гэтай акцыі: глуміліся ня толькі важныя і асноватворныя элемэнты польскай традыцыі, але і зусім дробныя і другарадныя.

У першую чаргу сярод важных галін польскага жыцьця трэба назваць абсяг юстыцыі, саветызацыя якога распачалася вельмі рана. Пасады судзьдзяў пачалі займаць выпускнікі партыйных курсаў, якіх навучылі, што іх першы абавязак — дбаць пра партыйны інтарэс. Ранейшых судзьдзяў або пазбавілі працы, або прыстрашылі. Неўзабаве інстытут юстыцыі ў эўрапейскім значэньні гэтага тэрміну перастаў існаваць. Тое, што ёсьць, уяўляе сабой сумную карціну: за трыццаць гадоў існаваньня сацыялістычнай Польшчы мы часам бачылі сумленныя і адважныя выступы адвакатаў, але ня бачылі і дагэтуль ня бачым бесстароньніх і справядлівых судзьдзяў. Культура польскага грамадзкага жыцьця панесла страту, якую цяжка будзе выправіць.

Навуку і вышэйшую асьвету было таксама пастаноўлена пераўтварыць на савецкі капыл. Вядома, наколькі важная кантынуальнасьць унівэрсытэцкай традыцыі. Таму акцыя была скіравана на тое, каб перапыніць гэтую традыцыю. Унівэрсытэты Сьцяпана Батуры і Яна Казімера можна было б перанесьці ў новыя месцы, захаваўшы, аднак, іх назвы. Але было зроблена наадварот: абодва ўнівэрсытэты былі зьліквідаваны і пасьля ўтвораны новыя. Аднаму зь іх пасьля была нададзена назва, якую цяжка вымавіць без канфузу (імя Б.Берута).

Праца ўсіх ВНУ была дэзарганізавана, іх аўтаномія зьліквідавана, і ў масавым парадку ўведзена пасада „намесьнікаў прафэсара” і асыстэнтаў зь ліку палітычных вылучэнцаў, а ранейшых прафэсараў пазбавілі катадраў. Некаторыя дысцыпліны, напрыклад, сацыялёгія, былі зусім ліквідаваны. Іншыя, такія, як грамадзкія навукі 12а, былі абсалютна саветызаваныя. Паўсюль уведзены абавязковыя лекцыі марксізму-ленінізму ў яго вульгарнай савецкай форме.

Навуковыя таварыствы зь вялікімі традыцыямі — Польская акадэмія мастацтваў, Варшаўскае навуковае таварыства і Каса Мяноўскага — былі ліквідаваныя, а на іх месцы створана Польская Акадэмія Навук, арганізаваная і названая на савецкі ўзор. Не пашкадавалі нават сярэдніх школаў: шмат якія найбольш традыцыйныя сярэднія школы так і не былі адноўлены, каб немагчымай стала кантынуальнасьць іх традыцыі.

Надзвычай катэгарычна было парвана з традыцыяй польскай штодзённай прэсы. Калі зірнуць на прэсу сацыялістычнай Польшчы, то можна падумаць, што газэты пачалі выходзіць у Польшчы адно ў 1945 годзе. Выданьні, якія мелі традыцыю ў некалькі дзесяцігодзьдзяў ці нават звыш стагодзьдзя, не былі адноўленыя, і памяць аб іх зьнікае. Гэта можа падацца ня вельмі важнай справай, але гэта быў істотны элемэнт у адрыве Польшчы ад яе мінуўшчыны.

Іншым сымбалем традыцыі, вельмі дарагой палякам, былі назвы палкоў у Войску Польскім. У часе Другой рэспублікі назвы палкоў пераважна вынікалі зь іх удзелу ў барацьбе за незалежнасьць у 1914-1920 гг., а некаторыя былі зьвязаныя з ранейшай традыцыяй, улучна з напалеонаўскімі войнамі. Усё гэта было адмоўлена, як і ня згадвалася пра ўдзел польскіх фармаваньняў у бітвах другой сусьветнай вайны на Захадзе. Патрабавалася, каб польская вайсковая традыцыя не сягала далей, чымся да бітвы пад Леніна.

Гэтая самая палітыка прадугледжвала ліквідацыю традыцыі польскага спорту. Назвы спартовых клюбаў, шмат зь якіх існавалі ўжо некалькі дзясяткаў гадоў, былі скасаваныя, а клюбы пераведзены на балянс розных галіновых прафсаюзаў і „адораныя” новымі дзіўнымі назвамі. Можна заўважыць, што ад гэтай якраз атакі на традыцыю ўлады ПНР пазьней адмовіліся. Відаць, таму, што лічылі гэтую галіну менш важнай за іншыя і што экзэкуцыя спартовых клюбаў выклікала ў лепшым выпадку ўсьмешку. Але ў іншых галінах вынікі палітыкі ломкі традыцыі так і не былі выпраўленыя.

Яшчэ адна галіна — гэта ліквідацыя ці недапушчэньне адраджэньня арганізацыйных формаў польскай эканомікі. Яна, вядома, вельмі пацярпела ў часе вайны, і ў новых умовах не магло быць і гаворкі пра вяртаньне да старых формаў. Але, напрыклад, каапэрацыя хутка адрадзілася і пачала эфэктыўна дзейнічаць. Былі таксама падрыхтаваныя новыя, уласныя канцэпцыі кіраваньня эканомікай. Усё гэта PPR зьнішчыла, імкнучыся падпарадкаваць польскае жыцьцё савецкім узорам. Польскай эканоміцы была накінутая нядзейсная ў прынцыпе савецкая мадэль эканомікі, правакуючы яе неэфэктыўнасьць, якая мае месца дагэтуль. Троху пазьней была зроблена яшчэ спроба ажыцьцявіць палітыку калектывізацыі на вёсцы, шляхі якой добра вядомыя.

Асобнай увагі заслугоўвае палітыка ў дачыненьні да Царквы. Першапачаткова вельмі стрыманая, у меру прагрэсу саветызацыі яна станавілася ўсё больш ваяўнічай, прывёўшы ўрэшце да арышту кардынала Вышыньскага.

в) Ломка людзей

Не перастаючы зьнішчаць традыцыйныя формы польскага жыцьця, палітыка PPR і PZPR так жа бязьлітасна скіравалася супраць людзей, хочучы іх надламіць і змусіць да пакорлівасьці.

Некаторыя з захадаў гэтай палітыкі былі скіраваны супраць усяго насельніцтва Польшчы ці супраць вельмі вялікіх яго групаў. Іншыя былі спраставаныя на паасобныя, маргінальныя асяродкі ці нават на асобных людзей.

Вельмі шырокі дыяпазон мела палітыка, якая мела на ўвазе пазбавіць людзей эканамічнай незалежнасьці. Гаворка тут не ідзе пра вялікія рэформы (сельскагаспадарчая рэформа 6 верасьня 1944 г. і нацыяналізацыя прамысловасьці 3 студзеня 1946 г.). Пры новым ладзе яны былі непазьбежнымі і тычыліся адносна невялікай колькасьці людзей. Але істотнае значэньне мелі самавольныя экспрапрыяцыі, якія на прыктыцы выйшлі далёка за межы адпаведных законаў. Дзякуючы гэтай практыцы сьвядома падрываліся падставы любой уласнасьці. Канфіскавалі фабрыкі і заводы, дзе працавала ўжо не пяцьдзясят, як прадугледжваў закон, а нават толькі пару работнікаў. Праўда, ня ўсе. Гэта залежала ад таго, хто быў уласьнікам і як ён прыстасаваўся да „новай рэальнасьці”. Такім чынам прышчапляўся страх і пакорлівасьць усім, хто хоць нечым валодаў.

Падобна было і з жылымі дамамі. Не было ўвогуле закону аб экспрапрыяцыі дамоў ці прыватных ды каапэратыўных кватэр. Але шмат зь іх было канфіскавана без магчымасьці апэляцыі. Уласьнікі дамоў, дзе арэндаваліся кватэры, страцілі сваю ўласнасьць іншым чынам. Жыхарам такіх дамоў дазволі жыць фактычна задарма, а ўласьніка абавязвалі выплочваць вялікія падаткі за ўтрыманьне дому. Гэта прывяло да масавага адмаўленьня ад дамоў на карысьць дзяржавы.

Тыя, хто нечым валодаў, уяўлялі сабой меншыню насельніцтва. І таму, каб давесьці ўсіх да ўзроўню галечы, была праведзена грашовая рэформа, якая пазбавіла вартасьці любыя ашчадкі. Узамен за ранейшыя „млынаркі” кожны атрымаў на галаву 500 новых злотых: гэтай сумай абмяжоўвалася яго маёмасьць. Адначасна быў устаноўлены вельмі нізкі ўзровень заробкаў, якія не адпавядалі рэальным выдаткам на жыцьцё. У дадатак на пачатку для ўсіх не было працы. Трэба яшчэ памятаць, што адбывалася ўсё гэта ў краіне, панішчанай немцамі і ваеннымі дзеяньнямі. Сьпіхваньне насельніцтва на дно галечы павінна было змусіць яго прасіць новую ўладу аб падтрымцы. Зьніжэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва ў першыя месяцы „народнай улады” было адным з эфэктыўнейшых спосабаў прымусіць яго да пакорлівасьці.

Спосаб функцыяваньня дзяржаўных органаў, якія ажыцьцяўлялі варожую да людзей палітыку, зьяўляўся яшчэ адным рычагом заняволеньня. Ніжэйшыя органы адміністрацыі былі ўкамплектаваныя проста пасьледкамі грамадзтва, фактычна звычайнымі жулікамі, што паходзілі з самых маргінальных грамадзкіх слаёў, якія толькі можна было знайсьці ў Польшчы. Іх кіраваньне было адным шэрагам рабункаў і злоўжываньняў. Гэты досьвед ужо цяпер адыходзіць у забыцьцё, але варта яго прыгадаць, бо ён быў адным са сродкаў маральнага прыгнёту грамадзтва, і так цяжка змучанага вайной. Пасьля пэўнага часу сытуацыя пачала паступова выпраўляцца, бо ўлада зразумела, што гэта б скончылася ня толькі абрабаваньнем насельніцтва, але і раскраданьнем усёй дзяржаўнай маёмасьці. Аднак цалкам выкараніць злоўжываньні адміністрацыйнага апарату да сёньняшняга дня так і не ўдалося.

 

***

Апрача гэтых агульных сродкаў уціску, ужытых да ўсяго грамадзтва, некаторыя групы ды асобы сталі аб’ектам адмысловай увагі партыйных органаў, што праводзілі палітыку саветызацыі. Таму ўзяліся перадусім за тых, хто выяўляў патрыятызм і актыўнасьць, — за акоўцаў і жаўнераў узброеных сілаў на Захадзе, якія былі сымбалем барацьбы за незалежнасьць. Затым за людзей, якія першымі прыняліся за адбудоўчую працу. Ня толькі за дзеячаў разгромленых ужо партый, але і за беспартыйных, калі яны выяўлялі энэргію і самастойнасьць. І нарэшце за тых, хто некалі адзначыўся палітычнай заангажаванасьцю. Такім чынам, гэтыя катэгорыі людзей падазраваліся ў тым, што яны могуць распачаць нейкую дзейнасьць, супярэчную дырэктывам партыі.

Сярод сродкаў уціску трэба вылучыць фізычны тэрор і маральныя ды эканамічныя рэпрэсіі.

Фізычны тэрор — гэта тайныя і санкцыяваныя ўладай забойствы, катаваньні дзеячаў падпольных арганізацый, сябраў АК і лясных аддзелаў. У пэрыяд зь сярэдзіны 1945 і да канца 1947 гг. ён быў скіраваны супраць дзеячаў PSL i WRN. Падчас уласна сталінізму, г.зн. з 1948 г. — супраць рэштак рознага роду апазыцыі, супраць выдуманай апазыцыі, і нарэшце — у сапраўдным сталінскім стылі — супраць людзей, чужых якой-небудзь апазыцыі, але якія мелі нейкія заганы ў біяграфіі, або такіх, што „трапіліся” выпадкова.

Такім чынам імкнуліся запалохаць усіх, каму якая-колечы думка аб апазыцыі магла б прыйсьці да галавы 13 .

Маральныя і эканамічныя рэпрэсіі палягалі ў пазбаўленьні працы, пераводзе на ніжэйшую пасаду, забароне друкавацца для навукоўцаў, літаратараў і публіцыстаў, стварэньні нязносных жыльлёвых умоваў і нават права пражываць у некаторых мясцовасьцях ды выязджаць за мяжу.

Гэтыя сродкі рэпрэсій ужываліся да розных людзей рэгулярна або аднаразова, у большай ці меншай ступені ў залежнасьці ад індывідуальных акалічнасьцяў. Мэтай заўсёды было прымусіць да пакоры: да такіх паводзін і сьцьвярджэньня таго, чаго жадала бліжэйшая партыйная ячэйка PZPR.

Гэтая палітыка праводзілася зь вялікай энэргіяй. Яшчэ ня скончыўся 1949 год, а навуковая думка была задушаная, ВНУ поўныя недавучаных крыкуноў, прэса маніла і паўтарала бессэнсоўныя штампы, літаратура была закабалена, а мастацтва і архітэктура спынены ў разьвіцьці. Кіраўнічых пасадаў у эканоміцы былі пазбаўлены спэцыялісты, якія ў 1945 і 1946 гг. прыняліся за працу. Іх замянілі вылучэнцамі партыі зь нізкім інтэлектуальным, а часта і маральным узроўнем. Рабочыя адчулі цяжар бязьлітаснай эксплюатацыі, а сялянаў працягвалі запалохваць калектывізацыяй і нязноснымі падаткамі.

Кожнаму стала ясна, што палітыка PZPR была палітыкай падпарадкаваньня Польшчы Саветам без увагі як на інтарэсы Польшчы ў цэлым, так і на інтарэсы якой-небудзь польскай грамадзкай клясы 14 .

г) Пазыцыя грамадзтва

Каб цалкам усьвядоміць насьледкі сталінізму ў Польшчы, трэба ўсьвядоміць, як польскае грамадзтва зрэагавала на ліквідацыю апазыцыі і татальную атаку PZPR на ўсё, што польскае. Гэта важна таму, што пазыцыя, якая тады аформілася, трывае зь невялікімі толькі зьменамі дагэтуль і надалей вызначае стаўленьне грамадзтва да ўлады ў ПНР.

Пад уплывам сталінскай палітыкі партыі польскае грамадзтва падзялілася на чатыры катэгорыі.

На самым верху апынуліся апаратчыкі саветызму. Іх зазвычай атаясамліваюць з функцыянэрамі партыі, дарма што фармальна ня ўсе яны ўваходзяць у склад апарату PZPR. Істотна тут тое, хто ажыцьцяўляе ўладу. Яны праніклі ня толькі ў апарат партыі, але таксама і ў органы адміністрацыі, сфэру юстыцыі, бясьпекі, а таксама сталі на чале эканомікі, ВНУ, творчых саюзаў і прэсы. Гэта яны праводзілі саветызацыю польскіх установаў і аказвалі націск на паасобныя асяродкі і людзей. Яны распараджаліся жыцьцём і сьмерцю, вязьніцай або свабодай, поступам або дэградацыяй, прывілеямі або зьдзекамі што да простых людзей. Яны вырашалі, хто будзе гаварыць, а хто маўчаць, а таксама, што трэба гаварыць. Для кожнай групы, такой, як літаратары, эканамісты, юрысты, і на кожным заводзе, вучэльні, установе і фабрыцы не існавала ніякіх сумневаў, у чыіх руках насамрэч знаходзіцца ўлада, і, такім чынам, з кім трэба быць асьцярожным. Адрыў „апаратчыкаў” ад грамадзтва, у якім яны дзейнічалі, быў поўным. Адрыў гэты ўзмацняўся сьвядома праводжанай палітыкай. Яны мелі права купляць у спэцыяльных, лепей забясьпечаных крамах „за жоўтымі фіранкамі”. Яны езьдзілі ў спэцыяльныя дамы адпачынку, пасылалі сваіх дзяцей у спэцыяльныя элітныя школы і карысталіся спэцыяльнымі лячэльнямі. Надзвычай рэдка здаралася, каб „апаратчык” пазбаўляўся гэтых прывілеяў. Нават калі ён кепска спаўняў свае абавязкі, то пасьля „зьняцьця” з адной пасады яго перамяшчалі на іншую на такім жа ўзроўні. Нават калі ён адхіляўся ад партыйнай лініі, г.зн займаў унутры партыі апазыцыйную пазыцыю, то мог пазбавіцца сваёй функцыі, але захаваць прывілеі, якія яму прызначаліся як бы пажыцьцёва, калі не спадкаемна. Зразумела, яму прызначалася пэнсія, значна большая, чымся ў звычайных людзей.

Пры гэтых умовах „апаратчыкі” набылі ўсе рысы дамінацыйнай грамадзкай клясы. У іх паводзінах, як гэта звычайна бывае з чальцамі дамінацыйнай клясы, навідавоку была самаўпэўненасьць і, больш таго, пагарда да звычайных людзей. Іх называлі „валадарамі сацыялістычнай Польшчы” ці папросту „ўбэкамі” (што не азначала, што ўсе яны служылі ў Міністэрстве Бясьпекі). Іх баяліся і ненавідзелі. Гэта доўжыцца дасюль. Таму што хоць гэтую клясу і стварыў сталінізм 1948-1956 гг., яна не перастала існаваць, калі сталінізм мінуўся. Яе кіраваньне сапраўды памякчэла, але яна надалей кіруе ў Польшчы і будзе кіраваць, дакуль у Польшчы будзе доўжыцца саветызм. Дзеля гэтага існаваньне гэтай клясы і яе дамінацыйная роля ёсьць асноўнымі рысамі гэтай грамадзкай фармацыі.

Другая катэгорыя людзей, якую стварыў сталінізм у Польшчы, былі т.зв. актывісты. Яны былі пераважна партыйнымі, хаця і беспартыйных сярод іх было шмат.

„Актывісты” добраахвотна і беззасьцярожна падтрымлівалі рэжым. Гаварылі, пісалі і рабілі ўсё, чаго чакала ад іх улада, і нават больш. Старанна выконвалі функцыі, якія ім былі прызначаныя, і не адхіляліся ніколі ад лініі партыі. Карысталіся шмат якімі прывілеямі і даходзілі да высокіх пасадаў.

Ад „апаратчыкаў” яны, аднак, шмат у чым адрозьніваліся. Перадусім яны не займалі пасадаў, што давалі сапраўдную ўладу. Або самі не імкнуліся да гэтага, або з розных прычынаў (часта палітычная мінуўшчына) не дапускаліся да іх. Паколькі яны не валодалі ўладай, то мелі значна меншую магчымасьць шкодзіць людзям у параўнаньні з „апаратчыкамі”. Каб утрымліваць свае прывілеі, ім усьцяж даводзілася заігрываць з уладай, бо іх пазыцыя да канца не была стабільная. Свае прывілеі яны маглі лёгка страціць. Якраз у гэтым палягае найвялікшае адрозьненьне паміж „актывістамі” і „апаратчыкамі”. Нягледзячы на карыстаньне шмат якіх прывілеямі, „актывісты” належалі да тых, хто баіцца, а не да тых, каго баяцца, да маральна надцятых, а не да тых, хто надломваў. „Актывістаў” нельга лічыць асобнай грамадзкай клясай. Гэта была хісткая і вельмі дыфэрэнцыяваная катэгорыя. Мяжа паміж „актывістамі” і іншымі катэгорыямі не заўсёды была выразнай.

Трэцюю катэгорыю можна вызначыць як добранадзейныя. У гэтую катэгорыю трэба залічыць масу партыйных, г.зн. усіх тых, хто ня быў „апаратчыкамі” або „актывістамі”. У яе ўваходзілі аднак і беспартыйныя. „Добранадзейныя” беззасьцярожна падпарадкоўваліся рэжыму, але адрозьніваліся ад „актывістаў” тым, што гэта была пасыўная ляяльнасьць, а ня поўная ініцыятывы актыўнасьць. Яны без усялякага супраціву выконвалі ўсе распараджэньні „апаратчыкаў” і дазвалялі ўжываць сябе ў якасьці інструмэнту партыі, атрымліваючы за гэта мізэрныя ўзнагароды і жалюгодныя прывілеі. Нават у прыватных размовах яны не дазвалялі сабе крытыкаваць партыю. Таму падавалася, што яны цалкам замірыліся са сваёй прыніжальнай сытуацыяй. Але па сутнасьці іх дамінацыйным пачуцьцём быў страх перад „апаратчыкамі”.

Чацьвертая катэгорыя — гэта ўвесь астатні народ, усе звычайныя людзі. Залежныя ад улады адміністрацыйна і эканамічна, яны жывуць у галечы і на практыцы пазбаўлены якіх-небудзь правоў. Часта запалоханыя і заўсёды дэзарыентаваныя, яны не маглі дзейсна супраціўляцца ўціску, які аказваўся „апаратчыкамі”. І таму хадзілі на сходы, прымалі рэзалюцыі (адзінадушна), бралі ўдзел у выбарах (бяз выбару), вырашалі свае справы ў розных інстанцыях кіраўнічай улады. Усё гэта было непазьбежна, бо жыцьцё мусіла ісьці. Спроба адкрытага непаслушэнства цяжка каралася, і пры гэтым не прыводзіла да нічога.

Нягледзячы на гэты вонкавы канфармізм, „звычайныя людзі” ўнутрана ніколі не прызнавалі рэжым і ніколі яму цалкам не падпарадкоўваліся. Яны саступалі перад націскам, але толькі тады і толькі настолькі, наколькі да гэтага выразна змушала ўлада. Яны заўсёды мелі пачуцьцё, што гэтая ляяльнасьць прыніжае іх. Пра „апаратчыкаў” яны не гаварылі іначай, чымся „яны”, лічачы іх чужой і варожай сілай. Сваім поглядам яны давалі вольнае выяўленьне ў прыватных размовах ува ўласным коле, а ня годных даверу „апаратчыкаў”, „актывістаў” або „добранадзейных” маглі лёгка распазнаць. Яны неяк пераадольвалі цяжкасьці штодзённага існаваньня, часта кпілі зь бюракратычных нонсэнсаў, якія ўскладнялі ім жыцьцё 15 .

Гэткая пазыцыя простых людзей стварыла ў Польшчы вялізную, маўклівую, але рашучую і ўпартую апазыцыю супраць паноўнага ў Польшчы ладу 16 . Гэта факт агромністага значэньня для зразуменьня сытуацыі, да якой у Польшчы прывёў саветызм.

Сярод удзельнікаў гэтай маўклівай апазыцыі трэба вылучыць тых, чыя саступлівасьць да ўлады была найменшай. Гэтыя „ўпартыя, маўклівыя апазыцыянэры” не ўяўлялі сабой выразна акрэсьленую групу, таму што зьменлівыя ўмовы ўплывалі на тое, хто да яе належаў, а хто адпадаў. Не падлягае, аднак, сумневу, што ўлада магла іх заўсёды выдатна распазнаць і тарнавала да іх дыскрымінацыю і забароны.

Упартых маўклівых апазыцыянэраў можна было знайсьці ўва ўсіх грамадзкіх групах. Сяляне ўва ўсёй сваёй масе былі нэгатыўна настроеныя да ўлады, як, зрэшты, рабочыя і інтэлігенцыя. Але ціск на сялянаў меў мэтанакіраваны характар, што прыводзіла да яшчэ большай салідарнасьці супраць рэжыму. Канцэпцыя т.зв. расслаеньня сялян паводле савецкага ўзору на „беднякоў”, „сераднякоў” і „кулакоў” так і не дала вынікаў. Таму маўклівая апазыцыя сярод сялянаў была паўсюднай, а ў выглядзе супраціву калектывізацыі нават зьмянялася ў яўную і адкрытую апазыцыю.

Рабочыя былі ў цяжэйшай сытуацыі, бо інфільтрацыя „актывістаў” на фабрыках была больш дзейснай, чымся на вёсцы. У найцяжэйшай, аднак, сытуацыі апынуліся інтэлігенты і інтэлектуалы, бо іх апрацоўвалі індывідуальна.

І таму трэба прызнаць, што бальшыня „апаратчыкаў” і „актывістаў”, а таксама і шмат „добранадзейных” паходзіла зь інтэлігенцыі. Гэта сьведчыла аб аслабленьні палітычнай пазыцыі інтэлігенцыі, найбольш выбітныя прадстаўнікі якой або загінулі, або адсутнічалі ў краіне. Гэта, аднак, зусім ня значыць, што бальшыня інтэлігенцыі падтрымала рэжым 17.

Бальшыня была супраць, але была змушана маўчаць, тым часам калі крыклівая меншыня „апаратчыкаў” і „актывістаў” мела ў распараджэньні ўсе сродкі і абвяшчала марксізм-ленінізм, правадырства Саветаў і хвалу партыі 18. Да бальшыні інтэлігентаў, і ўпаасобку інтэлектуалаў, улада ставілася зь недаверам; яны мелі наглядчыкаў у асобе „апаратчыкаў” і падпадалі пад прыніжальныя націскі і зьдзекі.

Маўклівая апазыцыя не прыносіла нікому ні славы, ні хвалы. Нават найбольш нонкамфармісцкая пазыцыя заставалася нікому не вядомай, паколькі выяўленьне яе прынесла б яшчэ больш шкоды таму, хто яе займаў. Апрача таго, у паноўнай атмасфэры фрустрацыі і безнадзейнасьці яна часта не знаходзіла прызнаньня нават у падобна думаючых, паколькі лічылася данкіхоцтвам, якое да нічога не вядзе. Аб ступені пашырэньня маўклівай апазыцыі сьведчыла адно цкаваньне апазыцыянэраў: забароны публікацый, забароны выкладаньня, „зьняцьцё” з пасадаў, забароны выязджаць за мяжу і, канечне, абмінаньне пры прэміях, узнагародах і адзначэньнях.

Пры гэткіх умовах не было гаворкі, каб маўклівыя апазыцыянэры маглі што-небудзь зьдзейсьніць або некаму дапамагчы. Пазбаўленыя магчымасьці самастойнага дзеяньня, яны жылі пачуцьцём бясьсільнасьці і безнадзейнасьці. Адзіным іх апірышчам магло быць прызнаньне вузкага кола найбліжэйшых людзей.

Ступень адпорнасьці апазыцыянэраў на ўціскі была, відавочна, вельмі рознай. Але рознай таксама была сіла ўціскаў, розныя акалічнасьці і ўмовы ў кожным выпадку, таму цяжка меркаваць аб пазыцыі асобных індывідаў. Трэба памятаць, што паслухмянае выкананьне некаторых загадаў уладаў яшчэ зусім ня сьведчыла аб пазытыўным стаўленьні да рэжыму 19 .

Разьвіцьцё якой-небудзь дзейнасьці патрабавала выйсці з пазыцыі маўклівасьці і згоды з пэўнымі саступкамі адносна ўлады. Няшмат людзей з шчыра апазыцыйным настроем наважваліся пайсьці гэткім шлахам, мяркуючы, што робячы адносна дробныя саступкі, яны дасягаюць пазытыўных вынікаў ці, прынамсі, прадухіляюць сур’ёзную шкоду. Шлях такой апазыцыі, схаваны за заслонай актыўнасьці, быў цяжкім і сьлізкім. Саступкі маглі аказацца шкоднымі, а карысьць невялікай. Цяжка таксама было вызначыць мяжу дапушчальных кампрамісаў, якая падзяляла такія паводзіны ад паводзінаў „добранадзейных”. Выпадкаў такой сукрытай „апазыцыі” было няшмат і яшчэ менш такіх, якія б сапраўды прыносілі нейкія выразныя дадатныя вынікі. Але трэба ўшанаваць прызнаньнем тых, хто сумленна спрабаваў праводзіць такую апазыцыю.

 

***

Падзел польскага грамадзтва на „апаратчыкаў”, „актывістаў”, „добранадзейных” і „звычайных людзей” (маўклівая апазыцыя) варта заўсёды мець наўвеце, калі дыскутуецца сытуацыя ў краіне 20 . Гэты падзел аформіўся ў пэрыяд сталінізму, але працягваецца дагэтуль і існуе ў сьвядомасьці людзей. Трэба ўсьведамляць, што найглыбейшая лінія падзелу аддзяляе апаратчыкаў PZPR ад астатняга грамадзтва. Гэта выклікана тым, што якраз апаратчыкі ажыцьцяўляюць уладу, прыціскаючы, эксплюатуючы і прыніжаючы ўсіх іншых. „Актывісты”, „добранадзейныя” і „звычайныя людзі” зьяўляюцца таму аб’ектам адміністрацыі, якая знаходзіцца ў руках апаратчыкаў, і розьняцца паміж сабой тым, якую пазыцыю яны займаюць да ўладных вярхоў.

Найбольшае значэньне для будучыні мае група „маўклівай апазыцыі”. Дзеля таго што ў пэрыяд сталінізму яна захавала жыцьцястойкасьць перад націскамі партыі, яна стала базай для пазьнейшых яўных апазыцыйных выступаў і для адроджанай актыўнай апазыцыі.

 

5. Апаззыцыйныя фракцыі ўнутры партыі і аўтэнтычная дэмакратычная і незалежніцкая апазыцыя

а) Супрацьлежнасьць пазыцый і мэтаў.

Надыход сталінізму паклаў канец актыўнай апазыцыі. Неабмежаваную ўладу атрымала партыя.

PZPR уяўлялася з пачатку маналітам, прынамсі для тых, хто пазіраў на яе звонку. Але пасьля пэўнага часу ў ёй пачалі выўляцца адрозьненьні, а пасьля і спрэчкі ды бойкі паміж яе рознымі фракцыямі. Фракцыйныя міжусобіцы неўзабаве сталі важным элемэнтам разьвіцьця палітычнай сытуацыі ў Польшчы і застаюцца ім дагэтуль. Апрача таго, яны аказваюць уплыў на ўмовы, у якіх можа дзейнічаць аўтэнтычная апазыцыя. Таму трэба асэнсаваць іх сутнасьць, а таксама высьветліць, чым фракцыйная апазыцыя адрозьніваецца ад аўтэнтычнай незалежніцкай апазыцыі.

Бойкі паміж фракцыямі PZPR вядуцца за тое, якая з фракцый атрымае мандат ажыцьцяўленьня ўлады ў Польшчы з рук СССР. Такім чынам, можна гаварыць аб фракцыі, што знаходзіцца ўва ўладзе, і аб фракцыі, што імкнецца да ўлады (апазыцыйнай). Але ня трэба сабе ўяўляць, што становішча гэтых фракцый аналягічнае ўрадавай бальшыні і апазыцыйнай меншыні пры парлямэнтарным ладзе. У партыі зусім інакш: усе фракцыі адначасна зьяўляюцца часткамі партыйнага і ўрадавага апарату, гаворка йдзе толькі пра тое, якія пасады яны займаюць і якімі зьяўляюцца іх рэальныя ўплывы. А менавіта, хто займае пасаду чальца Палітбюро, сакратара ЦК, хто трымае ў руках бясьпеку, цэнзуру і г.д. Чыімі людзьмі ёсьць першыя сакратары ў найважнейшых ваяводзтвах (Варшава, Сылезія). Таму фракцыйная барацьба ёсьць барацьбой за ўладу для чальцоў фракцыі. Перамогу ў гэтай барацьбе вызначаюць у апошняй інстанцыі Саветы. Таму перамагае той, хто давядзе, што будзе служыць Саветам найбольш верна і найбольш дзейсна. Навідавоку, што ніводная з гэтых партый ня ставіць пад сумнеў кіраўнічай ролі партыі і прынцыпаў паноўнага ў Польшчы ладу. Усе фракцыі PZPR хочуць утрымаць гэты лад, бо яны ўзьніклі зь яго і толькі ў ім могуць існаваць. Яны могуць адрозьнівацца выбарам сродкаў, якімі хочуць палепшыць, удасканаліць і ўзмацніць лад 21 . Такім чынам, фракцыйная апазыцыя ўнутры PZPR ёсьць нечым зусім адрозным ад аўтэнтычнай незалежніцкай апазыцыі.

Аўтэнтычная апазыцыя палягае ў прыняцьці палітычнай пазыцыі і ў правядзеньні дзейнасьці, скіраванай супраць таталітарнага ладу (саветызму), які пануе ў Польшчы, супраць PZPR, якая ў гэтым ладзе ажыцьцяўляе ўладу, і супраць савецкай дамінацыі, якая забясьпечвае гэты лад. Як канцавую мэту яна ставіць сабе ліквідацыю паноўнага ў Польшчы ладу 22 . Яе бліжэйшыя мэты — яго аслабленьне і тым самым абарона грамадзтва ад бяспраўя, уціску і эксплюатацыі з боку ўлады, якая рэпрэзэнтуе лад.

Такім чынам, паміж незалежніцкай апазыцыяй і партыяй ці якой-колечы яе фракцыяй існуе поўная супрацьлежнасьць мэтаў. Партыя хоча ўтрымаць саветызм і савецкую дамінацыю, а незалежніцкая апазыцыя імкнецца да вяртаньня дэмакратыі і незалежнасьці. Партыя хоча ўзмацніць лад, а апазыцыя хоча яго аслабіць.

Для грамадзтва па сутнасьці ўсё роўна, якая зь існых фракцый PZPR прыйдзе да ўлады, бо кожная будзе праводзіць палітыку, дыктаваную Саветамі. Тым ня менш, сам працэс барацьбы за ўладу паміж фракцыямі дае грамадзтву пэўныя магчымасьці, якія трэба ўсьвядоміць і якія належыць выкарыстаць.

б) Сцэнар фракцыйнага змаганьня

З досьведу мы ведаем, што фракцыйныя міжусобіцы заўсёды адбываюцца паводле пэўнай схемы (сцэнару). Актыўную ролю ў іх адыгрывае тая фракцыя, якая імкнецца да ўлады, гэта значыць, апазыцыйная фракцыя.

Першым яе тактычным крокам ёсьць стварэньне ўражаньня, што фракцыя, якая цяпер знаходзіцца пры ўладзе, не выконвае належна сваіх заданьняў, г.зн. заданьняў, у выкананьні якіх зацікаўлены Саветы. Найбольш пераконлівым довадам няздатнасьці кіраўнічай каманды ёсьць няздольнасьць утрымаць палякаў у спакоі і ляяльнасьці. Апазыцыйная фракцыя мае тады аказію сказаць Саветам: „Глядзіце, як яны сябе кампрамэтуюць, прывялі да такой сытуацыі, а цяпер ня могуць даць сабе рады. Дайце нам уладу, і мы пакажам, які будзе спакой і парадак”. Каб стварыць такую сытуацыю, фракцыя гатова нават ініцыяваць крытыку кіраўнічай групы і выклікаць розныя выступы. Якраз у гэтым крыніца правакацыі, аб якой заўсёды чуваць на пачатку розных непакояў і забурэньняў. Можна нават сказаць, што да апошняга часу ніводная больш-менш сьмелая акцыя не магла распачацца без правакацыі, таму што калі нават існавалі вельмі сур’ёзныя прычыны для незадавальненьня, звычайныя людзі нічога не прадпрымалі, бо ім гэта падавалася безнадзейным. Але зусім іншая сытуацыя, калі незадаволеныя даведваюцца, што выражэньне незадавальненьня будзе на руку нейкай партыйнай фракцыі. Гэта стварае пэўную страхоўку незадаволеным і падахвочвае высоўваць свае пастуляты.

Дзеля гэтага ў часе вядзеньня такой фракцыйнай барацьбы грамадзтва перажывае пэрыяд „адлігі”, падчас якога можна дыхаць свабадней. У гэтым часе ўзьнікаюць магчымасьці манэўру паміж варожымі фракцыямі. Фракцыя, што імкнецца да ўлады, стараецца здабыць пэўную папулярнасьць у грамадзтве. З гэтай мэтай яна дэкляруе адыход ад саветызму, сьцьвярджаючы ці то лібэральныя, ці то „нацыянальныя” лёзунгі. Адбываецца зьмена атмасфэры і абуджаюцца надзеі. Людзі пачынаюць дамагацца сваіх правоў, супраціўляцца ціску, атмасфэра не спрыяе рэпрэсіям і ў выніку грамадзтва, карыстаючы з аслабленьня апарату ўлады, здабывае для сябе свабоды, якія ўяўляюць сабой поступ у параўнаньні з ранейшым пэрыядам. Таму ў пэрыяд узмацненьня фракцыйных рознагалосьсяў можа часова ўзьнікаць т.зв. аб’ектыўнае супадзеньне інтарэсаў паміж фракыяй, якая імкнецца да ўлады, і грамадзтвам, дарма што ў сутнасьці кожны з бакоў імкнецца да нечага іншага: фракцыя — захапіць уладу, а грамадзтва — аслабіць уціск. Аднак паколькі абодва бакі зацікаўлены ў аслабленьні групы, якая ў дадзены момант ажыцьцяўляе ўладу, у гэтым пункце іх інтарэсы супадаюць. Гэтае аб’ектыўнае супадзеньне інтарэсаў доўжыцца толькі датуль, дакуль фракцыя ня прыйдзе да ўлады.

Захапіўшы ўладу, новая каманда робіць некалькі саступак, якія лёгка пасьля скасаваць, арганізуе сабе ўдзячнасьць народу за вяртаньне парадку, заклікае да спакою і „павелічэньня намаганьняў”. Надыходзіць спакой, пасьля чаго новая ўлада паступова адмаўляецца ад саступак і ўсё вяртаецца ў папярэдні стан.

Таму грамадзтву ніяк не выпадае адорваць апазыцыйную фракцыю або яе прадстаўнікоў сапраўдным і доўгатрывалым даверам. Гэта было б адыходам ад незалежніцкай пазыцыі, бо фракцыя, якая прыходзіць да ўлады, дзеля ўжо самога гэтага факту становіцца агентурай Саветаў, і таму галоўным ворагам польскага грамадзтва.

в) Адрозьненьне фракцыйнай апазыцыі ад аўтэнтычнай апазыцыі

Згаданая вышэй схільнасьць партыйнай апазыцыі ствараць бачнасьць падтрымкі з боку грамадзтва можа часам прыводзіць да цяжкасьцяў пры адрозьненьні фракцыйнай апазыцыі ад аўтэнтычнай апазыцыі. Разьвязаць гэткі сумнеў можна пры ўсьведамленьні сапраўднага палітычнага значэньня праводжанай дзейнасьці і таго, хто фактычна праводзіць гэтую дзейнасьць. Адносна меншае значэньне маюць абвешчаныя праграмныя дэклярацыі апазыцыйных групаў.

Апора на апублікаваныя выказваньні можа нават прыводзіць часам да памылковых высноваў. Бо, з аднаго боку, пекныя дэклярацыі могуць хаваць дзейнасьць, якая выклікае шмат пытаньняў, а з другога -- сапраўдная незалежніцкая апазыцыя можа быць вельмі стрыманай у пляне яўнага вызнаваньня сваіх мэтаў, каб не правакаваць рэпрэсіі, якія б абцяжылі ці нават зрабілі немагчымай яе дзейнасьць 23 . Таму калі гаворка йдзе пра выказваньні аўтэнтычных апазыцыйных групаў, можа, найбольш істотна тое, чаго нельга ў іх знайсьці, напрыклад, запэўніваньняў аб супадзеньні інтарэсаў народу і партыі, заклікаў да дыялёгу і супрацоўніцтва з партыяй і да вяртаньня да яе даверу. Бо такія лёзунгі цалкам супярэчаць пазыцыі незалежніцкай апазыцыі. Адшукаць жа іх можна ў выказваньнях апазыцыі, што пакладае свае надзеі на партыю.

У сваёй практычнай дзейнасьці незалежніцкая апазыцыя паказвае праўду аб таталітарнай сутнасьці паноўнага ў Польшчы ладу і аб падпарадкаваньні Польшчы СССР, фармуе пазыцыю супраціву гэтай сытуацыі, вымушае ўлады на саступкі і імкнецца прывесьці ў дзеяньне прынцыпы дэмакратыі. Антыпартыйнае вастрыё ейнай дзейнасьці для яе найбольш характэрна. У сваю чаргу, дзейнасьць фракцыйнай апазыцыі ніколі не намагаецца дыскрэдытаваць усю партыю і падарваць яе ролю ў краіне.

Аўтэнтычную апазыцыю найпрасьцей пазнаць па людзях, якія яе праводзяць. Рух, на чале якога стаяць дзеячы, вядомыя сваёй антыпартыйнай і антысавецкай пазыцыяй ў мінуласьці, дае найлепшую гарантыю незалежніцкай апазыцыі сёньня.

Не заўсёды, аднак, справа бывае такой простай. Часта здараецца, што ў апазыцыйным руху бяруць удзел і нават займаюць у ім кіраўнічыя пазыцыі людзі, якія мелі партыйную мінуўшчыну. Яны трапляюць туды таму, што ўдзел партыйных зьяўляецца пэўнага роду страхоўкай для аўтэнтычных апазыцыянэраў. (Я тлумачыў гэта вышэй, пішучы аб сцэнары фракцыйных міжусобіц.)

Удзел людзей з партыйным мінулым у аўтэнтычным апазыцыйным руху ў прынцыпе будзіць непакой, але гэта не азначае, што рух з тае прычыны мусіць абавязкова страціць незалежніцкі характар. У сувязі з гэтым могуць узьнікаць два апрычоныя варыянты гэтай сытуацыі.

Першы варыянт палягае ў тым, што некалі зьвязаныя з партыяй людзі незваротна зьмянілі свае пагляды і шчыра хочуць далучыцца да антыпартыйнай апазыцыі. Тады аўтэнтычнай апазыцыі яны ў прынцыпе не пагражаюць.

Само сабой зразумела, што такія новыя апазыцыянэры мусяць вельмі рашуча парваць з сваёй партыйнай мінуўшчынай і сувязямі з партыйнымі структурамі, каб не пакінуць найменшых сумневаў, што у партыю яны ня вернуцца і ёй не падпарадкуюцца. Пры ўмове выкананьня гэтай умовы можна задумацца над добрымі і благімі бакамі ўдзелу ранейшых партыйных у апазыцыйным руху.

Калі гаварыць пра пазытыўны бок, то трэба сьцьвердзіць, што яны часта больш дынамічныя, адважныя і рашучыя, чымся апазыцыянэры, якія паходзяць з звычайных людзей. Гэта выклікана тым, што апаратчыкі заўсёды былі побач з цэнтрамі ўлады. Усё ж ім Польшча належыць трыццаць гадоў, і яны здолелі набыць самаўпэўненасьць, тым часам калі звычайныя людзі нясуць у сабе досьвед страху, паняверкі і галечы; яны прызвычаіліся да таго, што ім усё забаронена і што за супраціў уладзе на іх абрынуцца жорсткія санкцыі. Пры гэтых умовах нічога дзіўнага, што ў першай фазе апазыцыйнага руху партыйныя адыгрываюць часта больш актыўную ролю і часам нават становяцца на чале.

Зь іншага боку, яны абцяжваюць апазыцыйны рух. Бо кожны рух ацэньваецца паводле таго, хто ў ім бярэ ўдзел. Прысутнасьць у ім былых партыйных, і ў прыватнасьці былых апаратчыкаў, мусіць абуджаць неспакой. Нават калі ў індывідуальных выпадках гэты недавер будзе неапраўданы, то цяжка яму дзівіцца: паводзіны партыйных далі для гэтага ажно зашмат прыклёпаў. Таму можна чакаць, што ў меру таго як апазыцыйны рух будзе ўзмацняцца і думка бальшыні будзе атрымліваць у ім голас, былыя партыйныя будуць у ім адыгрываць усё меншую ролю.

Існуе, аднак, і другі варыянт сытуацыі, які стварае пагрозу для аўтэнтычнага апазыцыйнага руху. А менавіта, можа аказацца (параўнай апісаны вышэй сцэнар фракцыйных міжусобіц), што дзеяньні, распачатыя звычайнымі людзьмі, маюць характар аўтэнтычнай апазыцыі, але кіруюць імі фракцыйныя апазыцыянэры, якія рэпрэзэнтуюць інтарэсы сваёй фракцыі ў барацьбе за ўладу ўнутры партыі. Расклад такі вельмі небясьпечны, бо можа прывесьці або да заняпаду апазыцыйнага ладу ў той момант, калі кіраўнікі яўна пярэйдуць на партыйныя пазыцыі, або, што яшчэ горш, да пазбаўленьня яго незалежніцкага характару і падпарадкаваньня яго партыйным мэтам. Гэта здаралася шмат разоў ў мінулым (1956, 1968, 1970).

Таму трэба выяўляць партыйных апазыцыянэраў, каб у пару прадухіліць гэту небясьпеку. Безумоўна, існуюць пэўныя вонкавыя адзнакі, якія робяць гэта магчымым. Іх дае сама партыя ў выніку лёгказаўважальнай розьніцы ў трактоўцы фракцыйных і аўтэнтычных апазыцыянэраў.

Дзеячы, зьвязаныя з партыяй, нават апазыцыянэры, заўсёды маюць большыя свабоды ў параўнаньні з звычайнымі людзьмі. Ім даруецца шмат рэчаў, якія б звычайным людзям не прайшлі беспакарана, і нават калі да іх ужываюцца нейкія санкцыі, то значна больш мяккія. І калі часам яны трапляюць у вязьніцу, то і там зь імі абыходзяцца зусім інакш 24 . Гэта здараецца перадусім таму, што фракцыйны апазыцыянэр зазвычай мае нейкае апірышча ў партыі, зь якім апарат прымусу мусіць лічыцца. Нават будучы часова ў апазыцыі, ён можа мець асабістыя знаёмствы ў высокапастаўленых партыйных сфэрах і ніколі не вядома, ці ня вернецца ён да ляяльнасьці. Гэта ставіць заслон брутальнай бязьлітаснасьці, зь якой трактуюцца звычайныя людзі. Таму выступы фракцыйных апазыцыянэраў бываюць значна больш сьмелымі і рашучымі і часта маюць большы розгалас, чымся выступы аўтэнтычных апазыцыянэраў. Праз гэта можа нават паўстаць памылковае ўражаньне, што якраз фракцыяністы — гэта сапраўдныя апазыцыянэры, тым часам калі яны часта пры гэтым выконваюць асобныя інструкцыі, выдадзеныя кіраўніцтвам фракцыі, якая заплянавала іх „адважны” выступ як элемэнт сваёй стратэгіі. Адважна выступаючы, яны рызыкуюць значна менш, чымся аўтэнтычныя апазыцыянэры.

Людзі ў Польшчы, аднак, лёгка адрозьніваюць аўтэнтычных апазыцыянэраў, якія сапраўды выступаюць супраць рэжыму і партыі, ад фракцыйных апазыцыянэраў, якія вядуць сваю гульню ў рамках партыі. І таму яны дакладна адрозьніваюць незалежніцкую апазыцыю ад партыйнай фракцыі. Ня так лёгка гэта ўдаецца эміграцыі.

г) Дзейнасьць, якая не зьяўляецца апазыцыяй

Часам здараецца, што за апазыцыю ўважаюць дзейнасьць, якая насамрэч ніякай апазыцыяй не зьяўляецца.

Найчасьцей гаворка тут вядзецца пра дзейнасьць, якая мае на мэце ўдасканальваньне функцыяваньня ладу. Без пастаноўкі пад сумнеў яго падставаў (улады партыі і дамінацыі Саветаў) прапануюцца розныя рэформы, якія маюць на мэце лепшую арганізацыю апарату ўлады, павышэньне эфэктыўнасьці эканомікі або павелічэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва. Часам такія рэформы ці іх спробы ёсьць элемэнтам фракцыйнага змаганьня, але бываюць выпадкі, калі яны пачынаюцца таксама без жаданьня паслужыць інтарэсам партыі, у найлепшай інтэнцыі прынесьці карысьць эканоміцы або ўсяму народу. Такая дзейнасьць часам можа прыносіць дадатныя вынікі ў канкрэтных справах. Але трэба памятаць, што яе вынікі заўсёды абмежаваныя, бо сапраўднага паляпшэньня сытуацыі нельга дасягнуць без падрыву асноваў ладу 25 . Таму апрача прызнаньня, якога часта заслугоўваюць яе ініцыятары, палітычныя вынікі такой акцыі трэба лічыць прынамсі сумнеўнымі: яны ствараюць бачнасьць вырашэньня праблем, якія ў рамках ладу вырашыць нельга.

Яшчэ адным родам дзейнасьці, які неапраўдана лічыцца апазыцыйным, ёсьць дапамога людзям, якія ніяк не правініліся перад рэжымам, але нягледзячы на гэта сталі ахвярамі несправядлівасьці і злоўжываньняў. Гэта нешта накшталт дабрачыннай дзейнасьці — прынясеньне дапамогі ў індывідуальных выпадках 26 . Яна, бясспрэчна, прыносіць карысьць людзям, але яе палітычны сэнс хутчэй нэгатыўны, бо яна стварае ўражаньне (ілжывае), што такім чынам можна ўдасканаліць лад 27 .

 

6. Фракцыйная ьарацьба і адраджэньне актыўнай незалежніцкай апазыцыі: 1956-1976

а) Кастрычнік 1956

Першая вялікая бітва паміж фракцыямі разыгралася ў 1956 г., а яе кульмінацыйным момантам быў т.зв. Польскі кастрычнік. Няма патрэбы паўтараць тут яго хаду. Літаратура аб ім досыць багатая 28 . Калі гаворка заходзіць аб інтэрпрэтацыі гэтых падзеяў, то надзвычай удала зьдзейсьніў яе Ядліцкі. Варта толькі прыгадаць, што ацэнка Ядліцкага знайшла пасьля поўнае пацьверджаньне ў мэмуарах Хрушчова 29 . У вельмі вялікім скарачэньні хаду Кастрычніка можна прадставіць наступным парадкам.

У выніку зьменаў, адбытых у Маскве пасьля Сталіна, кіраўнічыя ў Польшчы вярхі PZPR, якія пасьля будуць названыя пулаўскай фракцыяй, адчулі пагрозу ад ніжэйшых узроўняў апарату, дзе ўзьнікла фракцыя пад назвай „натолінская”. Пулавяне прадпрынялі манэўр, які быў пакліканы ўтрымаць іх пры ўладзе. Шляхам пашырэньня ў партыі прамовы Хрушчова на ХХ-тым зьезьдзе партыі, аслабленьня цэнзуры і сьцішэньня дзейнасьці спэцслужбаў яны выклікалі настрой „адлігі”. Затым яны адхілілі найбольш скампрамэтаваных кіраўнікоў і зьвярнуліся па дапамогу да пазбаўленых пасадаў і арыштаваных дзеячаў — да Гамулкі і яго найбліжэйшых таварышаў. Такім чынам партыя атрымала пэўную папулярнасьць, што дазволіла Гамулку, які стаяў ужо на чале пулавян, запэўніць Хрушчова, што ён зможа схіліць палякаў да ляяльнасьці, не зьвяртаючыся па дапамогу да савецкіх танкаў. Як вядома, гэтае абавязаньне ён сумленна выканаў. Менш скрупулёзна ён паводзіў сябе адносна сваіх партнэраў у Польшчы. Абавязаньняў што да польскага грамадзтва ён ня спраўдзіў, за выняткам пэўнага зьмяншэньня ліхадзействаў спэцслужбаў і спыненьня прымусовай калектывізацыі ў сельскай гаспадарцы. Ён падвёў нават пулавянаў, якія паставілі яго на вяршыню ўлады, бо дазволіў рост уплываў натолінцаў. Падтрымліваючых яго маладых партыйных актывістаў разагнаў, а іх часопіс „Рo prostu” зачыніў.

Сапраўднае значэньне Кастрычніка ня зводзіцца, аднак, толькі да партыйных міжусобіц, у якіх грамадзтва было толькі гледачом. Кастрычнік абудзіў надзеі і даў імпульс аўтэнтычнай апазыцыі. Яна зьявілася неспадзявана і раптоўна.

Першым яе выступам былі пазнанскія падзеі, другім — паводзіны насельніцтва Варшавы ў кастрычніку 1956 г. Трэцім — акцыя сялян супраць каапэрацыйных таварыстваў. Чацьвертым — тое, што пісаў часопіс „Рo prostu”. Нягледзячы на тое, што гэты часопіс рабіўся людзьмі з партыі ці ZMR, ён у шматлікіх артыкулах выкрываў тэрор спэцслужбаў і эксплюатацыю рабочых, і заняў супрацьлежную партыі пазыцыю 30 . Ён быў неўзабаве зачынены.

Аўтэнтычная апазыцыя была хутка задушана, але Кастрычнік застаўся ў памяці людзей як спадзеўны ўспамін, што ўладу партыі можна пахіснуць. У гэтым палягае яго найвялікшае значэньне.

б) 1957-1967

Пасьля Кастрычніка ўсе ўжо ведалі, што ў партыі існуюць варожыя фракцыі, якія калі-небудзь могуць прывесьці яе да крызысу, і ўжо цяпер аслабляюць яе згуртаванасьць. Нягледзячы на тое, што на працягу доўгага пэрыяду кіраваньня Гамулкі захоўвалася пэўная раўнавага паміж фракцыямі, якія Гамулка нацкоўваў адна супраць адной, і таму да адкрытых канфліктаў не даходзіла. Агулам беручы, траціла, аднак, глебу пулаўская фракцыя і набывала значэньне натолінская фракцыя. Не выпадае апісваць тут усе сутыкненьні і ўнутраныя разборкі ў PZPR. Значнымі этапамі ліквідацыі асяродкаў партыйнай апазыцыі было закрыцьцё часопіса „Рo prostu” у 1957, закрыцьцё Клюбу Крывога Кола ў 1962 г., адмаўленьне ад праектаў эканамічных рэформаў, падрыхтаваных Эканамічнай Радай і роспуск Рады ў 1962 г. Канфлікт у партыі абвастрыўся і выявіўся падчас сьмерці і пахаваньня Голянда ў сьнежні 1962 г. Новую плынь партыйнай апазыцыі запачаткаваў „Адкрыты ліст да партыі” Кураня і Мадзялеўскага ў 1965 г. 31  Гэты выступ, спачатку нібыта адасоблены, аказаў, аднак, уплыў на далейшыя падзеі.

в) Сакавік 1968

Новы пэрыяд адкрываюць сакавіцкія падзеі 1968 г. Аб іх напісана вельмі шмат 32 , і таму няма патрэбы яшчэ раз спыняцца на гэтым. Усё пачалося з акцыі супраць палітыкі партыі ў справе цэнзуры, але сапраўдным праціўнікам была фракцыя партызанаў, якая ў гэты час цалкам падначаліла сабе службу бясьпекі і ўплыў якой у партыі шпарка рос.

Падзеі, якія распачаліся, выйшлі з-пад кантролю іх ініцыятараў. Рух студэнцкіх пратэстаў і страйкаў пашырыўся на ўсю Польшчу і набыў характар аўтэнтычнай апазыцыі, скіраванай супраць партыі і ладу. Нягледзячы на запярэчаньні і спробы зьмякчыць яго лёзунгі ў страху перад рэпрэсіямі, гэткі характар руху не падлягае сумневу. Гэты факт мае вялікае значэньне, бо пачынаючы з гэтага моманту дынаміка аўтэнтычнай апазыцыі ўжо заўсёды будзе выходзіць за вузкапартыйныя мэты фракцыйных ініцыятараў і пераймаць кіраўніцтва распачатай імі акцыі. Гэта вартая самай пільнай увагі заканамернасьць польскага палітычнага жыцьця. Гэта, на жаль, не азначае, што аўтэнтычная апазыцыя дасягнула ў сакавіцкіх падзеях 1968 г. нейкіх сапраўдных посьпехаў. Яе найбольшым дасягненьнем было тое, што рух пратэсту ахапіў усю Польшчу і патрапіў сфармуляваць пэўныя супольныя антыпартыйныя прынцыпы („няма хлеба без свабоды”, „прэса маніць” і г.д.). Ён выступіў пэўным этапам на шляху фармаваньня палітычных падставаў у Польшчы. Не было, аднак, перадумоваў, каб гэтыя спантанныя парываньні ператварыліся ў пасьлядоўную і доўгатрывалую апазыцыю да рэжыму. Не было ні палітычных канцэпцый, ні кіраўнікоў, якія б маглі прывесьці да гэтага. Студэнцкі рух заняпаў, і разгарэлася фракцыйная барацьба.

На гэты раз нетыповым чынам ініцыятыву ўзяла ў свае рукі фракцыя, што была пры ўладзе. Адбіўшы атаку, яна рашуча выступіла супраць апазыцыйнай фракцыі. Здавалася, што яна раз і назаўсёды пастанавіла зьнішчыць праціўніка. У партыі пачаліся чысткі ў такім маштабе, якога PZPR раней ня ведала. Брутальныя рэпрэсіі, якія ў мінулым ужываліся толькі да звычайных людзей, першы раз былі з такой сілай ужытыя ўва ўнутрыпартыйнай барацьбе. Тыя, хто практыкаваў гэтыя подлыя мэтады зьнішчэньня праціўнікаў пры сталінізьме, пераканаліся, што маюць цямлівых вучняў. Маладое пакаленьне выпускнікоў партыйных школаў ужыла гэтыя мэтады да сваіх настаўнікаў.

Вельмі хутка выявіўся і ганебны бок усёй гэтай апэрацыі. Аказалася, што лёзунгам гэтай барацьбы ўнутры партыі стаў т.зв. антысыянізм, які зьяўляецца ня чым іншым, як звычайным антысэмітызмам, што па сутнасьці партыя была заклапочана не ачышчэньнем ад сталіністаў, а вырываньнем пасадаў у людзей жыдоўскага паходжаньня.

Антысэміцкая палітыка партыі выклікала выбух сымпатый да перасьледаваных і асуджэньне ужытых мэтадаў. Грамадзтва заўсёды пазірала на партыю з дамешкай страху і пагарды. Цяпер стала відавочна, наколькі была апраўданая гэтая пагарда. Вобраз партыі, якая называе сябе марксісцкай і прапагандуе ды ажыцьцяўляе антысэмітызм, глыбока кампрамэтуючы. Чаго ж вартыя ўсе партыйныя вучобы і ўся афіцыйная ідэалёгія. Аказалася, што антысэміцкі курс здабыў падтрымку ўсяго апарату. Не было пратэстаў, не было фронды, апрача пратэстаў самых зацікаўленых. Партыя яшчэ раз заслужыла асуджэньне ўсімі прыстойнымі людзьмі. Яна таксама прынесла Польшчы агромністую шкоду ў пляне сусьветнай грамадзкай думкі, якая не заўсёды можа адрозьніць палітыку партыі ад сапраўдных настрояў грамадзтва. З такімі меркаваньнямі партыя, аднак, ня мае завядзенкі лічыцца. Насоўваецца пытаньне, што яна перасьледавала гэткай ганебнай палітыкай. Атрыманыя карысьці прыдаліся па сутнасьці ня партыі, а чальцам кіраўнічай фракцыі: адхіліўшы праціўнікаў, яны папросту адкрылі сабе шлях да хутчэйшага кар’ернага прасоўваньня ў партыйным і дзяржаўным апараце. Гэта насамрэч мелася на ўвазе. Можна таксама здагадвацца аб узбочных мэтах. Разьлічвалі на тое, што антысэміцкія лёзунгі дадуць партыі своеасаблівы розгалас у грамадзтве. Наагул вынік быў адваротны. Але, на жаль, трэба прызнаць, што, як здаецца, партыя знайшла пэўную колькасьць людзей, якія ўхвалілі яе антысэміцкую палітыку. Пошук сабе прыхільнікаў гэткага роду і пры дапамозе гэткіх мэтадаў сьведчыць толькі аб тым, як нізка партыя ўпала.

г) Сьнежань 1970

Элемэнт фракцыйнай барацьбы адыграў, бясспрэчна, пэўную ролю ў падзеях на ўзьбярэжжы ў 1970 г. Вельмі цяжка даведацца, якім быў ланцуг правакацый і контраправакацый у ранейшай фазе забурэньняў. Можна, аднак, з усёй упэўненасьцю сьцьвердзіць, што амаль адразу арганізатары страцілі ўплыў на падзеі, якія пачалі разгортвацца некіроўным і непрадбачаным чынам. Іх маторам быў дух апазыцыі, які праяўляўся ў нянавісьці да партыі. Потым паступова кіраўніцтва падзеямі пачалі пераймаць страйкавыя камітэты, якія можна прызнаць органамі аўтэнтычнай апазыцыі. Яны ўпершыню дасягнулі пэўных посьпехаў. Найперш Шцэцін змусіў Герэка прыехаць на размову з адкрытай апазыцыяй. Гэты факт мае гістарычнае значэньне. Гэта быў у сутнасьці маральны посьпех, бо ў сапраўднасьці рабочыя нічога не дасягнулі. Але сур’ёзнага палітычнага посьпеху дасягнулі лодзкія тэкстыльшчыцы ў лютым 1971 г., калі змусілі партыю вярнуць цэны назад.

д) Чэрвень 1976

Чэрвеньскія падзеі 1976 г. адбыліся паводле ўсталяванай ужо традыцыі рабочых бунтаў, з той толькі розьніцай, што аказіяй да іх не была „адліга”, якая суправаджае зазвычай фракцыйныя міжусобіцы. Гэта не азнчае, што фракцыйныя разборкі не адыгралі ў іх ніякай ролі. Аднак яна дагэтуль ня высьветленая. Здавалася, што падзеі засьпелі кіраўніцтва партыі зьнянацку. Характэрнай таксама была хуткая саступка ўладаў перад патрабаваньнямі рабочых.

е) Апазыцыйныя сьветапоглядныя групы

Апрача апісаных вышэй кароткатрывалых апазыцыйных акцый у гэты пэрыяд зьявілася таксама іншая плынь актыўнай апазыцыі ў выглядзе невялікіх групаў, якія імкнуліся да сфармаваньня апазыцыйнай сьвядомасьці. Дзейнічалі яны тайна і, безумоўна, ніхто дакладна ня ведае, колькі іх было і які быў дыяпазон іх уплываў.

Аб дзейнасьці гэтых групаў грамадзтва даведвалася ў выпадку яўных рэпрэсій да іх чальцоў. У 1970 годзе адбыўся працэс „Татэрнікаў”. У 1971 — працэс „Руху”, на якім Анджэй Чума ўпершыню адкрыта сфармуляваў крэда аўтэнтычнага апазыцыянэра 33 . У 1972 годзе браты Кавальчыкі атрымалі драконаўскі прысуд за незвычайную ў польскіх умовах дэманстрацыю 34.

ж) Пэтыцыі і пратэсты

Іншай зноў жа апазыцыйнай плыньню было выступленьне супраць палітыкі ўладаў шляхам пэтыцый і пратэстаў.

Першай і таму часта згадванай спробай быў „Ліст 34” у справе паперы ад 13 сакавіка 1964 г. Можна мець сумневы, ці выпадае залічыць гэты выступ да праяваў аўтэнтычнай апазыцыі. Ён робіць уражаньне, што падпісанты зусім ня мелі такіх інтэнцый, бо гэты ліст сфармуляваны з найбольшай пашанай да ўладаў, а зьмешчаная ў ім просьба вельмі сьціплая 35 . Розгалас і характар апазыцыйнага акту яму надалі самі ўлады сваёй рэакцыяй, несумернай са значэньнем самога выступу.

 

Былі пасьля і іншыя пэтыцыі: у справе палякаў у Савецкім Саюзе 36 , у абарону асуджаных на працэсе Руху 37  і ў абарону братоў Кавальчыкаў 38 .

Найбольшы, аднак, розгалас і значэньне мела акцыя пратэсту адносна паправак да канстытуцыі, якая разгарнулася на пачатку 1976 г. 39  Трэба заўважыць, што ў самой аснове гэтай акцыі можна было б знайсьці прынамсі два парадоксы. Па-першае, магло б здавацца, што выступ накіраваны на абарону берутаўскай канстытуцыі 1952 году, зь якой зьвязаны найгоршы досьвед сталінізму, а па-другое, што патрабуецца скасаваньне паправак, якія ня ўводзілі нічога новага, а толькі санкцыявалі здаўна існы стан рэчаў. А ў дадатак агульнавядома, што тыя ці іншыя фармулёўкі ня маюць ніякага значэньня, бо пры існай сыстэме літара канстытуцыі ніколі не выконвалася і ня будзе выконвацца. Таму ўва ўсёй гэтай акцыі быў элемэнт фікцыі, бо ўсе як бы дамовіліся, што вераць, што тэкст канстытуцыі мае хоць якое значэньне.

Тым ня менш, акцыя ў справе канстытуцыі была важнай і патрэбнай. Яна была пэўным выклікам рэжыму, сьцьвярджэньнем: грамадзтва ўсьведамляе, што яно кіруецца насуперак сваёй волі партыяй і што Польшча паддадзена савецкай дамінацыі, і гэта рэжым хоча нават упісаць у канстытуцыю. У гэтым выкрывальніцкім сэнсе акцыя была вялікім посьпехам. Таксама характэрна, што ўлада ня ўжыла сур’ёзных рэпрэсій да арганізатараў акцыі.

з) Актыўная апазыцыя ў 1956-1976 гадох

Актыўная апазыцыя, абуджаная ў 1956 г., так ужо і не замірала цалкам. Яна разьвівалася трыма на першы погляд незалежнымі адзін ад аднаго шляхамі.

Першы — гэта спантанныя акцыі, актыўныя выступы супраць палітыкі рэжыму. Такія выступы ўлада душыла коштам крывавых ахвяраў, ужываючы сілу.

Другі — гэта стварэньне групаў з апазыцыйным сьветапоглядам. У выпадку іх выкрыцьця над іх удзельнікамі праводзіліся судовыя працэсы, на якіх іх прысуджалі да турмы.

Трэці — гэта пратэсты і пэтыцыі. Улада рэагавала на іх пераважна цкаваньнем іх удзельнікаў.

Слабасьцю ўсіх трох апазыцыйных практык была іхная кароткатрываласьць. Некаторыя выступы доўжыліся толькі некалькі дзён. Нават апазыцыйныя групы, здаецца, не існавалі больш, як некалькі месяцаў. Пратэсты і пэтыцыі па сваёй прыродзе былі аднаразовымі акцыямі.

Другой слабасьцю была адсутнасьць узаемадзеяньня паміж рабочымі і інтэлігенцыяй. Падставы выступаў рабочых і інтэлігенцыі былі рознымі, яны адбываліся ў розны час і не карысталіся ўзаемнай падтрымкай.

Пераадоленьне гэтых дзьвюх слабасьцяў адбылося толькі на наступным этапе апазыцыйнага руху, які распачаўся ў другой палове 1976 году.

 

7. Царква і каталіцкія дзеячы

а) Царква як апірышча маральных традыцый і вартасьцяў

Разглядаючы пытаньне аб аўтэнтычнай апазыцыі, не выпадае абмінаць ролі Царквы, якая займае ў Польшчы надзвычай адмысловую пазыцыю. Дарма што Царква не праводзіць палітычнай дзейнасьці, самім сваім існаваньнем яна стала заслонам для варожай Польшчы дзейнасьці партыі і Саветаў. У пэрыяд сталінізму, пасьля зьнішчэньня ўсіх традыцыйных польскіх інстытутаў, пасьля абясшкоджаньня людзей, якія былі носьбітамі нацыянальнай культуры, Царква заставалася адзіным інстытутам, непарыўна зьвязаным з гісторыяй нацыі, які ацалеў у нязьменнай форме. Нягледзячы на тэрор і ўціск, Царква не падпарадкавалася ўладзе і тым самым стала сымбалем незьнішчальнасьці нацыянальнай традыцыі і ўвасабленьнем надзеі на лепшую будучыню.

Калі сталінзм мінуўся і прымас Польшчы вярнуўся зь „ізаляцыі”, пазыцыя Царквы яшчэ больш узмацнілася. Перасьлед, зьвязаны зь сьвяткаваньнем тысячагодзьдзя, і цкаваньне па справе ліста Польскага Эпіскапату нямецкім біскупам ізноў павысілі аўтарытэт Царквы і прымаса ў грамадзтве, бо паказалі, што ў Польшчы ёсьць сіла, якая ня слухаецца загадаў партыі 40 . Гэта, безумоўна, мае палітычнае значэньне, але не азначае, што Царква можа замяніць палітычную апазыцыю. Царква зьяўляецца абаронцай сыстэмы маральных вартасьцяў, якія блізкія ідэалёгіі дэмакратычнай і незалежніцкай апазыцыі. Яна ёсьць апірышчам маральнасьці і ўзорам вернасьці прынцыпам. Яна, аднак, не праводзіць і ня можа праводзіць палітычнай дзейнасьці, бо ў яе сутнасьці не закладзена імкненьня да здабыцьця і ажыцьцяўленьня ўлады. І таму Царква не зьяўляецца апазыцыяй, але, зь іншага боку, нельга сьцьвярджаць, што яна супрацоўнічае з рэжымам або што „падтрымлівае Гэрэка” 41 . Царква дзейнічае ў Польшчы, і таму ў шматлікіх пытаньнях, безумоўна, яна залежная ад уладаў (пабудова касьцёлаў і г.д.). Такім чынам, яна мусіць мець з уладамі дачыненьні. Яна ў большай ці меншай ступені цкуецца ўладамі, у залежнасьці ад розных фазаў, празь якія праходзіць палітыка партыі, і ў залежнасьці ад акалічнасьцяў чыніць гэтаму цкаваньню большы ці меншы супраціў. Безумоўна, ня можа быць і гаворкі аб супадзеньні сыстэмы вартасьцяў паміж Царквой і партыяй. Ува ўсіх важных справах яны цалкам супрацьлежныя 42  і не пакідаюць поля для кампрамісу. Пад кіраўніцтвам кардынала Вышыньскага Царква не пайшла на ніводны кампраміс у прынцыповых пытаньнях.

б) Роля каталіцкіх дзеячаў

Палітыку сьвецкіх каталіцкіх дзеячоў трэба разглядаць асобна ад палітыкі Царквы. Каталіцкая прэса, і перадусім „Tygodnik Powszechny” мае, бясспрэчна, вялікія заслугі ў тым, што на працягу многіх гадоў абвяшчала пагляды, незалежныя ад партыі. Цяжка, аднак, выказаць словы прызнаньня да розных каталіцкіх груповак, што бяруць удзел у палітычным жыцьці ПНР. Усё пачалося ад PAXу, які яўна супрацоўнічаў з партыяй у барацьбе з уплывамі Царквы. Гісторыя іншых групаў таксама вартая жалю. Яна прывяла да сэрыі расколаў, якія кожныя некалькі гадоў выносяць на паверхню новыя групы, усё больш згодніцкія ў дачыненьні да партыі. Усе дасягенньні каталіцкіх групаў у Сойме за пэрыяд у дваццаць гадоў — гэта пара някепскіх перамоваў, перадусім у 1968 годзе, некалькі рэзалюцый па добрых справах, але вельмі асьцярожных, і адзін голас, які ўстрымаўся, у галасаваньні над папраўкамі да Канстытуцыі.

Гэта можна тлумачыць ня толькі падатлівасьцю каталіцкіх дзеячаў на ўплывы асяродкаў улады, але і абмыльнай палітычнай канцэпцыяй. Як здаецца, яны разьлічваюць на тое, што паслухмянасьцю і гатовасьцю да кампрамісу здолеюць нечага дасягнуць. Але такая палітыка прыводзіць да страты аўтарытэту ў граамадзтве, а на партыю ня робіць ніякага ўражаньня. Гэтыя дзеячы атрыманьне некалькіх мандатаў у Сойме ўважаюць за посьпех, але адразу пасьля іх атрыманьня высільваюцца ў саступлівасьці, каб гэтых мандатаў ня страціць. Менш „гнуткія”, безумоўна, не вытрымліваюць гэтага спаборніцтва і выключаюцца з Сойму. Гэта прывяло да таго, што цяпер у Сойме няма ніводнай каталіцкай групы, якая б была хоць вонкава незалежнай.

У выніку дзейнасьць каталіцкіх групаў, якія ў рознай ступені калябарацуюць з рэжымам, служыць толькі маскаваньню таталітарнай сутнасьці ўлады ў Польшчы і стварэньню бачнасьці яе ўяўнага лібэралізму і талеранцыі спэцыяльна для наіўных чужаземцаў. Яе ніяк нельга залічаць да аўтэнтычнай апазыцыі. Нават тады, калі калябарацыя не датычыць нейкай партыйнай фракцыі, якая стаіць пры ўладзе 43 .

Найважнейшая рэч у тым, што манэўры каталіцкіх дзеячоў ня йдуць на карысьць Царкве. Нават калі яны не скіраваны непасрэдна супраць касьцёлу, як дзейнасьць PAXу, яны шкодзяць яму ўскосна, ужываючы назву каталіцызм для прыхоўваньня дзейнасьці, што выклікае сур’ёзныя засьцярогі. На шчасьце, здаецца, што людзі ў Польшчы добра ўжо навучыліся адрозьніваць Царкву і прымаса ад розных каталіцкіх палітыкаў.

 

8. Палітычныя канцэпцыі і мэтады дзейнасьці апазыцыі

Існуе некалькі пытаньняў, зьвязаных зь дзейнасьцю апазыцыі, і адносна якіх дагэтуль яшчэ існуе шмат непаразуменьняў. Іх варта тут коратка абмеркаваць і растлумачыць.

а) Савецкая інтэрвэнцыя

У розных дыскусіях, што датычаць сытуацыі ў Польшчы, часта чуюцца асьцярогі перад узброенай савецкай інтэрвэнцыяй. Гэтая інтэрвэнцыя ўяўляецца нечым найгоршым, што можа нас спаткаць. І адначасна розныя партыйныя фракцыі даюць нам зразумець, што толькі яны змогуць зьберагчы нас ад гэткай інтэрвэнцыі. У гэтых аргумэнтах шмат міталёгіі, а часта і жаданьня зацямніць сытуацыю.

Перадусім трэба сьцьвердзіць, што савецкая інтэрвэнцыя ў польскія справы адбылася ў 1944-45 гады і яе насьледкі ва ўсёй паўнаце адчувальныя і дагэтуль. Ніводная новая інтэрвэнцыя нічога ня зьменіць у гэтай прыкрай сытуацыі. Доказам на карысьць гэтага будзе параўнаньне сытуацыі краін, у якіх паўторная ўзброеная інтэрвэнцыя адбылася (ГДР, Вугоршчына і Чэхаславаччына), і тых, дзе гэткай інтэрвэнцыі не было (Польшча, Румынія, Баўгарыя). Паміж становішчам у гэтых дзьвюх групах не відаць выразнай розьніцы.

Поўная гарантыя ад савецкай інтэрвэнцыі магчыма толькі ў сытуацыі, якая была б для Польшчы найгоршай, а менавіта, калі б польскі народ адмовіўся ад сваіх незалежніцкіх памкненьняў, калі б у ім вычарпалася палітычная думка і згніла маральнасьць. Адным словам, калі б палякі замірыліся зь няволяй. Тады пэўна ўзброеная інтэрвэнцыя нам ня будзе пагражаць. Таму трэба прызнаць, што стан пагрозы ў выглядзе савецкай інтэрвэнцыі ёсьць нармальным станам, у якім у цяперашніх варунках дадзена жыць палякам. Якраз гэтая пагроза сьведчыць, што мы яшчэ жывем.

Але адкуль бярэцца гэтая заўзятасьць з боку PZPR бараніць нас ад савецкай інтэрвэнцыі? На гэтае пытаньне лёгка знайсьці адказ. Саветам не патрабуецца інтэрвэнцыя тады, калі іх стаўленікі ў Польшчы належна выконваюць свае заданьні, г.зн. калі патрапляюць трымаць палякаў у стане ляяльнасьці. Найлепш гэтыя заданьні выконвалі Берут, Бэрман і Мінц, эфэктыўна тэрарызуючы палякаў у пэрыяд сталінізму. Тады інтэрвэнцыя пэўна не была патрэбная. Не была таксама патрэбная інтэрвэнцыя ў кастрычніку 1956 г., калі Гамулка прысягнуў Саветам, што бязь іх дапамогі верне спакой у Польшчы. Крывавыя рэпрэсіі на ўзьбярэжжы ў 1970 годзе таксама паказалі Саветам, што інтэрвэнцыі не патрабуецца.

Саветы вырашацца на інтэрвэнцыю тады, калі іх стаўленікі ў Польшчы ня змогуць даць сабе рады з палякамі. Таму інтэрвэнцыя — гэта перадусім дыскваліфікацыя кіраўнічай эліты ў Польшчы і нясе для яе прысуд палітычнай сьмерці. Калі прадстаўнікі рэжыму гавораць (зазвычай шэптам) аб пагрозе савецкай інтэрвэнцыі ў Польшчы, то насамрэч маюць наўвеце пагрозу для сваіх уласных пасадаў.

Гэты страх перад савецкай інтэрвэнцыяй можна выкарыстоўваць на карысьць грамадзтва і незалежніцкай апазыцыі. І фактычна гэта нядаўна зрабілі ўжо рабочыя „Урсусу”.

Можна прыняць за пэўную рэч, што Саветы вельмі ня любяць, калі ім разьбіраюць рэйкі, асабліва ў кірунку да Лабы. Таму акцыя рабочых „Урсусу” была выразна антысавецкай. І якраз таму мела такі посьпех 44 . Ярашэвіч зразумеў, што калі ён ня вырашыць пытаньня, то цягам наступных 24 гадзін інтэрвэнцыя можа зьдзьмуць яго з прэм’ерскага крэсла і закончыць яго палітычную кар’еру. З гэтай самай прычыны кіраўніцтва партыі было таксама ў вялікім страху. Павышэньне цэнаў было адкладзена да наступнага дня.

Аказваецца, што пагроза савецкай інтэрвэнцыі можа схіляць уладу да саступак грамадзтву. Гэта вынікае з таго, што інтэрвэнцыя пагражае кіраўніцтву партыі значна больш, чымся звычайным людзям. Партыя зацікаўлена як найхутчэй вярнуць спакой. Прычына, дзеля якой партыя ў 1976 годзе наважылася вярнуць спакой шляхам саступак, замест таго, каб застрэліць некалькі сотняў рабочых, як гэта зрабіў Гамулка ў 1970 г., ёсьць вынікам зьмены ўнутранай сытуацыі ў Польшчы. А менавіта, што паміж 1970 і 1976 гг. палітычная сьвядомасьць зрабіла ў Польшчы вялікі поступ, а салідарнасьць рабочых вельмі ўзрасла. Дзеля гэтага партыя мае апраўданыя перасьцярогі, што крывавыя рэпрэсіі могуць прывесьці да расшырэньня бунту, які ня ўдасца спыніць унутранымі сродкамі.

Можна, відаць, разьлічваць на тое, што сытуацыя будзе разьвівацца ў гэткім кірунку, гэта значыць, што ўлада будзе ўсё больш баяцца тарнаваць брутальныя рэпрэсіі. З часам і Саветы могуць прыйсьці да думкі, што інтэрвэнцыя можа прынесьці ім больш шкоды, чымся карысьці. Надыходу такой сытуацыі трэба яшчэ чакаць. Узьнікнуць яна можа як вынік шматлікіх фактараў, зь якіх найважнейшым будзе, з аднаго боку, нязломная пазыцыя ўсяго грамадзтва, а, з другога, адносная слабасьць СССР з унутраных ці міжнародных прыклёпаў.

Такім чынам, існуюць два зусім адрозныя паміж сабой спосабы ўнікнуць савецкай інтэрвэнцыі: або шляхам прыніжальнай ляяльнасьці да Саветаў і іх польскіх стаўленікаў, або пры дамапозе такой пазыцыі ўсёй нацыі, якая прывядзе да таго, што Саветы палічаць інтэрвэнцыю надта рызыкоўнай. Няма патрэбы дыскутаваць, які зь іх нам трэба выбраць.

б) Фінляндызацыя

Тэрмін „фінляндызацыя” час ад часу ўсплывае ў дыскусіях на тэму будучыні Польшчы. Часам нават гаворыцца, што добра было б, каб жа Польшча была б фінляндызавана 45 . Канцэпцыі гэткага роду вынікаюць з абсалютна памылковага ўяўленьня, у чым гэтая фінляндызацыя палягае.

Фінляндызацыя ёсьць працэсам умацаваньня залежнасьці самастойных краінаў Заходняй Эўропы ад Савецкага Саюзу. Яна зьдзяйсьняецца такім чынам, што Саветы аказваюць на гэтыя краіны эканамічны і палітычны ціск, як дыпляматычным шляхам, так і ўскосна празь мясцовыя камуністычныя партыі і іншыя падкантрольныя камуністам асяродкі. Паступова прэса перастае пісаць усю праўду аб Савецкім Саюзе, радыё і тэлевізія выключаюць праграмы, якія могуць быць нямілымі Саветам, палітычныя ўцекачы з-за „жалезнай заслоны” прыймаюцца неахвотна, і ў любым выпадку ім усё цяжэй выказваць свае думкі, антысавецкія выступы ў парлямэнцкіх дэбатах становяцца ўсё больш рэдкімі, і, што найважнейшае, палітыкі, вядомыя сваімі антысавецкімі выступамі, страчваюць шанцы на атрыманьне ўплывовых пасадаў. Замежная палітыка дзяржавы становіцца надзвычай талерантнай да камуністычнай інфільтрацыі.

Адным словам, гэты працэс прыводзіць да палітычнай сытуацыі, у якой шэраг гадоў знаходзіцца Фінляндыя. Гэта сытуацыя незалежнай дзяржавы, але не зусім. Абмежаваньне яе незалежнасьці палягае на нібыта добраахвотнай, стала практыкаванай ляяльнасьці перад савецкімі націскамі.

Можна было б зьдзіўляцца, што такі працэс адмаўленьня ад сваёй незалежнасьці ўвогуле магчымы. На жаль, яго праявы мы бачым у шмат якіх краінах. Яму спрыяюць фальшывая інфармацыя аб Савецкім Саюзе, індыфэрэнтнасьць у палітычных і грамадзкіх справах, адсутнасьць укарэненасьці дэмакратычных установаў, часам таксама аргумэнтацыя вялікіх прадпрыемстваў, зацікаўленых у гандлі з СССР, і заўсёды страх перад насьледкамі супрацьстаўленьня яго ціску. Праведзеная да канца фінляндызацыя азначала б распаўсюджаньне статусу паў-сатэлітаў на ўсе незалежныя дзяржавы Эўропы без патрэбы якой-колечы ваеннай інтэрвэнцыі з боку Савецкага Саюзу.

Хаця статус паў-сатэліту зьяўляецца прыніжальным для незалежнай дзяржавы, аднак пэрспэктыва зьмены статусу Польшчы са звычайнага сатэліту на фінскі статус, паў-сатэліцкі, можа падвацца прыцягальнай. На жаль, невядома, як гэтага дасягнуць. Працэс фінляндызацыі пасоўваецца толькі ў адзін бок: а менавіта гэта працэс абмежаваньня незалежнасьці на карысьць залежнасьці ад Саветаў. Ціск Саветаў і схільнасьць да падпарадкаваньня гэтаму ціску — вось сілы, якія пасоўваюць гэты працэс наперад. Гэтыя сілы, ужытыя да Польшчы, не прывялі б да фінляндызацыі, але толькі да яшчэ большай залежнасьці Польшчы ад Саветаў. Фінляндызацыя як мэта польскай палітыкі ёсьць звычайнай ілюзіяй.

Мы, безумоўна, спадзяемся, што Савецкі Саюз некалі аслабне да такой ступені, што ня будзе здольны ўтрымліваць сваіх сатэлітаў у паслушэнстве. Але тады мы будзем дамагацца незалежнасьці, а не фінляндзкага статусу.

в) Эўракамунізм

Часам даводзіцца чуць, што канцэпцыі эўракамунізму могуць мець нейкае значэньне для сёньняшняй палітыкі ў польскай справе 46 . Але дыскусія на гэтую тэму, як правіла, пакідае шмат няяснасьцяў.

Эўракамунізм — гэта тактыка камуністычных партый на Захадзе Эўропы, накіраваная на здабыцьцё ўлады легальным шляхам у рамках парлямэнтарных сыстэмаў. Гэтая тактыка патрабуе адмовіцца ад канцэпцыі дыктатуры пралетарыяту і пераканаць грамадзкую думку, што камуністычная партыя ня ёсьць агентурай Савецкага Саюзу. Без спаўненьня гэтых дзьвюх умоваў камуністычныя партыі ня маюць шанцаў прыйсьці да ўлады легальным шляхам. Гэтым тлумачацца імкненьні камуністаў здабыць новае аблічча ў грамадзкай думцы на Захадзе. Як эўракамуністы будуць паводзіць сябе пасьля прыходу да ўлады ў якой-небудзь краіне Заходняй Эўропы, гэтага мы дакладна ня ведаем, але прагнозы, што яны акажуцца дасканалымі дэмакратамі, здаюцца троху наіўнымі. Гэта, зрэшты, не адносіцца да нашай тэмы, бо мы не займаемся тут Заходняй Эўропай.

Калі, аднак, гаворка заходзіць аб справе незалежнасьці Польшчы, то мы добра памятаем, што заходнеэўрапейскія камуністы заўсёды былі нашымі ворагамі. Яны прыймалі накінуты Польшчы Саветамі лад і прызнавалі яго сацыялізмам. Партыі, падкантрольныя Саветам у краінах народнай дэмакратыі, яны называлі братнімі партыямі і былі зь імі у найлепшых стасунках. Яны не рэагавалі на тэрор, ілжывыя абвінавачваньні і сфабрыкаваныя працэсы. Ня бачылі ні палітычнага ціску, ні эксплюатацыі людзей працы. Гэтая пазыцыя захавалася дагэтуль. Апошнія выступы ў абарону правоў чалавека датычаць індывідуальных выпадкаў, і ніколі не зьмяшчаюць ні асуджэньня ладу, што пануе ў Польшчы, ні кіраўнічай у ёй PZPR.

Рэч ня толькі ў тым, што яны зусім ня маюць ахвоты нам дапамагаць, але таксама ня маюць магчымасьці. Так дагэтуль і не атрымаўшы нідзе ўлады, яны самі чакаюць дапамогі ад „братніх партый”, якія знаходзяцца пры ўладзе ў савецкім блёку.

Таму разьлічваць на эўракамуністаў у справе незалежнасьці Польшчы ёсьць палітычнай наіўнасьцю або манэўрам фракцыйнай апазыцыі, для якой хаўрус з эўракамуністамі можа прынесьці карысьць ўва ўнутрыпартыйных разборках.

г) Дыялёг апазыцыі з партыяй

У размаітых выказваньнях мы чуем аб тым, што такі дыялёг быў бы пажаданы 47 . Варта, аднак, папытацца, ці магчымы ён увогуле? Мы маем, безмоўна, наўвеце дыялёг, які павінна была б распачаць з партыяй аўтэнтычная апазыцыя.

Цяжкасьць ці нават немагчымасьць такога дыялёгу палягае ў поўнай супрацьлежнасьці інтарэсаў польскага грамадзтва і партыі, а па сутнасьці савецкай улады, якую рэпрэзэнтуе партыя. У прынцыповых пытаньнях, а менавіта незалежнасьці і дэмакратыі, паразуменьне немагчымае, бо гэтыя пастуляты азначаюць ліквідацыю партыі і канец савецкай дамінацыі. Прыхільнікі дыялёгу падкрэсьліваюць, што ён павінен вярнуць давер паміж грамадзтвам і партыяй. Дзіўна, што гаворыцца аб вяртаньні даверу, якога ніколі не было. Важнейшае, аднак, у тым, што гэты пастулят непрыймальны для аўтэнтычнай апазыцыі з прынцыповых прычын. Абуджэньне палітычнай сьвядомасьці грамадзтва палягае перадусім у тым, каб яно заняло незалежніцкую пазыцыю, супрацьлежную саветызму, што пануе ў Польшчы. Гэта значыць, каб яно зразумела, што партыя, якая знаходзіцца пры ўладзе, ёсьць галоўным ворагам палякаў, да якога ніколі нельга мець даверу і які саступае толькі пад націскам і ад страху. Ужо сам факт навязаньня дыялёгу быў бы запярэчаньнем гэтай пазыцыі.

Гаворачы пра менш прынцыповыя справы, трэба сказаць, што цяжкасьці ў навязваньні дыялёгу вельмі значныя. Любое паразуменьне ня будзе мець сэнсу, калі не існуе гарантыя яго выкананьня. З досьведу мы ведаем, што ад усіх саступак, зробленых падчас пэрыяду крызысу, PZPR заўсёды адмаўлялася, калі толькі цяжкасьці сканчаліся. Пры існым ладзе апазыцыя ня мае ніякіх сродкаў, якія маглі б забясьпечыць выкананьне дамоваў. Апрача таго, цяпер няма і доўга ня будзе нікога, хто б меў права выступаць перад партыяй ад імя ўсяго грамадзтва. Дыялёг палягае на выстаўленьні патрабаваньняў і выкананьні саступак. Ніхто цяпер ня мае права рабіць саступкі ад імя ўсіх палякаў. Калі раней партыя рабіла выгляд, што праводзіць дыялёг з грамадзтвам, то як прадстаўнікі грамадзтва выступалі партыйныя вылучэнцы. Гэта заўсёды быў ашуканцкі маналёг партыі, які меў наўвеце распружыць варожыя партыі настроі. З такім аўтэнтычная апазыцыя ня можа мець нічога супольнага.

Стаўленьне апазыцыі да партыі мусіць грунтавацца на зусім іншых падставах. Апазыцыя павінна імкнуцца стварыць у краіне такую сытуацыю, каб PZPR баялася пасоўвацца задалёка ці то ў галіне эканомікі (эксплюатацыі рабочых і зьніжэньня ўзроўню жыцьця) ці палітычнага ўціску (правоў чалавека і палітычных правоў). Цяжка дакладна вызначыць, дзе пралягаюць гэтыя межы талеранцыі, і цяжка таксама сказаць, у чым будзе складацца рэакцыя грамадзтва, калі яны будуць пераадолены. Сутнасьць пытаньня, аднак, ясная, ідзецца пра тое, што каб улада баялася гэтай рэакцыі. Ілюстрацыяй да такой сытуацыі ёсьць паводзіны ў часе забурэньняў 1970 і 1976 гг. У 1976 годзе ўлады не насьмеліліся дзейнічаць з такой брутальнасьцю, як у 1970 годзе. Яны скасавалі павышэньне цэнаў ужо назаўтрае, а не праз два месяцы, і было відаць, што яны пачынаюць лічыцца з грамадзкай думкай. Гэта быў непасрэдны вынік адраджэньня аўтэнтычнай апазыцыі.

Можна дапускаць, што гэты працэс будзе разьвівацца і надалей. Гэта значыць, што з аднаго боку апазыцыя будзе кансалідавацца, выступаць усё больш пасьлядоўна і абумоўліваць усё вузейшае поле для варожых грамадзтву манэўраў PZPR. Але да гэтай мэты прыводзіць не дыялёг, а непасрэдная актыўнасьць або пагроза гэткай актыўнасьці.

д) Легальнасьць і публічнасьць

Асноўнай праблемай для аўтэнтычнай апазыцыі ёсьць пытаньне, ці павінна яна быць яўнай альбо кансьпірацыйнай, легальнай або функцыянуючай па-за законам. Ува ўмовах саветызму ня можа быць адназначнага адказу на гэтае, здавалася б, простае пытаньне. Таму што існуе вялікая колькасьць разыходжаньняў паміж тым, што напісана ў канстытуцыі і законах, і штодзённай практыкай уладаў, якія, як вядома, не дазваляюць карыстацца грамадзтву прадугледжанымі законам свабодамі. Такім чынам, пытаньне, легальнай або нелегальнай, г.зн. перасьледаванай законам, ёсьць дзейнасьць, на практыцы вырашаюць не апазыцыянэры, а ўлады. І таму ніводная апазыцыйная акцыя ня можа мець пэўнасьці, ці не сутыкнецца яна зь перасьледам, і таму ці ня стане ў гэтым сэнсе нелегальнай. На практыцы большая частка апазыцыйнай дзейнасьці праводзіцца і, безумоўна, будзе праводзіцца ў межах, дазволеных пісаным правам, але будзе далёка выступаць за межы таго, што на практыцы дазваляюць спэцслужбы. Перасьлед за дзейнасьць, якую не забараняе закон, дае апазыцыянэрам моцную пазыцыю, калі дойдзе да судовай справы, а таксама пры апэляцыі да грамадзкай думкі. Любая такая справа, якая атрымлівае грамадзкі розгалас, выкрывае прыроду саветызму і кампрамэтуе лад. Таму існуюць сур’ёзныя аргумэнты на карысьць таго, каб апазыцыйную дзейнасьць праводзіць у межах закону. Гэта, аднак, не дае ніякай гарантыі, што яна ня будзе забараняцца ці перасьледавацца ўладамі. Таму няма ніякай падставы, каб рух, якія імкнецца да зьмены ладу і ставіць пад сумнеў яго фундамэнтальныя асновы, заўсёды скрупулёзна выконваў існыя нормы права. Кіравацца трэба актуальнай сытуацыяй і веліччу справы, за якую змагаецца апазыцыя.

Падобным парадкам пытаньне стаіць і з публічнасьцю. Абнародаваньне прозьвішчаў сябраў апазыцыйных ячэек, якое апошнім часам стала практыкуецца, мае велізарнае маральнае і палітычнае значэньне. Яно паказвае ўсяму грамадзтву, што ёсьць людзі, якія не баяцца прызнацца ў тым, што зьяўляюцца апазыцыянэрамі. Вялікая частка дзейнасьці, якая знаходзіцца ў межах пісанага права, можа заставацца публічнай. Але зноў-такі, іншая частка гэтай дзейнасьці не павінна абнародавацца папросту дзеля таго, каб улада не магла надта лёгка выкараніць гэтую дзейнасьць, ужываючы беззаконьне.

Такім чынам, умовы палітычнай дзейнасьці пры саветызьме такія, што апазыцыя павінна быць у залежнасьці ад акалічнасьцяў легальнай ці нелегальнай, яўнай або кансьпірацыйнай. Гэта будзе вынікаць з паводзінаў уладаў, а таксама будзе залежаць і ад самых дзеячаў, якія павінны вызначыцца, якую і калі ўжыць тактыку.

е) Плюралізм

Апазыцыя, якая змагаецца за дэмакратыю, мусіць быць плюралістычнай, таму што плюралізм ёсьць перадумовай дэмакратыі. Яна павінна рэпрэзэнтаваць розныя адценьні палітычнай думкі і розныя канцэпцыя іх рэалізацыі. Супольным для ўсіх апазыцыйных рухаў мусіць быць толькі барацьба з саветызмам і імкненьне да дэмакратыі і незалежнасьці.

Плюралізм апазыцыі ўтвараецца спантанна. Таму калі падкрэсьліваецца яго неабходнасьць, то не для таго, каб яго захаваць, а для таго, каб супрацьстаяць яго элімінацыі.

Плюралізм павінен быць аўтэнтычным. Таму ня будзе плюралізмам стварэньне некалькіх фасадных арганізацый, якія ў сутнасьці знаходзяцца пад кантролем аднаго палітычнага цэнтру. Гэткі спосаб дзейнасьці належыць да тактычных прыёмаў камуністычных партый, якія, як вядома, супраць плюралізму.

Апазыцыйная група, якая прызнае плюралізм, не імкнецца да манаполіі. Палеміка зь іншымі групамі, безумоўна, дапушчальная, і нават пажаданая, абсалютна дарэчнай зьяўляецца таксама палітычная барацьба за ўплывы. Імкненьне ж да поўнага зьнішчэньня праціўніка супярэчыць прынцыпам плюралізму, бо папросту яго ліквідуе. Таму недапушчальна пазбаўляць іншыя апазыцыйныя групы сродкаў інфармацыі, што ўва ўмовах апазыцыйнай дзейнасьці ёсьць справай істотнага значэньня, а таксама дыскрэдытаваць іх у вачах грамадзтва шляхам паклёпу і пісаньня на іх даносаў варожай ім уладзе.

Эміграцыя магла б вельмі памагчы аўтэнтычнай апазыцыі на Радзіме, калі б падтрымлівала яе плюралістычную структуру, даўшы магчымасьць усім апазыцыйным групам выказацца на старонках эміграцыйных выданьняў 48 .

 

9. Незалежніцкая апазыцыя ў 1976/77 гадох і яе пэрспэктывы на будучыню

а) Новы этап

У сярэдзіне 1976 году наступіў пералом у гісторыі польскай незалежніцкай апазыцыі. Ён палягаў у дзьвюх прынцыповых зьменах у спосабе яе дзейнасьці.

Па-першае, быў ліквідаваны падзел паміж рабочымі і інтэлігенцыяй. Пасьля рабочага бунту ў чэрвені 1976 г. рабочыя не засталіся самотнымі і безабароннымі перад брутальнай рэакцыяй уладаў і адчулі падтрымку і дапамогу з боку арганізаваных групаў інтэлігенцыі.

Па-другое, апазыцыйныя асяродкі зьмянілі характар. Дагэтуль яны ўзьнікалі спантанна, калі нарастала хваля апазыцыі, але распадаліся і чэзьлі, калі гэтая хваля ападала. Цяпер яны арганізаваліся як доўгатрывалыя асяродкі. Яны прынялі прынцып публічнасьці і дзейнасьці, якая не парушае канстытуцыі і дзейнага заканадаўства, і тым самым кінулі выклік беззаконьню, якое паўсюдна чыніцца ўладамі. Яны паставілі сабе дзьве непасрэдныя задачы: абарона правоў чалавека і грамадзяніна і разьвіцьцё палітычнай сьвядомасьці грамадзтва. Гэтай мэце служаць шматлікія непадцэнзурныя выданьні і лекцыі „Лётаючага ўнівэрсытэту” (Таварыства Навуковых курсаў).

Ідэалягічнае аблічча гэтых апазыцыйных асяродкаў сфармавалася яшчэ не зусім. Падаецца, аднак, што ў ім зьмяшчаюцца наступныя элемэнты, супольныя ўсім асяродкам: імкненьне да незалежнасьці і дэмакратыі і, такім чынам, супрацьстаўленьне савецкай дамінацыі і саветызму як ладу, які пануе ў Польшчы, нэгатыўнае стаўленьне да партыі і такіх яе падразьдзяленьняў, як прафсаюзы і падкантрольныя маладзёвыя арганізацыі, нявера ў зьмены і рэформы, ажыцьцяўляныя ў межах ладу, разьлік на палітычныя зьмены, якія будуць паступова падрываць і аслабляць лад, стрыманасьць да раптоўных дэманстрацый і выступаў, зразуменьне таго, што яшчэ не прыйшла адпаведная для гэтага часіна, а таксама стаўка на абуджэньне палітычнай сьвядомасьці ў самых шырокіх колах інтэлігентаў і рабочых. Таму не падлягае сумневу, што ў Польшчы нарэшце ўзьнік апазыцыйны рух, што імкнецца да дэмакратыі і незалежнасьці.

Гэта велізарная зьмена да лепшага для ўнутранай сытуацыі ў краіне. Яна адбылася зь зьдзіўляльнай хуткасьцю 49. Яе ўмагчыміў перадусім прагрэс у палітычнай сьвядомасьці грамадзтва, гэта значыць, усё больш шырокае разуменьне таго, што адзіным шляхам здабыцьця чаго-небудзь ад уладаў ёсьць нязломнае сьцьвярджэньне сваіх правоў, пазыцыя салідарнасьці перад варожай людзям уладай і пераадоленьне страху. Такім чынам дагэтуль маўклівая апазыцыя пачала набываць актыўную пазыцыю. У дадзены момант, аднак, яшчэ адносна малая частка звычайных людзей прыняла гэтую пазыцыю. Але маса дагэтуль маўклівых апазыцыянэраў агромністая. Таму актыўная апазыцыя мае вельмі шырокую базу ў грамадзтве.

Таксама і палітыка ўладаў цяпер іншая, чымся ў мінулым. У дачыненьні да ўдзельнікаў чэрвеньскіх падзеяў былі, праўда, ужытыя пастфактум брутальныя рэпрэсіі, але рэакцыя ўладаў на самыя падзеі і іх палітыка да ўзьнікаючай апазыцыі ёсьць хутчэй стрыманай. Прычына гэтага — слабасьць і няпэўнасьць улады, якая паходзіць ад страху перад магчымасьцю сапраўды масавага руху. Гаворка ідзе аб палітычнай слабасьці ўлады, бо тэхнічных сродкаў у яе досыць.

Гэта, аднак, зусім не азначае, што ўлада адмовілася ад барацьбы з апазыцыяй. Варта хутчэй меркаваць, што побач з дагэтуль ужыванымі паліцэйскімі рэпрэсіямі яна намерана ўжываць сродкі палітычнай барацьбы.

б) Тры перашкоды на шляху незалежніцкай апазыцыі

Незалежніцкая апазыцыя, якая так стыхійна разьвілася ў 1976-1977 гг., павінна лічыцца зь перашкодамі, якія яна абавязкова напаткае на сваім шляху. Ад іх пераадоленьня залежыць яе будучыня.

Першай зь іх ёсьць пасыўнасьць грамадзтва і яго ляяльнасьць да ўлады. Вышэй я абмаляваў (разьдзел 4) падзел грамадзтва паводле палітычнай пазыцыі, які ў Польшчы сфармаваў сталінізм. Сярод гэтых групаў „апаратчыкі” і „актывісты” існуюць і надалей у амаль нязьменным выглядзе і колькасьці. Тым ня менш, зьмены адбыліся ў групе „добранадзейных” і „маўклівай апазыцыі”. А менавіта, павялічылася колькасьць „добранадзейных”, г.зн. тых, хто дазваньня падпарадкоўваецца рэжыму і не праяўляе схільнасьці да якой-колечы апазыцыі. Гэта не зьяўляецца вынікам павелічэньня націску ўлады. У параўнаньні з пэрыядам сталінізму націск істотна зьменшыўся. Гэта хутчэй натуральны вынік некалькіх дзесяцігодзьдзяў, якія не прынесьлі прынцыповых зьменаў у паноўнай у Польшчы сыстэме і шматкроць пакладалі канец усім надзеям. Пакаленьне, якое брала ўдзел у барацьбе за незалежнасьць, састарылася і часткова вымерла. Польская інтэлігенцыя, якая была носьбітам нацыянальнай традыцыі, ужо ня тая, якой была 50 . У выніку шмат з тых, каго напрыканцы сталінізму можна было залічыць да маўклівай апазыцыі, зьмянілі сваю пазыцыю. Уладкаваліся неяк у рамках існага ладу, дбалі толькі пра свае інтарэсы і цяпер для польскай справы яны страчаны. Цяжка сказаць, які цяпер абсяг гэтага працэсу разлажэньня, але ён безумоўна адбываецца. Ён абумоўлены ўмовамі, у якіх змушаны жыць палякі, а не рэалізацыяй нейкай палітычнай канцэпцыі. Ён, аднак, знаходзіць апірышча ў дактрыне, якая ўважае абарону „субстанцыі” або фізычнага існаваньня нацыі за найважнейшую справу 51 . Абарона „субстанцыі”, на жаль, прыводзіць простай дарогай да замірэньня з паноўным у Польшчы рэжымам. Таму яна супадае зь інтарэсамі партыі і падрывае шанцы разьвіцьця ўсялякай апазыцыі. Апазыцыйныя дзеячы павінны ўсьведамляць гэтую небясьпеку і энэргічна ёй супрацьдзейнічаць.

Але працэс ператварэньня групы „маўклівай апазыцыі” набыў таксама і іншую якасьць. Калі з аднаго боку яна разлажылася і павялічыла колькасьць „добранадзейных”, то з другога яна ўзмацнілася і кансалідавалася, ператвараючыся ў яўную і актыўную апазыцыю. Можна спадзявацца, што якраз гэты працэс будзе набываць размах.

 

***

Другая перашкода, якая можа напаткаць аўтэнтычную апазыцыю ў будучыні, -- гэта зьмена палітычнага клімату і надыход палітычных замаразкаў, вяртаньне да палітычных рэпрэсій стасоўна апазыцыі. На жаль, трэба лічыцца з тым, што такая фаза савецкай палітыкі раней ці пазьней можа наступіць. Шэрагі апазыцыі тады парадзеюць, а яе цэнтры будуць змушаныя прыстасавацца да іншых умоваў. Можна, аднак, меркаваць, што гэтым разам нават жорткія рэпрэсіі ня здолеюць цалкам зьнішчыць апазыцыю, а, як гэта ўжо бывала ў нашай гісторыі, выклічуць тым самым большую рашучасьць і пастанову ажыцьцяўляць цалкам кансьпірацыйную дзейнасьць. Да гэтага апазыцыя мусіць быць падрыхтавана.

 

***

І, урэшце, трэцяя перашкода, якая можа дэзарыентаваць незалежніцкую апазыцыю, -- гэта яе падначаленьне фракцыйнай апазыцыі і пазбаўленьне яе антысавецкага і незалежніцкага зьместу.

Кожны выбух аўтэнтычнай апазыцыі дагэтуль якраз такім парадкам прыўлашчваўся і запыняўся нейкай партыйнай фракцыяй. Гэтым разам зрабіць гэта будзе цяжэй, таму што апазыцыя больш скансалідаваная і мае, як ніколі раней, шырокую падтрымку ў грамадзтве. Не падлягае, аднак, сумневу, што падпарадкаваньне аўтэнтычнай апазыцыі зьяўляецца для партыі прынцыповай справай. Баючыся ў дадзены момант выкарыстоўваць брутальныя рэпрэсіі і беручы пад увагу міжнародную сытуацыю, у якой Савецкі Саюз без энтузыязму паставіўся б да авантуры ў Польшчы, партыя намагаецца падначаліць і разлажыць незалежніцкую апазыцыю знутры.

Намаганьні, якія робіць партыя, каб падарваць асновы апазыцыйнага руху, заслугоўваюць увагі. Характэрна, што ў іх бярэ ўдзел ня толькі кіраўнічая эліта, але і фракцыі, прыналежныя да ўнутрыпартыйнай апазыцыі, а таксама розныя групы, вытокі якіх у партыі. Усе гэтыя сілы распачалі акцыю амаль адначасна і гавораць амаль адной мовай. Гэта і зразумела, бо ўсё-такі аўтэнтычная апазыцыя пагражае ўсёй партыі: ня толькі апаратчыкам, якія цяпер пры ўладзе, але і ўнутрыпартыйным апазыцыянэрам, якія імкнуцца да таго, каб да гэтай улады некалі прыйсьці.

Маскуючы сваю сапраўдную ролю, кіраўніцтва партыі пайшло сёньня далей, чымся калі-небудзь раней. Нават у афіцыйных выступах усё менш чуваць аб марксізьме-ленінізьме. Цяперашні чалец Палітбюро 52  ў інтэрвію для замежжа абвяшчае сябе прыхільнікам дэмакратыі. Першы сакратар сустракаецца з прымасам, робіць візыт да Папы і заўляе, што стасункі з Царквой будуць урэгуляваныя 53 . І тут і там аслабляецца цэнзура, а некаторыя беспартыйныя нават прасьцей атрымліваюць замежныя пашпарты.

Яшчэ больш значная роля ў гэтай кампаніі прызначаецца фракцыйнай апазыцыі. Яна абвяшчае далёкасяжныя зьмены ў сваёй пазыцыі. Эвалюцыя паглядаў закранула як тых апазыцыянэраў, якія дагэтуль застаюцца ў партыі 54 , так і тых, хто быў у партыі, але ўжо пакінуў яе шэрагі.

Мы зьяўляемся сьведкамі свайго роду ідэалягічнай капітуляцыі з боку гэтай апошняй групы. Мы бачым яе адыход ад марксізму-ленінізму, дэклярацыі супраць таталітарызму, жэсты паяднаньня з Царквой і нават незалежніцкія акцэнты.

Усё гэта, як відаць, паклікана сьцерці ў памяці палякаў ролю, якую адыграла партыя ў Польшчы. Па-другое, робіцца спроба распаўсюдзіць погляд, што калі ў Польшчы трэба нешта памяняць, то можна гэта зрабіць адно толькі пры дапамозе партыі або людзей, якія былі ў ёй: што для Польшчы няма іншай альтэрнатывы, як замірэньне з тым, каб ня толькі ўлада, але і апазыцыя заўсёды заставалася ў абсягу ўплываў партыі.

У сапраўднасьці ўсё наадварот. Усе саступкі, якія робіць партыя, або ўяўныя, або неістотныя, ад іх заўсёды можна пасьля адмовіцца. Мы не павінны нікога ўводзіць у аблуду што да сапраўдных мэтаў гэтай новай тактыкі. Насамрэч вельмі мала ў Польшчы зьмяняецца. Нягледзячы на новую фразэалёгію, стаўленьне да Царквы варожае, нягледзячы на прыглушэньне марксізму-ленінізму, апарат саветызму працуе бязь зьменаў, цэнзура не скасаваная, спэцслужбы напагатове, а грамадзтва і надалей ня мае многіх свабод.

Аўтэнтычная незалежніцкая і дэмакратычная апазыцыя мае свае вытокі ў грамадзкіх сілах, якія заўсёды былі настроены супраць партыі. Яна можа набываць розныя формы і падзяляцца на безьліч кірункаў, але ўсе яны павінны супадаць на адзіным супольным шляху барацьбы з партыяй за вызваленьне Польшчы ад накінутага ёй саветызму і за здабыцьцё Незалежнасьці.

 

Зацемы

1 Гл. Stefan Korboński: Polskie Państwo Podziemne, Instytut Literacki, Paryż, 1975. Разьдзел XXVI : „Апошнія месяцы Польскай Падпольнай дзяржавы”.

2 Падрыхтоўка да такой акцыі была, як вядома, распачата стварэньнем арганізацыі „NIE”, а пазьней „WIN” (Stefan Korboński, opt. cit., разьдзел XXVII, Эпілёг). „WIN”у былі падпарадкаваныя яшчэ існыя лясныя аддзелы, але шырокай дзейнасьці так і не ўдалося разгарнуць. „WIN” быў зьнішчаны UB напрыканцы 1945 году.

3 Тэкст адозвы: S.Korboński, W Imieniu Rzeczypospolitej, Londyn, 1964, str. 410-411.

4 Трэба зразумець, што настроі ў Польшчы тады былі такія: „Мы засталіся сам-насам зь лютым і хітрым захопнікам. Нам зусім не дапамаглі ні магутная Амэрыка, ні пераможная Англія, ні наша войска, ні ўрад і дыпляматы, што мелі доступ да ўсіх вялікіх гэтага сьвету. Яны пакінулі нас адных. Адзін Мікалайчык хоча падзяліць наш лёс і нам дапамагчы – можа нават атрымае для нас нейкую падтрымку Амэрыкі і Англіі”. Нічога дзіўнага, што прыезд Мікалайчыка выклікаў выбух энтузіязму, што на ім засяродзіліся ўсе надзеі.

5 На гэтую тэмы напісана вельмі мала. Я б вельмі хацеў, каб мая спроба палітычнай інтэрпрэтацыі гэтага істотнага пытаньня стала пачаткам дыскусій і зацікаўленьня гісторыкаў гэтым пэрыядам.

6 Не падаю тут генэзы гэтых партый, мяркуючы, што гэта ў прынцыпе вядомыя рэчы.

7 Безумоўна, вельмі цяжка зрабіць ацэнку для індывідуальных выпадкаў, ці нехта ўступаў у нейкую партыю ў апартуністычных мэтах, ці для таго, каб зьдзейсьніць нешта карыснае. Але ў гістарычных умовах гэнага пэрыяду ў Польшчы існуе беспамылковы мэтад зыдэнтыфікаваць тых, хто уступіў у партыю, кіруючыся добрымі інтэнцыямі. Той, хто сапраўды хацеў нешта зрабіць, г.зн. дзейнічаць не па інструкцыі PPR, той быў хутка выключаны з партыі ужо на самым пачатку сталінізму.

8 Здаўна ведаем, якой ацэнкі заслугоўвае валенрадызм. Гэта нам сказаў ужо Славацкі („Бянёўскі”, песьня ІІ, радкі 225-233), а таксама нагадаў перадрукаваны вельмі дарэчы артыкул Ст. Віткевіча, напісаны ў 1904 г. („Валенрадызм ці зьмізарненьне?”, Kultura Nr 7/358-8/359, ліпень-жнівень 1977).

9 Самы час, каб гэты гістарычны пэрыяд добра зразумець і пачаць яго правільна інтэрпрэтаваць. І больш таго: трэба прызнаць, што вельмі вялікай памылкай эміграцыі было рашэньне не падтрымліваць апазыцыю, якая паўстала ў Польшчы пасьля вяртаньня Мікалайчыка. У пераломны момант свайго змаганьня за незалежнасьць Польшча была зусім самотная. Ня толькі здрадзілі яе хаўрусьнікі, але яна ня мела нават падтрымкі палякаў, аселых на Захадзе. Насьледкі гэтай памылкі да сёньняшняга дня цяжарам ляжаць на польскай палітыцы і выклікаюць вострыя спрэчкі ў польскай палітычнай думцы.

10 Я пісаў аб гэтым у: „Proces Centralnego Urzędu Planawania. – Relacja o początku stalinizmu w Polsce”, Zeszyty Historyczne, Zeszyt 28, Paryż, 1974, перадрук у O myśl Polityczną, Odnowa, Londyn, 1976.

1 Я ўвёў і абгрунтаваў гэты тэрмін у нарысе „Сацыялізм у Польшчы”, Кultura Nr 9/276, верасень 1970. Перадрук у O myśl Polityczną, Odnowa, Londyn, 1976.

12 Цікава, ці ёсьць асобнік гэтага гістарычнага плякату ў гістарычных сховішчах ў краіне ці на эміграцыі. Таксама цікава, хто афармляў гэты плякат. Калі гаварыць пра рашэньне наконт яго выданьня, то няма сумневу, што яно было прынята ці, прынамсі, ўхвалена, цэнтральным кіраўніцтвам PPR.

12а Аб саветызацыі эканомікі я пісаў у нарысе „Proces Centralnego Urzędu Planowania. – Relacja o początku stalinizmu w Polsce”, Zeszyty Historyczne, Zeszyt 28, Paryż, 1974, перадрук у O myśl Polityczną, Odnowa, Londyn, 1976.

3 Гісторыя сталінскага тэрору яшчэ дагэтуль не напісана. Назапашваньне крыніцаў па ёй, збор дакумэнтаў і г.д. – справа надзвычай актуальная. Спадзяюся, што хоць які асяродак на эміграцыі гэтым займаўся і што нейкія матэрыялы ўжо назапашаныя. Існуе каштоўная праца: A. Steinsbergerowa, Widziane z ławy obrończej, Paryż, 1977, але яна тычыцца толькі аднаго фрагмэнту гэтай гісторыі. Мы дагэтуль яшчэ ня маем ні цэльнага ўяўленьня, ні нават яснай ацэнкі шмат якіх справаў, якія даўно мусілі быць высьветленыя. Найважнейшая зь іх – гэта справа забойства згодна з рашэньнем суду вышэйшых афіцэраў арміі і ваенна-марскога флёту, якія вярнуліся ў краіну і ўступілі на службу ў „народнае” войска.

14 На гэтыя трагічныя падзеі эміграцыя пазірала моўчкі. Прынамсі, у Польшчу не даходзілі яе пратэсты. Факт таксама, што сусьветная грамадзкая думка ня выказалася ў абарону парушаных у Польшчы правоў чалавека, а таксама не асудзіла палітычнага ўціску, парушэньня правоў чалавека і невыкананьня міжнародных дамоўленасьцяў. Аб тым, што дзеелася ў Польшчы, не было чуваць у прэсе, не гаварыла пра гэта радыё на Захадзе, славутыя інтэлектуалы не падпісвалі пратэстаў, палітычныя партыі і прафсаюзы не высылалі тэлеграм. Калі эміграцыя тады ўсё-ткі беспасьпяхова намагалася паказаць сусьветнай думцы праўду аб Польшчы, трэба было б выявіць адпаведныя дакумэнты. Гэта б ачысьціла эміграцыю ад закіду бязьдзейнасьці ў найцяжэйшыя моманты нашай гісторыі і было б яшчэ б адным довадам капітулянцкай палітыкі Захаду перад Саветамі. Магло б здавацца, што антысавецкія выступы маглі тады разьлічваць на зычлівае прыняцьце, бо ж пэрыяд сардэчных стасункаў паміж Саветамі і Захадам тады ўжо скончыўся. Распачыналася т.зв. „халодная вайна”, і таму існавалі сілы, якія былі схільныя выступаць супраць савецкай палітыкі. Сьведчаньнем гэтага ёсьць рэакцыя Захаду на падзеі ў Чэхаславаччыне. Дасюль помняцца акалічнасьці адхіленьня Вэнэша і сьмерці Яна Масарыка. Аб тым, што брутальная ліквідацыя апазыцыі мела месца і ў Польшчы, на Захадзе ня ведаюць, што дагэтуль прыносіць нам вялікую шкоду.

Не зьбіраюся сьцьвярджаць, што актыўнасьць эміграцыі ў гэтай справе мела б нейкі ўплыў на савецкую палітыку ў Польшчы. Але б яна дадала маральнай падтрымкі апазыцыі ў Польшчы, а гэтага ніколі нельга недаацэньваць.

15 Пра гэтых звычайных людзей нядаўна з прызнаньнем пісаў Кісель („O humor krajowy”, Kultura Nr 5/368, травень 1978, str. 102-106). Ён вельмі слушна сьцьвердзіў, што якраз яны „зьведалі на сваёй скуры гэтую актуальную „польскую справу” і што якраз зь імі можна „дагаварыцца” ... на тэму таталітарызму, яго камізмаў, парадоксаў і абсурдаў”.

16 Гэты факт сьведчыць пра тое, што саветызм ня здолеў, аднак, прывесьці да такога разлажэньня і дэмаралізацыі грамадзтва, якое мела месца ў Саветах (як гэта падае, напрыклад, Надзежда Мандэльштам ў сваіх мэмуарах). У СССР, здаецца, толькі выняткі не былі „добранадзейнымі”. У нас „добранадзейныя” зьяўляліся нязначнай меншынёй.

17 Нічога дзіўнага, што такі абсалютна ілжывы погляд заўсёды абвяшчала афіцыйная прапаганда. Але горш, што зь ім можна сустрэцца таксама і ў публікацыях, выдадзеных на эміграцыі. Напрыклад A.Michnik, Koścół, Lewica, Dialog, Paryż, 1977, str. 22/23 i J. Gross, „W dwadzieścia lat później”. Aneks Nr. 13/14, str. 169. Безумоўна, нельга пакладацца на публікацыі з гэтага пэрыяду, выдадзеныя ў ПНР. Тыя, хто быў супраць рэжыму, папросту ня мелі права голасу.

18 „Скутыя розумы” Мілаша былі якраз пісьменьнікамі, якія сталі „актывістамі”. Лічу, што кніга зусім не адбівае сапраўдны стан рэчаў. У накіненым Польшчы крайне прымітыўным марксізьме насамрэч не было нічога, што магло б прывабіць інтэлектуала. Крыніцай усёй зьявы быў страх і апартунізм.

19 Такім паўсюль і без пратэсту выкананым загадам быў, напрыклад, удзел у выбарах. Амаль ніхто не ўхіляўся ад яго, мяркуючы, што гэтым абсалютна нічога не дасягне, і пры гэтым выкліча на сябе жорскія рэпрэсіі.

20 Цікава было б акрэсьліць колькасны склад гэтых паасобных групаў. Дакуль адпаведныя апытаньні ня будуць праведзены, мы можам ацэньваць яго толькі на вока. Такая ацэнка прапануе наступныя лічбы: „апаратчыкі” — 1 %, „актывісты” — 1%, „добранадзейныя” — 6-8 %, „звычайныя людзі” (маўклівая апазыцыя) – троху больш за 90 %. Гэтыя лічбы датычаць канца сталінізму. Цікава, наколькі яны зьмяніліся з таго часу.

21 Тэмай дадзенага нарысу ёсьць стасункі паміж уладай і аўтэнтычнай апазыцыяй. Таму я буду гаварыць аб фракцыйных змаганьнях унутры партыі роўна настолькі, наколькі яны маюць значэньне для аўтэнтычнай апазыцыі. Але гісторыя розных фракцый у PPR і PZPR заслугоўвае падрабязнага разгляду. Мы павінны больш ведаць пра кляны з Пулаваў і Натоліну, пра партызанаў і паліцэйскую фракцыю, пра дагматыкаў, рэвізіяністаў, дысыдэнтаў і шматлікіх іншых. Іх разборкі вызначаюць слабасьць PZPR і таму зьяўляюцца для грамадзтва спрыяльнай акалічнасьцю.

2 Гэтая мэта можа сёньня падавацца вельмі недасяжнай. Гэта, аднак, ня значыць, што не выпадае яе сабе стаўляць. Незалежнасьці і дэмакратыі мы зможам дасягнуць некалі ў будучыні толькі тады, калі так і не замірымся з накіненым нам саветызмам.

23 Але гэткая стрыманасьць надзвычай не пасуе для выказваньняў, якія публікуюцца на эміграцыі. Як і аўтары з Польшчы (што пішуць, безумоўна, пад псэўдонімамі), так і эміграцыйныя аўтары павінны займаць вельмі рашучую незалежніцкую пазыцыю. Краіна чакае ад эміграцыі, што незалежніцкая дзейнасьць, якая вядзецца ў Польшчы, знойдзе сваё выражэньне і ў незалежным слове, якое прагучыць на эміграцыі. Палавінныя і тым больш згодніцкія выказваньні ў эміграцыйнай прэсе могуць абуджаць у краіне толькі недавер, паняверку і зьнеахвочанасьць.

24 Дастаткова параўнаць, як абыходзіліся ў вязьніцы з Пужакам і Фэльдорфам, а як з Гамулкам і Спыхальскім, на якую пэнсію быў адпраўлены Эўгеніюш Квяткоўскі, а на якую Гіляры Мінц. Тым часам калі звычайныя людзі натыкаюцца на зьдзек і цкаваньне за любую праяву неляяльнасьці да рэжыму, мы бачым апазыцыянэраў, якія адзначаны ордэнамі і дзяржаўнымі ўзнагародамі, якія жывуць у прызначаных для эліты дамах, якіх абслугоўвае ўрадавая лякарня, якія карыстаюцца дамамі адпачынку для намэнклятуры, якія езьдзяць за мяжу бязь цяжкасьцяў, нібыта адумысьля для напісаньня апазыцыйных дэклярацый, і нават якія адкрыта супрацоўнічаюць з эміграцыйнымі асяродкамі, найменшы кантакт зь якімі пагражае суровымі насьледкамі звычайнаму чалавеку.

Я пісаў аб гэтым у „Socjalizm w Polsce”, Kultura Nr 9/276, 1970 і ў „Różne reformy i różni reformatorzy”, Kultura Nr 9/288, 1971, перадрук у O myśl Polityczną, Odnowa, Londyn, 1976.

26 Нядаўна ў эміграцыйна прэсе (Tydzień Polski Nr 18 ад 6.5.1978) быў згаданы „Ётэм” – Юзаф Мушкат, журналіст, які дзейнічаў у Польшчы ў пяцьдзясятыя гады. Ён спэцыялізаваўся на т.зв. прэсавых інтэрвэнцыях і зрабіў многім людзям (некалькім сотням?) вельмі шмат добрага. Безумоўна, у яго былі „падвязкі” недзе высока ў ЦК і ён не баяўся беспардонна кляйміць злоўжываньні партыйных начальнічкаў. Ён стаў нечым накшталт бюро апекі. Скончылася тым, чым яно мусіла скончыцца пры ўладзе PZPR. Тыя начальнічкі, якім ён дапякаў, зьвярнуліся ў ЦК, і яго прымусілі маўчаць. Неўзабаве ён выехаў за мяжу. Яго дзейнасьць уяўляе сабой прыклад актыўнасьці, якая дае дадатныя вынікі для паасобных людзей, але безвыніковая ў грамадзкім маштабе.

27 Таму такая актыўнасьць прынцыпова розьніцца ад актыўнасьці, праводжанай, напрыклад, KORам, які бароніць рабочых, перасьледаваных за калектыўныя палітычныя выступы і дамагаецца павагі да грамадзянскіх правоў, а таму несумненна ажыцьцяўляе палітычную апазыцыю да рэжыму.

28 W.Jedlicki, Klub Krzywego Koła, Instytut Literacki, Paryż 1963 i Październik 1956, Instytut Badania Zagadnień Krajowych, Londyn 1963. E.Wacowska, Poznań 1956 – Grudzień 1970, Instytut Literacki, Paryż 1971.

29 Khrushchev Remembers, A. Deutsch, London, 1974. Разьдзел „Polish October”, cc. 196-207.

30 Тое, што пісаў тады часопіс „Рo prostu”, дае праўдзівую карціну ўмоваў, пры якіх жылі палякі ў пэрыяд сталінізму. Вельмі карысным было б выданьне збору зьмешчаных там матэрыялаў.

1 J.Kuroń i K. Modzielewski, List odwarty do partii, Instytut Literacki, Paryż, 1966.

32 Wydarzenia marcowe 1968 i Polskie przedwiośnie, Instytut Literacki, Paryż, 1969. Krótkie spiecie, Instytut Literacki, Paryż,1977.

33 Гл.: Sąd orzekł, Instytut Literacki, Paryż, 1972, str.192-195.

34 Кавальчыкі дагэтуль сядзяць у турме. Аб іх забыліся ў такой ступені, што нядаўна можна было прачытаць у эміграцыйным часопісе, што „...у Польшчы няма палітычных вязьняў” (Tydzień Polski, Nr 42 z dn.22.10.1977, str.5, szpalta 6).

35 Трэба таксама памятаць, што з 34 падпісантаў 16 адклікала свае подпісы пад ціскам уладаў. Гэта яшчэ зьмяншае вагу гэтага выступу. Гл.: G.de Cerezay, „Polska Gomułki i list 34”, Kultura Nr 10/204, 1964, str.3-26.

36 Т. зв. „Ліст пятнаццаці” зь лістапада 1966 г.

37 Складзены міністру юстыцыі 17 падпісантамі напрыканцы 1971 г. (Nа Antenie, Nr 108, marzec 1972, str. 32).

38 Гл.: Na Antenie, Nr 120, marzec 1973, str.31.

39 Гэтую акцыю распачаў мэмарыял 59, складзены старшыню Сойму 5 сьнежня 1976 году (Kultura Nr 1/340-2/341, 1976, str.235-236).

41 Такія фармулёўкі апошнім часам досыць часта можна пачуць на эміграцыі: напрыклад, Е.Хілецкі: „Wyszyński, Gierek i co dalej?”, Tydzień Polski Nr 48 z dn. 3.12.1977, str.1, i Каталік з ПНР: „Gierek, Prymas, Papież”, Tydzień Polski Nr 50 z 17.12.1977, str.5.

0 Цікава, як часта роля Царквы і прымаса Польшчы разумеецца кепска нават яе прыхільнікамі. Падаю ніжэй тыповы прыклад гэткага канфузу. Маючы на ўвазе кастрычнік 1956 г., сп. Марыя Віноўска піша: „...Найвышэйшыя партыйныя дзеячы заклікалі прымаса Польшчы, каб ён выратаваў Польшчу ад лёсу Вугоршчыны (Kultura Nr 5/356, 1977, str.15/16). Пры гэтым агульнавядома, што Саветы ня ўжылі сілы таму, што Гамулка запэўніў Хрушчова, што зможа ўтрымаць палякаў у ляяльнасьці без савецкай інтэрвэнцыі. Хрушчоў Гамулку паверыў, а Гамулка гэтае абавязаньне выканаў. Пры гэтым міжпартыйным паразуменьні, якое мела на мэце ўзмацненьне савецкай дамінацыі ў Польшчы, дапамога кардынала не была Гамулку патрэбная. І, безумоўна, кардынал ніколі б не прыклаў рукі да такой ганебнай зьдзелкі. Гамулка вызваліў кардынала з-пад арышту, таму што лічыў, што гэткі захад распружыць антыпартыйныя настроі ў краіне. Таму сваім вызваленьнем кардынал быў абавязаны прызнаньню, якім ён карыстаўся ў грамадзтве, а не гатоўнасьці выконваць заданьні партыі. Ён ніколі не прыслухоўваўся да „закліку найвышэйшых партыйных уладаў” , і, безумоўна, ня будзе гэтага рабіць і надалей. Бо кожны ведае, што гэтыя ўлады гавораць голасам нашых савецкіх акупантаў. Наколькі я ведаю, ляяльнасьць сп.Віноўскай да кардынала не падлягае найменшаму сумневу, але якраз таму гэты прыклад выдатна паказвае, да чаго вядуць памылкі ў палітычным мысьленьні.

42 Безумоўна, у разьлік не бяруцца маргінальныя справы, такія, напрыклад, што Царква і дзяржава асуджаюць бандытызм. Але і гэта не азначае, што Царква будзе супрацоўнічаць зь дзяржавай у полі барацьбы з бандытызмам.

43 Любая форма саступкі ў сьветапоглядных пытаньнях можа толькі прынесьці шкоду каталіцкім групам. Ідэалёгія марксізму-ленінізму збанкрутавала цалкам і няма нічога дзіўнага, што яе ранейшыя прыхільнікі гатовыя шукаць ратунку у любым кампрамісе. Каталікі, аднак, ня маюць падставы для саступак, паколькі маральная пазыцыя Царквы ніколі не была ў Польшчы мацнейшай. Апрача гэтага, гэтымі саступкамі яны нічога не атрымаюць. Заігрываньні з камуністамі толькі іх кампрамэтуюць у вачах грамадзтва.

4 Рабочыя „Урсусу” выявілі надзвычайную інтуіцыю ў выбары сродкаў для дасягненьня сваіх мэтаў. І калі ў іх быў дарадчык, то быў ім чалавек, які дасканала разумее мэханізм дзеяньня ўлады ў Польшчы і СССР.

5 Прапановы фінляндызацыі Польшчы былі высунутыя Я. Куранем у інтэрвію для газэты „Le Monde” 29.1.1977, с.2 (перадрук у „Dissent in Poland”, London, 1977, P.174/175), а таксама на прэс-канфэрэнцыі ад 9.12.1976 В.Бруса, Л.Калакоўскага і А.Міхніка (справаздача з канфэрэнцыі ў „Tygodniu Polskim” ад 18.12.1976, с.12).

46 Гл. G. Herling-Grudziński i A. Michnik: „Dwugłos o Eurokomunizmie”, Kultura Nr 4/355, kwiecień 1977, дзе прадстаўлены розныя пункты гледжаньня на гэтую тэму. Таксама інтэрвію А. Міхніка для L’Espresso, прыведзенае ў Orzeł Biały – Na Antenie, Nr 149, styczeń 1977, str. 26/26, а таксама „Eurokomunizm i Europa Wschodnia” (зацемка аб артыкуле Г.Хэрлінга-Грудзіньскага ў Il Giornale 25.2.1978), Kultura Nr 4/367, kwiecień 1978, str. 70-73.

47 Прэс-канфэрэнцыя ў Лёндане, Kultura Nr 1-2/352-353, styczeń-luty 1977, str. 163-165. Справаздача з прэс-канфэрэнцыі у Tygodniu Polskim z dn.18.12.1976, str. 12. Інтэрвію Я.Кураня для Le Monde z 29.1.1977. K.Modzelewski: „List Otwarty do E. Gierka”, Aneks Nr 13/14, 1977, str. 49-70.

8 Такую пазыцыю вельмі рашуча сфармулявала рэдакцыя „Kultury” („O pomoc dla opozycji w Kraju”, Kultura Nr 11/362, listopad 1977, str.55-56). Цяпер мы чакаем, каб іншыя выданьні пайшлі за гэтым прыкладам.

9 Пра тое, што існуюць умовы для ўзьнікненьня апазыцыі, я пісаў у нарысе „Адзіны шлях” (Kultura, Nr 3/294, marzec 1972, перадрук у O myśl Polityczną, Londyn, 1976). Я таксама сьцьвярджаў, што трэба чакаць хуткага разьвіцьця апазыцыі ў Польшчы.

0 Пар.уступ да зборніку маіх артыкулаў „O myśl Polityczną”, Londyn, 1976.

51 Дактрына гэтая, маючы сваю крыніцу ў антыпаўстанцкай ідэалёгіі нацыянальных дэмакратаў, здабыла цяпер досыць шмат прыхільнікаў у розных галінах грамадзкай думкі.

2 Р. Фрэлек: інтэрвію, працытаванае у „Alternatywy PRL”, Orzeł Biały – Na Antenie, Nr 163/1310, marzec 1978, str.14/15.

53 Розныя выказваньні Э.Герэка цытуюцца ў „Audiencja Gierka u Papieża”, Orzeł Biały – Na Antenie, Nr 161/1308, styczeń 1978, str. 18/19.

54 Характэрныя афіцыйныя заявы на карысьць дэмакратыі з боку апаратчыкаў найвышэйшага ўзроўню (т.зв. групы Ахаба) напрыканцы 1977 г. („List do Gierka”, Tydzień Polski Nr 4/23 z 23.1.1978, str.3).

 

З польскай мовы пераклаў В.Булгакаў

 

зьмест